Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецьця (1928)/Беларускі рух у 50-х, 60-х і 70-х гадох

Русіфікацыя на Беларусі Беларускі рух у 50-х, 60-х і 70-х гадох
Лекцыя
Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі
1928 год
Цікавасьць да Беларусі рускіх вучоных

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Беларускі рух у 50-х, 60-х і 70-х гадох.

Вырасшы на экономічным і разам з тым на політычным грунце ў канцы першай і пачатку другой чвэрці ХІХ-га ст., беларускі рух пераходзіць і ў трэцюю чвэрць сталецьця, апіраючыся на ранейшыя падставы. Ён узмацняецца, як рух опозыцыйны ў адносінах да русіфікацыі на Беларусі. Беларускі рух, як і сучасны яму грамадзянскі рух у Расіі, ахварбоўваецца ў лібэралізм, каторы адзначае сабою прыбліжэньне эпохі прамысловага капіталізму. Лібэралізм у такіх земляробскіх краінах, як Расія і Беларусь, выяўляецца ў свайго роду сэнтымэнтальным народалюб'і, каторае бярэ пад сваю, праўда нямоцную, апеку селяніна і становіцца ў опозыцыю прыгоньніцкаму гвалту над асобай селяніна. Само сабою зразумела, што гэта лібэральная опозыцыя — вельмі далікатная і зусім бясьпечная для прыгоннага строю, бо опозыцыянэры па сваім пахаджэньні і соцыяльных поглядах зьяўляюцца шляхціцамі. Мы ведаем, што на Беларусі прамысловы капіталізм прасякае ў шляхецкі быт даволі рана і ў 50-ыя і 60 годы разьвіваецца ўсё глыбей і шырэй; у сувязі з гэтым расьце і лібэралізм у шляхецкіх холах. Лібэралы-шляхціцы на Беларусі пачынаюць усё больш і больш разумець нявыгоднасьць для самых паноў тых гвалтаў і надужыцьцяў прыгону, каторыя яны бачаць наўкола. У лібэральных шляхецкіх колах на Беларусі зьяўляецца адпаведная літаратура, каторая хоча абараніць запрыгоненага селяніна. Яна хоча даказаць прыгоньніку-пану, што ня трэба рабіць уціску і зьдзеку над селянінам, каторы на яго працуе. Таксама, як калісь рускі пісьменьнік Карамзін, беларускія пісьменьнікі гэтага кірунку стараюцца пераканаць паноў, што «и крестьянки чувствовать умеют», што сяляне такія самыя людзі, як і паны. Зразумела, што гэтая сантымэнтальна-народніцкая літаратура вытвараецца ў беларускай мове, бо яна ня толькі апісвае быт селяніна, але хоча сама сайсьці ў народныя нізы і там знайсьці чытача яе твораў.

Пан на Беларусі ў сваёй масе—паляк, прыгнятальная політычная ўлада—расійская. Спачуваючы селяніну-беларусу прадстаўнікі руху становяцца ў опозыцыю паляку і рускаму. Беларускасьць, такім спосабам, становіцца ў сувязь з соцыяльнымі, сялянскімі сымпатыямі прадстаўнікоў руху. Беларускасьць руху зьвязана з яго народніцтвам. Выходзячы найчасьцей з беларускай дробнай шляхты, прадстаўнікі беларускага руху знаходзяцца ў меншай апозыцыі да польскасьці, чым да русіфікатарства і царызму. Прычына гэтага зьяўленьня крыецца ў тым, што яны, як шляхціцы, зьвязаны з польскай шляхтай, каторая ў бягучы момант настроена опозыцыйна ў політычным сэнсе, гатуецца да паўстаньня 1863 году і, як мы ведаем, робіць яго.

