«Нёман»: Літаратурна-мастацка-навуковы месячнік. №1 1932

«Нёман»: Літаратурна-мастацка-навуковы месячнік. №1 1932
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1932
Крыніца: БЗвон. 1932. 7 студз

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З пачаткам новага — 1932 — году беларусам прыбыла новая часопісь пад вышэйпісаным загалоўкам. У нашым зьбяднеўшым бяспрыкладна культурным жыцьці гэта — незвычайна дадатнае зьявішча, якое трэба шчыра прывітаць. Дык спынімся сягоньня на «Нёмне» крыху даўжэй.

Чырвонай фарбай на белай вокладцы — вельмі скромна і вельмі густоўна — надрукованы назоў часопісі: «Нёман». Чаму ж гэткі назоў? — вось пытаньне, якое ўзьнімаецца пэўне ў кожнага, хто бярэ ў рукі новую часопісь.

І першая думка: ці ня будзе гэта нешта этнаграфічнае-геаграфічнае? — Але ня зьдзівіцца з прычыны выбару назову той, хто бліжэй знаёмы зь беларускай паэзіяй. Бо ж Нёман — улюбёная рака нашых паэтаў. Колькі дум-разважаньняў аб сучасным жыцьці беларуса-мужыка даў Нёман Коласу (верш «Нёман»); колькі важкіх слоў абурэньня на сучасны заняпад вялікага некалісь і магутнага народу беларускага выказвае праз вусны бурлівага Нёмна Купала («Над Нёманам»); колькі радасьці і духовага ўздыму перажывае над тым жа Нёмнам Цішка Гартны, усьведамляючы сабе, што мінае ўжо «пара зьнемажэньня» для беларусаў, што бліснула ўжо і над намі зара Адраджэньня… Дык нядзіва, што група нашых маладых паэтаў, якія зьмяшчаюць свае творы ў новым месячніку, за назоў яго абабрала імя гэтае паэтычнае ракі.

З агляду паэтыцкіх твораў і пачнем. Бачым тут перад усім некалькі вершаў Натальлі Арсеньневай, якая у апошнія гады, на жаль, друкавалася гэтак мала ( — мо не было дзе?). А першы верш («Першы сьнег»), асабліва прыгожы сваей музыкальнасьцяй (— на жаль, папсаваны Рэдакцыяй!), датай напісаньня паказвае, што паэтка ўсьцяж ідзе наперад. Цэлы рад вершаў даў М. Машара, якога мы пазналі ўжо зь першага зборнічку яго, выданага пару гадоў назад, як выдатную сілу ў маляваньні родных абразоў прыроды. І ён у гэтым кірунку разьвіваецца далей. Цікаўны верш Андрэя Адхоннага («У падарожжы» — з партфэлю «Родных Гоняў»). Па адным вершыку зьмясьцілі: С. Кулеш і Хведар Ільляшэвіч, ды пару даў М. Васілёк, тэматыка якога яўна абнаўляецца. Урэшце маем два ўзоры мастацкае прозы — «Беларуская песьня» А. Войніча ды «Песьні жыцьця» Хв. Ільляшэвіча, абодва — шчыры водгалас настрояў усіх тых барацьбітоў за беларускую справу, якім давялося каратаць маладыя гады — за вастрожнымі кратамі…

Вось усё. Ня шмат, але мастацкую вартасьць творы гэтыя маюць і паказуюць, што маладое пакаленьне нашых паэтаў у Заходняй Беларусі творыць і будзе тварыць, абы толькі было дзе друкаваць іхнія творы.

А цяпер — стацьці. Бясспрэчна, цэнтральнае месца займае праца грам. С., ведамага беларускага пісьменьніка-мысьліцеля, які пераказаў галоўныя тэзісы працы менскага прафэсара М. Шчакаціхіна аб гісторыі беларускага мастацтва. Гэта — папросту новыя адкрыцьці з галіны мастацкае творчасьці беларускага га генія — адкрыцьці, пачатак якім даў і сваімі стацьцямі, і сваей зборкай музэйнай сьв. п. Іван Луцкевіч. Гэтак тое, што беспасрэдна з кнігі праф. Шчакаціхіна можа пачарпнуць рэдка хто, — цяпер стаецца даступным шырэйшаму колу чытаючых беларусаў. Праца грам. С. яшчэ не закончана (як і праф. Шчакаціхіна), і працяг будзе друкавацца ў наступных нумарох месячніка.

