Час ня ведае прычалу, —
Цемры мох пасох.
На мясцох былых адчаяў —
Радасьць перамог!
Долю сьветлую кавалі
Не дарэмна мы,
Знаць, прайшлі гады навалай
Скрозь агонь і дым.
І ў пунсовасьць новых ранкаў
Дзён ідзе атрад.
Шмат завёрстана у гранкі
Лічбаў і цытат…
Адышлі пакуты продкаў,
Адышоў іх лёс.
І двананцатыя ўгодкі
Вецер дзён прынёс!..
Асеньнім надвор‘ем глядзеў лістапад
На шэрыя грані граніту.
І цені,
што Зімняга крылі фасад,
З „Аўроры“ былі перабіты.
І рэжучы млявы, паўночны угар
Машыны адмервалі мілі.
І Смольны глушылі
гудзеньнем фанфар
Закрытыя аўтомобілі.
Здавалася, сьцягаў чырвоных ігра
Прадвесьнем інакшага ранку.
І гудам аргану
гудзеў тэлеграф
На першых шляхох і паўстанках.
Па цьмяных дарогах, ля стрэлак,
у ноч
Каціліся ў даль эшалёны.
зноў пагражалі няўхільнай вайной
Разьбітыя ў дошкі вагоны.
За імі сьцяною
стаяў Ленінград,
Краіна была, як ракета.
Над пылам нікчэмных, сівых колёнад
Віліся агні і дэкрэты.
… Здаецца, далёка часіна тых буру, —
Вільготная, жорсткая восень…
На месцы халупы —
будуецца мур,
Жыцьцё ў берагі ўлілося.
І з кожнай цаглінаю —
новы размах,
Напружанасьць новых стараньняў
І так, паступова, ўзьнімаецца гмах,
Нязнаных дагэтуль сьвітаньняў!
Каля рэчкі-шумнацечкі
Выцьвілі гады.
Дзе хіліліся мястэчкі —
Стануць гарады!
Дзе пярсьцёнкі ніцых межаў
Аплялі палі —
Глебу трактарам узрэжуць
Снайпэры зямлі!
Лемяшом сталёвым грызьці
Без мяжы прастор,
Дзе калісьці кволым лісьцем
Захлынаўся бор.
Знаць, запалы не запалі,
Ня дрыжаць масты,
Шлях надзейны мы абралі, —
Мэта —
Колектыў!
Дзе вы, прошлыя заганы,
Бязвыходны енк і жаль?!
Над краінай сьветлых плянаў
Загула мартэнаў сталь!
Лёскат вывераны, сталы
Рэжа гектары ральля
І ў імпэце нябывалым
Захліпаецца зямля!
Рытмы працы ўдоўж і ўперак
Прасякаюць бег начэй:
Толькі ўперад, толькі ўперад,
Толькі ўперад — і хутчэй!
Болей сілы, болей сродкаў,
Калі цяжкасьць — ня дрыжы!
Ўсё аддай за пяцігодку
Новых фабрык і машын…
|