Зара купаецца у сьнежных веях,
трывожыць ціш пранізьлівы гудок;
крамянай шэраньню сады сівеюць,
гляджу што-раніцы, гляджу я на усток.
А ў нас на вуліцы сьляды на сьнезе:
адзін, другі… ці можна іх зьлічыць?
Здаецца клён зацьвіўшым бэзам,
а раньні звон — усплёскам навальніц.
І дух і крок гартуюцца навалай,
таму ад радасьці — у сэрцы шыр…
.......
Імклівяць дні, за хваляй хваля:
здаецца сьнег — ня сьнег, а жвір.
Жарства калючая у шэрані крывавай…
Прабегла дрож, як электрычны ток…
Замоўк гудок — маўклівая трываласьць, —
гляджу ізноў упарта на усток.
Маўчыць Усход. Чыя-ж там перамога?
Напорна вочы мераюць прасьцяг:
шляхі бязьмежныя, бязьмежныя дарогі,
і людзі йдуць, нясуць чырвоны сьцяг.
Усе сыходзяцца на ростані дарог:
— за крыўду цяжкую хай Помста пакарае…
Зьвіліся хмары, ударыў гром:
Заміж вясёлкі — зара над краем.
Віецца радасьць і зоры… зоры…
.........
Ах, гэта сон? І вось другі гудок
прарочыць сну, што праўдай загаворыць…
Ізноў гляджу, гляджу я на усток.
|