Казкі (1923)/Якая-ж тут сумлеўка

Каралеўская вопратка Якая-ж тут сумлеўка
Казка
Аўтар: Ганс Крысціян Андэрсен
1923 год
Арыгінальная назва: Det er ganske vist! (1852)
Пераклад: Вацлаў Ластоўскі
Гордая іголка

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЯКАЯ-Ж ТУТ СУМЛЕЎКА!

—„О, страшэныя рэчы! Страшэныя рэчы!“—горача крычала адна курыца.

—„Няўжо-ж вы нічога ня ведаеце?“

—„О, Гэта страшэнная, рэч! У нашым птушынцы здарылася прыгода… Я проста звар‘яцець гатова! Нават спаць не магу! Шчасьце яшчэ, што я не адна на курасадні! Ах, мой Божа! Дык вы нічога ня ведаеце?!“

І яна пачала апавядаць дрыжачым голасам. Тое, што яна апаведала, зрабіла на ўсіх такое ўражаньне, што ў шмат каторых курыц нават пёры натапырыліся ад жаху, а певень пахіліў свой грэбень і глыбока задумаўся.

—„Няўжо-ж гэта праўда?“—ўскрыкнулі куры—„Няўжо? Няўжо?“

—„О, гэта шчырая праўда!“—адказала пераказчыца: — „Якая-ж тутака можа быць сумлеўка!“

Але, паслухайце, што здарылася ў курынцы,

Раз, вечарам, як усе куры паселі на курасадню, адна курка-каратканожка, вельмі прыстойненькая і зусім добра сябе вёўшая, перад тым як заснуць, паскрабла сябе каля шыйкі і ў яе выляцела адно пёрачка.

—„Бач, ляціць,“ сказала курка, ўзіраючыся на сваё падаючае пёрка.

—„І чым я болей скрабуся, тым прыгажэй выглядаю!“ — весела дадала яна і спакойна заснула. Яна-ж была саўсім добра сябе вёўшая курка.

Нейкі час у курніку ўсё была спакойна. Хто ціха спаў, хто толькі зьбіраўся драмаць. Курыца, што сядзела побач з вясёлай куркай, каторая згубіла адно пёрка, таксама гатова была задрамаць. Гэта была спакойная курыца, яна ўсіх запэўняла, што не мае нораву ўлазіць у чужыя справы, што ня зносіць плётак і больш за ўсё любіць супакой душы.

Пачуўшы, што сказала вясёлая курка, яна доўга маўчала, але, ўрэшце ня вытрывала і зьвяртаючыся да суседкі сваёй мовіла:

—„Чула, васпаня, аб чым тутака гавораць маладзейшыя? Я, ведама, не пераношу плётак але павінна сказаць толькі адно: тутака, паміж намі ёсьць курыца, каторая каб падабацца пеўню, хочэ выдзерці сабе ўсе пёры. Як вашэці гэта падабаецца, га? Каб я была на мейсцы пеўня — дык грэбавала-бы падобнымі курамі.

І да глыбіны абураная яна заварушылася на мейсцы.

Якраз на тую пару трапілася, што над катухом сядзела старая сава са сваім мужам і дзяцьмі.

Пачуўшы, што казала курыца,—а ў савы, ведама, вушы вельмі чуткія, яна прыплюшчыла вочы і махаючы крыльлямі, зашаптала: „Ня слухайце! Там кажуць страшныя рэчы! Ну, падумайце толькі, тутака ёсьць гэткая безсаромлівая курыца, што дзярэ з сябе ўсе пёры, прост перад пеўням. Так, так, я чула гэта сваімі ўласнымі вушамі.“

—„Ч-ш-ша! Не кажы гэтага пры дзецях“, — сказаў сава-бацька.

—„Я разкажу гэта толькі суседцы, саве, што жыве тутака ў другім панадворку. Ёй абавязкова трэба гэта расказаць“.

І доўга не мяркуючы яна разтапырыла крыльлі і паляцела ў суседні панадворак.

—„Гугу-у! Гугу-у!“—закугакалі совы, зьвяртаючыся да галубоў, якія сьціхамірна спалі ў сваей галубоўні.

—„Слухайце, слухайце, якая страшная рэч! Адна курыца, каб падабацца пеўню выдзерла сама сабе ўсе пёры. Ўсе да аднаго! Я сама бачыла. Ох, страшна! Яна ўжо, здаецца, замерзла“…

—„Дзе? Дзе? Дзе?“—загрукавалі галубы.

—„Тутака, тутака побач, у птушынцы. Нават сорамна апавядаць! Але паверце, мы самі бачылі!“ — крычэлі совы.

—„Няўжо-ж у нашым дворышчы дагэтуль яшчэ нічога ня ведаюць аб тым?“

—„Трэба паведаміць, трэба паведаміць!“—занепакоіліся галубы і зараз-жа паляцелі па дворышчы.

—„Чулі? Чулі?“—грукавалі яны. — „Побач, у суседзкім птушынцы, адна курыца, нават здаецца дзьве, павыдзіралі сабе ўсе пёры, каб падабацца пеўню!“

—„Падумайце толькі, як гэта небасьпечна!“

—„Можна прастудзіцца і памерці!!“

—„Ды-й яна ужо памерла! Абедзьве, абедзьве памерлі!!!!“

—„Абудзі-це-ся! Абудзіцеся!" Заверашчаў ва ўсё горла певень, ускочыўшы на плот.

—„У суседзкім панадворку тры курыцы выдзерлі сабе ўсе пёры! Гэта агідная гісторыя! Аб ей нельга маўчаць! Ніхай ведаюць усе, ўсе!“—крычэў ён, бьючы сябе крыльлямі і тарашчучы свае сонныя вочы.

—„Ніхай! Ніхай! Ніхай, ведаюць ўсе!“ — запішчэлі кажаны і паляцелі некуды.

Усё абудзілася, закудактала, заверашчэла, закрычэла.

Гісторыя пераносілася з аднаго панадворку ў другі і ўрэшце ізноў трапіла туды, адкуль ўзяла свой пачатак.

Нехта прыляцеўшы, як на пажар, апавядаў, што пяць курыц выдзерлі сабе пёры, каб пераканаць пеўня ў сваей да яго любові, а пасьля з зайздрасьці на сьмерць задзяўблі адна другую.

Пачула гэту гісторыю і тая курыца, ў якой выляцела пёрка, і ня дагадваючыся, што гэта аб ей гаварыцца—голасна сказала:

—„О, як я пагарджаю гэткімі курамі! Ды толькі найгорш тое, што такіх будзе не пяць, а куды больш! О, аб гэтым нельга маўчаць! Трэба канечне надрукаваць ў газэтах.“

І незадоўга гэта гісторыя была зьмешчана ва ўсіх газэтах. Мала таго,- перадрукавалі гэту гісторыю на асобных лісточках і разаслалі па ўсяму сьвету.

Вось як з маленькага пёрка можа зрабіцца цэлых пяць курыц.

Якая-ж тут можа быць сумлеўка?!