Шляхам Змаганьня/Кліч волі

Новы шлях Кліч волі
Верш
Аўтар: Уладзіслаў Казлоўскі
1935 год
Хай нам жыве
Іншыя публікацыі гэтага твора: Кліч волі (Казлоўскі).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КЛІЧ ВОЛІ.

Хай волі гром грыміць і будзіць тых, што дрэмлюць,
Што дзень і ноч ляжаць у мляўкасьці пуху;
Пра дабрабыт сабе пакорна злыдняў ськемлюць,
Выцягваюць сваю расьпешчану руку.

Магутнай волі кліч хай Край увесь абудзіць.
Ягону мляўкасьць хай зварушыць, ўскалыхне;
Хай злыдняў, ворагаў сваіх належна судзіць,
Да творчай дзейнасьці народ увесь папхне;

Улье у сэрцы нам амбіцыю і гордасьць,
Прагоніць нам з душы наш мляўкі пацыфізм,
Што векі цэлыя няволіў нам бадзёрасьць,
Паганіў кволасьцю народны арганізм.

Хай воля праз наш Край маланкай пранясецца,
Бадзёрасьці агнём асьвеціць наш народ,
Ў змаганьня моры ён як хваля скалыхнецца
І пойдзе, як віхор за воляй упярод.

Хай наша воля так з імпэтам пранясецца,
Каб скорчылась уся, дзе толькі ёсьць мана,
Хоць пекла ўсё да дна ад гневу затрасецца
І перапудзіцца галоўны сатана…

Але ня збудзіць вас, вы, мляўкія натуры,
Пацыфістычныя і кволыя трусы:
Змаганьне, бой і сьмерць—вам вобраз за пануры.
На печы ў кажуху — там вашы галасы.

Аб незалежнасьці, аб долі і свабодзе
Адтуль патрапіце гаворку вы пачаць.
Як здарыцца калі сядзець вам на парозе —
Вы тонам еўнуха пачнеце на‘т крычаць.

Але выконываць загады сільнай волі;
Змаганьне, дзеяньне, драпежнасьць, паказаць —
О, гэтага, дык вы ня зробіце ніколі!
Пра мляўкі супакой пачнеце тут казаць.

Дык будзе ўсё бяз вас, вы, мляўкія натуры,
Пацыфістычныя і кволыя трусы!
Змаганьне, бой і сьмерць—вам вобраз за пануры.
На печы ў кажуху — там вашы галасы.