Галоўныя кірункі ў беларускай паэзіі
Галоўныя кірункі ў беларускай паэзіі Артыкул Аўтар: Антон Луцкевіч восень 1931 Крыніца: Гадавiк Беларускага Навуковага Таварыства. Кнiжка I. Вiльня, 1933 |
Зь лёгкае рукі Максіма Гарэцкага прынята залічаць Яна Баршчэўскага, храналягічна першага беларускага аўтара-інтэлігента з XIX ст. (бо першы датаваны верш яго прыпадае на 1809 год), да тэй групы пісьменьнікаў, якая мае агульны назоў «шляхоцкіх рамантыкаў». Творчасьць яго, Баршчэўскага, разглядаюць — побач з творчасьцяй Чачота й Рыпінскага — як вынік уплыву рамантычнага кірунку ў тагачаснай літаратуры, часткова — уплыву тых дэмакратычных ідэй, што прыйшлі да нас з Захаду як водгук Вялікае францускае рэвалюцыі. Падобна ўглядаецца на гэта і аўтар выдатнае манаграфіі аб Дунін-Марцінкевічу Яз. Галомбак[1]. Аднак гэткі пагляд на Баршчэўскага справядлівы толькі напалавіну: ён справядлівы ў адносінах да пазьнейшага пэрыяду літаратурнае дзеяльнасьці нашага пісьменьніка, дзеяльнасьці, якая храналягічна зыходзіцца зь дзеяльнасьцяй Чачота й Рыпінскага ды... па мове не зьяўляецца беларускай, хоць пераважна беларускі зьмест яе. А беларускія па мове творы Баршчэўскага прыпадаюць на той ранейшы — першы пэрыяд працы яго, калі йшчэ ў нас не было чутно ані аб рамантызьме, як літаратурным кірунку, ані аб Чачоце й Рыпінскім: прыпадаюць на 1809—1812 гады. Прынамся — два ведамыя беларускія вершыкі яго: «Да чым жа твая, дзеванька, галоўка занята» і «Рабункі мужыкоў» — напісаны ў гэтых іменна гадох. I характэрна: з пазьнейшага часу нічога беларускага (па мове) да нас ад Баршчэўскага не дайшло.
Ясна, што пачаткі беларускае творчасьці Баршчэўскага адносяцца да часоў дарамантычных. Ясна, што і шуканьне крыніцы гэтае творчасьці ў рамантызьме — беспадстаўнае. Бо творчасьць Баршчэўскага ў беларускай мове ў яго маладыя гады вырасла ня з кніжнае літаратуры, а з творчасьці народнае і з варункаў тагачаснага быту, падобна да таго, як паўстала творчасьць апошняга зь беларускіх пісьменьнікаў XVIII ст. кс. Марашэўскага, аўтара ведамае ў гісторыі беларускае літаратуры «Камэдыі».
Уявіце сабе на мамэнт тую сфэру, у якой жыў 18-гадовы Баршчэўскі[2]. Жывы, жыцьцярадасны, дасьціпны дзяцюк, які за словам у кішэнь ня лез ды ўмеў і лоўкі вершык злажыць у патрэбе, — сфэру, у якой ён быў «сваім», быў «душой кампаніі». Гэта — як згодна сьведчыць і першы наш біёграф Баршчэўскага, Рамуальд Зямкевіч[3], і Максім Гарэцкі ў сваей гісторыі літаратуры, — была беларуская дробная шляхта, цяпер пэўнымі «статыстыкамі» залічаная да польскае нацыянальнасьці. Калі цяпер яшчэ — у польскай дзяржаве — шляхта гэтая гаворыць дома пераважна па-беларуску, дык лёгка сабе ўявіць, якой мовай карысталася яна гадоў 120 назад — у часы, аб якіх Чачот у ўступе да сваіх «Piosnek wieњniaczych znad Niemna i Dџwiny» (Wilno, 1846 г.) гаворыць, што ня толькі дробная шляхта, але й старэйшае пакаленьне паноў любіла тады гутарыць па-беларуску. I мы можам з поўным правам сьцьвярдзіць, што для сфэры, зь якой Баршчэўскі сам паходзіў ды ў якой жыў у свае маладыя гады, беларуская мова была мовай роднай, мовай штодзённага ўжытку. Дык ці ж дзіва, што Баршчэўскі як пачынаючы «вершаплёт» «плёў» свае вершыкі па-беларуску? Што, строячы куры да панначкі Максімавічанкі, маладога дзяўчаці з гэнае самае сфэры, ён піша да яе любоўны вершык па-беларуску («Дый чым жа твая, дзеванька, галоўка занята?»); што гэткіх жа вершыкаў пэўна шмат імправізуе, «маршалкуючы» на вясельлях, хрэсьбінах, вечарынах?
З жыцьця, з быту беларускага вырасьлі першыя пачаткі беларускае творчасьці Баршчэўскага. А калі паўзіраемся на форму ягоных вершыкаў, на звароты мовы, на фігуры, ужываныя ім у гэных вершыках, — дык кожнаму, хто крыху знаёмы з народнай песьняй беларускай, з так званымі «гутаркамі» вершаванымі няведамых, ананімных аўтараў, будзе ясна, што адзінымі ўзорамі для Баршчэўскага былі творы народнае славеснасьці.
Творчасьць Баршчэўскага ў пачатную пору знаходзіцца ў поўнай гармоніі з тагачаснай народнай паэзіяй і з поўным правам можа быць пастаўлена побач з творчасьцяй такога ж, як і Баршчэўскі, нясьведамага паэты «з волі Божае» — сялянскага хлопчыка Паўлюка Бахрыма, сумная доля якога ведама кожнаму, што знаёмы з гісторыяй нашага адраджэньня. I ў тым адзіным вершыку Бахрыма, што да нас дайшоў з добрае жмені напісанага ім («Зайграй, зайграй, хлопча малы»), выявіўся быт сфэры, у якой жыў Бахрым, — незвычайна цяжкое жыцьцё сялянства пад прыгонам. I ў яго форма — гэта тыповая форма народнае лірыкі, а добрае рыфмаваньне зьяўляецца вынікам знаёмства Бахрыма з польскімі паэтамі пачатку XIX ст., зь якімі ён пазнаёміўся ў школе кс. Магнушэўскага[4], зачыненай уладамі за «крамольны дух» у 1828 годзе. Жаль, туга, сум, безнадзейнасьць — вось тыя тоны, якімі апявае Бахрым мужычую нядолю; гэтак, акурат гэтак апявае сваю нядолю і сам наш сялянскі люд у песьнях прыгоннага часу.
Як бачым, два ведамыя нам на пачатку XIX ст. беларускія паэты, адзін зь якіх належаў да дробнае шляхты беларускае, а другі — да сялянства, не выяўляюць сабой нечага новага, раўнуючы да тагачаснае народнае творчасьці, нічым зь яе не выдзяляюцца, дый адзначаны ў гісторыі нашае літаратуры затым, што ня ў памяці, а на пісьме тварылі, а імёны іх — мо толькі дзякуючы прыпадку — сталіся нам ведамымі. Каб ня гэта, творы іх гэтак растапіліся бы ў масе народных твораў, як і творы многіх іншых безыменных паэтаў, што выходзілі з народнае гушчы.
Тое, чым адзначаюцца першыя творы і Баршчэўскага («Рабункі мужыкоў»), і Бахрыма (успомнены ўжо верш), збліжае да іх і творчасьць Вінцука Равінскага, аўтара (?) «Энэіды навыварат» па-беларуску[5]. Але «Энэіда», нягледзячы на ўсю сваю папулярнасьць і пашыранасьць, нягледзячы на вельмі жывую, бойкую, вобразную мову, нягледзячы ўрэшце на намаляваны ў ёй быт заможных беларускіх сялян Смаленшчыны, — «Энэіда» стаіць ужо на іншым месцы ў гісторыі нашага пісьменства. Па істоце сваей яна мае больш падставаў быць адзначанай як першы твор у адраджэнскай літаратуры, творанай сьведама. Гэта ўжо не бытавое толькі зьявішча, але пачатак таго інтэлігенцкага руху, які, пачаўшы цікавіцца беларускай этнаграфіяй, у далейшым пачаў — сьпярша мо нясьмела — падумваць і аб тварэньні літаратуры для сялянства ў роднай мове яго. Аўтар «Энэіды» Равінскі, як сьцьвярджае Гарэцкі ў трэцім выданьні сваей «Гісторыі беларускае літаратуры» (1924 году), быў аўтарам і іншых вершаваных твораў эпіцкага характару дый камэдыі «Шлюб з прымусу». Равінскі піша ня так сабе — бяз дай прычыны, а пад уплывам украінскае літаратуры, у якой бачым у 1798 годзе прататып нашае «Энэіды», напісаны Катлярэўскім. Беларуская «Энэіда», як і «Энэіда» ўкраінская, ёсьць сатыра на псэўдаклясычны кірунак у заходнеэўрапейскай літаратуры. Безумоўна, мы лішне мала маем матэрыялаў, на падставе каторых маглі бы рабіць далёка сягаючыя вывады адносна да літаратурных інтэнцыяў Равінскага; але бясспрэчна тое, што самым сваім зьместам «Энэіда» займае выдатнае месца сярод тых чыньнікаў, якія сярод першых нашых пісьменьнікаў падгатаўлялі рэакцыю проці псэўдаклясыцызму, пракладаючы дарогу — праз сэнтымэнталізм — для рамантызму. А рамантычны кірунак знайшоў для сябе ў нашым краю вельмі добры грунт наагул дый у беларускім пісьменстве зазначыўся даволі ярка — пераважна ў сярэдніх дзесяцілецьцях XIX веку.
