Эрос і Псіха (Жулаўскі/Купала)/III. Пад крыжам

II. Змярканне багоў Эрос і Псіха
III.
Аўтар: Ежы Жулаўскі
Пераклад: Янка Купала
Крыніца: Янка Купала. Збор твораў у 9 тамах. Том 9, кніга 1. — Мінск, «Мастацкая літаратура»; 2003. ст. 90-106
IV. На пераломе

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




            III
      Пад крыжам

АСОБЫ ДЗЕІ

Ксенія (ігумення)
Сястра Вікарыя
Сястра Фуртыянка (прыбрамніца)
Псіха, законніца
Ганна, вясковая дзяўчына
Капелан (духоўнік) манастырскі
Ацец Блякс, апат
Блудны рыцар сонца
Манашкі і дваране апата.



     Рэч дзеялася на поўдні ў сярэдніх вяках.

Дзядзінец у сярэднявечным жаночым манастыры. Углыбі пад аркадамі кружганак (прысёнак), перасечаны вялікай акутай брамай з малым закратаваным ваконцам угары. Направа муры касцёлу, налева манастырскія будынкі, грузкія й панурыя. Пасярэдзіне крыху зелені — кпераду з левага боку стаіць каменны крыж з фігурай Хрыстоса, звернутай углыб к вялікай браме. Пад крыжам каменная ступень, як бы лаўка.

Пануе ноч, — толькі з вакон касцёлу б'е святло. Звініць сігнальнік (найменшы званок на вежы), склікваючы манашак на ранішнюю мшу.

На водгук званка паяўляюцца манашкі ў белых габітах і доўгім шнурам пераходзяць цераз кружганак, спяшаючы да касцёлу. Кожная з іх нясе ў руках светач. Пераходзячы каля вялікай брамы, прыбаўляюць кроку, — дзе-якія з іх хрысцяцца. Фуртыянка, малая, звяўшая старушка ў законным габіце стаіць пад крыжам з пукам ключоў у руках і прызіраецца к пераходзячым манашкам. У той час адчыняюцца без шэлесту ў манастырскіх будынках дзверы і паяўляецца ў іх Ксенія, успёртая напляччу Вікарыі, высокая, да відма падобная, у працяглых шатах, у высокім саболім калпаку на галаве і ў фіялетавых рукавічках. У руках трымае пасторал (посах), на грудзях мае залаты біскупскі крыж. Пераступае пару крокаў і становіцца незаметна за Фуртыянкай.

Па пераходзе манашак сігнальнік моўкне; з касцёлу залятае прыдаўлены гук арганаў. Ксенія датыкаецца рукой да пляча Фуртыянкі.

Фуртыянка (са страхам азіраецца, а спасцярогшы Ксенію, паспешна кленчыць і цалуе рубок яе габіту, пасля чаго, устаючы, кажа)

Ваша правялебнасць... у такую раннюю пору... ужо на нагах... і сама...


Ксенія

Пільнуй, сястра, брамы! пільнуй вялікай брамы!


Фуртыянка

Але ж... Ваша правялебнасць... я днём і ночай...


Ксенія (да Вікарыі)

Ці заўважыла ты, з якім неспакоем пераходзілі каля гэтых дзвярэй нашыя сёстры? Гэты кружганак у нашым манастыры нядобра ўладжаны...


Вікарыя

Сюдой найбліжэйшы пераход да касцёлу...


Ксенія

Так... і штодзённа гэтыя маладыя Богу засватаныя душы йдуць маліцца, мінаючы вялікую браму, якая нас лучыць са светам. А нячысцік не спіць, а пакуса сочыць.


Фуртыянка

Брама моцная, дубовая і акутая жалезнымі штабамі. Адно толькі закратаванае ваконца і тое вельмі высока, каб можна было цераз яго вызірнуць... Прытым я ключы заўсёды маю пры сабе — і не спускаю вока...


Ксенія

Ёсць рэчы, якім увайсці ты, сястра, забараніць не здалееш, якіх не паўстрымаюць ні жалезныя штабныя ці замчыстыя аковы. Усхадзячае сонца ўвальваецца сюды цераз закратаванае ваконца, вясною — залятае пах кветак і вецер... і вецер, які веіць там, на свеце.


Фуртыянка

Можна было б зачыніць вакно шклом, аблепленым волавам, або забіць дошкамі...


