Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецьця (1928)/Паўстаньне 1863 году

Сялянская рэформа 1861 году Паўстаньне 1863 году
Лекцыя
Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі
1928 год
Ліквідацыя паўстаньня

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Паўстаньне 1863 году.

Лібэральны настрой ураду адбіўся і на політыцы Расіі ў адносінах да былой Рэчы Паспалітай. Ён выявіўся з чыста надворнага боку ўжо тым, што, пасьля сьмерці Паскевіча (1856 г.), у Польшчу назначаліся адзін па адным такія намесьнікі, каторыя не маглі трымаць такога залезнага рэжыму, які быў пры Паскевічу. Гэта былі больш саноўныя старычкі, каторым трэба было даць якую-небудзь пачэсную сінэкуру. Адзін за другім ішлі Гарчакоў, Сухазанэт, Ламбэр і Лідэрс, каторых політыка была ў тым, што яны не вялі ніякай політыкі. Апроч таго, у вадносінах да Польшчы урад робіць некаторыя палягчэньні. Была апублікавана амністыя ўсім паляком, каторыя былі сасланы ў Сібір і другія мясцовасьці імпэрыі за ўдзел у паўстаньні 1831 году. Было дазволена выдаваць творы поэты Міцкевіча, каторыя дагэтуль былі забаронены цэнзураю. У Варшаве была адчынена мэдыцынская акадэмія, каторая адразу пачала групаваць наўкол сябе патрыотычна-настроеную моладзь. У Варшаве-ж было адчынена земляробскае таварыства, каторае аб'яднала ўсю шляхту Польшчы. На чале таварыства стаў вельмі популярны ў польскіх шляхецкіх колах Андрэй Замойскі.

Дзякуючы ўсім гэтым палёгкам, сярод польскай арыстакратыі ўтвараецца група, каторая ставіць сабе за мэту аб'яднаньне польскіх інтарэсаў з інтарэсамі Расіі. На чале групы становіцца Белапольскі. Ён і яго аднамысьленьнікі трымаюцца кансэрватыўных поглядаў, каторыя магчыма сформуляваць так: лепш ісьці з рускім урадам, чым з польскімі рэволюцыянэрамі-якобінцамі. На думку гэтай групы, Польшча павінна ўваходзіць у склад Расійскай імпэрыі, як аўтонамная адзінка. Белапольскі, разам з Любенскім, Губэ, Сьвідзінскім і др., апрацоўвае проэкт самакіраваньня Польшчы, каторы падае рускаму ўраду. На аснове проэкту рускі ўрад праводзіць у Польшчы рэформу 27 сакавіка 1861 году. На чале краю стаіць Рада стану каралеўства, якая складаецца з выдатнейшых сьвецкіх і духоўных саноўнікаў; такія-ж Рады ўтвараюцца ў месьце Варшаве, другіх галоўнейшых гарадох і ў губэрнях Польшчы. Рада стану кіруе праз комісію народнай асьветы і камісію адміністрацыйную. Велепольскі становіцца на чале комісіі народнай асьветы. Рэформа не здавальняе польскіх патрыотаў. Варожы настрой у Польшчы да рускага ўраду не зьмяншаецца.

Рух у Польшчы пачынаецца з маніфэстацый і канчаецца аружным паўстаньнем. Першая маніфэстацыя ў Варшаве адбылася яшчэ 10 ліпеня 1860 году ў сувязі з хаўтурамі ўдавы Савінскага, дзеяча паўстаньня 1831 году. Потым маніфэстацыі ідуць адна па другой, часта канчаючыся забойствамі. На Беларусі рух пачаўся пазьней. Першы раз засьпявалі рэволюцыйныя песьні ў касьцеле ў Вільні 8 траўня 1861 году; першая маніфэстацыя адбылася ў Вільні на Пагулянцы 18 верасьня 1861 году. Першая збройная група была прыкмечана каля Вільні ў мястэчку Берштанах 21 ліпеня 1862 году. Збройнае паўстаньне ў Польшчы пачалося ў ноч з 10 на 11 студзеня 1863 году. На Беларусь яно перакінулася праз два месяцы, а ўжо з канца 1862 году існуе ў Вільні рэволюцыйны комітэт, каторы організуе на Літве і Беларусі паўстаньне.