* * *
Гаворачы аб рамантызьме ў адносінах да беларускае літаратуры, мы павінны перад усім адзначыць дваякі яго ўплыў: беспасярэдні і пасярэдні. Беспасярэдні выявіўся ў навароце нашых аўтараў да так званае «людовасьці», да быту і творчасьці сялянскае масы, да песьні народнае, з такім піэтызмам зьбіранае Хадакоўскім, якую ўжо Адам Міцкевіч уславіў у польскай літаратуры, а ў сувязі з усім гэтым бачым і наварот да мовы народнае. З другога боку, рамантызм у шырокіх колах краёвае інтэлігенцыі прабуджае зацікаўленьне да тэй жа «людовасьці», толькі ўжо ня як да матэрыялу дзеля літаратурнае апрацоўкі, а дзеля навуковых досьледаў[6]. Побач з рамантычнай паэзіяй у нас паўстае навуковы этнаграфізм, а на гэтым грунце і наша рамантычная паэзія знаходзе жывейшы водгук у грамадзянстве, добрае прыймо. I гэтым шляхам беспасярэдні ўплыў рамантызму на нашу паэзію падмацоўваецца, атрымлівае паддзержку ў густах і настроях грамадзянства.
Пры ўсім гэтым наша рамантычная паэзія ня мае такіх выдатных іменьняў, якія б маглі так магутна зварухнуць яе зь месца ў кірунку шыбкага разьвіцьця, як у польскай паэзіі зрабілі гэта Міцкевіч і Славацкі. Паважны ўклад у нашу адраджэнскую літаратуру, уклад, які адыграў запраўды ролю этапу дзеля далейшага поступу, зрабіў толькі Вінцук Дунін-Марцінкевіч.
Рыпінскі, Чачот, праца якіх у кірунку зьбіраньня твораў беларускае народнае паэзіі мае бясспрэчна вялікую вартасьць, у сваей арыгінальнай творчасьці па-беларуску не далі абсалютна нічога, што можна было б залічыць да краснага пісьменства. Іх вершыкі беларускія, і па форме няўдалыя, і па зьместу вельмі бедныя, маюць значэньне бадай выключна сымптаматычнае. Ізноў жа, Ян Баршчэўскі, найбольш плодная праца якога на літаратурнай ніве прыпадае на канцавы пэрыяд жыцьця яго (саракавыя гады), даючы творы зь беларускім зьместам (перапрацоўкі народных легенд і фантастычных апавяданьняў), апранаў іх у шату польскае мовы. I толькі Дунін-Марцінкевіч пакідае нам запраўдную мастацкую спадчыну ў беларускай мове.
Беларуская творчасьць Дуніна-Марцінкевіча — гэта ўжо ня нейкія прыпадковыя вершыкі ў беларускай мове (якія — як слушна сьцьвярджаў калісь Ч. Янкоўскі — шмат-шмат кім былі пісаны на працягу ўсяго XIX сталецьця!), а заданьне, мэта жыцьця пісьменьнiка. Яго вельмі паважна ацэньвае і сучасная польская прэса. У «Gaz. Warsz.» зьяўляецца рад стацей варожага характару, проці якіх у тэй жа часопісі выступае, шчыра баронячы і вітаючы Дуніна-Марцінкевіча, як братнюю душу, гэткі ж рамантык, як ён, — Сыракомля[7]. Бо ж запраўды наш аўтар «Сялянкі» і «Гапона» — рамантык наскрозь. Адтвараючы народныя звычаі, абрады, быт, ён з поўнай сьвядомасьцяй абмінае ўсе цяжкія, панурыя, агідныя мамэнты тагачасных сацыяльных адносінаў і малюе абразы жыцьця, якія хацеў бы бачыць, якія ўкладаліся бы ў рамкі рамантычнага сьветаўняцьця. Дунін-Марцінкевіч ідэалізуе жыцьцё, ідэалізуе людзей. I толькі так званы «прамежны» стан: панскія паслугачы-эканомы, што клінам убіліся міжы «ідэальных» паноў і «ідэальных» сялян, — толькі гэты стан знаходзе болей-меней рэальны адбітак сваей душы ў творах Марцінкевіча, падобна як і тыя «нуворышы», што, разбагацеўшы прыпадкова, стараюцца дацягнуцца да вышэйшае сфэры і гэтым напамінаюць мальераўскіх герояў (Сабковіч у «Залётах» — родны брат «Мешчаніна ў шляхоцтве»).
За гэтым найвялікшым з нашых рамантыкаў — найвялікшым і сваім талентам, і сваей плоднасьцяй, — ідзе цэлая чарга іменьняў большае ці меншае велічыні, больш ці менш блізкіх яму па духу. Тут і Каратынскі й Вярыга-Дарэўскі, Фр. Карафа-Корбут (Элегі Вуль) і Фэлікс Тапчэўскі (Хвэлька з Рукшэніц), і Аляксандар Ельскі, і Мікалай Караткевіч, і цэлы рад ананімаў ці крыптанімаў (Якуб Т-кі і інш.). Але ўплыў рамантычнага кірунку на іх не канчаецца: бо, хаця ў 80-ых гадох, як рэакцыя проці ідэалізму нашых рамантыкаў, родзіцца новы — народна-натуралістычны літаратурны кірунак (бацька яго — Мацей Бурачок), — аднак, тыя ці іншыя рысы і элемэнты рамантызму выяўляюцца ў нашай літаратуры ўсьцяж — ажно да нашых дзён, дзён панаваньня нэарамантызму. Найлепшы доказ гэтага — рамантычныя ноткі ў творах Купалы.
Пераход ад чыстага рамантызму да натуралізму тлумачыцца ў нас вельмі проста. Беларускія рамантычныя пісьменьнікі рэкрутаваліся, бадай, выключна з шляхоцкае інтэлігенцыі, што надавала ўсей іхняй творчасьці асаблівы сацыяльны характар. I трэба лічыць зусім удатным уведзены для іх Гарэцкім тэрмін: шляхоцкія рамантыкі. Дзякуючы гэтай спэцыфічнай сацыяльнай афарбоўцы іх, дзякуючы ідэалізаваньню імі далёка не ідэальнага жыцьця, творчасьць іх зусім не адбівала настрояў сялянскае гушчы, не выяўляла мужыцкае душы. А тым часам на самых нізох сацыяльнае драбіны ад часу скасаваньня прыгону родзіцца нейкае новае жыцьцё, новыя думкі, новыя імкненьні. На дне народнае душы накіпае пачуцьцё вострага пратэсту-бунту фармальна вызваленага селяніна-раба, які на дзеле астаўся на тэй жа ступені сацыяльнае лесьвіцы, на якой быў і ў часох прыгону. Шляхоцкія рамантыкі ня здольны адчуць і зразумець настроі масаў. Іх можа ўявіць сабе той, хто іншай меркай мерае жыцьцё, хто не баіцца выявіць жыцьцёвую праўду, хоць бы яна былай непрыемная, і балючая, і парушала «добрыя старыя традыцыі». Барацьбяная ідэалёгія расейскіх рэвалюцыянэраў 70—80 гадоў патроху перадаецца і нашай інтэлігенцыі. I вось нашы паэты-народнікі ня могуць ужо карыстацца старымі мэтадамі творчасьці: яны пачынаюць адтвараць народнае жыцьцё так, як яно запраўды ёсьць, і празь іх творы выбухае ўся ўтоеная ў народнай душы бунтарская энэргія, якую йшчэ да Багушэвіча пробаваў збудзіць, разьдзьмухаць беларус-паўстанец Костусь Каліноўскі, каторы заплаціў за гэта сваей галавой, расстраляны Мураўёвым у 1864 годзе.
Багушэвіч (Мацей Бурачок) рашуча ўводзіць беларускую паэзію на шлях натуралізму, як зусім справядліва адзначае гэта і Максім Гарэцкі ў сваей «Гіст. бел. літ.». Але гэта ня значыць, што натуралізм замяніў у нас старыя рамантычныя навыкі, стары рамантычны стыль. Не: натуралізм i рамантычны ідэалізм ідуць у нас поплеч, перамежываючыся, і мы ўсьцяж можам сустрэць у нашай найнавейшай паэзіі такія сынонімы гэтых двух асноўных літаратурных кірункаў, як рацыяналізм і містыцызм.
