Дачка ведзьмы
Апавяданьне
Аўтар: Вісентэ Бласка Ібаньес
1926 год
Крыніца: Часопіс «Грамадзкі голас», № 3 (99) ад 19.I.1924 г., б. 2-3, Часопіс № 4 (100) ад 28.I.1924 г., б. 2-3,

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




БЛАСКО ІБАНЭЗ.

ДАЧКА ВЕДЗЬМЫ.

(З гішпанскага).

Мар‘етту, маладую ўдаву ў жалобе, зналі амаль што ня ўсе падарожныя, ехаўшыя ў гэтым вагоне трэцяй клясы. Гэта жанчына моўчкі сядзела каля вакна і туліла да грудзей маленькае дзіця. Яе цёмны сілуэт зьвяртаў на сябе пагляды і ўвагу ўсіх.

Старыя сялянкі глядзелі на яе, адны з цікавасьцю, іншыя з пагардай, апіраючы рукі на пастаўленых у сябе на каленах кошыках, поўных пакупак зробленых ў Валяне.

Мужчыны, курыўшыя цыгары, кідалі на яе хітрым вокам.

Ува ўсей перагародцы вагона Казалі толькі аб ёй, апавядалі яе гісторыю з уласнымі дадаткамі.

Першы раз ад сьмерці свайго мужа Мар‘етта адважылася выйсьці з хаты. Прайшло ўжо тры месяцы. Відаць, што ўжо перастала баяцца помсты Пэнляя, брата памёршага мужа. Гэты малы чалавечак, 26-ёх гадоў, бў страхацьцём усяе ваколіцы. Гэты маладзец неяк любіў авантуры са стрэламі і барацьбой на сьмерць і жыцьцё. Быўшы сынам багатых бацькоў, кінуў усю маемасьць і пайшоў на авантурнае жыцьцё, праводзячы час або ў вёсках, калі сяляне пазвалялі яму тут жыць, або ў горах, калі неспагадлівыя адважываліся данесьці на яго ўладзе.

Мар‘етта выглядала супакойнай і здаволенай. О, подлая гадаўка! Меўшы гэткую чорную душу, была гэткая прыгожая, сваімі гордымі рухамі напамінала проста каралеву.

Тыя, хто першы раз яе бачыў, захапляліся яе прыгожасьцю. І ўзапраўды яна была як тыя Мадонны, сьцеражыўшыя вёсак. Твар мела белы і ясны, Час-ад-часу слабая хваля чырвонасьці хварбавала яе шчокі, рабіўшыяся падобнымі да лепясткоў рожы; яе вочы былі прадаўгаватыя, чорныя і гарачыя, як пекла, з доўгімі загнутымі расьніцамі. Белая як сьнег шыя была перавязана чорнай істужкай, ад якой скура здавалася яшчэ бялейшай. Яна была высокая, а яе круглыя і цьвёрдыя грудзі выразна адзначаліся пад чорнай блюзкай.

Але была прыгожая!.. Дзеля гэтага можна ўцяміць шаленства яе няшчаснага мужа.

Дарма ўся сямейка супраціўлялася іхняму вясельлю. Ня мела ніякага сэнсу, каб гэткі як ён багаты чалавек ажаніўся з беднай дзяўчынай, ды апроч таго з дачкой ведзьмы, памоцніцай маці, ў ейных паскудных работах!

Але яму да гэтага не было ніякага дзела. Маці Цанэта памёрла засумаваўшыся. Суседзі казалі, што лепш хацела легчы ў дамавіну, чымсь бачыць у сваей хаце дачку ведзьмы. А Пётра Пэнляй, які дагэтуль мала цікавіўся гонарам сямейкі, цяпер пасварыўся з братам. Яму зусім не хацелася, каб ягоны брат ажаніўся з дзяўчынай бязумоўна прыгожай, але ўмеўшай, як казалі справядлівыя сьведкі, прыгатаўляць атруту, памагаўшай сваей маці дабываць кроў малых валацугаў, кроў патрэбную дзеля таго, каб рабіць таемныя мазі… якімі націралася кожную суботу перад выездам на шабас…

Пэпэт, які сьмяяўся з усяго гэтага, вырашыў справу, ажаніўся с Мар‘еттай. І гэткім чынам Мар‘етта сталася гаспадыняй яго вінаградных садоў ягоных плянтацыяў, яго вялікага дома на вуліцы Майер і таляраў, якія маці Пэпэта хавала ў вялікай скрыні, стаяўшай пад ложкам.

Пэпэт здурэў! Гэтыя дзьве чартоўкі мабыць далі яму нейкай атруты, якійсь „магнэтычны парашок“, каторы, як казалі найбольш дасьведчаныя бабы, меў такую сілу, што будзіў ніколі непагасаўшы жар каханьня.

