«Дзьве душы» М. Гарэцкага

«Дзьве душы» М. Гарэцкага
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1920
Крыніца: Зборнік «НН»

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Першая беларуская повесьць — беларуская ня толькі па мове, але і па зьместу — гэта ў нашай маладой літаратуры праўдзівая і радасная навіна. Яна — знак таго, што беларускае жыцьцё гэтак разьвінулася і ўзбагацела, што дае ўжо даволі матэрыялу для напісаньня повесьці на сучасную тэму, — а разам з тым знак, што нашае пісьменства прыждала мастакоў, каторыя патрапяць ня толькі выяўляць у слове паасобныя перажываньні, настраеньні і тыя ці іншыя бакі нашага жыцьця, але і здольны шырокім паглядам абняць усё гэнае жыцьцё — у яго цэльнасьці, даць абраз душы чалавека — сучаснага беларуса, даць аналіз таго, як тая душа сфармавалася, як яна разьвіваецца, чым жыве, чаго жадае... Повесьць — гэта поўнае і мнагабочнае выяўленьне жыцьця, і дзеля гэтага аўтар яе павінен сам дайсьці высокага духовага разьвіцьця, быць мнагабочным і ўмець аддзяліць усё няважнае, мімалётнае ў жыцьці ад самае істоты жыцьця.

У новай працы М. Гарэцкага мы і шукалі перш за ўсё тае цэльнасьці жыцьця — шукалі разьвязкі праблем, якія перад аўтарам паставіла жыцьцё. Бо жыцьцё, стаўляючы нейкую праблему, заўсёды дае і разьвязку яе. Ці Гарэцкі яе даў?

Самая завязка повесьці — гэта ўжо ёсьць дужа цікаўная праблема, xоць наагул у літаратуры ня новая. Мамка-сялянка, кормячы ў двары панскае дзіця, хоча даць свайму роднаму сыну «шчасьлівую» будучыну, замяняе ў калысцы дзяцей, і гэтак сялянскі сын ўзгадоўваецца на «пана», пад той час як паніч расьце на «мужыка». Якая цікаўная і ўдзячная задача для аўтара: прасачыць, як адаб’ецца на душах абодвых дзяцей перамена іх сацыяльнага палажэньня, якія плады дадуць асаблівыя зачаткі іх духовага ўкладу на чужой глебе? Аднак, гэту праблему М. Гарэцкі разьвязавае толькі напалавіну: ён аналізуе і абрысоўвае больш выразнымі штрыхамі толькі «мужыка ў панох», Абдзіраловіча, прапускаючы гэткую добрую магчымасьць разьвінуць псыхалёгію Васіля — «пана ў мужыкох», і абмежаваецца адно некалькімі мамэнтамі.

