Адраджэньне беларускага мастацтва

Адраджэньне беларускага мастацтва
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1921
Крыніца: НДумка. 1921. 18 сак

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Беларусы маюць ужо высока разьвітую гісторыю (Даўнар-Запольскі, Лапо-Данілеўскі, Любаўскі), філялёгію (акадэмік Карскі), этнаграфію (Фэдароўскі, Раманаў, Нікіфароўскі). Цэлы сьцяг навуковых прац дае нам магчымасьць прасачыць нашу палітычную гісторыю, пазнаёміцца з нашай старой літаратурай, з гісторыяй разьвіцьця нашае мовы, з народным творствам. Але, каб прадставіць сабе поўны абраз нашае старое культуры, не хватае аднаго: няма ў нас яшчэ акуратна распрацаванай гісторыі таго, у чым найбольш ярка, бо беспасрэдна выяўляецца душа народу, — гісторыі беларускага мастацтва. Ажно дзіўна робіцца: чаму ніхто з вучоных, каторыя стараліся пранікнуць думкай да ўсіх куткоў нашага даўнага жыцьця, не задаўся ідэяй даць гісторыю нашага мастацтва, каторае ў часы расьцьвету нашае культуры (у пэрыяд дзяржаўнае незалежнасьці) напэўна стаяла вельмі высока, як аб тым сьведчыць хаця бы архэалёгія, калі нам мала тэарэтычнага пераконаньня, што яно не магло не існаваць. Вось што гаворыць аб гэтым выдатны беларускі вучоны-архэоляг, с. п. Іван Луцкевіч, пасьвяціўшы ўсе сваё жыцьцё архэалягічным досьледам. З прычыны краёвай выстаўкі старажытнасьцей, якая адбылася ў 1918 годзе Менску, ён пісаў у беларускай часопісі «Гоман»:

«Як і ўсюды ў нас, мастацтва прыйшло да беларусаў разам з хрысьціянствам з Усходу. У першых часох хрысьціянства яно было ў нас скрозь бізантыцкае, але наплывы з Поўначы праз знамянітую тарговую дарогу «з варагаў у грэкі» прынесьлі вялікі дадатак культуры паўночнаскандынаўскай, што выяўляецца ў узорах сярэдневяковага мастацтва.

Каб схэматычна пазнаёміць зь мясцовым стылем, трэба было б апісаць гісторыю краёвых цэхаў, каторыя выраблялі ня толькі рэчы першай патрэбы, але і збыткоўныя кунштоўныя вырабы. Найбольш характэрна для беларускага мастацтва праца малярскаса цэху, каторы разам з цэхам пазалотніцкім здавён-даўна, бо ўжо пры жыцьці сьв. княгіні Еўфрасіньні Полацкай (— XІІ ст! — А. Н.), вырабляў артыстычныя рэчы (— гл. полацкі крыж сьв. Еўфрасіньні, зроблены ў Полацку). Спачатку малярскі цэх ў Полацку, Смаленску і іншых культурных цэнтрах Беларусі працаваў, узіраючыся на бізантыцкія арыгіналы, але пазьней, перайшоўшы да Вільні, завязаў адносіны з Поўначчу і Заходам праз крыжакаў, праз Рыгу і Каралевец (— работы віленскіх маляроў з датаю XV сталецьця бачым у Ягелонскай капліцы ў Кракаве). Гэтыя зносіны з Заходам даюць ужо ў ХV і ХVІ веку знамяніты рэзультат: беларускае малярства, злучаючы старабізантыцкія ўплывы з заходнім мастацтвам, уліло да гэтага мясцовыя матывы ў аздобах, рэчах, опратках і асаблівыя, хоць і наіўныя, рысы беларускага народу ды гэтак вытварыліся [знамянітыя] прымернікі прымітыўнай беларускай малярскай школы, — «рытаў па золату», як ясна пішуць і называюць яе старыя інвэнтары цэркваў і манастыроў (напр., слуцкіх). Гэты «куншт малярскі, па золату рыты» дзержыцца ў беларускім цэхавым малярстве праз увесь XVІІ і ХVІІІ век у прымерніках слуцкіх абразоў з XVІ і XVІІ вякоў, і нават у XVІІІ веку у вельмі пекных абразох з Магілёўшчыны.

У арнамэнтах на рызах, а такжа на вырабах залаткацкага цэху, ганчарных (кераміка) і графічных бачым улюбленыя беларускія кветкі. Пазьней гэта ж самае сустракаем у ткацтве (хаця бы слуцкія паясы), арнамэнтах, росьпісях царкоўных, у міньятурах старых эвангэлій, у фрэсках старасьвецкіх замкаў (успомню толькі Троцкі замак).