Ксенія

І гэтага не хопіць, сястра. Тут жа за вялікай брамай пераходзяць жнеі з палёў і пяюць... Голас цераз шкло й цераз дошкі праціснецца. Вазы едуць сюдою й цягнуцца на пырскаючых конях рыцары з шумячымі ў руках прапорцамі. Шум і гоман свету ўвальваецца сюды праз гэтую вялікую браму, а гэта дрэнна... У нас павінна быць ціха — вельмі, вельмі ціха...


Вікарыя

Дык чаму ваша правялебнасць не прыкажа замураваць браму? Зрабілі б гэта работнікі з манастырскіх двароў у працягу аднаго дня... то ж ёсць другое, бочнае ўвойсце ў муры з боку гародаў.


Ксенія

На бяду, немагчыма замураваць вялікую браму. Сюдою ўрачыста ўходзяць у манастыр жадаючыя пасвяціць сябе Хрыстосу дзевы, а важней за ўсё: сюдою ўязджае да нас апат, прававіты ўладар гэтых зямель навокала. Для яго вялікая брама павінна стаяць насцеж...


Вікарыя

А праўда, праўда... Уласна, і сягоння мае прыбыць.


Фуртыянка

Сягоння? апат!..


Ксенія

Але.


Вікарыя

Яго правялебнасць апат наш і пан даў знаць цераз паслоў, што, аб'язджаючы свае ўладанні, загляне сягоння, каб пабагаславіць сёстры...


Фуртыянка (амаль не шопатам)

Апошні раз быў тут, калі сястру Пляцыду на кастры палілі... (Хрысціцца.)


Ксенія (быццам слоў гэтых не чула)

Развідніваецца ўжо. Трэба будзе прыладзіць усё дзеля годнага прыняцця дастойнага гасця. (Да фуртыянкі.) Ты, сястра, загадай замясці сцежку перад брамай. У шэрым адсвеце світання бачу на завесах іржу й звісаючае павуцінне... Трэба ачысціць вялікую браму. (Да Вікарыі.) А ты дай знаць, хай ацец капелан пасля мшы да мяне прыйдзе. Буду яго чакаць... Адна з служэбных сясцёр пойдзе на званіцу і ўдарыць у вялікі звон, як здаля пабача прыбліжаючую прыдворню апата.


Вікарыя

Станецца ўсё, як ваша правялебнасць накажа. А на вежу — ці магу паслаць сястру Псіху? Мела праз гэты тыдзень спаўняць служэбную працу...


Ксенія

Не, не! пашлі якую-небудзь іншую. Сястра Псіха вельмі молада... Узышоўшы на вежу, глядзела бы стуль на свет, што цягнецца навокал манастыру, на боры, якія перацерабілі працавітыя ралейнікі, і на замак, які ўзносіцца на суседнім узгоры.


Вікарыя

Як прыкажа ваша правялебнасць...


Ксенія

Добра, аднак, што ты мне аб ёй прыпомніла. (Да Фуртыянкі.) Сястра Псіха часта прабывае на гэтым дзядзінцы?


Фуртыянка

Так, правялебная маці...


Ксенія

І не спасцерагла ты ў яе якога... неспакою?


Фуртыянка

Не, маці. Заўсёды ціхая. Успірае толькі чало аб падножжа крыжа й думае...


Ксенія

Моліцца?


Фуртыянка

Не ведаю. Думае. Раз толькі бачыла я, што плакала. Было гэта ў той дзень, калі апат, адбываючы суды, нашу быўшую сястру Пляцыду за чарнакніжніцкія чары на касцёр засудзіў.


Ксенія

Забараніла я ўспамінаць аб гэтым. А што да сястры Псіхі: трэба за ёй назіраць, трэба назіраць. Завельмі яна маладая, й сэрца ў яе йшчэ не ўспакоена... А цяпер ідзі, сястра, і рабі, што табе загадала я. Сонца хутка ўзойдзе,

Пяянне і прыглушаны гул арганаў, які чуваць было дагэтуль, спыняецца.

і набажэнства ў касцёле, відаць, ужо скончана...


Фуртыянка прыкленчвае і цалуе зноў рубок шатаў Ксеніі, пасля чаго адыходзе. Ксенія стаіць яшчэ хвілю, гледзячы на браму, а ўрэшце адыходзе цераз дзверы, праз якія была ўвайшла, стукаючы пасторалам па сходах, — успёртая ўсё на пляччу паступаючай побач яе Вікарыі. Світанне. Манашкі праходзяць, вяртаючыся той самай дарогай з касцёлу.


