Карэнь «корс», «корх», выводныя ад яго словы і паняцьці ў крыўскай мове

Карэнь «гал» і выводныя ад яго словы і паняцьці ў крыўскай мове Карэнь „корс“, „корх“, выводныя ад яго словы і паняцьці ў крыўскай мове
Тлумачальны слоўнік аднакарэнных словаў, артыкул
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1926 год
Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 1 (11), студзень-чэрвень 1926 г., б. 110
Аб слове мурава

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Карэнь „корс“, „корх“, выводныя ад яго словы і паняцьці ў крыўскай мове.

КОРХ. Паводле Насовіча („Словарь“, б. 247): 1) Кулак, „Не жалей карха, дай яму харашэнька“. 2) Удар кулаком: „Дай яму карха“. „Надаваў кархоў, будзець з яго“. 3) Мера ў кулак, прыгаршня: „Пяць кархоў адмерыць“.

Выводныя: Каршок, зьменшанае слова ад „корх“ корхаць, біць кулаком, корхацца, біцца, таўчыся кулакамі, кархануць, корханьне; карчаг—карэнь; карчажжо, карэньня каршэнь—карк, мейсца па каторым каршаць, корхаюць кархом; карховы, мерай з кулак.

Да павыжшага тлумачэньня Насовіча трэба дадаць: каршок, каршак, мера на чатыры пальцы шырынёй; у локці лічаць шэсьць каршкоў, кархоў.

Первабытны чалавек упадабляў сябе самога да дрэва, згэтуль падобнасьць слоў да акрэсьляньня часьцей чалавечага цела і часьцей дрэва. Прыкладам: кара і скура, галіна і голень, ладыга і лыдка, пальцы і палкі, пята і пень, какаты (сучча) і кокці, сын і сук, чэскае—holka (дачка, дзяўчына) і галіна на дрэве, корх і корч—і гэтаму падобнае. Словам, у выабражэньні первабытнага чалавека, сагнутая або сьціснутая далонь здавалася быць падобнай да скрутаў каранёў у дрэве, якім яно трымаецца ўчапіўшыся за зямлю.

Ад пачатнага „корх“ у нашай мове маецца цэлая сямья выводных слоў. Да гэткіх належаць:

СКОРСНУЦЬ, сьціснуць рукі, вусны, сагнуць або сплясьці сьціскаючы пальцы.

РАЗКЯРСТАЦЬ, разтапырыць пальцы, выпрастаць далонь; разставіць ногі; разьняць рукі да абоймаў; разагнуць разшчэплены канец палкі віламі.

КЯРСТАЦЬ, кяртаць, кярсаць, дзерці цэлае на двое, разьдзіраць кіпцюрамі. Прыкладам лучыну лушчаць, лыкі лутаюць, але карэньні да пляценьня карзін кяртаюць, кярсаюць, а накартаны матэр’ял называюць скярсой, к(а)ярсой.

КЯРЭЧЫЦЬ, корчыць ногі; разкярэчыць, разставіць у роскідзь ногі, як у карчы карані; скукярэчыцца, скорчыцца; разкятурка, мейсца вілаватага разьдзелу; кукіш, скорчаная вядомым спосабам рука; карачкі, хадзіць ракам, на чатырох.

АСЬКІРАЦЦА, выськірацца, ашчырацца зн. усьміхацца; як бытцам рабіць шчэлку з губы. Нікіфароўскі падае сказ вітабшчыны аб бяззубай дзіцячай усьмешцы „скелачкі шчыліць“; зраўняй з тэй-жа вітабшчыны (і смаленшчыны) слова „шчылікун“— насьмешнік, эпітэт чорта.

КАРАСНУЦЦА, корснуцца, хапіцца рукой „кархой“ за што колечы, дакрануцца да чаго; караскацца, чапляцца, хапацца за што, прыкараскацца, прычапіцца, адкараскацца, адчапіцца.

КЕРЗАЦЬ, плясьці лапці, ка(я)рзіны па маскоўску „строчить“; наскерзь, наскась пераплятаючы, спосаб плясьці што з лыка, скярсы ці валакна, кавярзьні, не падплетаныя лапці; кавярза, плёткі, выкручываньне і перакрыўляньне праўды, блутаньне фактаў, інтрыга; карса, корска, папярэчны рад лыка пры пляценьні лапцяў, тое, што маскалі называюць „строка“, „строчка“.

КОРСТКІ, сьцягаючы, шчыплючы на смак.

КОРСТ, труна ў форме карыта з векам; праўдападобна назоў гэты мае ў аснове паняцьце капаньня падобна як „грабсьці“, „грабаць“ і „паграбаць“, „пограб“.

У. Л.