На рух робіць вялікі ўплыў загранічная эміграцыя як польская, так і рэволюцыйная руская. Барацьба Італіі, што адбывалася ў гэты час за сваё аб'яднаньне і вызваленьне ад Аўстрыі, зварачае на сябе ўвагу і падтрымлівае рэволюцыйны настрой палякаў. Імя Гарыбальдзі, попу лярнае ўва ўсёй Эўропе, робіцца асабліва папулярным у Польшчы. Польскія патрыёты ўскладаюць свае надзеі на дапамогу заходніх гасладарстваў, асабліва Францыі. Францыя вядзе барацьбу з Аўстрыяй за вызваленьне Італіі, потым яна будзе змагацца з Расіяй за вызваленьне Польшчы. Чаго не пасьпеў зрабіць Наполеон І, тое зробіць, на думку польскіх патрыотаў, яго наступнік Наполеон ІІІ. Тварэц навуковага рэволюцыйнага соцыялізму, Кароль Маркс, лічыць паўстаньне 1863 году прогрэсыўным гістарычным зьяўленьнем. Вялікі ўдзел у паўстаньні прымаюць гурткі відных рэволюцыянэраў таго часу, Герцэна і Бакуніна.

Усё-ж такі трэба зазначыць, што паўстаньне 1863 году, ня гледзячы на яго інтэнсыўнасьць і гэроічнасьць асобных момантаў, ня мела той шырыні і размаху, што паўстаньне 1831 году. У 1831 годзе Польшча паўстала, як гаспадарства. Яна і Расія былі дзьвюма ваюючымі старонамі ў стане вайны паміж сабою. Польшча мела хоць і невялікую параўнальна з Расіяй, але ўсё-ж такі рэгулярную армію, каторая стала воч-на-воч з рускай рэгулярнай арміяй. Цяпер у палякаў была магчымасьць толькі партызанскай барацьбы, каторая, як-бы яна моцная ні была, не магла стаць проціў організаванага напору рэгулярнай арміі. Апроч таго, сялянства, на каторае мог спадзявацца і апірацца партызанскі рух, было цяпер ня так воража настроена ў адносінах да Расіі, як у канцы 20-х і пачатку 30-х гадоў. Гэтыя годы былі ў Расіі зьвязаны з ненавіснымі іменьнямі Аракчэева і Мікалая І, а цяпер «лібэральны» царскі ўрад, хоць і няўдала, але ўсё-ж такі правёў вызваленьне сялян ад прыгону, чаго не зрабіла панская Польшча мінулага часу.

Мэта паўстаньня—ранейшая: адбудаваць Рэч Паспалітую ў старых межах да 1772 году. Новым у вадносінах да Беларусі было тое, што паўстаньне 1863 году зазначала ўсю важнасьць сялянскага пытаньня і высунула для зьдзяйсьненьня плян пабудаваньня незалежнай Беларусі. Гэтыя два пытаньні стаялі ў сувязі з тэорыямі тагачасных рэволюцыйных гурткоў Герцэна і Бакуніна і выклікаліся рэальнымі інтарэсамі працоўных мас Беларусі. Герцэн у польскім пытаньні быў прыхільнікам незалежнай Польшчы, але ён ня быў згодзен з тым, каб уваскрослая Польшча праглынула Украіну, Літву і Беларусь; апроч таго, ён лічыў, што паўстаньне павінна дасягнуць ня толькі мэт політычных, але і соцыяльных: яно павінна вызваліць сялян ад прыгону і даць ім зямлю. Таксама мысьліў і Бакунін. Сялянская Расія, хлопская Польшча, вызваленыя Украіна, Беларусь і Літва, на яго думку, павінны стварыць вольныя фэдэрацыі.

У 1862 годзе ў Варшаве, замест Варшаўскага гарадзкога Комітэту, організаваўся Народны Цэнтральны Комітэт, каторы хутка абвясьціў сябе Народным Жондам (урадам). Ён вядзе сваю працу і ўтрымліваецца на сродкі, каторыя, з аднаго боку, перакідваюцца яму ў загранічнай эміграцыі, з другога боку—атрымліваюцца, як спэцыяльныя зборы з уласьнікаў зямлі ў Польшчы і на Беларусі. Падпольны ўрад мае вялікія сувязі ня толькі з паўстанцамі краю: ён зьвязан з замежнай эміграцыяй і, апроч таго, праз палякоў афіцэраў, чыноўнікаў, студэнтаў і г. д. ён мае сувязь з рэволюцыйнымі арганізацыямі ў розных мясцовасьцях Расіі.