* * *
Народніцка-натуралістычны кірунак у беларускай паэзіі, які захоплівае канец XIX і самы пачатак XX ст., ужо з самае істоты сваей мусіў быць больш багаты, чым кірунак шляхоцка-рамантычны: ён меў чым захапiць і ўзварушыць душу песьняра, выклікаць глыбокае і шчырае пачуцьцё, выклікаць і патрэбу выяўленьня гэтага пачуцьця ў паэзіі. I сярод аўтараў гэтага кірунку мы бачым цэлы рад даволі выдатных іменьняў. Сьледам за пачынальнікам яго, Мацеем Бурачком, ідзе Ян Неслухоўскі (Янка Лучына), далей — Адам Гурыновіч і Альгерд Абуховіч, урэшце — будучыя сябры «нашанiўскае» сям’i: Казімiр Кастравіцкі (Карусь Каганец), Антон Лявіцкі (Ядвігін Ш.), Алёйзія Пашкевічанка (Цётка). Праўда, усе яны — розныя. Неслухоўскі, пяючы наагул у тон Багушэвічу, адзначаецца незвычайнай мяккасьцяй і высокай мастацкасьцяй формы, што прадстаўляе важны этап у гісторыі разьвіцьця нашае паэтычнае творчасьці наагул. Альгерд Абуховіч — гэта пераважна байкапіс, у якога вельмі крэпкі дух волі, бо ён памятае йшчэ прыгонныя часы, зьвязаныя з страшэннымі гвалтамі і зьдзекамі паноў над іх прыгоннымі людзьмі — сялянамі. Гурыновіч — мо найбліжэйшы да Бурачка, але, на жаль, з прычыны яго перадчаснае сьмерці спадчына па ім асталася дужа бедная, дый тая толькі ў малой частцы папала ў друк[8], дык аб Гурыновічу й судзіць яшчэ трудна. Асабліва цікаўна і добра вывучана творчасьць найвыдатнейшага з нашых навэлістаў — Лявіцкага Антона: ён у прозе выказывае думкі й ідэі, дужа блізкія да Багушэвічавых, але адначасна мае й такія рысы, якія паказваюць на ідэйную сувязь яго з шляхоцкімі рамантыкамі — перадусім з Дунін-Марцінкевічам, у доме якога пісьменьнік ад малых гадоў бываў і вучыўся ў дачкі ягонай (гл. яго недрукаваную драму «Злодзей», паэмку «Дзед Завала», апавяданьне «Жывы нябожчык» зь іх ідэалізаваньнем панска-сялянскіх адносінаў, вельмі далёкім ад аб’ектыўнае праўды. Урэшце, Цётка, хоць яе творчая праца пачынаецца толькі ў рэвалюцыйны 1905 год, цалкам вырастае з творчасьці Багушэвіча, што й адзначае яна сама ў прадмове да сваёй «Скрыпкі беларускай» (Львоў, 1906 г.); аднак — побач з далейшым разьвіцьцём багушэвічаўскіх матываў — у творчасьці Цёткі бачым і матывы новыя, індывідуальныя, зьвязаныя з настроямі «нашаніўскага» пэрыяду. Вось жа, нягледзячы на ўсю іх разнароднасьць, пералічаных пісьменьнікаў злучае і фармальна-натуралістычны падход, і тэматыка, i настроі, і — урэшце — тое, што яны зьяўляюцца інтэлігентамі; праўда, яны блізкія да народных масаў ідэйна, але крывёй з апошнімі ня зьвязаны[9].
Пачатак XX ст. — гэта новы этап у гісторыі беларускае літаратуры з увагі на тое, што — побач з успомненымі пісьменьнікамі-інтэлігентамі (Лявіцкі, Каганец і Цётка, якія працуюць у працягу першых двух дзесяцігодзьдзяў XX ст.) — на арэну выступаюць ужо і запраўдныя выхаджэнцы з народных гушчаў, запраўдныя сыны народу. З гэтым мамэнтам (1905 год) вяжацца пачатак наймагутнейшага росту беларускай літаратурнай творчасьці, найбольш багатай і цэннай, зразу падняўшай беларускую літаратуру на ровень літаратур другіх культурных народаў Эўропы. З гэтага мамэнту пачынаецца для беларускае літаратуры новы — XX век, які гэтак рэзка адрозьніваецца ад свайго папярэдніка.
Тыя новыя сілы, якія былі выкліканы да жыцьця агульным уздымам у беларускіх масах пад уплывам рэвалюцыйнага руху 1905 году, гуртуюцца навакол журналаў «Наша Доля» (Вільня, 1906), а пасьля — «Наша Ніва» (Вільня, 1906—[19]15 гг.), што была замяніла зачыненую ўладамі недаўгавечную папярэдніцу сваю («Нашае Долі» выйшла толькі 6 нумароў, зь якіх 5 папалі пад канфіскату). «Наша Ніва» фармулявала ідэалёгію беларускіх адраджэнцаў — у пастаці абшырнае праграмы, ахопліваўшае ўсялякія справы й пытаньні культурнага і эканамічнага жыцьця беларусаў. Адначасна яна была і свайго роду літаратурнай школай для пачынаўшых пісаць паэтаў і пісьменьнікаў, каторыя ў рэдакцыі «Н. Н.» сустракалі прыязную крытыку і даставалі ўсялякага роду выясьненьні і рады. Супрацоўніцтва ў «Н. Н.», злучаючы маладых аўтараў на грунце адраджэнскае ідэалёгіі, зусім не зацірала індывідуальных рысаў і ўласьцівасьцяў кожнага зь іх і ня вытварыла нейкага адзінага з фармальнага боку літаратурнага цячэньня. I ў сям’і «нашаніўцаў» дужа добра ўжываліся побач прадстаўнікі народніцкага натуралізму і рамантызму, рацыяналізму і містыцызму, пралетарскай барацьбы і эстэтызму, канчаючы разнароднымі плынямі нэарамантызму.
Найвыдатнейшымі паэтамі «нашаніўскага» пэрыяду, захаваўшымі сваё перадавое становішча ў беларускай літаратуры па сягодняшні дзень, былі Костусь Міцкевіч, ведамы пад мянюшкамі Якуба Коласа i Тараса Гушчы, i Іван Луцэвіч, які піша пад псэўдонімам Янкі Купалы. На іх трэба супыніцца асобна, бо ж абодва яны, маючы бясспрэчна найвялікшыя таленты і прадстаўляючы сільныя індывідуальнасьці, адначасна зьяўляюцца найбольш тыповымі прадстаўнікамі беларускае адраджэнскае літаратуры.
Якуб Колас (радзіўся ў 1882 г.) — сын селяніна-малазямельніка, па прафэсіі — вучыцель народнае школы. Знамяніта ведае сялянскае жыцьцё, сялянскую псыхалёгію. Ён — лірык і эпік, адчасьці і драматург. Ягоная лірыка (зборнікі: «Песьні жальбы», Вільня 1910, і «Водгульле», Менск, 1922) — гэта найлепшае выяўленьне душы і нацыянальнага характару беларускага селяніна, здаровага духова, ахутанага дымкай тугі, але поўнага жыцьцёвае сілы, заўсёды зраўнаважанага. Лірыка Коласа, агулам, вельмі шчыльна зьвязана па духу з народнай паэзіяй. У пачаткавым пэрыядзе мае сьляды ўплыву расейскае паэзіі (Лермантава, Кальцова, Някрасава), але ў далейшым разьвіваецца самастойна, прадстаўляючы як быццам вышэйшую форму народнiцканатуралістычнага цячэньня. Паводле прызнаньня самога паэты, вялікі ўплыў на яго зрабіла творчасьць Янкі Лучыны, агульным сваім калярытам гэткая блізкая да коласаўскае: яна і пабудзіла Коласа пісаць беларускія вершы. У пазьнейшым пэрыядзе (20-тыя гады нашага сталецьця), калі Колас, пасьля доўгага бадзяньня на чужыне, у Куршчыне, дзе жыў і працаваў, варочаецца на Бацькаўшчыну ( — у Менск) і пападае тутака ў зусім новую атмасфэру, — у яго выяўляецца на мамэнт нейкі духовы надлом, нарушэньне духовае гармоніі, выхад з раўнавагі, — і гэта адбіваецца ў нахіле да імпрэсіянізму (гл. рад вершаў у зборніку «Водгульле» — «Звон шыбаў», «Ценістрахi» і інш.)15. Але гэта хутка мінае, не пакідаючы глыбейшых сьлядоў. Колас, які пачаў сваю паэтыцкую творчасьць у рэвалюцыйныя гады (1905—6) і пацярпеў за сваю рэвалюцыйную дзеяльнасьць, праседзеўшы тры гады ў менскім вастрозе16 (там напісана была большая частка вершаў зборніку «Песьні жальбы»), — Колас арганічна блізкі ідэям новага ладу і дзеля гэтага хутка з гэтым ладам зусім зжываецца.
