Беларускі музэй ім. Івана Луцкевіча
Беларускі музэй ім. Івана Луцкевіча Артыкул Аўтар: Антон Луцкевіч Крыніца: Гадавiк Беларускага Навуковага Таварыства. Кнiжка I. Вiльня, 1933 |
Беларускі Музэй ім. Івана Луцкевіча паўстаў з прыватнае калекцыі Івана Луцкевіча, якую гэты тварэц беларускага адраджэнскага руху і неўтамімы працаўнік на ніве беларускае архэалёгіі зьбіраў у працягу ўсяго свайго жыцьця — ад трэцяе клясы гімназіі. Ідэяй Ів. Луцкевіча і было стварэньне беларускага нацыянальнага музэю, дзеля чаго — за год да сваей перадчаснай сьмерці — ён і падараваў сваю калекцыю Беларускаму навуковаму таварыству. Аднак Таварыства, ня маючы ўласнага памяшчэньня і карыстаючае само з прыватнае кватэры ахвярадаўцы, не магло пераняць фактычна ў свае рукі цэннага дару, вымагаўшага значных матэрыяльных затрат на перахаваньне калекцыі і ўсыстэматызаваньне яе. Дзеля гэтага ўсе рэчы аставаліся ў кватэры Луцкевічаў у Вільні і толькі пасьля сьмерці ахвярадаўцы — пайменна ў 1921 годзе — былі перавезены ў Базыльянскія муры, дзе тагачасныя ўласьнікі гмаху (праваслаўнае духавенства) далі бясплатнае памяшчэньне пад арганізацыю ў ім Музэю. Памяшчэньне гэтае, вельмі запушчанае за час нямецкае акупацыі, было даведзена да належнага стану коштам двух сяброў Т-ва: брата ахвярадаўцы, Антона Луцкевіча, і інж. Лявона Дубейкаўскага.
Такім чынам праца ў кірунку ўсыстэматызаваньня і ўпарадкаваньня калекцыі Ів.Луцкевіча была распачата Беларускім навуковым таварыствам толькі пасьля 1921 году. З гэнага часу пачынаецца і прыток новых экспанатаў — ці то ахвяраваных прыватнымі асобамі, ці набытых Таварыствам. Аднак лічба гэткіх экспанатаў, раўнуючы да калекцыі Ів.Луцкевіча, была дужа невялікая, і характар зборкі астаўся ў асноўных рысах сваіх такім жа самым, якім быў за жыцьця Ів. Луцкевіча.
Ів. Луцкевіч, творачы сваю калекцыю, меў на мэце сабраць матэрыялы, якія далі б магчымасьць вывучэньня матэрыяльнае і духовае культуры Беларускага народу, беларускага мастацтва — галоўным чынам народнага, беларускае гісторыі — перад усім з часоў Вялікага Княства Літоўскага. Ад часу пераняцьця калекцыі Т-вам вельмі ўзбагаціўся аддзел архіўных матэрыялаў, датыкаючых ваенных і пасьляваенных часоў — часоў дзяржаўнага будаўніцтва Беларускае Народнае Рэспублікі і наступнага пэрыяду — да сягоньняшніх дзён. Узбагацілася таксама і Бібліятэка пры Музэю, абыймаючая друкі ў беларускай мове і працы па беларусазнаўству. Разам з кніжкамі Ів.Луцкевіча (пераважна старадрукі), часткай бібліятэкі Е. Р. Раманава і вялікім кнігазборам Барыса Даніловіча, бібліятэка пры Музэі складаецца з блізу 14 тысяч тамоў. У канцы 1932 г. здэпанаваны ў Музэй рад цэнных прадметаў (зброя, партрэты і інш.) з Наваградчыны.
Разгледзім паасобныя аддзелы Беларускага Музэю ім. Івана Луцкевіча і стан распрацаваньня іх.
