Істота літаратуры і яе грамадзкае значэньне:
← Адбітае жыцьцё/Ад аўтара | Істота літаратуры і яе грамадзкае значэньне Артыкул Аўтар: Антон Луцкевіч красавік 1927 Крыніца: Родныя Гоні. 1927. Кн. ІІ |
Эвалюцыя беларускае адраджэнскае ідэалёгіі і адбіцьцё яе ў літаратуры → |
Лекцыя, чытаная ў Т-ве Белар. Школы ў Вільні
Што такое мастацтва? што такое літаратура? чаго ў ёй шукаць і чаго спадзявацца?
Вось пытаньні, на якія пастараемся даць тутака адказ — перш, чым пяройдзем да разгляду тых ці іншых мамэнтаў нашае адраджэнскае літаратуры.
Перанясемся на адзін мамэнт за шмат тысяч гадоў назад — у тыя старадаўныя часы, калі продкі нашы вялі жыцьцё, мала чым рознае ад жыцьця ўсялякага зьвяр’я, — калі не гаварылі йшчэ мовай слоў, як гаворым цяперака мы. Як жа ў тыя часы сівое даўніны выяўлялі яны свае думкі й перажываньні, як пераказвалі другім тое, што хвалявала іх душы і шыбчэй прымушала біцца іхныя сэрцы?
Вось жа такія моцныя ўражаньні і пачуцьці, як радасьць, гора, боль, страх, гнеў і абурэньне, продкі нашы выяўлялі зусім таксама, як і ўсе іншыя жывыя стварэньні. Найбольш пашыраным спосабам выяўленьня гэткіх перажываньняў і пачуцьцяў быў крык-выцьцё, якое мы і сягоньня сустракаем у царстве зьвяроў. Крык гэны быў розны ў залежнасьці ад таго, што чалавек хацеў выявіць гэтым спосабам — гукам. Розныя былі па тону, вышыні, тэмбру гукі, што выяўлялі радасьць і перамогу над паваленым ворагам, што гаварылі аб болю ад атрыманых ран, ці аб перажытым паражэньні, або ўтраце некага блізкога, што ўрэшце павінны былі паказаць удзячнасьць, прыхільнасьць, любоў, пажаданьне... З гэнага ж крыку ці праслова разьвілася наша сучасная словаразьдзельная мова — з аднаго боку, песьнясьпеў — з другога. А калі чалавек дайшоў да таго, што навучыўся выклікаць гукі пры дапамозе інструмэнтаў, — паўстала наша музыка інструмэнтальная, такая цяпер багатая ў выражэньні настрояў і перажываньняў і тварца яе, і выпаўніцеля музычнага твору.
Але мо йшчэ старэйшым спосабам самавыяўленьня чалавека ў найдаўнейшыя часы быў жэст—рух. Наскочыўшы на востры камень, чалавек хапаўся за балючае месца і скакаў ад болю. Над забітым зьверам, які на нейкі час забясьпечваў чалавека ад голаду, людзі — пераможцы яго — ізноў жа скакалі ад радасьці. Злосьць, гнеў, абурэньне выяўлялі сьціскаючы кулакі і пагражаючы імі нявіднаму часта ворагу. Калі ў выабражэньні сваім чалавек стварыў багоў, ён выяўляў сваю пакорнасьць ім ізноў жа жэстамі, падаючы перад імі на калені ці прыпадаючы тварам да зямлі... I вось з гэных жэстаў і рухаў паўсталі танцы — паўстала харэаграфія як асобны від мастацтва, які ператрываў і да нашых часоў; толькі цяпер мы ўжо не танцуем перад ахвярным вогнішчам, як скакалі біблейскія цары, а праз танец выяўляем той ці іншы мастацкі абраз або музычны твор.