Тыповым прадстаўніком беларускага руху гэтых часоў (50-ыя, 60-ыя і 70-ыя годы) зьяўляецца беларускі пісьменьнік Вінцук Дунін- Марцінкевіч (1807—1884). Яго бацька—дробны шляхціц, каторы сваёй зямлі ўжо ня мае, а займаецца арэндаю чужых маёнткаў. Пясьняр радзіўся ў Бабруйшчыне (фальв. Панюшкевічы), вучыўся раней у Бабруйску, потым у Вільні. За вышэйшай навукай Марцінкевіч паехаў у Пецярбург, дзе пачаў вучыць мэдыцыну, але хутка яе кінуў. З 1827 да 1840 году ён жыве бязвыезна ў Менску, служачы то ў духоўнай каталіцкай консысторыі, то ў судовых установах. У 1840 г. яму ўдалося купіць пад Менскам невялікі фольварак Люцынку, дзе ён і пражыў да канца сваіх дзён. Найбольшы лік твораў Марцінкевіча прыпадае на 50-ыя годы, але ён піша і пазьней у 60-ыя і нават у 70-ыя годы. Гэта—пладавіты аўтар, і звычайна лічыцца першым запраўдным беларускім песьняром.

Калі мы ўглядаемся ў творы Марцінкевіча, то адразу бачым, што перад намі—пясьняр-народнік, у тым сэнсе, як вызначана вышэй. Об’ектам яго творчасьці зьяўляецца просты беларускі люд і наагул вёска. Пасвойму ён любіць беларускага селяніна, добра ведае яго побыт, гора і радасьці і шчыра жадае паляпшэньня цяжкай долі яго. Аўтар сам кажа, што лічыць сябе дударом простага народу, што будзе пісаць папросту, пабеларуску, каб беларускі селянін ахватней чытаў і каб ахватней аддаваў сваіх дзетак да асьветы. Пры перакладзе «Пана Тадэуша» Міцкевіча на беларускую мову, Марцінкевіч у прадмове да перакладу гаворыць, што ён як-бы апрануў пана Тадэуша ў мужыцкую сярмягу, каб пусьціць яго ў нізы народныя, каб зрабіць яго больш зразумелым для беларускага селяніна. Там-жа ў прадмове далей ён гаворыць аб сабе, што апошнія мінуты свайго жыцьця ён хоча аддаць на карысьць беларускага простага народу.

Зразумела, што погляды Дуніна-Марцінкевіча на народ «просты», на сялянскае пытаньне—шляхецкія. Як шляхціц, ён ня можа спусьціцца ўва ўсю глыбіню яго. Ён пераконаны, што паміж прыгоньнікам-панам, з аднаго боку, і запрыгоненым бяспраўным селянінам, з другога боку, соцыяльнай прорвы няма. Ёсьць толькі яма, каторую магчыма запоўніць без соцыяльнай ломкі, аднымі моральнымі сродкамі. Трэба толькі, каб пан шанаваў селяніна, добра, палюдзку адносіўся да яго і клапаціўся аб яго дабрабыце. Селянін у вадказ на такія да яго адносіны павінен, на думку Марцінкевіча, «хваліць толькі бога, шчыра працаваці, любіць добрых паноў, маўляў, родных брацьцяў». А калі пан нядобры, калі ён зьдзекуецца над селянінам, то трэба цярпець, бо праўда сама сябе скажа. Што датычыць да прыгоннай залежнасьці, то яна ня ёсьць цяжкая хвароба часу, а нормальны сацыяльны уклад жыцьця, у рамках каторага будуецца ўся экономічная і грамадзянская структура. Селянін ня толькі можа, але і павінен жыць у рамках гэтага ўкладу, не ламаючы іх. Марцінкевіч, як народнік, ёсьць выразны ўтопісты. Аўтар пераконаны ў тым, што злых паноў-прыгоншчыкаў магчыма перарабіць на добрых апякуноў над сялянамі шляхам моральных сэнтэнцый. Дзеля гэтага ў сваіх творах ён прагнецца зрабіць уплыў на паноў, каб усе яны былі ідэальнымі, добрымі панамі.