Усё гэта дае багаты матар’ял для гісторыі беларускага мастацтва. Маладыя беларускія мастакі-артысты павінны ў гэтым, таксама як у архітэктуры — будаўніцтве цэркваў і званічак, шукаць прымернікаў дзеля новага творства; нашы маляры павінны браць усё, што ёсьць добрае і арыгінальнае ў малярскім куншце старых беларускіх «па золату рытых» абразоў, у творстве нашай старой Бацькаўшчыны».

Гэтак пісаў Ів. Луцкевіч. І словы яго павінны заахвоціць да працы над бліжэйшым пазнаньнем нашага старога мастацтва як нашых мастакоў, так і нашых вучоных. На жаль, цяперашнія ненармальныя варункі становяць вялікую першкоду ў працы адных і другіх. З вучоных адгукнуўся толькі малады бэрлінскі архэоляг д-р Іпэль, каторы надрукаваў невялічкую, але багата ілюстраваную расправу аб беларускім мастацтве ў зборніку «Weіssruthenіen» (Berlіn 1919).

Здаецца, што падобна таму, як наша старадаўная літаратура, зжыўшыся, уступіла месца новай — адраджэнскай літаратуры, — таксама на месцы старадаўнага мастацтва ўва ўсіх яго галінах павінна нарадзіцца новае. Аднак апрыч краснага пісьменства, апрыч куншту драматычнага, мы як быццам нічога больш на ніве мастацтва ня бачым. Чаму так? Чаму няма ў нас, беларусаў, мастакоў малярства, архітэктуры, разьбярства? Чаму нічога не чуваць аб беларускім музыкальным творстве, хаця наша народная музыка — незвычайна багатая песеннымі матывамі?

Адказу на гэта трэба шукаць у варунках беларускага грамадзкага жыцьця. Беларускі пясьняр, беларускі пісьменьнік ведае, што яго кніжка пойдзе шырока і глыбока ў народ і дасьць яму кусок хлеба. Беларускі тэатр можа існаваць і разьвівацца, бо беларускае грамадзянства, шырокія беларускія народныя масы патрабуюць яго таксама, як патрабуюць друкаванага слова. Адным словам: гэтыя дзьве галіны мастацтва могуць разьвівацца затым, што беларускае грамадзянства ўжо ў сілах іхутрымаць. На болей мы сіл ня маем. І вось, нягледзячы на нашае музыкальнае багацьце, наш выдатны кампазытар Станіслаў Казура, высока шанаваны за граніцай, прымушаны працаваць на палякаў як дырэктар Варшаўскае кансэрваторыі, хаця ўсемі сіламі сваей гарачай душы рвецца да роднай Беларусі, хаця ў творах сваіх выяўляе душу беларускага народу, сум і тугу яго зямлі, гоман яго лясоў і цішу сьмяротную яго балот... Творы Казуры — наскрозь беларускія, — аднак яны трапляюць да скарбаў польскае культурнае скарбніцы, бо беларусы яшчэ не пасьпелі разьвінуць у сябе музыкальнага жыцьця! А вазьмеце архітэктуру-будаўніцтва. Каму не знаёмы гэткі нам блізкі, родны стыль нашых старэнькіх цэркваў і званічак, нашых драўляных дамоў, сьвірнаў і т. д.? Багацьце нашага будаўніцтва з дрэва напэўна ня меншае, чым багацьце так званага закапанскага стылю. Аднак мы не прыждалі йшчэ беларускага Віткевіча, каторы распрацаваў бы беларускі стыль, паказаўшы ўсяму сьвету хараство яго і датарнаваў бы асаблівасьці яго да вымогаў сучаснага будаўніцтва. Чаму? Ізноў жа затым, што беларускае грамадзянства ня мае заможных людзей, каторыя маглі бы будаваць сабе дамы і гэтак даць матэрыяльную падставу распрацаваньню беларускага стылю. Дык і выходзіць так, што здольны беларускі мастак-архітэктар Лявон Дубяйкоўскі сядзіць у тэй жа Варшаве і ўсялякімі спосабамі зарабляе на кусок хлеба, ня маючы магчымасьці аддрукаваць распрацаваныя ім ужо праекты стылёвых беларускіх дамоў — мястовых і вясковых.

Так яно робіцца ў нас і ва ўсім іншым. Нашае грамадзкае жыцьцё толькі йшчэ арганізуецца, мы толькі пачынаем тварыць нацыянальнае мастацтва — і тварыць тое, дзеля чаго ўжо падгатованы грунт. Але ў меру нашага агульнага разьвіцьця, у меру ўзрастаньня духовых патрэб беларускае народнае масы, — урэшце, у меру вытварэньня матэрыяльнае магчымасьці для нас здаволіваць усе патрэбы нашага духа прыйдзе чарод і на разьвіцьцё тых галін беларускага мастацтва, якія дагэтуль не маглі прыцягуць да сябе мастакоў-беларусаў, прымушаных жыцьцём працаваць для чужых нам народаў.