З усходніх загонаў: Літаратурны агляд

З усходніх загонаў: Літаратурны агляд
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
24.ІX.1928
Крыніца: Беларускі каляндар на 1929 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Так блізка і так далёка ад нас сягоньня — Менск! Так трудна пераступіць праз той гранічны кардон, якім разрэзана Беларусь на Ўсходнюю і Заходнюю...

Ня дзіва, што да нас гэтак мала даходзіць вестак аб творчай працы нашых усходніх братоў. А праца там — ідзе, творацца новыя цэннасьці навукі й мастацтва, якім нам тут прыходзіцца шчыра пазайздросьціць. Бо ж цэнтрам адраджэнскага руху ўжо даўно — пасьля Вільні — стаўся Менск.

У Менску сяньня працуюць і твораць: і Янка Купала, і Якуб Колас, і Зьмітрок Бядуля, і Цішка Гартны, і Максім Гарэцкі, і Янук Журба, і Гурло, і Чарнышэвіч, і блізу ўсе тыя нашы песьняры Адраджэньня, якія да сусьветнае вайны імкнуліся да віленскага цэнтру. Дык ня дзіва, што тамака мы мусім бачыць наш беларускі Парнас, што ён так цікавіць і захоплівае ўсіх, хто цікавіцца роднай літаратурай, — тым болей, што — побач з старымі нашымі пісьменьнікамі — на ўсходніх нашых загонах густа разросься й наш літаратурны «маладняк».

Да нас дайшла жменя выданьняў, твораў маладога пакаленьня беларускіх песьняроў з Усходу. Вось і пастараемся даць хоць зусім беглы агляд гэтых твораў, засьцерагаючыся, што наш агляд абыйме адно толькі тое, што папала ў нашыя рукі ды выдана было йшчэ ў 1925—[19]26 гг.

Але перш чым прыступіць да разгляду творчасьці кожнага з нашых маладых пісьменьнікаў, трэба прынамся ў некалькіх словах сказаць аб арганізацыі саюзу пад назовам «Маладняк», сябрамі якога — побач з соткамі другіх — зьяўляюцца нашы аўтары.

Карыстаючыся справаздачай з паседжаньня пленуму Цэнтральнага Бюро Усебеларускага Аб’яднаньня Паэтаў і Пісьменьнікаў «Маладняк» (21—23 сакавіка 1925 г.), можам тут сьцьвярдзіць, што «Маладняк» заснаваўся з тэй мэтай, каб «ідэі матэрыялізму, марксізму й ленінізму ажыцьцёвіць у беларускай мастацкай творчасьці». Разумеючы, што літаратура, твораная тэй ці іншай клясай, адбівае ідэалёгію гэтае клясы і зьяўляецца магутнай сілай у барацьбе за яе інтарэсы, «Маладняк» імкнецца да таго, каб беларускую літаратуру выкарыстаць дзеля мэтаў рэвалюцыйнага пралетарыяту: «калектывам і праз калектыў, арганізаваным шляхам, пры таварыскай узаемадапамозе» імкнецца ён — «да апанаваньня літаратурай». Ясна, што, маючы на мэце правадзіць празь літаратуру ў жьцьцё ідэі й лёзунгі новага сацыяльнага ладу, створанага на Ўсходзе Рэвалюцыяй, «маладнякоўцы» мусяць імкнуцца да таго, каб: 1) пранікнуцца ідэалёгіяй камунізму (і дзеля гэтага пільна прыслухаюцца да клічаў і дырэктываў Камуністычнае Партыі) і 2) каб апрацоўваць формы літаратурных твораў, якія б зрабілі гэтыя творы зразумелымі й даступнымі працоўным масам.

Ня будзем тут гаварыць аб першым «каб»: у нашых варунках жыцьця на гэту тэму пісаць даволі трудна. Адзначым толькі, што ў кожным із зборнікаў вершаў «маладнякоўцаў» знойдзем прынамся некалькі вершаў, пасьвячоных Рэвалюцыі і рэвалюцыйным падзеям, — вершаў, зьместу якіх ня можам нават пераказаць дзеля цэнзурных прычын... I хоч-ня-хоч мы мусім пакінуць без разгляду добрую палову твораў, якія нам удалося дастаць. Затое больш пэўна можам разглядзець, як выпаўняецца другое «каб».

