Троцкі замак Брацкія кнігі
Апавяданьне
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1924
Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 1 (7), студзень-сакавік 1924 г., б. 8-10
Вясковыя архэолёгі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Брацкія кнігі.

Найлепшыя кнігі, найцікавейшыя дакуманты майго архіву вылаўлены мной у крамках дзе прадаецца старая папера да завіваньня селядцоў. У аднэй з гэткіх крамак раз я наткнуўся на дзьве тоўстыя, рукапісныя кнігі апраўленыя у чорную скуру, на дубовых дошках. Паперу купец мне разцаніў на вагу, а за аправу прышлося надкінуць асобна. Адна з гэтых кніг тоўпіла ў сабе рахунковасьць брацтва, другая пратаколы. Першыя запісі былі занесены ў самых пачатках XVII ст.

Статут брацтва, побач чыста арганізацыйных пунктаў, завіраў цікавыя бытавыя увагі.

З іх было відаць імкненьне зрэфармаваць старадаўныя клясовыя і профэсыональныя брацтвы на чыста, рэлігійным грунце. Дзеля гэтага замест сьвецкіх інтэрасаў галоўнай мэтай брацтва было „працаваньне супольнае брацкае, дзеля душы збаўленьня“. На першым устаноўчым сходзе брацтва, нябесным патронам яго быў выбран сьвяты Мікалай. З земскіх рэчаў брацтва ставіла сабе чатыры мэты: вядзеньне пахароннай кассы, утрыманьне шпіталю для калек і старцаў, дбаньне аб аздобленьні брацкай сьвятыні і аплаце свайго, брацкага духоўніка ды абслужываньне братчыкаў гожымі разрыўкамі.

Уздоймныя сабраньні брацтва адбываліся штогоду на веснавога Міколы. Пасьля царкоўнай адправы і казаньня, спэціяльна нанятага на гэты дзень за тры гарцы пітнага мёду, казнадзеі, разстаўлялі ў цэркве кругам сталы і лавы, а на сталы злажыўшы складковую закуску і выпіўку, брацтва прыступала да гадавой справаздачы сваей дзейнасьці і выбараў новага ўраду. За брацкай бясёдай сьпявалі братчыкі духоўныя песьні пад акомпаньямэнт брацкай аркестры. Але бывалі адступленьні ад гэтага, аб чым сьведчыць некалькі пратакольных запісаў: часам, падхмяліўшыся, братчыкі заводзілі песьні сьвецкага зьместу. За гэткія адступленьні ад прынятага парадку на вінаватых накладалі духоўныя кары і кары грашавыя ў брацкі скарб. Акром гадавых, уздоймных сабраньняў адбываліся што месяц сабраньні старшын у аднэй з капліц цэркві. На гэтых сабраньнях абгаварываліся бягучыя захады брацтва ў якія ўходзілі гэткія заданьні: 1) утрыманьне брацкага хору і аркестры; 2) штонядзельныя і на кождае сьвята выступленьні брацтва з працэсіямі; 3) на прыпадак сьмерці каго з братчыкаў, ці жанідзьбы, устаноўленьне цэрэмоніялу і сьвяткаваньне гэтых важных момантаў ў жыцьці братчыкаў ў сваей цэркве складковым банкетам і парадак гэтага банкету; 4) арганізаваньне прынамні два разы ў год, летам, „пергрымок“ да провінціянальных сьвятыняў. Захаваных некалькі сьпісаў разпадзелу мейсц за брацкім сталом, паказуюць, што тут прасьцярагаўся строгі парадак, паводле значэньня братчыка у грамадзянстве і заслуг яго перад брацтвам. Бывалі здарэньні перамяшчэньня братчыка мейсцам ніжэй, а то і саўсім ў канец стала, за правіны перад брацтвам, і, наадварот, раптоўныя павышэньні.

Брацкі хор і аркестра былі неплатныя; кожды братчык здольны да музыкі ці сьпеву павінен быў належаць да аркестру ці хору. Але на парадку дзенным тады было імкненьне увясьці ўсеагульныя сьпевы ў царквох, дзеля гэтага, пачынальнікі і разпарадчыкі гэтых сьпеваў, у ліку трох асоб, аплачываліся за сьпяваньне; аплачываліся такжа дырыгент хору і аркестры.

