Асновы Дзяржаўнасьці Беларусі (1919, Вільня)

Асновы дзяржаўнасці Беларусі
Брашура
Аўтар: Мітрафан Доўнар-Запольскі
1919 год
Пераклад: Антон Луцкевіч
Іншыя выданні: Асновы дзяржаўнасці Беларусі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Профэсар М. В. Доунар-Запольскі.
Асновы Дзяржаўнасьці
Беларусі.
ВЫДАНЬНЕ ДРУГОЕ
Беларускага Выдавецкага Таварыства.
ВІЛЬНЯ 1919
Друкарня „Прамень“ Ігнатаўскі 5.
Асновы дзяржаунасьці Беларусі.

Беларусь — гэта вялізазны край, каторы складаецца з губэрняў: Менскае, Магілёўскае і Смаленскае (цалком), блізу ўсяе Вітэбскае губ. (апрача Рэжыцкага і Люцынскага паветаў), блізка усяе Віленскае (апрача часьцей Троцкага, Віленскага і Сьвянцянскага пав.), Горадзенскае губэрні, трох паўночных паветаў Чарнігаўскае губ, ды з сумежных валасьцей губэрняў: на заходзе — Сувалскае, на ўсходзе — Пскоўскае, Цьверскае, Калускае і Арлоўскае. Усяго абшару Беларусь мае каля 258,000 квадр. кілёмэтраў, на якім жыве 12 міліёнаў беларусаў і балей за 3 міліёны іншых нацыянальнасьцей — маскоўцаў, жыдоў, палякоў, татараў. Беларускі народ займае гэты абшар, седзячы на ім густой чарадой, у якую ўмешаны другія нацыі, каторыя прыйшлі сюды з чужых краёў і пераважна гуртуюцца па мястох і мястэчках.

Часамі даводзіцці чуць як быццам вагаючыяся і сумляваючыяся галасы: ці можа Беларускі народ стварыць сваё асобнае і ні ад каго незалежнае гаспадарства (гасударства) або прынамсі ўвайсьці ў саюз гаспадарстваў як фэдэрацыйная частка? Гэткія ваганьні і сумлеўкі вынікаюць з незнаёмства людзей з роднай мінуўшчынай і з не даволі поўнай ацэнкі культурнае стойкасьці беларускага народу.

Часамі такжа іншыя наіўна сумляваюцца: дый ці-ж было калі нашае Беларускае гаспадарства?. Праўда, пад гэткім назовам яно не істнавала, як не істнавалі ў цяперашняй форме гаспадарствы: Італьянскае, Бэльгійскае, Украінскае і інш. Але беларусы станавілі крэпка збудаванае гаспадарства, зложанае з беларускіх пляменьняў, так званае Літоўскае Русі, значыць, злучаных з Літоўскім князьствам. І Беларусь, як зараз убачым, толькі зусім нядаўна ўтраціла сьляды свае даўнейшае крэпкае і стойкае гаспадарсьцьвенасьці (гасударстненасьці) меўшай такія праявы разьвіцьця, якімі мы можам толькі пахваляцца з гордасьцю і павінны дабівацца аднаўленьня іх.

Асновы беларускае гаспадарсьцьвенае незалежнасьці глыбока заложаны ў самым Беларускім народзе і апіраюцца на моцных фундамэнтах — гістарычных, этнаграфічных, лінгвістычных і эканамічных. Яны выяўляюцца ўва ўсёй мінуўшчыне Беларусі, яны ёсьць у беларусаў і цяпер, захаваныя глыбока ў народных масах, - і вось чаму нашая дзяржаўнасьць (гаспадарсьцьвенасьць) павінна апірацца на дэмакратычных элемэнтах краю.

Беларусы - гэта бадай адзіны народ (мо толькі апрача палякоў), які з прадвечных часоў жыве ў сваёй старонцы, ніскуль сюды ня прыходзіў, дык і не набраўся чужацкіх элемэнтаў. З гэтае прычыны паводлуг сваіх гістарычных і этнаграфічных асобнасьцей беларусы становяць найбольш чыстае славянскае плямя, захаваўшае і зьнерхны выгляд славяніна, і шмат адзнак яго псыхікі і быту.

Жаданьне абудаваць сваю дзяржаўную незалежнасьць, уменьне бараніць яе, жаданьне дайсьці вольнага дэмакратычнага ладу - вось асноўныя рысы гістарычнае мінуўшчыны Беларускага народу. І мы ня ведаем другога славянскага плямя, у якога гэта рыса выяўлялася-бы ярчэй, чымся ў нашых прашчураў.

II.

Першае, аб чым нам апавядае нашая найстарэйшая летапісь, гэта тое, што на абшары цяперашняе Беларусі жылі тры родныя сабе пляменьні: Крывічы, Дрыгвічы і Радзімічы. Першыя жылі ўздоўж верхняе Дзьвіны і верхняга Дняпра; другія занімалі ваколіцы ўздоўж Прыпяці, трэція - землі, праз якія цячэ Сож. Навукай этнаграфіі, філёлёгіі і гісторыі цяперана ўжо цьвёрда даведзена, што гэныя тры пляменьні ўжо ў тыя часы ня розьніліся між сабой ані мовай, ані правам сваім ані рэлігійнымі абрадамі, ды ўсімі гэтымі супольнымі адзнакамі вельмі розьніліся ад пляменьняў, якія становяць пачатак Маскоўскага і Украінскага народаў. Першыя запісаныя асобеннасьці беларускае мовы сягаюць VII сталецьця. Частка плямя Дрыгвічоў у часе перасяленьня народаў пакінула свой край, прабілася на Балканскі паўостраў і пасялілася навакол Салонік. Грэкі называлі іх Другувітамі. Мовы Другувітаў навучыліся сьв. Кірыла і Мефодзій.