У дагістарычным аддзеле скаталагаваных экспанатаў ёсьць каля 200. Яны складаюцца з прадметаў, знойдзеных пры раскопках курганоў, робленых як Ів.Луцкевічам, так і іншымі асобамі. Шмат рэчаў паходзіць з раскопак Яўстаха Тышкевіча, робленых па ўсей Беларусі; на жаль, месца знаходу точна не паказана. Цікаўныя рэчы, знойдзеныя ў Барысаўшчыне (ваколіцы Палялееўкі) у 1876 годзе, а такжа выкапні Теребенева ў Дзісьненшчыне 1893-[189]4 гг. З навейшых раскопак цікаўныя выкапні, знойдзеныя ў Мядзёльскай гм. Пастаўскага пав., і выкапні з ваколіц воз. Нарача. Агулам устаноўлена паходжаньне экспанатаў з 18 паветаў: Віленскага, Вялейскага (цяпер часткова Маладэчанскага), Сьвянцянскага, Лідзкага, Ашмянскага, Дзісьненскага, Пастаўскага, Горадзенскага, Наваградзкага, Нясьвіскага, Менскага, Барысаўскага, Бабруйскага, Ігуменскага, Рагачоўскага, Чавускага, Сеньненскага і Гомельскага. Калі б удалося точна ўстанавіць мясцовасьці, у якіх былі роблены раскопкі гр. Тышкевічам, дык пэўна тэрыторыя, зь якой прадстаўлены экспанаты, шмат бы пашырылася. — Апрача чысьленых урн ручное лепкі і станковае работы, маем розныя прадметы з эпохі палеаліту, нэаліту, бронзавага і жалезнага пэрыядаў, а такжа цікаўныя аздобы з серабра, усялякага роду бусы і т. д.
Вельмі даўных часоў сягае багатая сфрагістычная калекцыя, якая налічвае 103 пячаці. Найстарэйшыя — пячаці на сыгнэтах полацкіх князёў Усяслава (XІ ст.) і Барыса (XІІ ст.). Пячаці гэтыя даюць вычэрпваючы адказ на пытаньне, якога гербу ўжывалі полацкія князі — патомкі Уладзімера Кіеўскага. Ня менш цікаўная пячаць, якую літоўскі дасьледчык д-р І. Басановіч закваліфікаваў як пячаць Міндоўга, — з Пагоняй пад каралеўскай каронай і нейкімі знакамі, якіх расшыфраваць дагэтуль не ўдалося. Па свайму характару яны напамінаюць знакі, якія сустракаюцца на цэглах і кафлях з разбуранае сьцяны Калоскае царквы ў Горадні. Праца д-ра Басановіча аб гэтай пячаці была надрукавана ў 1 кн. «Lіetuvіш Tauta» і ў расейскай брашуры п. з. «Печати короля Миндовга и вел. князя Кейстута» (Вильна, 1913 г.). Гаворачы аб гэтых памятках старое беларускае і беларуска-літоўскае дзяржаўнасьці, гожа адзначыць і пераховываную ў Беларускім Музэі копію з гэтак званага «бэрла Гедыміна», на якім, паводле даваенных досьледаў расейскіх вучоных[1], сьпіральлю выбіты быў залатымі гваздочкамі літоўскі каляндар. Арыгінал знойдзены быў у зямлі ў 1680 г. над ракою Страваю, ніжэй Кітвішак, у Троцкім павеце, перахоўваўся доўгі час у сям’і Сьцяпана Александровіча, кашталяна наваградзкага, пасьля перайшоў у іншыя рукі і ўрэшце загінуў; асталося толькі некалькі копій. — Далей зварачае на сябе ўвагу маестатычная пячаць Яна Сабескага (кароль сядзіць на пасадзе). Цікаўныя пячаці манашых ордэнаў, манастыроў, кравецкага цэху (з часоў Стэфана Батуры — 1580 г.), школ, войск Вялікага Княства Літоўскага, Галоўнага Трыбуналу В. Кн. Літоўскага, 17 уланскага палка з 1812 году (палк. гр. Міхал Тышкевіч), усялякіх беларускіх адраджэнскіх арганізацыяў і устаноў грамадзкага і дзяржаўнага характару і г. д. На жаль, з прычыны цеснаты памяшчэньня Музэю, выстаўлена дзеля агляду толькі невялікая частка пячацяў.
