Да крыніцаў творчасьці М. Багдановіча

Да крыніцаў творчасьці М. Багдановіча
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1939
Крыніца: Калосьсе. 1939. № 3

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Як згодна сьцьвярджаюць усе біёграфы Максіма Багдановіча (— дый пацьвярджаў гэта неаднакротна сам наш паэт), галоўнай крыніцай тэматыкі ягонае паэзіі было тое знаёмства зь беларускай народнай паэзіяй, якое ён атрымаў дзякуючы свайму бацьку, Адаму Багдановічу, даволі ведамаму працаўніку на ніве этнаграфіі — пачаткова беларускае, а пад канец жыцьця — расейскае. Знаёміўся Максім зь беларускай этнаграфіяй у першую чаргу шляхам вусных пераказаў бацькі; але ня можа быць ніякага сумлеву, што — у меру вырастаньня й выкарыстываньня кніжных матэрыялаў у бацькавай бібліятэцы — мусіў Максім часта заглядаць і да першае друкаванае працы Адама Багдановіча з галіны этнаграфіі, пайменна — кніжачкі пад загалоўкам «Пережитки древнего миросозерцания у белорусов. Этнографический очерк А. Е. Богдановича. — Гродна, 1895».

Каб пераканацца, што ж пачарпнуў Максім Багдановіч з бацькавае працы, трэба было беспасярэдна зь ёю пазнаёміцца. Але кніжачка гэтая — цяпер ужо вельмі рэдкая, і аўтару гэтых радкоў толькі зусім нядаўна ўдалося яе дастаць і прачытаць[87]. І вось, пры чытаньні яе і пры параўнаньні зь ёй Максімавых вершаў выявіўся запраўды ж вялікі ўплыў яе на тэматыку вершаў песьняра.

Трэба тут зрабіць адну засьцярогу: Максім Багдановіч, пэўне ж, не абмежываўся аднэй гэтай кніжыцай, знаёмячыся зь беларускай народнай паэзіяй і этнаграфіяй. Яму былі ведамы ўсе зборнікі этнаграфічных матэрыялаў (Раманава, Шэйна і інш.). Але бацькава праца была першай кніжкай з гэтае галіны, і ў ёй аўтар стараўся даць некаторую сынтэзу на падставе таго, што ў іншых працах падаецца як сыры матэрыял. Дый, як першая, бацькава кніжка мусіла зрабіць на Максіма Багдановіча найглыбейшае ўражаньне.

Гэта зь яе Максім Багдановіч знаёміўся зь беларускай народнай міфалёгіяй, і ягоны Лясун, Вадзянік, Падвей, ягоныя русалкі, ягоны Зьмяіны Цар — усе яны надзелены рысамі, якія бацька паэта знайшоў у народных вераваньнях, казках, апавяданьнях.

Возьмем хоць бы Лесуна, якому Максім Багдановіч пасьвяціў ажно тры вершыкі.

Над лясамі — кажа Адам Багдановіч у сваёй кніжцы — гаспадаруе Лясун. Ён узростам роўны дрэвам таго лесу, у якім жыве. Ён страшэнна дужы, — вырывае сосны з каранямі. Ён «іржыць»— рагоча, калі весела; вые, як воўк, калі сумуе; рычыць, як мядзьведзь, калі злы. Можа вельмі напужаць чалавека дый ваўкамі зацкаваць.

І Максімаў Лясун — такі ж велічэзны: ён можа іграць на соснах, быццам на струнах:

Пад рукамі яго, разважаючы сум,

Быццам тысячы крэпка нацягнутых струн,

Танкаствольныя сосны зьвіняць...

І Максімаў Лясун любіць ліхія жарты над людзьмі, каторыя пападаюць у нетру лясную. Пачуўшы звон падкоў у лесе, Максімаў Лясун кажа:

Ці не гукнуць, каб рэха па лесе пайшло,

Каб з касьцямі, ў кавалкі разьбітымі

Нехта біўся ў крыві, каб мне можна было

Усю ноч рагатаць пад ракітамі?!

А вось і Вадзянік. Вадзянік — апісвае бацька — жыве ў «жывой» вадзе, у крыніцах бяздонных, у глыбіні рэк і вазёр, — наагул у такіх месцах, дзе вада ўзімку не замярзае: гэта, кажа народ, лёд таець ад дыханьня вадзяніка.

Сын піша аб Вадзяніку:

Сівавусы, згорблены, я залёг між цінай

І гадамі грэюся — сплю на дне ракі.

Твар травой аблутана, быццам павучынай,

Засыпаюць грудзі мне жоўтыя пяскі...

І характэрна, што бацькавае апісаньне мала паўнейшае, чым Максімавае... Аб русалках Адам Багдановіч кажа, што яны здаюцца беларусу харошымі дзяўчынамі з распушчанымі даўгімі валасамі. Гэтым абмежываецца ўсё апісаньне іх выгляду. Вось жа і Максім Багдановіч гэту характэрную рысу асабліва вобразна выдзяляе. Даючы абраз возера ўначы, зь якога месяц «цягне срэбныя сеці», наш паэт дадае:

Ў іх русалкі заблуталі косы...

