Аб аргументах ад роздуму і аб аргументах ад сэрца
Аб аргументах ад роздуму і аб аргументах ад сэрца Аўтар: Аляксандар Цьвікевіч 1925 Крыніца: pawet.net |
I.
правіцьНа кожным кроку здараецца чуць: “беларускае мовы няма”. Але хто кажа гэта?.. Канешне, - навука. Тая навука, якая лічыць сябе судзьдзёю ва ўсіх гэткіх пытаньнях. Яна разгледзяла пытаньне аб беларускай мове праз мікраскоп параўнаўчага моваведаньня, яна знайшла адзнакі паняцьця „мовы" і „говора", — яна і прысудзіла мове дванаццаці мільёнаў быць „говором", „gwara”'!
Інтэлігэнтны апанэнт адразу ведае, дзе можна знайсьці адпаведны засуд і, адкрываючы фоліянты філёлёгічных досьледаў, памінаючы імёны прызнаных сьветам вучоных, урачыста кажа: „беларускае мовы няма". А калі няма мовы,—дык ня можа быць гутаркі аб нацыянальным адраджэньні, — бо нацыю ў чыстым разуменьні гэтага слова азначаець перш за ўсё нацыянальная мова. Гутарка можа быць аб адраджэньні мясцовым, тэрытарыяльным, адраджэньні эканамічным, урэшці — сацыяльна-культурным, але не нацыянальным. На гэтым, ласьне, разьбіваецца еднасьць з беларускім рухам усяе грамады зрусыфікаванай, ці эвэнтуальна зпольшчанай інтэлігэнцыі, жывучай на Беларусі. Гэтая інтэлігэнцыя годзіцца далажыць свае сілы да адпаведнага тэрытарыяльнага адраджэньня Беларусі, і ў некаторых выпадках адчувае сябе нават гарачымі патрыётамі роднай краіны (стары — „месцовы патрыётызм”!), — але ненавідзіць беларускі „воляпюк", і дзеля гэтага ні за якую цану ня хоча йсьці з адраджэньнем нацыянальным.
Спрэчка аб існаваньні, ці неіснаваньні асобнае беларускае мовы —старая. Нагэтулькі старая, як старая славянская філёлёгія. Пачаткі яе мы знаходзім яшчэ ў канцы XVIII стагодзьдзя, у працах „патрыарха славянаведаньня”, Іосіфа Доброўскага і іншых чэхаў пазьнейшага пэрыяда. Займаліся ёй і палякі, больш за ўсіх знамяніты Ліндэ, прафэсар віленскага ўнівэрсытэту; урэшці — расейцы, пачынаючы ад А. Вастокава і Бадянснага да сучасных нам Срезнеўскага, Шахматава, Карскага. Імёны, як бачым, усе надзвычайна паважныя і, на жаль,— ніводнае з іх не гаворыць на нашу карысьць.
Мы ня маем ні права, ні ахвоты павялічваць гэтую спрэчку доказамі за, ці супраць. Наша задача больш скромная: мы хочам зазначыць толькі адно. што … беларускаму адраджэньню няма чаго займацца гэтай спрэчкай. Гэта ня павінна значыць, што мы заклікаем да таго, каб не цікавіцца філёлёгічнымі досьледамі. Зусім не, — мы хочам толькі зазначыць, што спрэчка аб існаваньні, ці неістнаваньні асобнае беларускае мовы ёсьць адно, а адраджэньне гэтае мовы і разам з ёй культуры, — другое, і што адно ад другога амаль ні ў чым не залежыць. Гэткая наша заява для ортодоксальнага вучонага вуха таксама павінна зычэць цынічным парадоксам. Але нічога ня зробіш: наша праўда нам даражэй за ўсё.