I найнавейшыя лірычныя вершы яго па свайму характару знаходзяцца ў поўнай гармоніі з настроямі масаў, перамогшых у крывавай рэвалюцыйнай барацьбе. — Незвычайная лёгкасьць вершу, прастата яго, дасканалая форма і музыкальнасьць, мастацкасьць маляваных абразоў, глыбіня і шчырасьць пачуцьця, надзвычайная мяккасьць тонаў — усё гэта надае творству Коласа асаблівае ачараваньне і стаўляе аўтара на адно зь першых месц у беларускай літаратуры. Апрача лірыкі, узносяць Коласа на эўрапейскі ровень яго буйныя эпічныя творы — вершаваныя і пісаныя празаічнай формай. Нават акадэмік Карскі, які наагул быў ня вельмі ласкавы на нашу адраджэнскую літаратуру, — і той без усякага ваганьня стаўляў Коласа на аднэй вышыні з Пушкіным і з польскім аднафамільцам нашага паэты — Адамам Міцкевічам. Паэмы Коласа «Новая зямля» і «Сымон Музыка» найбольш суровымі крытыкамі стаўляюцца побач з паэмамі гэных геніяў расейскага і польскага народаў — «Евгений Онегин» і «Pan Tadeusz», — і запраўды ж яны не ўступаюць апошнім ані ў дасканаласьці формы, ані ў мастацкасьці абразоў. Абедзьве коласаўскія паэмы — гэта ключ дзеля зразуменьня душы беларуса. «Новая зямля» дае незвычайна багатыя і сакавітыя абразы беларускае прыроды і быту сялянскае сям’і, каторая, ня маючы ўласнага варштату працы — сваей зямлі — і прымушаная здабываць кусок хлеба прадажай сваей рабочай сілы, імкнецца ўсімі сіламі прыдбаць сабе шматок зямлі на ўласнасьць ды гэтак атрымаць магчымасьць жыць незалежным гаспадарча жыцьцём. Колас умее глыбака заглянуць у душы беларускіх дзяцей. Iх жыцьцё памастацку адбіта ўжо ў «Новай зямлі», у якой шмат месца ўдзяліў паэта дзецям, — а паэма «Сымон Музыка» дык уся пасьвячона дзіцяці-мастаку, самародку, аднаму з тых, якіх так часта й так зласьліва ламае і топча жыцьцё. — А побач з паэмамі дае Колас у апошнія гады і повесьць: «У палескай глушы» і «У глыбі Палесься» (дзьве часьці недакончанае яшчэ трылёгіі), — і тут, побач з абразамі прыроды й сялянскага быту, выяўляецца запраўднае, непрыхарошанае аблічча вясковае паўінтэлігенцыі даадраджэнскіх часоў. Повесьць гэтая прадстаўляе як быццам падсумоўку паасобных апавяданьняў, якімі Колас гэтак багат, ды якія — пад псэўданімам Тараса Гушчы — зьмешчаны ў некалькіх зборнiчках: «Апавяданьні» (1912), «Родныя зьявы» (1914), «Казкі жыцьця» (1921), «Прапаў чалавек», «Як Янка збагацеў», «Нёманаў дар» і інш. — У апошнія — пасьлярэвалюцыйныя гады Колас пачаў працаваць над драмамі, адтвараючы ў іх характэрныя мамэнты з дарэвалюцыйнага беларускага руху (драма «Забастоўшчыкі» — з жыцьця народных вучыцялёў) і з часоў імпэрыялістычнае вайны.
Раўналежна з творчасьцяй Коласа вырастае незвычайна разнародная і багатая адценкамі творчасьць Янкі Купалы, равесьніка Коласа (нарадзіўся таксама ў 1882 годзе) і ня менш папулярнага карыфэя беларускае літаратуры. Паскольку Колас — перадусім вялікі мастак у адтвараньні жыцьця і перажываньняў беларускага селяніна, пастольку Купала — духовы павадыр адраджаючагася беларускага народу як нацыянальнае суцэльнасьці. Творы Купалы — гэта барацьбяны кліч, гэта прызыў да змаганьня, да новага жыцьця, да высокіх агульналюдзкіх і нацыянальных ідэалаў, — прызыў да сонца й зораў. Купала імкнецца перадусім да вызваленьня ў беларусе — Чалавека; яго нацыянальная ідэалёгія поўнасьцю грунтуецца на высокагуманітарных падставах. Асабліва багатая і разнародная лірыка паэты, з пункту гледжаньня мастацкасьці — дасканалая; паскольку Колас заварожвае нас сваей мяккасьцяй і гарманічнасьцяй, пастольку Купала захоплівае магучай дынамікай, бурнымі парываньнямі, сілай экспрэсіі — пры незвычайным багацьці і разнастайнасьці формы ды гучнасьці й музыкальнасьці вершу. Гэта — тыповы нэарамантык, хаця стаўся такім не адразу. Першы этап ягонае творчасьці — гэта далейшы крок у разьвіцьці народніцкага натуралізму ў духу Мацея Бурачка (гл. першы зборнік вершаў Купалы «Жалейка», СПб, 1908). Нейкі час яго захоплівае творчасьць рамантыкаў у асобах найвыдатнейшых польскіх прадстаўнікоў гэтага кірунку (Міцкевіч, Славацкі), творы каторых Купала зь піэтызмам перакладае па беларускую мову19. Але талент яго рвецца ўсьцяж наперад — да новых формаў паэзіі ў сувязі з новымі абставінамі жыцьця, усё больш бурлівага, у сувязі з новымі заданьнямі і імкненьнямі. Купала захопліваецца нэарамантызмам ува ўсей многаабразнасьці яго. Спаміж польскіх прадстаўнікоў новых кірункаў на яго аказваюць вялікі ўплыў Канапніцкая, Пшыбышэўскі, Каспровіч, Жулаўскі; спаміж расейскіх — Бальмонт і Брусаў, зь якімі Купала сустракаецца асабіста, і яны перакладаюць ягоныя вершы на расейскую мову. Рад выпушчаных Купалай зборнікаў твораў — гэта этапы ў разьвіцьці і фармаваньні ягонага таленту: сьледам за «Жалейкай» выходзе «Гусьляр» (1910), каторы ўжо прадвяшчае далейшы шлях творчасьці паэты, далей — «Шляхам жыцьця» (1913), «Спадчына» (1922) і «Безназоўнае» (1924); апошні зборнік завяршае ідэалягічную эвалюцыю Купалы, мужыцкага сына22 — безьзямельніка, сялянская ідэалёгія каторага ў сацыяльнай галіне ператвараецца ў пралетарскую, не зьмяняючыся, аднак, у галіне нацыянальнай. Купалу характарызуе глыбокая яго вера ў новае сацыяльнае будаўніцтва, на фоне якога паэце рысуюцца шырокія пэрспэктывы для ягонага творства ў праменьнях усё саграваючага сонца Волі. Якое ж цяжкое расчараваньне спаткала яго на гэтым грунце ў самыя апошнія гады!..
Купала — ня толькі лірык: ён — і эпік, і драматург. Ягоны эпас складаецца з раду паэмаў, якія прадстаўляюць пераважна мастацкую апрацоўку народных легенд і апавяданьняў. Асабліва цікаўныя два буйнейшыя творы — драматычныя паэмы «Адвечная песьня» і «Сон на кургане». — «Адвечная песьня» (СПб, 1908) — гэта поўны трагізму абраз сялянскага жыцьця, дзе нямашака месца дзеля радасьці і шчасьця, — жыцьця, якое страшней за сьмерць... I трагізм яе ўзмацоўваецца тым, што беларускі селянін ня ў сілах вырвацца з кола паўтарэньняў — усьцяж тае самае, адвечнае «песьні». — «Сон на кургане» (СПб, 1910) — гэта ўжо агульная трагедыя ўсіх тых, хто, як Праметэй, што прынёс зь неба агонь для людзей, імкнецца заваяваць шчасьце для свайго народу, — у даным выпадку для народу беларускага. Абедзьве гэтыя паэмы зварачаюць на сябе ўвагу, паміж іншым, і тым, што Купала ўводзе ў іх элемэнты сымбалізму. У цэлым радзе сымбалічных пастацяў выяўляецца нацыянальны ўпадак народу беларускага пад чужацкай уладай, даюцца жудасныя абразы закабаленьня працоўных усемагутным Капіталам.
У беларускую драматургію Купала ўносіць багаты й цэнны ўклад: сьледам за бытавой камэдыяй п. н. «Паўлінка» (1912 г.) ідуць п’есы, шчыльна зьвязаныя з адраджэнскім рухам, з прабуджэньнем нацыянальнае і сацыяльнае сьвядомасьці ў беларускіх масах. Гэта ёсьць: «На папасе» (1912)25, далей — «Раскіданае гняздо» (1913), драма, якая ў радзе сымбалічных абразоў прадвяшчае, паміж іншым, выпадкі Вялікае Рэвалюцыі 1917 году; нарэшце — «Тутэйшыя» (1924)26, камэдыя, якая адбівае ў сабе ваенныя падзеі на тэрыторыі Беларусі (на менскім грунце), — ды некаторыя іншыя. Драма Купалы — гэта вялікі крок наперад у галіне беларускае драматычнае творчасьці, каторая — пасьля Дунін-Марцінкевіча — была як быццам замёршы ажно да Купалы, бо ў прамежным пэрыядзе дала толькі некалькі спарадычных, да таго ж вельмі скромных спроб тварэньня ў гэтым кірунку (Ядвігін Ш. — драма «Злодзей», 1893 г., ды невялічкія бытавыя п’ескі Каганца, як «Модны шляхцюк», часта недакончаныя); спробы гэныя не далі нічога новага, раўнуючы да творчасьці Дуніна-Марцінкевіча.
