Гісторыя беларускае літэратуры (1921)/III/Нашаніўская пара/Старэйшыя/А. Паўловіч

Ядвігін Ш. А. Паўловіч
Падручнік
Аўтар: Максім Гарэцкі
1921 год
Я. Колас-Т. Гушча

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Альбэрт Паўловіч.
(Арадз. ў 1875 г.).

Біаграфічны матар‘ял. Альбэрт Паўловіч арадзіуся 11-га лістападу 1875 году. Ен паходзіць з даўнага шляхоцкага роду. Яго дзед і бабка па бацьку абое памёрлі ў часе паўстаньня, пакінуўшы сіротак. Бацькі песьняра былі маламожныя, цярпелі розныя недагоднасьці жыцьця і дзеля таго маглі даць сваім дзяцём (6 душ) толькі невялікую адукацыю ў менскіх вучылішчах. Скончыўшы ў 1894 годзе чатырох-клясавую школу, Паўловіч, каб памагаць сям‘і, дастаў службу на Лібава-роменскай зялезнай дарозе. Ён праслужыў у глаўным упраўленьні чыгункі, у Менску, аж 25 гадоў, дайшоўшы з пісара да галоўнага бухгальтэра.

Літэратура Паўловіча. Роднай літэратурай Паўловіч стаў цікавіцца яшчэ на школьнай лаўцы, а з 1907 году ён супрацоўнічаў у „Нашай Ніве“ і ў розных, амаль ня ўсіх беларускіх газэтах і журналах. Частка яго вершаў была сабрата ў томік пад назовам „Снапок“ (1910 г.) каторы дужа скора разышоўся. У пачатку 1919 г. Паўловіч скончыў вершаваную драму „Васількі“; надрукавана яна была ў тым-жа годзе ў Вільні. Апрача таго, Паўловіч мае ня меней, як на 12 тысяч радкоў яшчэ нідзе нядрукававых вершаў, пераважна гумарыстыкі.

Творчасьць Паўловіча дужа стродка скрытыкаваў нябожчык М. Багдановіч ў аглядзе беларускай літэратуры за 1910 год. Цераз тры гады (1913 г.) ў падобным-жа аглядзе М. Багдановіч пісаў: „Жартаўлівыя вершы А. Паўловіча, каторыя ня гледзячы на розныя недахваты здабылі яму вялікую прыхільнасьць паміж беларускіх чытачоў, ў апошнія гады бадай што зусім не друкаваліся. Некалькі яго твораў, зьявіўшыхся ў „Biełarusie“ і „Маладой Беларусі,“ былі зусім ужо іншага духа. Напісаныя добра, яны сьведчуць, што А. Паўловіч за гэты час папрацаваў над разьвіцьцём свайго таленту“. Вось, калі зьявіліся ў сьвеце гэтыя „зусім ужо іншага духа“ вершы, тады выразна азначылася духоўная неаднароднасьць у творчасьці Паўловіча. Пад магутным уплывам новага беларускага жыцьця паклаліся новыя слаі на цьвёрдым даўнейшым сьветаглядзе песьняра. Выявілась значная розьніца і навет супярэчнасьць між аднымі і другімі вершамі.