Страшная ведзьмй, з малымі злымі вачыма, якая не магла прайсьці праз вёску, каб яе не абкідалі каменьнямі дзеці, жыла ў чорнай нары за вёскай. Спазьніўшыся падарожны, якому трэба было прайсьці тутака сярод ночы, ішоў дрыгочучы і жагнаючыся раз за разам. Пэпэт выцягнуў Мар‘етту з гэтае нары і быў шчасьлівы, што мае за жонку найпрыгажэйшую жанчыну ўва ўсей ваколіцы.

Але як-жа-ж яны жылі! Пачцівыя жанчыны казалі аб гэтым з абурэньнем. Відаць было адразу, што гэткая сямейка зьяўляецца рэзультатам нейкіх чартоўскіх штук. Пэпэт амаль што зусім ня выхадзіў з хаты: забыўся аб працы ў полі, не даваў работы людзям сваім, ані на часіну не хацеў быць падалёк ад жонкі. Людзі, паглядаючы праз адчыненыя дзьверы і заўсёды адчыненыя вокны бачылі іхняе каханьне. У шчасьці ды радасьці, з вясёлым сьмехам, з тысячамі пацалункаў праводзілі яны дні і ночы, сьмяючыся сваім каханьнем са ўсяго сьвета і людзей. Гэта ня было жыцьцё хрысьціянскае. Яны былі як два сабакі, ашалеўшыя ад жаданьня, ляцеўшыя праз поля і дарогі побач сябе. Ах! гэта праклятая гадаўка! Гэта яна і ейная маці запалілі гэты чартоўскі вагонь у жылах беднага Пэпэта.

Ніхто ня дзівіўся, бачучы, што ён робіцца ўсё худзейшы, усё жаўцеўшы, усё меншы, быццам грамніца, якая дагарае…

Вясковы дохтар, адзіны чэлавек, які сьмяяўся з ведзьмаў, чароўных напіткаў і розных чараў, казаў, што ім трэба разыйсьціся; паводле яго гэта была адзіная рада. Але яны таксама жылі і далей. Ен усё болей змучаны і слабы, яна ўсё больш прыгажэйшая ды харашэйшая. Радзіўся сын. Два месяцы пасьля гэтага Пэпэт памёр ціха і спакойна, як гаснуўшая сьвечка. Да апошняй часіны клікаў да сябе жонку, працягваючы да яе рукі з каханьнем.

У вёсцы ўсё заварушылася. Вось рэзультаты чараў! Старая зачынілася ў сваей нары баючыся, каб яе не забілі каменьнямі, а дачка таксама цэлыя тыдні ня важылася выйсьці з хаты. Суседзі чулі, як плакала і мучылася.

Ўрэшце абкіданая поглядамі ненавісьці і праклёнствамі пачала, хадзіць на могілкі, забіраючы заўсёды з сабой маленькага сыночка.

Спачатку дрыжэла ад страху перад Пэнляем, сваім страшным дзеверам, для якога забіць чалавека — гэта было дзела мужчынскае адвагі і які няраз пагражаў, што скруціць галаву прыгожай ўдаве і старай ведзьме. Але ось ужо месяц як яго нідзе ня бачылі. Мусіць хацеў прачакаць у горах нейкую буру разам з іншымі бандытамі, або нейкая „справа“ зацягнула яго ў далейшыя ваколіцы.

Мар‘етта ўрэшце адважылася выйсьці з хаты і паехаць у Валянс па закупкі… О, якая пані! Якія яна Рробіць міны, раскідаючы грошы беднага мужу!

Ад варожых шэптаў і мармытаньня ў перагародцы вагона шумела як ў вульлі. Падарожныя нахальна з ненавісьцю ды цікавасьцю ўглядаліся на маладую жанчыну. Мар‘етта сядзела супакойная і адвярнуўшы да вакна свае каралеўскія поўныя пагарды вочы, глядзела на мігцеўшыя хутка багатыя, плянтацыі, на белыя дамочкі, ўцякаўшыя ў блакітную цішыню, удоўжкі лініі імкнуўшага поезда. А ў той час неба на захадзе пачало гарэць, а вялікае чырвонае сонца танула ў залатых воблаках.

Цягнік затрымаўся на малай станцыі. Колькі жанчынаў з паміж найбольш абураных, і любіўшых плёткі пачалі хутка выходзіць з вагона, выкідаючы перш-наперш свае кошыкі і скрынкі.

Прыгожая ўдава, тулячы да грудзей дзіця і нясучы кошык на плячы, памалу выйшла за іншымі. Яна засталася далёка ззаду за разазлаваўшыміся бабамі. Яна хацела быць адна, далёка ад іхніх подлых закідаў.