Сярод атрыманых намі маладнякоўскіх выданьняў у харошанькіх вокладках — на ўзор слуцкіх паясоў — маем творы Міхася Чарота («Выбраныя вершы»), Уладзімера Дубоўкі («Трысьцё»), Алеся Дудара («Беларусь бунтарская», «І залацісьцей і сталёвей»), А. Александровіча («Па беларускім бруку», «Прозалаць»), Анатоля Вольнага («Чарнакудрая радасьць»), Язэпа Пушчы («Vita»), Язэпа Падабеда («Вершы»), Уладзімера Хадыкі («Суніцы»), Крапівы («Асьцё»), З. Бандарынай, Н. Вішнеўскай і Я. Пфляўмбаўм («Вершы»). Пачнём — з найвыдатнейшых зь іх, якімі бясспрэчна зьяўляюцца: Чарот і Дубоўка.

Чарот ужо ведамы нашай чытаючай публіцы сваей паэмай «Босыя на вогнішчы» (гл. аб ёй у ст. Ант. Навіны «Новае ў беларускай паэзіі» ў зборніку «Заходняя Беларусь», Вільня, 1923 г.). Чарот выяўляе ў творах сваіх перадусім настроі зварухнуўшыхся ў часе Рэвалюцыі і барацьбы за захаваньне дасягненьняў яе народных масаў. У «Выбраных вершах» ён пяе аб аднэй з найцікаўнейшых праяваў масавага руху — аб руху моладзі. Цэлы рад вершаў пасьвячоны тут «Маладняку» і маладнякоўскім настроям — буйным, бунтарскім, барацьбяным. Бо Чарот правільна ацэнівае ролю моладзі — тэй сілы, ад якое залежыць будучыня народу. Глыбокую веру ў творчыя сілы моладзі высказывае тут Чарот («Маладняк», «Зарунела, зарунела...») і з гэтай верай «плыве к прыгожа-сьветлай далі». З краіны суму й тугі, якой была калісь Беларусь, яны там — на Усходзе — ужо зрабілі «пералёт у новую краіну» («Чырвоныя вясьнянкі»). I з душой, поўнай радасьці, Чарот агартае вачыма душы родную вёску сваю і ў гэты мамэнт забывае аб палітычных лёзунгах ды клічах, пяючы ў тон старэйшым нашым песьняром («Сенажаці і полі асьнежаны», «Балотам сьнежным праз сасоньнік» і інш.), розьнячыся тут ад іх хіба толькі сваім радасным настроем. Чарот — бясспрэчны мастак формы: яна ў яго заўсёды лёгкая, заўсёды жывая і запраўды зразумелая масе, хоць вершы Чарота выдаюцца часамі груба высечанымі, і рытміка ў яго дапускае «вольнасьці», якіх мы не сустракалі ў старэйшага пакаленьня песьняроў беларускіх.

Чарот — расплываецца, расьцярушываецца ў вясёлай, жыцьцярадаснай грамадзе маладнякоўцаў. Ён — найбольш здольны й найбольш тыповы сярод іх. Ён жыве разам зь імі — супольным жыцьцём, супольнямі імкненьнямі, супольнымі радасьцямі. Не такі — Дубоўка.

Дубоўка не дарма займае асаблівае становішча на ўспомненым паседжаньні пленуму «Маладняка», калі йдуць спрэчкі аб кіраўнічай лініі «Маладняка». Ён — індывідуаліст. Ён пачувае сябе адзінокім («Можаце лаяцца»); ён захоплены йшчэ «тугой і жалобай», ад якой ня здолеў вызваліцца ў жыцьці, і затым і вырываюцца ў паэты такія словы — прызнаньне свайго бясьсільля ў буднай барацьбе:

Буду ў песьнях жыць і гарэць!

(«Кляновыя лісты»)

Чым жа жыве наш пясьняр, што складае зьмест ягоных вершаў? Быццам пэрлы, што блішчаць сваім белым сьвятлом, перасыпае Дубоўка прыгожыя словы, і яны сыплюцца спаміж пальцаў ягоных у сярэбраную чару і дзылінкаюць нейкую мэлёдыю. Якую? Разабраць трудна. I аб чым пяе паэта — гэтаксама. Гэта спляценьне чыста індывідуальных настрояў — ледзь ухопных, недайшоўшых мо й да паэтавае сьвядомасьці. Нешта з краіны — падсьвядомага.