Купала займае ў беларускай літаратуры такжа вельмі выдатнае месца, як перакладчык на беларускую мову чужых твораў. Ён ператлумачыў цэлы рад вершаў Ад. Міцкевіча, Сыракомлі, Уейскага, Канапніцкай, Каспровіча, ператлумачыў выдатны мастацкі твор Жулаўскага «Эрос і Псыха», лібрэта Вольскага да опэры «Галька» Манюшкі, некаторыя вершы Някрасава ды байкі Крылова, — урэшце, знамянітае «Слова а палку Ігара» (з старабаўгарскае мовы зь сільным уплывам беларушчыны), колькі адрыўкаў з санскрыцкае літаратуры (з Магабгараты), «Інтэрнацыянал» і шмат іншага. I творачы арыгінальныя рэчы, і прысвойваючы беларускай літаратуры творы чужыя, Купала незвычайна ўзбагачвае беларускую мову, будуючы і ўводзячы ў яе новыя словы, неабходныя дзеля выказаньня найтанчэйшых адценкаў мысьлі. З пункту гледжаньня слоўнікавага багацьця ніхто дагэтуль ня мог зраўняцца з Купалай.
* * *
У далейшым мы ня будзем спыняцца на другіх — менш выдатных аўтарах, бо ж яны пераважна йдуць па пратораных Коласам і Купалай шляхох. Затрымаемся толькі на тым, што ў большай ці меншай меры ад гэтых шляхоў адхіляецца, адзначыўшы, што найбольш характэрнай рысай беларускае адраджэнскае паэзіі ёсьць яе рацыяналізм. Найярчэй выявіўся ён, натуральна, у тым пралетарскім кірунку, каторы ў «нашаніўскім» пэрыядзе быў прадстаўлены перадусім Зьмітром Жылуновічам (псэўд. Цішка Гартны), уталентаваным работнікам-гарбаром, расьцьвет творчасьці якога прыпадае, праўда, ужо на найнавейшы — пасьлярэвалюцыйны пэрыяд. Але сярод «нашаніўцаў» ёсьць і прадстаўнікі антытэзы яго, у большай ці меншай меры склонныя да містыцызму. Сярод апошніх — Аляксандар Прушынскі (псэўдонімы: Алесь Гарун, Жывіца), каторы памер без пары, патраціўшы сілы й здароўе ў сiбірскай тайзе, сасланы туды за рэвалюцыйную працу ў 1905-6 гг.; ён пакінуў па сабе зборнік вершаў «Матчын дар» (напісаны ў 1907—14 гг., надрукаваны ў 1918 г.), рад мастацкіх апавяданьняў у прозе ды некалькі сцэнічных п’есак для дзяцей. Далей — Самуіл Плаўнік (псэўдонімы: Зьмітрок Бядуля, Ясакар), зьбеларушчаны жыд (урадзіўся ў 1886 г.), які ў свае творы пачатковага пэрыяду («Абразкі» 1913 г., «Містэрыя»), а такжа ў некаторыя пазьнейшыя («Пад родным небам», 1922, «На зачарованых гонях» і інш.) унёс зачэрпненыя зь Бібліі і Талмуду элемэнты жыдоўскае містыкі. Далей — выдатны літаратар і крытык Максім Гарэцкі, аўтар повесьцяў «Дзьве душы», 191931, і «Антон», 191932, ды зборніку апавяданьняў пад назовам «Рунь», 1914 ( — ён жа аўтар першае сыстэматычнае «Гісторыі беларускае літаратуры»); гэта незвычайна цікаўны ідэоляг новае беларускае адраджэнскае інтэлігенцыі, якая часта шукае ў містыцы адказу на недаўменныя пытаньні, каторыя так востра паўстаюць перад выхаджэнцамі з народнае гушчы, адышоўшымі ад народнага сьветаўяўленьня і не пасьпеўшымі пранікнуцца глыбей сучаснай цывілізацыяй. Нарэшце — Казімір Стаповіч (псэўд. Янка Сваяк), каталіцкі ксёндз (цяпер ужо памершы); у сваім зборніку вершаў «Мая ліра», 1924, ён даў незвычайна яркае выяўленьне цяжкога ўнутранага разброду ў чалавека, губляючага веру ў Бога з прычыны непрымірымае супярэчнасьці паміж атрыбутамі Божства, як увасабленьня найвышэйшае справядлівасьці, і панаваньнем на гэтым сьвеце несправядлівасьці ды гвалту, што так балюча адчувае Беларускі народ. Аднак і спасярод гэтых нячысьленых аўтараў, часта выяўляўшых містычны настрой, Бядуля й Гарэцкі ў апошні пэрыяд адышліся ад містыцызму вельмі далёка.
Сярод сучасных беларускіх паэтаў і пісьменьнікаў вялізарную лічэбную перавагу маюць сыны вёскі. Дык зусім зразумелая рэч, што асноўны фон беларускай паэзіі дае вясковае жыцьцё, што гэтая паэзія надзвычайна багата мастацкімі апісаньнямі прыроды, што ў ёй вельмі ярка адбіваецца народная творчасьць, народная фантазія, народная міталёгія, — наагул, сьветаадчуваньне хлебароба. Аднак у меру свайго разьвіцьця, беларускі нацыянальны рух паступова ахоплівае і горад — асабліва тыя мястовыя элемэнты, якія мястовымі сталіся пераважна ад другога ці трэцяга пакаленьня. Спасярод іх такжа выходзяць беларускія палітыкі і культурнікі — паэты, пісьменьнікі, журналісты. I гэта знаходзе свой адбітак у літаратуры: ад вёскі іншыя з нашых аўтараў пачынаюць зварачацца да места, тут шукаць тэмаў і натхненьня. Гэты зварот да места распачынае ўталентаваны паэта Максім Багдановіч (1892— 1917), найвыдатнейшы прадстаўнік эстэтызму ў нашай паэзіі. А побач зь ім — ужо ў пэрыяд Вялікае Вайны — абразова выяўляе жыцьцё мяшчанства родны сын старое беларуска-літоўскае сталіцы — Вільні — выдатны драматычны пісьменьнік Францішк Аляхновіч (радз. у 1883 г.).
На эстэтызьме, асноўныя тэзісы якога сфармулаваў Максім Багдановіч, трэба затрымацца асабліва. Кірунак гэты ў пэўнай меры быў процістаўленьнем даволі пашыранаму сярод «нашаніўцаў» пагляду на літаратуру як на спосаб правядзеньня ў масы ідэі нацыянальнага адраджэньня, як на форму, у якую можна ўкладаць наперад зададзены зьмест. Дый выяўленьне эстэтызму бачым ня толькі ў тую — мінулую ўжо — пару «Нашае Нівы»: як будзе відаць з далейшага, ён разьвіваецца і ў найнавейшы — пасьлярэвалюцыйны пэрыяд, у роўнай меры на Захадзе, як і на Ўсходзе. Вось чаму перш чым перайсьці да паэзіі пасьлярэвалюцыйнае, неабходна пазнаёміцца з найвыдатнейшым прадстаўніком эстэтызму — Максімам Багдановічам.
Максім Багдановіч — жыхар места ў другім пакаленьні; ён узрос у інтэлігентнай сям’і (бацька ягоны — вучыцель і даволі ведамы працаўнік на ніве беларускае этнаграфіі, — атрымаў вышэйшую адукацыю). Гэты паэта, які памер без пары ад сухотаў, пакінуў небагатую сваей колькасьцяй, але незвычайна цэнную сваей якасьцяй паэтыцкую спадчыну. Не дарма меў ён знамянітых вучыцялёў у асобах найлепшых прадстаўнікоў расейскае, украінскае, францускае і нямецкае літаратур, з творамі каторых знаёміўся ў арыгіналах, а такжа і другіх літаратур, знаёмства зь якімі завязваў пры дапамозе расейскіх перакладаў. Асабліва захопліваў нашага паэту Вэрлен, доўгі рад вершаў каторага Багдановіч вельмі ўдатна ператлумачыў на беларускую мову. Жывучы ад малых гадоў у вялікіх местах Вялікарусі ( — Ніжнім Ноўгарадзе, Яраслаўлі), гэты ўдумчывы і тонкі цаніцель красы, далёкі ад разьвіваўшаеся на Бацькаўшчыне палітычнае барацьбы, сваё служэньне Беларускаму народу бачыў у тварэньні высокамастацкіх цэннасьцяў у беларускай мове. Ён умеў шукаць красу і знаходзіў нявычарпаную крыніцу яе ў жыцьці свайго народу, у яго міталёгіі, абразох мінуўшчыны, — у беларускай прыродзе. Краса гэтая — агульналюдзкая, роўна зразумелая для беларуса, як і для кожнага эўрапейца. У бруднай, худой вясковай дзяўчынцы-падростку Багдановіч умее знайсьці і выкрыць выяўленьне таго ж цудоўнага зьліцьця элемэнтаў дзявоцтва і мацярынства, якое на сваіх палотнішчах стараліся адбіць найвялікшыя мастакі ў малярстве (гл. верш «У вёсцы» з цыклу «Мадонны» ў зборніку «Вянок»). Улюблены тып твораў Багдановіча — гэта кароценькія, пераважна васьмірадковыя вершыкі, якія зьмяшчаюць у сабе заўсёды суцэльны абраз, думку, настрой. Багдановіч увёў у беларускую паэзію вялікую разнароднасьць форм вершаваньня — санэт, рандо, трыялет — цяпер вельмі пашыраны, актаву, тэрцыны, пентамэтры і г. д. Ён вельмі скупы на словы, і кожны верш яго мае ў сабе мінімум слоўнага матэрыялу, патрэбнага дзеля стварэньня данага абраза. Творы Багдановіча адзначаюцца асабліва стараннай апрацоўкай вершу: з гэтага гледзішча яны — беззаганныя.
