«Сымон Музыка» (Луцкевіч)

(Пасля перасылкі з «Сымон Музыка»)
«Сымон Музыка»
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
22.Х.1925
Крыніца: Жыцьцё Беларуса, 1925. 24 кастр

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Сярод беларускіх літаратурных крытыкаў няма згоды у паглядах адносна да пытаньня: каго трэба лічыць найвялікшым нашым паэтам? Галасы дзеляцца паміж двума: Янкай Купалай і Якубам Коласам.

І гэта даволі натуральна: бо ж яны гэткія розныя, гэтак адзін да аднаго непадобныя, што апрача аб’ектыўнае ацэнкі — тутака уваходзяць у ігру і асабісты густ крытыкаў, і іх упадабаньні і настроі. Адных захоплівае шырыня і размах творчае мысьлі Купалы, яго магутныя парываньні, гучнасьць яго вершу, сьмеласьць абразоў. Другіх чаруе мяккасьць паэзіі Коласа, духовая гармонія і такое поўнае зьліцьцё душы песьняра з прыродай і сваім народам, што між чытачом твораў Коласа і аўтарам іх зразу завязваецца нейкая асаблівая блізкасьць, інтымнасьць. Але ўсе крытыкі бясспрэчна адводзяць Купале і Коласу першыя месцы на беларускім Парнасе.

Аднак існуе і яшчэ адна аб’ектыўная прычына, якая робіць асабліва трудным вырашэньне пытаньня: каторы першы? Гэта — тое, што пад той час, як Купала як быццам ужо дайшоў да найвышэйшага пункту сваей творчай сілы і стуль горда паглядае на сьвет, задзіўляючы магутнасьцяй свайго таленту, але не даючы ўжо нічога неспадзяванага, а рэчы роўнае цаны[1], Колас яшчэ не дайшоў да свайго зеніту, і яго апошнія творы ясна паказуюць, што ўзыходжаньне ўверх у яго не спынілася.

У творчасьці Коласа ўсё яшчэ зьяўляюцца рэчы, якія паказуюць, што талент яго далей расьце і ўзбагачваецца. Да такіх твораў належыць і яго апошняя паэма «Сымон Музыка».

Ня ўся гэтая паэма — новая: тры першыя часьціны яе напісаны ўжо даўно і надрукаваны ў 1918 годзе, — а дзьве апошнія часткі выйшлі ў сьвет толькі цяпер — разам з даўнейшымі ў новай апрацоўцы і ў новым мастацкім выданьні Дзяржаўнага выдавецтва Беларусі ў Менску. І вось, стаўляючы побач пачатак «Сымона Музыкі» — у яго першай рэдакцыі зь цяперашнім поўным выданьнем, мы ясна бачым, што Колас запраўды не стаіць на месцы ў разьвіцьці ягонага таленту.

Колас ахвяраваў сваю паэму беларускай моладзі. Да яе паэт і зварачаецца ў вершу, зьмешчаным як уступ да паэмы, і ўжо гэты верш зьяўляецца мерай мастацтва коласаўскае творчасьці. Але, апрача хараства формы і глыбокага пачуцьця, Колас гэтым вершам пацьвярджае нашую кароткую характарыстыку істоты яго творчасьці, — іменна тое, што чар паэзіі Коласа — у адбіваньні ею беларускага жыцьця і беларускае прыроды.

Ад роднае зямлі, ад гоману бароў,

Ад казак вечароў,

Ад песень дудароў,

Ад сьветлых воблікаў закінутых дзяцей,

Ад шолаху начэй,

Ад тысячы ніцей,

Зь якіх аснована і выткана жыцьцё

І злучана быцьцё і небыцьцё, —

Зьбіраўся скарб, струменіўся няспынна,

Вясёлкавым ірдзеньнем мне сьпяваў,

І выхаду шукаў

Адбітак родных зьяў

У словах-вобразах, у песьнях вальнаплынных.

