«Пад сінім небам»: Характарыстыка творчасьці Натальлі Арсеньневай

На новых шляхох «Пад сінім небам»: Характарыстыка творчасьці Натальлі Арсеньневай[1]
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
24.VІІ.1927
Крыніца: Наша Праўда, 1927. 3 жн.
«Бунт проці Бога»

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Перад намі прыгожая сваей скромнасьцяй кніжачка: зборнік вершаў нашай маладой паэткі Натальлі Арсеньневай «Пад сінім небам». Кніжачка толькі што выйшла з друку, — йшчэ пахнець друкарскай фарбай і напамінае аб цяжкай працы друкароў, аб удасканаленых машынах і ўсей сучаснай высокай тэхніцы — з цудамі электрыкі й радыя. Але разгорнеш яе — і зразу пераносішся ў нейкі асаблівы край, такі далёкі ад усяе нашае сучаснасьці зь яе цывілізацыйнымі заваяваньнямі, у край фантазіі і хараства, дзе пануе непадзельна музыка гукаў.

Натальля Арсеньнева запраўды творыць музыку гукаў. А гэта ж — першы варунак, першая і найбольш істотная адзнака запраўднае паэзіі: толькі праз гэту музыку, толькі на крыльлях яе ўліваюцца ў нашу душу і выклікаюць у ёй жывыя водгукі тыя абразы, настроі й перажываньні, якія малюе паэтка!

Дагэтуль мы былі знаёмы з Натальляй Арсеньневай толькі праз паасобныя вершыкі, зьмяшчаныя ў розных беларускіх часопісях. Ужо і з гэных вершыкаў можна было зрабіць вывад, што ў асобе нашай маладой паэткі мы маем дзела з запраўднай мастачкай слова. Зборнік, які больш поўна выяўляе аблічча Арсеньневай, толькі пацьвярджае гэты вывад. I выхад у сьвет кніжачкі «Пад сінім небам» мы мусім шчыра прывітаць як новы цэнны ўклад у нашае краснае пісьменства.

Можна сказаць, што сярод песьняроў Заходняе Беларусі выявіліся як быццам тры ідэалягічныя кірункi. Перадусiм бачым групу пісьменьнікаў і паэтаў, якія прадстаўляюць як быццам водгук, ці лепш — прадоўжаньне даваеннага нашаніўскага кірунку зь яго жальбамі й стагнаньнем з прычыны ліхое долі нашага народу дый з даволі невыразнымі нацыянальнымі і сацыяльнымі поглядамі, зь нейкім рамантычным чаканьнем на цудоўнае вызваленьне народу зь няволі, зь верай, што неяк некалі доля сама прыйдзе да нас. Другі кірунак — гэта ўжо выразна барацьбяны кірунак, які ясна й выразна кажа, што «доля ня прыйдзе сама», што яе трэба здабыць, адваяваць — мо цаною ўласнае крыві й жыцьця. Тут гуртуюцца пераважна наймаладзейшыя паэтыцкія сiлы. Урэшце — трэці кірунак як быццам адыходзе ад палючых нацыянальных і сацыяльных балячак нашага народу і абмяжоўваецца шуканьнем красы, хараства ўва ўсіх праявах нашага жыцьця, а перадусім — у прыродзе; апошняя і зьяўляецца для гэнага кірунку нявычарпанай крыніцай натхненьня, даючы прадстаўніком яго багатыя асабістыя перажываньні — часта яркія й красачныя, але ня зьвязаныя ані з сучаснасьцяй, ані з тэй жорсткай штодзеннай барацьбой, якую прымушаны весьці за самы свой быт наш працоўны народ.

