Дзённік (Луцкевіч)
Дзённік Аўтар: Антон Луцкевіч Крыніца: pawet.net |
27.XІІ.18. Выязджаем з Вільні. Сабраліся на вагзале ў 8 гадз. раніцы, бо немцы абяцалі даць вагон. Вагон гатоў, але ў ім сцюдзёна, няпалена, — вокны пабіты.
Грамадка наша складаецца з дваццаці душ. Некалькі «скампрамітаваных» мінчукоў — членаў Рады Рэспублікі, рэшта — маладыя людзі, якія баяліся папасці ў бальшавіцкую армію, і служачыя ў міністэрстве беларускіх спраў.
Пераезд доўгі, цяжкі. Чыста скалеўшыя даяжджаем увечары да Гродні.
У гасцініцы «Метраполь» нас ужо ждалі камісары Гродні, Беластоку ды раней прыехаўшыя таварышы.
Страшэнная мігрэна зваліла мяне з ног. Ледзьве выслухаў справаздачу Васіля З(ахар)кі [1] аб перагаворах з Беларускай Губернскай управай. Добра — заўтра прыму ўчасце ў іx. Але не сягодня — годзе. Спаць, спаць…
28.XІІ.18. Раніцай у 10 гадз, пайшоў з З(ахар)кай да Беларускай Управы. Ад Беларускага Камітэту былі Якубецкі [2] (старшыня павятовай рады сялянскіх дэпутатаў) і, яшчэ нейкі беларус, імя каторага не ўдалося распытацца. Ад Управы — Боеў, Зянковіч, Ялавюк [3].
У пачатку засядання ўпраўцы прачыталі частку пратаколу пленума Управы з папярэдняга дня. Пяць душ — членаў яе, масквафілаў і чарнасоценцаў, якіх Беларускі Камітэт адвёў, падалі ўжо заявы, што выступаюць з Управы (еп(іскап) Валадзімер, старшыня Курлоў, Ілавайскі, Модль, Марозаў). Аднак Управа прасіла іx астацца на сваіх становішчах да з’езду сялян Гродзеншчыны, які Управа і Камітэт супольна склікаюць на 9-га студня 1919 году. На з’ездзе адведзеныя беларусамі асобы маюць звярнуцца аб апінію [4] сялян.
Мы на такі часовы кампраміс былі гатовы прыстаць. Аднак ужо ў Вільні мы даведаліся аб спыненні руху на чыгунках для прыватнай публікі. Каб выясніць справу, З(ахар)ка і Боеў ідуць да немцаў.
У перарыве вядзем гутарку з Якубецкім і няведамым беларусам. Абодва жаляцца на цяжкія варункі працы няма грошы, мала людзей. Малая іx жменька — Грыкоўскі (вучыцель), які ляжыць хворы на сухоты, ды гэты ж Якубецкі — смела выступілі ад імя беларусаў, заваёвываючы сабе месца і ў мястовым камітэце, і ў Управе, якая спаўняець роль губернскага земства, сазываючы сялянскія з’езды і т. д. Знаёмы абраз: у такім жа палажэнні былі мы з Іванам у Вільні праз увесь час акупацыі, «робячы» новых беларусаў і без сіл, без грошы, напаўгалодныя і халодныя, вядучы нашу справу.
З(ахар)ка і Боеў спынілі нашу гутарку. Вестка іx сумная: з прычыны труднасці праезду чыгункай аб а’ездзе 9.1.19 і думаць нельга.
На гэтым грунце ўзнімаецца ізноў старое для градзенчукоў, але новае для мяне пытанне: аб выхадзе з Управы адведзеных беларусамі пяцёх членаў і замене іx беларускімі прадстаўнікамі — ад Камітэту (3) і Павятовай Рады (2). Доўгія, доўгія споры. Боеў — «адвакацішка» з малога места, хоча паказаць перад намі сваё красамоўства. С (ацыяліст)-р (рэвалюцыянер) — класавай барацьбы не прызнаець! Але ў тон яму ўторыць Якавюк, чалавек малаінтэлігентны. Найбольш сымпатычны Зянковіч: той проста дзівіцца наіўнасці Курловых і К°, якія спадзяюцца, што сяляне маглі б іx перавыбраць! У канцы спісываецца пратакол з нашымі дамаганнямі, і нас просяць даць пяць кандыдатаў.
Цвёрды гарэх! Трэба знайсці людзей, здольных да працы. Трэба зрабіць нараду з градзенчукамі. Умаўляемся зыйсціся ў хворага Грыкоўскага.
У Барысаглебскім манастыры ідзем упацёмках праз доўгія скляпёныя калідоры, ажно пакуль не дабіваемся да дзвярэй маленечкай святлічкі, дзе ляжыць хворы вучыцель беларускай школы Грыкоўскі. Тут ужо і Якубецкі, і д-р Бялецкі, чалавек сярэдніх гадоў, шчыры беларус, хоць і гаворыць па-расейску. Быў і ён у Управе, але выступіў, трэба ўгаварыць, каб не выступаў, узяў адстаўку назад. Цікавіцца культурнай работай, апрацоўвае статут беларускага клубу, часць каторага тут жа прачытаў. Пасля выхаду яго прыступілі да дзела. Выяснілася, што тутэйшыя беларусы не могуць даць пяцёх здольных да працы людзей, трэба даць нашых са двох.
Увечары сабраліся на міністэрскую нараду. Дайшлі да пераконання, што міністэрскае становішча не можа быць перашкодай у прыняцці становішча на выбарна-грамадскай установе. Намецілі Лявона Зайца [5] і Зубца (народцы вучыцель, здаваў на матуру [6]), чалавека скромнага, але, як здаецца, добрага работніка, хоць дагэтуль у беларускай справе актыўна не працаваў.
Дзень скончаны. Пара спаць. У нумары маім сцюдзёна, ажно страх.
29.XІІ.18. Да камісара Крэчаўскага [7] з самой раніцы прыйшла дэлегацыя ад чыгуначнікаў, пачтавікоў і да т. п., завязаўшых свой прафэсіянальны саюз. Просяць помачы. Заяўляюць, што палітыкай не займаюцца і будуць служыць тэй уласці, якая будзе дзяржаць у сваіх руках чыгунку, почту, тэлеграф. Аказываецца, што аб здачы чыгункі ў немцаў прасіў польскі дэмакратычны камітэт, але яму заявілі, што на гэта слабая надзея, бо 10 армія да палякаў адносіцца блага, з прычыны адносін з Польшчай. Усё ж афіцыяльна развяжацца пытанне аб чыгунцы толькі ў панядзелак. Крэчаўскі высказаў сваю сымпатыю саюзу і абяцаўся паддзяржаць яго справу перад міністрам Варонкай [8], які мае гэтымі днямі прыехаць. Прыводзіў дэлегацыю Якавюк (з Управы).
Пасля іx выхаду пастанавілі мы ў панядзелак (заўтра) зрабіць крокі перад немцамі ў справе чыгункі. Пасля прыходзіў яшчэ раз Якавюк для «інтымнай» гутаркі, папярэджваючы, што палякі ў саюзе вельмі цягнуць яго «пад Польшчу» — да польскага «дэмакратычнага» камітэту.
Забягаў член Управы Гітман. Вельмі настроены проціў адведзеных беларусамі членаў Управы, тут асабістыя разрахункі і жаданне дасябравацца да платнага становішча ў Управе. Але ўсё ж ідзе цяпер за намі, бо чуе носам, што за намі «сіла ўласці» (правільней: казённая субсідыя), работнік з яго можа быць добры.
Па абедзе з З(ахар)кай зрабіў «вялікую падарожу» на Нёман. Усё прыпарушана снегам, берагі высокія. На высокіх-высокіх казельчыках праразае раку мост. Другі мост, узарваны адступаўшымі маскалямі, тырчыць з вады. Нёман і тут харошы, і ваколіцы таксама.
Увечары ізноў нарады, нарады і нарады аб рабоце. Да арганізацыі клюбу я прычапіў Вернікоўскага [9]: трэба ж і з яго выцягнуць што можна! Тым больш што ён ужо працуе над арганізацыяй вечара беларускага 5 і 11.
Перабраўся да номера З(ахар)кі. Тут з ім жыць можна. Апавядаў мне аб тым, як у ім будзілася нацыянальная свядомасць. Тым сымпатычны і шчыры.
30.XІІ.18. Раніцай прыехаў Малей-Дзекуць [10], камісар з крэйзу [11] Крынкі-Лунна [12]. У яго работа па арганізацыі валасных камітэтаў ідзе, хоць палякі ўжо натварылі ўсюды свае парахвіяльныя камітэты і ўсюды насадзілі легіянераў, ды пускаюць чуткі аб прыходзе польскіх войск. Аднак пар(афіяльныя) камітэты ніякай вагі не маюць, і народ ясна кажа, што як прыдуць бальшавікі, дык ад іx следу не астанецца. Бяда толькі ў тым, што міліцыянерам валасных камітэтаў немцы не хочуць даваць аружжа: у сам камітэт у Крынках перадалі адно дзве вінтоўкі і некалькі рэвольвераў. М(алей)-Дз(екуць) просіць зрабіць націск на немцаў, каб далі аружжа ці каб пазволілі сялянам мець яго, выбраўшы са схоўкаў. Іначай ад банд грабежнікаў нельга бараніцца. Быў я ў павятовай Радзе. Там сядзіць Алексючанка Аўгінія [13]. Працуе добра — многа мае энергіі і задору. Нічога разбіраецца ў палітыцы на гродзенскім грунце, хоць надзвычайнай інтэлігенцыяй, здаецца, не грашыць. Апавядала, як псуюць работу рэлігійныя сваркі. Трэба гэтым асабліва заняцца. Кс(ёндз) Грынкевіч заядлым палякам стаўся і ўсю злосць сваю да беларусаў тлумачыць тым, што яны сацыялісты.
Узяў выданы Радай пратакол з’езду і цікавую абвестку Азерскай воласці (№ 1) [14].
Па абедзе прыехалі дэлегаты з Плянтскага крэйзу (Шчучына) — адзін жыд вясковы (б(ылы) вучыцель), другі беларус, Мішкаль, селянін. Тут немцы зрабілі з імі подлую штуку: крэйзгаўптман заявіў, што перадасць уласць Павятовай Радзе ад сялян і будзе ждаць да 27.ХІІ, покуль яна зарганізуецца. Калі ж тая была арганізавана, крэйзгаўптман здаў грошы (25 тыс. мар(ак)) і ўсе паперы крэйзу польскай радзе павятовай, а сам выехаў. Перад гэтым сяляне вялі перагаворы з польскай радай і сулілі палякам чатыры мейсцы з 20-цёх (13 сялян, 3-ох жыдоў, 4 палякаў). Палякі на гэта не пайшлі і прадлагалі сялянам у чысле 6 увайсці ў польскую раду. На гэтым і разышліся, а немцы пайшлі на старану паноў, далі ім 60 вінтовак, здалі грошы і інш.
Дэлегаты прывезлі нам дэкларацыю і адозвы сваёй Павятовай Рады. Цікавы тып гэты жыд — зусім «украёвіўшыся». Сам нацыяналіст (сэймовец) і стаіць на старане беларускіх нацыянальных дамаганняў і незалежнасці беларуска-літоўскай дзяржавы «ад Літвы да Смаленшчыны».
Крэчаўскі з З(ахар)кай пасля гэтай візыты да штабу 10 арміі. Ім там далі абяцанкі выдаць аружжа для міліцыі і не праследаваць сялян за аружжа, дабытае імі са схоўкаў. Гэтаксама выяснілі, што да Кіева праехаць можна, хіба скора скарыстаем з гэтай магчымасці.
Быў увечары Якубецкі. Гаварыў, што з ім, як прэзэсам [15] Павятовай Рады сялянскіх дэпутатаў, ужо загаварываў старшыня арганізацыйнага камітэту дзеля выбару рады работніцкіх камітэтаў. Апроч таго, бундаўцы прадлагаюць беларусам блок дзеля супольнага выстаўлення спіску кандыдатаў.
На гэтым грунце ў мяне зрадзілася ідэя стварэння беларускай партыйнай арганізацыі, аб чым і перагаварыў з Якубецкім. Трэба гэта зрабіць ураз жа, каб паказаць фізіяномію. Людзей ужо крыху ёсць, і мясцовы камітэт утварыць можна.
Забягаў Якавюк, што ўраз будзе засяданне Управы. Цікава, што яны пастановяць? Як аднясуцца да нашых дамаганняў?
Увечары прыйшоў Езавітаў [16]. Гулялі мы з ім па калідоры гасцініцы : і многа гутарылі. Чым больш яго пазнаю, тым ён выдаецца больш сымпатычным. Многа ў ім жаноцкага. Каб быў у добрых руках, быў бы з яго добры працаўнік, а то «маладое віно» яшчэ бродзіць.
31.ХІІ.18. Апошні дзень старога году. У нас ён вельмі працавіты.
Раніцай даведаліся, што немцы маюць узяць назад ад польскай павятовай рады ў Шчучыне грошы і ўпраўленне паветам. Быццам то маюць прызнаць нашу арганізацыю, ды абяцаюць ужо даць аружжа для міліцыі і да т. п. Каб не было запозна: бо ўжо на іx не аглядаюцца і выцягіваюць хто што мае са схоўкаў.
Быў y нашай школе. Дзеці даволі добра пяялі і дэкламавалі. Але з прычыны хваробы Грыкоўскага школа значна цадупала. Краўцэвічанка вельмі слабая як вучыцелька. Мо ўсадзім у школе Зубца.
Паабедзе прыехалі цікавыя госці: Цярэшчанка [17], ваўкавыскі камісар, яго памочнік Горык, старшыня ваўкавыскай рады сялянскіх дэпутатаў Данілюк і старшыня беларускай рады ў Ваўкавыску — Маеўскі. Яны павялі арганізацыю па сістэме савецкай, хоць самі зусім не бальшавікі, мо пры гэткай сістэме ўдзержацца на прыход бальшавікоў. Выпусцілі адозву (№ 3) [18], якой не паўстыдаюцца і бальшавікі. Гэта вызвала ў нашай грамадцы даволі гарачыя і вострыя споркі аб тактыцы. Запраўды, прарочыць трудна, але спадзеючыся бальшавікоў тактыка ваўкавыскіх беларусаў можа быць найлепшая.
Зусюль выясняецца, што ў масах страшэнна расце антыпольскі рух. З глыбокай ненавісцю гавораць аб легіянерах.
Ваўкавыскі «савет» арганізаваны вельмі крэпка. Яны мецяцца запраўды ўзяць уласць у свае рукі" хаця немцы і тут яе аддалі польскаму камітэту. З апошняга паны ўжо пачалі ўцякаць.
Якубецкі прынёс весткі з камісіі, якую немцы арганізавалі дзеля здачы павету гродзенскага. Там запрошаны 5 палякоў, 3 беларусы, 1 жыд і 1 маскаль (Курлоў). Якубецкі заявіў на ўчарашнім засяданні свой пратэст проці гэткай камісіі, калі ёсць сялянская павятовая рада і камісар, упаўнамочаны тым урадам, які немцы прызнаюць правамочным. Ён заявіў далей, што сяляне гэтай камісіі не будуць прызнаваць і адказ за дальнейшыя выпадкі і спакой у павеце падзе на немцаў. Усё гэта немцы запісалі ў пратакол і аб усім маюць далажыць вышэйшай камандзе. Пасля гэтага Якубецкі выйшаў, а справа здачы павету камісіі адложана.