Старое, скрытыкаванае М. Багдановічам пераважна з боку літэратурна-тэхнічнага, ідэйна выглядаець у Паўловіча лёгкай гумарыстыкай, прычым гумар ня столькі творыцца самім аўторам, сколькі бярэцца ім з хадзячага ўжытку і на свой лад апранаецца ў літэратурныя вопраткі. Некаторыя з беларускіх крытыкаў (Ю. Фарботка, „Беларусь у песьнях“) прызнаюць, што і ў сьмяхотных вершах Паўловіча „заўсёды не асьмеіваньне відаць, а толькі навучаньне, перасьцярога“, што навет такая жартаўлівасьць, якую знаходзім у вершу „Пан і акуляры,“ выклікана ў беларускай поэзіі „хаценьнем толькі ўняць боль, заглушыць нуду і сум.“ Ды ўсё-ж яго жарты, як „На хвэст“, „Каты“, „Грамафон“, „Ракі“ (падобныя да „ІндыкаўПшчолкі) і шмат іншых вершаў, надрукаваных у „Снапку“ і пазьнейшых, літэратурную вартасьць маюць невялікую. Часам у Паўловіча прабіваецца сатыра, і вось жартаўлівыя вершы, каторыя можна назваць сатырычнымі байкамі, выйшлі ў яго значна вартаўнейшымі. Маець пеўную цану сатыра на зьнявагу дрэннымі дзяцьмі сваіх старых, нядужых бацькоў („Сыноўская апека“, 1910 г. і параўнаваць—„Спагадны сынок“, 1912 г.). Добра абсьмеяна бабская неахайнасьць („Гаспадыніна дзяжа“, 1910 г.). Есьць і яшчэ колькі задачных баек з даволі рознымі зьместамі („Трывога жонкі“, „Лыкі не каўбасы“, „Сакпіў“) і сатырычных куплетаў („І плач не паможа“). У вапрацаваньні Паўловіча усе гэтыя жарты і фацэціі з міжнароднымі, народна-беларускімі і орыгінальна-пясьнярскімі сюжэтамі ўвабраны болей-меней у наш нацыянальны колер.

Новае ў творчасьці Паўловіча было відаць яшчэ ў вершыку „Працуй і пей“, зьмешчаным у „Снапку“ замест прадмовы, каб давесьці патрэбу тых жартаў і сьмеху, адылі не гармоніруючым з усёю кніжкаю. Верш нагадуе народніцкі романтызм поэзіі Няслухоўскага. Ў зьвязку з ім можна паставіць і чыста нашаніўскія мотывы верша, ахвярованага Я. Коласу, і верша „Старац“, што былі таксама зьмешчаны ў „Снапку“. Гэтыя мотывы ў яго з часам разьвіваліся і хоць выглядалі іншы раз перайманьнем нашаніўцаў-правадыроў і дарам часу, але кіравалі Паўловіча да маляваньня хараства бацькаўшчыны і да гэткіх думак і разваг, як: „І сэрца, поўнае пакоры, з падзякай к краю свайму мкне…“ або: „Пакінь пытаць! Ня дам я веры, каб Беларусь хто мог забыць: я пэўны—кожны з нае бяз меры любіў і будзе век любіць!" („Родны край“, 1912 г.). Гэтыя мотывы патроху пераходзяць у яго ў паўсёдны настрой поэта-романтыка, славячага найбольш прыемныя для яго абразкі роднай прыроды і жыцьця („Родныя малюнкі“, 1914 г.). У „Biełarusie“ зьявіліся вершы Паўловіча, з якіх відаць, што ў душы поэта быццам нешта перамянілася, бо даўнейшая весялосьць пакінула яго, гумар і сатыра перайшлі ў задумленьне, у нейкую лірычную смутнасьць, а ўрэшце ў таёмны непакой і трывогу, зьвязаныя з жаданьнем пранікнуць у істоту быцьця і сьмерці. У баку ад соцыяльных і нацыянальных пытаньняў, ён усё больш займаецца сваімі духоўнымі індывідуальнымі перажываньнямі і пішаць: „й паміма волі ў забыцьцё я углыбляюся, здаецца…“ („Змрокам“, 1913 г.). „Як страшна нябыцьцё!.. Пакуль жыву і дышу, прыпомніць страх, што ёсьць астатні смутны час…“ („Сон і вечнасьць“, 1914 г.). Аднак, гэтая новая старана душы і творчасьці Паўловіча яшчэ й дагэтуль выразна ня выявілась.

Астатняй віткай на літэратурным шляху Паўловіча стаіць драма з сучаснага жыцьця ў пяцёх актах—Васількі (1919 г.), напісаная вершамі рознага разьмера, часам вельмі добрымі. Яна паказуець, якой шыракосьці і многаабразнасьці дайшла цяпер наша літэратура ў сюжэтах, мотывах, формах і відах. Шкода адно, што твор ненацыянален, духоўна ня зьвязан з родным жыцьцём, нетыпічан для апісанай мяшчанскай сфэры, каторая тымчасам так мала яшчэ паказана ў нашай літэратуры.

Творчасьць Паўловіча ня мала чаго можа даць у будучыне.