Так проста — з чыста мастацкай прастатой — тлумачыць нам Колас зьяўленьне яго твору.

І гэты скарб, пазычаны, адбіты,

У сэрцы перажыты

І росамі абмыты

Дзяньніц маіх, дзяньніц маіх мінулых,

Для вас, душою чулых,

Як доўг, як дар,

Дае пясьняр.

* * *

Колас зусім справядліва выбраў нашу моладзь, каб абдорыць яе сваей паэмай. Бо ж хіба нідзе ў Коласа не адбілася душа дзіцяці І пэрыяд юнацтва так поўна, як у «Сымоне Музыцы», хоць пасьвяціў ён гэтай справе цэлы рад дробных апавяданьняў вершам і прозай ды многа радкоў сваей «Новай зямлі».

«Звычайная» трагэдыя дзіцячае душы, пераросшае акружаючую яе сфэру, не панятае ею, не ацэненае і — пагарджанае, нягледзячы на ўкрыты ў ёй вялізарны скарб — талент паэта-мастака і музыкі, — вось зьмест паэмы. «Звычайная», кажам, бо ўжо апрацовываная ў розных літаратурах, не далёка сягаючы — у польскай Сянкевічам, навэла якога «Janko Мuzykant», даўно перакладзена на беларускую мову і выдана асобнай кніжкай. Але апрацоўка яе Коласам такая асаблівая, такая мастацкая, такая багатая, што прадстаўляецца зусім арыгінальнай і самастойнай.

У вясковай хаце хлопчык, які зусім не падобны да іншых дзяцей, бо заўсёды заслуханы ў незмаўкаючую песьню вечна жывое ўва ўсялякіх праявах сваіх прыроды, — хлопчык, зь якога ў хатняй гаспадарцы няма ніякае карысьці, — такі хлопчык прадстаўляецца бацьком нейкай «завалай», «няшчасьцем». Яго ніхто ня любіць, яго жыцьцё не сагрэта матчынай ласкай, усе глядзяць на яго крыва. — «Тым нялюбы, што адметны»…

Дык і ён цураецца хаты. Яго жыцьцё працякае ў полі, пасучы статак. Там ён радніцца з прыродай, там прачувае магутны кліч яе да творчасьці. Там разьвіваецца яго фантазія, шукаючы адказу на ўсе недаўменныя пытаньні, якія думка малога стараецца выясьніць сабе — дарэмна. І ён творыць сабе свой уласны сьвет — сьвет фантазіі, выпрацоўвае свой асаблівы — анімістычны — сьветапагляд, уласьцівы беларусу наагул. Там жа ён здабывае і магчымасьць выявіць свой музыкальны талент — пераказаць у гуках свае паэтыцкія абразы і настроі: дзед — пастух, які адзін толькі бліжэй зышоўся з Сымонам і зразумеў яго лепш, чым родныя бацькі, падараваў яму перш жалейку, а пасьля — перад сьмерцяй — адказаў яму ў спадчыне скрыпку.

Калі раз воўк парэзаў хлопцу авечак у полі, бацька ў злосьці выгнаў яго з хаты. І Сымон зь неадступнай іскрыпкай пайшоў у сьвет… Для яго пачалося жыцьцё перш жабрака, які хадзіў з эксплёатаваўшым яго дзедам ад хаты да хаты, пасьля — музыкі ў карчме, дзе таксама эксплёатуе яго жыд-шынкар. Яго мары-летуценьні аб нейкім новым жыцьці аказваюцца вельмі далёкімі ад таго, што яго запраўды спатыкае ў жыцьці…

Але на сваей дарозе ён сустрэў тое, да чаго так магутна ірвалася мо несьвядома душа нікому ня любага дзіцяці: сустрэў спогад дзяўчынкі-падростка, які з абодвух бакоў ператвараецца ў любоў. І расьце душа ў Сымонкі, сагрэтая гэтай любоўю, разгараецца ў ім яшчэ больш творчы агонь. Вось-вось лёс, здаецца, вывядзе Сымона на шырокі жыцьцёвы шлях, на якім яго талент буйна закрасуе!