У меру разьвіцьця чалавечае культуры знаходзіліся і другія спосабы самавыяўленьня, толькі ж даступныя ня ўсім, а выключна тым, хто меў адпаведныя здольнасьці. Прадстаўце сабе чалавека, які, прабіраючыся празь лясны гушчар, разам наткнуўся на маманта. Перад чалавекам вырасла гэная страшная зьява, ад якое кроў у жылах ягоных напэўна мусіла застыць! Зь дзікім крыкам уцякае наш дзікун ад страшнога зьвера, і абраз зьвера крэпка запаў у ягоную душу. Абраз гэны перасьледуе яго і на яве, і ў сьне. Чалавеку хочацца пазбыцца яго. I вось ён, калі мае рысавальныя здольнасьці, і вылівае з душы гэны адбітак страху, рысуючы абраз маманта. З гэтае патрэбы вызваліць душу ад абраза, які перасьледаваў першабытнага чалавека, і вырасьлі розныя віды сучаснага графічнага мастацтва, а побач — і скульптура.
Як бачым, усе віды мастацтва маюць адно супольнае жарало: гэта — патрэба самавыяўленьня. Але ж ведама, што ня кожнае самавыяўленьне нашае заслугуе на назоў мастацтва. Прырода мастацтва наагул у тым, што яно ўзварушае нашу душу, выклiкае духовы ўздым у нас і гэтым самым робіць нас здольнымі да ўвабраньня, адчуцьця і рэальнага прадстаўленьня таго, што мастак нам хоча пераказаць ці намаляваць. Нуднае апавяданьне, кульгавы верш, няўдалая песьня, слабы рысунак, таксама як нейкія карыкатурныя танцы, — ня здолеюць ані ўзварушыць нашу душу, ані даць нам ілюзію бачаньня таго, што аўтар хоча нам паказаць. I самы жудасны факт, ад якога павінны б валасы на галаве дыбком станавіцца, можа выклікаць сьмех, калі форма апавяданьня — неадпаведная да зьместу. Пэўне ж кожнаму даводзілася хоць адзін раз у сваім жыцьці пабываць у такім дрэньненькім тэатры, дзе ў ічнейшых мясцох публіка за жываты хапаецца ад сьмеху. Бо ж у мастацкім творы форма і зьмест мусяць прадстаўляць нешта так прытарнаванае адно да аднаго, каб узаемна сябе дапаўнялі і ўзмацоўвалі ўражаньне ад твору. Чым мацней узварушаецца душа наша, чым большая ілюзія праўды выклікаецца ў нас даным творам, тым вышэй мера ягонае мастацкасьці.
Усё сказанае тут аб мастацтве наагул у поўнай меры адносіцца і да мастацтва ў слове — да літаратуры. Літаратура — гэта самавыяўленьне ў слове, ведама — у мастацкай форме. А дзякуючы некаторым асаблівасьцям жывога слова — літаратура займае асаблівае месца сярод усіх іншых мастацтваў.
Запраўды ж: сьпеў і музычныя сугуччы, жэст і танец, малярства і скульптура — усе гэтыя спосабы выяўленьня станаў душы чалавечае зьяўляюцца дужа суб’ектыўнымі. Не заўсёды другому чалавеку ўдаецца правільна зразумець ці адчуць той настрой або перажываньне, якое мы хочам выявіць у музыцы ці то іншым спосабам самавыяўленьня. Вазьмеце хаця б тую ж музыку: з тысячаў слухачоў на канцэрце нейкую сiмфонію Бэтховэна мо запраўды зразумеюць, запраўды здолеюць уявіць сабе ўсе думкі й пачуцьці вялікага тварца яе адно толькі лічаныя адзінкі. Тое ж можна сказаць аб сучаснай харэаграфіі (балеце), аб малярстве — асабліва ў яго апошніх футурыстычных кірунках, ды гэтак далей. Чаму? Ды гэта рэч зусім зразумелая: тут падаваныя нам настроі й пачуцьці ня зьвязаны раз назаўсёды зь нейкім адзіным абразом, калёрам, формай, гукам, які адпавядаў бы нейкаму аднаму стану душы ці настрою. Тут пануе плыўкасьць, тут — поўная воля для кожнай індывідуальнасьці характару, упадабаньня — ці то пры ўкладаньні музыкальных фразаў, ці эвалюцыяў танцу, ці калёраў на палатне.
Ня гэтак у творстве ў слове дый у жывой мове наагул. Тут кожнае слова — гэта закамянелы абраз, пачуцьцё, паняцьце. I кожны з нас, вымаўляючы гэтае слова, заўсёды ўкладае ў яго той зьмест, як і ўсе ягоныя аднапляменьнік[i]. Слова — найбольш аб’ектыўны спосаб нашага самавыяўленьня, найлягчэй зразумелы ўсім.