Псіха (ідучая ў канцы, ацягваецца й застаецца сама ў дзядзінцы. Становіцца перад вялікай брамай і датыкаецца да яе пальцамі выцягнутай рукі — пасля адварочваецца шпарка і йдзе пад крыж. Тут садзіцца на каменнай ступені і апірае чало аб падножжа... Тым часам на свеце робіцца раніца. Сонца ўсходзе і снапом праменняў спадае цераз ваконца ў вялікай браме проста на Хрыстосавыя стопы. Псіха падносіць галаву, як бы збуджаная са сну, і глядзіць здзіўлена на шматок яснага святла)

Сонца!

Быстрым, бадай мімавольным рухам прыпадае губамі да каменных, сонцам асветленых стоп. Трывае гэта толькі хвілю, бо зараз жа адрывае губы і, хілячыся з ціхім стогнам, хавае твар у далонях.


Капелан (сівы дзядок у законным уборы, уходзе, вяртаючыся з касцёлу, а спасцярогшы Псіху, затрымліваецца і пытае)

Што ты тут робіш, дачка мая? Штодзённа вяртаючыся з касцёлу, спатыкаю цябе... Ці, можа, маеш асаблівае набажэнства да гэтае фігуры Хрыстоса, пад якой застаю цябе?


Псіха

Так, войча...


Капелан

Ці ж ты многа ласкі ад яго тут дазнала?


Псіха

Не, войча, але расце тут каля крыжу крыху зелені, якой дзе ў іншым месцы не бачу ніколі. Нават вакно маёй келлі выходзіць на брукаваны дзядзінец манастырскі...


Капелан

Гэта грэх. Ты павінна быць у келлі й маліцца там!


Псіха

Была я ў келлі праз цэлы дзень і цэлую ноч. Бічавалася й ляжала крыжам на каменнай, уласнай маёй крывёй змочанай падлозе й прасіла Хрыстоса, каб мне пазволіў не грашыць, адналькова ж... Войча мой, я новы, цяжкі грэх маю на сумленні...


Капелан

Слухаю цябе, дачка мая...


Псіха

Я ўпала ніц пад Хрыстосавы ногі —
Й стрымаць пакусы не мела тут змогі...
Ўзнялося сонца там недзе на свеце
Й зірнула тут цераз краты-аковы,
О, тое ж сонца, што песціць там квецце! —
І азалоціла стопы Хрыстовы,
І я, не здаўшы ў тым, грэшная, справы,
Да залатой прытулілася з'явы!


Капелан

Пацалавала Хрыстосавы ногі, дачка мая...


Псіха

Не, войча! я сонца на іх цалавала!


Капелан

Але калі прытулілася вуснамі да крыжа, ты ўчула, не йначай, што сонца ёсць зданнем, залацістай толькі й неіснуючай марай: дакрануліся, дачка мая, губы Хрыстосавых стоп... містычных ліліяў ласкі...


Псіха

Мае губы, войча, даткнуліся... каменя!


Капелан

Ты мне, дзіця маё, з вялікага грэху спавядаешся! Абавязана ты старацца, каб распаліць у сабе любасць вялізную, якая робіць тое, што рэчы не здаюцца нам тым, чым ёсць звычайна для вока, для пальцаў, але тым, бадай, чым быць павінны для духу... Камень гэты ня ёсць каменем, бо мастак прыдаў яму прынадныя формы боскага цела Хрыстоса, у сне, знаць, яму выяўленыя, — ня ёсць каменем, бо праз малітву й свянцоную ваду асягнуў вышэйшую, духоўную вартасць... Зразумееш гэта і адчуеш, дачка мая, калі дасканальна будзеш любіць Хрыстоса.


Псіха

Люблю я, войча, яго, ды ў сне бачу
Не гэткім, як тут. Тут мае бядача
Твар пакрыўляны, як жудасць якая,
А ясным бачу яго ў ясным квецці,
Як багаславіць і старцаў, і дзеці;
І смутных цешыць, грахі адпускае...
На сенажаці я бачу і ў сонцы !
Пры ім жа вокал народу бясконца...