Зьявішча барацьбы навукі з жыцьцём у галіне мовы можна заўважыць усюды і сярод рожных народаў. Асабліва яскрава кідаецца яно ў вочы на прыкладзе серадвечнай лаціны. Лаціна, як ведама, была мовай усенькае асьвечанае Эўропы ва ўсю даўгую эпоху з VI па XVII век. Яна была падтрымана царквой — у тыя часы наймагутнейшай сілай; яна была мовай каралеўскіх двароў, дыпляматаў, філёзофаў і поэтаў. Значэньне яе, шырыня распаўсюджаньня - ад Толедо да Вільні — яе выпрацаванасьць і прывычка да яе, — усё гэта прамаўляла за тое, што ніякая барбарская мова. ня зможа яе замяніць. Не дарма вядомы польскі іезуіт Пётр Скарга, абаронца берасьцейскай рэлігійнай вуніі, у сваім трактаце „Аб адзінстве царквы" пісаў у 1577 г „грэкі абманулі рускіх тым, што ня далі ім сваёй мовы, але пакінулі мову славянскую, дзеля таго, каб рускі народ ніколі не дайшоў да запраўднага разуменьня і навукі; бо толькі праз лаціну і грэцкую мову можна быць зусім асьвечаным у навуцы і рэлігіі. На сьвеце яшчэ ня было і ня будзе (падчырківаньне маё — А. Г.) ні воднай акадэміі, ці колегіума, дзе маглі-б навучаць у іншай мове. Ніхто за дапамогай славянскай мовы вучоным быць ня можа".
Аднак прабіла гадзіна і, ня гледзячы на ўсе гэтыя якасьці, ня гледзячы на шчырую абарону лаціны з боку ўсіх вучоных схалястыкаў — яна загінула. Загінула ў барацьбе з „жывым жыцьцём", з яго новымі патрэбамі. Першы штурм на ўсёмагутную лаціну адбыўся ў часы першых рэлігійных рэвалюцыяў. У 1521 годзе „віртэмбэргскі салавей" Лютэр, седзячы ў Варбурскай турме, з мэтай „пазбавіць простага (падчырків. маё—А Г.) чалавека яго старых забабонаў', перкаладаець Біблію на нямецкую мову. Пры гэтым, дзякуючы беднасьці і нявыпрацаванасьці нямецкай мовы таго часу, ён, бывала, цэлымі тыднямі шукаў адпаведнага слова. Гэты 1521 год і да сяго дня сьвяткуецца ў Нямеччыне як нацыянальнае сьвята — і ня дзіва; пераклад Лютэра палажыў пачатак сучаснай нямецкай літаратуры. Папскі прастол пасылаў віртэмбэргскаму злачынцу праклён за праклёнам, „чортаву кнігу" паліў на вогнішчах Рыма, Франкфурта, Нюрэнбэрга, — і ўсё дарма; прасыпаючаяся нямецкая нацыя робіць Біблію Лютэра сваёй народнай кнігай.
Той самы прыклад даець і Чэхія. Яшчэ раней за Лютэра адзін з папярэднікаў Яна Гуса, рыцар і філёзаф Штітны, пачынаець пісаць пачэску, кажучы, што „Гасподзь мілуець чэскую мову ня менш за лаціну”. Велізарны гусыцкі рух, абхапіўшы увесь чэскі народ, падняўшы яго на нявіданную вышыню масавага энтузыязма, прайходзіць пад тым-жа знакам барацбы за родную стыхію і роднае слова. Тое самае бачым мы і на нашай старасьвецкай Бацькаўшчыне, калі Францішак Скарына, а за ім Базыль Цяпінскі ў тых-жа мэтах, як і Лютар, перэкладаюць Біблію на беларускую мову „людзям простым к добраму навучаньню”.
Усе яны імкнулісь гаварыць, ласьне, да простага народу ў простай мове і ўсе яны тым самым станавіліся, супроць панаваўшых правіл, тым самым выклікалі зьдзек і пагрозу з боку тагачаснага вучонага сьвету. Перамаглі не вучоныя з іхнімі фаліянтамі, а перамаглі яны — апосталы народнай прастаты, ведаўшыя яе патрэбы і ўмеўшыя „слухаць жыцьцё". Дзесяць стагодзьдзяў цягнулась ноч над заснуўшай Эўропай, дзесяць стагодзьдзяў спалі яе народы, — але даволі было павеяць па заснуўшым абшарам рэвалюцыйным паветрам вялікага Адраджэньня, як зацьвілеўшая фартэцыя вучоных забабонаў пачала абвальвацца і народы загаманілі сваёй „простай" „барбарскай" мовай. Адна старана за другой спачатку, Італія, за ёй Гішпанія, Францыя, Нямеччына, Англія, — пачалі тварыць нацыянальную літаратуру, не пытаючыся навукі ня гледзючы у вучоныя фоліянты.
