Адвечная песьня/XII. На могілках

XII. НА МОГІЛКАХ

Цёмная ноч перад Узвіжаннем. Могілкі. Лётаюць совы і кажаны. На паваленым крыжы сядзіць цень Мужыка.

Цень Мужыка

Што насып размыла жвіровы?
Што спаць мне ў зямлі не дае?
Чаго кажаны тут і совы
Зляцелісь на косці мае?

Прэч, гадзіны, сліўні, рапухі!
Хоць згіньце ў праметнай на дне.
Благія і добрыя духі,
Прыблізьцеся жыва ка мне.

Так спаць неахвота век цэлы;
Мне хочацца ведаць, пачуць,
Што чутна на свеце на белым?
Патомкі мае як жывуць?

Ці досыць ім хлеба, да хлеба,
Як добра ім плаціць зямля?
Ці ласкі ад свету, ад неба
Не маюць, як некалі я?

Ці песні пяюць, ці, як мухі,
Ў цянётах гніюць павука?
І ўсё гаварыце мне, духі,
Што зроблена для мужыка.

Злятаюцца тыя ж самыя духі, што пры хрэсьбінах. Верцяцца каля Мужыка і папераменна пяюць.

Бяда

Мы скажам табе ўсё з ахвотай,
Па смерці тваёй што зайшло:
Не зломлены к шчасцю вароты,
Слязы не ўбыло — прыбыло.

Голад

Ўсміхаюцца пусткай папары,
Урода не йдзе, як не йшла.
Па небе за хмараю хмара
Плыве і плыве, як плыла.

Холад

Хаціна згнівае у плесні,
Хаўтурны не зводзіцца звон,
Пад дзікія вётравы песні
Пракляцця разносіцца стон.

Хорам

Завалены сцежкі к прасвету
Крыжамі бясчасных магіл,
А брат твой, мужык, без прывету
Ва ўсім гэтым чахне без сіл.

Доля

Табе яшчэ ведаць цікава,
Што стала з сынамі тваймі?
3 усякай вялося ім славай,
Усяк ім жылося з людзьмі.

Адзін, як і ты, шнур пахае,
Карчомкай душу весяліць,
Другога чужына змагае,
А варта пры трэцім стаіць.

Чацвёрты у здзеку загінуў,
За праўду, за крыўду сваю,
Руку адсек пяты машынай
І торбаю корміць сям’ю.

Жыццё

Ну, што? Як старонка, як дзеткі,
Як што між людзьмі ці звярмі?
Я лоўка расставіла сеткі!
Папробуй расплутай вазьмі!

Я сілам цямрычным у рукі
Няпраўд пустазелле дало,
Хай сеюць знішчэнне і мукі,
Хай корча ўсіх змога і зло.

Цень Мужыка

Не міла мне слухаць, не міла
3 зямлі маёй гэткі прывет.
Раскрыйся нанова, магіла:
Страшней цябе людзі і свет.

Магіла раскрываецца. Чутна запяяў недзе певень. Духі разлятаюцца. Нікне цень Мужыка. Перагукваюцца з зайцамі совы. У паветры лапочуць крыллямі кажаны і начніцы.