Ясна, што слова — менш беспасярэдні спосаб самавыяўленьня, чым крык, гук і г. п. Але затое слова багацейшае за ўсе іншыя спосабы выяўленьня нашага духовага Я. Мова чалавеча абыймае ня толькі прымітыўныя настроі й перажываньні, але і найбольш зложныя, абыймае адарваныя паняцьці і матэрыяльныя рэчы, адносіны паміж імі і да іх, зьмены ў часе і адлежнасьці, наагул — усё, што чалавек пазнае і ўбірае ў сябе пяцьма сваімі чуцьцямі, што абыймае думкай сваёй.
Усе віды мастацтва, дзе матэрыялам зяўляецца гук і жэст, рух, — нармуюцца сталымі рытмічнымі рухамі ў нашым арганізьме. Нармуюць іх: дыханьне і біцьцё сэрца. У літаратуры — у творчасьці ў слове — гэты рытм жыцьця цела нашага выяўляецца асабліва ярка. У літаратуры рытм іграе галоўную ролю, калі закранем пытаньне аб форме: бо ж і ў творах, пісаных прозай, і ў вершаваных творах бачым зусім натуральны падзел мовы і прыпынкі ў ёй, выкліканыя — з аднаго боку — патрэбай «перавесьці дух», з другога — біцьцём нашага сэрца. Стуль — разнароднасьць будовы і верша, і сказаў у прозе, залежныя ад нашага ўласнага ўзварушэньня, ад тэмпу, шыбкасьці біцьця сэрца і дыханьня.
Нядзіва, што літаратура сталася найбольш пашыраным відам творства: яе аб’ектыўнасьць, зразумеласьць для ўсіх, багацьце і неабмяжованы прастор ахопліваньня жыцьця і ягоных праяваў, урэшце — арганічная сувязь з галоўнымі функцыямі нашага цела — усё гэта прычынілася да таго, што гэты від творства стаўся асабліва папулярным, што на шляху літаратуры найбольш людзей шукае магчымасьці самавыяўленьня і тварэньня КРАСЫ. Бо ж КРАСА ў творах мастацтва — гэта і ёсьць тое, што дае нам духовае ўзварушэньне — так званую эстэтычную эмоцыю, што прыкоўвае нашу ўвагу да данага твору, захапляе нас у ім і прымушае нашае сэрца біцца аднолькава з сэрцам тварца.
Гаворачы аб літаратуры наагул, мы павінны перш за ўсё адзначыць дзьве дарогі, два кірункі, у якіх выяўляецца наша творчасьць у слове. Адзін — гэта той, які кіруецца адно толькі да аб’ектыўнага апісаньня жыцьця і ўсіх ягоных праяваў, да выкрываньня праўды аб ім і да выкарыстаньня гэтае праўды дзеля ўжытку людзей. Ні спосаб, ні форма такога адтвараньня праўды ня маюць тутака вагі. Такое творства ў слове, абыймаючы ўсе навукі, усе справы нашага грамадзкага жыцьця, называецца прозай. Але ёсьць і другое — больш суб’ектыўнае творства ў жывым слове і на пісьме, якое, пранікаючы ў істоту жыцьця, адбівае яе ў жывых абразох, дзеець не на наш розум толькі, але перадусім на нашы пачуцьці й выабражэньне ды гэтак дае ілюзію жыцьця, захапляючы нашу душу красой і хараством абразоў. Гэты від пісьменства, прапускаючы праз прызму нашае душы акружаючае нас жыцьцё і яго праявы, мае ў аснове сваёй перадусім красу, шукае яе і ў зьмесьце, і ў форме, і ў абразох. Такое творства мы называем паэзіяй, або літаратурай у вузкім значэньні гэтага слова — пісьменствам красным, мастацкім.