Як і ў 1831 годзе, паўстаньніцкі рух з самага пачатку разьбіўся на дзьве часьці: белую і чырвоную. На чале партыі белых стаяць польскія магнаты і багатая, радавітая шляхта. Усе яны концэнтруюцца навокал старога політычнага дзеяча, вядомага нам Адама Чартарыскага і яго сваякоў (Лямбэраў отэль у Парыжы). Яны лічаць, што для адбудовы Рэчы Паспалітай першую і галоўную ролю павінна граць дыплёматыя. Збройнае паўстаньне патрэбна пастолькі, паколькі яго могуць скарыстаць дыпляматы. Панскае земляўласьніцтва і шляхецкія выключныя правы ў будучай Польшчы павінны застацца непа рушнымі. Польшча павінна адрадзіцца, як каралеўства, у тых самых формах, у якіх яна памерла. Чырвоныя складаюцца з дробнай рэволюцыйна-настроенай буржуазіі, інтэлігэнцыі і студэнцтва. Цэнтр польскай справы, на іх погляд, павінен быць не ў дыплёматычных забаўках, а ў рэволюцыйных актах. Землі павінны быць адабраны ад паноў і раздадзены сялянам. Абвестка аб гэтым акце павінна быць зроблена адразу, у самым пачатку паўстаньня, ясна і катэгорычна, каб працоўныя масы цалком увашлі ў паўстаньне. Рэч Паспалітая павінна будавацца не па старых асновах, а як шырока-дэмократычная рэспубліка. Некаторыя з чырвоных сваю соцыяльную програму выражалі вельмі яскрава і вобразна. «Пякельнаму дэмагогу» Мераслаўскаму прыпісваюць, напрыклад, такія словы: «Польшча будзе вольнай толькі тады, калі на кішцэ апошняга ксяндза будзе павешан апошні шляхціц».

Зразумела, што паміж чырвонымі і белымі йдуць няспынныя прынцыповыя спрэчкі. І тая і другая партыя мае ў Парыжы свае ўласныя органы друку: белыя—«Wiadomosci Polskie», чырвоныя—«Przeglad Rzecy Polskich». Паміж гэтымі часопісямі ідзе бесьперарыўная полеміка. Белыя не згаджаюцца з радыкалізмам чырвоных. Найбольшае, на што частка белых згаджаецца пайсьці, — гэта пусьціць у сялянскія масы няясную абяцанку палепшаньня іх долі ў будучыне.

Як гаварылася вышэй, паўстаньне пачалося ў ноч з 10 на 11 студзёна. Шмат дзе ў краі сталі выступаць партызанскія групы. Масавае сялянства пасыўна адносіцца да паўстаньня, дзякуючы таму, што белыя іграюць у ім відную ролю. Часта нават у кароннай Польшчы прыкмячаліся адмоўныя адносіны да паўстанцаў. Удзельнік паўстаньня, добраволец француз Л. Фук у сваёй кніжцы «Р us de Роlogne», успамінаючы аб паўстаньні, гаворыць, што нярэдка сяляне віталі паўстанцаў словамі «сабачая шляхта». І Грабец у сваім творы «Рок 1863», выданым у нашы дні, таксама дае шмат прыкладаў варожых адносін польскага сялянства да паўстаньня. Сялян—«здрайцаў айчыны» паўстанцы сотнямі вешалі і яшчэ ў большым ліку ім вылічалі «solenne batogi» (стр. 238, 248 і г. д.). Часта і самі паўстанцы ўхіляліся ад таго, каб даць удзел у паўстаньні праўдзіва-рэволюцыйным пролетарскім элемэнтам. Л. Фук у тэй-жа кніжцы адносна гэтага апавядае: Сем тысяч рабочых запісалася ў польскім комітэце ў Парыжы, каб ісьці ў Польшчу ў якасьці паўстанцаў, але комітэт іх туды не пакіраваў, бо народны жонд меў на ўвазе адну мэту—пабудаваць у Польшчы старажытны уціск над простым людам.

Каб прыцягнуць селяніна да паўстаньня, белыя прыбеглі да спрабаванага сродку—рэлігіі. Пушчаны былі ў справу ксяндзы, каторыя абвясьцілі паўстаньне і удзел у ім сьвятою справаю. Цікава тое, што чырвоныя таксама не адмаўляліся ад таго, каб скарыстаць рэлігійны а часам і фанатычны настрой польскага сялянства. Ксёндз Фелінскі, каторы потым быў варшаўскім архібіскупам, у сваіх гутарках з выпускнымі студэнтамі Пецярбурскай каталіцкай духоўнай акадэміі, піша, што чырвоныя ў процівагу белым вельмі часта са студэнтаў вышэйшых сьвецкіх школ перарабляліся на ксяндзоў, апранаючы сутану для політычных мэт.

