Беларускі тэатар

Беларускі тэатар
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1916
Крыніца: Гоман, 1916. 10 кастр.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Нацыянальны тэатар — гэта адна з найбольш красачных праяў духа народу. І гэтым тлумачыцца тое, што тэатар занімае надта выдатнае месца ў народаў, каторыя толькі цяпер будзяцца да самабытнага культурна-нацыянальнага жыцьця. Чэхі, украінцы, літвіны, латышы, эсты — усе яны многа сіл і працы аддалі дзеля стварэньня свайго тэатру, і іншыя зь іх, асабліва чэхі і ўкраінцы, на гэтай дарозе пайшлі вельмі далёка ўпярод.

Такое ж месца павінен заняць і беларускі тэатар у руху нашага народу да ўсестароннага адраджэньня. І хоць беларусы тут стаўляюць толькі першыя крокі, аднак і зь іх відаць, што грунт пад сабой наш тэатар мае добры.

Тэатральныя прадстаўленьні ў беларусаў вядомы з даўных часоў: да нас дайшлі памятнікі беларускай камэдыі з XVІІ і XVІІІ сталецьцяў. У Гродні, Мінску, Полацку і іншых мястох Беларусі ў езуіцкіх школах, а таксама ў праваслаўных і ўніяцкіх духоўных школах пад той час разыгрывалі беларускія інтэрмэдыі, або інтэрлюдыі, у каторых на сцэне выступалі «людзі простыя» і пацешнымі дыялёгамі-гутаркамі забаўлялі публіку. У адрыўках інтэрмэдый і цэлых беларускіх камэдый, каторыя апублікаваны Марозавым, Брукнэрам, Ператцам, Сычэўскай і інш., ёсьць многа забаўных сцэн з народага быту, а нават і зь біблейнай гісторыі (грэх Адама і Евы і інш.). Ад канца XVІІІ сталецьця і да палавіны XІX а беларускіх прадстаўленьнях нічога не чутно. Толькі каля 50-х гадоў мінуўшага сталецьця можам адзначыць спробу палажыць аснову для беларускага тэатру, і дзеля гэтай справы працавалі дзьве такія сілы, як вядомы беларускі паэт Вінцук Дунін-Марцінкевіч і слаўны кампазытар Манюшка. Першы напісаў словы, а другі — музыку да беларускай «комэдыо опэры» пад названьнем «Сялянка». «Сялянку» ставілі раз у Мінску, ды ад яе астаўся толькі тэкст: ноты нет ведама дзе запрапалі, і ўсе спробы як беларусаў, так і наагул паклоньнікаў Манюшкі адшукаць іх былі дарэмны.

Прайшло яшчэ паўвеку, і думка стварыць беларускі тэатар ізноў зышла на задні плян. Дый ня дзіва: у 1865 гаду расейскае правіцельства забараніла друкаваць што-колечы ў беларускай мове, а тым больш выступаць з жывым беларускім словам на сцэне. Толькі дзе-нідзе, цішком, у прыватных гасподах маладзёж прабавала ставіць па-беларуску дробныя камэдыі, перакладаныя глаўным чынам з украінскай мовы. У 90-х гадах была ператлумачана на беларускую мову камэдыя Крапіўніцкага «Па рэвізіі». У тым жа часе беларускі пісьменьнік Ядвігін Ш. напісаў арыгінальную п’есу зь сялянскага быту, і яе маніліся іграць у Вілейскім павеце, у ваколіцах Радашковіч; але, нягледзячы на тое, што іграць мелі нават мясцовыя паны і што ў творы Ядвігіна Ш. быў прадстаўлены «ідэальны» пан і «нікчэмны» мужык, «нядрэмлючае вока» начальства перашкодзіла давясьці гэты праект да канца.

Больш сур’ёзная работа дзеля наладжаньня беларускага тэатру пачалася толькі пасьля рэвалюцыі ў Расеі 1905—[190]6 гадоў, калі счэзла забарона беларускага друку. Ад 1910 году ў Вільні, Гродні, Мінску, Слуцку, Капылі, Полацку, Дзісьне, Давыд-Гарадку, Радашковічах, Празароках і інш., у Пецярбурзе і ў Варшаве, ды ажно у Ніжне-Дняпроўску адкрываюцца музыкальна-драматычныя кружкі, хоры і да т. п., каторыя ладзяць свае канцэрты і драматычныя вечары. У І911 гаду злажыўся першы рухомы — аб’язны беларускі тэатар, каторы за адно лета аб’ехаў быў 15 мястэчак у Віленскай, Віцебскай і Мінскай губэрнях. Адна за аднэй выходзяць у сьвет п’есы беларускія, побач зь перакладамі з украінскай (Крапіўніцкага «Пашыліся ў дурні», «Па рэвізіі», Валодзьскага «Як яны жаніліся»), польскай (Ажашковай «Хам») і расейскай мовы (Чэхава «Сватаньне») — арыгінальныя «Паўлінка» Янкі Купалы, «Модны шляхцюк» К. Каганца і інш. І з кожным годам справа тэатру ўсё болей разьвіваецца — ажно да сумнага году вайны, калі гэтулькі маладых беларускіх сіл былі былі адарваны ад роднай нівы і ўзяты ў армію.

У Вільні першае беларускае тэатральнае прадстаўленьне адбылося 12 лютага 1910 году. І з таго часу работа тутэйшага музыкальна-драматычнага кружка ўсё пашыраецца, зьбірае болей сіл. Нават нягледзячы на ваенны час работа віленскай драматычнай дружыны не спынілася: зімой з 1914 на 1915 г. у Вільні была пастаўлена апэрэта «Залёты» (словы Дуніна-Марцінкевіча, музыка Марыі Кімант). Але пасьля гэтага выступленьня наступіў даўжэйшы перарыў, і толькі ўвосені 1916 году аднавілася праца дружыны, каторая пад кірункам першага рэжысёра беларускага тэатру ў Вільні, Ф. Аляхновіча, выступае сыстэматычна, стаўляючы як старыя, так і новыя беларускія сцэнічныя творы, напісаныя ў апошнім часе[1]. Гэтаксама і ў ваколіцах Вільні мы бачылі спробы наладзіць вясковы тэатар: увосені 1916 г. сяляне каля Падбродзьдзя ігралі сваімі сіламі напісаную адным зь мясцовых жыхароў п’есу «Праклённае зельле» — маральнага характару (проці п’янства).

У Вільні разьвіваецца, між іншым, і дзіцячы тэатар, і гэта мае вялікае значэньне для дзяцей беларускіх школ. Варта было бы, каб за гэтым прыкладам пайшлі і другія беларускія школы, асабліва па вёсках.

  1. «На Антокалі», п’еса ў 3 актах зь песьнямі і танцамі Ф. Аляхновіча, і інш