Ня менш яскрава незалежнасьць жыцьця ад навукі выявілася ў гісторыі украінскае мовы. У спрэчцы аб яе існаваньні прынялі учасьце ўсе выдатнейшыя расейскія філёлёгі, так сама як немцы, палякі, чэхі. Шафарык адзін з першых катэгарычна заявіў, што „украінская мова так сама асобна і самастойна, як кожная іншая славянская мова". Да яго апініі далучылісь немцы Міклош і Шлейхер. Расейцы занялі пераважна нэгатыўнае становішча. Вядомы Погодін казаў, што „гэтая мова ня была ніколі мовай старай Русі", Срэзнеўскі даводзіў, што яна „ёсьць гаворка пасрэднай фармацыі, узьнікшая толькі XII — ХІV стагодзьдзі". У тым-жа, ці блізкім тоне выказвалісь Бодянскі, Лароўскі, Ламанскі, Потэбня, Жыцені et tutti quanti. Украінскія дасьледчыкі, як Максімовіч, Наўменко, Аганоўскі (галічанін) і інш., стаялі зразумела за поўную самастойнасьць украінскае мовы з усімі, выцякаючымі адгэтуль правамі. Пытаньне некалькі разоў „узыходзіла" на разгляд Расейскай Акадэміі Навук, у якой апініі так сама падзяляліся і якая ніяк не магла дайсьці да пэўнага адказу. У часопісях 60-х гадоў „МОСКВИТЯНИН", „Русской Бесѣдѣ“, акадэмічных „Извѣстіях", украінскім журнале „Основа", і г. д. вялася гарачая палеміка аб тым-жа пытаньню. Прыняў у ёй учасьце і тагачасны міністр асьветы Валуеў, які сваім загадам „украінскай мовы ня было, няма і быць ня можа", урэшці „вырашыў запутанную проблему. Аднак, таксама як і аб беларускай мове, спрэчка аб прыродзе мовы украінскай, цягнецца і ў нашыя дні.
Аднак, ня гледзючы на гэтыя спрэчкі, украінская мова ужо разьвілася да агульна прызнаных форм,—і зрабілася гэта ня дзякуючы філёлёгічным спрэчкам, а ня гледзячы на іх. Палеміка йшла сваім парадкам, а жыцьцё — сваім. Вучні і энтузіясты украінскага адраджэньня радзіліся ня гэтай полемікай, не вучонымі аргумэнтамі, а чымсьці іншым. Яны радзіліся дзякуючы пачуцьцю праўды, якую нясло ў сабе адраджэньне іх бацькаўшчыны. Яны, як іх папярэднікі з часоў сярэднявечча, „слухалі жыцьцё", убіралі ў сябе яго сокі, удыхалі яго дыханьне, — йшлі за ім, і ў гэтым ходзе, у барацьбе за яе правы тварылі мову, адваёўвалі сабе мейсца пад сонцам. Яны бралі не аргумэнтам, ня розумам, — а пачуцьцём.