Сьпярша кожнае з беларускіх пляменьняў жыло сваім асобным жыцьцём. Калі ў другой палавіне IX сталецьця ў Кіеве тварылася гаспадарства 'Русь', дык беларусы папалі ў яго пазьней, чымся ўсе другія. Спаміж беларусаў першая ўвайшла ў склад Русі Смаленская часьць Крывічоў. У Дрыгвічоў быў свой князь, у Полацкіх Крывічоў - так сама асобны князь, Рагвалод. Толькі сьв. Валадзімір ў другой палове X сталецьця зваяваў Полацак, забіў Рагвалода і ўзяў сабе за жонку дачку яго. Але навет і гэты князь ня здолеў удзяржаць Палачан у пакорнасьці Кіеву і даў ім за князя свайго сына, унука Рагвалодава. Цікаўна, што пад той час, як усе "рускія" землі прызнавалі княжы род Рурыковічаў, Полацкае князьства мела сваіх асобных князёў з роду Рагвалода. Гэта дзівіла і старабытнага летапісца. Дый другія часьці ня доўга аставаліся пад Кіевам: кіеўскія князі ўжо ў канцы X сталецьця былі прымушаны даць асобных князёў Дрыгвічом і Смаленскім Крывічом. Гэтакім парадкам на зямлі Беларускай утварылася некалькі князьстваў: Смаленскае на Дняпры, Полацка-Вітэбскае на Дзьвіне і верхнім Нёмне, ды Тураўска Пінскае на Прыпяці. Гэтыя князьствы занімалі абшар усяе цяперашняе Беларусі. Кожнае з іх было незалежным гаспадарствам з асобным княжым родам - Рагвалодавічамі і Рурыковічамі. Усе яны многа ваявалі, шырока вялі гандаль, адзначаваліся высокай культураю.

К XIV сталецьцю род Рагвалодавічаў вымірае. Перш абшырнае Тураўска-Пінскае князьства пабілася на некалькі дробных і слабых князьстваў, і ў іншых з іх улада перайшла да жонак.

Як раз у гэтых часох на заходзе у межах мала-культурнага Літоўскага народу, утварылася незалежнае Літоўскае гаспадарства. Першыя літоўскія князі прылучылі да гэнага гаспадарства невялікія суседнія беларускія землі і навет сваю сталіцу, Вільню, пабудавалі на зямлі беларускага народу. Гэтак сама і іншыя Беларускія князьствы пачалі прылучацца да Літвы - часьцю затым, што літоўскія князі жаніліся з прадстаўніцамі выміраўшых беларускіх княжых родаў, часьцю - самахоць, на основе ўмоў.

Гэтак вялікі князь літоўскі папраўдзе стаўся князем Беларускіх зямель. Вялікія князі робілі ўмовы з князьствамі Полацкім, Смаленскім і Вітэбскім і давалі ім асобныя констытуцыйныя граматы, а там, дзе княжыя роды панавалі далей, мясцовыя князі лічылі сябе прыслухаючымі вялікаму князю літоўскаму, васаламі яго. Гістарычная навука зусім адкідае ўсе гутаркі аб тым, быццам Беларускія землі былі заваяваны літоўскімі князьмі.

У часох будаваньня Літоўскага і Беларускага князьства было ўжо ўсім вядома імя Беларусі і беларусаў, якое азначала "Русь" вольную, свабодную ад платы падаткаў наездчыкам ("белым" тады наагул называлі чалавека, вольнага ад падаткаў), ды гэтак выдзяляла Беларусь ад другіх частак абшырнага "рускага" плямя, на которыя татары накладалі падаткі. Злучыўшыся з маленкім Літоўскім нарадком і прызнаўшы найвышэйшую, сувэрэнную ўладу вялікага князя літоўскага, кожнае з беларускіх князьстваў мела поўную незалежнасць і яшчэ даўгі час захоўвала свае сувэрэнныя правы.

Гэтак злажылася Літоўска-Беларускае гаспадарства, урадова называўшаеся Вялікім Князьствам Літоускім, Рускім[1] і Жмудзкім.

Беларусы пераважывалі ў гэным гаспадарстве сваёй лічбаю і сваёй якасьцю: пад той час нашыя прашчуры адзначаваліся ўжо высокім разьвіцьцем гаспадарсьцьвенасьці, мелі сваё пісьменства - літэратуру, вялі абшырны гандаль з немцамі, а ліцьвіны да злучэньня з "Русьсю" ня мелі ні гаспадарсьцьвеннасьці ні пісьменства, ні тарговых зносін і знаходзіліся на вельмі нізкой ступені разьвіцьця. Чысьленая перавага беларусаў у гэным гаспадарстве выявіцца з асаблівай яркасьцю, калі прыпомнім, што Літоўскі народ занімаў усяго толькі каля пятае часткі абшару Вялікага Князьства Літоўскага. Да таго трэба памятаць, што навет у XVII сталецьці насяленьне запраўднае Літвы было вельмі рэдкае.