На вузенькіх, глыбокіх ды крывых вулачках мястэчка было ўжо надта цёмна. Апошнія дамочкі разьбегліся ў два бакі, цягнуўшыся ўдоўжкі шырокай, роўнай дарогі. За імі блакітнелі ў зьмерку палі, пакрытыя маладым збожжам, а ў далі на белай істужцы дарогі, чарнелі маленькія, быццам мурашкі, фігуры жанчын, нёсшых на галавах кошыкі і сьмяшаўшыхся да бліжэйшай вёскі, адкуль было чутно манатонны голас вячэрняга званочка. Апошнія чырвоныя косы захадзіўшага сонца заламліваліся на залатым крыжы касьцёла. Мар‘етта была бойкая жанчына. Аднак, бачучы, што засталася адна на гэтай белай пустой дарозе, пачула, што дзіўны ляк сьціскае яе за сэрца. Да хаты было яшчэ вельмі далёка; настане цёмная ночка, пакуль вернецца дамоў.

На дзьвярох аднага з домаў хісталася ссохшая аліўная галіна: гэта быў знак, што тут шынок. Пад ёю, павярнуўшыся сьпіной да вёскі, стаяў малы чалавечак, трымаючы абедзьве рукі ў кішанёх.

Мар‘етта глянула. Калі-б вось, адвярнуўшыся, пабачыла дзевера — Божанька мой!.. Будучы пераконана, што ён далёка адсюль, ішла спакойна, усьмяхаючыся, што магла нават падумаць аб спатканьні з ім у гэтым пустыры. Ня гледзючы аднак на гэту пэўнасьць, задрыжала, падумаўшы, што можа чалавек, які стаяў на парозе шынка, быў братам яе мужа. Хутка прайшла міма, не падымаючы вачэй.

— Добры вечар, Мар‘етта!

Гэта ён… Страшэнная запраўднасьць глянула ей у твар; нельга было сумлевацца. Гэта быў запраўды Пэнляй, бандыт са злой усьмешкай, якога вочы больш наганялі страху, чымсь словы.

Зламаўшымся, голасам адказала яна на яго павітаньне. Высокая, сільная жанчына пачула, як калены яе задрыжэлі і не хапала сілы, каб утрымаць на руках дзіця,

Пэнляй ціха сьмяяўся Чаго-ж яна гэтак баялася? Няўжо-ж яны не сваякі? Надта цешыцца, што спаткадася з ім: ён праводзіць яе да хаты, а па дарозе пагутараць аб розных справах.

— Хадзі! Хадзі! — казаў малы чалавечак.

Ішла за ім паслушная як авечка, якую вядуць у бойню. Як-жа дзіўнае было гэта параўнаньне! Высокая, сільная, добра збудаваная, мускулістая жанчына ішла паслушна за Пэнляем, які з вонкавага погляду быў толькі малы, худы і брыдкі чалавек. Злы бліск прыплюшчаных вачэй паказваў, хто ён быў узапраўды. Мар‘етта добра ведала да чаго ён здатны. Сільныя, адважныя людзі падалі ахвярамі гэтага злога страхацьця.

На парозе апошняй хаты ў мястэчку сядзела старая баба, ківаючыся і пяючы сабе пад носам.

— Баба! Баба! — клікнуў Пэнляй.

Старая кінула мятлу, якую трымала ў руцэ і падыйшла. Дзевера Мар‘етты добра ведалі ўва ўсей ваколіцы. Калі ёй клікаў, трэба было слухацца,

Пэнляй вырваў дзіця з рук удавы і навет не глянуўшы на яе, перадаў хлапчука старой бабе… Толькі на поў гадзіны!. Зробяць сваё дзела і вернуцца забраць дзіця.

Мар‘етта, заліваючыся сьлязьмі, кінулася да сынка, каб яго абняць.

Пэнляй жорстка схапіў яе за руку.

— Ідзем! Ідзем!

Зьмяркалася. Пад уплывам гэтага дзіўнага чалавека, абясьсілена страхам, Мар‘етта пайшла наперад ўжо без дзіцяці і бяз кошыка, а баба крэсьцючыся раз за разам хутка ўцякла да хаты.

На белай паласе дарогі, блісьцеўшай сярод цемры, слаба відаць парушныя чорныя пункты. Гэта былі жанчыны, якія ўжо прыбліжаліся да вёскі. Надыходзіла ноч. Па палёх валачылася шэрая вячэрняя імгла, лес рабіўся цёмна-сінім, а ў гары, на гарачым фіялеце неба зазіхацелі першыя зоры.

Нейкі час ішлі моўчкі. Раптам удава затрымалася з рашучасьцю роспачы… Таксама добра тут, як і ў іншым месцы, ён мог сказаць ей у чым справа. Калены Мар‘етты дрыгаталі, агібаліся. Рваўшымся шопатам, ня гледзячы на дзевера, з вачыма апушчанымі ў зямлю, пачала гаварыць.