Ясна: нацыянальнае адраджэньне творыць у першую чаргу ня розум, а пачуцьцё народа. Мы кажам, - у першую чаргу, бо, калі пачуцьцё праб'ець сабе шлях і адраджэньне нацыі выявіцца ў даказаных фактах, толькі тагды на падмогу яму і для аканчальнага растлумачаньня і апраўданьня гэтых фактаў прыходзіць розум, навука, філёлёгічная і філёзоўская крытыка, фігуральна кажучы, "цяжкая артылерыя". На вялікім прыкладзе гэта можа давясьці, цікуючы за разьвіцьцём нацыянальных рухаў у Эўропе, у новыя часы. Вядома, прыкладам, што нацыянальныя рухі ў Італіі, у Нямеччыне, рухі славянскіх народаў пад уціскам Турэччыны і Аўстра-Вэнгерскай манархіі абхапляўшыя сабой шырокія масы і ўздымаўшыя іx на вялікія чыннасьці, — усе яны не сустрачалі спагаду з боку рацыяналістычнае навукі. Апошняя доўгі час не вызнавала народнасьці дастойным чыньнікам дзяржаўнага будаўніцтва, лічыла сябе і свае абстрактныя прынцыпы вышэй за ўсе і сустрачала народныя імкненьні акрэсьляна варожа. І толькі, калі нацыянальнае начала перэмагло, пасьля вялікіх войнаў за нацыянальную незалежнасьць - ужо ў сярэдзіне XIX века, — навука пераходзіць на новыя рэйкі. Канта з яго абстрактнымі катагорыямі ("Дзяржава ёсьць аб'еднаньне людзей пад юрыдычным законам"), у якіх ня было мейсца эмоцыі, заменяе Савіньні, Шэльлінг, Гегель з іx "гістарычнай школай" і апотэозай "народнага духа". На малым прыкладзе гэта відаць з дробных фактаў нашае сучаснасьці: калі сілай падзей, у выніку перамогі новага жыцьця над старым ладам, паўстала Беларусь як незалежная краіна, - шмат хто з сучасных вучоных, раней воража і адмоўна ставіўшыхся да беларускай мовы, пачынаюць яе адкрыта вызнаваць і апраўдываць (гл. пазыцыю проф. Расторгуева, акад. Карскага і інш. "Маладая Беларусь", с. 45).
Зара кожнага нацыянальнага адраджэньня пачынаецца ня розумам, а сэрцам, пачынаецца ня формулай, а песьняй. Поэт - вось хто звычайна зьяўляецца ініцыятарам нацыянальнага абуджэньня, вось хто адкрывае першую страніцу "Новага Завета". Роля вучонага - чародная і другарадная - яна выцекае, сьледуе за рольлю поэта. Гомэр у Грэкаў у Афінах, трубадуры і манэстрэлі ў раманскіх народаў, падобныя ім мінэзінгэры і майстэрзінгэры ў народаў гэрманскіх; у чэхаў - поэт Пухмайер і яго школа, у сэрбаў Давідовіч і яго плеяда, у харватаў - Гай, Вукотіновіч, Прерадовіч; у баўгараў - Славейкаў, Геров; у ўкраінцаў Шэўчэнка, у латышоў - Вайдэнбаўм і Райніс "маладой Латвіі", у індусаў - Рабіндранат Тагор - і так бяз канца. У нас беларусаў запраўдным пачынальнікам нацыянальнага руху трэба лічыць народнага поэта Багушэвіча.
Падобнае зьявішча зусім натуральнае. Песьня бліжэй стаіць да жыцьця, яна пяець яго, вылетаець з душы і вуснаў, так што нават элемэнт волі, г. зн. пэўнай духовай напружанасьці, патрэбны ў іншых галінах творчасьці, тут амаль адсутны. Поэт і яго песьня таму зьяўляюцца першымі на ніве нацыянальнага ўсьведамленьня - "першымі ластаўкамі!", - што для іx узьнікнавеньня заўсёды істнуець адпаведны грунт. Народ, які не памёр, жыве ў сваей песьні, што гаворыць аб яго сумах, радасьцях, аб усім, што яго акружаець. Поэту, як сыну народа, што зьвязаны з ім нявіднымі ніцямі і адчуваець яго пульс, - вядома песьня народная, яе матыў і зьмест. Гэткім чынам, у яго ёсьць ужо гатовы матэрыял, якому трэба толькі прыдаць адпаведны літэратурны выгляд.
Поэту, каб тварыць, ня трэба спэцыяльнай падгатоўкі, як прыкладам гісторыку, юрысту ці хіміку. Каб мець сваіх уласных вучоных, нацыі трэба прайсыді даўгую школу, прарабіць значную культурную працу. Таленты хіміка, астранома, мэдыка рэалізуюцца не адразу, а пасьля шматгадовай тэхнічнай спэцыялізацыі. Талент поэта - дар Божы, і рэалізуецца ён звычайна з моманту свайго адкрыцыдя. Праўда, вышэйшыя асягненьні, вяршыны творчасыді даюцца поэту ня адразу. Багатыя зьместам і дасканалыя па форме творы поэта выходзяць з-пад яго пяра толькі пасьля грунтоўнага пазнаньня ім як сябе самога, так і ўсяго народнага быту, пасьля цярпялівай працы над сваім дараваньнем. Але звычайна поэт пяе сваю песьню не пытаючыся ні сябе, ні другіх аб сваёй дасьпеласці, аб сваім "праве" на песьню - у гэтым крыецца некрытычная par excellence істота поэтычнага дару.