Але найбольш красамоўна пацьвярджае справядлівасьць нашае тэзы аб уплыве на тэматыку й апісаньні Максімавы кніжачкі ягонага бацькі прыраўнаньне апісаньня «зьмяінага выраю» этнографам і паэтам. Адам Багдановіч піша:

«Над усімі гадамі ёсьць цар. Пад ягоным асабістым павадырствам ідуць зьмеі на зімовы сон. Цар-зьмей ідзе наперадзе, а за ім — безьліч ягоных поўзаючых падданых. Ён увелькі большы за ўсіх, ягоная луска адлівае серабром і золатам, на галаве ў яго карона з маленькіх залатых ражкоў. Трудна спаткаць зьмеяў падчас гэткае іхняе вандроўкі, бо яны выбіраюць недаступныя чалавеку месцы. А калі ўдасца спаткаць зьмяіны «вырай», разаслаць перад царом настольнік, палажыць хлеб-соль ды пакланіцца яму да зямлі, дык ён, перапаўзаючы праз настольнік, у аддзяку скіне з галавы адзін залаты ражок...»

А вось як гэтае апісаньне — чуць што не даслоўна — адбілася ў намаляваным паэтам мастацкім абразе (верш «Зьмяіны цар»):

...Мы ўжо выйшлі зь цесных, душных

Падзямельных норак,

На зімовы, цёплы вырай

Цягнемся-паўзём.


Ў полі, ў лесе нам усюды

Праляглі дарожкі!

Йстужкай рушымся між пушчы,

Насамперад — я.

Зіхацяць маей кароны

Залатыя рожкі,

Цёмным блескам адлівае

Уся луска мая.


Нам ня трэба ні ад чога

Ноччу абароны:

А спаткаем чалавека,

Порт расьсьцеле ён;

Залаты ражок яму

Я ўраню з кароны,

І празь белу палатніну

Дальш мы папаўзём.

Ня будзем тут падаваць далейшых прыкладаў уплыву працы Адама Багдановіча на паэзію ягонага сына (прыкладам: варажбіцтва млынароў, заклінаньні і г. д.). Абраз і так даволі ясны. Зьвернем толькі ўвагу на адзін верш Максіма Багдановіча, на якім адбіўся ўжо ня бацькавы этнаграфізм, але — пагляд на беларускі народ і ягоны культурны ровень.

Зь лёгкае рукі савецкіх літаратурных крытыкаў прынята азначаць паэзію нашаніўскае пары як нейкае агульнае стагнаньне, ныцьцё, «пусканьне сьлязы» і г. д. Пагляд гэты — з грунту фальшывы: калі й бачым у гэным часе паадзінокія вершы ў таго або іншага аўтара, каторыя ліюць сьлёзы над нядоляй народнай ды памагаюць народу стагнаць, дык агульны тон гэтае паэзіі быў прасякнены імкненьнем да вызваленьня, клічамі да волі й барацьбы за яе. Вось чаму, калі ў 1913 годзе выйшаў у сьвет «Вянок» Максіма Багдановіча, адзін зь вершаў зборнічку — «Краю мой родны, як выкляты Богам...» — на агульным фоне нашаніўскае паэзіі, поўнае веры ў свае сілы і ў сьветлую будучыню народу, прадстаўляўся беларускаму грамадзянству нейкай анамаліяй, выклікаў глыбокае недаўменьне. Шмат хто напісаньне верша тлумачыў тым, што паэт, жывучы далёка ад роднага краю (— у Яраслаўлі), ня бачыў уласнымі вачыма народнага жыцьця, не адчуваў, як б’юцца сэрцы мужыцкія, захопленыя вялікай ідэяй адражэньня й волі. І ў гэтым была вялікая доля праўды. Але — ня ўся праўда. Усю праўду пазнаем, калі прачытаем уступнае слова Адама Багдановіча да памянёнае ўжо кніжачкі яго.

Адам Багдановіч, як блізу й усе сучасныя яму беларускія інтэлігенты, што павыходзілі з народнае гушчы, быў увесь пад уплывам фальшывага ў сваей істоце перакананьня аб «комплексе ніжэйшасьці» беларусаў. Пераходзячы зь вёскі да места, знаёмячыся — перад усім праз школу — з расейскай літаратурай і культурай наагул, Адам Багдановіч, як і шмат хто іншы, раўнаваў культуру беларускага сялянства з культурай расейскае інтэлігенцыі. Гэта было раўнаваньне рэчаў зусім несумерных. Калі б раўнаваць культуру тагачаснае беларускае вёскі з культурай вёскі ж расейскае, дык для пэсімізму, для пачуцьця «ніжэйшасьці» беларусаў месца не было б: наадварот, такое прыраўнаньне выявіла б мо нават вышэйшасьць беларусаў над народнымі гушчамі «пануючае нацыі». Але, стануўшы на няправільным становішчы, Адам Багдановіч няўхільна мусіў зрабіць тыя вывады аб беларусах і іх «некультурнасьці», якія апублікаваў у ўступе да вышэй памянёнай сваей кніжачкі.