У 1385 гаду вялікі князь літоўскі зробіў саюз з Польшчаю і падпісаў акт уніі (еднасьці). Аднак, паводле гэнае ўмовы вялікі князь Літвы і Русі ня губляў свае незалежнасьці. Калі-ж літоўскія князі пачалі барацьбу з Ягайлай за поўную незалежнасьць Літвы і Русі, дык іх паддзержавалі якраз беларускія нацыянальныя элемэнты. З гэтае прычыны да 1447 году Літоўска-Беларускае гаспадарства то прызнавала найвышэйшую сувэрэнную ўладу польскага караля, то мела сваіх асобных валадароў. Палякі-ж, каб зьвязь Польшчы з Літвой-Русьсю не разарвалася, зумысьля стараліся выбіраць вялікіх князёў Літоўскіх на каралеўскі пасад. Напрыклад, у 1400 гаду ліцьвіны і беларусы ўзьвялі на свой вялікакнязеўскі пасад Казіміра Ягайлавіча; а калі ў 1447 гад апусьцеў польскі каралеўскі пасад, дык палякі выбралі за караля таго-ж Казіміра. У 1492 гаду Літва і Русь, асабліва апошняя выбралі за вялікага князя Аляксандра Казіміравіча, каторы ў 1501 гаду быў выбраны за польскага караля. У 1507 гаду ліцьвіны і беларусы выбралі за свайго вял. князя Жыгімонта Казіміравіча, а сьледам за імі ў тым-жа гаду палякі яго-ж узьвялі на польскі пасад. Калі-ж ліцьвіны за наступніка вял. князя яшчэ пры жывым бацьку выбралі Жыгімонта-Аўгуста, дык і палякі пайшлі па іх сьлядох. Між іншым Жыгімонт Аўгуст ад 1544 да 1548 году гаспадарыў у гаспадарстве зусім незалежна пры старэнькім бацьку і быў апошнім асобным князем Літвы і Русі.

Гэтак, ад 1447 да 1569 году Літва і Беларусь былі ў пэрсональнай уніі (еднасьці праз асобу караля) з Польшчай, і гэная форма еднасьці зусім не зачапляла сувэрэннае асобнасьці Літоўска-Беларускага гаспадарства.

Але Жыгімонт-Аўгуст ня меў дзяцей, ды ўжо пачала набліжацца старасьць яго. Польскія дыплёматы бачылі магчымасьць разрыву з Літвой і Русьсю, тым балей, што было ведама аб істнаваньні дужое маскоўскае партыі, якая манілася ўзьвясьці на пасад князя з маскоўскага царскага роду. Маскоўская партыя выяўляла гэткую думку і раней, - навет пры Ягайлавічах. Вось, палякі напружылі ўсе свае сілы, каб зробіць новую ўмову аб уніі (гаспадарсьцьвенае еднасьці). Усё злажылася памысна для палякоў. У 1569 гаду Літоўска-Беларускае гаспадарства, вёўшая цяжкую барацьбу за панаваньне над Балтыцкім узьбярэжжам і за места Рыгу, ня маючы сілы перамагчы Маскву, прыстала на унію з Польшчай.

Трэба заўважыць вось што. У часох будаваньня Літвы яна прылучыла да сябе такжа і паўднёва-рускія землі: Валынь, Кіеўшчыну і ўсходнюю частку Падольля. Але гэныя землі былі тады вельмі спустошаны татарамі і ў агульна-гаспадарсьцьвеным жыцьці прымалі толькі зусім невялікае ўчасьце. У 1569 гаду гэныя землі, а так сама Падляхія (паўднёвая частка Горадзеншчыны) былі прылучаны палякамі да Польшчы і абернены ў польскія правінцыі. Гэткім парадкам пасьля 1569 году толькі беларусы і Літва захавалі сваю незалежнасьць і зробілі ўмову аб уніі з Польшчай, як роўны з роўным.

Зьмест акту аб польска-літоўскай уніі быў гэткі: абодва гаспадарствы злучаліся на вечныя часы ў такім значэньні, што яны павінны былі мець супольны парлямэнт (сойм), якому прыналежыць права выдатаваць законы і выбіраць супольнага гаспадара — караля і вялікага князя. Аднак, у Літве і Беларусі ўлада вялікага князя выяўляецца незалежна: законы, войска, грошы, фінансы і міністэрствы кожнае гаспадарства мае асобныя. У акце уніі ня зусім ясна кажацца аб тым, у якім складзе супольны сойм выдае законы для кожнага гаспадарства. У Літве і Беларусі мелі сілу толькі тыя законы, выданыя супольным соймам, у каторых гэта было спэцыяльна абгаворана. А спэцыяльныя законы для Літоўска-Беларускага гаспадарства разглядаліся толькі літоўска беларускімі дэпутатамі.

Толькі ў другой палавіне XVII сталецьця гэты разьдзел пачаў на практыцы зацірацца і пачалі зьяўляцца супольныя для абодвух гаспадарстваў установы. Але гэта ўжо былі часы разьдзелу і ўпадку Літоўскага гаспадарства.

А усё-ж унія аказалася пагібельнай як для Польшчы, так і для Літоўскае Русі.