Гісторыю Беларусі прадстаўляюць дзьве стацьці: праф. Савіча («Беларускія школы ў старой Вільні») і С. Я. «Вялікі князь Вітаўт як беларускі гаспадар», якую грам. Я. Станкевіч чытаў на паседжаньні сяброў Беларускага Навуковага Т-ва ў Вільні ўвосені 1930 г., пасьвячоным 500-тым угодкам сьмерці Вітаўта. Аб беларускім мастацтве кароткую заметку дае гр. П. Сергіевіч («Рупмася аб мастацтве!»); ілюструюць яго — рэпрадукцыі абразоў Сергіевіча і Драздовіча. Музыку прадстаўляюць некалькі народных песьняў з нотамі і — справаздача з канцэрту ў Віленскай Беларускай Гімназіі 5.XII.1931 г., у якой, на жаль, аб зьмесьце канцэрту няма абсалютна нічагусенькі…

Замыкае нумар — «Культурная хроніка»; толькі ж яна яшчэ больш бедная, чым самае нашае жыцьцё…

Вось мы перайшлі і да выяўленьня ад’емных бакоў «Нёмна». І тут мусім затрымацца на тым, што зьяўляецца вынікам анархічна-рэфарматарскае дзеяльнасьці ў галіне беларускай філялёгіі сябры Рэдакцыі грам. Я. Станкевіча. У бочку зь мёдам ён уклаў сваю лыжку дзёгцю — з усімі сваімі «сьмяхотамі і дівосамі». «Рэдакца», «раца», «позыца» і т . п. — гэта маюць быць «зьбеларушчаныя» чужаземныя словы «рэдакцыя», «рацыя», «пазыцыя» і т. п. Стараючыся як быццам аб тое, каб ягоная мова была непадобнай да іншых славянскіх моваў, ён адначасна ўводзіць замест беларускага «ўжо» — «ужэ», замест беларускіх формаў ступеняў прыраўнаньня «вышэйшы», «ніжэйшы», «глыбейшы» — польскія формы «вышшы», «ніжшы», «глыбшы» (— «wуїszy», «nіїszу», «gіybszу»), або: «зраўнаў» — («zrуwnowaі»), «у значэньню» замест «у значэньні» («w znaczeniu») і т. п. А ўжо зусім дзіка перакручанае выглядае слова «цырамоня», што мае азначаць лацінскую «цырымонію»!

Усе гэтыя «дзівосы» і «сьмяхоты» проста перашкаджаюць чытаць зьмешчаныя ў «Нёмне» стацьці. І з сумам прыходзіцца сьцьвярдзіць, што Рэдакцыя гэтак сталася памагальніцай гр. Я. Станкевічу ў анархізаваньні беларускага правапісу, варочаючы тых, хто вучыўся паводле беларускіх граматык, прызнаных Беларускай Акадэміяй Навук, у стан «паўторнай бязграматнасьці». — Але асабліва сумна, калі рука чалавека, цалкам пазбаўленага духовае культуры, бярэцца папраўляць вершы нашых паэтаў. Гэтак, чамусьці не ўзьлюбіўшы слова «сяньня», гр. Станкевіч, ваюючы зь ім, папсаваў два вершы: успомнены ўжо верш Арсеньневай «Першы сьнег», дзе на пачатку згарманізаванае з далейшымі словамі «сяньня» (— «Сяньня раніца й сонца ўставалі ў вянку з каляровых агнёў…») — на немілагучнае «сядня»; другі — верш М. Васілька «Як калісьці», у якім рым «сяньня — каханьне», зусім добры і мілагучны, перароблены на «сядня — каханьне», дзе, як бачыце, рыму ўжо зусім няма… Таксама папсаваны і другі верш Арсеньневай, у якім замест ужытага паэткай слова «крадучыся» асаблівы «карэктар» уставіў нейкае незразумелае «цікайчыся».

Закончым наш агляд пажаданьнем, каб маладая Рэдакцыя не дала гр. Станкевічу магчымасьці рабіць ў часопісі свае няўдалыя і сьмешныя экспэрымэнты з псаваньнем мовы і анархізаваньнем правапісу і граматыкі ды каб асабліва аберагала ад яго — паэзію. Інакш «Нёман» страціць усе сымпатыі грамадзянства, на якія сваім зьместам зусім заслугуе…