Дыбенкіяда
Артыкул
Аўтар: Алесь Гарун
1918
Крыніца: «Беларускі Шлях», 26 мая 1918, №51

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




  Цікавае з'явішча ўяўлялі з сябе пасяджэнні маскоўскага рэвалюцыйнага трыбуналу, які разглядаў справу быўшага «главкофлота» Дыбенка.

Незвычайны суд, незвычайныя сведкі, незвычайныя пракуратары і адвакаты. Праглядаючы адчоты аб справе, выносіш уражанне, што гэта дзеці, састроіўшы міны сур'ёзных людзей, робюць гульню ў«суд». Ведаеце, як дзеці:

— Ты, Пятрок, не так гаворыш, прадсядаталь павінен казаць так: «...»

— Што ты мяне вучыш? Я сам знаю, як на судзе робіцца, я бачыў сам.

— Ну, тоя не буду гуляць...

— І як сабе хочаш!..

І так далей, і так далей. А гульня ўсё ж такі не перастае, і «суд»ідзе сваім чарадом.

Там — так сама:

Штэйнберг, быўшы камісар юстыцыі, жаліцца, што выданая ім інструкцыя для рэвалюцыйных судоў саўсім не спаўняецца. — «У царскіх судах і то было лягчэй», — кажа ён і ў канцы, пасля доўгіх і частых спрэчак з маршалкам трыбуналу, заклікае да яго таварыскага спаўчуцця.

Маршалак аб'яўляе пастанову трыбуналу:

«Запрапанаваць абароне пакінуць параўнанне трыбуналу з царскім судом і на нетаварыскія стасункі не спасылацца».

— З табой гуляць нельга!

— Ну,то і не гуляй!

Але тое, на што хадзіла дзівіцца ў рэвалюцыйны трыбунал публічнасць, не было дзяцінай гульнёй. Гэта судзілася рэвалюцыйная Расія.

— А мяне, ведаеце, цікавіць ваша біяграфія, — кажа «вінавайца» Дыбенка.

— Мая біяграфія яшчэ наперадзе, — прэ «пракуратар» Крыленка на хлуслівае запытанне.

Крыленка абмыліўся: наперадзе ў яго ўжо няма біяграфіі. Уся яна асталася разгледжанай тутака, на гэтым «судзе Дыбенка», разам з біяграфіямі яго таварышаў па партыйнай і «дзяржаўнай» рабоце, пачынаючы ад глаўнага «наркамісара» Леніна і канчаючы тым матросам, каторага вывелі з публікі за неспакойнае ўтрыманне сябе ў часе дапросу Дыбенкі.

Гэта — біяграфія ўсёй расійскай рэвалюцыі, ад «прыказу № 1» да цяперашніх радыё, рассыланыхЛеніным.

Дыбенка не было за што судзіць. Гэта сімвал, а нерэальныя рэчы не павінны разглядацца кім бы то ні было.

Чудо ўсерасійскі «богатырь» матрос Дыбенка, усерасійскі «адданы пралетарыяту і рэвалюцыі», сляпы падпольны крот, «інтэлігент» партыі Крыленка не падлягаюць ні царскаму, ні рэспубліканскаму ні суду, ні рэвалюцыйнаму трыбуналу. Сучаснікі могуць быць проціў іх, могуць змагаццаз імі, а суд... падзеі ўжо выносяць над імі свой суд, зганяючы іх усіх пад адзін дах і змушаючы тамака займацца ўзаемнай грызнёй.

Бо хіба ж гэта, пры ўсёй сур'ёзнасці прыбраных на сябе мінаў, суд, а не грызня, старая камітэцкая, «таварыская»грызня, — тое, што рабілася ў трыбунале?

Хіба Крыленка, навекі слаўны адгэтуль у гісторыі Маскоўшчыны «главковерх», той самы, аб якім сведкі казалі яму ж у вочы, што ад яго: ваеннай свядомасці — «як ад казла малака», — хіба ён мог, меў маральнае ці якое іншае права магчы выступаць як пракуратар?

— Чаму я павінен за яго несці адказ? — пытаецца Дыбенка, пратэстуючы проці далучэння дакументаў аб некім Гадлеўскім, члене яго партызанскага аддзелу, каторы ўчыняў расстрэлы без суда. — Мала каго ён ні расстрэліваў? То ж і Духоніна забілі пры Крыленку. Ён жа не нясе адказу за гэтае забіўства?

Так, Крыленка фармальна не станавіўся вінавайцаю на гэтым судзе. Наадварот, выступаючы пракуратарам,ён скрупулятна стараўся давесці перад судом, што Дыбенка — вялікі праступнік. Усё знайшоў, усё ўспомніў, нічога не абмінуў. І спірт, і нядбаласць, і няўмеласць, і расстрэлы нявінных людзей і шмат яшчэ чаго іншага выцягваў на Божы свет «главковерх» з біяграфіі «главкофлота».

Але няхай заспакоіцца няшчасны«главкофлот»:

Не адзін ён адказываў на судзе. Разам з ім судзіліся ўсе яго быўшыя таварышы. Ён быў толькі адныміз раўнапраўных артыстаў у гэтай камедыі, на якую з рознымі пачуццямі на працягу некалькіх дзён дзівавалася не толькі Масква-сталіца і Масква-Вялікаросія, — дзівіўся ўвесь свет.

Тамака судзілася руская рэвалюцыя, пісалася біяграфія яе — цёмнай, п'янай, разбэшчанай, нелітасціва-зверскай, несправядлівай. Судзіліся кранштадскія «чудо-богатыри», судзіліся «идеологи революции» ад с.-р. да... Бог яго ведае каго, і асуджалася азіятчына, каторая, прыбраўшыся ў сацыялістычныя шаты, вылезла на гару, калі гістарычныя падзеі паскраблі крышачку скуру «высокой русской культуры», панаваўшай у расійскай дзяржаве.

Судзіўся не Дыбенка.

Судзілася «Дыбенкіада».

А асуджалася азіятчына.

А. Навадворскі