Прыйшоў і адказ ад Управы — пакуль што неафіцыяльны, праз Якавюка. Управа паставіла справу так: еп. Валадзімер і Модль выйшлі з Управы, Курлоў, Мароз і Ілавайскі астаюцца, толькі Курлоў адмаўляецца ад старшынства, а на яго месца мае быць выбраны новы старшыня — ужо супольна з кааптаванымі членамі-беларусамі. Усіх пяцёх пастанавілі прыняць. Гэткая камбінацыя справы не ратуе. Відаць, што з Управай да ладу не дойдзем.
1.1.19. Дзітман усё не дае нам спакою: ізноў прыходзіў і выясняў, што пастанова, аб якой гаварыў Якавюк, няправільная: гэта толькі была гутарка членаў Управы, бо кворуму не было. Прыходзіў Станіслаў Іваноўскі. З усёй яго гутаркі, як заўсёды дурной і бязладнай, з тэндэнцыяй выказаць свой розум, годнай увагі была толькі заява, што цяпер усе палякі маюць адну супольную ідэю: за ўсялякую цану далучыцца да Польшчы. «Краёвая ідэя, — сказаў ён, — магла бы мець вагу толькі тады, калі б за ёй стаялі некалькі корпусаў войска. А цяпер мы аб ёй забыліся». Шчыра і ясна!
На абедзе ў мяне адбылася нарада прадстаўнікоў «саветаў» Ваўкавыскага, Гродзенскага і Шчучынскага. Паднялася гутарка аб вышэйшай уласці і аб інструкцыі для валасных і павятовых рад (саветаў). Вельмі нападалі на «пана міністра» Варонку і яго малую чыннасць. У справе інструкцыі ўсе зыйшліся на тым, што цяпер ядыная форма ар’ентацыі гэта «савецкая». Выбралі камісію з трох асоб: Цярэшчанкі, Кашанеўскага і Езавітава, каб апрацавалі праект інструкцыі на заўтра.
Цікава, як людзям патрэбен аўтарытэт — як кіраўнічая ўласць. Проста не могуць жыць без гэтага.
Кашанеўскі даў мне аналіз працы ў Плянцкім павеце. Далучаю яго сюды — цікавая рэч (№ 4) [19].
Даволі цікавы даклад даў і лесавод Капціловіч. «Леса и лесное хозяйство Белоруссіи». Цвёрда стаіць на грунце нацыяналізацыі лясоў, — ды гэта ў нас ядыны выхад (№ 5) [20].
2.1.19. Сягодня на сцэну выступіла першы раз после выезду з Вільні наша дыпламатыя. Напісаў дзве ноты польскаму ўраду: проціў анэксіі Аўгустоўскага павету і проціў аб’яўлення ў Вільні мабілізацыі для ўсяго мужчынскага насялення ад 17 гадоў польскай камандай Okręgu Wojskowego Lіtwy і Bіałorusі [21] з 31.XІІ.18. (№ 6) [22]. Апроч таго — да антанцкіх дзяржаў на рукі дыпламатычных прадстаўнікоў Амэрыкі, Англіі, Францыі і Італіі з просьбай аб зашчыту… ад разрываня палякамі беларускай зямлі. Такжа і на імя нямецкага ўраду (№ 7) [23].
3.1.19. Сягодня ад раніцы вёў гутаркі аб арганізацыі камітэтэту БСГ. Здаецца, справа пойдзе. Праграмы партыі тут ніхто не мае. Прыходзіцца апрацаваць дэкларацыю толькі з аснаўнымі прынцыпамі. У Павятовай Радзе сустрэўся з сялянамі са Скідэля. Прыехалі сюды парадзіцца, што і як рабіць. Прыйшлося іx інструктаваць, як арганізаваць вёскі і воласць.
У дзве гадзіны адбыўся сход Павятовай Рады. Самому мне не давялося быць на ім, але быў там Цярэшчанка. Паводле яго слоў, туды трэба даць пару добрых работнікаў, каб падрыхтавалі дзела, бо работнікаў там так, як няма.
Увечары прыехаў з Саколкі [24] камісар Косцевіч [25]. Цікаўная гісторыя! Аказываецца, што там і Крэйзамт і салдацкая рада зыйшліся з польскімі панамі, арганізавалі павятовую раду і з ёй толькі лічацца. Ніякіх дэмакратычных народных арганізацыяў яны не прызнаюць. Косцевічу Soldatenrat [26] заявіў, што яму на 14 Дзён забараняецца ўсякая работа (відаць, за гэты час немцы спадзяюцца выйсці). Пасля такой заявы (на пісьме) Косцевіч не меў нічога іншага да работы, як пакінуць Саколку. Паміж іншым Косцевіч расказаў аб такім факце. Колькінаццаць дзён таму назад палякі ў Саколцы памыкаліся захапіць уласць. З гэтай мэтай ім удалося паслаць з Беластоку фальшывую тэлеграму да Крэйзамту ў Саколцы, што Беласток немцамі пакінуты. Сакольцкія немцы ўраз жа кінуліея выяжджаць, а палякі ўжо рыхтаваліся захапіць уласць. Аднак фальш быў выкрыты, немцы арыштавалі 7 палякаў і расстралялі іx [27].
Сягодня ўрэшці прыехаў Варонка. Увечары ў мяне сабраліся ўсе камісары, усе прадстаўнікі сялянскіх арганізацый і наогул нашы людзі, і «пан міністр» апавядаў аб віленскіх здарэннях.
Аказваецца, што ўсе чуткі, быццам літвіны ўвайшлі ў хаўрус з палякамі, — пустыя. Палякі ў асобе камісара польскага ўрада Стэфана Міцкевіча (арганізаваўшага нешта а ля провізорыум [28] польскай уласці ў Вільні з Вітольдам Абрамовічам, Янам Пілсудскім і інш.) запрапанавалі літоўскаму ўраду зрабіць угоду на аснове разгранічэння Малой Літвы [29] на два акругі: літоўскі і польскі (з беларускай часці). З урадовай мовай у першым — літоўскай, у другім — польскай. Другім нацыянальнасцям, як беларусам, маскалям, жыдам і інш., меліся пазволіць пры іx ясаданні мець школу ў роднай мове. Літоўск(і) ўрад павінен быць рэарганізаваны так, каб у ім было 6 літвінаў, 4 палякі, беларусы і 2, жыды. З прычыны гэтай прапазыцыі адбылося вельмі бурнае засяданне новага літоўскага кабінэту, меўшае характар мітынгу, на якім усе згодна выстуцілі проціў падобнай угоды.
Далей расказваў Варонка аб захваце Вільні палякамі і выездзе літоўскіх міністраў. Увечары 31.XІІ.18 па ўсім горадзе паявіліся аружныя легіянеры і пачалася страшэнная пальба. Публіку тэрарызавалі. На другі дзень горад быў ужо фактычна ў польскіх руках. На ўсіх вуліцах былі польскія патрулі (пераважна моладзь), з аружжам, якія трэслі прахожых, шукаючы аружжа. Пачаліся обыскі і арэшты бальшавікоў. Былі арыштаваны члены Soldatenrafy. Мясцовы Саўдэп на Вароннай асадзілі палякі і пачалі абстрэльваць яго. Асада трывае далей. З Саўдэпу адстрэліваюцца і кідаюць ручныя гранаты. Аб чысле палякаў ходзяць розныя весткі: адны кажуць (Красіцкі), што іx ёсць шэсць тысяч, другія, што 2900, а іншыя — 1300. Аружжа маюць пад дастаткам: легіянеры ходзяць з вінтоўкамі, рэвольверамі, абчэпленыя навокал ручнымі гранатамі.
Не запісываю падробніц, якія напэўна будуць у газетах.
Пасля справаздачы Варонкі давалі справу аб сваей рабоце камісары і прадстаўнікі сялянскіх арганізацый. Між іншым, Функа з Белавежы другі ўжо раз арыштавалі і прывезлі ў Гродна, дзе я паслаў яму на ратунак Крэчаўскага, каторы і выбраў яго з арышту. Усё гэта на грунце канфлікту з назначэннем Тарыбай ляснічым Барка… б(ылога) царскага егера — чарнасоценца (балтыцкі немец), і сына яго, якога назначылі немцы за начальніка міліцыі. Функа арыштавалі на з’ездзе сялян Белавежскага павету, каторы быў закрыт. Мілыя адносіны!
Крэчаўскі атрымаў пісьмо ад жонкі. Піша, што біскуп Лазінскі [30] перад самым прыходам бальшавікоў у Менск гаварыў у касцёле казанне па-беларуску аб патрэбе беларускай мовы ў касцёле і ўвёў беларускія спевы.
Прывезлі мне пісьмо ад Івана (№ 8). Бедны, яму без мяне, відаць, цяжка! Сколькі гадоў працавалі мы разам і дапаўнялі адзін аднаго: у яго было без меры ініцыятывы і жывасці, а я сваім спакоем рэалізаваў праекты, кіданыя ім, і даваў ім належную форму. Калі ізноў зойдземся для супольнай працы?
Літвіны пачалі выдаваць «Весці часовага ўраду» і пабеларуску. Пёршы нумар Іван прыслаў мне (№ 9).
4.1.19. Усю раніцу правёў у гутарцы аб мясцовым камітэце. Аказваецца, што беларусы маюць там тры месцы: Грыкоўскі, Натусевіч, Качан. Але першы ляжыць хворы, другі сядзіць на вёсцы і есць кілбасы, а трэці нават гэткага апраўдання свайго манкіравання справай даць не можа, а проста, нічога не кажучы, не ходзіць на засяданні. Гэтак выходзіць скандал: «упраўцы»-маскалі заяўляюць, што яны прадстаўнікі беларусаў, але за беларускія справы ніколі яшчэ не выступалі. Дык фармальна для Управы, як губернскай установы, месца там не павінна быць. Вось правожу туды Зайца і д-ра Бялецкага: мо з гэтага нешта выйдзе.
В(арон)ка сягоння зрабіў «афіцыяльную» нараду ўжо ў сябе. Мяне не запрашаў, а я, не хочучы мяшацца ў яго кампетэнцыю, і сам не думаў ісці.
Прыехаў урэшце генерал К(андрато)віч [31]. Быў ён у Об(ер)-Ост [32] у генерала Гофмана. Об(ер)-Ост расфарміровываецца, і члены яго едуць дахаты. Тут застаецца толькі 10 армія, ды і то штаб мае хутка пакінуць Гродна.
Аказваецца, што п(ану) К(андратовічу) ужо ў Вільні (перад Калядамі) і немцы заявілі, што не могуць дапусціць тварэння літ(оўска)-бел(арускай) арміі. А тым часам зусім спакойна і на вачах усіх ішла арганізацыя польскіх легіянераў, вазілі аружжа, запасы і так далей. Зусім тое самае, што на нашых вачах робіцца цяпер у Гродне. Мала таго, з Гродні палякі ў згодзе з немцамі заяўляюць усім ваенным непалякам, што Антанта прыслала тэлеграму, каб яны ехалі паступаць у армію Дзянікіна. Выдае прапускі польская камендатура. Адначасна з гэтым наплывае ўсё больш польскіх легіянераў у Гродзеншчыну. У Гродзенскім павеце ёсць ажно 28 польскіх камэндатур. Учора з Коцеўкі прыйшла вестка, што следам за выхадам адтуль немцаў прыйшло 100 польскіх легіянераў і пазанімалі пустыя памяшчэнні.
Якую мэту маюць немцы ў гэтай палітыцы, якая аддае наш край палякам. Мне здаецца, што гэта такая ж правакацыя, як і ўсе ранейшыя: немцы хочуць увязаць палякаў у вайну з бальшавікамі, пасуліўшы ім лёгкі захват Літвы і Беларусі, каб гэтым адцягнуць польскія сілы ад прускай Польшчы [33]. Мала таго: паддзержваючы польскія анэксіённыя апэтыты, немцы гэтым самым кампрамітуюць палякаў перад усім светам і гэтым абніжаюць павагу польскіх дамаганняў на прускі захват. Цікава, што наш пратэст проціў польскай акупацыі на імя дзяржаў Антанты ўраз жа паслалі ў Бэрлін.
Генерал К(андратов)іч маецца ехаць у Парыж сваім коштам. Пры нашых рэсурсах гэта шчасце. Праз яго можна будзе паслаць розныя інфармацыі ў антанцкія дзяржавы.
5.1.19. Дзень цяжкі, сумны. Здаецца, у жыцці не меў горшага. А гэта толькі прадвеснік эмігранцкага жыцця. Усё, чым чалавек жыў, засталося недзе далёка, далёка. А ў будучыну веры няма, няма сіл верыць у што-колечы. Часы барацьбы за ідэалы мінуліся. Настаў час рэалізацыі таго, што мы з Іванам здолелі правідзець дваццаць гадоў таму назад. Нам пара зыходзіць са сцэны; патрэбны новыя людзі, людзі з моцнымі лакцямі і кулакамі.
Увечары быў на беларускай вечарынцы, але скора ўцёк. Цяпер ужо блізка поўнач, сяджу і працую. А на душы цяжар не праходзіць, мо гэта рэзультат упадку сіл?
6.1.1919. Цэлы дзень правёў у чорнай рабоце: пісанне адозв, пісем і т. д. Цяпер справа грошы — гэта справа нашай урадавай акцыі наагул: калі іx не будзе, дык хоць ты варочайся ў Вільню і працуй толькі культурна. Так і зраблю, калі не здолеем скуль-небудзь дастаць пазыку. Непрыемная гэта карэспандэнцыя, ды нічога не зробіш.
Чую сябе зусім хворым і фізычна і духова. Цэлы дзень прасядзеў дома. Увечары сабралася невялікая грамадка ў пакоі Цярэшчанкі — спраўлялі куццю па старому звычаю і па старому стылю.
Варонка ўрэшце пачынае назначаць людзей у крэйзы: Цярэшчанку ў Беласток, Маеўскага ў Бельск, Езавітава ў Шчучын (Плянты).
7.1.1919. Ранішнія газэты (№ 10) [34] прынеслі вестку аб заняцці Вільні бальшавікамі. Пры іншых варунках гэта вызвала бы агульны сум, але цяпер мы шчыра цешымся: бо гэта ядыны ратунак ад польскага панавання. Бальшавізм (ведама, калі ён не запануе на ўсенькім свеце, а на гэта, здаецца, яшчэ рана) можна прыраўняць да дзіцячай хваробы одры або іншай, на (якую) дзіця павінна перахварэць, але пасля ад яе і следу не астаецца. Наадварот: калі б хоць на нейкі час у нас запанавалі палякі, дык гэта хвароба ўелася бы ў кроў і косці нашага народу аж да дзесятага пакалення. Ядынае antіdotum [35] проціў польшчыны — гэта бальшавізм!
Атрымаў пісьмо ад Дамініка [36] з Бэрліна. Повен веры ў немцаў і Антанту і ў пагібель бальшавізму. Усё гэта можа быць, але не ў такой форме і не ў такой меры, як думае Дамінік (№ 11). Здаецца, што бальшавізм не прападзе, як іншыя думаюць, не развеецца, як дым, а толькі перажыве сур’ёзную эвалюцыю. А калі пад гэты час маскоўшчына залье і ўсю Беларусь, і ўсю Літву і Балтыку, дык якімі прымусовымі крокамі Антанта і немцы маглі бы развязаць гэту ўнутраную справу Расеі ў кірунку незалежнасці? Шансы на незалежнасць можа мець яшчэ Украіна, калі адбароніцца ад бальшавікоў, бо ў ёй ужо ёсць аружная сіла і арганізацыя, з якой можна пачаць будаванне гасударства. Але тады, раз Расея ўтраціць палудзень і Чорнае мора, дык напэўна ад яе не адрэжуць Балтыцкага. Можа быць гутарка аб фэдэрацыі, аўтаноміі і т. д. Калі ж і Украіну зальець бальшавізм, дык абраз змяняецца, і магчыма ўтварэнне трайной фэдэрацыі Балтыцка-Літоўска-Беларускай, у больш слабым звязку з Расеяй. Але тое, што цэнтральныя дзяржавы [37] і Антанта свядома дапускаюць заліў нас бальшавізмам і паварот у стары стан, ёсць блага запаведзь для незалежніцкіх ідэй.