Палякі не здаволіліся актам саюзу, а кінуліся апалячаваць Русь і акаталічаваць яе праваслаўнае насяленьне, часта апіраючыся на каралеўскую ўладу, якая паддавалася іх намовам у рэлігійна-нацыянальных справах. У 1596 гаду палякі, супроць волі вялізарнае большасьці праваслаўных жыхараў і карыстаючыся здрадай некалькіх праваслаўных епіскапаў, дабіліся царкоўнае уніі — значыць, злучэньня праваслаўнае царквы з каталіцкім касьцёлам. Тады ўзьнялася вельмі вострая рэлігійна-нацыянальная барацьба. Націск польшчыны і каталіцтва прымусіў згуртавацца супроць яго ўсіх праваслаўных беларусаў. У каталіцтва перайшла пераважная частка шляхты, прымаючы ад палякоў разам з рэлігіяй іх язык і культуру. Гэтак „вярхі“ народу адшчапіліся ад яго „нізоў“. Але дужое мяшчанства па мястох крэпка бараніла сваю нацыянальнасьць і веру. Сялянства пераходзіла на унію толькі над прынукай. Усе сілы і засобы багатага і культурнага народу абярнуліся на рэлігійную і нацыянальную барацьбу. Ужо ў XVIII сталецьці выяўляецца па мястох упадак гандлю і промыслаў. Нельга ня прызнаць, што палякі дайшлі свайго. Польская культура і мова пранікалі ўсё глыбей і глыбей у вярхі грамадзянства, якія ўсё болей разрывалі зьвязь з мяшчанствам; апалячаваньне шырылася і па мястох, асабліва вялікшых. Ад другое паловы 17 сталецьця беларуская мова навет пачынае ўступаць месца ў законах, судох, адміністрацыйных установах лацінскай або польскай мове.

Але хоць апалячаваньне і акаталічаваньне і выяўлялася ў верхніх слаёх народу, - усё-ж сяляне і ў значнай меры мяшчанства цьвёрда баранілі далей сваё права на незалежны рэлігійна-нацыанальны быт. То былі цікаўныя часы злоснае барацьбы, якая йшла ў літэратуры, у школах, у дыспутах і спрэчках, заходзячы часамі да бітваў на кулакі паміж прадстаўнікамі розных рэлігій і нацыянальнасьцей. У XVIII сталецьці ўсё беларускае і праваслаўнае цярпела цяжкое гнібеньне. Але тады праваслаўныя пачалі шукаць сабе заступніцтва за межамі свайго гаспадарства і ўцягаваць у гэную барацьбу маскоўскую царыцу Кацярыну II.

Кацярына II здаўна ласа ўглядавалася на ўсходнія ўзьмежкі Польскае Рэчыпаспалітае, дык ахвотна ўмяшалася ў рэлігійныя справы ў Беларусі і патрэбу абароны праваслаўнае веры выкарыстала дзеля падняцьця пытаньня аб разьдзеле Польшчы. Адна за аднэй суседнімі гаспадарствамі былі зроблены тры ўмовы аб разьдзеле, каторы ўсе Беларускія землі аддаваў Расейскай імпэрыі у ніжейпісаным парадку. Паводлуг умоў: 1772 г. з Прусамі і Аўстрыяй і 1773 - з Польшчай да Расеі адыйшлі: Полацкае ваяводзтва (апрача часткі яго на правым беразе Дзьвіны), Вітэбскае (без Аршанскага павету), Мсьціслаўскае і часьці Менскага. Разьдзел 1793 г. даў Расеі Менскае ваяводзтва і значныя часьці Віленскага, Наваградзкага і Берасьцейскага. Разьдзел 1795 году аддаў Расеі рэшту ваяводзтваў Наваградзкага і Берасьцейскага. Урэшце паводле трактату ў Тыльжы (Тыльзіт) 1807 году пад расейскае панаваньне перайшла Беласточчына. Гэтак уся Беларусь апынулася ў складзе Расейскае імпэрыі. Палітычная незалежнасьць Беларусі была загублена. Яе свабодныя ўстановы былі прымушаны прыпыніць сваю работу. Ужо за Кацярыны II пачалі заводзіць у Беларусі маскоўскі гаспадарсьцьвены лад і гаспадарсьцвеныя маскоўскія законы. Праўда, імпэратар Павал вярнуў ізноў Літоўскі Статут (зборнік краёвых законаў), але даўнейшага самаўпраўленьня цалком назад не вярнулі. Губэрскія зьезды шляхты часьцю замянялі старыя шляхоцкія сэймікі, але ўстанаўленьне і ў Беларусі правоў маскоўскае шляхты не магло здаволіць беларускую шляхту. Літоўскі Статут меў яшчэ сілу да імпэратарскага ўказу 1840 году, а з таго часу пачынаецца аканчальная перабудова суду і ўпраўленьня на маскоўскі капыл.

Маскоўскія парадкі ня толькі зьніштажалі шляхоцкія вольнасьці ў палітычным жыцьці, але і мелі на мэце барацьбу з пануючым палажэньнем апалячанае шляхты і каталіцтва, якое вяло палітычную работу. Гэную барацьбу маскоўскі ўрад вёў няўдачна, груба, бяз ніякае сыстэмы. Маскоўскі ўрад бадай да 60-х гадоў мінулага сталецьця, - значыць, да губэрнатарства М. Н. Мураўёва, - кепска разумеў, што ён мае дзела з Беларускім краем. Згодна з агульным кірункам свае палітыкі, урад ня мог абаперціся на больш дэмакратычныя элемэнты: на сялян і мяшчан, на астачы ніжэйшае праваслаўнае шляхты. З гэтае прычыны, — як гэта ня дзіўна, — апалячаваньне ў пачатку маскоўскага панаваньня зробіла вялікі крок упярод, бо маскоўскі ўрад пасьпеў ужо адапхнуць ад сябе ўсіх, хто быў пранікнуты беларускім нацыянальным духам. Праўда, імпэратар Мікалай I у 1839 гаду абвесьціў прымусовае прылучэньне уніятаў назад да праваславія, але гэты акт быў толькі новым гвалтам над людзкім сумленьнем і яшчэ больш настроіў народ проці маскоўскага ўраду. Дык і ня дзіва, што і ў 1831 і ў 1863 г. г. Беларускія землі крэпка паддзержавалі польскія паўстаньні. Да паўстаньняў прылучаліся ня толькі апалячаныя шляхоцкія элемэнты, але і людзі розных станаў, у тым ліку сяляне і рамесьнікі: бо тут справа йшла ня толькі аб адбудову Польшчы ў яе старых межах, але і аб вызваленьне з пад цяжкога маскоўскага панаваньня.

