Звон
Верш
Аўтар: Змітрок Бядуля
1919
Крыніца: [1]

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Гулка бомкае звон. Ад зямлі да нябёс
Масянжовы пярун раздаецца:
Новы час настае, настае новы лёс!
Гэй, устань, каму кепска жывецца!

Зычна стогне мэтал, страшнай сілай грыміць,
Аж трасецца, аж рвецца паветра:
Аб каменьні ланцуг трэба біць, трэба біць!
Ў вольны сьвет выхадзіць трэба зь нетраў!

Медзь ня можа маўчаць, медзь шуміць, як віхор,
Шчыра кліча да шчасьця, да волі;
Хто ня пойдзе на кліч, той для шчасьця памёр,
Той навекі чужы ў сваім полі...

Звон, як песьня жняёў нашай раднай зямлі,
Па гушчарах нясе водгук мукі:
Хто гартуе свой дух, нібы сталь на агні,
Адзавецца душою на гукі.

Нібы вырай вясной зык плыве і плыве,
Звон аб славе бацькоў расьпявае,
Хлебаробаў зямлі Беларускай заве,
Жыватворчым агнём запаляе.

Не хаўтуры, ня шлюб і ня сьвята у нас,
Але клічам усіх мы пад вежу:
Гэй, ідзі, беларус, гэй, ідзі, ужо час
Бараніць свае родныя межы.

Свайму сонцу павер, сваім сілам павер,
Ты павер у магутнасьць народу!
Што за хвілю, за дзень адваюеш цяпер,
Не дадуць табе потым і годы!

Менск, 1919 г.