Зь беларускага палітычнага архіву

Зь беларускага палітычнага архіву
Некралог
Аўтар: Антон Луцкевіч
1924
Крыніца: Голас Беларуса. 1924. 23 сакавіка.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Падзел Беларусі, які цяперака існуе, прыводзе на памяць той мамэнт нямецкае акупацыі, калі праз усю нашу Бацькаўшчыну, моў стужка крывавая, праходзіла лінія ваеннага фронту. І тады, як цяпер, Заходняя Беларусь зь Вільняй была адрэзана ад Усходняе, і тады, як цяпер, дарога зь Вільні ў Менск была зачынена. Але паміж тагачасным і сучасным палажэньнем абедзьвюх паловаў Беларусі ёсьць і адна глыбокая розьніца: тады на ўсходзе афіцыяльна была йшчэ не Беларусь, а “Северо–Западный Край”, на Захадзе акупацыйная ўлада афіцыяльна прызнала правы беларускага народу, і ў Вільні расьцьвітала ідэя самастойнага дзяржаўнага будаўніцтва краю; цяпер, наадварот, Заходняя Беларусь афіцыяльна перахрышчана ў “Усходнія Землі”, або “Ўсходнія Крэсы”, і беларусы тут пазбаўлены ўсіх правоў, — а на ўсходзе йдзе фактычнае зьдзейсьненьне беларускае дзяржаўнае ідэі, ідзе будаваньне і аб’яднаньне Беларускае Рэспублікі.

Страніца гісторыі перавярнулася. І ў той мамэнт, калі беларускі работнік і селянін мазалістай рукой сваей упісывае ў кнігу сусьветнае гісторыі імя сваей Бацькаўшчыны як рэальна існуючай дзяржавы, аб’яднанай у братні саюз з суседзямі, — у гэты мамэнт гожа ўспомніць, якія ідэалы беларускага грамадзянства запісаны на папярэдняй, цяпер ужо пераверненай страніцы.

Мы бярэм стуль адзін дакумэнт, у якім мо найбольш ярка выявілася палітычная думка беларускага грамадзянства Віленшчыны і Горадзеншчыны ў часох нямецкае акупацыі. 25, 26 і 27 студня 1918 году ў Вільні адбылася беларуская канфэрэнцыя, якая аб’яднала ўсе існаваўшыя тутака беларускія палітычныя кірункі і групы. Канфэрэнцыя ня ведала йшчэ аб Усебеларускім зьезьдзе ў Менску, ня ведала аб зачатках тамака шырокае нацыянальнае і дзяржаўнае працы і не магла прыняць гэтых новых праяваў пад увагу. І вось зусім самастойна, апіраючыся ў першы чарод на чыста эканамічных падставах і пратэстуючы проці імкненьня Нямеччыны далучыць да свайго дзяржаўнага арганізму акупаваныя землі, канфэрэнцыя прыняла гэткую рэзалюцыю:

“Цьвёрда веручы, што толькі поўная дзяржаўная незалежнасьць можа забясьпечыць Беларускаму народу магчымасьць усестароннага эканамічнага і культурнага разьвіцьця і прынімаючы пад увагу:

1) што Беларуска–Літоўскія землі, незалежна ад лініі фронту, становяць суцэльны праўна–дзяржаўны і эканамічна–гаспадарчы комплекс, утвораны вякамі як з прычыны супольнай дзяржаўнасьці, у пастаці незалежнага В. Кн. Літоўскага, так і з прычыны геаграфічных варункаў, супольнай сыстэмы дарог — чыгунак, рэк, шасэ і т. п. і супольнай таргова–прамышленай арганізацыі;

2) што агульныя эканамічныя варункі жыцьця краю вымагаюць свабоднага доступу да мора, сыстэма ж дарог і рэк зьвязывае яго асабліва з портамі Балтыцкага мора праз Курляндыю;

3) што пры сучасных варунках жыцьця народаў толькі адбудова ўтрачанай дзяржаўнасьці злучаных ў адно Беларуска–Літоўскіх зямель можа забясьпечыць нашаму краю і яго народам магчымасьць свабоднага і ўсестароннага разьвіцьця;

4) што ўсе акупаваныя Беларуска–Літоўскія землі становяць аснову колішняга незалежнага В. Кн. Літоўскага, каторае ўжо пры сваіх нарадзінах складалася з двух народаў: літоўскага і беларускага, сабраўшыяся на канфэрэнцыю ў Вільні 25.1.1918 г. прадстаўнікі беларусаў з акупаванай часьці краю, апіраючыся на апавешчаным дэмакратыяй і прызнаным ужо ўрадамі прынцыпе самаазначэньня нацыянальнасьцей, высказаваюць дамаганьне, каб Беларуска–Літоўскія землі акупацыі станавілі незалежную сувэрэнную дэмакратычную дзяржаву, зложаную зь дзьвёх аснаўных аўтаномных нацыянальных тэрыторый: Беларускай і Літоўскай, у найцясьнейшай еднасьці зь незалежнай Курляндыяй — з тым, каб правядзеньне ў жыцьцё гэтых дамаганьняў належала да скліканага ў Вільні на аснове агульнай, простай, тайнай, беспасярэдняй і прапарцыянальнай падачы галасоў паводле нацыянальных курый Устаноўчага Сойму Беларусі і Літвы.

