Як жывуць цяперка людзі?
Разглядзісь на ўсе бакі:
Ураз спаткаеш ці бязглузьдзе,
Ці тырчаць зьвяроў клыкі.
Дужы гне ў дугу слабога;
Бедняку няма як жыць;
Хоча больш, хто мае многа
Дурань—пнецца мудрым быць…
Пралязае ў „збаўцы люду“
Шарлатан і пустазвон;
Дзе ні глянь — ўсё поўна бруду,
Ілжа стала за закон.
Чэсны хто, ідэалісты,
Прападзе, як ні круці;
А чым больш у сэрцы чысты —
Тым ён меней варт ў жыцьці…
Шэльмы ўраз ідуць гарою; —
А за імі — спрытны хто;
Ўсяк з гумоваю душою —
Пражыве свой век нішто!
Чэсьць і чыстае сумленьне, —
Сэрца мяккае і вум,
Сяньнешняе пакаленьне —
Лічыць за цяжар і глум.
Задаецца хто пытаньнем
Аб „высокім“ і „сьвятым“
Дачакае асьмяяньня,
Назавуць яго — дурным…
Сяньня кожны зарагоча
На ўспамін: „сьвятое“, „Бог“:
— „Ідэалаў, бач, вось хоча!
Ха-ха! дурань, далібог!“
Глупства ўсё, патрэбы „духа“
І жыцьця „сьвятая цэль“,
Ідэал — патрэбы бруха,
Бог — дубіна ды рубель!…
........... Дык як хочаш ясна й ціха
Свайго веку пражыць дні —
Кінь духоўнае да ліха!
Ідэалы прочь гані!
Хай арлы лятуць у неба,
Недзе аж пад аблакі!
Каму жыць з ваўкамі трэба —
Хай пяе так, як ваўкі!…
|