III.

Усе вышэйпісаныя факты — гэта формальная старана разьвіцьця нашае гаспадарсьцьвенасьці. З іх ясна відаць, што ў першых часох свае гісторыі Беларусь была асобным, незалежным князьствам, якое мела ўсе адзнакі гаспадарсьцьвенае сувэрэннасьці. У другі пэрыод — у часох злучэньня Беларусі з Літвой — гэтае злучэньне сьпярша мела форму фэдэрацыі Полацкага, Вітэбскага і Смаленскага князьства з князьствамі Віленскім і Троцкім — пад той час, як на іншых беларускіх землях яшчэ аставаліся удзельныя князі (Тураўска-Пінскія, Слуцкія, Мсьціслаўскія, Старадубскія і інш.), быўшія ў васальнай залежнасьці ад вялікага князя Віленскага. На тым, што злучэньне памянутых князств станавіла фэдэрацыю, годзяцца ўсе вучоныя. Але тагочасныя людзі разумелі гэную фэдэрацыю, як пэрсональную унію (еднасьць праз асобу гаспадара), пры каторай вялікі князь Літоўскі быў адначасна і князем Полацкім, Смаленскім і Вітэбскім, меў у кожным князьстве свой двор, спаўняў свае дзейнасьці прыяжджаючы ў кожнае князьства асобна. Толькі каля сярэдзіны XVI сталецьця гэная форма пэрсональнае уніі зьмяняецца ў фэдэрацыю паадзінокіх зямель, каторыя пасылаюць сваіх прадстаўнікоў у агульна-земскі парлямэнт. Акт 1569 году нельга лічыць за адну з вядомых цяпер гаспадарсьцьвенаму праву формаў зьліцьця асобных зямель у адно гаспадарства — злучэньня унітарнага. У навуцы унія 1569 году называецца парлямэнцкай уніяй, пры чым сувэрэнныя правы злучанага Літоўска-Беларускага гаспадарства былі акуратна абгавораны ў гэтым акце і мелі сілу ажно да прылучэньня Беларусі да Расеі.

Але ў канцы XVIII сталецьця Беларусь аказалася прылучанай да Расейскае імпэрыі, утраціўшы свае сувэрэнныя правы — правы незалежнага гаспадарства. Некаторыя асаблівасьці ў законах, вытварыўшыяся згодна з яе гістарычным разьвіцьцем, Беларусь захавала да 1840 году. З гэтага вынікае, што Беларусь, як і яе суседка Літва, мае такія-ж правы на адбудову свае гаспадарсьцьвенасьці, як і Польшча. Тое, што Беларусь і Літва нейкі час былі ў уніі з Польшчаю не пазбаўляе іх права на адбудову гаспадарсьцьвенае незалежнасьці ў форме супольнага Беларуска-Літоўскага гаспадарства, ці нават у форме асобных гаспадарсьцьвеных арганізацый, бо і на гэта і Беларусь, і Літва маюць як агульнае права кожнай нацыянальнасьці жыць незалежным жыцьцём, так і правы гістарычна-юрыдычныя.

Цяпер прыходзіць пара паправіць гістарычныя абмылкі мінуўшчыны - тым больш, што Беларуская нацыя апіраецца на крэпкіх фундамэнтах гаспадарсьцьвенасьці на шырокіх дэмакратычных асновах і мае трывалыя асобеннасьці адметнае гістарычнае культуры.

Гэтыя асобеннасьці чырвонай ніткаю праходзяць цераз усю мінуўшчыну беларусаў і цераз іх сучасны быт, і вось да іх мы з чароду пяройдзем.

IV.