Ідэальны пан, на яго погляд, заўсёды кіруе сваім маёнткам сам, седзячы ў ім, як гаспадар. Ён апякуецца над падуладнымі яму сялянамі, не абцяжае іх лішняю працаю, час-ад-часу робіць для іх пачастункі, без пагарды сам ходзіць да іх на вячоркі. Адным словам, гэта—патрыярхальны пан-народнік, якім быў і сам Дунін-Марцінкевіч. Такі пан ніколі не павінен садзіць у свой маёнтак староньняга кіраўнічага, рандатара ці аканома, адным словам, падпанка. Найчасьцей у тварах Марцінкевіча перад намі выступаюць такія падсалоджаныя і падмалёваныя паны. Яны зьяўляюцца запраўднымі бацькамі, шчырымі і ласкавымі дабрадзеямі сваіх сялян. Сяляне за гэта любяць і шануюць такіх паноў, як сваіх родных бацькоў. Усё зло, лічыць аўтар, у падпанках. Яны, карыстаючы з таго, што пана няма ў маёнтку, ці пан занадта даверыўся ім, зьяўляюцца штодзённымі злыднямі для селяніна. Калі-б ня гэтыя злыдні-падпанкі—рандатары, аканомы і г. д.,—каторыя крыўдзяць, зьдзекуюцца і дзяруць з селяніна апошнюю скуру, то на Беларусі быў-бы патрыярхальны рай.

Часам Марцінкевіч асьмельваецца патрабаваць ад паноў, каб яны ня толькі ў імя карысьці сялянства, але й для сваёй карысьці зьвярнулі ўвагу на селяніна, на яго працу і цяжкую долю, бо селянін ёсьць экономічная апора ладу, ён сваёю працаю корміць і пана, і другія станы грамадзянства. А ў адным з вершаў («Вясна, голад, перапала»...) аўтар дашоў нават да такой сьмеласьці, што загаварыў аб волі для прыгнечанага селяніна. У гэтым вершы селянін кажа, што «вось нам вольнасьць дадуць скора, і, як птушкі, будзем жыць». Вольнасьць Марцінкевіч разумее вельмі прымітыўна. Селянін у яго вершы так вызначае вольнасьць: «Будзем роўныя з панамі, самі будзем мы паны— і гарэлку піць збанамі і гуляць так, як яны». Праўда, далей аўтар глыбей падходзіць да справы і кажа: «Перастануць нашым братам (селянінам), як скацінай, таргаваць; напускацца ліхім матам, скуру з ног да карку драць. Хоць халодна, хоць галодна—холад, голад ніпачом! Эх, каб толькі нам свабодна! На свабодзе аджывём». Палажэньне пана пры волі будзе дрэннае, і селянін вуснамі Марцінкевіча так кпіць над панам, згубіўшым дармовую працу свайго былога раба: «Вось паном ня дужа лоўка: самым трэба працаваць! Пабаліць ня раз галоўка, калі прыдзецца араць! Не адзін-то папацеець і заскача драпака—бо сам толькі есьць умеець ды драць скуру з мужыка». Без селяніна і ў далейшыя часы пан не абойдзецца, але ён павінен будзе падходзіць да селяніна не старымі сродкамі—«пугай ды дубінай», а зусім пановаму: «Мужык будзе не скацінай, ня раз скажа пан з паноў: пане Грышка, пане Міна! Як-жа васпан, ці здароў».

Цікава тое, што наагул рахманае і далікатнае народніцтва Дуніна-Марцінкевіча спатыкае опозыцыю ў шляхецкіх колах. Нават такі прогрэсыўны пясьняр, як У. Сыракомля, папаў у лік опозыцыянэраў. Яму, напрыклад, не спадабалася, што адзін з гэрояў Марцінкевіча— Гапон, катораму ўдалося выбіцца з сялян у афіцэры, робіць помсту мучыцелю сялян і свайму ворагу аканому. «Сыракомля заўважыў яму (Марцінкевічу), што ў апавяданьні няма эстэтычнага погляду арысты, ёсьць няхват заслоны, якая прыкрыла-бы надта жорсткую нагату самае праўды. Сыракомля ня мог згадзіцца з тым, што Гапон памшчаецца ворагу-аканому» (М. Гарэцкі. Гісторыя беларускае літаратуры. Вільня, 1920, стар. 81). Спаткаў опозыцыю і той факт, што Марцінкевіч, як народнік, піша свае творы ў беларускай мове, каторая зьяўляецца мовай простага народу. Аб гэтай опозыцыі гаворыць сам Марцінкевіч у прадмове да свайго перакладу Пана Тадэуша: «Чаму-ж, думаю, наш народ просты, што з гэтымі панамі так блізка жыў, чаму-ж дробная акалічная шляхта, што, жывучы ў лясным заціску, у хаце між сабою сваёй роднай ужывае мовы, -чаму-ж яна ня мае пазнаць абычаяў сваіх бацькоў. Вось гэта ўсё і нагнала мне думку пералажыць пана Тадэуша на беларускую мову. Праца мая ў гэтай мове, што мела заахвоціць нашага бела рускага мужыка і бедную шляхту да навукі, ня сустрэла прыяцеляў сярод багатых людзей нашае старонкі». Выходзіць так, што вялікая земляўласьнікі Беларусі няпрыхільна спаткалі народніцкія творы Марцінкевіча, каторыя ён напісаў у простай «мужыцкай» беларускай мове. Можа ім не спадабалася моральная сэнтэнцыя аўтара, можа не спадабалася мова, а можа і тое і другое разам.