Да пячацяў у пэўнай меры далучаецца калекцыя персьцянёў, часткова з выразанымі на іх пячаткамі. Асабліва цікаўныя сярэднявечныя персьцяні — знакі ўлады (кашталянаў і інш.).
Калекцыя манэт (сярод якіх на асаблівую ўвагу заслугуе багаты збор манэт Вял. Кн. Літоўскага), а такжа калекцыя мэдаляў дагэтуль не маглі быць выстаўлены з прычыны нястачы месца для вітрын і самых вітрын. З апошняе выстаўлены толькі рэдкі экзэмпляр «Зьмеевіка» — бронзавага круглага мэдальёну з XІ—XІІ стагоддзя з эмблемамі — з аднаго боку паганскімі, з другога —хрысьціянскімі.
Сярод прадметаў рэлігійнага культу вызначаецца калекцыя старадаўных крыжоў (ад XІІ ст.), складняў, царкоўных апаратаў, антымінсаў, ікон і абразоў. Вялікім багацьцем адзначаюцца сакасы віленскіх мітрапалітаў XV і XVІ стагоддзя, розныя касьцельныя апараты і вопраткі. Калекцыя іканаграфічная прадстаўляе багаты матэрыял дзеля досьледаў над гісторыяй беларускага мастацтва і параўнаньня з расейскай іканаграфіяй (у Музэю ёсьць іконы рублёўскае і строганаўскае школы, наўгародзкага пісьма і інш.). Побач з чысьленымі іконамі чыста бізантыйскага стылю (пачынаючы ад XІІІ ст.) бачым цэлую групу ікон, якія безумоўна маляваны на Беларусі і прадстаўляюць незвычайна цікаўны сынтэз бізантыйскіх традыцыяў і заходніх уплываў. Характэрны і чысьленыя каталіцкія абразы мясцовае работы. Кідаецца ў вочы сваей высокай мастацкасьцяй абраз сьв. Анупрэя работы Смуглевіча.
Сьвецкае малярства прадстаўлена цэлым радам малюнкаў ведамых краёвых маляроў (той жа Смуглевіч, Русецкі, Сьляндзінскі і інш.) Многа партрэтаў гістарычных асобаў, спэцыяльна зьвязаных з краем. Запачаткавана зьбіраньне і новага беларускага і наагул краёвага малярства (Сергіевіч, Драздовіч, Дыдзякіс, Варнас і інш.), а такжа сваей і чужой скульптуры (Грубэрскі, Яхімовіч, Крэмень, Арлоўскі). Аднак даступна для агляду далёка ня ўся гэтая калекцыя, якая ў значнай часьці яшчэ пахавана ў папках (прыкладам калекцыя прац Трутнева і др.).
Недаступна для агляду — усё з тэй жа прычыны цеснаты памяшчэньня — і даволі багатая графіка ў пастаці зарысовак, гравюр, дрэварытаў, літаграфіяў. Поруч з адбіткамі гравюр на медзі ў Музэі перахоўваецца калекцыя гравёрскіх блях (89 нумароў) і дрэварытных табліц. Сярод гравёрскіх блях пераважаюць працы віленскіх гравёраў з першае паловы XІX ст.: Маўрыцыюс Кармэліта, Ставецкі, Падалінскі, Кісьлінг, Эгерфэльдэр, Вайс, Бальцэвіч, Навіцкі і інш. Некаторыя гравюры маюць паданае месца выпаўненьня: Нясьвіж, Пінск, Кельмы. XVІІ стагодзьдзе прадстаўлена Паўлам Фларыянам Пётравічам (1675 г.) і крыптанімам ТІК (Кельмы, 1672). Пётроўскі, Пэрль рэпрэзэнтуюць XVІІІ ст. Уся калекцыя прадстаўляе вельмі цэнны матэрыял дзеля досьледаў над краёвай графікай, і кіраўніцтва Музэю праектуе з’арганізаваць выстаўку як гравёрскіх блях, так і вялікае калекцыі эстампаў, як толькі апошнія будуць упарадкаваны.