Найдаўнейшыя часы гісторыі Беларусі адзначаны панаваньнем дэмакратычных ідэй у грамадзкім і гаспадарскім ладзе. Найвышэйшая ўлада прыналежыць вечу, або народнаму сходу, каторы ў Вітэбску і Полацку выбіраў князёў, а ў Смаленску і Тураве бяз згоды яго ўлада не магла перахадзіць ад аднаго князя да другога. Разьдзелу на станы ня было: панавала роўнасьць. Гэткі лад дзяржаўся да пачатку XVI сталецьця, калі перакінуўшыйся з Літвы і Польшчы разьдзел на станы зробіў вялікія перамены у старабытных дэмакратычных парадках. Аднак, кожын з трох станаў, на якія быў падзелены беларускі народ, захаваў сьляды даўнейшае ўлады народу. Пакуль сяляне былі вольныя, яны мелі сваё валасное веча і валасны суд, датрываўшыя блізу да сярэдзіны XVII сталецьця шмат у якіх мясцох і перайшоўшыя пасьля ў сельскія арганізацыі і сходы, жывыя і цяпер. Месты аставаліся вольнымі грамадамі: у іх дэмакратычная роўнасьць і суды былі забяспэчаны каралёўскімі прывілеямі, за якія мяшчане ў патрэбе ўмелі бароцца. Вышэйшы ваенна-службовы стан выпрацаваў для сябе такую форму констытуцыі, каторая давала гэтаму стану права вельмі шырокага ўчасьця ў справах гаспадарства, пачынаючы ад выбару вялікага князя і канчаючы справамі вайны і міра і правадаўства. Констытуцыю баранілі асобныя прывілеі, выпаўняць каторыя вялікія князі запрысягаліся. Шляхоцкі стан, як ваенна-службовы дабіўся найбольш у разьвіцьці парлямэнцкага ладу. Сьпярша ён складаўся з двох слаёў: панства-арыстакратаў і неарыстакратаў. Нерадавітыя элемэнты дабіліся поўнае роўнасьці з радавітымі, абдоранымі прывілеямі. Але шляхоцкага стану ў Беларусі нельга зусім раўнаваць да шляхты ў Заходняй Эўропе. Шляхта ў Літве і Беларусі - і асабліва ў Беларусі - была вельмі чысьленая і сваёй заможнасьцю пераважна ня розьнілася ад сялянскага - тыя-ж адвечныя земляробы, дробныя земляўласьнікі, якіх прынялі на ваенную службу: яны сваймі ўласнымі рукамі ўраблялі зямлю, маючы яе часта зусім мала. На іх долю выпадала найцяжэйшая служба ў гаспадарстве, і вось за гэную службу іх абдоравалі прывілеямі, і яны ў сваіх правох зьліліся з нячысьленым радавітым, часьцю тытулованым панствам, паходзіўшым ад старых княжых родаў.

Панаваўшы ў Літоўска-Беларускім гаспадарстве дзяржаўны лад - гэта лад рэспубліканскі з выбарным дажывотна прэзыдэнтам, каторы называўся вялікім князем. Так у новай форме адрадзілася традыцыя народнае ўлады старое Русі. Гістарычныя рэспубліканскія традыцыі нашага народу не на жарт палохалі царскі ўрад: у межах быўшае Расейскае імпэрыі ня было другое старонкі, да каторае царскі ўрад адносіўся-бы гэтак-жа сурова, як да Беларусі. Зьнішчыўшы польска-беларускія школы, расейскі ўрад ня даў нам ніводнае вышэйшае школы, навет духоўнае акадэміі, ды блізка зусім не адкрываў гімназій, а да істнуючых адносіўся так, што за Аляксандра III лічба школ і вучняў у іх навет паменшала, раўнуючы да ранейшых часоў. Урадавая палітыка вельмі шмат памагала апалячаваньню краю, бо ўсе, хто думаў аб палітычным вызваленьні, прылучаліся да палякоў, з каторымі спадзяваліся разам дайсьці спаўненьня сваіх ідэалаў. Не прызнаваючы беларусаў - мястовых і вясковых, урад пазбаўляў нас свае інтэлігэнцыі, а чыноўнікаў назначалі ў нас маскоўцаў, незнаёмых з нашым жыцьцём і часта мала здатных да працы. Быў навет выданы прыказ, каб беларусаў не назначалі за епіскапаў. Нястача вышэйшых школ, немагчымасьць для беларусаў ніяк устроіцца ў адным адміністрацыйных пунктаў краю зробілі тое, што беларуская інтэлігэнцыя пакідала сваю Бацькаўшчыну і вандравала на чужыну. У мястох Беларусі яна не магла ўмацавацца йшчэ і затым, што паходзячы з народу, ня здолела ўвайсьці ў таргова-прамысловае жыцьцё, - дый тое, праўду кажучы, было ў нас слаба разьвіта . Ведама, нястача тутэйшае інтэлігэнцыі ў свой чарод была аднэй з прычын застою ў гандлі і прамысловасьці.

Змагаючыся з беларускай культурай і яе прадстаўнікамі, расейская ўлада - інстынктыўна, ці мо' і сьвядома - разумела самабытнае значэньне гэтае культуры і баялася яе.

Запраўды з культурнага пагляду беларускі народ можа з гордасьцю ўспамінаць аб сваёй мінуўшчыне. Пачынаючы ад XII сталецьця, беларуская нацыянальнасьць уславілася і ў навуках і літэратуры. Іменьні такіх пісьменнікаў і культурных дзеячоў, як Кірыла Тураўскі, Абраам Смаленскі, Клімант Смаляціч, Еўфрасіньня Полацкая ўславілі цэлую эпоху старарускае асьветы і пісьменства. У часох літоўска-беларускага гаспадарства мы бачым высокае разьвіцьце ў беларусаў літэратуры і права. Беларуская мова была вельмі пашырана. Ад канца XIV сталецьця навет у Літве і Жмудзі большая частка жыхараў ужывала дома старабеларускае мовы, а ў судох і адміністрацыйных установах беларускі язык быў авабязкавы, як урадавы. Ня толькі практыка але і закон прызнаваў гаспадарсьцьвенасьць і абавязкавасьць беларускага языка. Толькі дэкрэтам 1697 г. яго замяніла польская мова.