Калі — пасьля расстаньня зь любай дзяўчынкай — Сымон ігрой сваей аблягчаў сабе душу ў лясной глушы, яго пачуў паляваўшы тамака пан — князь і зразу ацаніў, які талент крыецца ў гэным «абарванцу». Князь узяў яго ў свой палац, манючыся ўзгадаваць яго на вялікага артыста.

Незвычайна цікавы з псыхалягічнага боку перажываньні Сымона ў панскім палацу. Зь дзяцьмі, узятымі «на кухню» з ласкі паноў, звычайна робіцца тое, што яны вырастаюць на панскіх падлізьнікаў, губляючы свой чалавечы абраз і чалавечую душу. Але жыцьцё сярод панскага лякайства не апаганіла Сымонавае душы: наадварот, тут хлопчык пазнаў і ацаніў сваю былую волю, зьвязаную цяпер чужой воляй, тут ён дасьпеў і сацыяльна, гледзячы на роскаш панскага жыцьця і раўнуючы яго з жыцьцём працоўнага народу. І цесна яму зрабілася ў панскім палацу, дзе сустрэў ён толькі адну спагадную душу ў асобе старога лесьніка, дажываўшага — за ўратаваньне пана ад сьмерці — век свой на «ласкавым хлебе». І малога, і старога ў роўнай меры вабіць вольнае жыцьцё ў палёх і лясох, і абодвух іх давяць панурыя муры палацу, у якія, паводле народнае легенды, пры закладзінах іх замуроўвалі жыўцом людзей, каб муры трывалі вечна…

Тры гады пражыў Сымон у панскім палацу. Сьпярша пан быў ласкавы да яго, і Сымону ўжо рысавалася недасяжнае шчасьце: навучыцца нотаў ды іграць з нотаў і замацоўваць пры іх помачы тыя ўласныя імправізацыі, якія Колас пераказвае такімі мастацкімі славамі і абразамі. Але шчасьце гэтае разьвеялася, як дым — як «панская ласка» наагул: раз, калі ў пана былі госьці, і ён, успомніўшы пра Сымонку, задэманстраваў ім нашага вясковага «вундэркінда» (цудоўнае дзіця), — Сымон, на пытаньне, які зьмест мае яго ігра, адказаў такое, што было дужа не да спадобы і пану, і яго гасьцям. Сымон выказаў ўсё гора і тугу свайго народу, а закончыў такім зваротам да пана:

Ой, вяліка воля княжа:

Тое сьвята, што князь скажа.

Князь магутны, асьвячоны,

Скарбы ў князя незьлічоны;

Аднаго ж і князь ня можа,

Хоць казаць пра то нягожа:

Князь ня мае волі-ўлады

Вольнай думцы даць парады.

Думка ходзіць, дзе захоча:

Ад зямлі да зор і сонца

Няма думкам забаронцы.

Думка праўду кажа ў вочы

І вялікім і малому —

Гора будзе твайму дому!

Сьвежы, іншы вецер вее,

Хоць ён вее ціха.

А хто зло-няпраўду сее,

Той зжынае ліха.

Словы гэтыя, навеяныя апавяданьнямі старога лесьніка аб розных страшэнных падзеях у княжай сям’і і прароцтвамі аб немінучай расплаце, зрабілі тое, што пан зусім адвярнуўся ад свайго гадунца. І калі той зьвярнуўся да замковага капэльмайстра з просьбай навучыць яго чытаць кніжкі і ноты, пан Галыга так яму адказаў:

Справа добрая — навука.

Славу, хлеб яна дае…

Але, хлопча, дзе парука,

Што ня згінеш празь яе?

Ты разумен без навукі:

Помніш, князю што сказаў?