У далёчку зьвянелі званочкі кароваў, варочаўшыхся з поля. Вецер прынасіў здалёк галасы, разьбіваўшыя цішу.

Мар‘етта ў роспачы глянула на дарогу. Нікагусенькі! Былі зусім адны.

Пэнляй казаў памалу, усьміхаючыся як чорт… Хацеў ей толькі сказаць, каб памалілася: калі-ж баіцца, дык хай закіне на галаву хвартух. Бязкарна нельга забіваць брата гэткага як ён чалавека.

Мар‘етта кінулася ўзад з пачуцьцём чалавека, якога грымот будзіць ад страшэннага сна да яшчэ страшнейшай запраўднасьці. Яе думкі зблутаныя перапудам, у працягу таго часу, як яны разам ішлі, тварылі найстрашнейшыя вобразы таго, што яе чакае. Прадбачыда зьдзек, біцьцё, прадчувала ўдары кіём, акалечанае цела, павырываныя валасы; але… памаліцца, закрыўшы галаву хвартухом, і памерці! І гэтыя страшэнныя словы сказаны гэтак спакойна! Яна засыпала яго славамі просьбы, дрыгатаўшая, залітая сьлязьмі, старалася парушыць сэрца Пэнляя. Усё, што аб ёй казалі, гэта паскудная брахня. З усей душы яна любіла яго няшчаснага брата: любіць яго заўсёды. Калі ён памёр, дык вось дзеля таго, што не хацеў яе паслухацца; а яна -- яна нешчасьліва, ня мела сілы ані адвагі, каб быць для яго халоднай, вырывацца з яго аб‘яцьцяў!

Бандыт слухаў маўкліва са сьмехам, які скрывіў яму твар.

— Маўчы, дачка ведзьмы!

Яна і яе маці забілі няшчаснага Пэнэта,

Усе ведаюць гэта; яны давалі яму ў страве нейкую атруту… А калі-б ён сам, Пэнляй слухаў іх далей, дык і яго напэўна зачаравалі-бы, Але не! Ен не пападае ў сеці, як ягоны брат!

І каб паказаць сваю рашучую моц, сваю сілу гіены, якая цешыцца толькі крывёй, схваціў у свае касьцістыя рукі галаву Мар‘етты, прыцягнуў яе зьбялеўшы твар якнайбліжэй да свайго і праз хвіліну глядзеў у яе вялікія, бліскучыя, залітыя сьлязьмі вочы.

Ведзьма… атруціла!

Малы і слабы піхнуў гэту дужую жанчыну гэтак, што яна ўпала перад ім на калены, і адвярнуўшыся пачаў шукаць нешта за пазухай.

Мар‘етта была як няпрытомная. Нікагусенькі на дарозе! З далёк даляталі нейкія, ледзь чутныя галасы, зыкі званочкаў жывёліны, якую зачынялі на нач. З далёкіх сенажацяў вецер прынёс рэха жабячага хору. Спазьніўшыяся ластаўкі, лятучы высока пад небам, час-ад часу шчабеталі. Недзе там, далёка, пры першых хатах вёскі брахаў нейкі сабака. Палі памалу чэзьлі ў імгле ночы.

Адна пакінутая, прыгатаваная на сьмерць засталася без ніякае гордасьці. Пачулася гэтак безабароннай і слабай, як у тыя часы, калі была малай дзяўчынкай і маці карала яе біцьцём. І горка заплакала.

— Забі мяне! — прастагнала, закідаючы на галаву чорны хвартух і засланяючы сабе ім твар.

Пэнляй прыблізіўся да яе слакойны, з пісталетам у руцэ. Праз нейкі час слухаў жаласьлівага голасу Мар‘етты, якая пад чорнай заслонкай хвартуха плакала і жалілася, як малая дзяўчына, прасіла яго, каб хутчэй канчаў, каб не рабіў ей болю, пераплятаючы гэтыя просьбы малітвамі і голасячы. Рухам чалавека дасьведчанага Пэнляй знайшоў пісталетам адпаведны пульт на чорным хвартусе і два разы пацягнуў за курок.

Сярод белых клубоў парахавога дыму ён пабачыў, як Мар‘етга раптам перагнулася ў зад і бяз енку ўпала на зямлю, а цела яе пачало ўздрагіваць у муках кананьня…

З супакоем чалавека, які нічога і нікога не баіцца, Пэнляй, абдумваючы як уцячы ў горы, варочаўся ў мястэчка, каб узяць пляменьніка. Бяручы яго з рук спалоханай старай бабы, амаль што ня плакаў.

— Мой бедны малюсенькі! — сказаў, прытуліўшы яго да сябе.

Сумленьне яго было задаволенае і супакойнае. Душа цешылася пачуцьцём споўненага абавязку. Ен верыў, што сваім паступкам вельмі заслужыўся перад дзіцянём.

(Канец).