Ясна само сабой, што ў літаратуры ў гэтым вузкім разуменьні, як і ў пісьменстве наагул, асноўнае значэньне мае ня толькі мастацкая форма, але і зьмест творанага. Каб тварыць, трэба ў сваёй уласнай душы мець той скарб, які мы хочам выявіць, трэба мець што выяўляць. Могуць быць перажываньні адзінкі, якія ня знойдуць ніякага водкліку сярод іншых людзей. I паэта, духовы зьмест якога — чужы масе, ніколі ня здолее прамовіць да душы і сэрца яе, захапіць яе хараством свайго творства, падняць да тае вышыні, на якую сам узьняўся. Сіла і ўплывы вялікіх паэтаў усяе людзкасьці — у тым, што яны абхоплівалі і адтваралі агульныя перажываньні, імкненьні, балячкі, што яны ўзьнімаюцца па-над масу сілай і глыбінёй гэтых перажываньняў, што ўмеюць уласным агнём распаліць такі ж агонь імкненьня й пажаданьня, любві й нянавісьці ў душах звычайных сьмяротнікаў. I затым вялікія паэты — гэта павадыры-прарокі народаў, уяўляючыя сабе шляхі да лепшае будучыні лягчэй, чым кожны звычайны чалавек, маючыя ў сваім творстве элемэнт прадбачаньня, яснавідзтва.
У гэтай сувязі між паэтамі і іх народамі — вялізарнае грамадзкае значэньне паэзіі наагул. Паэтычнае творства — гэта выяўленьне ня толькі індывідуальнасьці паэты, але і зборнае душы народу, які яго ўзгадаваў. I празь літаратуру, праз краснае пісьменства ўсякая новая ідэя, усякі новы кліч пранікае ў масу шмат лягчэй і хутчэй, чым празь вялікія навуковыя трактаты. Можам сьмела сказаць, што літаратура — гэта найлепшы праваднік новых ідэй і поступу ў народную гушчу, гэта — запраўдная школа народаў.
Гісторыя чалавецтва дае нялічаныя доказы гэтага. Але ня будзем шукаць іх у далёкай мінуўшчыне: найбольш іх даюць нам часы да нас найбліжэйшыя, калі — дзякуючы таму, што кніга сталася прадметам масавага ужытку, — літаратурнае творства запраўды ж даступна кожнаму граматнаму чалавеку.
Возьмем хаця бы Вялікую францускую рэвалюцыю. Безумоўна, яна вырасла й насьпела ў сувязі з глыбокімі зьменамі, якія тварыліся ў сацыяльнай структуры тагачаснае Францыі. Але ж пэўне ніхто ня будзе сумлявацца, што псыхалягічную падгатоўку рэвалюцыі зрабілі ў значнай меры творы Жан-Жака Русо, які ў жывых абразох даў відавочнае выяўленьне новых поглядаў на чалавека і месца яго ў грамадзянстве й дзяржаве. А калі прыпомнім, як абарваныя, галодныя масы санкюлотаў з голымі рукамі ішлі «выганяць тырана» з сталіцы Францыі і бурыць муры спрадвечнае вязьніцы Парыжа — Бастылiі — пад гукі й словы несьмяротнае «Марсэльезы», — дык нам у поўнай меры будзе зразумелым значэньне песьні-верша дзеля падняцьця настрою масы і пакіраваньня яе на сьмяротную барацьбу. Глянем яшчэ бліжэй — у жыцьцё больш ведамае нам Расеі. Вось, хоць бы творчасьць Льва Талстога. Як гэта ні дзіўна, але ягоныя творы — з сваёй ідэяй аб «непраціўленьні злу» — ня менш прыгатавалі псыхалёгію расейскага грамадзянства да рэвалюцыі, чым у Францыі — творы Русо. Бо Талстой на вялізарную вышыню падняў чалавека наагул, бо ў душах людзей, у іх сьвядомасьці разьбіў путы, якімі самадзяржаўная ўлада была скавала душы і волю мільёнаў грамадзян. I вось, вызваліўшыся духова, народныя масы старое Расеі пад гукі рэвалюцыйнае песьні выходзілі безаружныя пад кулі царскіх наймітаў — каб пратэставаць проці няволі, а пасьля — пад тую ж песьню, і сягодня хвалюючую нашу кроў, — разбурылі аружнай сілай стары нявольны лад...