Капелан

Помні, дачка, што Сын Божы збавіў свет не багаславенствам ціхім, а страшнай і крывавай мукай сваей. Крыж заткнуў пасярод земскае кулі, як штандар пабедны, і ў цяню крыжа толькі збаўленне!


Псіха

Войча! а чаму не ў променях крыжа!


Капелан

Замнога разумееш, дачка мая, замнога! Помні, што нячысцік адпіхнуў чалавека ад раю, падшапнуўшы яму першае "чаму"... Будзь пакорная й ціхая й маліся, маліся, маліся!


Псіха

Маліцца, войча, мне, грэшнай, не змога!
Дзеля Хрыста я прайшла тут вароты, —
Чаму ж не выганю з сэрца маркоты?
Чаму не йдзе супакой, а — трывога?


Капелан

Яшчэ дасканаласці ты не дасцігла. Працуй над сабою: гэта адно магу табе сказаць...


Псіха

Войча...


Капелан

Замаўчы. Вельмі ўжо доўга гаманю з табой! Ты не павінна пытацца, бо кожнае пытанне грэхам ёсць. Я, адказваючы, толькі памагаю табе да грэху. Чуюся супольнікам віны тваёй, — маліся за мяне й за сябе!


Выходзе. У хуткім часе па адходзе Капелана ўбягае Ганна, маладая вясковая дзяўчынка, праве, дзіцянё яшчэ. Уносіць вядро вады, зэдлік і кусок простага палатна й бярэцца чысціць вялікую браму. У працягу работы становіцца на зэдлі й цераз закратаванае ваконца вызірае на свет.


Псіха (якая, схіленая над крыжам, не заўважыла яе прыходу)

О Божа! о Божа...


Ганна (азіраецца баязліва)

А! гэта вы, сястра Псіха! Перапужалі вы мяне...


Псіха (падносіць галаву; толькі цяпер спасцерагла Ганну)

Што ты тут робіш, дзіця?


Ганна

Загадалі мне абчысціць і абмыць вялікую браму. Яго правялебнасць апат прыязджае сягоння!

Вяртаецца да работы.


Псіха (як бы да сябе)

Апат... які засудзіў на смерць сястру Пляцыду за тое, што журбавала, што шукала... (Устрасаецца.) Грэх! грэх!


Ганна (узноў вызіраючы праз ваконца)

Сястра... як там прыгожа на свеце!


Псіха (уздрыгнула, паўтарае, як водгулле)

На свеце!..


Ганна

Так. Адгэтуль не бачыш свету амаль ніколі. Усе вокны выходзяць на панадворак, з усіх бакоў зачынены высокімі мурамі... О! тут зусім не так ужо прыгожа! Але цераз гэтае ваконца ў вялікай браме відно сенажаці, такія шырокія, вялікія сенажаці, поўныя кветак! Яшчэ так нядаўна бегала я па іх. Сястра Псіха, ці вы калі бачылі гэтыя шырокія сенажаці?


Псіха

Нам няможна, дзіця, глядзець на свет.


Ганна

А праўда! — шкода.


Псіха (па хвілі, гледзячы на Ганну)

Скуль ты ўзялася тут, птушанё? сярод чорных манастырскіх муроў?..


Ганна

Ах! я... Мяне сюды маці аддала на паслугі, зашмат было нас дома. Але вы!.. Гляджу на вас, і здаецца мне, што вы павінны былі жыць, як тая златавалосая князёўна ў тым замку напроціў, які відаць праз гэтае ваконца... О! адгэтуль шмат, шмат харошых рэчаў відаць! (Заглядае.) Цяпер нейкія людзі едуць па дарозе, мабыць, купцы, бо цягнуцца за імі наладаваныя вазы... Скуль яны гэта могуць ехаць, сястра Псіха, і куды?


Псіха

У свет! — і са свету...


Ганна

Свет вельмі, вельмі вялікі — ажно страшна падумаць! І гэтулькі на ім людзей. Бачыла я ўжо пастухоў і ралейнікаў, і духоўнікаў, і паноў у залацістых шатах, якія праязджалі па гэтай дарозе ўпобачках з прыгожымі панямі, у пазалочаных карэтах... Ацец капелан кажа, што свет грэхам загублены. Ці тыя ўсе людзі, сястра Псіха, будуць загублены?


Псіха

Не ведаю.