Поэт і яго песьня зьяўляюцца першымі ластаўкамі нацыянальнага адраджэньня яшчэ і з другое прычыны. Зьяўленьне іx як першых выклікаецца ня толькі ўнутранымі і вонкавымі варункамі, дзякуючы якім і сярод якіх ён творыць, — але таксама і мэтамі, якія ставіць ён прад сабой. Мэта гэта - узварушыць народ з пасыўнай астоі, прабудзіць у ім свайго "Я", выкаваць у ім волю для барацьбы за будучыну. Хутчэй за ўсё і лепш за ўсё асягаець гэтай мэты песьня і поэтычны верш. Гэта таму, што яна дзеіць безпасрэдна на душу народа, а душа народа, яго пачуцьцёвыя перажываньні, як ведама, ёсьць галоўны фактар у нацыянальным абуджэньні. У кожнай барацьбе найбольшую ролю адыгрывае змагарная эмоцыя, якую, ласьне, і абуджае і ўзгадоўвае поэт, далёкі ад сьцюдзёнага разрахунку сіл, караючы ўсё трусьлівае, сьпяваючы аба ўсім гэроічным, клічучы на ахвярнае змаганьне са злом, несправядлівасьцю і насільствам.
На апошку - песьня, гэта запраўдны "аргумант ад сэрца" [1], — дзеіць і захоплівае сабой найбольшую грамаду людзей. Лік асоб, што знаёміцца з імі, не ў параўнаньню большы за той, што знаёміцца з аргумантамі навукі. Гарызонт уплываў поэзіі і літэратуры - неабмежана шырокі. Аргумантам гэтым захопліваецца і пераконваецца асьвечаны і неасьвечаны, багаты і бедны, стары і малады. Прад натхнёным заклікам поэта, які зварачваецца да сэрца людзей, падаюць соцыяльныя, рэлігійныя, клясавыя перэгародкі. Для запраўднага поэтычнага генія ня істнуець нават і час: са ўсіх іншых правадыроў нацыі поэт найбольш няўміручы.
Ён сеіць сваё зярнё на агульнай народнай ніве і на ўсе часы,- вось чаму са ўсіх сейбітаў поэт выходзіць на родны палетак раней за ўсіх.
II.
правіцьПэрыяд адраджэньня Беларусі, сучасьнікамі якога мы зьяўляемся, ёсыдь пэрыяд пераважна, a мо'і выключна літэратурна-поэтычны. Мы не абмылімся, калі скажам, што да сёньняшняга дня беларускі адраджэнскі pyx вядзе і пасувае наперад беларускі пісьменьнік ці бліжэй - беларускі поэт. Беларускае аповесьці і рамана, як наагул сур'ёзнай прозы, яшчэ няма. Яшчэ не дасьпеў яе час. Тым больш не дасьпеў час і для беларускай навукі, — яна ёсьць справа заўтрашняга дня. Мы жывем, калі можна так характарызаваць, у эпоху свайго "нацыянальнага романтызму", а романтызм, як ведама, заўсёды "пяяў і будзе пяяць у вершах". Элемэнт глыбокага цікаваньня жыцьця, крытычнага думаньня над яго праблемамі, што даецца ў выніку прозаічнага твору, - усё гэта яшчэ наперадзі. Пакуль што мы маем верш, - пераважна лірычны, што таксама характарызуе романтычны ўклон творчасьці. Але тое, што мы маем у гэтай галіне, нагэтулькі багата, дасканала, сьвежа і арыгінальна, што мы можам быць зусім спакойнымі за сваю будучыну.