Паўстаньне на Літве і Беларусі пачалося трохі пазьней і на чале яго стаў мясцовы народны урад пад назваю Літоўскага Комітэту. Ён офіцыйна быў аддзелам Варшаўскага цэнтру, але, трэба сказаць, далёка не заўсёды прызнаваў сваю поўную залежнасьць ад польскага жонду. Цэнтрам паўстаньня на Літве і Беларусі была Вільня. Прыметы паўстанцкага руху пачалі вызначацца яшчэ з канца 50-х год. Пачала пашырацца агітацыйная паўстанцкая літаратура як у польскай, так і ў беларускай мове. Гэтая літаратура прызначалася спэцыяльна для беларускага селяніна і выдавалася як белымі, так і чырвонымі. У Беластоку для гэтай мэты была наладжана патайная друкарня. Было выдана 9 нумароў часопісі для сялян—«Мужыцкая Праўда». Пашыраліся брошуры—«Гутарка старога дзеда», «Перадсьмертны разгавор пустэльніка Пятра» і г. д. Літаратура кліча селяніна ў паўстаньне, гаворачы аб тым, што з маскалём селяніну дабра ня будзе, што толькі ў адбудаванай нанава Рэчы Паспалітай ён будзе вольным і роўным з панамі. З 1861 году ў гарадох Беларусі сталі адбывацца вулічныя патрыотычныя маніфэстацыі. У касьцёлах натаўп, наэлектрызаваны ксяндзамі, сьпяваў гімны рэлігійна-патрыотычнага зьместу. Гімны былі ператлумачаны пабеларуску і прыстасованы да Літвы і Беларусі. Мужчыны пачалі насіць конфэдэраткі, кунтушы і чамаркі, а кабеты— жалобныя вопраткі, каторыя павінны былі сьведчыць аб жалобе па прыгнечанай бацькаўшчыне. Зьявілася шмат усялякіх патрыотычных эмблем, як, напрыклад, белы арол, пагоня, паломаны крыж у кайданах ці вянку і г. д.

Паўстанцы і патаемны ўрад Літвы і Беларусі, як і ў Польшчы, адразу распадаюцца на белых і чырвоных. Да белых належыць беларускае магнацтва і панства. Яны глядзяць на паўстаньне вачыма польскіх земляўласьнікаў. Іх цягне да сябе белая Варшава. На Беларусі ў іх няма ніякай апоры, бо сялянскія беларускія масы ў адносінах да іх настроены воража. Што датычыць да чырвоных, то яны шукаюць апоры ў беларускіх сялянскіх гушчах, каторым яны прапануюць даць зямлю, волю ў шырэйшым разьмеры, чым гэта зрабіла царская Расія. Іх ня цягне да сябе Варшава. У той час, як белыя лічаць віленскі урад падлеглым цэнтральнаму жонду Варшавы, чырвоныя не згаджаюцца паддаць рэволюцыю ў Літве і Беларусі інтарэсам Варшавы. Ім не патрэбна ні шляхецкая Польшча, ні царска-дваранская Расія. Яны змагаюцца за перамогу «мужыцкай праўды» на Беларусі, каторую разам з імі павінны бараніць і самі мужыкі. «Дзяцюкі! Жывучы пад жондам маскоўскім, кожны ведае, што ён нас абдзірае і глуміць, але мала хто добра падумаў, чы можна ад яго спадзявацца чаго-небудзь для нас альбо дзяцей нашых. Я, дзяцюкі, лепш знаючы ад вас, уздумаў напісаць пісьмо, каб не маглі туманіць розуму вашага. Для таго чытайце з увагаю, а як перачытаеце, давайце да другой вёскі. Чалавек такую мае натуру, што калі даведаецца, то хоча зразумеці добра і дастаці ўсяго, што яму належыць. Гэта вялікая праўда. От яшчэ нядаўна гаварылі нашыя, што яны створаны для таго, каб служылі паншчыну і былі нявольнікамі, а чы сягоньня гэтак скажуць, калі ўжо ведаюць многа і многа хочуць. Сягоньня ўсе ўжо паразумнелі, усе ўжо мужыкі талкуюць, што бог стварыў чалавека, каб ён карыставаў з вольнасьці справядлівай, і сьмяюцца, як маглі інакш думаць. Мы сягоньня ўжо ведаем, што чалавек вольны тады, калі мае кавалак сваёй зямлі, за каторую ані чыншу і аброку ня плаціць, ані паншчыны ня служыць... Няма чаго чакаць ад нікога, бо ўжне толькі той, хто пасее. Так сейце-ж, дзяцюкі, поўнаю рукою, не шкадуйце працы, каб мужык быў чалавекам вольным, як на цалюськім сьвеце» («Мужыцкая Праўда» № З).