Да гэтага трэцяга кірунку мы мусім аднесьці і Натальлю Арсеньневу, судзячы па зьместу яе першага зборнічка. Арсеньнева абедзьвема рукома чэрпае фарбы і тоны для сваіх вершаў-малюнкаў з расчыненае для чуткае душы пясьняркі кнігі Прыроды, зь якой яна так зраднілася, якую так добра разумее і адчувае ды якая дае Арсеньневай незвычайна цікаўныя настроі й перажываньні. Нагляд над зьявішчамі Прыроды вытварае ў паэткі жыцьцёвую філязофію, характэрную для нашае новае, нарастаючае інтэлігенцыі і абапёртую на магутным імкненьні да жыцьця, на веры, што жыцьцё само й ёсьць шчасьце (верш «Ты спытайся»), што «мэта жыцьця — захаваці жыцьцё» («Мэта жыцьця»), што пад праменьнямі сонейка «нярадасных днёў трывогі» мусяць прапасьці («Зімовы ранак»). I хаця «доля людзкая — усьцяж цярпець» і «летуцець аб яснасьці нязнанага спакою» («Сьнег падаў...»), — але ў сэрцы паэткі ўстае «нейкая дзіўная сіла» і родзе веру ў ёй, што «месяц, здаецца, рукой бы дастала, зоры сарвала бы ў неба прасторы». Паэтка мае здаровы жыцьцёвы аптымізм, мае веру ў чалавека, — хаця ў яе так часта сустракаюцца і мамэнты зьнямогі, нейкага хістаньня, імкненьня да нечага няведамага, аб чым сама яна ня можа здаць сабе справы, — хаця ўражлівасьць яе душы гэткая хварабліва-вострая, што, здаецца, «рэзкае слова, увага адна» можа забіць у яе сьветлыя настроі і атуліць душу сумам... («Шчасьце»).

* * *

Калі першыя нашы мастакі слова вырасталі з народнае глебы, як самародкі, як піянэры на цяжкім, мучаніцкім шляху да адраджэньня беларускага Духа і беларускага Слова; калі яны былі прымушаны шукаць для сваей творчасьці ўзораў — апрача народнае паэзіі — у паэтыцкім творстве чужых нам народаў, — дык нашы наймаладзейшыя песьняры знаходзяцца ў шмат лепшых варунках: ім ёсьць на чым і на кім вучыцца, ня маючы патрэбы ўзірацца выключна на чужацкія ўзоры. Гэтак і Арсеньнева ў працягу свайго мастацкага вырастаньня мела магчымасьць карыстацца ня толькі чужой літаратурай, але й запраўднымі пэрламі сваей роднай беларускай літаратуры. Перакідаючы бегла зборнічак Арсеньневай, можам зразу ж улавіць у творстве яе болей або меней значныя ўплывы трох нашых паэтаў: Янкі Купалы, Максіма Багдановіча і — адчасьці Канстанцыі Буйло.

У Купалы навучылася Арсеньнева карыстацца шматфарбнымі калёрамі, рассыпанымі ува ўсей прыродзе — на зямлі і ў нябёсах, навучылася браць чырвань і золата з пажоўклых лісьцяў асеньніх і з сонечных косаў ды так шчодра раскідаць іх навакол. Купала даў ёй і багатыя ўзоры рытмікі, так сьцісла заўсёды датарнаванае да зьместу і характару верша. За ягоным пачынам і Арсеньнева ўводзе слоўнікавыя наватворы, калі ёй не хапае слоў з нашае будзённае гутаркі. Урэшце, Купалавым уплывам трэ тлумачыць тую сьмеласьць і размах, зь якімі Арсеньнева малюе запраўды ж мастацкія абразы прыроды. I іскрацца й пяюць у яе гэтыя словы й гукі, як і ў творах яе вучыцеля. Учытайцеся, прыкладам, у адзін зь лепшых яе асеньніх вершаў без загалоўку («Сыплюцца з клёнаў лісты...»), і вам уваччу стане Купалавы верш «Адцьвітаньне»: тут — не сьляпое насьледаваньне, а ўжываньне тых жа гукавых эфэктаў, тых жа спосабаў прыгаданьня гукамі асеньняга настрою, што і ў Купалы. I можам сьмела сказаць, што Арсеньнева вырастала на тэхніцы Купалы.