Незвычайна магутны ўзгадавальны ўплыў літаратуры на народ мы бачым урэшце ў Польшчы: іменна літаратура, творства польскіх паэтаў-прарокаў падтрымлівала ў масах — у часе няволі — вольны дух і імкненьне да барацьбы за вызваленьне. Іменна ўплыў рамантычнае паэзіі, а не лістоўкі-праклямацыі, падыймаў палякаў на паўстаньні, якія так жорстка душыла расейская ўлада. I мо гэты ж самы рамантызм, прышчэплены польскаму грамадзянству яго літаратурай, адыграў рашаючую ролю ў справе ўскрашэньня Польшчы як незалежнае дзяржавы...
Ясна, што ўва ўсіх пералічаных намі выпадках уплыў літаратуры на народныя масы мог выявіцца толькі пры такіх варунках: літаратура гэтая і па мове, і па зьместу мусіла быць блізкой і роднай масам, мусіла быць даступнай для ўсіх і ў аснове сваёй мець мо несьвядомыя, але глыбака ў душы масаў захаваныя iмкненьні й пажаданьні. Бяз гэтага літаратура ня можа ані выпаўняць сваей грамадзкай ролі, ані наагул разьвівацца, дый раней ці пазьней аказваецца засуджанай на сьмерць.
Калі зьвернемся да гісторыі нашае роднае беларускае літаратуры, дык вельмі лёгка пераканаемся ў правільнасьці нашага тэзісу.
Беларуская літаратура дзеліцца на два пэрыяды. Адзін — ад пачатку пісьменства ў Беларусі наагул (пасьля прыняцьця хрысьціянства) — ажно да канца XVIII сталецьця. Другі — пэрыяд Адраджэньня, зачатак якога прыпадае на XIX ст., ды якое так магутна разраслося за апошнія 25 гадоў.
Нашае старадаўнае пісьменства вырастала на грунце чужое нашаму народу старабаўгарскае (так званае царкоўнаславянскае) мовы. У працягу некалькіх вякоў у царкоўнаславянскую пісьменнасьць урывалася жывая народная мова, і барацьба паміж гэнымі двума элемэнтамі закончылася ў так званую «залатую пару» нашага пісьменства перамогай беларушчыны. Але — мо якраз у значай меры з прычыны гэнае барацьбы, ня кажучы ўжо аб нізкім культурным роўні народных масаў тых часоў, — у тварэньні нашае старадаўнае пісьменнасьці прымалі ўчасьце толькі «вярхі» грамадзянства, якія стаялі даволі далёка ад народнае гушчы. Дый па зьместу свайму наша старадаўная літарагура пераважна абмежвалася справамі рэлігійнымі, вельмі слаба адбіваючы жыцьцё масаў. I калі — у выніку зьліцьця беларуска-літоўскага гаспадарства з Польшчай — нашы нацыянальныя вярхі апалячыліся, дык яшчэ нейкі час беларускае пісьменства трымалася на мяшчанстве, але і апошнім было канчальна закінена з узмацаваньнем сярод праваслаўных беларусаў маскоўскіх уплываў. Старадаўнае беларускае пісьменства заняпала іменна затым, што і язык яго быў вельмі занячышчаны чужымі ўплывамі (сьпярша — баўгарызмамі, пасьля — лацінізмамі і польшчынай), і па зьместу свайму яно стаяла далёка ад найбольш жыцьцёвых спраў і патрэб народных гушчаў, папаўшы ў палон царкоўнасьці.
Але — незалежна ад нашае пісьменнасьці, творанае некалі так званымі «вышэйшымі сфэрамі» грамадзянства, — ад найдаўнейшых часоў існавала й разьвівалася ў нас і другая творчасьць у слове — чыста народная, нізавая, масавая. Той шэры сярмяжны люд вясковы, які жыве сваім асаблівым жыцьцём, далёкім ад жыцьця «вярхоў», — гэта вялікі тварэц-мастак. Гэная шэрая маса працоўнага сялянства ад няпамятных часоў вылівала сваю душу ў песьні, казцы, легендзе, твораных жывым словам — у памяці. У працягу сталецьцяў яна гэны скарб свой узбагачвала ўсьцяж усё новымі й новымі мастацкімі творамі... Творы гэныя, хоць твораныя спачатку адзінкамі, гэтак шчыльна зьвязваліся з духам усяго народу, што ставаліся ўласнасьцяй масы, перапрацоўваліся і дапаўняліся ёю ды пераказваліся ад пакаленьня ў пакаленьне — так, як і тварыліся, жывым словам. З гэтае нашае народнае творчасьці поўнай жменяй, як з ажыўчае крыніцы, чарпалі натхненьне і ўзоры нашы першыя адраджэнцы, якія ад пачатку XIX сталецьця пробавалі пісаць па-беларуску.