Беларусь нашых дзён прысутна пры разсьвітаньні свайго творчага духа. Да зэніту яшчэ далека, - але гэтае разсьвітаньне нагэтулькі багата зьместам і барвамі, што поўдзень нашага рэнэсансу абяцае быць пагодным і слаўным.
Наша поэзыя - добра завостраны меч, — духовы меч, што крышыць мур сьцюдзёнасьці і недавера. Поэт нясе гэты меч - ён б'ець ім у сэрца людзей, мінаючы розум, разсявае сум і цемру сучаснай гадзіны. Для ўсіх недаверкаў, для ўсіх "слабых духам" гэты меч - песьня - ёсьць адзінае збавеньне: "Бійце ў сэрца іx, бійце мечамі, не давайце чужынцамі быць"… — гэты заклік узмацуе не адну хістаючуюся душу і выведзе на адпаведны шлях не адзін заплутаны розум.
І запраўды, шмат хто з інтэлігэнтных працаўнікоў быў скіраваны на нацыянальны шлях, ласьне, гэтым мячом,- песьняй і вершам, налітымі сьлязьмі і кроўю. У ўкраінскім адраджэньні да ліку іx належыць гэткі выдатны чалавек, як Міхайло Драгаманов. Гэта ён прызнаваўся, што "вывучэньне ўкраінскіх песняў прымусіла яго моцна палюбіць гэты народ". Ласьне, народная песьня і гэній Шаўчэнкі зрабіў з яго, заядлага расейскага космополіта, - адным з галоўных будаўнічых украінскае справы. Вядома таксама, што нават і зрусыфікаваны Гоголь, нават і той пісаў сваім сябром у Кіеў: "пришлите мне песен украинских: я задыхаюсь в здешней петербургской атмосфере".
Скептычна настроены інтэлігэнт можа заўважыць, што сучасная беларуская поэзыя ня мае вялікай вартасьці, дзеля таго, што яна надзвычайна аднаадменна: пераважаючую частку яе становяць сумныя песьні аб горы, нядолі, нудзе і бядоце. Такі характар быццам не абяцае Беларусі нічога добрага. Доля бадзяньня пад чужой прынукай, доля беднасьці, забітасьці, небарацтва, аб чым поўна ў нашай літэратуры, сьведчыць аб заняпадзе народнае энэргіі, аб пэўнай волявой дэгэнэрацыі. І скептыкам ды пэсымістам здаецца, што калі ў беларусаў няма іншай духовай стравы, дык гэтую атруту трэба кінуць. Каб уратавацца ад духовай сьмерці, трэба ўхапіцца за больш бадзёрую, больш актыўную і надзейную літэратуру, хоць бы яна была чужая. Па іx перакананьню характар беларускай поэзыі сьведчыць, што быццам народ беларускі, як арыгінальна-творчая нацыя,- няжыцьцёвы, a непакоіцца тым, што няжыцьцёва ня мае сэнсу. "Падаючага штурхні,- казаў Ніцшэ,- усё роўна з штучнага выхаваньня нічога здаровага і годнаго будучыны ня выйдзе". Нашыя правінцыяльныя ніцшэанцы вельмі спагадаюць гэткім мысьлям.
Мы павінны згадзіцца, што цяперашняя (ня сёньняшняя!) беларуская поэзыя маець пэўныя аднабокасьці. Яна сама ў гэтым шчыра прызнаецца. Разьвярніце найбольш салідны збор твораў першага поэта Беларусі Янкі Купалы: на першай старонцы вы знойдзеце эпічна-спакойную заяву, што ў ім "больш за ўсё нуды праклятай". Так яно і ёсьць, і з гэтым нельга спрачацца. Поэзыя - люстэрка жыцьця, і калі жыцьцё ненармальнае і горкае, дык і поэзыя будзе горкай і нуднай. Але рабіць адсюль пэсымістычны вывад - зусім дарма.
Мы добра ведаем, што некаторыя асаблівасьці нашага нацыянальнага "Я", якімі мы хацелі-б гардзіцца, шмат хто з чужынцаў лічыць за вялікія хібы. Так, прыкладам, нашую прыраджоную скромнасьць лічуць за забітасьць, за хвараблівую, арганічную няздольнасьць; адсутнасьць у нас захапнасьці, якая ў гісторыі ўзгадоўваецца колёнізацыйнымі імкненьнямі, прыймаюць за адзнаку слабасьці; нашую прыроджаную мягкасьць і лагоднасьць, што сьведчыць аб гістарычнай культурнасьці беларускага народу, прыймаюць за адсутнасьць цьвёрдасьці, трываласьці і ўпартасьці ў барацьбе.
