Шляхам Змаганьня/Змагацца і дзеяць

Паход галодных Змагацца і дзеяць
Верш
Аўтар: Уладзіслаў Казлоўскі
1935 год
Крыніца: Вяртанне да сваіх, 1999, Беласток, стар. 173—174
Не паддавацца

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЗМАГАЦЦА I ДЗЕЯЦЬ.

Працоўны народзе, даволі нам плакаць;
Даволі расіці сьлязьмі ўжо зямлю,
А трэба лепш дзеяць, змагаццай патрапіць
Узгараць і ачысьціць паросшу ральлю.

Ці бачыў калі хто, жыцьцё без змаганьня?
Ці жаласьць ў прыродзе знашоў хто ў каго?
Дужэйшы слабога бярэ без чаканьня,
Ніштожыць і мае карысьць із яго.

Ліс зайца хапае, воўк ліса задушыць,
Шчупак другу рыбу лакома лыкне;
Дуб слабшае дрэва сабою заглушыць,
Каршун за нявіннай тэй птушкай шмыгне.

Нявінная птушка лятае шчасьліва
Й бяз жаласьці мушкі хапае, жарэ
І ўсё наагул, калі ёсьць нярухліна
Бязжаласна згіне ў прыродзе, памрэ.

А мо‘ чалавеку прырода ёсьць накша?
Мо‘ людзі спагаду тут маюць ў каго?
Мо‘ сьлёзы і беды зварушаць аднача.
Шчасьлівейшых, волытых, хаця б аднаго?…

Ня будзе палёгкі, каб плакаць хоць векі,
Шукаючы волі і шчасьця ў жальбе —
Нічога ня знойдзем і будзем мець зьдзекі,
Бо шчасьце і воля жывуць ў барацьбе.

Дык, брат беларусе, даволі нам плакаць,
Даволі расіці сьлязьмі ўжо зямлю,
А трэба лепш дзеяць, змагацца й патрапіць,
Узгараць і ачысьціць паросшу ральлю.