Але першыя нашыя пісьменьнікі з ХІХ сталецьця — гэта прадстаўнікі краёвае шляхоцкае інтэлігенцыі. Далёкія ад жыцьця працоўных масаў, ад усіх іх і бед і летуценьняў, гэтыя шляхоцкія пісьменьнікі пісалі, бадай, выключна аб тым, што было цікаўна ім, а не народу. Пісалі яны дыдактычныя вершы, стараючыся ўзгадаваць у масе пачуцьцё любві да паноў як да «натуральных апекуноў» сялянства. Вучылі народ, як павінен жыць і вясьці сябе, каб заслужыць пахвалу ад паноў і прыхільнасьць іхнюю. Мала было ў гэтым таго, што магло бы ўзварушыць, захапіць масу, папхнуць яе да нейкае актыўнасьці. Дык праца першых нашых пісьменьнікаў так і не кранула душы народу, ня здолела збудзіць яе зь векавога сну.
Першым будзіцелем нашага народу можна лічыць толькі Мацея Бурачка (Францішка Багушэвіча). Чаму? Бо толькі ў ягоных творах першы раз выяўляюцца мукі й гора народнае, толькі тут народ пачувае сябе чалавекам, роўным другім, толькі творства Багушэвіча блізка нашым працоўным масам ня толькі сваёй мовай, але і сваім зьместам, сваім духам. Праўда, Мацей Бурачок толькі напалову адпавядае тым вымогам, якія мы паставілі паэтам-павадыром: ён дае вострую крытыку таго, што за ягоных часоў існавала, ён горача пратэстуе проці зьдзеку над чалавекам у асобе селяніна, ён узьвялічвае працу і мужычы мазоль, — але не выяўляе таго, чаго ж хоча народ, куды ён павінен імкнуцца, чаго жадаць, за што змагацца. Мацей Бурачок выявіў толькі адзін бок народнае душы, бо, хоць і блізка стаяў да народу, але ўсім сваім асабістым жыцьцём быў ад яго аддзелены, стаяў па-над масаю і ня здолеў дачуцца таго, што на самым дне душы мужычае пачынала ўжо жыць і бурліць. Голас беларускае працоўнае масы выявіўся толькі ў запраўды народнай літаратуры найнавейшага часу — часу Адраджэньня, пачынаючы ад пачатку XX сталецьця.
Толькі 1905 год вырваў з грудзей народных запраўдны голас масы, выявіў запраўдную волю й летуценьні многамільённае беларускае працоўнае грамады. Толькі рэвалюцыя, узварушыўшы народныя масы, выклікала на паверхню нашага грамадзкага жыцьця паэтаў-прарокаў і павадыроў, якія прамовілі да масы — яе ўласнымі словамі, яе ўласным голасам. Толькі такія народныя песьняры, як Купала, Колас і доўгі-доўгі рад другіх, здолелі ў уласнай душы сабраць і адбіць усё тое, што тлела пад шэрай сярмягай беларускага селяніна і крамнай бравэркай мястовага работніка. Толькі яны — гэтыя волаты слова — здалелі выявіць душу масы, толькі іх творчасьць сталася запраўды масавай — усенароднай.
Вось-жа, падыходзячы да вывучэньня нашае адраджэнскае літаратуры, мы і будзем шукаць у ёй ня толькі высокіх мастацкіх цэннасьцяў, якія паставілі яе на адным роўні зь літаратурамі другіх народаў, — але перадусім выяўленьня мнагабочнай і зложнай, глыбокай і багатай душы запраўднага тварца ўсіх культурных і мастацкіх багацьцяў нашых — беларускага працоўнага народу.
У гэтым масавым характары беларускага літаратурнага творства — нявычарпаная крыніца творчае сілы і залог несьмяротнасьці беларускае літаратуры.