Мы добра ведаем гэтыя агідныя, абрыдлыя прыпеўкі аб "забитых белоруссах", аб "biednych kmiotkach". І трэба згадзіцца, што да гэтых прыпевак мы самі - сьвядома ці несьвядома[2] - дакладалі руку.
Але, паўтараем, ад гэтых прызнаньняў таксама далёка да пэсымізаў у думках аб будучыне Беларусі, як неба далёка ад зямлі. З рэдкай правяднасьцю зразумеў гэта знамяніты "гарун" Беларусі - Аляксандар Прушынскі. У сваім дынамічным вершу "Паэту" ён загадвае:
Прашу цябе, мой брат, сьпявай аб нашым горы,
Аб тым, што ёсьць цяпер і што даўней было,
І што на ўсякі твар кладзець, як плуг, разоры,
І што ў мільёнах душ разоры правяло.
Прашу цябе, сьпявай аб горы песьнь адну ты,
І наш гаротны лес рабі яшчэ цяжэй. —
Тады, убачыш сам,- парвуцца духа путы
І будзе ясны дзень да нас тагды бліжэй…
(курс. мой.- Г.).
Так, ласьне, і ёсьць: песьня аб горы пяецца поэтам не для таго, каб народ нікнуў і занепадаў яшчэ больш, а для таго, каб ён выгартоўваў у сабе новую сілу, далейшую здольнасьць перанясьці цяжары сучаснасьці. Гаротная песьня - гэта той молат, які "дробіць шкло, куець булат".
Рука поэта часта сьвядома нацягвае стралу народных цярпеньняў: чым больш напружанасьць - тым далей паляціць страла вызваленьня.
І дарма імкнуліся бы нас штурхаць нашыя вучоныя схолястыкі, нашыя інтэлігэнтныя мяшчане: заштурханыя ў вякох, мы абіліся і на штурчкі ўжо не рэагуем. Ня падаць гатовы мы, a ўстаць. Устаць ува весь гіганскі ўзрост буйнага дванадцацёх мільённага ўваскросшага народу. Устаць са сьветлым чалом, на якім яшчэ зіяюць раны ад стагодняга цярновага вянца, са словам божай праўды на вуснах, закутых у вяках пячаткай маўчаньня.
Слова свабоды нашай ужо грыміць, — і сьмешнымі здаюцца нам палахлівыя, хаваючыся, шчырачыя зубы прарочаства. Яны загінуць як цені ночы.
Поэт наш вядзе нас да сонца! Дарогу беларускаму поэту!
Зноскі
правіць- ↑ Я сьведама не раблю рожніцы паміж песьняй-сьпевам і песьняй-вершам. У данным выпадку гэта адно і тое: побач і разам з беларускім поэтам ідзе беларускі нацыянальны хор і наадварот, побач з хорам ідзе беларускі поэт. Для характэрыстыкі даволі прачытаць аб тым, як адбіваецца "заваяваньне" новадалучаных да Савецкай Беларусі ўсходніх абшараў. Калі Менску трэба паказаць жыхарству гэтага абшару, "што мае Беларусь",- калі яму трэба ўзбудзіць у іx нацыянальнае пачуцце,- ён пасылае туды перш за ўсё беларускі хор і сваіх поэтаў. І можна быць пэўным да канца, што, ласьне, яны, а ня соткі прапагандыстаў, хоць бы нават шчырых і таленавітых, — узбудзяць гэты гібеючы ў нацыянальнай несьвядомосьці абшар.
- ↑ Да сьвядомага памяншэньня свайго значэньня мы залічаем вельмі няўдалы спосаб беларускіх літэратараў выбіраць сабе псэўданімы. Рэдка які з гэтых псэўданімаў (іx наагул залішне многа!) сьведчыць аб упэўненасьці аўтараў у сваіх сілах.