Думкі
апавяданне
Аўтар: Цішка Гартны
1909
Крыніца: Наша Ніва, 1909, №28-29 http://knihi.com/Ciska_Hartny/Dumki.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





Пасвячаю Якубу Коласу,

песняру народнаму


Я стаяў на вузкай-вузкай мяжы, абросшай рэдкай высокай травой; а абапал яе, крышку шырэйшыя за мяжу, цягнуцца мужыцкія шнуркі жыта. Круг-кругам - зялёнае, пекнае, як дарагі аксаміт, - мора зелені. Пахне нечым свежым, лёгкім!..

Пад самым недзе небам, чыстым, ясным, пяе-заліваецца рэзвы звонкі жаваранак, верціцца, як лёгкае пёрка ў паветры, і быццам весяліцца. Унізе ж над жытам цэлыя мільёны мошак, жучкоў, матылькоў!

Якая свабода, як лёгка!..

Чаму ж, нягледзячы на ўсё гэтае хараство, агарнулі мяне вялікія, цяжкія, вострыя думкі, каторыя разам заўладалі маю душу і сэрца? Я бязвольна схапіўся за галаву, апусціў яе к зямлі, прыплюшчыў вочы і пачаў думаць...

«Вось гэтыя палоскі, гэныя вузкія шнурочкі - гэта багацце мужыка; яны кормяць і гадуюць яго, сям'ю, даюць хлеб усяму свету. Гэта ж тая самая зямелька, палітая крывёй і гарачым потам мужыцкім, на каторай бачыў я сам, як леташняй восенню, хмурным, сумным днём, - калі сыпаў малюсенькі, дробненькі дожджык, што прамочваў суконную світку мужыка-хлебароба, наскрозь дабіраўся да яго потнага худога цела, пускаў па ім дрыготку, - калі к яго шырокім патрэсканым, апэцканым нагам прыліпала цяжкая, ліпкая зямля, - ён, гэны цёмны, гаротны мужык, цягнуўся разорай за плугам, каторы цягнула яго худая, змардаваная Буланка, - сцёбаў свайго супрацоўніка вернага канаплянай пужкай, панукаў яго і пяяў сабе пад нос нудную, жаласлівую песню, поўную слёз і гора!

Ці ж не можна было дагадацца тады па яго смутным, жоўта-зялёным касцістым твары, па яго сухіх жылістых руках, па ціхай, няспешнай паходцы - па ўсім гэтым ці ж не можна было дагадацца, што ён думаў тады?! Э, можна, дый лёгка! Пэўне, маўчалівы пакорны хлебароб стараўся чым найясней разгледзецца ў густой сетцы бесканечнай чарадой плыўшых дзён - смутных, марных, нез'яснёных! Што нясе яму хваля часу? Кожны дзень, кожная гадзіна нават ля яго невядомы... А мо ўся яго праца, уложаная ў гэту ніву, вырваўшая шмат жыцця і сіл, у адзін момант разам згіне, не вярнуўшы і крыхоткі адплаты за працу. Вось не перастануць ліць дажджы, затопіць вадой нівы, знясе насенне; уваб'е ў зямлю - і жытцо не ўзыдзе... А мо раннія замаразкі пашкодзяць?!. А мо так ні адсюль ні адтуль выпадзе град, паб'е яго ці бура паломіць - і ўсё прапала!.. Альбо згніе ад дажджу, пажаўшы, альбо згарыць, звазіўшы... А калі дабрыцо і падыдзе акуратна да канца, прадасі яго, каб толькі падаткі і нядоімку заплаціці! Ох! Нельга не плакаць, нельга не нудзіць! Брыдкае і дрэннае ты, жыццё мужыцкае, жыццё хлебароба! Мучыцца чалавек дый усё чакае, збедаваны, яшчэ горшае бяды! Жыве і не ведае, што яго спаткае заўтра, дзе ён будзе тады? Жыве і не жыве!..»

І разам я пакінуў думкі горкія, праўдзівыя думкі, падняў галаву, падняў вочы к небу і загледзеўся ў яго вышыню, у яго глыбіню, без дна, каб забыцца, што жыву я, чалавек, на зямлі, на гэтай грэшнай, заклятай зямлі, над каторай стопудовым молатам вісіць гнеў цяжкога лёсу - нядолі, таго страху, што сочыць цябе, каб падпільнаваць момант і разам схапіць цябе ў свае вострыя, жадныя зубы!..

І нудна, і горка, і цяжка!..

І кажаш ты, разувераны, хмурны, што няма спакою, шчасця на зямлі, - няма волі чалавеку ні ў горадзе шумным, ні ў мястэчку цішэйшым, ні ў вёсцы спакойнай, ні ў шырокім чыстым полі?..

(1909)