Аб найменьні «Крывічы»

Аб найменьні „Крывічы“
Артыкул
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1924 год
Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 2 (8), красавік-сьнежань 1924 г., б. 101
Акадэмік Шахматов аб імені «Русь»

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




АБ НАЙМЕНЬНІ „КРЫВІЧЫ“. У пачатках гістарычных часаў тэрыторыя ад Дрогічына да Вялікага Ноўгараду і ад Вязьмы да Чарнігава выступае пад найменьнем крыўскай зямлі. Як ведама, ўсе усходна-славянскія землі ў IX—XI сталецьці былі падбіты немцамі-Варагамі, якіх у нас называлі Русамі, пераняўшы гэтае апошняе найменьне ад Фінаў. Гэтых „находнікаў“ Русаў Пачатны Летапіс строга адрожнівае ад мяйсцовых славянскіх плямён, гэтак пад 862 годам чытаем:

И идоша за море к Варягом, к Руси, сице бо ся звахуть Варязи Русь, яко се друзии Гѣте, тако и си Русь“. … и отъ тѣхъ Варягъ прозвася Руская земля… преже бо бѣша Словени“.

А далей летапісец паясьняе:

… отъ Варягъ бо прозвашася Русью, а первое бѣша Словѣне, аще и Поляне звахуся, но словѣнская рѣчь“.

У I-м Ноўгародскім летапісе сказана:

…„отъ тѣхъ Варягь, находникъ тѣхъ, прозвашася Русь, словетъ Руская земля“.

У XI—XII стагодзьдзях імя „Русь“ сталася прыналежнасьцю пануючай, клясы, якая засымілявалася ужо са славянамі, і, відаць, падобна як і у нашы часы, патрэбен быў асаблівы націск на тое, каб вытлумачыць, што Русь нічога супольнага ня мае з падбітымі славанямі, дзеля гэтага летапісец робіць яшчэ націск на гэта:

Се бо токмо словенск язык в Руси: Поляне, Деревляне, Новгородци, Полочане“.

Крыўскія землі, як ведама, ніколі ня былі ўсе пад ўладай русаў. Полацкая зямля станавіла асобную палітычную адзінку, і дзеля гэтага палітычна імя „Русь“ не разпасьцягалася на яе,—яна далей носіць сваё старое імя „Крывія“, У стасунку да Голацкай зямлі імя „Крывія“ сустрачаем:

а) у Лаўрэнціяўскім леталісе пад 1197 годам;

б) у Іпаціяўскім пад 1128 годам: „посла князь Мстиславъ братью свою на Кривачѣ четырми: пути“; пад 1140 годам пазваны: полацкія князе „Кривитьскими“; пад 1162 годам: „…сь кривськими князьми“…;

в) у Хлебнікаўскім сьпіску „полацкія князе названы: „Кривскыа“;

г) у Васкрэсенскім сьпіску, пад 1129. „пославъ по Кривскіе (полацкія) князи“.

В. Л.