Асобную групу складаюць беларускія дрэварыты і каляровыя дрэварыты (гэтак званыя «лубкі») віленскіх майстроў з XVІІІ і пачатку XІX стагоддзя. Іх прымітывізм у рысунку і калярыстыка — незвычайна цікаўныя. На некаторых надпісы беларускія (Павел Комар — 1750 г.), на другіх — лацінскія (1760), на іншых — польскія (1821). Тут мы ўжо падыходзім да мастацва народнага.
Этнаграфічны аддзел у Музэі на тканіны і вопратку народную небагаты, бо калекцыя апошніх, якая ў 1918 годзе была паслана зь Вільні на выстаўку ў Менск, пры адсылцы яе назад у Вільню па дарозе прапала. Захавалася толькі калекцыя старых гарсэцікаў — сялянскіх і мяшчанскіх, сучасныя ўзоры сьвітак, сабраньне паяскоў (адзін дыванік складаецца з 180 паяскоў, зь якіх ён сьплецены; паходзіць з Ваўкавыскага пав.). Ёсьць і характэрныя гунькі. Багатая зборка зарысовак узораў беларускіх тканін. Але найбольш цэннай зьяўляецца калекцыя твораў народных разьбяроў. Незвычайна характэрны і цікаўны з мастацкага боку прымітыўнага тыпу фігуры Хрыста і сьвятых — з дрэва і мэталю. Кідаецца ў вочы даволі вялікая фігура Хрыста з выбіванае меднае, пазалочанае бляхі — з маляваным тварам, рукамі й нагамі (паходзіць з Тургель). Асаблівым хараством адзначаюцца фігуры Хрыста работы нейкага майстра-самавучкі з ваколіц Мядзёльскага возера. Ёсьць экспанаты і зь Віленшчыны, і з Наваградчыны. Для вывучэньня народнае творчасьці — неацэненае і нявыкарыстанае дагэтуль багацьце. — Характэрны і цікаўны воты з воску, складаныя ў царкву.
Народная музыка прадстаўлена калекцыяй музыкальных інструмэнтаў: ліра, некалькі тыпаў дуды, цымбалы, трубы пастырскія і рагі ды жалейкі.
Гліна, фаянс (віленскі), шкло (Урэчча і інш.) — нячысьленыя, але характэрныя. Цікаўнае люстра з урэцкага шкла — з масонскае лёжы ў Менску. Ёсьць дошкі дзеля друкаваньня ўзорыстага палатна («крашаніны»), якое цяпер ужо перайшло ў забыцьцё; арыгінальны вясельны каравай з зусім выразна адзначанымі сімваламі разродчае сілы (астача даўнага фалічнага культу) з Ваўкавыскага пав. Узоры хлебаробскіх прыладаў — дапаўняюць этнаграфіку.
Бытавы аддзел наагул дапаўняюць старадаўныя вопраткі і прыборы да іх (поўны шляхоцкі ўбор — кунтуш, жупан, пояс, боты, шапка), калекцыя слуцкіх паясоў — шаўковых і літых, дываны (—тызэнгаўзаўскае фабрыкі, Нясьвіскае фабрыкі), брокаты, вышыўкі і г.д.
Міlіtаrіа складаюцца з старадаўнае зброі — панцыры, кальчугі, мячы, шаблі, усялякая стрэльба, конская зброя і сядло; з навейшага часу — мундзіры ўланскія — 17 і 19 палкоў — з 1812 году. Цікаўны меч віленскага ката і прылады да мукаў.
Сярод зарысовак[2], гравюр і фатаграфій — вельмі багаты матэрыял да беларускага будаўніцтва — з каменя і з дрэва. Характэрныя блёкі, зь якіх быў пабудаваны віленскі замак ды якіх Музэй мае некалькіх тыпаў. Асабліва цікаўныя для вывучэньня старадаўнага беларускага будаўніцтва так званыя «галосьнікі», якія паходзяць з разваліўшаеся сьцяны Калоскае царквы ў Горадні і служылі ня толькі як рэзанатары, але і дзеля аблягчэньня цяжару сьцен будоўлі.