Селянін на Беларусі прыгнятаецца ня толькі рускім царызмам, але і польскім панствам. Адсюль чырвоныя мэханічна павінны былі перайсьці да процівапастаўленьня ня толькі соцыяльных, але і нацыянальных інтарэсаў беларускага працоўнага народу нацыянальным інтарэсам польскага панства і рускага самаўладзтва. Яны поруч з соцыяльным вызваленьнем беларускага селяніна ад пана-паляка і рускага цара, ставяць сваёю мэтаю політычнае і культурнае вызваленьне «мужыцкай» Беларусі ад Расіі і Польшчы. Само сабой зразумела, што нязгода паміж чырвонымі на Беларусі яшчэ мацнейшая, чым у Польшчы. Там яны расходзяцца паміж сабою ў соцыяльным пытаньні, а на Беларусі, апроч соцыяльных расходзін паміж чырвонымі і белымі, ідуць спрэчкі па політычных і нацыянальных пытаньнях. Утвараецца вельмі заблутаная сытуацыя. Паўстанец 1863 году збройна выступае проціў расійскага самаўладзтва, але гэты паўстанец рэзка разьбіўся на дзьве, зусім непадобныя адна на другую, палавіны. Белыя на Беларусі, як гаварылася ўжо вышэй, былі прадстаўлены «зубрамі»-магнатамі. Самую выдатную ролю сярод іх гралі такіія буйныя землеўласьнікі, як горадзенскі губэрскі маршалак шляхты Старжынскі, менскі губэрскі маршалак шляхты Лапа, менскі пан Аскерка, князь Мікалай Гедройц, А. Еленскі і інш. На чале справы стаяў Старжынскі, чалавек хітры, лоўкі; ён меў шырокія сувязі як з мясцовым магнацтвам, так і з магнацкай замежнай эміграцыяй. Гэта—выразны прыгоншчык, каторы, ня гледзячы на сваю політычную апозыцыю ў адносінах да рускага ураду, разам з ім душыў сваіх сялян. У 1861 годзе сялянства ў яго маёнтках у Беластоцкім павеце, пачуўшы аб волі, папрабавалі не пайсьці на паншчыну. Старжынскі тады адразу вытрабаваў з Горадні рускую вайсковую сілу, каторая пакарала сялян. Адсюль ясна, як сялянства потым, у 1863 годзе, падтрымлівала такога паўстанца.

Чырвоныя складаліся з дробнай зьбяднелай шляхты, студэнтаў, вучняў, рамесьнікаў. Вакол іх групавалася больш сьвядомае сялянства. Дробна-буржуазная рэволюцыйная інтэлігенцыя займала тут першае месца. На чале чырвоных стаіць адзін з выдатнейшых рэволюцыянэраў таго часу Кастусь Каліноўскі, на асобе каторага нам трэба спыніцца.

Каліноўскі радзіўся ў Горадзеншчыне, у Ваўкавыскім павеце, у 1838 годзе. Бацька яго, дробны зьбяднелы шляхціц, ужо ня мог жыць з зямлі і зарабляў хлеб, як кустар-ткач. Сына ён аддаў у навуку. Кастусь скончыў пяціклясовую прогімназію ў Сьвіслачы і паступіў у Маскоўскі унівэрсытэт. За удзел у студэнцкіх непарадках яго адкуль выключылі і ён, пасьля ўсялякіх труднасьцяй, залічыўся ў Пецярбурскі унівэрсытэт і скончыў яго, як кандыдат права. У унівэрсытэце канец 50-х гадоў Каліноўскі жыве звычайным жыцьцём студэнта-бедняка і зыходзіце з рускімі падпольнымі народніцкімі гурткамі і рэволюцыйнымі польскімі організацыямі. Творы Герцэна і Бакуніна робяць вялікі ўплыў на яго сьветапагляд. У 1860 годзе Каліноўскі ўжо тыповы рэволюцыянэр-народнік таго часу. У 1862 годзе Каліноўскі ўжо на Беларусі. Зразумела, што тут ён адразу знаходзіць сабе месца ў лягеры чырвоных паўстанцаў і робіцца членам літоўскага патаемнага ураду. Усю восень, пад імем Васіля Сьвіткі, апрануўшыся ў сялянскую вопратку, ходзіць ён па вёсках добра знаёмай яму Горадзеншчыны і вядзе прапаганду сярод сялянства. Поліцыя ганялася па яго сьлядох, але злавіць не магла, бо сяляне хавалі яго. Ён быў сярод іх сваім чалавекам, імя яго было акружана ўсялякімі легэндамі. Вандруючы па працоўных беларускіх вёсках, ён пераканаўся, што толькі тады паўстаньне можа мець посьпех, калі селянін пойдзе яго рабіць. А селянін толькі тады пойдзе яго рабіць, калі яно будзе пакірована для здавальненьня яго інтарэсаў, а не інтарэсаў земляўласьнікаў. І трэба якраз так пакіраваць паўстаньне. Ён гаварыў сялянам, што трэба адабраць зямлю ад паноў і аддаць сялянству ўжо цалком без усялякіх «выкупаў». Трэба змагацца з царскім урадам, каторы падтрымлівае паноў і вызваляе не сялян ад паноў, а зямлю ад сялян. Трэба ўтварыць «мужыцкую» Беларусь, незалежную і ад польскага пана, і ад рускага самаўладзтва, бо яны разам смокчуць кроў беларускага селяніна. Вельмі тыповымі для Кастуся зьяўляюцца словы, каторыя часта любіў ён гаварыць сялянам у сваіх прамовах: «Сякера паўстанца яе павінна спыняцца нават над калыскаю шляхецкага дзіцяці», «такой бязмозглай галаве, як Варшава, ня можна даверыць долю Беларусі». Гаворыць Каліноўскі з сялянствам у яго, роднай яму беларускай мове, у гэтай-жа мове друкуе ён свае адозвы і часопісі-прэклямацыі да сялянства, падпісваючы іх псэўдонімам «Яська, гаспадар з-пад Вільні». Літаратурны псэўданім яго робіцца такім-жа популярным сярод сялянства, як і звычайнае імя. Энэргічны, бясстрашны, поўны энтузіязму і веры ў перамогу беларускіх працоўных мас, ён быў найяскравейшаю асобаю паўстаньня на Беларусі. Таварышамі і памочнікамі Кастуся Каліноўскага былі людзі, падобныя на яго. З іх нам вядомы Т. Дылеўскі, па пахаджэньні дробны шляхціц, акуратны выканаўца плянаў Кастуся, чалавек вялікай вытрыманасьці і дысцыпліны; паручнік рускай службы, добры організатар і агітатар Малахоўскі, настаўнік па профэсіі, прапагандысты сярод інтэлігэнцыі Пшыбыльскі і інш.