Наагул палажэнне наша з кожным днём становіцца горшым. Дзеля ратавання нацыянальнай справы нашым дзецям астаецца адно: прыстасавацца да новых варункаў, якія ўтворацца з прыходам бальшавікоў. І, нягледзячы на святое абурэнне Дамініка, Іван і Ст-іч [38] паступілі правільна!
Цярэшчанка і Маеўскі ўжо выехалі сягоння на новыя становішчы.
Разыйшліся чуткі аб забастоўцы. Выйшла пракламацыя (№ 12), прызывае да яе. Людзі пачалі дакупляць у запас хлеб і інш. Але ўвечары электрычнасць баставала толькі паўтары гадзіны, таксама і водаправод.
Прахварэў я блізка цэлы дзень, але ўвечары работы над мэмарыялам шмат прасунуў упярод.
8.1.1919. Ад раніцы на горадзе рух. Крамы зачыняюцца. Між 9-ай і 10-ай адбылася маніфэстацыя, як кажуць немцы, «дзіцячая». Сапраўды, вялікай павагі яна не мела. Усё ж такі немцы спудзіліся і выставілі проці яе кулямёты. Пачалася страляніна, але y паветра. Толькі адзін з маніфэстантаў быў ранен у рукі. Двох немцы арыштавалі.
На адзінаццатую гадзіну немцы нагвалт сазвалі прадстаўнікоў усіх нацыянальнасцяў на нараду ў камэндатуры. Тут, здаецца, маёр Нэйман пачаў тлумачыць, што прыказ аб заяўцы ўсіх сходаў і дэманстрацый за тры дні загадзя вызван толькі страхам, каб яны не кіраваліся проці немцаў. Наагул жа ўсё будзе пазволена. Таксама і справа заяўкі для рэгістрацыі ўсіх таварыстваў і саюзаў выплыла з таго, што паўстала іx за апошні час гэтулькі, што старая рэгістрацыя ўжо не мае цаны. Узнялася вельмі цікаўная дыскусія з прадстаўніком работнікаў. Ён востра пратэставаў проці нямецкіх загадаў і, між іншым, заявіў, што перад іx выпускам да нямецкага Soldatenraf’у хадзілі прадстаўнікі польскай, расейскай, жыдоўскай і беларускай буржуазіі, дамагаючыся, каб немцы прыціснулі левыя партыі. Палякі і Курлоў запратэставалі проці гэтага, кажучы, што ад іx ніхто не хадзіў. Тады той заявіў, што яму вядома адно імя: Дзітмана, аб другіх яшчэ акуратна не ўстаноўлена. Курлоў па-правакатарску кінуў, што Дзітман быў пэўне ад Беларускай Рады (хоць ён член Управы і з Радай нічога супольнага не мае). На гэта Якубецкі як прэзэс Рады з абурэннем заявіў, што ён гаворыць толькі прадстаўнікам дэмакратычных элемэнтаў: што прадстаўнікі Рады і Беларускага Камітэту віталі маніфэстацыю, праходзіўшую міма іx памяшчэння, вышаўшы з чырвонымі штандарамі, і з пагардай адкідаюць усялякія інсынуацыі, быццам спаміж іx нехта хадзіў да немцаў з нагаворамі проці левых партый.
Цікаўнае было выступленне нейкага паляка. Ён пачаў гаварыць, што немцы павінны рупіцца аб спакой не толькі пакуль яны тут, але і надалей. Дзеля гэтага немцы павінны выдаць аружжа польскай арганізацыі абароны (Schutzorganіsatіon). Я шапнуў нашым, каб пратэставалі, і Крэчаўскі, як камісар, заявіў, што падобныя справы могуць развязаны толькі ў згодзі з міністрам беларускіх спраў, прызнаным нямецкімі ўласцямі. Немцы ж заявілі, што гэта — справа іx цэнтральнага ўраду, а яны нічога самі зрабіць не могуць і просяць больш гэтай справы на засяданні не чапаць.
На 5-ую гадзіну вечара чакалі новай дэманстрацыі. Немцы папярэдзілі, што не дапусцяць яе, бо аб ёй не было заяўлена за тры дні. Дэманстрацыя не адбылася. Але забастоўка трывала ўвесь дзень, і места засталося без электрычнасці. Дык і мы сядзелі ў гасцініцы пры агарку свечкі.
Закончыў яшчэ раніцай мэмарыял для Антанты.
Увечары Кандратовіч, а адначасна з ім Варонка пачалі апавядаць, быццам Штаўф (начальнік штабу АОК-10 [39]) заявіў, што Антанта пастанавіла памагчы літвінам і беларусам грашамі і аружжам дзеля арганізацыі арміі і барацьбы з бальшавікамі. Калі гэта і праўда, дык, бадай, справа спознена: тэрыторыі для арганізацыі мала, часу яшчэ менш таго. Праўда, кажуць, што маюць прыйсці новыя нямецкія войскі, але гэтаму дык ужо зусім трудна даць веры, хоць бы затым, што ў Нямеччыне ізноў узмацоўваецца бальшавіцкі рух. А раніцой на засяданні ў камэндатуры немцы заявілі, што іx бытнасць зацягнецца тут некалькі тыдняў — да месяца!
A propos [40] засядання: у канцы Боеў запытаўся, ці могуць немцы ўчыніць патрэбныя крокі, каб задушыць рух, каторы хоць і не граміць дамоў і не б’е шыб, усё ж гразіць грамадскаму ладу і спакою. Было ясна, што ён гаворыць аб бальшавіках, каторых баіцца, як чорт святой вады. На гэта немцы адказалі, што яны тут нічога памагчы не могуць, што іx павіннасць паддзяржаць лад толькі ў такім прыпадку, калі ён будзе яўна нарушацца.
Газэты выйшлі толькі пад вечар (цікавейшыя выразкі № 13).
Сягодня дастаў свае фатаграфіі да загранічнага пашпарту (М 14).
Прыехаў сягодня з Вільні Недзялкоўскі. Спаткаў яго ў маёй жа гасцініцы, дзе і ён затрымаўся. Кажа, што выехаў з Вільні ў той мамэнт, калі палякі ўваходзілі да места з боем.
Газэты сягодня даюць супакоіваючыя весткі аб Вільні. Дай бог, каб хаця нашы ўцалелі і маглі далей працаваць.
9.1.19. Чыста пракляцце вісіць над беларусамі з гэтай асабістай грызнёй паміж нашымі дзеячамі: прыехаў у Горадню Варонка, за ім следам яго антаганіст Аляксюк [41] і, як кажуць маскалі, «пошла писать губерния». Ізноў узаемныя абвіненні чорт ведае ў чым. Між Алексюком і Варонкай на гэтым грунце ўзнялася ў маім нумары вострая спрэчка, ледзь удалося супакоіць іx. Бяда ў тым, што абвіненні апіраюцца не на аб’ектыўных данных, а на «ўнутраным пераконанні». А што проціў гэтага пераконання скажаш?
10.1.19. Быў на засяданні сялянскай рады Гродзенскага павету.
Яшчэ раніцай у газэтцы «Эхо» з’явілася вестка, што ў Менску 2.1.19 савецкія ўласці апавясцілі незалежнасць Савецкай Беларускай Рэспублікі. Гэта ўсіх нашых так наэлектрызавала, што ўсе як адзін гатовы ехаць у Менск і працаваць разам з бальшавікамі. Гэтае ж настраенне выявілася і на засяданні Рады.
Прамаўляў камісар, а пасля я аб палітычным мамэнце і патрэбе арганізацыі. Мая прапанова была пакрыта крыкамі: «Так, правільна, усе згодны». Пасля абгаварывалі справы арганізацыі міліцыі, прадажы лесу, спісывання страт і таму падобнае. Былі адны сяляне, але ж якая перамена проці таго, што было перад вайной. Гаварылі з толкам, сур’ёзна, з поўным пачуццём свае годнасці. Але дух вельмі бунтаўнічы, ждуць бальшавікоў.
Ужо пасля майго выхаду пастаноўлена было дайсці аканчацельнай развязкі падання аб адносінах да Управы. Паслалі дэлегатаў на засяданне з Управай. Гутаркі выйшлі неспадзявана вострыя. Калі Зорын (быўшы ваенны пракурор) сказаў; «За што вы хочаце нас выгнаць вон?», адзін з дэлегатаў сялян крыкнуў: «За тое, што вы крывапійцы, памешчыкі і капіталісты!» Наагул скончылася тым, чым павінна было скончыцца: поўным разрывам і аб’яўленнем Управе вайны са стараны і камітэту, і сялянскай рады.
Увечары дастаў першую вестку ад Смоліча [42], але не з Кіева, а яшчэ з дарогі. Пісьма ніяк не разчытаў, гэтак нявыразна напісана (№ 16) [43]. Бачу, што ад першых дзён майго прэм’ерствм я ўзяў правільны курс!
Як відаць з газэт, украінцы ідуць па гэткай дарозе. Перад намі дзве магчымасці стварэння «Саюза народаў», абвешчанага Вільсанам: або ён будзе рэалізаваны старымі гасударственнымі арганізацыямі, або пачнецца з Расеі і новых дзяржаўных арганізацый, збудаваных на зусім новых асновах. Украінцы выбіраюць апошнюю дарогу, ды гэта можа прымусіць і беларусаў пайсці па ёй.
Камітэт беларускі ў Горадні (Аляксюк) прыступае да выдавання тыднёвай газэткі. Гэта, як відаць, думка Паўлюка Алексюка, ён хоча рабіць канкурэнцыю. Дай божа, каб канкурэнцыя вылілася толькі ў гэтым. Прасілі мяне аб матэрыяле. Даў ім перадавіцу і адну стаццю.
У «Наше утро» надрукаваны ўсе нашы ноты ў справе польскіх апэтытаў (№ 17).
Можна павіншаваць Вернікоўскага: клюб ужо наладжаны. Адкрыццё будзе ў чацвер 16.1, тымчасова ў памяшканні камітэту і Рады на Саборнай, 23.
11.1.19. Сустрэў старога знаёмага, д-ра (нрзб.) на абедзе у «Эўропе». Ен мне расказаў, што быў пасланы імпэрскім урадам у Вільню, дзеля таго, каб дайсці якой згоды з літвінамі, беларусамі і палякамі ў справе адпору бальшавікам. Гэта місія, як вядома, не ўдалася. Цяпер ён едзе ў Варшаву, каб дайсці з палякамі згоды, каб Польшча і Нямеччына злучылі свае сілы і разам далі адпор бальшавікам, замест бароцца паміж сабой у Познані. Думаю, што і з гэтага нічога не выйдзе: бальшавізм у Польшчы, здаецца, — немінучы.
Камісар сягодня заявіў, што нямецкая вышэйшая каманда загадала выдаць аружжа міліцыі, аднака Гродзенскі крэйзамт не хоча выдаваць нашым арганізацыям, кажучы, што яны бальшавіцкія. Як бачым, гэта простая адгаворка: яны ж у Менску і ў Вільні не давалі аружжа, кажучы, што баяцца, каб яго не ўжылі проці бальшавікоў. Звычайная нямецкая подласць.
12.1.19. Раніцай прыходзілі сяляне з Вялікай Бераставіцы. Апавядалі аб тым страшэнным раздзеле, які каталіцкія ксяндзы робяць у нашым народзе. Гэта такі страшэнны праступак проці нашага народу, што вынішчэнне Польшчы пры помачы самая страшнага тэрору бальшавікоў было бы толькі лёгкай карай за падобную ганебную работу. Так, тут ратунку беларусам можна ждаць толькі. ад бальшавізму, і палякі іx гвалтам у яго заганяюць. Даволі ўспомніць тое, што робяць легіянеры ў Гродзеншчыне: усюды арышты, біццё, катаванне — зусім тое, што войска Доўбара- Мусніцкага рабіла на Бабруйшчыне.
На абедзе сустрэўся з генералам Крэйчманам, які камандаваў палякамі ў Менску, а пасля «бараніў» Вільню. Стары быў крыху вьшіўшы і разгаварыўся зусім шчыра. Аказваецца, што ўсе польскія сілы былі не больш двух тысяч душ. І то маладзёж, якая мела стрэльбу ў руках першы раз. Польскаму войску было вызначана пад Вільняй тры лініі. З самай далёкай ураз жа пасля падходу бальшавікоў прыйшла да Крэйчмана вестка: «не можам дзяржацца, адыходзім на другую пазіцыю». На пытайне «сколькі забітых і раненых?» быў адказ: «ніводнага!». Праз паўгадзіны тое ж паўтарылася і на другой пазіцыі: «без ніякіх страт адыйшлі трэцюю — на Антокалі (на лініі мосту ля Паспешкі)». Сюды Крэйчман прыехаў сам. Аказалася, што ідзе страшэнная пальба. «Куды страляеце? — А вось у гэны лес, там, кажуць, ёсць бальшавікі». Паглядзеў прыцэлы: куды там — стаіць найніжэйшы на зусім блізкую мэту! Хутка ўсе патроны былі так дарэмна расстраляны. Прыйшла вестка: «Патронаў няма! Адступаем!» А тым часам штаб з «глаўнакамандуючым» ужо даўно ўцёк, нікому не сказаўшы, куды ўцякае. Пасля доўгіх допытаў даведаліся, што штаб у Ляндварове. Туды за ім папёрла каля 800 душ, пераважна моладзі. Яны здалі аружжа немцам і былі імі перавезены чыгункай у Лапы. А рэпіта — каля 1000 душ — з аружжам пастанавіла ісці паходам на Гродна ў Лапы. Палажэнне іx вельмі благое, абутак немагчымы для паходу. З пяцісот душ за два паходы захварэла 50 — роўна 10 проц. Крэйчман прыехаў колькі наперад і з ім група афіцэраў «панічоў» (між імі бачыў я Яна (нрзб.) з Менску). Тут у Горадні Крэйчман даведаўся, што немцы выслалі насустрач палякам самаходам афіцэра, які мае загад здачы аружжа. Але палякі на гэта пэўна не згодзяцца і можа выйсці канфлікт.
Выслухаўшы гэтую аповесць, я сказаў Крэйчману, што ва ўсёй гэтай гісторыі з «абаронай» Вільні я бачу адну палітычную авантуру з зусім яснай мэтай палітычнай дэманстрацыі. Выйшла так, як некалі ў Варшаве: «Krzyknęlі: nіe pozwalam, ucіeklі na Pragę» [44] з той розніцай, што тут: «ucіeklі do Landwarowa». Крэйчман кажа, што ім дурылі галаву абяцаннямі падмогі з Польшчы. Асабліва злосны ён на камісара польскага ўрада Стэфана Міцкевіча: «Я яму, гэтаму мерзавцу, морду хацеў набіць, ледзьве мяне ўдзяржалі, схапіўшы за рукі».
Увечары ад Варонкі з Коўна «замяшчаючаму міністра на правах віц-міністра» Езавітаву прыйшла картачка, што «наша справа стаіць вельмі крэпка», але разам і просьба ўраз жа прыслаць даныя, патрэбныя дзеля выбрання загранічных пашпартоў для «etrange» [45] Варонкі. Відаць, робіцца «Воnnе mіne au mauvaіs jeu» [46]. Апрача таго, Варонка загадаў сваім камісарам канечне прыслаць дэлегатаў на канферэнцыю ў Коўне 16.1. Ну, гэта дык крыху смешна; у тры дні нічога не зробіш. Дзіўна, што Варонка дзесяць дзён сядзеў у Горадні і аб гэтай справе нічога не падумаў, хоць усе камісары былі тут.