«Беларускія сяляне, тлумачучы па-свойму выражэньне «западный край», — выражэньне чужое для беларускага языка, — перакладаюць яго словамі «западлы край», г. зн. закінены, заняпалы. Хаця з філялягічнага гледзішча шмат можна сказаць супроць гэткага вольнага перакладу, аднак запраўднасьць апраўдвае яго. І жыцьцё беларуса, і ягоная творчая дзеяльнасьць рэзка адзначаны кляймом неразьвітасьці, адсталасьці, забітасьці. Так яно й ёсьць: «западлы» край, «западлы» народ...»

Гэтак пачынае свой уступ Адам Багдановіч і далей стараецца даказаць справядлівасьць свайго пагляду, кажучы аб беднасьці беларускае народнае паэзіі, народнае песьні, аб «дзікасьці» абычаяў беларускіх, аб «грубым фетышызьме» сьветапагляду беларуса — «з гледзішча цывілізаванага чалавека». Адам Багдановіч, хоць з філялёгіяй ніколі ня меў шмат супольнага, бярэцца судзіць і язык Беларусаў з «філялягічнага» гледзішча. Язык гэты, быццам, «бедны на словы». «Некаторая частка іх запазычана з польскага языка, а за апошнія часы, сярод маладога пакаленьня, даволі шырака пачынаюць ужывацца словы расейскія». «Беларускі язык бяднейшы азначэньнямі адарваных паняцьцяў, чым вялікарускі народны язык, і ў гэтым адстае нават ад маларускага. Ён такжа ня мае гібкасьці, сілы й выразьлівасьці першага ды мяккасьці, мілагучнасьці другога».

Адам Багдановіч паўтарыў тут усе тыя недарэчнасьці, якімі маскоўскія «культуртрэгеры» набівалі галовы беларускіх вясковых дзяцей у расейскіх школах — ніжэйшых і сярэдніх, — зусім таксама, як гэта цяпер робіцца многімі палякамі... Але, паўтараючы іх бескрытычна, ён стараецца знайсьці прычыну ўсіх гэтых зьявішчаў. На ягоны пагляд, прычына гэтая — страшэнна цяжкія абставіны беларускага вясковага жыцьця, бяда, голад, церазьмерная праца. Вёска йшчэ перажывае жудасную спадчыну прыгонных часоў. «Толькі сваей працавітасьцяй беларус не адстае ані ад вялікаруса, ані ад маларуса, а выносьлівасьць ягоная большая, чым у таго й другога. Але гэтага, ведама, мала, і справядлівасьць вымагае паставіць беларуса — паводле тыпу духовага разьвіцьця — ніжэй за ягоных братоў зь вялікае рускае сям’і...» — Паўтараем: толькі бескрытычнасьць у адносінах да прапаганды «лексу ніжэйшасьці» беларуса ў расейскіх школах, толькі вельмі слабое знаёмства і зь беларускай народнай паэзіяй, і зь беларускім языком, і з культурным роўнем сялянства «пануючае нацыі» ў гэтага сьвежага адэпта расейскае культуры маглі падыктаваць Адаму Багдановічу падобныя словы. І сягоньня — праз 44 гады пасьля напісаньня гэтых слоў, калі магутны адраджэнскі рух зразу падняў «западлы» беларускі народ на вышыню культурных народаў сьвету, — словы гэтыя пакажуцца нам сьмешным анахранізмам. Але ў вачох Максіма Багдановіча, каторы кожнае слова свайго бацькі прымаў на веру, дадзены апошнім фантастычны абраз адсталасьці Беларусаў мусіў прадстаўляцца зусім рэальным, згодным з праўдай. Культурны заняпад і адвечны цяжкі труд у голадзе й паняверцы — вось тое, што Максім Багдановіч прыняў на веру з бацькавае кніжкі як асноўныя рысы жыцьця беларускага народу. І гэтыя рысы паэт адбіў у сваім вершы «Краю мой родны». І гэтыя рысы выклікалі ў яго пачуцьцё роспачы, сумлеву ў перамозе беларускае адраджэнскае ідэі:

Брацьця! Ці зможам грамадзкае гора?!

Брацьця! Ці хваце нам сілы?!

Сілы хапіла. І на вачох Максіма Багдановіча, каторы сам хутка здолеў вызваліцца ад накіненага яму бацькам «комплексу ніжэйшасьці» ды самастойна выкрыў вялікую красу й багацьце беларускае народнае творчасьці, — беларускі народ, культурны стан каторага Адам Багдановіч раўнаваў з станам з часоў летапісца Несьцера, — сваей творчай працай даказаў сваю жыцьцёвую здольнасьць і права на месца пад сонцам!