Ты б язык свой прытрымаў —

За такія, браце, штукі

У мех садзяць, каб ты знаў!

Вось затым сама прырода

Вас пускае сьлепаком,

Каб з вас менша была шкода.

Раз мужык — будзь мужыком.

Маеш хлеб — і жуй цішком,

Будзь даволен сваёй доляй.

Пасьля такога адказу хлопец ужо ня мог аставацца ў замку. Да «волі і прастору» ірвалася яго душа. А ўторыла ёй і другая душа: душа старога лесьніка — панскага збаўцы, які хоць раз яшчэ перад сьмерцяй хацеў глянуць на пушчы роднага Палесься.

А тут падышлі і ліхія часіны для панскага замку. Споўнілася панурае прароцтва Сымонкі: князь згінуў ад нейкае выпадковае кулі на паляваньні… І пад той час, як і па сьмерці магната ўрачыстыя царкоўныя модлы йшчэ раз падчыркнулі няроўнасьць між людзьмі ня толькі на гэтым, але і на «тым» сьвеце, — Сымонка зь дзедам рушыў у дарогу. Рушылі яны ў буру, і на іх вачох пярун скрушыў гордую вежу палацу…

Апошняя частка паэмы — гэта паварот Сымона да старое волі і — да яе! Але горкі быў першы мамэнт спатканьня…

Ганна ў працягу трох гадоў была верна свайму любаму і горка тужыла па ім, ня маючы ад Сымонкі ніякае вестачкі. З падростка вырасла дзяўчына-красуня. Хлопцы роем хадзілі за ёй. Бацькі націскалі, каб ішла замуж. Але яна была сталая ў сваім каханьні. І вось адзін з хлапцоў, закахаўшыся ў ёй прост да шалу, дайшоў да таго, што сілай хацеў заўладаць ею... І хоць свайго не дапяў, але дзяўчына ад перапуду і ўзварушэньня звар’яцела.

У непрытомным стане знаходзе яе Сымон. Але сіла любві і вера ў яшчэ вялікшую моц мастацтва не даюць яму папасьці ў адчай. Гукамі йскрыпкі сваей прамаўляе Сымон да сваей любай, і гукі гэныя будзяць у яе заснуўшую памяць.

І далей гэныя двое маладых ідуць ужо адным шляхам у сваім жыцьці…

* * *

Вось зьмест «Сымона Музыкі». У ім вельмі пасьледавальна і праўдзіва адмаляваў наш паэт перажываньні дзіцяці-мастака, яго творчыя настроі, кшталтаваньне ягонае душы ў меру росту і пазнаваньня жыцьця. Сымонка — адзін з тых, у кім вольны творчы дух не зламаўся ў барацьбе з жыцьцёвымі нягодамі і не спадлеў, калі усё суліла яму такі канец. Нейкай дзіўнай сьвежасьцяй, вялікай моцай духовай і верай у сілу свайго Народу веець з гэтага твору Коласа. А аб велічы творчага пад’ёму красамоўна гаворыць мастацкая форма твору, незвычайнае багацьце абразоў, разнароднасьць рытмікі і будовы вершу ў залежнасьці ад зьменнасьці настрояў паэта. Цудоўныя «лірычныя адступленьні», якімі перасыпана паэма, непараўнальныя па сваей красе і глыбокім настроям апісаньні прыроды — гэта запраўдныя пэрлы нашае паэзіі.

Але… але пераказаць звычайнымі славамі гэнае хараство, якім вызначаецца паэма Коласа, — рэч немагчымая! І мы, знаёмячы нашых чытачоў з новым творам Коласа, абмяжуемся гэтай жменяй уваг і ўражаньня: хай кожны сам прачытае яго і ацэніць.

  1. Найнавейшыя творы Купалы сьведчаць аб эвалюцыі яго ідэалёгіі, але ня творчасьці. — А. Н.