Інакш выяўляецца ўплыў на Арсеньневу Максіма Багдановіча. Як і Багдановіч, яна з малюнкамі прыроды заўсёды злучае той ці іншы глыбейшы настрой, тое ці іншае асабістае перажываньне, рэфлексію, думку-разважаньне. Толькi ж пад той час, як Багдановіч заўсёды ўдарае ў сумныя тоны, ні на мамэнт не забываючыся, што за плячыма ў яго ўсьцяж стаіць зданьнё перадчаснае сьмерці, — тон Арсеньневай, хоць і задумлёны, але ж больш жыцьцярадасны, а замест кволых фарбаў, у якіх так любуецца Багдановіч, Арсеньнева поўнымі жменямі кідае чырвань і золата або глыбокую і празрыстую сінь нябёсаў, якая такі дзіўны супакой улівае ў душу чалавека. Але, паскольку Максім Багдановіч у сваіх разважаньнях зачапляе шырокія агульналюдзкія праблемы, пастольку Арсеньнева перадусім зьяўляецца індывідуалісткай: яе цікавяць найбольш яе ўласныя настроі й перажываньні, — праўда, не пазбаўленыя тых жа агульналюдзкіх мамэнтаў. Прыраўнуйце хаця бы найбольш багатыя рэфлексіямі вячорныя разважаньні Арсеньневай да вершаў Багдановіча, і вы зразумееце, як многа чыста свайго асабістага, індывідуальнага ўкладае Арсеньнева ў сваю творчасьць.

Злучае ізноў Арсеньневу з Багдановічам нахіл да народнага творства, выкарыставаньне як формаў народнае паэзіі, так і тэмаў з народных легендаў, казак, вераваньняў — асабліва ў найнавейшых вершах яе.

Усё гэта сама паэтка сьцьвярджае ў адным з пачынальных вершаў зборнічка, кажучы аб сваіх вершах:

Сонца вясьнянага першыя косы,

Грукат крыніцаў і раньнія росы,

Восені жоўта-чырвонай адцені,

Смуткі зьмярканьня, начы летуценьні,

Сэрца развагі i сэрца парывы,

Песьні, што ўлетку плывуць па-над нівы,

Плач лесуна, карагод русалчыны,

Чары і зводы начное часіны,

Смутнай балотніцы плач-прычытаньне,

Роднай старонкі ціхое каханьне,

Ўсё, што у сэрцы жыве і пяе, —

Вершы мае...

Калі мамэнты кволасьці Максіма Багдановіча паўстаюць на грунце ягонае хваравітасьці і вечнае пагрозы хуткае сьмерці, дык прычыну выяўленьня такіх жа мамэнтаў у Арсеньневай трэба шукаць у нечым другім: у яе жаноцтве. Вось у гэтым яна сустракае родную душу ў асобе паэткі нашаніўскае пары Канстанцыі Буйло, і нядзіва, што ў творстве Арсеньневай знаходзім некаторыя сьляды ўплыву і апошняе. Далёкая ад эратызму Буйлы, Арсеньнева, як і тая, знаходзе ў харастве Прыроды лек на ўсе свае болі й сумы (прыраўнуйце верш Арсеньневай «Калі людзі пакрыўдзяць цябе» да Буйлы «У лесе»). У гомане лесу і адна і другая пясьнярка чуе нейкія таемныя аповесьці з даўно мінулых год і адтварае іх аднолькава. Але на гэтым, здаецца, аналёгія з Буйлянкай і канчаецца.

* * *

Ужо з дадзенага намі вышэй кароткага разгляду ўплываў на Арсеньневу творства Купалы, Багдановіча і Буйлы відаць, што ўплывы гэныя адбіліся ня гэтулькі на кшталтаваньні душы нашае паэткі, колькі на яе паэтыцкай тэхніцы і на стылю. Яны далі ёй кірунак у выбары матэрыялу дзеля творства, паказалі, чаго трэба вымагаць ад паэты, які хоча вершамі сваімі нешта сказаць другім, памаглі апанаваць і форму верша, і мову, ды — урэшце — раскрылі перад ёй усе тайны, што з рытмічнага слова робяць запраўдную музыку, — і Арсеньнева з усяго гэтага скарыстала колькі здолела. Але Арсеньнева адначасна захавала цалкам сваю індывідуальнасьць у адносінах да зьместу твораных вершаў, захавала сваю ўласную жыцьцёвую філязофію, захавала чыста жаноцкую мяккасьць і ўражлівасьць на праявы жыцьця, на яго сумы і гора. I хоць паэтка ўрадзілася далёка ад Беларусі — пад яркім сонцам палудня, яна — дзякуючы апошняй рысе — так палюбіла Беларусь і народ беларускі, што аддала свае творскія сілы на служэньне яму... Бо ж яркае сонца паўдзённае, блакiтнае мора ды вечнае сьвята ў багатай паўдзённай краіне — не ўзварушаюць яе сэрца так, як жыцьцё нашае многапакутнае зямліцы:

...бо ля сьветлага сіняга мора

Вечна аб шчасьці ідуць разгаворы,

Вечна там сонца гарыць.