Прыходзіў Стась Іваноўскі з жонкай. Яны ў страху: хочуць выязджаць. Відаць, грошы маюць.
Вечарам быў на бале, уладжаным «беларускай» Управай у Рэальнай школе. Баль гэты, раўнуючы да нашага, паказаў усю непапулярнасць Управы. Усяго мо было 50 асоб. Пагаварыў з Зорыным. Пасля пацягнуў мяне Курлоў піць гарбату і рабіў «излияния» на тэму патрэбы злучэння нашага Беларускага Камітэту з Управай. Пекныя словы! Больш нічога.
Нашы гродзенскія беларусы прынімаюць тактыку савецкую. Здаецца, што «Рада Сялянскіх Дэпутатаў Гродзенскага пав(ету)» перабярэцца да памяшчэння «Рады рабочых дэпутатаў Горадні».
13.1.19. Раніцай меў візіту: неяк мяне знайшоў Ямка Pадваньскі, легіянер, мой колішні ад’ютант у лятучых дружынах ў Вільні з часоў адходу маскалёу [47]. Ён быў у раз’ездзе poтмістра Дамброўскага і ўвіваўся перад бальшавікамі. Яны — раз’езд — занялі былі Кену [48] і падыходзілі пад Маладзечна. У Кене ўзялі ў палон чатырох бальшавікоў і расстралялі 13 жыдоў. «За што?» — «От, так». Пасля, падумаўшы, дадаў, што пэўне былі бальшавікі. Пад Вілейкай уначы раз’езд з 16 душ напаў на бальшавіцкую кавалерыйскую часць. Бальшавікі, відаць, думалі, што наступае вялікая сіла і падаліся ўзад ды выставілі кулямёты. Стрэламі двух палякаў забілі, некалькі ранілі, у тым ліку і Радваньскага (лёгка ў нагу) ды забілі пад ім каня. Цікава, які «матэрыял» быў у польскай кавалерыі: калі скамандавалі ў атаку, дык мо палавіна пайшла ўпярод, а рэшта назад, у рассыпку.
«Наше Утро» надрукавала маю стаццю аб граніцы беларуска-польскай. Наагул, хроніка Горадні поўна весткамі з беларускага жыцця: гэтак было ўчора, гэтак ёсць і сягодня (№ 18).
Па абедзе ген. Кандратовіч прывёў да мяне нейкага Бандарука з паперкай ад «Белорусского Національного Совещанія» ў Кіеве за подпісам… Бахановіча! [49] У паперцы гаворыцца, што Бандарук паслан у Гродзеншчыну дзеля арганізацыі міліцыі (!) і выяснення палажання ў звязку з прыходам «западной (беларускай) арміі». У гутарцы з Бандаруком выяснілася, што ў ваколіцах Адэсы мае арганізавацца з астаткаў арміі Дзянікіна «западная армія», каторая павінна служыць фарпостам саюзніцкай арміі. Яе праектуюць часцю паслаць праз Украіну, часцю морам праз Лібаву. Армія мае быць гатова ў месячны срок! Бандарук выехаў 21.XІІ.18 з Кіева і прынёс мне пісьмо ад Бахановіча (№ 19) [50]. З яго відаць, што між «совещанием» і нашымі людзьмі ідзе барадзьба не на жыццё, а на смерць і што мы маем там перавагу. Усё ж такі пэўне прыдзецца спецыяльна туды паехаць, каб паралізаваць работу чарнасоценцаў і іx спробы рабіць гасударственную работу.
Бандарук — звычайны чарнасоценец, прыяцель Кадыгробава. Ён нават не ведае, што належыць да складу «совещания». Сам ён мае недзе ў Гродзеншчыне зямлю": «а к тому же и отечеству послужить желаю». Вось яго і выслалі Кадыгробаў і Бахановіч. Хоць кажуць, што маюць вялікія грошы, аднак яму нічога не далі, а загадалі выдаваць свае, абяцаючы вярнуць. Ну, на арганізацыю міліцыі трэба хіба мець больш, чым прыватная асоба на слова Бахановіча і Кадыгробава магла бы авансаваць. Наагул, усё, што кажа Бандарук, пахне звычайнай палітычнай авантурай, а імя Бахановіча, нагрэўшага мяне і д-ра Рома на тры тысячы рублёў, даволі кампрамітуе ўсю акцыю Бандарука. Цікава, што яму было загадана ехаць хоць бы Вільню, каб даручыць мне пісьмо, і з гэтага я раблю вывад, што праўдзівая мэта прысылкі Бандарука — зрабіць інтрыгу проці Цвікевіча [51], каторы, пэўне, добра заліў за скуру чарнасоценцам!
Усё ж у цяжкім настроі пайшоў я з З(ахар)кай спаць. Але каля паўночы камісары Крэчаўскі і Цвірка паднялі нас на ногі сустракаць Новы Год па старому стылю. Прыйшоў і Езавітаў: калі няма Варонкі, дык і ён каля нас круціцца.
14.1.19. І па старому стылю сягодня Новы Год. Удзень прыйшло некалькі людзей — гаварыць аб пасылцы дэлегатаў у Коўна на літоўскую канфэрэнцыю. Згаварыліся заўтра справу абгаварыць у мяне ў 7 гадзін вечара.
У 5 гадзін пайшоў у тэатр на дзіцячы спэктакль: меліся ставіць «Снатворны мак» [52]. На вялікі жаль, немцы не далі пазвалення на электрычнасць і спэктакль сарваўся. Бедныя дзеці чуць не плакалі!
Зусім неспадзеўкі пад вечар прыехаў Юрка Янкоўскі з Вільні. Аказваецца, што там пачаліся чысленыя арышты — да 500 душ, пераважна палякаў, часцю літвіноў, арганізаваўшых армію. Есць арыштаваныя і кабеты. З гэтай прычыны ўзнялася агульная паніка. Іван ходзіць свабодна, але і ў яго на душы дрэнна. Янучонак прытаіўся.
15.1.19. Ад самай раніцы праўдзівая працэсія. Першы прыйшоў Аляксюк пагаварыць аб справе пасылкі дэлегацыі ў Коўну. Між іншым, расказаўшы нам, што праектаваную беларускую газэту «Бацькаўшчыну» хацелі друкаваць у польскай друкарні. Друкар прыняў заказ і рукапісы. Першы нумар меўся выйсці ў чацвер. Але ўчора друкар заявіў, што ён не можа друкаваць, пакуль яму не дасць пазвалення польскі дэмакратычны камітэт. Гэты факт трэба асабліва адзначыць дзеля характэрыстыкі польскай работы [53].
Юрка Янкоўскі сягодня выехаў у Варшаву. Маніцца там папрацаваць і для нашай справы і гатоў ехаць са мной у Парыж, калі будзе за што.
Варонка наканец прыехаў. Увечары будзе ў мяне на засяданні. Тады даведаемся, што чуваць. Нам грошы літвіны не пазычылі.
Прыехаў Якавюк і казаў, што з Управы ўсе чарнасоценцы ўжо ўцякаюць і што гэтак лягчэй можна яе рэфармаваць. Праектуе, каб у яе ўвайшлі прадстаўнікі ад павятовых і валасных сялянскіх рад. Тады можна будзе аб’явіць яе губернскай радай сялянскіх дэпутатаў.
Увечары ў мяне адбылася нарада, на каторай здаваў справу Варонка з сваей падарожы ў Коўну. Там акуратны хаос. А да беларусаў адносіны благія. Аб якімсь аўтанамізме і слухаць не хочуць, кажучы, што роўна апякуюцца як літвінамі, так і беларусамі. Але як узнімаецца пытанне аб асыгноўках і арганізацыйнай рабоце, дык выдзяляюць дзве розныя меркі для этнаграфічнай Літвы і Беларусі, Пазыку даць нашаму ўраду адмовіліся.
Пасля яго выхаду радзіліся аб паездцы ў Коўну на канфэрэнцыю. Пастанавілі вось што: паехаць у ліку двух, трох асоб і заявіць, што прычыны тэхнічных труднасцей (шпэра на чыгунках) насяленне Гродзеншчыны (беларусы) не магло скарыстаць з прадложанага яму права пасылкі дэлегатаў на канфэрэнцыю, ды гэта запісаць у пратаколе (праўдзівы матыў: каб не даць літоўскаму ўраду магчымасці выступаць перад Эўропай і ад імя беларускай часці «Літвы»). Між іншым, пастаноўлена заявіць, што назначаны на 9.1.19 з’езд у Гродне з тых жа тэхнічных прычын не мог адбыцца, а з’езд, арганізаваны перад тым Управай, быў фальсыфікацыяй голасу беларускага сялянства. Калі ж узнімецца гутарка аб плятформе, дык стаяць на грунце дэклярацыі Бел. Рады ў Вільні пры пасылцы дэлегатаў у Тарыбу, адзначываючы, што гэта не голас гродзенскіх беларусаў наагул, а той арганізацыі, якую прадстаўляюць дэлегаты,
Такое становішча не рвець яшчэ звязку з літоўскім урадам, але і не дае яму лішніх атутаў.
Прыехаў кур’ер з Кіева. Цэлы пак пісем! Асабліва цікавы даклад Смоліча [54]. Аказваецца, апавяшчэнне незалежнасці Савецкай Беларусі ў саюзе з Расеяй гэта факт. А рэфлексыі Смоліча на гэтую тэму як быццам падслуханыя з нашай гутаркі! Далучаю ўсе матэрыялы з Кіева, бо ўсё гэта .гістарычныя дакумэнты (№ 20) [55].
16.1.19. З Бэрштанскай воласці прыехалі дэпутаты ад сялян: просяць ратунку ад гвалтаў польскіх легіянераў, якія чыста рабуюць з ног боты і да т. п.
Меў гутарку з Якубецкім: ён гаварыў з …ком, каторы вельмі сымпатычна аднёсся да сялянскай рады. Думаю, што бальшавікі знойдуць гэтую арганізацыю сялянства, што яе не здалеюць разбіць.
З крэйзу Крынкі-Лунна прыехаў Дзекуць-Малей. Кажа, што там арганізацыя добрая, толькі немцы не даюць аружжа і сяляне зусім не могуць бараніцца ад бандытызму. Рабункі бываюць што-дзень і штоноч, а бываюць і прыпадкі разбою і душагубства.
Хадзіў з ім разам да Грыкоўскага. Гэты няшчасны, здаецца, ужо канчаецца.
Аказваецца, што немцы пачалі барацьбу з бальшавізмам. У Коўне арыштавалі сабранне іx арганізацыі з 47 асоб. Штыгліц каторы іx арыштоўваў, апавядаў аб гэтым пры мне і заявіў, што галава іx Салін жывым з вастрогу не выйдзе. А сягодня раніцай была зроблена рэвізія ў нашай сялянскай радзе, як здаецца, затым, што зроблена на ёй вывеска з надпісам «Сялянская Рада Гродзенскага павету» — «Совет крестьянских депутатов Гродненского уезда».
Увечары адбылося адкрыццё Беларускага Клюбу «Наша хатка». Сабралася багата народу. На адкрыцці прамаўляў др. Бялецкі, перапрасіўшы, што не гаворыць па-беларуску, а па-расейску, і я.
Неспадзеўкі з’явілісях туды ж Цярэшчанка, Горык і член «исполкома» Ваўкавыскага пав(ету) Дарынца. У Ваўкавыскім павеце ўся паўната ўласці ўжо ў руках сялянскай рады, ёсць сто аружных конных міліцыянераў і т. д. Адным словам, поўная пабеда над палякамі.
Цікавы пратакол прывёз мне Горык (№ 21).
Прыяжджаў «міністр» Вілейшыс [56], але я яго злавіць не здолеў, а сам ён мяне не шукаў.
17.1.19. Крэчаўскі прынёс мне сваю картачку на памятку. Наагул члены «групы Варонкі» адносяцца да мяне вельмі сымпатычна, але сам «пан міністр» круціць носам: разумее, што мая бытнасць у Гродне вельмі псуе яго «самадзяржаўныя» планы. Вельмі ўчора ўцешыўся, як я яму сказаў, што выбіраюся да Кіева. А сягодня даведаўся я ад Якубецкага, у чым планы Варонкі. Аказваецца, ён запраўды знюхаўся з рускай (беларускай) Управай і хоча на яе абаперціся, увёўшы туды для формы пару безгалосых сялян з Сялянскай Рады, і, байкатуючы Беларукі Камітэт, каторы адзін толькі мог бы даць праўдзівых работнікаў-беларусаў, якія перамянілі бы маскоўска-чарнасоценскую палітыку Управы на беларускую. А прычына такога плану Варонкі тое, што ў Бел. Камітэце ёсць Аляксюк. Варонка ясна сказаў Якубецкаму, што Камітэт наагул не павінен існаваць.
Якубецкі прасіў парадзіць яму, што рабіць. Гутарыў аб гэтай справе з З(ахар)кай. Ён быў пры гутарцы Якубецкага з Варонкай і вельмі пэсымістычна ўглядаецца на чыста пэрсанальную палітыку апошняга.
«Наше утро» надрукавала першыя два прыказы галавы савецкага ўраду Беларусі Жылуновіча (№ 22). Аб Жылуновіча (Цішка Гартны), сколькі яго знаю, можна сказаць, што ён перш беларус, а пасля бальшавік, але наагул чалавек «маленький». Усё ж гэта наша вялікая пабеда: усё праводзіцца паводлё рэцэпту" аб, якім я ў Кіеве трактаваў з Ракоўскім. Тады — пасля шасці-сямі гутарак па дзве-тры гадзіны кожная — Ракоўскі фармуляваў магчымую ўгоду на гэткіх трох асновах: прызнанне незалежнасці Беларусі, адначаснае апавяшчэнне федэрацыі з савецкай Расіяй і ўвядзенне ў Беларусі савецкай канстытуцыі. Усё гэта і праведзена бальшавіцкім маніфэстам і першымі двумя прыказамі Жылуновіча.
Увечары ізноў быў у мяне Радваньскі. Аказваецца, што яго з бальніцы паслалі ў Концеўку, дзе было ўжо 150 легіянераў. Гэта праўдзівая банда «бацяраў»: зладзеі і грабежцы без ніякай дысцыпліны. Добрыя і афіцэры! Не дзіва, што сяляне чуць не штодня прысылалі людзей з жалабамі ў Гродна. Радваньскі быў сведкам такой сцэны: ідуць тры салдаты з вінтоўкамі і адзін на штыку цягне кусок сала, пэўна, фунтаў з дваццаць. Паручнік грозна крыкнуў на іx: скуль цягнуць сала? А тыя таксама востра адказалі: пакуль маем стрэльбы, дык і будзем цягаць што нам трэба. І пайшлі далей, не звярнуўшы на яго ніякай увагі. Дзякуй богу, немцы іx раззброілі! Аказваецца, што прычына раззброення тое, што недзе сустрэліся нямецкія гузары з палякамі і тыя ўначы спаткалі немцаў залпам. Праўда, там быў другі польскі атрад Дамброўскага, але Капцёўка залішне блізка ад Гродні, дык концеўскіх першых раззброілі. Хацелі тое ж зрабіць і з Дамброўскім, але той не даўся. Тады немцы прымусілі атрад Дамброўскага адыйсці далей на ўсход пад бальшавікоў. Часці атраду апэруюць каля Васілішак (дзе 14 уланаў акружаны бальшавікамі) і Ліды. На Ліду быў зроблены налёт польскай кавалерыі, у часе каторага пагібла спаміж палякаў 12 душ.