Канфэрэнцыя горача жадае, каб — у імя права на непадзельнасьць беларускага народу, разрэзанага лініяй фронту, і ў імя еднасьці ўсіх Беларуска–Літоўскіх зямель — да памянёнай гасударственай арганізацыі, заўсёды станавіўшай ядро В. Кн. Літоўскага, была далучана і рэшта Беларускіх зямель, як часьць да цэлага. У мысьль гэтага Канфэрэнцыя зьвяртаецца да зарубежных беларусаў з гарачым прызывам супольне дабівацца спаўненьня памянёныx дамаганьняў.

Канфэрэнцыя заяўляе, што яна не прызнае за голас Літоўска–Беларускага Краю пастаноў Літоўскай Рады[1] і не прынімае на сябе выданых ею палітычных абавязацельств”.

Як бачым з гэтае рэзалюцыі, беларускія палітычныя дзеячы шэсьць гадоў таму назад спадзяваліся, што будаваньне беларускае дзяржаўнасьці распачнецца на Захадзе — і то ў сувязі зь літоўскім народам, а такжа ў цесным аб’яднаньні з латышамі. Віленскія беларусы працягівалі сваю руку зафронтавым братом, заклікаючы іх да напружаньня ўсіх сіл, каб дружным напорам зламаць той мур штыхоў, які нас тады дзяліў.

За шэсьць гадоў зрабіліся, аднак, такія вялізарныя перамены ў жыцьці Заходняе і Ўсходняе Беларусі, што роля іх у агульнанацыянальным беларускім жыцьці рэзка зьмянілася. Ужо ў сакавіку таго ж году Рада Рэспублікі ў Менску на гістарычным сходзе сваім (25 сакавіка) абвяшчае незалежнасьць усяе Беларусі, і ў гэтым акце прымае ўчасьце прадстаўніцтва Заходняе Беларусі, на мамэнт аб’яднаўшаеся з Усходам. А 1 студня 1919 году за будаўніцтва сваей дзяржавы — Радавае Беларусі — бяруцца беларускі работнік і селянін, і на нашых вачах расьцьвітае вялізарная творчая культурная і дзяржаўная беларуская праца, вынікам якое зьяўляецца апошняе далучэньне да менскага цэнтру Віцебшчыны, Смаленшчыны, Гомельшчыны.

Дзяржаўная ідэя рэалізуецца не на Захадзе, а на Ўсходзе. І супрацоўнічаюць зь Беларусяй не Літва і Латвія, а Вялікарасея і Ўкраіна.

Цяпер ужо Ўсходняя Беларусь заклікае да аб’яднаньня Заходнюю. Але, хоць аўтары прыведзенае рэзалюцыі віленскае канфэрэнцыі памыліліся ў разьвязцы пытаньня, каму выпадзе на долю рэалізацыя беларускае дзяржаўнасьці, — іх эканамічныя падставы і разважаньні ня страцілі сваей аб’ектыўнай вартасьці. Бо “агульныя эканамічныя варункі жыцьця” як Заходняе, так і Ўсходняе Беларусі ў роўнай меры “вымагаюць свабоднага доступу да мора, сыстэма ж дарог і рэк зьвязывае яе асабліва з портамі Балтыцкага мора”.

Гэтыя варункі і надалей будуць прымушаць беларускую дзяржаўную думку ісьці па шляху, вызначанаму шэсьць гадоў таму назад.

Тут гожа будзе адзначыць дужа цікавы паварот у паглядах палітыкаў суседняга з намі і братняга нам Літоўскага народу. Прыведзеную рэзалюцыю тагачасныя кіраўнікі літоўскае палітыкі ў Вільні (за часоў нямецкае акупацыі) сустрэлі наагул непрыхільна. І гэта лёгка зразумела: трэба толькі прыпомніць, што гэта быў час закладзін літоўскае нацыянальнае дзяржавы, і нацыянальная гордасьць літвінаў выключала думку аб сувязі з другім народам. Але колькі гадоў дзяржаўнага жыцьця Літвы паказалі, што на аднэй толькі нацыянальнай падставе, не ўважаючы на эканамічныя вымогі жыцьця, вельмі трудна і рызыкоўна будаваць дзяржаўную арганізацыю. І вось у ковенскай газэце “Lіetuvos Žіnіos” мы ў апошніх часох сустракаем дужа характэрныя выступленьні паважных палітыкаў, якія зусім выразна гавораць аб Літоўска–Беларускай Фэдэрацыі...

Запраўды, часамі ня шкодзе пакапацца ў пыле архіваў: нават з палітычных абмылак мінуўшчыны можна выцягнуць карысьць — навуку для будучыні.

  1. Тарыбы