Ганна

Дык хто ж мне гэта скажа?.. Але раз... не, не, ужо пару разоў у апошніх днёх,— бачыла я тут нейкага на вялікім кані рыцара, пакрытага пылам, як быццам бы ехаў здалёку... Залатыя праменні меў на шлеме, й залатое вымаляванае на шчыце сонца, й вялікія шумячыя крыллі пры плячах. Я думала, што едзе на рыцарскае змаганне ў замак, але ён, уехаўшы ў даліну, раздзяляючую абодва ўзгоры, звярнуў сюды пад манастырскую браму і стануў — на белым кані, увесь залаты ад сонца, такі падобны да святога Юр'я ў алтары, і глядзеў сюды доўга, доўга...


Псіха

Замаўчы!


Ганна

Замаўчу, калі змушаеце, але я цікаўлюся вельмі, што гэта за рыцар і чаго ён шукае тут... (Вызірае цераз ваконца.) Во, во! — зноў яго бачу! Там унізе на дарозе, вядучай у манастыр...


Псіха (да сябе)

Дык папраўду?.. О Божа! злітуйся... у снах яго бачыла я...


Ганна

Здаля падобны да арла з распушчанымі крыллямі, які здабычу сочыць... Бліскаюць у сонцы бляхі яго залатыя й свеціцца лязо на доўгім кап'і. О сястра Псіха! гэты рыцар, можа, сюды заедзе?


Псіха

Не! сюды ніхто не заедзе. Тут ёсць муры таўстыя й брамы акаваныя й ёсць гэты крыж перад брамай — вялікі крыж, што бароніць доступ распасцёртым рукам. Бачыла я раз яго, шмат год таму, калі сюды ўходзіла, і дагэтуль помню. Вялікі, вялікі крыж!..


Ганна

І я яго бачу, крыж гэты. Стаіць тут жа перад брамай і сонца мне засланяе таўстой дзераўлянай крыжавінай...


Голас Фуртыянкі

Ганна!


Ганна

Маці Фуртыянка мяне кліча! (збірае начынне і выбягае, кажучы яшчэ.) А не кажыце толькі, што я вызірала цераз ваконца!

Знікае паміж манастырскіх будынкаў.


Псіха

О! каб гэта я так, як ты, магла выглянуць і пабачыць сенажаці, й пабачыць нівы...

Валіцца перад крыжам на калені.

О Божа мой! супакой мне маркоту,
Што грудзі рве мае й кліча к палёту,
Па сонцы галосе ў муцы,
Па лузе росным, па гаю шумячым,
Дзе птушкі гнёзды плятуць і нясуцца
І звоняць крыніцы плачам, —
О Божа! ўспакой маркоту...
Вось я прынесла табе мілаванне
Й моладасць з снамі дзіцяці,
Вось аддала усё жыцце, багацце
З верай, што ў буру мне будзе прыстаннем
Твой крыж, —
А во пазбыць не магу неспакою.
Дык дзе ж тваё мілаванне святое?
К табе я вочы падношу ўзвыш,
О Хрысце! ўслыш!
Цябе ў снах бачыла, Божа, дзіцячых,
Як багаславіш на гонях цвіцячых,
Засеўшы між пастухамі ўрачысце,
Глыбокіх мор пералівы й нівы...
Ах! з гэткім, здасца,
Калісь даўно ўжо я йшла акупацца
У сонца бляск і ў неб лазуры...
Скажы мне, о Хрысце!
Чаму сягоння цень вокал пануры?
Багаслаўлёны, пакорны хто й ціхі,
Багаслаўлёны...
О Божа! Божа! мяне ад мяне ты
Прыйдзі бараніці, бо гэтта
Так жудка мне... Ў келлі цёмнай
Завіснуў твой крыж без пыхі:
— Хадзеце, зсмагшыя! Я дам піці...
Вісіць чорны крыж...
О сэрца, сэрца! кінь, сэрца, сніці !
О Хрысце! ўслыш!
З грахоў, о Божа, каюсь да гробу,
Ты сонца стварыў і зор многа —
Я — грэшна! Убраў логі квяцісце...
Я — грэшна! Й мора стварыў ты глыбіну...
О Хрысце!
Калі не прыйдзеш ка мне ты з падмогай,
Хто ж мне дапаможа?..
На свет з вяселлем ты йшоў, не з жалобай...
Грэшна — я! Гіну!
Мне сніцца сонейка, й мора, і ўзложжа,
Каюсь я — грэшна —
О Божа! о Божа! о Божа!
Усё ёсць грэхам! і радасць, і смех,
Грэхам ёсць жыцце,
Грашу, як слухаю тых дальніх рэх,
Што залятаюць сюды з ветру гонам,
Грашу, як гляджу на сонца ў блакіце:
Грэх! грэх! і ўсё, ўсё грэх? —
Я — загублёна...