За жыцьця Багдановіч выпусьціў толькі адзін зборнік вершаў — «Вянок» (Вільня, 1913), які адразу даў яму імя, — і толькі цяпер (1928—29 гг.) Беларуская Акадэмія Навук у Менску надрукавала два томы поўнага сабраньня твораў паэты, куды ўвайшлі і вершы «Вянка», і ўсё тое, чаго ў «Вянку» няма. З гэтых твораў, пісаных часткай вершам, часткай — прозай (крытычныя стацьці), найлепш відаць пагляды аўтара на яго ўласнае творства і на мастацтва наагул. Паводле Багдановіча, дзеля стварэньня дасканалага мастацкага твору не даволі аднаго толькі таленту: неабходна яшчэ і сьвядомая праца, стараннасьць у апрацоўцы, уменьне выкарыстаць адпаведны матэрыял, а перадусім мець перад вачыма, як канчатковую мэту, дасканаласьць формы. Ніякіх іншых мэтаў мастацтва ня мае: ідэалы грамадзкія, нацыянальныя і іншыя — гэта толькі тэмы, толькі пабуджэньне да творства, але не яны дыктуюць законы тварэньня, а імкненьне стварыць красу. Краса ж — гэта самацэньнасьць; яна не павінна служыць другім багам («Апокрыф»). Ёй і служыў Багдановіч у працягу ўсяго свайго нядоўгага жыцьця, хаця ён сам зусім ня быў пазбаўлены грамадзкіх пачуцьцяў і імкненьняў ды прымаў вельмі чыннае ўчасьце ў беларускай грамадзкай працы як сябра Беларускае Сацыялістычнае Грамады, калі ў апошнія перад сьмерцяй гады жыў у Менску. — Вельмі характэрна для Багдановіча карыстаньне з прыёмаў народнае паэзіі: рад выдатных твораў яго («Максім і Магдалена», «Страцім-лебедзь», «Мушка-Зелянушка і Камарык — насаты тварык» і некаторыя дробныя вершы) вытрыманы ў чыста народным стылю. Цікаўныя і стылізацыі ў духу старабеларускім («Аб іконьніку і залатару»).
На парозе вялікіх падзеяў, якія перакроілі карту Эўропы і ў канчатковым выніку сваім падзялілі Беларусь на дзьве часьці: Заходнюю і Ўсходнюю, — разьвіваецца творчасьць стаяўшага вонках «нашаніўскае» сям’і, але блізкага ей па духу, драматычнага аўтара Францішка Аляхновіча. Ён — выключна драматург: творыць толькі для сцэны і сам жа адтварае на ёй сваіх герояў як выдатны драматычны артыста, — пад той час, як папярэднікі яго пісалі і пішуць драматычныя творы толькі паміж іншым, бо галоўная іх творчасьць разьвіваецца ў межах лірыкі і эпасу. Знамянітае веданьне вымогаў сцэны дае гэтаму суроваму крытыку мяшчанства вялікую перавагу над папярэднікамі, стаяўшымі далёка ад сцэны. Пачатак творства Аляхновіча прыпадае на 1914—15 гг., калі ён напісаў першую сваю мяшчанскую камэдыю «На Антокалі» (Антокаль — адна з акраінаў Вільні). Далей у храналягічным парадку выходзяць з-пад ягонага пяра «На вёсцы», «Бутрым Няміра», «Манька» ( — у пазьнейшай перапрацоўцы «Дрыгва»), «Калісь», «Базылішк», «Чорт і баба», «Страхі жыцьця», «Дзядзька Якуб», «Цені», «Птушка шчасьця», «Шчасьлівы муж», «скончаная драма», «Пан міністар» і рад меншых інсцэнізацыяў. Усе гэтыя п’есы не зыходзяць зь беларускае сцэны па сягоньняшні дзень, даючы праўдзівыя абразы мяшчанскага жыцьця — зь яго безыдэйнасьцяй і драбязьлівасьцяй, жыцьця, якое, быццам запраўдная дрыгва, зацягвае і нішчыць усіх, хто адважаецца ісьці новым шляхам — шляхам беларускага нацыянальнага адраджэньня і барацьбы за лепшую будучыню працоўных.
Творчасьць Аляхновіча агулам можна ахарактарызаваць, як рэалістычную, што і зразумела ў сувязі зь яго імкненьнем адтварыць рэальнае жыцьцё роднае яму сфэры — мяшчанства. Аднак, часамі — пад уплывам найвыдатнейшага з польскіх драматургаў, Станіслава Пшыбышэўскага, — Аляхновіч пробуе ўнасіць у свае драмы элемэнты сымбалізму, наагул, даволі чужога яму, — ды гэтым хутчэй абніжае вартасьць сваіх твораў, чым павышае.
У канцы трэба адзначыць яшчэ адну рысу беларускае паэзіі, якую сустракаем у беларускіх аўтараў даволі шырака — як у «нашаніўскім» пэрыядзе, так і пазьней: гэта — нахіл да гумарыстыкі. Многа гумору ўжо ў Дуніна-Марцінкевіча, яшчэ балей — у Мацея Бурачка, у каторага гумор пераходзе ў сатыру, — сатыру зласьлівую, едкую, жорстка бічуючую тыя «вышэйшыя» сфэры грамадзянства, каторыя найбольш вінаваты ў цемры і прыгнечаньні працоўных масаў. Гумор Коласа — тонкі й дабрадушны; у Купалы — зь вялікай дозай іроніі. Гумор, можна сказаць, ёсьць нацыянальная рыса беларусаў, дык ня дзіва, што ён гэтак часта выяўляецца і ў беларускіх паэтаў. Найбліжэй па свайму духу да народнае масы гумарыстычныя апавяданьні Ядвігіна Ш. (Антона Лявіцкага). Але ў пералічаных аўтараў, як і ў шмат каго іншага (не выключаючы Максіма Багдановіча), гумор — толькі адна з многіх рысаў, якія характарызуюць іх творчасьць. А ёсьць і аўтары, у каторых гэтая рыса — галоўная. Гэта можна сказаць аб адным із старэйшых «нашаніўцаў», Альбэрце Паўловічу (урадз. у 1875). Частка гумарыстычных апавяданьняў яго, пісаных вершам, была надрукавана ў асобнай кніжцы ў 1910 г. (зборнік «Снапок», перадрукаваны пазьней пару разоў), і гэтым сваім творам Паўловіч здабыў сабе значную папулярнасьць у масах. Да гумарыстаў залічыць трэба і Янку Быліну (зборн. «На прызьбе»).