У сьвяточных працэсіях павінны былі прыймаць удзел ўсе братчыкі. Працэсыйныя урады складаліся з крыжаносцаў, іконаносцаў, харужых і кіраўнічых. Кожды з гэтых урадаў меў свой, зацьверджаны брацтвам мундур і эмблемы. Брацтвы гораду многа старэньня клалі ў кірунку як найбольшай эфэктнасьці свайго выступленьня, каб не дацца закасаваць іншаму брацтву.

Жаніла і хавала, кождага братчыка брацтва, з коштаў агульнай касы, паводле заслуг братчыка перад брацтвам. У гэтым кірунку братчыкі дзяліліся на пяць катэгорый, Прычым брацтва змагалася і, здаецца, даволі няўдачна, з абычаям сьвяткаваць вясельлі новажэнцамі ў сябе дома са сьвецкімі песьнямі і танцамі. Гэта відаць з надзвычайных пахвал тым, якія абышліся выключна брацкімі урачыстасьцямі.

Да найбольш урочыстых выступаў належалі „пергрымкі“ ў сьвятыя мейсцы летам. Да іх прыгатаўляліся загадзя. Закуплялі двох трох ялавак, 6—10 баранаў, варылі піва і мёд, забіралі на вазы катлы і ўсякія кухонныя прыналежнасьці і провіянты—на чатыры-пяць дзен (калі выбіраліся ў суседні манастыр, які быў за 20 вёрст), і, з аркестрам і хорам, з крыжамі, абразамі і харугвямі, па чэцьвера ў рад, вырушалі за горад. Прайшоўшы 10 вёрст рабілі у лесе папас і качоўку, пры вогнішчах. Абычай пазваляў у гэтым здарэньні скромныя сьвецкія забавы і нават танцы. Назаўтрае ўходзілі ў манастыр, дзе іх урочыста сустрачалі манахі: Тут „пергрымы“ разкладаліся абозам, ўкруг манастыра на другі начлег і вечарам, пры агнях, ізноў бывалі забавы, але на гэты раз, са ўзгляду на сьвятасьць мейсца бяз танцаў. На трэйці дзень братчыкі вырушалі тым-жа парадкам назад.

Пры брацкіх банкетах ролю гаспадароў выпаўнялі выбіраныя што году тры асобы: стольнік, падчашы і маршалак. Маршалак разсаджаў братчыкаў, дырагаваў цярэмоніялам і наагул глядзеў за падачай страў, падчашы абдзялаў напіткамі.

Пры статуце ў кнігу ўшыты клапцік паперы пад загалоўкам: „Наука о прыстойнасьці брацкай,“ у якім запісана 8 пунктаў, зацьверджаных агульным сходам і духоўнай ўладай, аб тым як мае заховывацца братчык за брацкім бясёдным сталом.

Пункт 1. Седзячы за сталом не класьці локцяў на стол, не адварачывацца задам да суседа.

2. Ня сморкацца на памост, са ўзгляду на сьвятое мейсца, і не калыпаць носу.

3. Не кідаць пад стол абгрызеных касьцей.

4. Не гаварыць голасна і не перабіваць субясёдніка пакуль ён ня кончыць гаварыць.

5. Садзячыся за стол, на сваё мейсца, пакланіцца галавой ў кірунку старшызны і пасьля суседзям з права, лева і насупраціў сідзячым.

6. Не гаварыць з напоўненай ядой губай.

7. Прыходзіць на банкет маючы за халявай лыжку і нож.

8. Не прыносіць з сабой на брацкі банкет напіткаў.

Найбольшы розквіт брацтва прыпадае на другую палавіну XVII ст. У гэтым часе брацтва здабылося на дзьве важныя фундаціі для сябе. Быў спраўлены сярэбраны брацкі кубак і сярэбраныя малыя кубкі для пачэсных гасьцей, і, акром таго, былі спраўлены рызы з чыстага серабра на ўсе іконы брацкай цэркві. Серабро сабрана было шляхам дабравольных даткаў братчыкаў. У сьпісе даткаў на аздобу цэркві фігуруюць манэты, кубкі, пярсьцёнкі, завушніцы, воты і шмат іншага. Ўсё гэта дабро было пераважна і здадзена майстром да ператопленьня на мэталь. У пачатку XVII ст. брацтва было сарганізаваўшы іконапісьню, але патрываўшы каля 10 гадоў яна закрылася.

У канцы XVIII ст. брацтва пачало разпрадавацца за нястачай грошы на утрыманьне брацкай цэркві і сьвятара пры ей.

Апошняя запісь у кнігах была занесена у 1812 гаду, гэта сьпісак рэквіраваных французамі брацкіх цэннасьцяў.