Шляхам Змаганьня/Бацька і сын

Узьляцім, браты Бацька і сын
Паэма
Аўтар: Уладзіслаў Казлоўскі
1935 год
Крыніца: Вяртанне да сваіх, 1999, Беласток, стар. 167—172
Паход галодных

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




БАЦЬКА I СЫН.

На пяшчанай ральлі
Беларускай зямлі
Хлебароб жыў працоўны, бяздольны.
Дзень і ноч працаваў,
Сілы ўсе аддаваў,
Каб мець хлеба кусочак штадзённы.
Меў ён сына хлапца —
Маладога ўдальца,
Ня прыгоннага духа: бунтарны,
Што яму памагаў:
Сеяў, пасьвіў, араў
І быў зоркай яму сьветазарнай.
Бацька з сынам тады
Не баялісь бяды,
Працай, потам яе праганялі,
І праз шмат мазалёў
Із дзірвану-палёў
Хлеб з мякінай сабе здабывалі.
Бацька, быццам, на‘т быў
З сваёй долі шчасьліў
І паслушна бядзе аддаваўся,
Ён, як кажуць, „мужык“
Да ўсяго быў прывык
І палепшыць жыцьця не зьбіраўся
Але сын малады
Ненавідзеў бяды
Бадзярнейшым ужо глядзеў вокам.
Бачыў шмат курганоў,
Бачыў роскаш паноў;
Пранікаў ён пранырным ўсё зрокам.
— Бацька родненькі мой,
Трэ‘ змагацца з бядой,
Нельга гнуці сьпіны прад панамі,
Бо яны-ж ад вякоў
Нас усіх мужыкоў
Выкарыствалі, жылі ўсе намі.
Бацьку сын так казаў
Ды яго ўсьведамляў,
Каб узяў ён усё пад увагу:
— Вось глядзі — кажа ён:
Не адзін нас мільён,
Што ўсе носім парвану сярмагу,
І із нашых то рук,
З нашых сіл, з нашых мук
Усе жывуць, ды ўсё сыта, багата.
А ў нас, — бацька, глянь:
Позна ляж, рана ўстань
Працуй дзень цэлы ёмка, заўзята,
А ўсё роўна, бяда,
Гора, пошасьць нуда,
З намі ў хаце сядзіць неразлучна.
Сілы ўсе нам бярэ,
Сьветлых дзён не дае
І жывём мы век сумна, ня гучна.
Вось на поле пайдзі,
Там і сям паглядзі:
Дзе зямлю толькі лепшу спаткаеш
У вялікіх кусках —
Уся у панскіх руках.
А зямельку сялянску пазнаеш
Па каменьнях, пяскох
І па вузкіх шнуркох
Дый такое яшчэ не хапае,
Бо абшарнік адзін
Сотні ўзяў дзесяцін
Нас з прадзедаў зямлі выпіхае,
Вось касьцёл, глянь, вялік
І царква — самы шык.
І яны нашым потам абліты.
Чужынцы ёсьць пры іх
З роем служкаў сваіх,
А жывуць як?! І не працавіты.
І чаму-ж ім ня жыць,
Як ня трэба тужыць,
Як прыносіць „мужык“ ўсё гатова,
Дый цалуе руку,
Каб яму бедаку
Пасьля сьмерці жылося нанова.
У хаце хто захварэй,
Ці, няшчасьце, згарэў —
Хоць ня мае і хлеба кусочка —
Селянін наш ідзе,
Пазычае ў бядзе.
І нясе да чужога ксяндзочка.
— Вось, ксяндзочку, вазьмі
І малітвай зьнімі
Мае беды, маё ўсё няшчасьце.
Ўсьцеражэ можа Бог,
Бо я сам не ўсьцярог…
Вазьмі, войча, вось злотых „пятнасьце.“
І мазольна рука
Мужыка — бедака
Аддае пазычаныя грошы
Чужынец каб мог жыць,
Добра есьць, смачна піць,
Каб быў сыты, вясёлы, харошы…
І дзе толькі зайдзі
Там і сям паглядзі —
Ўбачыш многа папоў як гуляе.
Кожны грошы бярэ,
Смачна пье і жарэ.
І ніхто мазалёў з іх ня мае.
А тут, бацька, працуй,
З нэндзай, бедай гарцуй,
А вясною — ўжо хлеба ні званьня.
І хаця сам здыхай,
А падаткі давай,
Бо інакш — сэквэстратар загляне…
І ўсаляка бяда,
Голад пошасьць, нуда
Нас гаротных датуль будзе мучыць,
Покуль мы бедакі
Будзем ўсе дуракі,
Не пачуе нат голас магутны.
Увесь сьвет, як вялік,
Што прачнуўся мужык
У хаце ўласнай сваей каб лепш жыці.
І яго нізашто,
Не ўвядзе ў блуд ніхто:
Перастаў ён тутэйшым ўжо быці…
І хадзіў той сынок
Па ўсей вёсцы знарок,
Навучаючы люд свой сярмяжны,
Каб цану знаў сабе,
І ў сваей барацьбе
Каб быў стойкі, праворны, адважны.
І народ зразумеў,
Што ён долі ня меў,
Хоць сьвет цэлы карміў сваім потам,
Хоць дамы будаваў
І паном аддаваў —
Як жабрак сам валяўся пад плотам.
І хто ведае як
Паступаў бы бядак,
Што рабіў бы народ наш вясковы.
Мо‘ за глум і за зьдзек,
Што цярпеў цэлы век
Быў-бы мсьціцца ужо ён гатовы.
Але зараз паны
Зазванілі ў званы,
Паднялася вяліка трынога,
Аж чужыя папы,
Як пры печцы клапы,
Заварушылісь — клікалі Бога:
— Гэта-ж страшная рэч!
Ськінуць хоча ўжо с плеч
Абавязкі мужык — хам няўдзячны:
Ужо ня ходзіць ў царкву,
Уверх дзярэ галаву;
Хлеб з мякінай яму ўжо ня смачны,
І чужая ўся косьць,
Дзе яна толькі ёсьць,
Падняла надта моцную зьвягу,
І вялікі данос
Кожны ўладзе панёс
На „мужыцкую“ гэтку адвагу.
А каб быў стары лад,
Каб ня ўстаў „мужык-гад“
Пачалі таго хлопца шукаці,
У ланцугі яго ўзяць,
Каб ня мог больш казаць,
Каб братоў больш ня мог ўсьведамляці.
Ад старога айца
Яго сына—ўдальца
З хаты роднай яму адарвалі
І на шмат доўгі час
Яго воблік ўсім згас:
У вязьніцу па доўга схавалі.
А сам бацька стары
Сох з бяды без пары
І з нуды, што ня бачыў сыночка.
Ён старэнькі ня мог
На дзірванах-палёх
Здабыць хлеба з мякінай кусочка.
I ад голаду паў.
Так жыцьцё ён аддаў —
Як паны піва-мёд папівалі
А суседзі яго —
Хлебароба таго —
У зямельку навекі схавалі.
Але кліч малайца
Яго сына-удальца
Не памёр. Не памрэ ён ніколі.
Будзіць ён свой народ,
Каб ішоў упярод
Каб ішоў ён да лепшае долі.