«Дзьве душы», аб якіх чытаем у загалоўку кніжкі, — гэта «двудушнасьць» галоўнага героя повесьці, Абдзіраловіча (між іншым, характэрнае прозьвішча яго зусім не xарактарызуе ані старога Абдзіраловіча-бацьку, ані яго роднага ні падмененага сына!) Узгадаваны на «пана» вясковы хлопец ня можа знайсьці цьвёрдага грунту, на каторым мог бы стануць. Яго прыцягвае да сябе і ўсенародны выбух рэвалюцыі — барацьба за волю тых мас, зь якімі ён зьвязаны крывёй, хоць спачатку сам аб гэтым ня ведае; прыцягваюць і белагвардзейцы з такімі страшэнна сільнымі, але панурымі і агіднымі тыпамі, як Гарэшка, — і буржуазнае грамадзянства з такімі праўдзівымі красачкамі, як Аля, ды з усімі сваімі хібамі і недахваткамі, добра вядомымі Абдзіраловічу. Але ні на адзін, ні на другі бок ён «самавызначыцца» ня можа: ён так духова расхлябаны, што ня мае ні сілы, ні аxвоты зрабіць нейкі выбар. Ня можа яго захапіць да канца й той новы элемэнт дэмакратычнага, народнага руху, які становіць беларускае нацыянальнае адраджэньне, — хаця аўтар прымушае ўвесь час ждаць якогась пералому ў нацыянальным кірунку (думкі ў дарозе едучы ў вёску). Да такога пералому Абдзіраловіч не дайшоў, і, нягледзячы на ўсю тую завіруху, у якой ён жыве, нягледзячы на прызывы і крыві, і ўсіх лепшых элемэнтаў, зь якімі яму даводзіцца сустракацца, і так мілай яму дзяўчыны (Іра), ён так і астаецца да канца чалавекам калекім, расхлябаным, нікчэмным, ня маючы пад сабой ніякага грунту, ні ідэі. Сам аўтар на апошніх страніцах дае яму суровы прысуд вустамі вучня-агітатара Сухавея (у гутарцы з вучыцелькай Ірай): «Што? ён казаў вам, што мае «дзьве душы»?.. І вы яго бароніце? Дарма! Гэта ня «дзьве душы», а гэта... гэта... гэта расхрыстанасьць, разьлезласьць, мяккацеласьць... нешта для мяне гідкае, сьлізкае. Гэтыя вырадкі губяць бацькаўшчыну, як і ўсякія ворагі-чужынцы... Эт, дрэнь...» Нават прызнаньне паміраючай мамкі, што ён — ня панскі сын, а яе роднае дзіця, ня здолела вывесьці героя повесьці з апатычнага, як быццам вегетацыйнага стану. І, закрываючы апошнюю страніцу кніжкі, у душы родзіцца некая нездаволенасьць: повесьць як бы ня мае канца, бо завязаны рукой аўтара вузел грамадзянскіх і асабістых абставін, у якія ўблутаўся яго герой, так і застаўся неразьвязаным... Але разьвязка праблемы прышчэпкі «мужыцкага» дзічка на «панскім» дрэве больш чым ясная: дзічок завяў.

Разьвязка праблемы ёсьць. Але, каб правільна ацаніць повесьць М. Гарэцкага, мы павінны пераканацца, у якой меры гэта разьвязка адпавядае жыцьцёвай праўдзе і вынікае з экспэрымэнту «прышчэпкі», а не зь якіх-колечы іншых прычын.

З боку жыцьцёвае праўды, з боку нацыянальнага характару беларуса [такая?] разьвязка повесьці зусім магчыма і да праўды падобна. Але трэба шчыра сказаць, што абсалютна нішто не дае права ўважаць, што яна — рэзультат тае «прышчэпкі». Абдзіраловіч быў некалі жывым чалавекам: у сваей раньняй моладасьці з прычыны дэмакратычных паглядаў ён пасварыўся з старым Абдзіраловічам і разарваў усялякія зь ім зносіны. Аднак аб тым пэрыядзе жыцьця Абдзіраловіча мы нічога ад аўтара не даведаліся: мы знаёмімся з героем повесьці акурат у той мамэнт, калі ён, перанесшы ўсе страшэнствы вайны, выходзіць пасьля цяжкое хваробы з бальніцы. Вайна і хвароба — ці ж гэта не дастатачныя прычыны, каб маладога, поўнага сіл і энэргіі чалавека, здольнага за свае ідэйныя перакананьні кінуць дом таго, каго лічыў сваім бацькам, — каб гэтыя прычыны абярнулі яго ў інваліда, няздатнага да актыўнае працы, няздольнага зрабіць той ці іншы выбар жыцьцёвае дарогі?..

Вось тут і ёсьць слабое месца повесьці Гарэцкага: псыхалягічны стан яго героя не вынікае з «прышчэпкі» на чужы грунт і мае тысячу і адну прычыну зусім іншага характару. Сам жа Абдзіраловіч у апошняй гутарцы з Васілём прызнаецца: «Я за вайну так атупеў, што да ўсякай фальшы прызвычаіўся».

