Засьвяціла цяпло...

Засьвяціла цяпло…
Верш
Аўтар: Янка Купала
1905—1907
Крыніца: http://rv-blr.com/literature/2663#887

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





Засьвяціла цяпло бляскам радасьці яснай,
Разбудзіла ўвесь сьвет ад зімовага сну;
Эх, напрасна віхор енча ў плоце, напрасна:
Бачым сьветласьць кругом, бачым сонца-вясну!

Як з вадзіцы сьвянцонай нячыстая сіла,
Паляцелі растаўшы і сьнег, і мароз;
Вясна холад змагла, вясна сьвет ажывіла,
Зь вясной меней на сьвеце і смутку, і сьлёз!

Ва ўсіх шчасьце на твары вясёлкай гуляе
Ды ахвоцідь да працы, да праўды сьвятой,
Невясёлыя думы і сны разганяе, —
Аж так хочацца жыць усяёю душой!

Аж так хочацца жыць і жывую надзею
Калыхаць у душы, думку сьніць аб адном:
Што вясна наша гора, як сьнег і завею,
Пахавае ў рацэ, спале сонца агнём!..

(1905—1907)