(Падае тварам на зямлю.)


У гэты час сярод цішы разлягаецца за брамай песня Блуднага Рыцара.

Праз дзевяць гор і рэк, праз дзевяць лет
К табе спяшу, дзяўчына !
З краёў далёкіх там! з-пад сініх мор.
Пайдзі ж за мною ў свет !
Задоўга келля ўжо табе няўпынна
Цямніць прасвет,
З-за крат ідзі ў бліск сонца й зор,
На поле, логі, лес, там за сялібы,
Дзе ўкрыў вясною цвет
Пахучы сад і дзе плуг гоне скібы,
Дзе дзіўна тонь блакіту срыбрыць хваляў згібы —
                                       На свет !


Псіха
(зрываецца, памешаная)

Што гэта за голас? — выснены... О Божа! Божа, ратуй мяне! Хрысце!

Абымае крыж рукамі.


Песня Блуднага Рыцара

Ад чарадзеяў з свету маю весць
Я, Блудны Рыцар Сонца,
Што ты, мой снёны цуд! у путах тут:
Дык волю йду я несць,
Арол крылаты мкну, твой абаронца,
За тваю чэсць
Свой рыцарскі аддаці труд —
Муры разрушыць і знішчыць лёх гэты,
Й вянок табе з рож сплесць,
І кветкі сыпаць для цябе ўсе леты !
Да сонца
Клічу цябе! Да жыцця! На светы
                        Йду несць !


Псіха
(амаль непрытомна)

Міласэрдзя, літасці — Божа, укрый мяне, усцеражы! О, як страшна глядзіш на мяне, Хрысце. Загублёна я, праклята! праклята!


Песня Блуднага Рыцара

О, йдзі з салодкіх з'яў жыцця чар піць,
Ты, што як дзень, як зоры !
Карона жджэ цябе, йдзі з клеткі злой
Ўладаць, яснець і жыць !
Табе вастрогу адкрыю запоры,
Ўжо віць гарыць
І ржэ, і ржэ конь быстры мой:
Там песні, ўцеха, там жыцця яснота,
Там сноў прадзецца ніць,
Каб срыбрам льсніці між радасці ўзлётаў !
Йдзі ў зоры !
Тут цені, пустка, тут глуш і мяртвота —
Йдзі жыць.


Фуртыянка паяўляецца з вялікім пуком ключоў падчас апошніх слоў песні Блуднага Рыцара.


Псіха
(кідаецца к браме)

О, жыць! о, жыць! на свет!
Вазьмі мяне, вазьмі !
Й нясі
Ў прасвет,
Дзе свеціць сонца у блакіце! —
Тут смерць! — я смагну жыці !


Фуртыянка (выдае страшэнны крык жудасці)

Ох!


Псіха (азіраецца і спасцерагае прыйшоўшую)

Давай ключы! ключы!


Фуртыянка

О жудасць! о жудасць!


Псіха

Дай ключы! хутчэй! ключы!


Фуртыянка (ударае яе пуком ключоў)

На, на! ты нікчэмная! вераломная! нягодная святой сукенкі! На! ты вырадак! Насенне чартоўскае, на! Ключы, на! на!

Б'е яе. На званіцы адзываецца звон, абвяшчаючы прыбыццё апата. Дзядзінец у той час запаўняецца, уваходзе ў святочным уборы Ксенія, пры ёй манашкі і капелан.


Ксенія

Сястра Фуртыянка! адчыняй вялікую браму!


Капелан

Яго правялебнасць князь апат наш прыбывае.


Фуртыянка (падае да ног Ксеніі)

О маці! маці!


Ксенія

Што тут сталася?


Фуртыянка (паказвае на Псіху)

Гэта нягодніца! — Я злавіла пры вялікай браме — слухала бязбожнага пяяння, згаварывалася! Выйсці адгэтуль хацела, уцякаць! Мая віна! — адышла на хвілю...


Вікарыя

О жудасць! Няшчасная!


Капелан (да Псіхі)

Праўда ж гэта? праўда?


Псіха

Так...