Віленскі патаемны урад, кіруючы паўстаньнем на Беларусі, складаўся з 5 асоб: капітана рускай службы Зьвірждоўскага, Кастуся Каліноўскага, Малахоўскага, залезнакалейніка Вярыгі і лекара Длускага. Прадстаўніком варшаўскага ураду на Літве і Беларусі—Дзюлёран. Большасьць ураду складаецца з чырвоных. Дзюлёран—выразны белы. Дэюлёран пачаў пасылаць у Варшаву даносы аб сэпэратызьме і якобінізьме віленскага ураду. Цэнтральны урад рашыў захапіць уладу на Беларусі ў белыя рукі. Паступова чырвоныя часткаю выціскаюцца з віленскага комітэту (Каліноўскі, Малахоўскі), часткаю выбываюць самі па сабе (Зьвірждоўскі) і замяняюцца белымі. Чырвоныя, што засталіся, бялеюць пад ўплывам белай Варшавы. Каліноўскі з таварышамі, каб пад мацавацца, уступаюць у зносіны з чырвонаю групаю цэнтральнага ураду.

Перамозе белых як у цэнтры, так і на Беларусі, памагло тое, што на старану белых перадалася моцная «Цэнтральная польская організацыя» ў Петраградзе, каторая да вясны 1863 г. лічыла сябе чырвонаю. На чале польскай арганізацыі ў Расіі стаяў штабс-капітан акадэміі гэнэральнага штабу Зыгмунт Серакоўскі, яго памочнікам быў віцэ-дырэктар дэпартамэнту неабкладных збораў, Ёзафат Агрызка. Організацыя мела вялікія сродкі і шырокія сувязі з рэволюцыйнымі коламі ў Расіі. Шмат хто з яе сяброў займалі вельмі высокія вайсковыя і цывільныя пасады. Дзякуючы гэтаму, організацыя мела магчымасьць выведваць політычныя і стратэгічныя сакрэты і адводзіць ад сябе памысьленьне ў політычнай няпэўнасьці. Гурткі арганізацыі была параскіданы па губэрскіх і павятовых гарадох Расіі. Асабліва многалюднымі і добра організованымі былі польскія гурткі ў Маскве, Кіеве, Казані. Усе гурткі вялі акуратныя зносіны паміж сабою, з Пецярбургам, з Вільняю, Варшаваю і Парыжам. Былі ўстаноўлены арганізацыйныя сувязі з рускімі падпольнымі організацыямі, каторыя зьвязваліся з польскімі гурткамі, як опозыцыйнымі і рэволюцыйнымі, не ўглядаючыся ў іх соцыяльныя запатрабаваньні і соцыяльны склад сяброў.

Пасьля перагавораў з Варшаваю, Вільняю і Парыжам польская організацыя ў Расіі ўвашла ў контакт з белымі. Апіраючыся на яе, белыя і ў Польшчы, і на Беларусі пачалі граць на першых скрыпках. Каліноўскі і Малахоўскі ў Вільні прымушаны былі ўхіліцца ад удзелу ў дзейнасьці комітэту. Яны абодва пакіраваліся тады ў Горадзеншчыну, куды Каліноўскі быў назначан камісарам. Што датычыць да Малахоўскага, то ён праз нейкі час быў назначан памочнікам начальніка Вільні.