Прыходзіў Стась Іваноўскі. Прасіў на заўтра на 9 гадзін на rendez-vous [57] да Раялю [58]. Маюць быць два прыяцелі яго з Варшавы, каторым вельмі хочацца са мною пагаварыць на нэйтральным грунце. Наагул яму ўжо раней было загадана паразумецца са мной. Між іншым, ехаў сюды «дырэктар беларуска-літоўскага дэпартамэнту» з Варшавы, але немцы яму на граніцы зрабілі непрыемную неспадзяванку: сказалі ехаць назад у Лапы. Відаць, мае гэта спалохаць палякаў, і хочуць з намі ўвайсці ў кантакт: маё выступленне перад Антантай у гэты мамэнт, калі польска- нямецкія адносіны маюць быць разгляданы на мірным кангрэсе і ўзнімаецца напэўна агульнае пытанне аб межах Польшчы, для палякаў факт вельмі непрыемны! Паглядзім, што заўтра скажуць «прыяцелі з Варшавы»!
18.1.19. З палякамі да нічога не дагаварыўся. Проста закідывалі вуду, каб даведацца аб настраеннях нашых у адносінах да ідэі фэдэрацыі з Польшчай. Я ім адказаў, што іx палітыка ўбівання кліна ў жывое цела нашага народу і раздзел на «польскіх» і «рускіх» — раўназначны забіванню нашага народу, каторы часцю праз дваістасць веры і праз гэта звязь з польшчынай і маскоўшчынай, а перад усім праз сваё геаграфічнае палажэнне паміж Усходам і Захадам становіць сынтэз двух культур і на гэтым мог бы абаперці сваю будучыню.
Зусім неспадзеўкі вельмі мілае спатканне: прыехала Янка Янкоўская з Масквы праз Вільню. Прывезла масу газэт з Масквы, Менску і Вільні. Нашы ў Вільні працуюць: адкрываюць беларускую гімназію ў Базыльянскіх мурах [59] і, у дзень яе выезду, меліся выпусціць беларускую газэтку «Грамадзянін». Просяць грошы, бо ў іx гола. Іван усё хварэе.
Многа апавядала аб бальшавізме. Усё ж гэты бальшавізм — сіла: ён яшчэ не хутка разваліцца, калі яму суджана разваліцца. Бальшавікі ідуць на ўступкі, на «соглашательство». Ленін заяўляе, што трэба змяніць фронт у аграрнай справе і абаперціся на сярэдняй сялянскай гаспадарцы — зусім мая праграма!
Але для мяне прынесла многа яснасці, цяпла. За чатыры гады, як яе не бачыў, вельмі развілася, духоўна вырасла. Тым вельмі сымпатычная, найсымпатычнейшая з усёй сям’і.
19.1.19. Палякі ізноў прыйшлі ўвечары. Гаварылі каля трох гадзін. Дайшлі да канкрэтных праектаў: ісці салідарна перад мірным кангрэсам і проціў бальшавікоў. Што датычыцца першага, дык я ім сказаў, што, пакуль польскі ўрад будзе падкапываці ідэю нашай незалежнасці, аб’яўляючы свой Wojskowy okręg Lіtwy і Belorucі, робячы ў Вільні агульны прымусовы набор рэкрутаў, анэксуючы Бельскі, Беластоцкі і Аўгустоўскі паветы — этнаграфічна беларускія, датуль нельга нам ісці разам у загранічнай палітыцы, а, наадварот, прыходзіцца бароцца перад міжнародным арэапагам, ужываючы ўсіх спосабаў, каб панізіць у вачах Эўропы праціўнікаў. Аднак лічу салідарную акцыю перад кангрэсам канечнай. Аб адносінах да бальшавікоў я справу замяў: у гэты мамэнт не пара на гэта. На тым і разыйшліся пакуль што. Малы Мацкевіч пазаўтра едзе ў Варшаву — пэўне з дакладам, а старшы эмісар яшчэ астаецца. Сягодня ж «Эхо» надрукавала прымірыцельную стаццю «Do bracі Bіałorusіnów і Lіtwіnów» [60] (№ 23). Гэта, відаць, адгалоскі нашых нот, якія напэўна шмат псуюць польскую акцыю.
20.1.19. Барацьба між Варонкай і Алексюком разгараецца. Аляксюк стараецца згуртаваць беларускія сілы ў Камітэці, туды кааптаваны цэлы рад людзей — і то людзей, якія запраўды могуць працаваць. Відаць, з гэтай прычыны і Варонка падаўся: сягодня ў яго быў Заяц у справе пасылкі дэлегатаў ад Камітэту на канфэрэнцыю ў Коўне, і вось яму Варонка заявіў, што ён не прызнае Камітэту толькі як адміністрацыйнай уласці, але не як нацыянальнай арганізацыі. Тым часам на «примирительном» засяданні Рады, Управы і Камітэту В(аронка)заявіў, што ён лічыць Камітэт неіснуючым і з яго голасам не можа лічыцца, а будзё лічыцца толькі з Управай, Радай і арганізацыйным камітэтам дзеля, сазыву сялянскага з’езду. Як бачым, Варонка «влекся» сваімі мандатамі па міністэрству ўнутраных спраў і забыўся, што ён перш за ўсе міністр беларускіх спраў — значыць, галоўнай яго задачай з’яўляецца праца для беларускай справы, а не для ўстройства адміністрацыйнай губернскай машыны — нават не ўстройства, а выкарыстання існуючага вельмі благога апарата Управы за цану аддачы кіраўніцтва губерняй маскалём.
З прычыны таго, што ў чысле дэлегатаў ад Камітэту ў Коўну едзе Аляксюк, Варонка пасылае адначасна туды Езавітава.
Прыходзіў Мароз — адзін з адведзеных намі членаў Управы. Просіць на заўтра да сябе ўсіх гасцей беларусаў. Маюць быць упраўцы: Боеў, Курлоў, Зянкевіч, Якавюк. «Чествованне» нас мае быць без палітыкі — але, агулам кажучы, увесь гэты раут ёсць палітыка. Вельмі не хочацца ісці, хоць я стаю ў старане ад барацьбы між Управай, міністэрствам, Камітэтам і Радай.
Многа думалі з З(ахар)кай, ці ехаць у Кіеў, ці ждаць Смоліча, які маецца прыехаць сюды да 25-га. З прычыны таго, што картачку ад Краскоўскага [61], каб ехаць туды чым хутчэй, кур’ер аддаў мне позна, толькі ў суботу, пропуск у Кіеў удалося выбраць толькі сягодня, у панядзелак 20-1. Значыць, мы можам размінуцца з Смолічам у дарозе. З гэтай прычыны надумаліся ждаць да 25-га.
21.1.19. Прыехаў з Коўна бельскі камісар Маеўскі. Аказваецца, што на канфэрэнцыі, якая павінна быць закончана сягодня, ідзе вострая барацьба між Тарыбай і міністэрствам, сфармаваным блізка што рэвалюцыйным спосабам. Беларускіх дэлегатаў прыехала толькі 7. Аказаўся тут і Ластоўскі. Вось пад той час Вілейшыс агітаваў нашых на карысць міністэрства, Ластоўскі павеў агітацыю за Тарыбу. Нашы людзі, паводлуг слоў Маеўскага, былі цроці Тарыбы, але пад націскам Ластоўскага пайшлі на кампраміс, на перавыбары Тарыбы. Ластоўскі выступіў і проці гэтага, дамагаючыся толькі давыбараў з захаваннем старых членаў. Сягодня гэта справа павінна развязацца. Нашы людзі скоса глядзяць на Ластоўскага, не могучы зразумець, у чым тут справа. Але для мяне зусім ясна: справа ідзе аб тое, што Ластоўскі пры перавыбарах мог бы не папасці ў Тарыбу, а гэта для яго асабіста раўназначна з пазбаўленнем хлеба.
Быў у сялянскай радзе. Гутаркі ўсё тыя ж: аб палітыцы «пана міністра» Варонкі. Супраць яго жадання ўсё падчыніць міністэрству згодна выступаюць усе. З гэтай прычыны ўсе шчырыя беларусы гуртуюцца ў Беларускім Камітэце, да якога ўвайшлі Аляксюк, Заяц, Вернікоўскі, д-р Бялецкі, Ярашэвіч (апошнія два выступілі з Управы). І, бадай, мае ўвайсці Звяркоў (адтуль жа), які на вячэры пры адкрыцці клубу сказаў гарачую патрыятычную прамову, аддаючы сваю асобу да распарадку беларусаў.
На 2-ую гадз(іну) прасіў мяне зайсціся Варонка. «Пан міністр» заявіў, што хоча мяне паінфармававаць аб сваёй палітычнай рабоце, і выясняў становішча сваё ў адносінах да Управы, Рады і Камітэту. Камітэту ён не прызнае толькі як адміністрацыйнае ўласці, але як нацыянальную арганізацыю прызнае. Гразіў асабіста Алексюку.
Аднак увечары на «банкеце» ў Марозава Варонка выявіў, як кажуць, «всю падноготную». У самай цынічнай форме пачаў перад маскалямі бэсціць усе беларускія ўстановы і ўсіх дзеячоў. Так што нават Курлоў бараніў Якубецкага. І столькі было ў гэтых напасцях асабістай злосці, столькі падладжвання пад упраўскіх маскалёў, што я ўрэшце пераканаўся, што Варонка брудная і маленькая фігурка, якая працуе не для беларускай справы, а для сваёй кар’еры. Яму ўсё роўна, на каго абаперціся, абы была сіла. Ды тое сілы ў упраўцаў многа не знойдзе: абмыліцца!
Бруд, бруд і бруд! І Аляксюк і Варонка раўнацэнныя, і не ведаю, хто з іx горшы.
Доўга ўночы мы бяседавалі з Захаркай. Ён таксама прыбіты сягодняшнім банкетам. Галоўнае, што мы абодва, стоячы збоку ад маскоўскай угоды Варонкі, чулі сябе як быццам вінаватымі ў яго віне, седзячы за сталом і слухаючы «чувствительных излияний» Варонкі, Боева, Якавюка і іншых. Нават генерал Кандратовіч быў шакіраван «мелочной» палітыкай Варонкі і запрапанаваў яму зрабіць сабранне беларускіх дзеячоў у Гродне і здаць справу з свае работы, каб усе маглі адкрыта крытыкаваць яго. На гэта Варонка ідзе і маніцца сабраць гэткі сход у пятніцу.
22.1.19. Як кажа З(ахар)ка, Варонка прыйшоў у «уныніе» і загаварвае аб сваёй адстаўцы. Відаць, яго спудзіла тое, што ўсе беларусы, апрача «соратников» (Крэчаўскі, Езавітаў і Захарка, ды апошні няпэўны), ад яго адцураліся, а тут трэба прынімаць павет Гродзенскі. Агледзіўшы адны толькі канцэлярыі, Варонка апусціў рукі і не ведае, што рабіць. Усё ж у душы ён беларус, і шчыры беларус, а асабістыя разрахункі загналі яго ў абдоймы маскоўскіх чарнасоценцаў.
Зусюль, дзе толькі з’ўляюцца легіянеры, ідуць cкаргі, плач народу і пракляцці. Падобнага бандытызму народ яшчэ не бачыў ні ад адступаючых маскалёў, ні ад нямецкіх акупантаў. Ненавісць да палякаў узвялічваецца з кожным днём.
Учора Косцевіч паехаў да Менска [62]. Даў яму інструкцыю, як асвяціць палажэнне.
Сягодня на раніцы нямецкія салдаты і паліцэйскія арыштавалі двох «беларускіх» афіцэраў — Кузміна-Караева і яшчэ нейкага, якія; з’ездзілі да Коўна і правезлі адтуль для фарміравання ў Горадні палка 100 000 марак. Пры арышце ў іx забралі колькі тысяч марак. После перагавораў з Polіtіsche Abteіlung [63] іx выпусцілі але аб прычыне арышту нічога не маглі сказаць, толькі ўсе ўзятыя грошы прапалі. Відаць, гэта быў звычайны рабунак са старанья разбэшчаных салдатаў. Андэрс (начальяік Polіtіsche Abteіlung сказаў: «Гэтак могуць і мяне арыштаваць».
Сягодня пачала работу камісія дзеля сазыву з’езду беларускіх' сялян Гродзенскай губ. Назначылі з’езд на 9-га лютага. На з’ездзе будуць усе члены Управы і Беларускага Камітэту. Вось і будзе баталія!
Прыехаў Цвірка-Гадыцкі, каторы ездзіў у Варшаву. Быў у Радзівіліхі [64] . Відаць, хацеў грошы вырваць, але гэта не ўдалося. Радзівіліха проціў усялякіх антыбальшавіцкіх выступленняў, стаіць за еднасць з Расеяй, хоць і бальшавіцкай, і проціў усялякага збліжэння з Польшчай.
23.1.19. Цэлы дзень правеў за работай: тлумачыў працу праф. Доўнар-Запольскага «Асновы дзяржаўнасці Беларусі». Хаця гэта праца будзе вельмі не ў смак літвінам, кніжка выйдзе ў трох выданнях [65] за літоўскія грошы коштам міністэрства беларускіх спраў.
Зусюль новыя весткі аб бандытызме польскіх легіянераў. Нават «Наше утро» не ўбаялася надрукаваць пісьмо Азёрскага камітэту (№ 24) [66].
Прыходзіў Кашанеўскі з Астрыны і таксама расказваў аб паляках. Гэта вырафінаваныя бандыты. Яго апавяданне будзе надрукавана ў першым нумары варонкаўскага «Беларускага народу». Каб толькі не змарынавалася і гэта газета, як алексюкоўская, аб каторай няма ні слуху, ні духу.
24.1.19. Якубецкі ад імя Сялянскай Рады паслаў палякам востры пратэст проці распраў польскіх бандытаў. Паслаў таксама і пісьмы ў рэдакцыі газэт, ці іx надрукуюць [67].
Сустрэў п. Гэлену Іваноўскую: толькі што прыехала з-пад Васілішак. Кажа, што ў дарозе даведалася аб наступленні двох палкоў бальшавікоў у ваколіцах Жалудка, дзе апэраваў бандыцкі польскі атрад Дамброўскага.
Беларускі Камітэт апублікаваў фармальнае аб’яўленне вайны Управе (№ 25) [68].
Сягодня закончыў пераклад брашуры Доўнара-Запольскага і здаш у друк беларускі тэкст. Трэба будзе яе выдаць і ў Парыжы па-французску.
Жду нецярпліва прыезду Смоліча, а яго нямашака,
Адведаў сягодня Грыкоўскага на новай кватэры. Бядак памірае. І нічога яму нельга памагчы.
25.1.19. Сягодня мінуў тэрмін прыезду Смоліча, а яго нямашака.
У «Echo» надрукавана вестка з Ліды, што там у мамэнт адходу немцаў польскія паны і ксяндзы ўстроілі з’езд «Камітэтаў парахвіяльных», каторы пастанавіў далучыць Лідчыну да Польшчы, завясці польскія школы і польскую ўрадовую мову. У гэты мамэнт «прадстаўнік Тарыбы» — як відаць, наш Сегень — увёў у салю атрад чырвонай арміі і з’езд разагнаў. Цікава і характэрыстычна!
26.1.19. Сягодня ўрачыста адкрылася Рада работніцкіх дэпутатаў. Не апісываю, бо пэўна будзе ўсё, надрукавана ў газэтах. Сам я быў у ложы прэсы.
