Апошні верш М. Багдановіча

Апошні верш М. Багдановіча
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1925
Крыніца: Іскра. 1925. 31 тр

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Надовячы мінуў восьмы год ад сьмерці вялікага беларускага песьняра Максіма Багдановіча.

Пясьняр, хворы на сухоты, адзінока паміраў у Ялце. Відаць, адзіноцтва мучыла яго, але пацеху знаходзіў ён заўсёды ў сваіх думках-песьнях, што ўсьцяж зьвінелі ў яго вушох. Зь імі яму было добра і лёгка.

Багдановіч апошнія дні жыцьця не расставаўся зь першым і дагэтуль адзіным томікам сваіх вершаў («Вянок», Вільня, 19… г.). Гэтыя вершы, быццам водгукі мінуўшчыны, напалову спавітай ужо імглой аддаленьня, разьвявалі ягоную самоту. І на гэнай кніжачцы Багдановіч напісаў, здаецца, апошні свой вершык:

У белым доме, дзе я ўміраю,

Над сінім морам, ля самай бухты,

Я не самотны: я кнігу маю

З друкарні пана Марціна Кухты.

Маленечкі вершык, маленькая кніжка Багдановіча, — а сколькі ўспамінаў у іх для старых беларускіх працаўнікоў, для тых, хто з такім трудом выпускалі адну за аднэй беларускія кніжачкі ў друкарні гэтага самага, так памятнага памершаму паэту, Марціна Кухты! Бадай, усё, што друкавалася ў Вільні ад 1906 да 1918 году, друкавалася ў гэтай літоўскай друкарні, цяпер вывезенай у Коўну. І Багдановіч ведаў аб гэтым, і затым томік «Вянка», незалежна ад свайго зьместу, так многа напамінаў яму з часоў даваенных, калі паэт першы раз папаў у родную Беларусь — у сэрца яе, Вільню…