* * *
Вялікая Вайна не знайшла асабліва яркага адбітку свайго ў беларускай літаратуры. Але ўсё ж такі — у самым пачатку яе — на ваенныя падзеі адгукнуліся беларускія лірычныя паэты. Гэта былі — у храналягічным парадку — Алесь Гарун, Янка Купала, Якуб Колас, Зьмітрок Бядуля i некаторыя другія меншае велічыні. Апрача Бядулі, каторага вайна ў першы мамэнт глыбака захапляе, як і кожнае іншае вялікае і яркае здарэньне наагул, — усе яны ў большай ці меншай меры выступаюць проці ваяўнічых настрояў, бачаць перадусім увесь жах і страшэнства масавага забіваньня людзей і прамаўляюць да пачуцьцяў гуманнасьці і браталюбства, заклікаючы жаўнераў сьвята захоўваць іх. Толькі шмат пазьней на ваенныя тэмы пачынаюць пісаць нашы эпікі — на чале з Максімам Гарэцкім, які даў повесьць «Дзьве душы» ды рад апавяданьняў і драматычных сцэн, зьвязаных зь вайной; яшчэ пазьней пасьвячаюць ваенным падзеям свае драматычныя творы Купала, Колас і інш. — Прычыну адносна слабога рэагаваньня беларускае літаратуры на вайну трэба шукаць у тым, што ў першы ж мамэнт блізу ўсе беларускія аўтары аказаліся ў радох арміі, дзе, ведама, аб творчай працы не магло быць і гутаркі; а пасьля вайну засланіла сабой яшчэ больш яркае здарэньне — Рэвалюцыя, якая на прасторы 2/3 Беларусі зьмяніла ўвесь стары сацыяльны й палітычны лад. I зусім натуральна, што беларускія сялянскія і работніцкія паэты былі глыбака захоплены фактам утварэньня работніцка-сялянскае ўлады, што ў ёй бачылі зьдзяйсьненьне сваіх летуценьняў як сацыяльнага, так і нацыянальнага характару: бо ж савецкая ўлада, якая сьпярша не прызнала актаў абвяшчэньня дзяржаўнае незалежнасьці Беларусі дэмакратычным Усебеларускім Зьездам у Менску 31 сьнежня 1917 году і эманацыяй яго — Радай Рэспублікі — 25 сакавіка 1918 году, — пасьля сама ўзяла ў свае рукі ініцыятыву ў гэтай акцыі і 1 студня 1919 году часткова зьдзейсьніла беларускі дзяржаўны ідэал, абвяшчаючы заснаваньне Беларускае Сацыялістычнае Савецкае Рэспублікі ў складзе СССР, — праўда, спачатку толькі на невялікай частцы зямель Усходняе Беларусі (Меншчына). Гэтыя падзеі і засланілі сабой толькі што перажытыя ваенныя злыбеды і выклікалі ў масах вялізарны ўздым, што ўраз жа адбілася і ў беларускай літаратуры. У першы мамэнт у ёй цалкам запанаваў рэвалюцыйны патас. Выступае цэлая маса новых паэтаў, якія пішуць у рэвалюцыйна-пралетарскім духу. «Пралетарызуюцца» і некаторыя з старых сялянскіх паэтаў, і Янка Купала ўрачыста абвяшчае сваё пралетарскае credo. Расьцьвітае творчасьць найстарэйшага прадстаўніка пралетарскага кірунку сярод «нашаніўцаў» — Цішкі Гартнага, каторы да вайны выпусьціў у сьвет адно толькі невялічкі зборнічак вершаў пад загалоўкам «Песьні» (СПб, 1913), а цяпер друкуе драму «Хвалі жыцьця» (1918), два зборнікі вершаў: «Песьні працы і змаганьня» (1922) і «Урачыстасьць» (1925), урэшце — дзьве повесьці, часьці недакончанае яшчэ трылёгіі пад агульным назовам «Сокі цаліны», ды некалькі зборнікаў апавяданьняў. — У сувязі з гэтым агульным ажыўленьнем паўстае арганізацыя маладых паэтаў і пісьменьнікаў пад назовам «Маладняк», які мае свой кіраўнічы цэнтар у Менску і зразу ж гуртуе некалькі дзясяткаў сяброў — прадстаўнікоў пралетарскае ідэалёгіі. Сярод «маладнякоўцаў» бачым спачатку і «нашаніўца» Бядулю. На чале «Маладняка» становіцца (і стаіць дагэтуль) малады, вельмі ўталентаваны паэта Кудзелька (псэўд. Міхась Чарот); сваей незвычайна папулярнай паэмай «Босыя на вогнішчы», у якой па-мастацку адтвараюцца настроі перамогшых у рэвалюцыйнай барацьбе масаў, ён зразу здабыў для сябе сярод «маладнякоўцаў» першае месца. «Маладняк» друкуе рад зборнічкаў твораў сваіх сяброў: Міхась Чарот — «Босыя на вогнішчы» і «Выбраныя вершы»; Уладзімер Дубоўка — «Трысьцё», «Сredo», «Наля» (раней — у 1923 г. — выйшаў у Вільні яго зборнічак вершаў «Строма»); Алесь Дудар — «Беларусь бунтарская», «I залацісьцей, і сталёвей»; А. Александровіч — «Па беларускім бруку», «Прозалаць», «Угрунь»; Анатоль Вольны — «Чорнакудрая радасьць»; Язэп Пушча — «Vita»; Язэп Падабед — «Вершы»; Уладзімер Хадыка — «Суніцы»; Крапіва — «Асьцё», зборнік сатырычных вершаў; Бандарына, Вішнеўская i Пфляўмбаўм — супольны зборнічак «Вершы», — ды шмат іншых, атрымаць якія зь Менску ў Заходняй Беларусі, на жаль, аказалася немагчымым з прычыны цэнзурных перашкодаў. — Да «Маладняка» быў далучыўшыся спачатку і найвыдатнейшы з маладых празаікаў, аўтар повесьці «Сьцежкі-дарожкі» і некалькіх зборнічкаў мастацкіх апавяданьняў («У віры жыцьця» і інш.) — Міхась Зарэцкі.
У аснову сваей дзеяльнасьці «Маладняк» паклаў гэткі прынцып: зрабіць літаратуру сродкам прапаганды на карысьць рэвалюцыйнае ўлады і замацаваньня новага сацыяльнага ладу. Пры аднароднасьці ідэалёгіі сяброў «Маладняка» гэтае заданьне і мусіла б выпаўняцца зусім натуральна, самахоць, — асабліва прымаючы пад увагу агульны ўздым настрояў у рэвалюцыянэраў-пераможнікаў. Аднак на дзеле выйшла інакш: «маладнякоўская» асацыяцыя аказалася цалкам падпарадкаванай Камуністычнай Партыі і Камсамолу, і апошнія, не здавольваючыся ідэйным кіраўніцтвам, выявілі імкненьне ператварыць «Маладняк» у свайго роду рамесьніцкі цэх, пробуючы вырашаць пытаньні чыста мастацкага характару, у якіх ні Партыя, ні Камсамол не былі кампэтэнтнымі. Гэта выклікала ўнутраны разброд сярод асацыяцыі. На паседжаньні пленуму «Маладняка» у сакавіку 1925 году выявіліся вельмі глыбокія разыходжаньні ў паглядах «маладнякоўцаў» на асноўныя праблемы мастацтва, — разыходжаньні, зьвязаныя да таго ж зь вельмі неаднародным характарам творчасьці пералічаных аўтараў. Далёка ня ўсе сялянскія паэты, хоць і ўзышлі на пралетарскі шлях, здолелі зусім адцурацца вёскі, выжыць ізь сябе псыхалёгію хлебаробаў, — а лепшыя прадстаўнікі «Маладняка», запраўдныя мастакі, і далей дзяржаліся прынцыпаў эстэтызму, запаведаных Максімам Багдановічам. У рэзультаце — з «Маладняка» павыходзілі гэткія цэнныя сябры яго, як: Уладзімер Дубоўка, пагляды якога на мастацтва і характар творчасьці найбольш радняць яго з Максімам Багдановічам; далей — Алесь Дудар, Язэп Пушча. Уладзімер Хадыка44, Крапіва, Зарэцкi і другія. Разам зь яшчэ раней пакінуўшым «Маладняк» Бядуляй i іншымі «немаладнякоўскімі» аўтарамі яны ўтварылі новую літаратурную групу, якая пачала выдаваць свой орган «Узвышша» ад 1927 году. У гэтым журнале пачалі зьяўляцца такжа творы такіх аўтараў: Тарас Гушча, Уладзімер Жылка (аўтар зборнікаў вершаў «На ростані» і «Уяўленьне», надрукаваных у Заходняй Беларусі), А. Бабарэка, Кузьма Чорны, Пятро Глебка, Сяргей Дарожны, Кляшторны, Максім Лужанін, Васіль Шашалевіч ды рад іншых. Яны і далей пісалі зусім у духу новага сацыяльнага ладу, але не затым, што ім нехта даваў такія або сякія «інструкцыі» ды «заказы», а затым, што гэткія ў іх уласныя іхнія пагляды й перакананьнi. Але група «Ўзвышша» рашуча бараніла інтарэсы мастацтва, даючы адпор імкненьням зусім некампэтэнтных у галіне мастацтва органаў падчыніць сабе апошняе. У гэтым змаганьні блізкае да «Ўзвышша» становішча заняў і другі — найстарэйшы ў БССР — паважны літаратурна-грамадзкі журнал «Полымя». — Аднак змаганьне за мастацтва неўспадзеўкі закончылася выступленьнем на сцэну грубае фізiчнае сілы — сілы савецкае ўлады і Камуністычнае Партыі, якія і ўчынілі поўны разгром «інакамысьлячых». Запраўдныя мастакі слова, шчырыя і чэсныя з самімі сабой, аказаліся абвінавачанымі ў рознага роду «ўхілах» ад сталінаўскае «генэральнае лініі», у «нацыянал-дэмакратызьме» і т. п. і былі выкінены за борт жыцьця (пасаджаны ў вастрог ці высланы ў глыб Расеі). Склад рэдакцыяў «Полымя» і «Узвышша» быў радыкальна «ачышчаны» ад усіх, хто сваей музы не хацеў ператварыць у звычайнае рамясло. «Уцалелі», праўда, Колас (Тарас Гушча), Янка Купала (пасьля спробы самагубства), Бядуля, — але іх прымусілі «пакаяцца» і публічна апляваць усё, што дагэтуль тварылі і ў цэннасьць чаго верылі. Іншыя з «узвышанцаў», якія раней займалі на беларускім Парнасе друга- і трэцярадныя месцы, цяпер «выплылі» наверх, асуджаючы зь незвычайнай рэзкасьцяй, хоць зусім неабаснована аб’ектыўна, сваіх былых камбатантаў за свабоду мастацтва.