Адтуль папаў да клубу і тутака сустрэў дыпламатычнага кур’ера з Кіева. Прывёз пісьмо з Кіева і многа апавядаў. Дырэкторыя ў трывозе: бальшавікі ў 70 вярстах ад места. Смоліч піша аб пазычцы 4 мільёнаў. Мая справа развяжацца гэтымі днямі. Калі так выйдзе, дык можна будзе рабіць вялізарную работу — як за граніцай, так і тут. Дай жа Божа, каб тое споўнілася!
Бальшавіцкае настраенне расце і ў нашых кіеўскіх беларусаў. Віннічэнка [69] таксама лавіруе, як і мы.
Трохі ўражанняў з адкрыцця саўдэпу. У прывітаннях, у дэкларацыях партый не зыходзіла са сцэны ні на адзін мамэнт «Беларусь, Літва», Weіssrussland und Lіtauen. Барадаты левы максымаліст заяўляў: «мы будем бороться за Белорусско-Литовскую республику, сфедерированную с Россией». У тым жа духу прамаўляў і С. С. Паслалі прывет: Совнаркому, Часоваму ўраду Беларусі і Літвы [70], чырвонай арміі і нямецкаму пралетарыяту.
Ідэя Беларускай рэспублікі, як бачым, можа святкаваць поўную пабеду. Аб ёй гавораць, за яе бяруцца бароцца тыя, хто яшчэ ўчора бароўся проці яе. І тыя ж бальшавікі, каторыя разганялі ўсебеларускі з’езд у снежні 1917 году, аб’явілі незалежную савецкую Беларусь у фэдэрацыі з Расеяй, а да ўраду яе ўвялі Жылуновіча, Дылу, Фальскага, Чарвякова і іншых праўдзівых беларусаў, часцю ўчаснікаў таго ж разагнанага кангрэсу.
Праўда, бальшавікі пераконаны, што яны гэтак узмацовываюць панаванне бальшавіцкай ідэі. Але яны шмат памыляюцца:, бальшавізм, пасоўваючыся на Захад, шмат мяняе свае формы і перажывае глыбокую эвалюцыю. І далейшае пашырэнне бальшавізму суліць не пабеду сусветнага пралетарыяту, а аслабленне напруження барацьбы.
27.1.19. Ад раніцы пачалі да мяне адзін за адным заходзіць «урадоўцы» міністэрства Варонкі. Усе ў адзін голас чыста плачуць: работы ім не хочуць даваць і так цялёкаюцца на прыёмным пана міністра ды плёткамі займаюцца. Вось прыклады. Цярэшчанка 12 дзён сядзіць без дзела, бо Варонка не мае грошы выправіць яго. Калі той захацеў сам ехаць у Коўна за грашамі, Варонка яго не пусціў. Тры дні таму назад Ваўкавыскі сялянскі саўдэп прыслаў Варонцы тэлеграму, што ён абраў Цярэшку за свайго павятовага агранома, а Варонка тэлеграму схаваў і ні слова не кажа Цярэшцы. Шварца просяць нагвалт прыехаць на здачу крэйзаў, Маеўскі ў Бельск і Дзекуць-Малей у Крынкі-Лунна, а міністр не пускае, хоць без талмача людзі не могуць дайсці ладу з немцамі і мо распішуцца ў прыёмцы таго, чога ў натуры няма. Шварцу кажа: «Вы мне тут патрэбны». Але таму ніякай работы не дае. За дзень прыходзіцца напісаць 2-3 нямецкія паперкі, каторыя таксама мог бы напісаць бухалтэр Гучэ (якая там бухалтэрыя!), і Шварц проста кажа, што не выдзержыць далей гэткага палажэння дармаеда.
Цікаўная дэталь: ужо колькі часу мінула, як Косцевіч вярнуўся з Саколкі, бо яго немцы адтуль выставілі. Тым часам папера, якую прывёз Косцевіч, дагэтуль ляжыць пад сукном замест быць пасланай да Цымэрле [71] ў Коўна. Не дзіва, што работа не развіваецца, а разваліваецца. Які гэтаму будзе канец.
28.1.19. Сягодня Захарка выехаў у Кіеў. Дык і я кінуў халодны непрыветны «Метраполь» і перабраўся ў «Эўропу» ў суседства з Цярэшчанкай.
Быў ізноў у Грыкоўскага. Усе аб ім забыліся, ніхто не заглядвае, а з кожным днём ён таець і таець.
Увечары доўга сядзеў у мяне Якубецкі. Многа гаварылі аб палітычным мамэнце.
Сабраліся нашы суседзі на гарбату. Многа апавядалі аб палажэнні судоў на вёсках. У Ваўкавыскім павеце сяляне пачалі самі, арганізоўваць свае суды. З гэтым прыходзіцца лічыцца. А як да таго ж мала людзей, якія маглі бы занімаць месцы міравых суддзяў, дык прыходзіцца будаваць суды на такім грунце: першая інстанцыя — валасны сялянскі суд, другая — міравы суд, дапоўнены двума лаўнікамі [72].
Гэтыя вельмі цікавыя гутаркі перарваў Стась Іваноўскі, каторы, явіўся для афіцыяльнай гутаркі са мной ад імя польскага ўраду, Ён назначан ад міністэрства загранічных спраў за польскага камісара ў Горадні — нешта кшталтам кансулярнага агента. Ад імя польскага ўраду ён мне запрапанаваў паехаць у Варшаву для перагавораў 1. аб уніі з Польшчай 2. аб пастаноўленай палякамі акупацыі нашага краю, дзеля барацьбы з бальшавікамі, каб выпрацаваць modus, пры якім магчымы былі бы добрыя адносіны з народам. Я яму адказаў, што аб першым сумняваюся, каш можна было гаварыць, бо на гэта сваё Placet [73] магла бы даць толькі Рада Рэспублікі. Што датычыць другога, то гаварыць лічу: патрэбным: найбольш шыраць у нас бальшавізм польскія легіянеры якія сваімі бандыцкімі паступкамі вызываюць вострыя выступлення проці палякаў. Ён гэта пацвярдзіў і заявіў, што сяляне казалі яму: «Kіedy tu nakonіec przyjdą cі dobrzy ludzіe, бальшавікі, żeby osłobodzіć nas od gwałtów legіonіstów» [74].
Матэрыял аб бандытызме легіянераў у яго есць багаты, і ён усё пасылае ў Варшаву. З Варшавы быў загад, каб легіянеры талоны рэквізыцыйных квітоў адсылалі ў Варшаву, а стуль прышлюць грошы. Гэта Іваноўскі сказаў начальніку гэтага бандыцкага легіёну Дамброўскаму, каторы адказаў, што зрабіць гэта нельга, бо кожны, хто рэквізуе, выдае квіт на шматку паперы, а талонаў ніякіх няма.
Я сам бачыў квіты, выданыя ў Астрыне. Звычайны шматок паперы з пячаткаю "1-szy Wіleńskі Pólk Ulanów"74 [75] і подпісамі рэквізыцыйнай камісіі.
Апавядаў далей Іваноўскі, што польскі ўрад барацьбу з бальшавізмам пераносіць на грунт барацьбы з жыдамі. Mamy jeśzćze jedną wojnę z Żydamі [76]. Апавядаў, як польскае войска акружыла ў Варшаве Налеўкі, быццам то шукаючы бальшавікоў, але там сустрэла востры адпор — агонь кулямётаў. Усё ж жыдоў вынішчылі многа.
У канцы сказаў, што ў палякаў з немцамі ёсць умова, што палякі першым чынам маюць заняць Берасцейскі і Пружанскі паветы, а стуль ісці на Ваўкавыск.
31.1.1919. Аказваецца, што ўчора быў дзень маіх уродзін, але я аб тым зусім не памятаваў, дый прайшоў ён так бледна, што нават не было чаго запісаць. Вось толькі ў «Наш(ем) Утру»; крыху цікаўнага для характэрыстыкі «працы» легіёнаў матэрыялу, і сягодня «Эхо» друкуе падзяку вышэйшай польскай каманды ў асобе Шэптыцкага гэтай бандзе разбойнікаў! За «абарону» ўсходніх «Kresów».
Сягоння ж «Управа» дае адказ Камітэту на «аб’яўленне вайны».
Прыехаў з Беластоку Зубец, назначаны Варонкай для школьных спраў. Аказваецца, што хаця школьныя ўласці даўно ўжо павыяжджалі, аднак Крэйзамт школ не здае, хоць і грошы на іx не дае. Гэтак беларускія школы ўсе заміраюць. Зубец кажа што крэйзгаўптман у Беластоку знаходзіцца ў вельмі добрых адносінах з палякамі, і гэтым сяброўствам тлумачыць антыбеларускую палітыку яго.
Атрымаў копію мэмарыялу, якую бальшавіцкі настроеныя беларусы паслалі ў Менск — часоваму ўраду. Цікавы дакумэнт.
2.ІІ.1919. Быў у мяне ўчора Азнабішын, б(ылы) член 4 Думы ад Гродзеншчыны. Прадлагае свае ўслугі дэлегацыі, якая мае ехаць у Парыж. Стаіць на грунце дэклярацыі, каторую мае вязці ген. Кандратовіч. Мала таго: стаіць на тым, што цэласці Беларусі ад польскіх апэтытаў можна бараніць толькі ў імя Беларусі, але не Расеі. Між іншым, перадаў сваю гутарку ў гэтай справе з Мілюковым. Той яму заявіў: што значыць для Расеі. Гродзеншчына, калі ёю можна купіць добрую згоду з Польшчай.
Увечары адбыўся дзіцячы спектакль «Снатворны мак», спевы хору, дэклямацыі. Уражанне дужа сымпатычнае!
З Іваноўскім я да Варшавы не паехаў. Напісаў яму картачку гэткага зместу: «Sprawa mego wyjazdu razem z Panem ze względów natury objektywnej obecnіe przeprowadzіć sіę nіe da. Prosіłbym Pana o wyjaśnіenіe stosunku rządu polskіego do przesіanych mu nowych not» [77].
3.ІІ.1919. Раніцай выйшаў пёршы нумар варонкаўскага «афіцыёзу» — «Беларускі Народ», па-расейску і па-беларуску. У пёрадавіцы, пісанай Варонкай, славіцца на ўсе лады гасударственны розум такіх «сталпоў», як Сляжэвіч-Вілейшыс [78]. Гэта называецца звычайнае падлізыванне «властн имущим». Далей што тры словы, то «Язэп Варонка» і да т. п. Нумар уложаны нецікава і блага з газэтнага погляду. Але гэта яшчэ нічога, не можна жадаць ад рэпартэра, каб стаў журналістам па заказу. Горш тое, што ўвесь той бруд, які Варонка дагэтуль выліваў на другіх устна, Цяпер выліваецца ў друку, паганячы наогул усё беларускае. Затое, што ў Беларускі камітэт, паміж іншым, кааптаваны Аляксюк, Варонка самым подлым спосабам вядзе вайну з гэтай ядынай у Гродні беларускай арганізацыяй, правакуючы перад бальшавікамі ўчасце ў ёй уцёкшых з Менску і Вільні дзеячоў беларускіх, а другое — узводзячы на Камітэт віну за тое, што наш народ не арганізован, галодны і халодны. Судзячы па стылю, заметку аб гэтым пісаў Крэчаўскі — той самы «соратник» Варонкі, каторы за два месяцы свайго камісарства браў вялікія грошы і не выходзіў з шынку, а ніякай работы на рабіў.
Наагул, кампанія Варонкі становіцца ўсё больш подлай! Мала таго: нягледзячы на тое, што Варонка афіцыяльна і публічна заявіў, што ён прызнае правамочнай выбраную павятовым гродзенcкім з’ездам арганізацыйную камісію дзеля сазыву губэрнскага сялянскага з’езду з кааптаванымі прадстаўнікамі Управы, — калі гэта камісія звярнулася да яго з просьбай аб грошы на арганізацыю з’езду, гэты самы Варонка адаслаў яе ні з чым. Тым часам, як відаць, ён змовіўся з Управай і сягоння па просьбе Управы да Літоўскага ўраду аб асыгноўцы ўжо толькі на яе рукі 30000 на ўстройства з’езду «налажыў рэзалюцыю», што асыгноўка гэта вельмі жаданая. Адначасна Варонка налажыў такія ж рэзалюцыі на двух просьбах Управы: аб 19000 на пэнсіі служачым і 59000 на цякучую работу на месяц люты!
Гэта ўжо яўная подласць і здрада беларускай справы. Трэба ждаць для варонкаўскай работы сумных рэзультатаў. А і ад яго можна спадзявацца новых подласцяў: ужо сфармавана першая «беларуская» часць з 50 салдатаў, і магчыма, што Варонка не задзержыцца перад гвалтамі над асобамі сваіх праціўнікаў.
4.ІІ.1919. Сягоння ген. Кандратовіч выехаў у Парыж цераз Бэрлін і павёз урэшце мой мэмарыял. На развітанне пакінуў мне сваю фатаграфію.
На абеды ў Зянько збіраюцца ўсе нашы беларусы — ведама, апрача «міністэрскай» партыі. Але ад учора пачалі хадзіць туды і Крэчаўскі з Езавітавым. Ясна: падглядзець і падслухаць! Вось сягоння яны падселі да мяне і вызвалі на гутарку аб беларускім народзе ў звязку з стаццёй у «Эхо» ў зашчыту беларусаў ад маскоўскіх тэндэнцый міністэрства Варонкі і яго газэты. Я ім прачытаў паўтарагадзінную арацыю, адзначыўшы, што гэта ганьба, што палякі бароняць нашу справу ад іx маскоўскай палітыкі дый вылажыў, што меў на сэрцы, «начистоту». Відаць было, што яны да гэтага былі непрыгатаваныя і вельмі мелі магільныя фізіяноміі;
А ўвечары ўрэшце Варонка «прыняў» Цярэшчанку. Гутарка пайшла ў іx на чыстату. Варонка сказаў яму тое, што гаварыў мне: што лічыць яго гасударственным праступнікам проці літоўскага ўраду і не толькі бярэ назад сваё прадлажэнне аб назначэнні Цярэшчанкі за гродзенскага павятовага камісара, а зусім звальняе яго са службы. Пры гэтым пахваліўся, што ад сваіх шпіёнаў ён ведае, што «Луцкевіч і Цярэшчанка ўтварылі групу, якая ідзе проці яго, Варонкі». Гутарка між імі дайшла да «трохэтажных» са стараны Цярэшчанкі, але была спынена прыходам да Варонкі яго «дамы», і далейшы працяг быў адложаны на заўтра на раніцу.
За гродзенскага камісара назначаецца Зубец, чалавек вельмі спакойны і сымпатычны, але не на гэту работу. Яго Варонка перш быў назначыў за школьнага інспэктара на Беластоцкі павет і асыгнаваў на ўстройства беларускіх школ ажно … 900 марак!
Чым больш пазнаю Варонку, тым больш адразы чую да яго. Гэта сапраўды дрэнь чалавек. Замест таго, каб бараніць беларускія інтарэсы перад літоўскім урадам, ён выабразіў сябе літоўскім жандарам і (нрзб) усюды праз сваіх партыйных таварышаў і наймітаў, хто што робіць і гаворыць. Міністэрства абярнулася ў «ахранку». Беларусаў там няма — адны маскалі. Іншай гутаркі, апрача маскоўскай, не чутно. «Чиновник особых поручений» пры асобе пана міністра — маскаль, які на заявы па-беларуску адказвае: «Извините, я по-белорусски не понимаю». Варонка сваей палітыкай дабіўся таго, што абсалютна ўсе беларусы фармальна яго цураюцца і байкатуюць. Наагул, я цяпер разумею, што было ў Менску і чаму там ніякай сур’ёзнай работы нельга было наладзіць [79]. Самыя пільныя паперы ляжаць у кабінэце п. міністра цэлымі; тыднямі, канцэлярыя не мае што рабіць, а п. міністр прынімае і вядзе гадзінныя гутаркі з тымі мерзавцамі, каторыя спаўняюць пры ім шпіёнскія функцыі і наушнічаюць. Прынімае ў служэбныя гадзіны і сваю «даму» і дзеля яе перарывае прыёмы і т. д. Чысло служачых расце з кожным днём, а работы няма ніякай. Затое ў Коўну шлюцца бутафорскія даклады аб арганізацыі ўсё новых і новых аддзелаў.