Мімаволі насоўваецца пытаньне: ці маса зразумее яго? Ці мо смакаваць толькі будуць хараство ягоных беспрадметных летуценьняў-сноў людзі выбраныя — з асабліва чулай душой? — Хутчэй апошняе. Бо і сам аўтар «Трысьця» кажа:

У душы паэты чорт зламае карак!

(«Ты руку сваю забінтавала»)

Скуль жа бярэцца ў Дубоўкі тая «туга й жалоба», якое ня можа перамагчы радаснасьць і сонечнасьць маладнякоўскае братвы? У вершах ягоных чуецца вялікая туга рабочая, што з поля йдзе ад цяжкое працы («Пачынаецца з-пад хмар вандроўных»). I туга «душу яго закасала» («Нават мора зьмяніла свой колер»), калі пабываў на магілцы Максіма Багдановіча, з твораў якога так часта чарпае натхненьне. I хоць піша Дубоўка:

Дык журбу — на вір прадонны,

дык тугу — на ніцы лозы!

Шлях наш бойны, шлях наш торны,

і імпэту засталося,

але чуецца ў ім нейкая рэзыгнацыя, калі ў тым жа вершу чытаем:

Будзем думкі рытмам песьціць;

што загіне — то загіне...

(«Абяруч прыціснуў скроні»)

Тое, што мінае, тое, што гіне й ня вернецца ізноў, тое, што ён перажыў, як сон чароўны, — гэта як быццам у няволі дзержыць душу песьнярову. I ўвесь ён расплываецца ў успамінах — з жалем і тугою — аб тым, што мінула ў ягоным асабістым жыцьці («Што складаць...»), бо «заўсёды заўтрашняе наша — рэбус» («Над шляхам пыл»).

Але гэта ўсё — перажываньні асабістыя, індывідуальныя, якія не перашкаджаюць паэце верыць у сьветлую будучыню сваей Бацькаўшчыны-Беларусі. Сумны настрой спараджае ў паэты жыцьцё ў чужыне (у Маскве), дзе яго пакідае «чараўнічая песьня». Але, — верыць паэта — як ён «вернецца на Беларусь», дык і — «песьні чараўніцы прылятуць ізноў» («Дзяўчына»). Тыя песьні, што пяюць дзяўчаты на родных загонах; тыя песьні нашага народу, што выяўляюць такі вялікі ўплыў на ўсю творчасьць Дубоўкі, каторы ўмее цаніць іхняе хараство і пазычаць зь яго скарбаў таксама, як рабіў гэта Максім Багдановіч.

Глыбокай любоўю веець ад радкоў вершаў Дубоўкі кожны раз, як ён успамінае Беларусь. Дзесь — у чужыне — ён адсоўвае ад сябе дзяўчыну-красуню, што «нафарбавала вусны», бо — «дзяўчына ня наша»! I вера ў Беларусь — апраўдываецца: бо зьдзяйсьняецца ўжо на Ўсходзе прароцтва паэтава, што

Прыйдзе некалі гэткі дзень,

калі ПРАЦА наўкол запануе,

калі будзе НАМ пожня ірдзець,

бо там ужо «унівэрсытэт далі» — жабраку, і «новыя словы, новыя рытмы поўнай жменяй жыцьцё дае» («Студэнт»).

Не зачапляючы — дзеля паданых напачатку прычын — вершаў на сацыяльныя тэмы, адзначыць трэба хораша апрацаваную легенду аб Брагіне («Бра-гінь»).

Але пяройдзем да наступных аўтараў, аб якіх у нас, у Заходняй Беларусі, ніхто йшчэ ня чуў. Усіх іх злучаюць адны настроі, адны пачуцьці: бо пазналі яны Радасьць Жыцьця, радасьць ад таго, што яны ёсьць — «Sumus!» Мы — ёсьць. Мы — кожын з нас, кожын «Я». Мы — працоўная грамада. Мы — народ Беларускі. Мы — Беларусь, ці то вольная, ці йшчэ пад’ярэмная.