Нягледзячы на ўсе гэтыя разыходжаньні і часта ўзаемную варожасьць паміж паэтамі і пісьменьнікамі, паэтыцкая творчасьць у Савецкай Беларусі мае шмат супольных характэрных рысаў. У сваім зьмесьце беларуская паэзія ўжо адышлася тамака ад даўнейшых песьняў прыгнечаных рабоў: гэта ўжо песьні людзей вольных, песьні пераможцаў — поўныя энтузiязму, заклікаючыя да тварэньня новага жыцьця, новых цэннасьцяў. Яе характарызуе глыбокая вера аўтараў у сілу народную і ў сваю ўласную сілу — дый толькі ў яе: «ў народ і край мой толькі веру і веру ў самаго сябе!» — кажа Янка Купала ў адным зь вершаў апошняга пэрыяду. А поруч з гэтым характэрна ўвядзеньне ў найнавейшую беларускую паэзію матываў места: у сувязі з замацаваньнем беларускае ўлады па гарадох Усходняе Беларусі, быўшых раней цалкам пад маскоўскім (або польскім) уплывам, на мястовы брук горда ступае «лазою падплецены лапаць» — сымбаль збуджанага сялянства. Рытм мястовага жыцьця, рытм фабрычнае працы адбіваецца ў беларускай паэзіі побач з жыцьцём вёскі. I можна сьмела сказаць, што ў Савецкай Беларусі за апошнія часы не было ўжо ані чыста сялянскае, ані чыста пралетарскае паэзіі: у ёй мы бачым сынтэз вёскі і места.
У сувязі з новымі перажываньнямі і настроямі, у сувязі з новым рытмам жыцьця ў Савецкай Беларусі выявілася і шуканьне новых форм у паэзіі. У гэтай галіне бачым незвычайна цікаўнае злучэньне формаў народнае вуснае паэзіі і — футурыстычных уплываў. Асабліва кідаецца ў вочы свабода і разнароднасьць у сфэры рытмікі; найбольш характэрна з гэтага гледзішча паэтыцкая творчасьць Міхася Чарота ( — адзначаная ўжо паэма «Босыя на вогнішчы», зборнік «Завіруха» і інш.). Тут — поўны разрыў з старымі традыцыямі і сьмелае шуканьне новых шляхоў. Шмат разнароднасьці ўносіць і Ул. Дубоўка, і цэлы рад «маладнякоўцаў». Вельмі ўзбагацілася форма вершаў і ў старых паэтаў — у Коласа і іншых «нашаніўцаў», ня кажучы ўжо пра Купалу, каторы заўсёды йшоў у гэтым наперадзе другіх.
У апошнія гады ў Савецкай Беларусі асабліва пабагацела беларуская драматычная творчасьць і — повесьць, што сьведчыць аб дасьпяваньні маладое беларускае паэзіі. Дый перад беларускай драмай — у сувязі з заснаваньнем у БССР трох дзяржаўных беларускіх тэатраў, пастаўленых з мастацкага боку вельмі высака, — адкрыліся пасьля Вялікае вайны і Рэвалюцыі шырокія пэрспэктывы. Попыт на яе павялічваецца з году ў год, — і вось у апошнія часы бачым цэлы рад новых аўтараў у галіне драматургіі: незвычайна пладавіты, хоць мо коштам якасьці, Галубок ( — да вайны пісаў дробныя апавяданьні для «Нашае Нівы»); далей — Родзевіч, Міровіч (аўтар папулярнага «Костуся Каліноўскага») ды шмат іншых, — ня кажучы ўжо аб старых пісьменьніках, як Купала, Колас, Жылуновіч, Паўловіч і другія, зьвярнуўшыеся да драматычнае творчасьці. — А побач з драмай, як сказана, узбагачваецца беларуская повесьць: толькі за апошнія гады надрукаваны повесьці Коласа (Тараса Гушчы), Жылуновіча (Цішкі Гартнага) і інш. прадстаўнікоў старога пакаленьня, а побач зь імі выступаюць новыя сілы, сярод якіх у гэтай галіне першае месца бясспрэчна належыцца ўспомненаму ўжо М. Зарэцкаму.
З прычыны вытварыўшыхся асаблівых абставінаў жыцьця Заходняе Беларусі, якая не перажывала магутнага рэвалюцыйнага ўздыму і апынулася пад Польшчай, адрэзаная ад большае часьці Беларускага народу, — тут пасьляваенная літаратурная творчасьць шмат бяднейшая, чым на Ўсходзе. Нічога новага ў дадатнім сэнсе, раўнуючы з даваенным жыцьцём Беларусі пад Расеяй, польская ўлада ў нацыянальнае жыцьцё 2½ - мільённага беларускага насяленьня ня ўнесла. I агульны тон заходнебеларускае паэзіі, якая чутка адбівае жыцьцё і настроі народу, на першы пагляд напамінае «нашаніўскую» пару. Але і ў ёй можна дагледзець тры даволі выразныя цячэньні. Адно — гэта сумны водгук на цяжкое палажэньне беларускіх працоўных масаў у «нашаніўскім» духу, гэта — старыя песьні рабоў; выдатнейшых прадстаўнікоў гэтае цячэньне ня мае, — усе яны шэрыя, нявідныя. Два другія цячэньні непараўнальна багацейшыя талентамі; адно зь іх — чыста баявое, напамінаючае паэзію ўсходнебеларускіх аўтараў з часоў Рэвалюцыі і прадстаўленае радам маладых сілаў з Салагубам на чале; другое — напамінаючае багдановічаўскі эстэтызм, найбольш яркай прадстаўніцай каторага трэба бясспрэчна палічыць выдатную паэтку Натальлю Арсеньневу (зборнік вершаў «Пад сінім небам», Вільня, 1927 г.). Паміж гэтымі полюсамі бачым цэлы рад іменьняў паэтаў, якія, стоючы на грунце эстэтызму, па сваім тэмам і настроям збліжаюцца да «баевікоў», злучаючы ў сваей ідэалёгіі лёзунгі нацыянальнае і сацыяльнае барацьбы за волю працоўнае Беларусі. Такое сярэдняе становішча займаюць: А. Бартуль, Фр. Грышкевіч, Ул. Грыневіч, Хв. Ільляшэвіч, вельмі ўталентаваны сялянскі паэта М. Машара, Тулейка і інш. Спроба гэтае групы паэтаў завязаць арганізацыю паэтаў і пісьменьнікаў Зах. Беларусі п. н. «Веснаход» не ўдалася, бо арганізацыя не была залегалізована.
Гэтак, нягледзячы на запраўдную «кітайскую сьцяну», якая адгарадзіла Заходнюю Беларусь ад Усходняе, Савецкае, — узаемныя ўплывы «заходнікаў» і «ўсходнікаў» выяўляюцца даволі значна, і галоўныя цячэньні ў Заходняй Беларусі цалкам адпавядаюць аналягічным цячэньням на Ўсходзе. Літаратура абедзьвюх часьцін Беларусі, падзеленае Рыскім мірам, прадстаўляе бясспрэчна суцэльнасьць, розьнячыся адно толькі ў тым, што адбівае на Захадзе і на Ўсходзе спэцыфічныя варункі жыцьця, зьвязаныя з розьніцай у пануючым тут і там сацыяльным і палітычным ладзе. I як супольным і адзіным было мінулае беларускае літаратуры, так супольнай і адзінай ёсьць яе цяпершчына, так супольнай і адзінай мусіць быць і яе будучыня.
- ↑ Józef Gołąbek. Wincenty Dunin-Marcinkiewicz, poeta polsko-białoruski. Wilno 1932.
- ↑ Радзiўся ён у 1790 годзе
- ↑ «Наша Нiва», 1911 г., № 51—52.
- ↑ У м. Крошыне, у Наваградчыне.
- ↑ Пераважае думка, што твор гэты напiсаны пасьля 1812 году, бо мае ў сабе сьвежыя водгукi няўдач Напалеона
- ↑ Дзеля апошніх былі, пэўна ж, і іншыя прычыны, а не выключна гэтая адна.
- ↑ «Gazeta Warszawska» з 1855, №№ 184 i 214, а таксама з 1857 г. № 16.
- ↑ Яго пяру належыць i папулярнае «Панскае iгрышча», падпiсанае iмем Юркi i зьмешчанае ў «Дудцы беларускай» разам з адказам на яго Мацея Бурачка
- ↑ Некаторыя гiсторыкi беларускае лiтаратуры тэндэнцыйна падаюць, быццам Цётка выйшла зь сялянскае хаты. Гэта нязгодна з праўдай. Бацькi яе — даволi заможная, хоць i малакультурная, шляхта, уласьнiкi Старога Двара ў Лiдчыне.