Сягодня паехалі ў Коўну маскалі з Управы з «благоприятными» рэзалюцыямі пана міністра аб асыгноўцы ім грошы. Адначасна выехаў Аляксюк і Сарока, каб сур’ёзна пагаварыць аб рабоце ў Гродзеншчыне — але рабоце беларускай. Гэта для Варонкі будзе непрыемная навіна.
Наагул, аглядаючы ўсю работу Варонкі ў Горадні, можна сказаць: для беларускай справы ён абсалютна нічога не зрабіў. Наадварот, усю энэргію ён накіраваў на барацьбу з існуючымі ўжо беларускімі арганізацыямі: Камітэтам — «бо там Аляксюк», сялянскай радай — бо яна «неблагонадежна» з погляду літоўскага ўраду.
А гэтым часам, хоць можна многа закідаў рабіць іншым дзеячам Камітэту, толькі тут робіцца работа шчыра беларуская: заложан клуб, ладзяцца беларускія вечары і спэктаклі, закладаецца выдавецкае таварыства дзеля выдання газэты і т. д. Апрыч таго Камітэт дае сваіх прадстаўнікоў у мястовы камітэт, вядзе перагаворы з другімі тутэйшымі нацыянальнымі арганізацыямі, шырыць беларускія ідэі між работнікамі і др.
Варонка ўсё гэта ведае, і ён ужо рыхтуецца да таго, каб Камітэт разграміць. Так, сягодня ён паслаў Камітэту афіцыяльную паперу з дамаганнем, каб Камітэт прадставіў яму ўсе свае пратаколы. Ведама, Камітэт яму іx не дасць.
Цікаўна адзначыць: Крэчаўскі ў гутарцы са мной ясна сказаў, што Камітэт зусім не існуе — не тoe, што як прэтэндэнт на губернскую ўласць, але і як арганізацыя наагул. На гэта я яму адказаў, што калі цачнем пытацда аб пашпарты, дык чыноўнікам Тарыбы трэба памаўчаць, бо пашпарты Тарыбы роблены нямецкімі крэйзгаўптамтамі.
A propos пашпартоў: у гутарцы Цярэшчанкі з Варонкай быў такі мамэнт. Дзекуць-Малей прасіў Цярэшчанку атрымаць для яго належныя яму ад міністэрства грошы. На гэта даў даверанасць на пісьме, але чуўшы, што Цярэшчанка меў партыйнае імя Казімір, хоць праўдзівае яго імя Кузьма, так і назваў яго Казімірам у даверанасці. Калі гэта прачытаў Варонка, дык аж падскочыў з радасці: «Ды значыць вы католік і паляк». Цярэшчанка адказаў, што аб гэтым можа сведчыць яго пашпарт, што ён Кузьма і праваслаўны. В(аронка) патрабаваў паказаць пашпарт, Падаючы апошні, Цярэшчанка заявіў, што мае добры экспэрымэнт аб праве наследственнасці (бацька Варонкі быў вураднік), але В(аронка) ці ўдаў, ці сапраўды не зразумеў алюзыі.
5.ІІ.19. Сягоння бяседа Варонкі з Цярэшчанкай насіла зусім іншы характар. В(аронка) прапанаваў Ц(ярэшчан)ку становішча гарадзенскага мястовага камісара, але той адмовіўся і цвёрда стаіць на сваёй адстаўцы. Відаць, Крэчаўскі і Езавітаў расказалі В(аронку) нашу гутарку. Дай бог, каб гэты блазан апамятаваўся і пакінуў свае вар’яцкія штукі ды заняўся папраўдзе беларускай работай.
Вечарам быў канцэрт-баль на карысць «Лучынкі». Кажуць, В(аронка) быў на ім у вельмі злосным настраенні.
Крэчаўскі і Езавітаў ходзяць як атручаныя. Відаць, разумеюць, якую брудную работу павялі.
Прыехаў з Кіева Татур — мінчук, сваяк нябожчыка Гэнрыка. Апавядае, што ў той панядзелак і аўторак у Кіеве ўзнялася страшэнная паніка: бальшавікі былі ў 30 вярстах ад места! Міністэрства ў поўным складзе выехала ў Вінніцу, а з імі і наш Смоліч. Дырэкторыя таксама прабавала выяжджаць, але ўраз жа з дарогі вярнулася, бо аказалася, што наступалі не рэгулярныя бальшавіцкія войскі, а мясцовыя банды, каторыя лёгка былі адкінутыя ажна за Нежын. Панцырны поезд даходзіў аж туды і бальшавікоў нідзе не бачылі. З тай прычыны Дырэкторыя зрабіла від, быццам яна і зусім не думала ўцякаць.
У Казаціне Татур сустрэўся з консулам Квасьніцкім. Той расказаў, што толькі што праз Казацін праехаў Захарка і яго Кв(асьніцкі) накіраваў у Вінніцу. Кв(асьніцкі) маніўся ехаць да беларускага ўраду ў Горадню, але, даведаўшыся ад З(ахар)кі, што тут палажэнне дужа напэўнае, стрымаўся.
6.ІІ.19. Варонка, відаць, запраўды ідзе на капітуляцыю. У тую суботу ў часе маёй гугаркі да яго прынеслі ад немцаў паперу аб спадзяваным у найбліжэйшый дні прыездзе цэлай масы ўцекачоў, варочаючыхся з Расеі, і аб патрэбе арганізацыі помачы. З гэтай прычыны В(аронка) пачаў жаліцца, што ў яго няма людзей годных веры і т. д. Я яму адказаў, што людзі ёсць сколькі хочаш, толькі ён не хоча іx бачыць. Напр., знамяніты быў бы да гэтага Вернікоўскі. Пасля гэтага прайшло 6 дзён (справа экстрэнная), і вось сягоння В(аронка) звярнуўся да Вернікоўскага з гэтай справай. А той і кажа, што перш павінен пагаварыць са мной. Мы ўрадзілі, што Верн(ікоўскі) можа быць «особо уполномоченным» ад літ(оўскага) ўраду, але працаваць за «белар(ускі) каім(ітэт) дзеля помачы рэамігрантам», які мы тут жа і завязалі, намеціўшы Вернікоўскага яго старшынёй.
На 6 гадзіну Вар(онка) раптам запрасіў «на чашку чая» да сябе ў гасцініцу Шварца. Той не на мамэнт не мог сумлявацца| што будзе дапрос, бо перад тым Вар(онка) выпытываўся, чы яшчэ жыве ў «Эўропе» (дзе жыву я і Цярэшчанка). Вось ён прыйшоў да мяне на раду, як рабіць. Я згадзіўся з яго думкай, што дзеля карысці справы трэба Варонцы гаварыць усё начыстату, не называючы толькі імён, і заўважыў, што крытыка чыннасцей В(аронкі) гэта крытыка «доброжелательная», а не варожая. Шварц так і зрабіў. Пасля гутаркі з ім В(аронка) загадаў яму прасіць мяне да яго на 2 гадзіну да канцэлярыі, але я адказаў, што лічу гэта «неудобным», аб чым і прашу сказаць В(аронку). Відаць, В(аронка) зусім не думае, што гаворыць.
Выяснены ўжо гэткія «наушнікі» Варонкі: Яўленскі, Гучэі машыністка Дарошкава, канцэлярыст Бараноўскі, афіцэр Рытхэр, но і «не в службу, а в дружбу» Езавітаў і Крэчаўскі.
Алексючанку, каторая не апраўдала ўскладаных на яе надзей «по осведомлению», выдалілі ад 1.ІІ. з канцэлярыі.
Сягоння мяне прасіў аб аўдэнцыю Стась Іваноўскі. Ен заявіў, што да Варшавы не даехаў, бо сустрэўся ў Беластоку з «дырэктарам беларуска-літоўскага дэпартамэнту» Калянкевічам і ад яго атрымаў вельмі шырокія паўнамоцтвы для перагавораў з намі. Палякі «абязываюцца» заваяваць для нас і Вільню, і Менск, і Віцебск — адным словам усё да граніц 1772 году, жадаюць за гэта уніі і забеспечэння праў польскай меншасці.
Я яму адказаў, што да прыезду таварышоў па камітэту з Кіева я не магу з ім трактаваць, а як яны вернуцца, папрашу яго на афіцыяльную гутарку.
Між іншым, ён мне ў гутарцы сказаў, што палякі дайшлі з немцамі поўнай згоды і ўжо ўстаноўлены простыя зносіны ад Варшавы да Беластоку. За які тыдзень тарыбнікі ў нас у Горадні будуць кепска чуцца. Пад Берасцем стаіць корпус ці дывізія генерала Лісоўскага. Туды ж прабіўся са сваёй бандай і Дамброўскі. Гэтак са слоў яго выходзіць, што акупацыі Гродзеншчыны палякамі трэба ждаць у скорым часе.
9.ІІ.19. Апошнія тры дні не меў часу запісываць што-колечы. А ў тутэйшым беларускім жыцці здарылася даволі многа цікаўнага.
Перш-наперш 7.11. мяне папрасіў «на чашку чаю» Варонка, Праз Крэчаўскага ён заведаміў мяне, што перад гэтым у яго будзе нейкі немец з АОК і прынясе вельмі цікаўныя Даныя аб адносінах да палякаў. Аднак, аказалася, што паўтарагадзінна гутарка ішла ў нас пераважна аб тутэйшых беларускіх адносінах. Прыйшлося чытаць В(аронку) доўгую лекцыю аб яго абмылках, каторую я закончыў апраўданнем яго, як чалавека затраўленага і з хворымі нэрвамі, але не як палітыка, каторы зрабіў праступак не да выбачэння, прымяшаўшы да палітыкі свае асабістыя настраенні і разрахункі з паадзінокімі дзеячамі.
Відаць (хоць В(аронка) ўвесь час чупурыўся), што гэта гутарка, ведзеная мной у вельмі мяккіх тонах, не асталася без рэзультату. Ужо на другі дзень гэта выявілася даволі ярка ў яго адносінах да Цярэшчанкі — нашага найлепшага работніка. Апрача таго В(аронка) згадзіўся на камітэт помачы рээмігрантам, але і тут не абыйшлося без мелачнасці і асабістай злосці: ён зажадаў, каб у камітэце не было Алексючанкі. Я сказаў ёй аб гэтым, і яна паказала, што стаіць маральна вышэй за В(аронку), заявіла, што выступае з камітэту. Для чалавека больш субтэльнага, чым В(аронка), гэта быў бы ўдар па фізіяноміі, тым больш, што адносіны ў іx перш былі вельмі добрыя, і Алексюкі з паўгоду дзяржалі ў сябе В(аронку) на кватэры ў Менску і кармілі яго, калі быў зусім голы і галодны. Аднак факт арганізацыі камітэту паказаў яшчэ раз, што беларускія дзеячы з апазыцыі гатовы працаваць з тым жа В(аронкай), абы была карысць для беларускай справы.
Сягоння ў звязку з перагаворамі з Іваноўскім і спадзяванай польскай акупацыі я сазваў на нараду ўсіх нашых мінскіх радных, а таксама віленскіх, і прадстаўнікоў гродзенскіх арганізацый (сялянск(ай) рады і Бел(арускага) Камітэту). Урадзілі перагаворы вясці далей, але толькі тады, калі польскі ўрад звернецца афіцыяльна і на пісьме. Ды перагаворы выкарыстаць глаўным чынам дзеля ўмацавання нашых сувэрэнных правоў на Гродзеншчыну. Варонка не явіўся.
Пасля афіцыйнай парады сабраўшыеся загаварылі аб патрэбе палажыць канец дурной грызні і расколу. Цярэшчанка выступіў з праектам устройства пры міністры Beіrafy [80]. каторы злучыў бы ўсіх нашых дзеячоў, давёў бы ініцыятыву ў нацыянальных справах і да т. п. Між іншым, ужо адна такая справа ёсць, каторую сабраўшыеся прасілі Крэчаўскага зрэфэраваць Варонцы: гэта патрэба развіць эканамічную работу на вёсцы, каб зрабіць канкурэнцыю палякам, каторыя ўжо працуюць над тым, каб проста падкупіць народ сваімі «бэнэфіцыямі».
Крэчаўскі ўзяўся перадаць усё гэта В(аронку) і паддзяржаць ідэю Beіraf’y.
Дай бог, каб гэтым пачалася новая эра ў адносінах паміж гродзенскімі беларусамі.
Немцы разагналі сягоння Раду раб. дэп. і арыштавалі прэзыдыюм.
12.ІІ.19. Пазаўчора ўвечары прыехаў пасланец з Вільні і прывёз пісьмы і газэты («Грамадзянін»). Як відаць, нашы людзі знамяніта патрапілі прыстасавацца да варункаў і ўсё ж работу вядуць.
У той жа дзень прыйшлі весткі з Ваўкавыску, што там паявіўся атрад польскіх легіянераў. Падробнасцей няма. Гэткі ж атрад быў і ў Пружанах і пайшоў далей,
Згодна з пастановай нарады 9.ІІ. меў учора гутарку з Іваноўскім, якога вызваў да сябе. Яму я прадставіў справу так, што ідзе толькі аб захаванне фармальнасці: мы да палякаў пасылалі дэлегацыю, а яны нам на гэта нічога не адказалі, дык вось трэба, каб першы крок зрабілі яны ў справе перагавораў. Мы не вымагаем больш нічога, і як толькі звароту на пісьме. Ів(аноўскі) прызнаўся, што гэта пункт яго амбіцыі давясці да згоды з беларусамі. Наіўны дыпламат. Казаў, што з літвінамі палякі трактуюць толькі аб чыста этнаграфічнай Літве, не прызнаючы іx права прамаўляць ад імя Беларусі.
Сягоння выяжджае Азнабішын і Баркоў у Парыж. Азнабішын вязе мой мэмарыял у справе беларуска-польскіх адносін і дасье з тэкстамі нашых нот пратэсту і пратэстаў насялення проціў палякаў. Такжа публікацыі аб бандытызме польскіх легіянераў. Азнабішыну дадзен мандат асвяціць палажэнне ў Беларусі ў звязку з беларуска-польскімі адносінамі і аддаць мэмарыял старшыні Мірнага кангрэсу з патрэбнымі паясненнямі. Шырэйшых паўнамоччаў я яму даць баяўся. Баркова назначыў за чыноўніка для спэцыяльных даручэнняў пры дэлегацыі.
Ад міністэрства Варонкі так і не мог дабіцца расейскага тэксту брашуры Доўнар-Запольскага.
Хаця я не іду па слядах Варонкі і не займаюся арганізацыяй шпіянажу, людзі без ніякіх карысных для сябе мэт прыносяць мне весткі аб усім, што робіцца. Так і ўчора прынеслі мне вестку, што Варонка тэлеграфаваў да Ластоўскага ў Бэрлін, што хоча прасіць адстаўкі. Відаць, чуе шаткасць свайго палажэння.