Найбольш тыповы сярод іх, найбольш характэрны — Алесь Дудар. I ў ягонай «Беларусі бунтарскай» на першым месцы чытаем верш «Я малады», які выясьняе прычыну бунтарства: яна — зьмешчана ў двух словах загалоўку ўступнага вершу. На гэтай магутнай, жыцьцярадаснай сіле моладасьці і грунтуецца з большай пэўнасьцяй аб’яднаньне маладнякоўскіх сіл, чым на праграмах і партыйных дырэктывах...

Моладасьць больш, чым які іншы век, верыць у заўтрашні дзень, і нашаму аўтару «пазірае з Усходу заўтра» («Паўстанец»). Бо тэй Радасьці, якую родзе ў маладых душах бурлівае жыцьцё, нішто забіць ня можа:

Ня зьвяжаце радасьці путамі!

(«Закуты Захад»)

кажа Дудар — зусім таксама, як апяваў Уладзімер Жылка «Радасьць велікодную» ў сваім «Уяўленьні».

Дудар цікаўна малюе той мамэнт, калі маладыя беларускія сілы — у выніку перастройкі ўсяго жыцьцёвага ладу на Ўсходзе — цэлай хваляй памкнуліся да места — па навуку:

На навуку пайшлі ў атаку

Дзеці палёў і заводаў.

(***)

Але, зь пераходам у места, «дзеці палёў», хоць і зьліліся ў вадну грамаду з «дзяцьмі заводаў», усё ж не забыліся аб вёсцы. І сам паэта ўдзяляе мясьцінку «Вясковаму», і чуецца ў яго шчырая любоў да сялянства й ягонага жыцьця, у якое — «прыйшлі дзянькі вясёлыя». Глыбокая вера ў сілу працоўных — вось характэрная рыса маладнякоўцаў наагул і Дудара ў гэтым ліку:

Ані ў сон, ані ў чых ня веру я,

Толькі веру я ў сваю руку...

— руку працоўную.

Пачэснае месца ў Дударовым першым зборнічку «Беларусь бунтарская» займае вялікшая рэч «З паэмы 1920 году». Твор гэты вельмі напамінае Чаротавых «Босых на вогнішчы», толькі тая ж тэма апрацавана ў яго ня гэтак арыгінальна й ня гэтак цікаўна, як у Чарота. Паміж іншым, гожа тут адзначыць летуценьні гэтага сына Ўсходняе Беларусі аб... Вільні!

Другі зборнічак вершаў Ал. Дудара — «І залацісьцей і сталёвей» — гэта ўжо пераход ад «пэрыяду бур і навальніц» да спакойнага будаваньня жыцьця роднае краіны, аб якой Дудар у парыве любві да яе пяе:

Старана ты мая, старана!..

Для цябе і жыць і загінуць...

(«Вецер з поўначы»)

Запраўды, загінуць — дужа лёгка, але жыць і тварыць — цяжэй. I паэта, назаўтрае пасьля перамогі ў барацьбе за новы лад, кліча:

Не спыняцца, а далей ісьці

Да жыцьця, да радасьці і песьні.

І хоць мо «сягоньня» акажацца для паэты «апошняй мяжой», ён не губляе свайго

жыцьцярадаснага настрою, бо

Заменяць лепшыя заўтра нас!

Учытываючыся ў вершы Дудара, прыходзіцца сьцьвярдзіць, што — пры ўсей ягонай грамадзкасьці — перажываньні і парываньні ў яго маюць ярка выражавы індывідуальны характар. Але гэты індывідуалізм ня б’ецца з грамадзкасьцяй.

I ў гэтым другім зборнічку — мо йшчэ больш, чым у першым, — вёска бярэць сваё: Дудара заварожылі хараством сваім «сьцежкі васільковыя», аб якіх ня можа ён забыцца і ў горадзе.

Адзін з апошніх вершаў — «Песьня недапетая» — асабліва характэрны для гэтага прадстаўніка «Маладняка»: у ім бачым гатоўнасьць самазьніштажэньня, абы толькі

Распыліцца ў радасьці!

Нягледзячы на высокае падчас хараство Дударовых вершаў, выбраная ім форма неяк мала адпавядае другому «каб» маладнякоўскае праграмы: тут многа непанятнага — перадусім для вёскі. Дый наагул здаецца, што аўтар і сам не здае сабе справы з зьместу сваіх настрояў, і яны — гэтыя настроі — часта як быццам ператвараюцца ў вершы, абмінаючы сьвядомасьць і крытыцызм тварца вершаў («Зьвініць прасторамі туга»).