Спаткаўшы з гэтага боку няпрыхільнасьць, Марцінкевіч зьвярнуўся да другіх кругоў грамадзянства. Ён пачаў шукаць падтрыманьня з боку беднага беларускага люду, прычым і дробную шляхту, і інтэлігэнцыю таго часу ён таксама прылучае да гэтага беднага, простага люду. «І вось я сягоньня ахфярую «Пана Тадэуша», прыбранага ў мужыцкую сярмягу, паном і простаму народу з-пад Дняпра, Дзьвіны, Бярэзіны, Сьвіслачы, Віліі і Нёмна. Можа народ той просты, што з маткай прыродай блізка жывець, прымець гэты гасьцінец ад свайго дудара, што апошнія мінуты свайго жыцьця на карысьць народу аддаець» (Прадмова да «Пана Тадэуша»). Трэба зазначыць, што селянін ня прыняў гасьцінца ад дудара, бо быў цёмны і няпісьменны, але гасьцінец прыняла з падзякай група тагочаснай беларускай інтэлігэнцыі, да каторай адносяцца Каратынскі, Вярыга-Дарэўскі і др.

У 1863 годзе разгараецца ў Польшчы і на Беларусі вядомае нам паўстаньне. У сувязі з ім, беларускі рух узмацняецца і разьвіваецца далей. Як паўстанцы, так і некаторыя з прадстаўнікоў рускіх інтарэсаў, таксама, як і ў часы паўстаньня 1831 г., з экономічных, а разам з тым і з політычных прычын павінны бліжэй падыйсьці да беларускіх працоўных мас і закрануць глыбей беларускае пытаньне. Асабліва зацікаўлен беларускім пытаньнем паўстанец як у Польшчы, так і на Беларусі, бо ад беларускага пытаньня залежыць посьпех паўстаньня. Паўстанцы прымаюць меры, каб залучыць у свае рады беларускага селяніна. Зразумела, што чырвоны паўстанец падыходзіць да селяніна найбліжэй і найшчырэй, нясучы яму лёзунгі зямлі і волі і ствараючы ідэал Беларусі, незалежнай ад Польшчы і Расіі.

Зьяўляецца даволі вялікая паўстанцкая літаратура ў беларускай мове, каторая заклікае селяніна, каб ён прыняў удзел у паўстаньні. Літаратура выдавалася як заграніцай, так і ў патаемных друкарнях Польшчы і Беларусі. Нам вядомы, напрыклад, патаемныя друкарні ў Беластоку, Вільні й Горадні. Вышлі з друку 8 нумароў падпольнага часопісу «Мужыцкая праўда», у каторым амаль што выключна працаваў вядомы беларускі рэволюцыянэр-народнік Кастусь Каліноўскі, што падпісваўся псэўдонімам «Яська—гаспадар з-пад Вільні». Апроч таго, вядомы: «Гутарка старога дзеда»—Вінцуся Каратынскага, «Перадсьмертны разгавор пустэльніка Пятра, каторы жыў у пушчы 90 год і памёр, маючы 140 год» - невядомага аўтара, «Крыўда і праўда»—беларуская гутарка Ф. Пчыцкага і г. д.

Усе творы белых паўстанцаў прасякнуты польскім патрыотызмам. Беларусі і беларуса, асобных ад Польшчы і паляка, няма і не павінна быць. Беларускі селянін па адозвах павінен злучыцца з польскім паўстанцам, каб прагнаць маскаля, каторы захапіў як Беларускі край, так і Польшчу. З маскалём беларусу прыдзецца «прапасьць навек», «з маскалём добра ня будзе», уся бяда ў маскалі. Калі селяніна хто запытае аб яго пажаданьнях, то ён павінен адказаць, што ён хоча, каб зноў утварылася Польшча. «Так помніце-ж, што сказаці, як у вас будуць пытаці: крыкнем усе ў адно слова—няхай Польшча будзе знова» («Гутарка старога дзеда»).