Запраўды, палажэнне прадстаўнікоў літоўскага ўраду паганае. Іx уласці ніхто не прызнае. Камісары за іx грошы працуюць ад імя Бел(арускай) Нар(однай) Рэсп(ублікі), бо ім іначай галовы бы людзі паразбівалі. Цяпер немцы даюць ужо аружжа для беларускай мілідыі, але ці не будзе позна?
Учора прыехаў Квяцінскі, вучыцель Свіслацкай сэмінарыі. Аказваецца, што сэмінарыя зусім знішчана. Што маглі распрадаць немцы, то распрадалі, а што асталося, тое разграбілі местачковыя жыды, прыйшоўшы грамадой да 1000 душ.
Цікавы наспявае канфлікт між мястовым камітэтам і літ(оўскім) урадам. Камітэт паназначаў сваіх міравых і следчых суддзяў і для места і павету (па просьбе народу з вёсак), а літ(оўскае) міністэрства судоў іx не прызнае і паназначала сваіх. Варонка, як кажуць, гразіць роспускам камітэту, але ж 27 лютага маюць адбыцца выбары ў мястовую думу, каторая пэўне пацвердзіць выбраных к(амітэт)ам суддзяў.
13.ІІ.19. Сягоння ўвечары прынеслі мне вестку аб арэшце легіянерамі Дзекуць-Малея. Я ўраз жа паслаў пісьмо Іваноўскаму, трэбуючы вызвалення яго, бо ён у зносінах з народам выступае ад імя бел(арускага) ўраду (што напісана на яго пячатках) і пастаўлен намі, хаця гэта аформлена толькі праз тарыбскае міністэрства. Праз некалькі гадзін, вярнуўшыся да гасцініцы, знайшоў ужо пісьмо з адказам, што зроблен загад аб яго выпуску і ідто Ів(аноўскі) просіць, каб ён (Дзекуць-Малей) у межах аддадзеных польскай самаабароне часцей Гродзеншчыны не выступаў ад імя літоўскай дзяржавы.
Сягоння раніцай уцешылася сэрца з прычыны прыезду Якубецкага і Горыка. Дзякуй богу, вярнуліся цэлыя. Шкада, што палітычныя варункі не даюць магчымасці ўсяго запісываць. Некалі, будзем гэта ўмацовываць з памяці.
Варонка паехаў у Беласток. Пытанне, ці вернецца адтуль. Весткі з кожным днём робяцца ўсё больш трывожнымі.
16.ІІ.19. Апошнія дні поўны розных вестак, спадзяванняў, надзей і разчараванняў.
Ясна і бязспорна толькі адно: што на Гродзеншчыну ідуць дзве хвалі — з усходу і з захаду, што разыграецца яшчэ адзін акт крывавай драмы, пачаўшайся ў 1914 годзе. І абедзве гэтыя хвалі нясуць нам руіну і знішчэнне не толькі матэрыяльнага багацця, але — і гэта найгорш — нашых палітычных ідэалаў, нашага дзяржаўнага будаўнідтва.
Праўда, у «саўдэпскай» часці нашага краю праводзіцца ў жыццё яшчэ адзін з нашых палітычных лозунгаў: аб’яднання Беларусі з Літвой. Але праводзіцца гэта чужымі нам рукамі — жыдамі і маскалямі — у імя інтарэсаў савецкага ўраду.
Польшча суліць нам унію. Але хто можа верыць, каб наш народ сапраўды прыстаў да яе. Нават між тымі абаламучанымі беларусамі-каталікамі, якія ўжо называюць сябе палякамі, пасля хвалебных гімнаў для пана і ксяндза пачуеш прыцішаным голасам сказанае пытанне: — «паночку, а ці скора прыдуць яны» — нашто вам «яны»? «Бо зямлі нам дадуць».
Бальшавізм у нас немінучы, як здаецца, немінучы ён і ў Польшчы. І чым хутчэй наш народ перапаліцца ў яго агні, тым лепш, тым хутчэй пачнецца творчаская работа — будаванне новай будучыні, дзе народ будзе запраўды гаспадаром на сваей зямлі.
Гэта ўсё тэмы нашых штодзённых гутарак у звязку з зменнымі весткамі аб палітычных здарэннях. А тым часам жыццё ні на мамэнт не стаіць на месцы і ў нашых унутраных справах прыносіць многа новага.
Так вярнуліся ўрэшце з Коўна Аляксюк і Сарока. Яны мелі доўгія гутаркі з Вілейшысам і другімі, з якіх выяснілася, што Варонка асвяціў перад літоўскім урадам усю работу беларускіх нацыянальных дзеячоў, як бальшавіцкую і антылітоўскую з гасударственнага погляду. Як антытэзу гэтаму выставіў Управу і прасіў ёй аказываць усякую помач. Аднак выступленне Ал(ексюка) і С(арокі) папсавала варонкаўскую работу. Віл(ейшыс) вызваў яго да тэлефону і вёў доўгую гутарку. У канцы на развітанне заявіў, што Управа грошы не дастане, што ў Горадню будзе паслан літоўскі прадстаўнік, каб пазнаёміцца на месцы з палажэннем і магчыма, што сялянскай радзе будзе дадзена помач цераз рукі Варонкі.
Агульныя адносіны літвінаў да нас вельмі благія. Яны лічаць, што даволі выкарысталі ўваход нашых людзей у «Тарыбу» ў міжнародных сферах, дык і памагаць нам далей лічаць лішнім.
Дый помач іx была на смех малая: бадай, усе асыгноўкі ішлі на «гасударственную бутафорыю», якую запраўды знамяніта вядзе Варонка. Але ніякай арганізацыі, ніякай творскай работы! Армія — гэта 80 афіцэраў, якія ўжо з’елі сотні тысяч і арганізавалі… 63 салдатаў. А гэтыя салдаты годны «ахвіцэраў»: у казармах, куды паны афіцэры бадай не заглядаюць, ідзе п’янства, ігра ў карты і на гэтым грунце бітвы, якія супакоіваюць немцы. А калі звярнуцца да другіх галін «гасударственнага» будаўніцтва, дык і тут пустое месца. Калі горад Гродна выбраў сабе міравых суддзяў, міністэрства назначыла аднаго свайго, Гэйтлінга, і запратэставала проці выбраных суддзяў, ды гэтак проста аб’явіла вайну ўсяму грамадзянству. Здаецца, калі б хто свядома хацеў дыскрэдытаваць перад народам літоўскую дзяржаўнасць, дык не зрабіў бы гэтага лепш, чым робіць Варонка.
Запраўды, комівояжэрства Варонкі ў справе літоўскай дзяржаўнасці не можа кончыцца інакш, як поўным крахам. І літвіны, як быццам нічога проці гэтага не маюць. Вілейшыс проста заявіў А(лексюку) і С(ароку): «нашто мы маем траціць на Гродзеншчыну грошы, калі яе ўсё роўна займуць палякі?»
Учора з Горадні паехалі ў Вільню дэлегаты на з’езд рад. (17.ІІ.).
Варонка вярнуўся з Беластоку. Трэба спадзявацца, што «пацешыць» нас новым выступленнем. Кажуць, што мае быць аб’яўлена агульная мабілізацыя, але хто самахоць пойдзе?
Есць надзея, што ўдасца наладзіць беларускую газэту — не «варонкаўскага» тыпу. Просяць мяне ўзяцца за кіраўніцтва яе. Прыдзецца папрацаваць, бо газэта нагвалт патрэбная.
На гэтым мой дзённік абарваўся і запісываю яго ўжо з памяці праз многа год пазней. Справа ў тым, што ў Горадню прыехалі два браты Рапацэвічы, сяляне з вёскі Людвінова пад Вільняй (адзін з іx, Міхал, працаваў раней пры амбулаторыі «О(бщест)ва врачебно-продов(ольственной) помощи», закладзенай з пачатку вайны і пару гадоў існаваўшай пад немцамі). Яны прывезлі на сваіх падводах нейкіх рээмігрантаў, адшукалі мяне і запрапанавалі ехаць у Вільню з імі, бо Іван вельмі блага чуецца, Я ўраз жа сабраўся і назаўтра паехаў. Па дарозе — у некаліх вярстах ад Горадні — мяне затрымаў нямецкі ваенны грузавік з салдатамі, якія, прыставіўшы да лоба і грудзей вінтоўкі, зрабавалі ў мяне каля 1000 рублёў (нрзб) на мае пратэсты вярнулі назад,: Даехаў я далей шчасліва да Людвінова, а далей 10 вёрст мусіў ісці пехатой, што з увагі на страшное балота і цяжкі, чэмаданчык з цукрам і салам для Івана ды кніжкамі, было не лёгка. Валенкі, пазычаныя ў Цярэшчанкі, былі за вялікія і нацёрліл ногі да крыві. Але неяк к ночы дабраўся да хаты і з’явіўся ў пакоі, дзе быў Іван і шмат хто з нашых людзей, быццам нейкі дух з таго свету. Стан здароўя Івана вельмі благі, але ён працуе праз сілу і нават ходзіць на свае лёкцыі ў закладзеную з яго ініцыятывы і ягонай працай беларускую гімназію.
Прабыў у Вільні пару тыдняў. Прыглядаўся да кіпеўшай тут працы, інфармаваў аб тым, што дзеецца «на захадзе». Паміж іншым, да Івана часта прыходзіў сын доктара Рома, Валодзя, які займеў нейкае высокае становішча (камісар пры арміі). Ад яго дастаў запросіны пабачыцца з Уншліхтам і паінфармаваць яго, што дзеецца у Горадзеншчыне, але ад гэтай візыты ўхіліўся. А тым часам прыехалі з Горадні кур’еры Алексючанка і Курбскі з весткай, што ў Горадню тэлефанаваў з Коўна Цвікевіч [81], каб я зараз варочаўся. Прадстаўнікі майго ўраду Цвікевіч, Смоліч і Захарка прыехалі ў Бэрлін з Украіны і прывезлі грошы, пазычаныя майму ўраду ўрадам Петлюры. Дык ёсць магчымасць ехаць у Парыж на міравую канфэрэнцыю.
Атрымаўшы гэту вестку, я мусіў развітацца з Іванам і Вільняй ды ехаць. Узяць Ів(ана) з сабой не мог, хаця гэтага вельмі хацелася: усе мы баяліся, што пераезд падводай з Вільні ў Горадню ў сырую пагоду можа яго зваліць з ног аканчальна. З болем сэрца і цяжкім пачуццём абняліся мы з ім апошні раз, як быццам прадчувалі, што больш не ўбачымся.
З трудом удалося праскачыць на падводах праз лінію фронта: якраз ажывіліся баявыя чыннасці з боку чырвоных войск, якія пайшлі наперад, хоць вельмі недалёка. У Горадні прабыў некалькі дзён, чакаючы на прыезд Цвікевіча з Коўна, бо ён баяўся ехаць у Горадню, чакаючы наскоку палякаў. Гэтае чаканне дорага нам абыйшлося: калі я прыехаў у Бэрлін і з’явіўся ў нямецкі банк зрэалізаваць пераказ украінскага ўраду, здаецца на 1½ мільёна марак (точна цыфру не памятую), дык аказалася, што за некалькі дзён да таго савецкі ўрад налажыў сэквэстр на ўсе сумы ўкраінскага ўраду ў нямецкіх банках, і немцы з гэтых сум ні ўкраінцам, ні нам нічога не выдалі. Прыйшлося паслаць Цвікевіча і Зайца ў Вену, на якую мы мелі пераказ у кронах (здаецца, 3000 крон), ды там справа пайшла больш шчасліва, хаця кошты рэалізацыі былі надта вялікія. З гэтай прычыны я прасядзеў у Бэрліне ад дваццатых дзён марца ажно да чэрвеня. Толькі ў апошнія дні мая прывезлі былі грошы з Вены і я мог вырушыць у Парыж. Раней, у першых чыслах мая, туды выехалі сябры нашай дэлегацыі на міравую канфэрэнцыю ген. Кандратовіч і Азнабішын з сакратаром Барковым.
Але варочаюся да Горадні і апошніх дзён маёй тут быт насці. Назаўтра пасля майго прыезда з Вільні памёр ад сухотаў вучыцель Грыкоўскі. Апошнія перад выездам у Вільню часы вельмі нас зблізілі. Ён ужо пару месяцаў ляжаў у ложку. З прычыны таго, што ў Барысаглебскім манастыры, дзе была беларуская школа і дзе ён жыў, было вельмі сыра, я ўгаварыў Гр(ыкоўскага) перабрацца ў іншае месца. Нехта знайшоў для яго светлы сонечны пакоік, гаспадыня якога вельмі міла адняслася да хворага і шчыра апекавалася ім. Тут я часта заглядаў да яго і мы праводзілі доўгія гадзіны ў гутарках. Калі я вярнуўся з Вільні, дык хацеў зараз жа даведацца да яго, але быў гэтак змучаны дарогай, што назаўтра цэлы дзень праляжаў. А яшчэ праз дзень прыняслі мне сумную вестку, што Гр(ыкоўскі) ўчора памёр. Увесь апошні дзень чакаў на мой прыход. Калі я прыйшоў да яго, ён ужо ляжаў у труне. І страшна сціснулася маё сэрца ад болю, бо я раптам прарочымі вачыма ўгледзіў Івана, каторы праз паўгоду пайшоў па слядах Грыкоўскага. Пахавалі Гр(ыкоўскага) на кошт ураду Беларускай Народнай Рэспублікі.
Прыгатаўленні да выезду ў Бэрлін і далей у Парыж занялі ўсе наступныя дні. Трэба было адбыць цэлы рад канфэрэнцыяў, даць інструкцыі адносна работы, аблічыць патрэбы і забяспечыць матэрыяльна.. Здаецца, напярэдадні выезду прыехаў урэшце «адважна» Цвікевіч з Коўна. Горадзенскае беларускае грамадзянства зладзіла ў беларускім клубе развітальны банкет, на якім многа было сказана прыгожых слоў, многа надзеяў на будучыню. І нешта 20-га ці 21-га сакавіка я з Цвікевічам і яшчэ двумя працаўнікамі выехаў у Бэрлін.
Гэтым закончылася маё трохмесячнае жыццё ў Горадні.
Вільня, 23.111.1936 г. Пасля я даведаўся, што бальшавіцкі дзеяч інжынер Клыш (псэўд(анім) Карліб), добры беларус, з каторым я даволі часта сустракаўся падчас бытнасці ў Горадні ды каторы ўцягнуў у кампартыю Цярэшчанку (прапанаваў гэта і мне) быў арыштаваны палякамі ў Беластоку і там расстраляны. Аб здэмаскаванні яго апавядалі гэтак. Проці яго не было ніякіх доказаў, былі толькі падазрэнні. Дык вось, калі яго прывялі ў вастрог, пусцілі яго ў камеру, дзе ўжо сядзеў здэмаскаваны бальшавіцкі дзеяч. Клыш, які яго добра ведаў, думаючы, што ў чатырох сценах бяспечна можна гутарыць з таварышам, кінуўся да яго, сардзчна вітаючы. А тым часам праз «юду» за ім сачылі і прывітанне даказала супрацоўніцтва з Саветамі. Клыш, бязумоўна шчыры беларус, вёў сябе на ваенным судзе геройскі. Заявіў, што ён беларус" што згамаўся з акупантамі польскімі ў імя вызвалення Беларусі. Калі ж старшыня суда сказаў яму: «Jak pan, człowіek іntelіgentny, mógł pójść na drogę bolszewіzmu» [82]. Клыш адказаў: «Гэта вы зрабілі мяне гэткім». Калі яго прывялі на расстрэл, ён у апошні мамэнт крыкнуў: «Няхай жыве незалежная Беларусь!»