Затое сільны Гарэцкі, калі дае абразы жыцьця краю ў той час, як валіліся фундамэнты старое Расеі. Сільны, калі апісвае вёску і тыя настраеньні, што агартаюць душу чалавека варочаючыся ў родную старану, — калі малюе гэтак яскрава вясковыя тыпы — такія жывыя і праўдзівыя. Калі ўрэшце падыходзіць да тых сяўцоў беларускае нацыянальнае ідэі, што для яе аддаюць усе свае сілы, сваё шчасьце, сваю волю. І Мікола Канцавы, і горы-горацкі вучань-агітатар Сухавей, і вучыцелька Іра Сакавічанка — гэта зусім жывыя, здаровыя і затым такія сьветлыя, і такія мілыя тыпы, што мімаволі вызываюць шчыры спогад іх перажываньням, іх гору і працы. Яны — антытэза духоўна калекаму Абдзіраловічу; яны нясуць той штандар, на службу катораму аўтар дарэмна заклікае Абдзіраловіча. Яны — гэта сіла і будучына народу. Яны ні перад чым не ўстрымаюцца і дойдуць туды, куды рвуцца ўсімі сіламі свае душы! На іх з такой шчырай прыемнасьцю затрымліваецца думка і як быццам купаецца ў чыстай, халоднай крыніцы!..

Даволі цікаўны тып Гаршчка: ён праведзены пасьледавацельна, лягічна і жыцьцёва праўдізіва.

І гледзячы на тое, як аўтар можа пісаць, мімаволі робіцца крыўдна за Васіля: гэта такі ўдзячны тып — тып чалавека з чыстай і праўдзівай душой, каторы страшэнна востра і балюча адчувае ўвесь фальш і бруд тых, што пад штандарам вызваленьня народу даюць поўны прастор сваім дзікім, зьвярыным інстынктам і толькі ганьбяць гэты штандар, плямючы яго бязьвінна праліванай крывёй... Апрача гэнае аднае рысы характару Васіля, мы ў кніжцы нічога больш знайсьці аб ім ня можам...

Повесьць Гарэцкага, нягледзячы на яе недахваткі, цікавая і варта ўвагі. Цікавая глаўным чынам як адбіцьце беларускага жыцьця ў пачатку бальшавіцкага перавароту. Яна першы раз раскрывае багацьце гэтага жыцьця, раскрывае духовае хараство барцоў за беларускую нацыянальную ідэю, аб каторых шырэйшае грамадзянства йшчэ так страшэнна мала ведае і мо такжа мала іх цэніць... І вось за гэта аўтару яе належыцца шчырае дзякуй!

У канцы — колькі слоў аб мове Гарэцкага. Мова яго — бясспорна жывая, багатая і абразовая, — але мамэнтамі яна здаецца цяжкой: як быццам самы працэс чытаньня адцягавае ўвагу ад зьместу чытанага. Гэная цяжкаватасьць вынікае, трэба думаць, з таго, што Гарэцкі ў сваей апошняй повесьці, таксама, як і ў ранейшых працах, ужывае — мо і несьвядома — вельмі многа правінцыялізмаў — слоў і зваротаў роднае яму магілёўскае гутаркі. Яно добра дый трэба ўзбагачваць нашу літаратурную мову няўстанным прытокам жывога народнага слова — ядынае крыніцы нашае мовы. Але тут гожа зрабіць адну ўвагу для ўсіх нашых пісьменьнікаў агулам: беларуская літаратурная мова, якая мае за сабой пару дзясяткаў гадоў, зрабіла ўжо значныя крокі ўпярод у сваім разьвіцьці, і ўжываньне ў літаратуры правінцыяльнай гутаркі, хоць бы і найчысьцешае і найхарашэйшае, зусім не пасоўвае далей разьвіцьця літаратурнае мовы. Як нявычарпаная крыніца мовы народнай служаць нашы незвычайна багатыя творы народнае паэзіі, народныя казкі і легенды, аповесьці і прыказкі, сабраныя ў цэлы рад зборнікаў і ў значнай меры захоўваныя народам у памяці і па сягоньняшні дзень. Зь іх і можна і трэба нашым літаратарам чарпаць абема рукома, але не залішне насьледаваць якуюсь адну гутарку, а ўлаўліваць агульны дух беларускае мовы. Беларускіх гутарак — многа дый усе яны роўна цэнныя; літаратурная ж мова павінна і можа быць толькі адна, хоць і зь індывідуальнымі асобеннасьцямі ў кожнага аўтара.