У беларускай мове зьявіліся найстарэйшыя і з навуковага нагляду найлепш уложаныя зборнікі беларускіх законаў, раўнуючы да другіх памяткаў рускага права: Літоўскія статуты ў трох выданьнях - 1529, 1566 і 1588 г.г. Гэта - плод працы выдатных юрыстаў, вельмі ўдачна злучыўшых асновы старога нацыянальнага права з законамі навейшага правадаўства. Гэткім парадкам статутовае права - гэта ў значнай меры нашае нацыянальнае права. І гэта тым больш цікаўна, што пазьнейшыя выданьні статутаў пераглядаліся камісіяй, зложанай з беларускіх юрыстаў, праходзіўшых навукі ў заходня-эўропэйскіх унівэрсытэтах. Наагул, разьвіцьце навукі права ў Беларусі было надта высокае, што відаць ня толькі з старых дакумэнтаў і правадаўчых актаў, але і з знамянітых прымернікаў адвакацкіх прамоў на судзе. Дык няма дзіва, што ў пачатку другое палавіны XVI сталецьця мы ўжо бачым у Вільні першы юрыдычны факультэт, на каторым беларуска-літоўскае і нямецкае права выкладалі беларускія вучоныя юрысты.

У другіх галінах літэратуры беларуская культура выявіла сябе гэтак сама ярка. Пабеларуску выйшаў у сьвет першы ў Расеі друкаваны пераклад кніг сьвятога пісьма - слаўная праца першага беларускага народніка, доктара мэдыцыны "з слаўнага места Полацка", Францішка Скарыны, працаваўшага над сваім выданьнем у Празе і ў Вільні ў самым пачатку XVI сталецьця. Беларуская-ж літэратура мае першага панславіста ў асобе Васіля Цяпінскага, земляка Скарыны, ператлумачыўшага на беларускую мову евангельле ў сярэдзіне XVI ст. Навет, толькі тая друкаваная і пісаная беларуская літэратура, якая да нас дайшла ў кнігах багаслужэбных, рэлігійна-полемічных творах, аповесьцях, летапісях, граматыках і інш., дае довад шырокага культурнага разьвіцьця Беларусі, асабліва-ж нязвычайнага разьвіцьця беларускага языка. Друкаваньне кніг пачалося ў Беларусі ў самым пачатку XVI сталецьця, а ў канцы таго-ж сталецьця можна было ўжо налічыць дзесяткі друкарняў, параскіданых па розных мястох і мястэчках.

Праўда, пасьля бліскучага разьвіцьця ў XVI ст. беларуская культура і літэратура ў чародны пэрыод пачала ўпадаць. Сама па сабе беларуская культура была моцная, бо яна была крэпка зьвязана з нацыянальнай верай і з цьвёрдай сьвядомасьцю нацыянальнае гаспадарсьцьвенасьці. Аднак, гэтакая рэлігійна-нацыянальная пазіцыя станавіла і вялікую небаспеку ў часох рэлігійнае барацьбы, абхапіўшае ўсю Заходнюю Эўропу.

Першы ўдар беларускай нацыянальнай справе зробіла пратэстанцтва, прыйшоўшае ў Беларусь у форме кальвінізму і соцыніянства. З пагляду на культурную работу, пратэстанцтва не пярэчыла ўстаноўленай традыцыі, і працуючы дзеля рэлігіі прыкладала руку да адкрываньня школ, падняцьця асьветы і навет пашырэньня літэратуры, бо многа пратэстантаў-беларусаў карысталася роднай беларускай мовай для шырэньня новае веры. Дый у праваслаўнай царкве ў Беларусі было шмат такога, што збліжала яе да пратэстанцтва: учасьце сьвецкіх людзей у царкоўным жыцьці, саборнасьць царкоўнага ўстройства. Але пратэстанцтва прыносіла з сабой ідэі інтэрнацыяналізму і разьбівала крэпкую спайку насяленьня з старой верай.

Калі пратэстанцтва пачало губляць сваю вагу і пачалася рэлігійная рэакцыя (паварот назад), адзначыўшаяся ў Беларусі такой шырокай працай езуітаў, якой ня ведалі іншыя старонкі, - тады пратэстанты з быўшых праваслаўных пачалі шыбка перахадзіць на каталіцтва. А як да езуітаў належалі пераважна палякі, дык справа пашырэньня каталіцтва скора абярнулася ў апалячаваньне беларусаў. Асабліва пачала польшчыцца шляхта. Дзеля тае ж мэты - акаталічаваньня і апалячаваньня беларусаў - быў перакінены мост між праваслаўнай царквой і каталіцтвам у форме Берасьцейскае царкоўнае уніі ў 1596 гаду, праведзенае супроць волі народу жменяй епіскапаў, адрокшыхся праваславія і паддзержаных усёй сілай улады караля Жыгімонта III. Насталі цяжкія часы рэлігійнае і нацыянальнае барацьбы.

А усё-ж беларускі народ ператрываў гэную барацьбу, у значнай меры месты і ўсё сялянства асталіся вернымі сваёй нацыянальнасьці, навет і прыняўшы унію, ня гледзячы на прымусовы спосаб правядзеньня яе. Праваслаўныя брацтвы далі стойкі прыклад абароны свае нацыянальнасьці. Яны адбаранілі Беларускую культуру, пісьменства, асьвету і цераз эпоху ўціску уважліва данясьлі нацыянальныя традыцыі і пачуцьцё нацыянальнае самабытнасьці да пачатку XIX ст., калі рэлігійная барацьба ўтраціла сваё значэньне.

