Бяздольны
Аўтар: Цішка Гартны
Крыніца: Наша ніва, №2-1909
Першы друкаваны верш.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Пасвячаю Януку Купалу

Цяжка жыць без долі,
Што рабіць — ня знаю;
Хіба на сьвет выйду,
Долі пашукаю.
Выйду пад гаёчэк,
Крыкну на ўсё поле:
Гдзе так запрапала
Ты без сэрца доля?!
Можэ ты, зялёны
Родненькі гаёчэк,
Схаваў маю долю
У цёмны вугалочэк?
Эй, скажы, мой мілы,
Пашкадуй дзяціну,
Памажы ты гору,
Паймі сіраціну!
Дарма я пытаю:
Шуміць лес няміла…
Не пачула доля,
Эх, пачуй, магіла!..

Капыль, 1908