На кожным кроку ў адозвах мы спатыкаемся з ідэалізацыяй старой Рэчы Паспалітай. Па адозвах выходзіць, што Польшча ўвесь час клапацілася аб тым, каб палепшыць долю беларускага селяніна. Пустэльнік Пятро апавядае кароткую гісторыю Польшчы, дзе ружоваю хварбаю малюе сялянскі дабрабыт. Аб цёмных бакох старога польскага жыцьця (напрыклад, аб прыгоне) не гаворыцца ані слова. Зусім забыты факт сялянскіх паўстаньняў у Польшчы, вядомых у гісторыі пад назваю казацкіх; забыты крывавыя расправы з паўстанцамі- сялянамі і г. д. Цікава, што нават бесьперастанныя войны старой Рэчы Паспалітай з Маскоўскім гаспадарствам і Расійскай імпэрыяй мотывуюцца зусім нечакана для нас тым, што Польшча змагалася з Расіяй за вызваленьне сялян. Польшча хацела даць свабоду сялянам, а маскаль перашкаджаў—вось з-за гэтага і ваявалі. «Эй, скажыце, добры людзі, што ужо на сьвеце будзе? Чы так бог судзіў з намі, прапасьць навек з маскалямі? Ой, не, браткі, ня тужыце, на ту пору ўспамяніце, як прад даўнымі гадамі біўся паляк з маскалямі. За што-ж яны ваявалі? Столькі крыві разьлівалі? Ой, за тое, што народу паляк хацеў даць свабоду» («Гутарка старога дзеда»). Калі беларускі селянін быў пад уладай Польшчы, то, нават, поле яго больш давала, бо «пан бог даваў уроду». Зусім адваротнае зрабілася, калі Беларусь пасьля падзелаў Польшчы папала ў склад тэрыторыі Расіі. На яе абрушыліся тады ўсялякія беды. Цяпер «за праклятым маскалём няма шчасьця ні ў чом» («Крыўда і праўда»).

Зразумела, што такі падход да беларускага селяніна ня мог зрабіць на яго таго ўплыву, які быў патрэбен паўстанцам. Што датычыць да ідэалізацыі старажытнай Рэчы Паспалітай, то яна была сшыта белымі ніткамі. Хоць селянін быў няпісьменны й нявучоны, але ён ад бацькоў свайх добра ведаў, як добра жылося ім у хвалёнай Польшчы. Селяніну была патрэбна ня панская Польшча, і ня царская Расія, з проста зямля і вольнасьць ад пана. Што да сацыяльнай часткі адозваў, выпушчаных белымі паўстанцамі, то яна амаль што зусім адсутнічае. Зацьвярджаць у вадозвах стары прыгонны строй ня было сэнсу, абяцаць новы лад, які-бы здаволіў селяніна, белыя не маглі, бо яны былі белыя. Адозвы ці зусім абходзяць бокам пытаньне аб зямлі і вольнасьці для сялянства, ці кідаюць як-бы ненарокам нейкія пустыя словы аб свабодзе, роўнасьці і г. д. З «Гутаркі старога дзеда» мы даведваемся, што калісь «народу паляк хацеў даць свабоду», але, бачыце, маскаль перашкодзіў яму рэалізаваць яго пажаданьні. Праўда, у канцы «Гутаркі» мы чытаем, што беларускія сяляне будуць «роўныя з панамі», калі зробяцца грамадзянамі адноўленай Польшчы. Што гэта за роўнасьць? У чым яна выявіцца? Можа і ў тым, што пан і селянін будуць дыхаць адным паветрам, а потым абодва разам памруць. Часам адозвы забываюцца, што яны напісаны для сялянства. У іх высоўваецца ўперад добра вядомая беларускаму селяніну і ненавісная яму польская шляхта. Яна малюецца, як абаронец беларускага сялянства, пакрыўджанага маскалямі. «Ай-да шляхта, малайцы! Паны былі, як айцы!» («Крыўда і праўда»). Зразумела, што такімі соцыяльнымі поглядамі і лёзунгамі белыя паўстанцы не маглі прыцягнуць да сябе селяніна, каторы на сваім карку добра даведаўся аб айцоўскай ласцы польскага пана да яго, селяніна.