У сакавіку 1863 году ў Вільню ад пецярбурскай польскай арганізацыі прыехаў Серакоўскі. Разам з белым комітэтам, ён апрацаваў плян паўстаньня на Беларусі. Першаю мэтаю было пастаўлена заняць крэпасьць Дзьвінск. Прапанавалася для гэтай мэты ўвясьці ў горад і крэпасьць паўстанцаў у постаці рабочых, каторыя як-бы прышлі туды для будоўлі дзьвінскага косьцелу. Потым на ўсходзе Беларусі павінны былі быць заняты Горы-Горкі, дзе трэба было сабраць усіх паўстанцаў Магілёўшчыны і, разам з імі, захапіць Магілеўскі артылерыйскі парк. Паўстанцкі штаб з галоўнейшымі сіламі павінен абсесьціся ў Казёншчыне. Тут будзе працаваць Серакоўскі разам з выдатным ксяндзом-партызанам Мацкевічам. У лясох Ковеншчыны будзе організован пастаянны набор паўстанцаў і будзе формавацца армія для паўстаньня на Літве і Беларусі. Мы ня можам судзіць аб тым, добра ці ня добра быў распрацован плян Серакоўскага. Вядома толькі, што выканаць яго не ўдалося. Справу ў Дзьвінску сапсаваў Плятэр, каторы, не паразумеўшыся з загаворшчыкамі ў горадзе і крэпасьці, зрабіў напад на транспорт з зброяю каля Краслаўкі і пакіраваўся на Дзьвінск. Тут ён быў адбіт, паранен, узяты ў палон і пасаджан у турму. Пры дапросах быў выкрыт плян заняцьця крэпасьці, і добра падгатаваны загавор, у каторым прымала уздел нават мясцовая жандармэрыя, праваліўся. У Горы-Горках паўстанцы спачатку мелі пасьпех. Пры чынным удзеле студэнтаў Горацкага земляробскага інстытуту ў ноч з 5 на б траўня паўстанцы ўзялі горад, абабралі скарбовую касу ды рушылі да Магілёва. Мясцовае сялянства, бачачы ў паўстанцах прыгоншчыкаў-паноў, ня стала на іх бок. Сяляне сачылі за атрадам паўстанцаў і праз нейкі час, разам з рускімі салдатамі, абкружылі яго і захапілі ў палон. У Ковеншчыне пачаў справу сам Серакоўскі пад псэўдонімам Даленгі, маючы званьне ваяводы Літоўскага і Ковенскага. Ён спадзяваўся, што да яго пойдзе народ дзесяткамі тысяч, але ў самай рэчы яму ўдалося набраць атрад каля 2.000 паўстанцаў. Праўда, трэба сказаць, што атрад быў добра ўзброен і абучан. Шмат дапамог Серакоўскаму выдатны партызан, ксёндз Мацкевіч, каторы скарыстаў фанатычна-каталіцкі настрой мясцовага жыхарства і выгодную для партызаншчыны мясцовасьць краю. Атрад меў некалькі ўдалых стычак з урадавымі часьцямі. У красавіку ён спаткаўся з рускім генэралам Ганецкім. Адна за аднэй (25, 26 і 27 красавіка) адбыліся тры бітвы. Паўстанцы былі разьбіты. Сам Серакоўскі быў паранен куляю ў грудзі навылет, узят у палон і пасаджан у турму. Мацкевіч сабраў рэшткі паўстанцаў, папоўніў атрад новымі сіламі і доўга яшчэ выступаў у Ковеншчыне. З некаторых фактаў мы можам думаць, што потым ён увашоў у зносіны з чырвонымі і прыняў соцыяльную іх праграму.

Няўдачы белых высунулі зноў да справы чырвоных. Хутка злажыўся зноў чырвоны урад, каторы назначыў Каліноўскага дыктатарам Літвы і Беларусі. Але было ўжо запозна. Сялянства, бачачы столькі часу на чале паўстаньня паноў, не магло ў масе зразумець Каліноўскага і пайсьці за ім. Толькі ў тых мясцох, дзе сяляне ведалі і чулі аб Сьвітцы-Каліноўскім (напр., Горадзеншчына), яны адгукнуліся на новы покліч чырвоных і падтрымвалі іх.

Такім спосабам белыя стварылі паўстаньне на Беларусі, іх удзел у паўстаньні быў значны і адбіўся на настроі сялянства. Каб гэта было больш зразумелым, мы возьмем адзін з малюнкаў паўстаньня, каторы пакажа нам усе адмоўныя бакі удзелу ў паўстаньні белых.