Цікаўны падыход да творчасьці ў аўтара зборнічку вершаў пад загалоўкам «Vіta» Язэпа Пушчы. У прадмове да зборнічку, тлумачачы ягоны вазоў, Пушча піша, што — на ягоны пагляд, падзяляны зь ім і Чарнушэвічам, і Бабарэкай, — чарговае заданьне беларускае літаратуры — даць «сынтэз, стройную сугучнасьць рамантызму жыцьця зь яго рэалізмам», і гэта й мае выражаць слова «Vita» — жыцьцё — «вітаізм». «Нам думалася, — піша Пушча, — што ў гэтую новую квадру індывідуальнасьць паэты павінна быць пастаўлена ў спрыяючыя ўмовы разьвіцьця, але разам з тым у ёй павінны жыць ідэалы і імкненьні калектыву і той шлях, які вядзе ў сьветлае заўтра — да сацыялізму».

Нягледзячы на туманнасьць створанага паэтай тэрміну «вітаізм», можна сказаць, што зьместам сваім зборнічак не выходзе па-за рамкі маладнякоўскага кірунку, паскольку судзім аб ім не паводле твораў, а — паводле праграмных дэклярацыяў «Маладняка».

Чатыры аддзелы ў зборнічку: Жыцьцё, Мэлёдыі, Сугучнасьць, Нашы дні. У «Жыцьці» — задору маладняцкага многа, — гэтак многа, што паэта абвяшчае вайну... жыцьцю — зь ягонымі «суровасьцяй і законам». I зусім паважна заяўляе Пушча, што ягоная «душа ня хоча быць званком» — «і рогату, і плачу» жыцьця. Мо яно й укладаецца ў тэндэнцыю маладнякоўцаў будаваць нешта зусім новае ў жыцьці (згодна зь іх сацыяльнай ідэалёгіяй), — але ж лішне ўжо не жыцьцёва выракацца ўплыву жыцьця на душу і творчасьць песьнярову!.. I, нягледзячы на заяву Пушчы аб тым, што ягоная душа «ня любіць фальшы камэртонаў», іменна нечым «робленым» веець ад ягоных вершаў. Мала ў іх і «мэлёдыі», і «сугучнасьці». А часта ўжываны Пушчай, як і шмат кім з маладнякоўцаў, трыялет — чужы нашай народнай паэзіі і дагэтуль мала карыстаны нашымі карыфэямі літаратуры, — толькі ўзмацняе ўражаньне «робленасьці» вершаў Пушчы. I толькі лічаныя зь іх — як, да прыкладу, вельмі харошы вершык «Непагодай» — сваей музыкальнасьцяй прабіваюць сабе дарогу да нашага пачуцьця, выклікаюць ваганьне ў ёй камэртону — у тон паэце.

Шмат цікавейшы — Анатоль Вольны, які ў сваім зборнічку пад загалоўкам «Чарнакудрая радасьць» — зьмяшчае на першым месцы свайго «Кастуся Каліноўскага». У чатырнаццацёх песьнях аўтар у даволі прыгожых вершах дае цікаўнае прадстаўленьне духовае істоты Каліноўскага, безумоўна праўдзівае па сутнасьці, хоць і высказанае чужой Каліноўскаму, сучаснай нам рэвалюцыйнай фразэалёгіяй.

Многа шчырага пачуцьця ўлажыў аўтар у верш свой «Мне і тут безь Беларусі цесна», які выяўляе ягоныя думкі на Каўказе, дзе ён лечыцца разам з цэлай дружынай зваленых жыцьцём байцоў. Ужо самы назоў гавора аб настроях паэты, аб ягонай любві да роднага краю. I не дарма канчае свой зборнічак Анатоль Вольны гэткімі радкамі:

Чарнакудрая радасьць аколіцы,

Васільковых напеўных палёў

— тых палёў на Беларусі.

Апошні ўспомнены верш свой Анатоль Вольны пасьвячае Андрэю Александровічу. Маем у рукох два зборнічкі апошняга, дык з чароду пяройдзем да іх.

