Адвечная песьня/XI. Хаўтуры

XI. ХАЎТУРЫ

Хата. Насупроць дзвярэй у белай дамавіне ляжыць Мужык. Сталяр раскідае палок, бярэ дошкі з яго і робіць века к дамавіне. За сталом суседзі пяюць па нябожчыку. Жонка галосіць і прыгаварвае. Дзеці хліпочуць. Стары бацька, крэкчучы, злазіць з печы. Мяцеліца шуміць. У коміне жаласліва вые вецер.

Жонка

А мой ты сакалочак!
А мой ты каралёчак!
Ляжыш, не ўстанеш болей…
0 доля ж мая, доля!

Без часу смерць-магіла
Жыццё тваё скасіла;
Ў няшчасную гадзіну
Сіротачак пакінуў.

Сіроткі ўсе малыя,
І есць не маюць тыя,
І дроў няма палена,
І ў пуні няма сена.

Як жыў, як ты свет бачыў,
Усё ж было іначай,
Ці ў полі ты… ці ў людзі…
Што з намі цяпер будзе?

Нашто на свет раджацца,
Хто мае з ім расстацца,
І горкі жаль кідаці
Ўдаве, бацькам, дзіцяці…

Бацька
(уціраючы няўзнак слёзы)

Дзяржыць бяда старога,
Хаваюць маладога;
Забрала дамавіна
Не бацьку, але сына.

Не месца мне у хаце:
Не дуж я працаваці;
Пры кім дажыць тут веку
Няшчаснаму калеку?

Вазьму я хіба ўнука,
Ці ў свет ісці навука? —
Пайдзём ад хат да хаты
І к бедным і к багатым.

Збірай, стары, хатомкі,
І зрыўкі, і атопкі:
І жыва з хаты роднай
На сівер на нязводны!
(Выцягвае з-за печы лахманы і атопкі.)

Сталяр
(кончыўшы века да труны)

Як згаварыці слова,
І века ўжо гатова,
Закрыць дамоўку можна,
Падходзь прашчацца кожны.

Падходзь, чужы і хатні,
Заглянуць раз астатні
Вось на таго, што дзетак
Без часу кінуў гэтак.

Не кепскім быў суседам:
Шоў прадзедаўскім следам,
Не крыўдзячы нікога;
Цярпеў сам крыўдаў многа.

Меншы сын
(цалуючы нябожчыка ў руку — да маткі)

Чаму, скажы, матуля,
Прыбраны так татуля
Ляжыць у гэтай скрыні
Такі халодны, сіні?

Большы сынок

Не лезь ты без патрэбы:
Душа ўжо таткі ў небе.
Не ўстане і на лета;
Памёр ён, значыць, гэта.

Дзеці адступаюцца; падыходзяць прашчацца другія. Сталяр забівае векам дамоўку. Суседзі бяруць нябожчыка на плечы і выносяць з хаты.

Хор

Рай светлы, бесканечны
На судзе астатэчным
Дай, Божа, ўсім загнаным
На векі векаў. Аман!

Жонка і дзеці галосяць. Бацька, абвешаны торбамі, забірае ўнука і ідзе ў свет. Хата застаецца пустая. Чутны званы. Выюць сабакі.