Фуртыянка

На свет! на свет! — крычала — да сонца!

Сярод манашак шорах абурэння, усе адступаюць, пакідаючы Псіху самую наўбоччы.


Ксенія (паўтарае глуха)

Да сонца!..


Чуваць тройчы ўдары ў браму.


Ксенія (да Фуртыянкі)

Адчыні, сястра, вялікую браму!


Фуртыянка спаўняе загад. Цераз адчыненыя вароты ўходзе А. Блякс. Апат — у фіялетавым плашчы, з падперазаным мечам. За ім мнагалічная прыдворня дваран, духоўнікаў і службітаў.


Ксенія

Вітаем цябе на парозе, ласкавы наш войча!


А. Блякс

Паздароўкана будзь, маці, у імя Бога! Знябыўся я вялікай падарожай. Загадай, каб мне паказалі святліцу, дзе аддыхнуць мог бы.


Ксенія

Ў жалобе, войча, стаю прад табою
Й не адчыню манастырскіх пакояў,
Аж суд тут зробіш!


А. Блякс

А што ж там новага? Хто вінаваты?


Ксенія

Шатан! Вось на шатана прад табою
Заношу скаргу, што ў стада закраўся
Й авечкі белыя крадзе мне, пане!


А. Блякс

Шатана магу праклясці, але на касцёр яго не пашлю! Маці, кажы, каго вінаваціш?


Ксенія

Віню я вецер, сюды што ўлятае
Й душы кусіць,
Яснае сонца, якое праменнем
Грэшныя будзіць маркоты,
Кроў маладую, што ў жылах бурліцца
Дзяцей, аддадзеных Богу,
І гэту браму, што зводзіць тым, быццам
Жыццё за ёй там, а не ля ног крыжа !
Заношу скаргу я — маць дзяцей гэтых !
Судзі ты !


А. Блякс

Я хачу знаць праступак і ведаць, хто вінаваты! Вецер, сонца ці браму судзіць не магу!


Ксенія

Дык дзіцянё судзі тое, якое
З пакусы сонца, і ветру, і брамы
Ўнясло зграшэнне
Ў гэты Хрыстосаў дом!

(Звяртаецца да манашак.)

Прывесці няшчасную!


Фуртыянка
(цягне да апата Псіху)

Вось яна тут! тут гэта нягодніца!


А. Блякс

Што ўчыніла?


Фуртыянка

Уцякаць хацела, пакінуць святыя манастырскія муры, у свет пусціцца з залётнікам!


Манашкі

Пакарай яе, войча! пакарай яе! О жудасць!


Капелан

Войча! будзь для яе міласцівым! Яна яшчэ маладая...


А. Блякс

Закон не знае міласэрдзя, а я тут — закон! (Збліжаецца да Псіхі, глядзіць.) Ты ж гэта... ты! Знаю цябе... Уцякаць хацела?


Фуртыянка

Запярэчыць не можа, не можа! Я сама бачыла.


А. Блякс
(да Псіхі)

Чаму? — пытаюся, чаму?


Псіха
(падносіць галаву)

Ты знаеш!
Да сонца хацела я йсці! да жыцця!
Тут цень! тут смерць! тут гроб!
Я прагну жыць!


Капелан

Згублёна!


Ксенія
(глуха)

Дзіця, беднае дзіця маё...


А. Блякс

А так... жыць жадаеш! Мусім цябе надалей ухаваць ад падобных шатанскіх пакусаў! Час ужо найвялікшы... Апошнія дні, якія табе яшчэ застаюцца, правядзеш у найглыбейшым манастырскім лёху, не бачачы ні святла, ні людскога твару, не чуючы іншага голасу, апрача застыгаючага бурлення крыві тваёй і шэлесту капляў вільгаці, спадаючых са скляпення. Будзем маліцца за цябе.


Ксенія
(да манашак)

Вядзіце засуджаную! Сягоння дзень жалобы...


Манашкі выводзяць Псіху, якая сланяецца. У гэты час сярод панурай глушы разлягаецца яшчэ за брамай песня Блуднага Рыцара.

На свет, на сонца йдзі! Ў гароды там,
Дзе льсняць руж асалоды,
Ждучы тваіх рук, дзе для ног тваіх
Ў кругу злацістых брам
Выкулі ў рожавых мармурах сходы,
Вядуць што ў храм
Жыцця й Святла...