Багатыя аддзелы рукапісаў і друкаў Музэю.
Рукапісны аддзел дзеліцца на дзьве групы рукапісаў. Адна складаецца з рукапісаў старых, другая — з новых, архіўных матэрыялаў беларускага адраджэнскага руху, дзяржаўнага будаўніцтва і грамадзкага жыцьця наагул.
З рукапісных кніг трэба адзначыць, як найстарэйшы рукапіс, жухавіцкае Эвангельле XІV стагоддзя (да вайны перахоўвалася ў царкве ў Жухавічах, у Наваградчыне). Эвангельле мае цікаўныя ілюмінацыі: чатырох эвангелістаў і застаўкі на пачатку кожнага Эвангельля. Фармат Эвангельля — 1/1 ліста. Пятнаццаты век прадстаўлены «Аглашэньнямі» Тодара Студыта. Рукапіс захаваны вельмі добра, пісаны паўуставам, разьмер 1/1 ліста. Як паказвае цікаўная мэтрыка, кніга гэтая пісана нейкім Іванчыкам, служкаю Івана Сямёнавіча, пісара вялікага князя Аляксандра, у Вільні ў 1476 годзе. Багацейшы рукапіснымі кнігамі XVІ век. Тут маем: дужа пекнае Эвангельле зь ілюмінацыямі (чатыры эвангелісты і вельмі прыгожыя застаўкі), разьмер 1/4 ліста, паходзячае зь Мелішэва, каля Берасьця; Слуцкі Памяньнік з 1517 году (іn folіo); Дзеяньні Апосталаў зь сямейнай хронікай Бунакоў (кальвіністаў) з-пад Росеняў (на Жмудзі), пісанай у пачатку XVІІ ст. у беларускай і польскай мове (іn folіo); Трэбнік з 1545 году, пісаны дзякам Ярмолай у двары Шышкінях «подле места Віленскага за ракою Вельею» для царквы ў Жыровіцах па загаду маршалка Аляксандра Солтана, як сьведчыць метрыка на рукапісе, аздобленым дзвюма прыгожымі застаўкамі (іn fоlіo); урэшце, побач зь іншымі кірылічнымі рукапісамі таго часу, на ўвагу заслугуе беларускі рукапіс арабскімі літарамі — гэтак званы Аль Кітаб (іn folіo) з Сорак Татар пад Вільняй. Аль Кітаб транскрыбаваны на лацініку ў Праскім унівэрсітэце стараньнем сябры Бел. нав. т-ва д-ра Я.Станкевіча і прадстаўляе вялізарную цэннасьць дзеля вывучэньня беларускае мовы XVІ ст. Да цікавейшых рукапісных памятак XVІІ ст. трэба залічыць Устаў Младзенчаскага Брацтва ў Дзісьне (іn folіo), а XVІІІ ст. — тачней: канца яго (а мо й пачатку XІX?) сьпісак хадзіўшага па рукох у працягу некалькіх стагодзьдзяў беларускага перакладу Александрыі ды повесьці пра Баву, не ўтраціўшых, як відаць, сваей цікаўнасьці сярод беларусаў і ў такі позны час.
Багата (хоць яшчэ не апрацаваная поўнасьцю) зборка старадаўных беларускіх грамат прыватнага і дзяржаўнага характару, пачынаючы ад другое паловы XV стагодзьдзя (пэргамэнты). І тут найбагацей граматы з XVІ стагоддзя — пэргамэнты з подпісамі каралёў і г. д. Вельмі цікаўны архіўныя матэрыялы, датыкаючыя дзеяльнасьці і жыцьця базыльянаў (ад XVІ ст.). Наагул, archіvalіa мала апрацаваныя і могуць яшчэ выкрыць шмат цікаўнага для гісторыкаў, філёлягаў і іншых дасьледчыкаў.