Да ўсяго вышэйпаданага трэба далучыць клерыкальны кірунак белых адозваў. На кожным кроку мы спатыкаемся тут з богам, з каталіцтвам, вуніяй, праваслаўем, страшным судом божым, божай воляй і г. д. Трэба вызначыць, што гэтая атрута ўпівалася ў мазгі беларускага жыхарства і рабіла свой уплыў. Ксёндз у паўстаньні быў выдатнай асобай, каталіцкая царква была яго цэмэнтам. Ня дарма потым русіфіікацыя павінна была апірацца на праваслаўе і вымагала ад яго, каб яно было ваяўнічым.

Адным словам, калі ўчытвацца ў белыя адозвы і творы паўстаньня, то відаць, што ідэолёгічна яны вялі барацьбу з трыма кітамі, на каторых апіраўся царызм пры русіфікацыі Беларусі й Польшчы. Гэтымі трыма кітамі царскага рэжыму і русіфікацыі былі вядомыя нам дэвізы—праваслаўе, самаўладзтва і руская народнасьць. Паўстанец белага лягеру проці гэтых дэвізаў высоўваў свае дэвізы—каталіцтва, панская Рэч Паспалітая і польская народнасьць. Зразумела, што ні тыя, ні другія дэвізы для Беларусі не падыходзілі. Дзьве стараны навязвалі беларускаму селяніну свае сьветапагляды і інтарэсы, даказваючы яму, што гэта яго сьветапагляды і інтарэсы.

Літаратура чырвоных паўстанцаў прадстаўлена нумарамі «Мужыцкай праўды» і лістамі Каліноўскага. Больш матар’ялаў мы пад рукамі ня маем. У сваіх адозвах-часопісах чырвоныя клічуць беларус кага селяніна да сябе. Трэба дабіцца лепшай долі, а для гэтага трэба прагнаць маскаля з беларускага краю і атрымаць «праўдзівую вольнасьць». Праўдзівая вольнасьць чырвоных не падобна ні на вольнасьць белых паўстанцаў, ні на вольнасьць, каторую дае царскі урад. Цар загаварыў аб вольнасьці пад націскам бунтаў. «Цар з Сэнатам, паталкаваўшы, як мінула трывога, так і аб'явіў, замест вольнасьці, маніфэст, а ў маніфэсьце прыказвае мужыком служыць да часу паншчыну па- старому, а пановаму плаціць больш грошай у скарб на пісароў, пасрэднікаў ды і чорт іх ведае на што. Судзіце-ж цяпер самі, чы-ж не ашукваюць нас? Але не надоўга здасца ім круціцельства, бо, як я казаў, мы ўжо пазналі, што нам не маніфэстаў, а вольнасьці патрэба, і то вольнасьці не такой, якую нам цар схоча даці, але якую мы самі, мужыкі, паміж сабою зробім» («Мужыцкая праўда», № З).

Тут-жа вызначана, што павінен разумець селянін пад праўдзівай вольнасьцю. Чалавек вольны тады, калі без усялякага выкупу атрымоўвае для сябе кавалак панскай зямлі, аброку ня плаціць, паншчыны не адбывае, рэкрутаў не дае і г. д. Адным словам, соцыяльная програма чырвоных намалёвана яскравымі, зразумелымі селяніну словамі. Яна вызначае інтарэсы беларускага селяніна.

І чырвоным прыходзіцца ў адозвах гаварыць аб богу й веры. Прыходзіцца лічыцца з тым, што мазгі селяніна атручаны рэлігійнаю атрутаю. Але й тут чырвоныя не падобны да белых. Яны абараняюць не каталіцтва і не праваслаўе, а вуніяцкую веру, каторая была ў опозыцыі да каталіцтва і праваслаўя. Калі каталіцтва несла за сабою полёнізацыю, а праваслаўе—русіфікацыю, то вунія была нацыянальнай беларускай верай. Абараняючы вунію, чырвоныя абаранялі ня столькі веру, колькі нацыянальную самабытнасьць беларускага народу.