Справа ідзе ў раёне Багушэвічаў Ігуменскага павету. На чале паўстаньня стаіць магнат, вялікі землеўласьнік Баляслаў Сьвентаржэцкі. Яго маёнткі зьяўляюцца багацейшымі ўва ўсёй акрузе. Больш двух тысяч прыгонных сялян працуюць на гэтага паўстанца. Найбольшы яго маёнтак з раскошным палацам і з броварам знаходзіцца каля мястэчка Багушэвічаў. Мястэчка таксама пабудавана на яго зямлі і штогод выплачвае яму чыншавы падатак. Апроч Багушэвічаў, ён мае яшчэ чатыры вялікія двары: Траскоўшчыіну каля Менску, Вялікую Гануту ў 5 вярстак ад Багушэвічаў, Ляды ў 20 вярстак ад Вялікай Гануты і Горкі ў 20 вярстак ад Багушэвічаў. Апроч Сьвентаржэцкага, у паўстаньні прымаюць удзел буйнейшыя земляўласьнікі ваколіцы: браты Лукашэвічы, паны двух маёнткаў—Бродцы і Нягонічы, Есьман— пан маёнтку Кабылякі, Навіцкі—пан маёнтку Востраў, Рагоўскі—пан маёнткаў Асмолаўкі і Гарадзішча, Карказовіч—пан маёнтку Лагі, Ваньковіч—вельмі багаты магнат, каторы мае ў Ігуменшчыне адзін з сваіх маёнткаў, Забашэвічы; Асоўскі— пан маёнтку Рудня, Борсук—пан некалькіх маёнткаў, з каторых у Ігуменшчыне была Альхоўка; Бараноўскі—кіраўнічы вялікага маёнтку графа Патоцкага, Бярэзіны; Акуліч—пан маёнткаў Малая Ганута і інш. Я наўмысьля пералічыў гэтых яснавяльможных удзельнікаў паўстаньня на Беларусі, каб паказаць, з якім пахучым букетам прыходзілася стаяць бок-а-бок паўстанцам-народнікам. Да гэтага панскага букету трэба дадаць яшчэ ксяндзоў прымаёнткавых і парафіяльных касьцёлаў, каторыя імем маткі боскай і анёлаў клікалі сваіх авечак на сьвятую справу адбудаваньня польскай айчыны. У касьцёлах хавалася зброя для паўстанцаў. Асабліва многа зброі ляжала схованай у мураваным касьцёле маёнткаў Багушэвічы, каторы потым быў перароблен Мураўёвым на праваслаўную царкву сьвятога Данілы. Да паноў і ксяндзоў трэба яшчэ дадаць ігуманскага спраўніка, зьбяднелага пана Сушчынскага, і асэсара (станавага прыстава) мястэчка Бярэзіны, таксама зьбяднелага пана Крукоўскага. Гэтыя два рускія ураднікі былі вельмі карысны для паўстанцаў. Яны заўсёды мелі пэўныя весткі аб тым, дзе хаваюцца паўстанцкія групы, і кіравалі рускія войскі, пасланыя для барацьбы з паўстанцамі, зусім ня туды, куды было трэба. Паўстанцкія групы ў Багушэвіцкім раёне былі невялікія, ад некалькіх дзесяткаў да сотні з палавінаю чалавек. Такі невялікі лік груп вельмі кідаецца ў вочы, калі ўзяць пад увагу вялікае багацьце правадыроў паўстаньня ў раёне. Групы амаль што ня мелі сувязі з мясцовым сялянствам; яны складаліся ў сваёй значнай большасьці з элемэнту прышлага і пераяжджалі з месца на месца на панскіх дворных параконных карах.

Зусім зразумела, што сялянства ня лічыла гэтых «дворных» паўстанцаў сваймі абаронцамі. Як толькі сяляне даведваліся, што праз іх вёску будуць ісьці такія паўстанцы, яны ўцякалі ў лясы, каторымі густа была пакрыта ўся Ігуманшчына. Найчасьцей такая самая гісто рыя была, калі да вёскі падыходзілі рускія салдаты. Усё-ж такі ў гэтым разе мы часта находзім здарэньні, калі сяляне памагалі салдатам лавіць паўстанцаў, бо паўстанцы мелі сувязь з ненавіснымі ім панамі. Калі сяляне спатыкаліся з групамі чырвоных паўстанцаў, то і ім адразу не давалі веры, бо прымалі іх за белых.

Малюнак паўстаньня ў аколіцы мястэчка Багушэвічаў дае нам як-бы ключ для зразуменьня паўстаньня на Беларусі і прычыны яго няўдачы. Былі прычыны, каторыя не далі паўстаньню ўрасьці сваімі каранямі глыбока ў сялянскія працоўныя гушчы Беларусі. Паўстанцы-народнікі былі вядомы толькі ў некаторых мясцовасьцях і больш сьвядомым колам сялянства і рамесьнікаў. Ад шырокіх рабоча-сялянскіх гушч чырвоныя рэволюцыянэры былі аддзелены тоўшчаю белых паўстанцаў, праз каторую ім трудна было прабівацца да чорназемнай багатай глебы, што магла карміць паўстаньне. Паміж працоўнымі масамі і такімі рэволюцыянэраімі, як Каліноўскі, стаў прыгоншчык, абшарнік-пан, каторы кінуў свой цень і зацямніў чырвоны твар паўстаньня. Пры такіх умовах рускаму ураду было лёгка справіцца з паўстаньнем на Беларусі, тым больш, што белыя паўстанцы вельмі хутка перакінуліся на старану рускага ўраду.