Больш упарадкаваны новыя archіvalіa — датычачыя беларускага руху. Аднак і іх апісаньне вымагае йшчэ вялікае працы.
Аддзел старадрукаў багаты наагул выданьнямі краёвых друкарняў — у першы чарод беларускімі. З краёвых друкаў ёсьць кніжкі, друкаваныя ў Вільні, Еўі, Лоску (— вельмі рэдкі друк), Горадні, Супрасьлі, Сямятычах («пакаёвая друкарня»), Нясьвіжу, Слуцку, Полацку, Магілёве, Куцейне і інш.
З замежных старадрукаў найцікавейшыя: «Триодь Цветная», друкаваная ў Кракаве у Швайпольта Фіёля ў 1491 г. па загаду Казіміра Ягелона; Біблія д-ра Францішка Скарыны, друкаваная ў Празе ў 1517 годзе (частка); першы маскоўскі друк Пётры Мсьціслаўца і Івана Фёдарава з 1564 году («Часаслоў») і інш. З краёвых — першае друкаванае выданьне Літоўскага Статуту ў беларускай мове (друкарня Мамонічаў у Вільні — 1588 г.); віленскі ж друк «Казаніе Кирила» з 1596 г.; «Учительное Евангеліе» 1618 году з друкарні ў Еўі; Повесьць пра Варлаама і Іоасафа з Куцеінскае друкарні (1637 г.) — ды шмат іншых, вельмі цікаўных дзеля дасьледчыкаў старое беларускае літаратурнае мовы XVІ і XVІІ стагодзьдзяў.
З больш новых друкаў у беларускай мове заслугуюць на ўвагу першыя ластаўкі адраджэнскага руху з XІX стагодзьдзя: А.Рыпінскага «Biaіoruњ» (Парыж, 1840), зборнікі песьняў Яна Чачота, Беларускі Катэхізм з 1835 году, першыя выданьні твораў Дуніна-Марцінкевіча і Багушэвіча (апошняга — загранічныя выданьні), рэдкія брашуры палітычнага характару (Драгаманава «Пра беднасьць та багацтво», Жэнэва 1881), экзэмпляр падпольнае часопісі беларусаў-народавольцаў у расейскай мове «Гомон» з 1884 г. (№ 2), друкі з пачатку XX стагоддзя, камплекты першых беларускіх газэт — «Нашае Долі» і «Нашае Нівы» і г. д. Наагул, у Музеі сабраны гадавікі выходзіўшых у беларускай мове часопісаў і кніжак усялякага зьместу.
Пакольку кнігазбор Івана Луцкевіча і частка кнігазбору Раманава — у адносінах да сучасных друкаў — маюць асаблівую вагу дзеля беларусазнаўства, пастольку кнігазбор Даніловіча багаты кнігамі агульнанавуковага характару. Асабліва цэнная зборка так званых «таўстых» журналаў расейскіх, выходзіўшых у працягу некалькіх дзясяткаў гадоў. Тут — незвычайна багаты матэрыял дзеля вывучэньня грамадзкага жыцьця і грамадзкіх настрояў у даваеннай Расеі.
Кіраўніцтва Музэем ляжыць на абавязку Музэйнае Рады, працуючае як сэкцыя Бел. нав. т-ва. Музэйная Рада складаецца з трох асоб: дырэктара Музею (А.Луцкевіч), бібліятэкара (Ул. Самойла) і скарбніка Т-ва (інж. А.Неканда-Трэпка). Беспасрэдна працуюць у Музэі толькі дзьве асобы — гргр. Луцкевіч і Самойла, дзеля чаго праца ня можа разьвівацца ў належным тэмпе. Другая прычына павольнасьці музэйнае працы — цесната памяшчэньня Музэю і нястача грошы на неабходныя інвэстыцыі, перад усім — габлёты, шкляныя шафы і г. д. Наагул, бяз сталага, забясьпечанага на доўгія гады і адпаведна абшырнага ўласнага памяшчэньня справа належнага разьвіцьця Музэю і поўнага выкарыстаньня сабраных у ім скарбаў ня можа быць пазытыўна разьвязана.