У XIX сталецьці і да нашых дзён беларуская нацыянальная ідэя не замірала ні на адзін мамэнт. Праўда, сьпярша польская, а пасьля маскоўская культура прыцягавала дя сябе многа лепшых сыноў Беларусі. Польская культура ўзбагацілася гэткімі сынамі нашае Бацькаўшчыны, як Тадэуш Касьцюшка, Сыракомля, Крашэўскі і навет Адам Міцкевіч. Усё-ж прыемна адзначыць, што тры апошнія прадстаўнікі польскае літэратуры з вялікай любасьцю да роднага краю і яго народу пісалі на родныя матывы, толькі карыстаючыся польскай мовай, падобна, як слаўны сын Украіны Гоголь, карыстаўся маскоўскай. Яны, як і многа іншых, ніколі не адрываліся ад роднага краю і не разрывалі зьвязі з тым беларускім гуртком, каторы часьцю ў польскай, часьцю ў роднай беларускай мове працаваў над адраджэньнем і паддзержкай беларускае нацыянальнае ідэі. Даволі назваць такія іменьні як гісторыкаў Нарбута і Кіркора, проф. Ярошэвіча, Даніловіча, Кукольніка, іменьні этнографаў, паэтаў і бэлетрыстаў, як Ян Чэчот, Ян Баршчэўскі, Дунін-Марцінкевіч і многа іншых, каторыя стварылі слаўную эпоху нацыянальнага адраджэньня беларусаў ад 30-ых да 60-ых гадоў мінулага сталецьця. Як быццам замершая на чвэрць веку пасьля Мурав’ёўскай гаспадаркі ідэя беларускага адраджэньня пачала ізноў выяўляцца ўжо у канцы 80-х гадоў — сьпярша, з прычыны цэнзурнага ўціску вельмі нясьмела то ў форме стацей і кніжак, даводзіўшых самабытнасьці беларускае этнаграфіі і гісторыі, пісаных Сапуновым, Стукалічам, Нікіфароўскім, Доўнар Запольскім, Карскім і другімі, то хаваючыся ў нелегальных віленскіх і менскіх арганізацыях. Але яна дайшла шыбкага і буйнога расцьвету у самым пачатку рэволюцыйнага руху. Зьявіліся гурткі, арганізацыі, журналы, газэты. Паяўленьне «Нашае Нівы», іменьні Янкі Купалы і іншых паэтаў, грамадзкая і літэратурная праца братоў Луцкевічаў і даўгога сьцягу іншых працаўнікоў і арганізацый становяць цэлую эпоху ў гісторыі разьвіцьця беларускае нацыянальнае сьвядомасьці. Увесь беларускі рух апошняга часу ажно да Усебеларускага Зьезду ў Менску ў сьнежні 1917 году сьведчыць здольнасьці да жыцьця беларускае нацыянальнасьці і аб крэпкай зьвязі яе з гаспадарсьцьвенай незалежнасьцю.

Да гэтага агляду трэба было-бы дадаць факты, якія выдзяляюць этнаграфічны тып беларуса — самабытны і адменны ад другіх народнасьцей, тып чыстага славяніна, — а такжа факты, паказаваючыя эканамічную абасобленасьць Беларусі. І лішне не пашыраць нашае кароткае запіскі ў гэты бок, у канцы лічым патрэбным яшчэ раз цьвёрда адзначыць тыя вывады, якія лёгічна вынікаюць з вышэйсказанага. Народ, каторы праз колькі сот гадоў самага цяжкога гістарычнага жыцьця, гледзячы на вострую нацыянальную барацьбу і на ўціск ураду, найдужэйшага на сьвеце гаспадарства ня ўтраціў свае нацыянальнае самабытнасьці — народ меўшый праз некалькі сталецьцяў сваю гаспадарсьцьвеную незалежнасьць, — народ, каторы мае і ствараную вякамі культуру і літэратуру, свае яркія асобеннасьці этнаграфіі і языка, — такі народ мае і цяпер усе правы на гаспадарсьцьвеную незалежнасьць. І гэтае права з тым большаю справядлівасьцю павінна быць паддзержана ў той мамэнт, калі ўваскрасаюць і прызываюцца да новага жыцьця другія нацыянальнасьці, незалежны быт каторых ня быў ані гэткі даўгі, ані гэткі абасоблены. Ведама тут узьнімаецца важнае пытаньне аб варунках і формах гаспадарсьцвенае незалежнасьці: ці выбраці поўнасцю абасобленую ад другіх незалежнасьць, ці фэдэрацыю з блізкімі па крыві суседзямі. Гістарычная навука не павінна браць на сябе разьвязку гэтага пытаньня і абмежаваць выбар. Яна дае толькі адзін вывад, каторы дыктуецца гістарычна злажыўшыміся акалічнасьцямі: народ, у якім гістарычна вытварылася здольнасьць жыцьця і жыцьцевая сіла, будзе заўсёды бароцца і бараніць свае правы, а, значыць, можа нарушаць агульны спакой датуль, пакуль ня будуць здаволены яго нацыянальныя патрэбы, правы і дамаганьні забяспэчаньня яго нацыянальнага быту.

Проф. М. Доунар-Запольскі.

Зноскі правіць

  1. Пад той час цяперашняя расейская зямля называлася зямлёй Маскоўскай, Беларусь і Украіна зваліся "Русьсю". Пасьля, наадварот, гэтае імя пераняла Маскоўшчына. Рэд.