Бо там бяз працы, а родзяць зярняты,

Бо там чужое нам вечнае сьвята,

Тамака сэрца маўчыць.


Тут жа у нас па гайкох, пералесках

Посьле зімы зацьвітаюць пралескі,

Сьцюжу зьмяняе вясна.


Тут пасьля гора жыцьця шлях сьвятлее,

Тут пасьля сьлёз расьцьвітаюць надзеі,

Тутка і ў сэрцы вясна!

(«Летуценьні»).

I вось гэтай сваёй чуткасьцяй на боль і пакуты нашага гаротнага народу, у жыцьці якога кожную сьветлую часіну — такую рэдкую! — Арсеньнева ўмее цаніць і даражыць ёю, — паэтка нам асабліва блізкая і родная, нягледзячы на індыівідуалістычны характар творства яе. Родная яна нам i праз свае высокагуманітарныя пачуцьці, праз сваю любоў да Чалавека, шчасьце якога заўсёды рупіць яе, а гора й мукі цяжкі сум родзяць у яе душы. Урэшце, творства Арсеньневай мае вельмі многа рысаў — супольных з народнай паэзіяй: і па форме, і па зьместу... Асабліва ў апошнія гады паэтка творыць цэлы рад вельмі ўдалых насьледаваньняў і перапрацовак народных легендаў і апавяданьняў — і ў гэтым кірунку, здаецца, паважна думае йсьці далей, шукаючы тут найдасканальшых формаў дзеля выяўленьня свайго таленту.

У дні вострае грамадзкае і палітычнае барацьбы, калі ўсе сілы народу йдуць на актыўнае ці хаця пасiўнае змаганьне за самае свае існаваньне, людзі звычайна праходзяць няўважліва міма ўсяго, што ня мае простых адносінаў да гэтае барацьбы. Дык мо шмат каму здаецца, што выхад кніжкі Арсеньневай ня мае сяньня вялікшага значэньня для беларускага руху. Такі пагляд быў бы безумоўна памылковы: бо ж краса, быццам тыя Багдановічавы васількі ў жыце, аздабляе і ўзбагачвае жыцьцё, незалежна ад таго, ці ёй выяўлены нейкія карысныя з сучаснага пункту гледжаньня думкі; — бо краса, паводле справядлівага азначэньня Максіма Багдановіча, сама ўжо ёсьць «спажытак дзеля душы». Такую красу творыць Арсеньнева і такі «спажытак дзеля душы» дае нам у сваіх вершах. I калі йшчэ сягоньня індывідуальнасьць паэткі ня мае сілы аказаць той ці іншы ўплыў на кірунак грамадзкае думкі, дык твораная ею музыка гукаў робіць душу нашу больш здольнай «зразумеці сусьветныя сумы й жалобы», бо завастрае нашу ўражлівасьць наагул, бо пабуджае глыбей углядацца ў самых сябе.

«Добра быць коласам, — кажа Багдановіч у сваім «Апокрыфе», — але шчасьліў той, каму давялося быць васільком». Такое шчасьце выпала на долю нашае маладое паэткі: яе творы — гэта запраўды быццам тыя сіненькія васілёчкі пад нашым сінім небам — сярод жыта, узрашчонага цяжкай працай і барацьбой селяніна. А селянін — як сьцьвярджае Багдановіч — якраз пяе: «Няма лепш цьвяточка над васілёчка» — і гэтай песьняй дае найлепшую ацэнку тварцом красы, да якіх маем поўнае права залічыць Натальлю Арсеньневу.

  1. Натальля Арсеньнева. «Пад сiнiм небам». «Вiленскага Выдавецтва» Б.Клецкiна. Формат 80, странiц 144.