«Па беларускім бруку» і — «Прозалаць».

Александровіч бясспрэчна мае талент, які мусіць расьці й разьвівацца. Але й сягоньня ён дае рэчы безумоўна цэнныя.

Цікаўна ў ім перадусім тое, што ён у сваіх вершах стараецца даць — рытм места, рытм жыцьця і працы ў мескіх фабрыках і заводах. I дае яго гэтак, што адгукаецца душа на ягоныя абразкі жыцьця працоўнага места, і ўстаюць уваччу адбіткі нечага знанага, некалі бачанага й перажыванага... А тое ў ім новае, што «брук», па якім ступае паэта, — ужо беларускі, якім і быў прад вякамі, і на гэтым беларускім бруку выяўляюцца рэзкія сацыяльныя кантрасты.

Александровіч добра ведае тэхніку вершу й «будуе» яго паводле розных формаў — то ў пастаці шасьціпраменнае зоркі, то трыкутніка, ды ўзнаўляе розныя старыя, даўно прызабытыя «кунстшцюкі».

Маючы ў сабе ўсе характэрныя рысы маладнякоўца, ён выдзяляецца сярод сваіх калегаў шмат больш стараннай апрацоўкай сваіх твораў.

Уладзімер Хадыка даў зборнічак «Суніцы» — ад назову першага вершыку. Яго мо больш, чым іншых таварышоў ягоных, захоплівае прырода й вёска, і гэтымі ён бліжэй да старэйшага пакаленьня нашых песьняроў. I хоць зборнік канчаецца вершам з такім красамоўным загалоўкам: «Хлопцы, дуй!», які складае дань новым настроям, усё ж дух у яго — дух вяскоўца, і туга палёў нашых неадступна сьцелецца па сьлядох ягоных.

Наадварот, у Язэпа Падабеда («Вершы») больш адбіваюцца новыя настроі, але настроі гэтыя менш узварушаюць ягоную душу — пэўне ж гэтаксама зьвязаную неразрыўнымі ніцямі зь вёскай: прынамся ня чуецца ў ім гэткае натхнёнасьці, як у папярэдніка, і форма вершу не ўзьнімаецца на вялікшую вышыню.

Не будзем тут затрымлівацца даўжэй над «Асьцём» вострага сатырыка Крапівы: і псэўданім ягоны, і назоў зборнічку самі за сябе гавораць. Затое адзначым адну вельмі прыемную праяву, якой зьяўляецца зборнічак вершаў трох маладых пясьнярак: З . Бандарынай, Н. Вішнеўскай і Я. Пфляўмбаўм.

Наша паэзія мае надта мала жаноцкіх іменьняў. Апрача Цёткі ды Буйлянкі — бадай нікога больш з жанок ня бачылі мы на нашым адраджэнскім Парнасе. Дык тым прыямней адзначыць уваход на Парнас беларускі гэтых трох паэтак. Праўда, ад ацэнкі іхняе творчасьці (ведама, у маладнякоўскім духу) мы мусім сяньня ўстрымацца, бо лішне мала маем матэрыялу дзеля гэтага. Але спадзяемся, што яны і самыя пойдуць яшчэ наперад у сваім мастацкім разьвіцьці, і павядуць за сабой цэлы рад новых пясьнярак.

Заканчываючы гэты наш пабежны агляд паэтыцкае творчасьці на нашых Усходніх Загонах, адзначаем яшчэ раз, што матэрыялы нашыя адносяцца выключна да 1926 году, у малой частцы такжа — да 1925. Што зроблена там на гэтай ніве за 1927 і 1928 гг. — ня ведаем[1]. Але спадзяемся, што той маладняк, які гэтак дзёрзка шыбануў уверх на задзірванелым за час вялікае вайны полі беларускім, разрасьцецца борзда ў густы гай, шумы якога высьпяваюць нам багата песьняў, дадуць шмат цэннасьцяў і паважна ўзбагацяць імі нашу літаратуру.

  1. Лічым сваім абавязкам адзначыць утварэньне ў Менску за апошнія гады новага згуртаваньня паэтаў і пісьменьнікаў — «Узвышша». Сярод сяброў яго — рад паважнейшых працаўнікоў на ніве беларускае паэзіі, але прац іх яшчэ ня маем.