Што такое нацыяналізм?
Што такое нацыяналізм? Аўтар: Вінцэнт Гадлеўскі 1939 Крыніца: “Беларускі Фронт”, №3 (37), 1 лютага 1939 г., Вільня. |
У першым нумары «Беларускага Фронту» сёлета, пішучы на тэму: «Новагоднія разважаньні», мы адзначылі вялікую сілу нацыянальнай ідэі або г. зв. нацыяналізму. Мы тады сьцьвердзілі, што нацыяналізм зьяўляецца сяння вялікай дынамічнай сілай, якая нясе сьвету глыбокія палітычныя перамены. І запраўды, прыглядаючыся ўважна да сучасных падзеяў, ня толькі ў Эўропе, але ў Азіі, Афрыцы, мы прыходзім да вываду, што галоўным маторам гэтых падзеяў ёсьць нацыяналізм. Дык што такое нацыяналізм?
Нацыяналізм — гэта кірунак чалавечай думкі, якая імкнецца да ажыцьцяўленьня мэтаў, карысных для нацыі — народу. Значыць, першай і галоўнай падставай нацыяналізму ёсьць існаваньне народу (нацыі), а другой, каб гэты народ меў свае мэты. Ясна, што свае мэты можа мець толькі сьведамы народ. Бяз гэтых двух падставаў, гэта значыць, без існаваньня нацыі й без наяўнасьці мэтаў у гэтай нацыі, нацыяналізм немагчымы.
Мэты ў кожнай нацыі могуць быць розныя, і, залежна ад мэтаў, можа быць розны нацыяналізм. Гэтак — на першым пляне можна паставіць абарону нацыі ад загубы, інакш кажучы, ад нацыянальнай сьмерці. Гэтакую мэту мае той народ, якому пагражае асыміляцыя з боку мацнейшых народаў. У гэткага народу бывае нацыяналізм абаронны.
Іншай мэтай можа быць развой народу ў кірунку палітычным, эканамічным і культурным. Што датычыць разьвіцьця ў палітычным кірунку, дык нацыя, пранятая духам нацыяналізму, ідзе да здабыцьця для сябе роўных правоў зь іншымі народамі, да закладзінаў сваёй дзяржаўнасьці й да адыграньня сваёй ролі ў сусьветных падзеях; у эканамічным кірунку — да стварэньня як найлепшых умовінаў эканамічнага жыцьця для свайго народу, а ў культурным — да разьвіцьця літаратуры, навукі, мастацтва й усяго, што зьвязана з асьветай і цывілізацыяй. Гэта ёсьць нацыяналізм творчы.
Але ёсьць яшчэ іншы нацыяналізм, які зьяўляецца тады, калі адзін народ хоча падпарадкаваць сабе іншы народ. Гэта можа адбывацца або пры дапамозе сваіх культурных уплываў, або пры дапамозе сілы. Культурнае аддзеяньне аднаго народу на іншыя народы адбываецца тады, калі культура гэнага народу, ягоная літаратура, навука й мастацтва настолькі вялікія, што не прыняць іх немагчыма, а панаваньне пры дапамозе сілы адбываецца тады, калі сільнейшы народ забірае пад сваю ўладу слабейшы й стараецца яму накінуць сваю мову, культуру, а разам з гэтым сваю нацыянальнасьць. Гэта ёсць нацыяналізм імпэрыялістычны.
Гэтак адрозьніваем нацыяналізм абаронны, творчы й імпэрыялістычны.
У абаронным нацыяналізьме знаходзім сьведамасьць нацыянальнай апрычонасьці і волю бараніць свой народ ад нацыянальнай сьмерці. Абаронны нацыяналізм выступае галоўна ў народаў падняволеных. Але абарону нацыі трудна было б правесьці без нацыянальнай творчасьці, а гэта дзеля той прычыны, што той народ, каторы толькі бароніцца, а нічога ня творыць, уканцы ня выдзяржыць і паддасца чужому народу. Можна сказаць з усёй упэўненасьцю, што народы, якія толькі бароняцца й не выказваюць творчасьці, зьнікнуць з вобліку зямлі як нацыі. Значыць, нацыя, баронячыся, павінна адначасна тварыць, разьвіваць свае нацыянальныя вартасьці, сваю мову, сваю літаратуру й мастацтва, ідучы разам з гэтым да здабыцьця для сябе палітычных правоў, роўных зь іншымі народамі. Нацыя, якая б адказалася або не імкнулася да роўных правоў зь іншымі народамі, ня ёсьць поўнавартаснай нацыяй і не заслугоўвае на імя нацыі.
Творчы нацыяналізм кожнай поўнавартаснай нацыі вядзе тую нацыю да стварэньня сваёй дзяржавы. Гэта мы бачылі ў народаў: польскага, чэскага, латыскага і іншых. Без сваёй дзяржавы нацыя ня мае свабоды, якая патрэбная да разьвіцьця творчых сілаў народу, яго літаратуры, навукі, мастацтва, гаспадарчага жыцьця і г.д. Усебакова разьвіваць свае нацыянальныя вартасьці нацыя зможа толькі ў сваёй дзяржаве. Дый дзяржавы па Вялікай вайне паўставалі найбольш на нацыянальнай, а не на якой іншай падставе, добра, мусіць, разумеючы, што нацыянальныя асаблівасьці (мова, нац. характар, звычаі) найболей лучаць і цымантуюць людзей.
Гісторыя нас вучыць, што дзяржавы, зложаныя зь некалькіх нацыянальнасьцяў, развальваліся, а ня было выпадку, каб развалілася дзяржава, зложаная з адной сьведамай нацыі. Дык для дабра нацыі й дзяржавы трэба, каб гэтыя два паняцьці супадалі, творачы адно цэлае.
Для сутнасьці творчага нацыяналізму патрэбны: сьведамасьць сяброў данай нацыі аб сваім фізычным і псыхічным сваяцтве; воля падняцьця гэтай нацыі і зраўнаньня яе зь іншымі нацыямі; праца дзеля разьвіцьця нацыянальных вартасьцяў народу, яго мовы, літаратуры, навукі, мастацтва, а такжа падняцьця ягонага эканамічнага й палітычнага бытаваньня. Такога творчага нацыяналізму спыняць ніхто ня мае права, ані свой, ані чужы. Хто б спыняў, той грашыў бы супраць свайго або супраць чужога народу. Калі мы шануем правы адзінкі, дык яшчэ болей павінны шанаваць правы народу.
З усяго, што мы сказалі, вывад такі, што нацыя без нацыяналізму існаваць ня можа; што кожная нацыя мае свой арыгінальны нацыяналізм; што кожны, хто працуе для дабра нацыі або бароніць яе, ёсьць у такім ці іншым сэнсе нацыяналістым. Ды мы як запраўдныя нацыяналісты павінны кіравацца дабром сваёй нацыі.