Політычная програма відна з двух лістоў Каліноўскага. У другім сваім лісьце Каліноўскі, зьвяртаючыся з-пад шыбеніцы маскоўскай да сваёй бацькаўшчыны «галубкі -Беларусі», кліча беларускага селяніна абараняць яе, гэтую шэрую мужыцкую Беларусь, «дзе няма шляхты, дзе ўсе роўныя». Замест трох польскіх і трох рускіх кітоў, чырвоныя паўстанцы выстаўляюць свае тры лёзунгі: вуніяцтва, мужыцка-народніцкая Беларусь і беларуская народнасьць.

У процівагу белай і чырвонай паўстанцкай літаратуры, каторая адрывала Беларусь ад Расіі, павінна была зьявіцца і зьявілася казённая ўрадавая літаратура ў беларускай мове. Яна выяўляла процілежныя політычныя пажаданьні. Беларусь ёсьць «искони русский край», і загэтым нідзе Беларусі так ня можа быць добра, як у Расійскай імпэрыі. Да такой беларускай літаратуры трэба аднесьці творы Апанаса Кісяля (Франца Блуса)—«Бяседа старога вольніка» і «Мова Старавойта», затым бязыменныя вершы—«Быў на Русі чорны бог», «Ой, калі-б, калі маскалі прышлі» і інш. Усе вышэйпаказаныя творы маюць выразную рускую орыентацыю ў беларускім пытаньні. Ува ўсіх іх старанна падчыркваецца факт, што вызваленьне сялян на Беларусі зьдзейсьніваецца толькі дзякуючы народалюб'ю расійскага ураду. Зразумела, што вызваленьне сялян апісваецца ружовымі фарбамі. Вызваленьне зробіць селяніна зусім вольным чалавекам і забагаціць яго. За такія добрадзеяньні ў адносінах да яго селянін павінен дзякаваць рускаму ўраду. Акт аб вызваленьні ўжо напісан і падпісан царом, але вызваленьне можа быць рэалізавана памалу, паціху. Трэба цярпліва чакаць яго поўнага зьдзейсьненьня, не абурацца і ня слухаць агітатараў, каторыя падбухторваюць сялян, каб яны адразу забралі панскую зямлю і кінулі прыгонную працу на пана. Пад агітатарамі творы разумеюць беларускіх чырвоных паўстанцаў-народнікаў, бо белыя паўстанцы, па зразумелых для нас прычынах, такой агітацыі вясьці не маглі. Яны, як паны, былі ярымі ворагамі чырвонай агітацыі і чырвоных агітатараў. У гэтым пункце белы паўстанец папрыяцельску падаваў руку мураўёўскаму ураду. Калі белы паўстанец ідэалізуе пана і панскі лад жыцьця, то тое самае робяць і творы казённа-рускага кірунку. Непадобнасьць іх заключаецца толькі ў тым, што кожны з іх разумее свайго пана, першы—польскага, другія—рускага. «Мова Старавойта» так хваліць пана: «Паны цару і краю служаць, у савеце і з царом сядзяць, за ўсіх нас думаюць і тужаць». Каб не паны, мужыку зусім ня было-б жыцьця. Усё гора ў самым селяніне: ён любіць гарэлку, ён вядзе гультайскае жыцьцё, ня мае розуму і г. д. Аўтар нават баіцца, што пасьля волі сяляне надта забагацеюць, і тады яны стануць яшчэ горшыя.

Адным словам, паўстаньне 1863 году з двух бакоў падымае беларускі рух, як гэта было і ў 1831 годзе. Розьніца тая, што цяпер беларускі рух зрабіўся больш глыбокім, дзякуючы яго моцнай сувязі з народніцкай програмай Каліноўскага і чырвоных паўстанцаў. Політычны рух прышоў да прызнаньня незалежнай Беларусі. Літаратурныя творы ў беларускай мове пачалі пашырацца. Пашырэньне беларускіх твораў павінна было прыпыніцца, дзякуючы вышэйпамянёнаму загаду 1867 году, на аснове каторага было забаронена друкаваць пабеларуску. З гэтага часу легальна могуць зьяўляцца творы аб Беларусі толькі ў рускай мове. Да гэтых твораў мы і прыступаем.