Зімой — сьнягі, мяцеліцы, завеі;
вясною — бурныя паводкі скрозь;
улетку — сумныя напевы жнеяў;
увосень — золкасьці халоднай рось.
Балоты дзікія, вазёры сінія —
Журылася над імі ўвечары зара.
І абзывалі гэтую краіну
„Заходня-рускі край“.
Ды час настаў… Загаманілі нетры,
загаманілі наскія балоты і лясы.
З усходу новага прымчалі ветры
Імклівай радасьці і шчасьця галасы.
Вось з тых часоў пачалі клікаць
краіну наскую іначай — Беларусь.
Мне помніцца вясна… Вясна Вялікая!
Па-над далінамі вясёлкавы абрус.
Ня веру я, ня веру ані ў які лёс, —
хтось выдумаў: краіна за грахі
ліе крывавыя крыніцы сьлёз,
і стогнуць, і пакутуюць браты.
Няпраўда ўсё! Я веру моцна,
што помсты дзень яшчэ настане:
за крыўду горкую, атрутны воцат
адплацім мы — паўстаньнем.
Цяпер над Нёмнам, над бурнай Віслай
узьвіўся стогн ў крывавых плямах, —
а прыдзе дзень — пакуты зьвіснуць
І па зямлі прамчыцца лямант.
Тады над той, забранай, Беларусьсю
узыдзе ясная і новая зара.
Усходу, захаду я тройчы пакланюся —
няхай агні, ня гаснучы, гараць!
|