Кніга Псальмаў

Пераклад: Лука Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч
Крыніца: НОВЫ ЗАПАВЕТ І ПСАЛЬМЫ ў перакладзе Л.Дзекуць-Малея і А.Луцкевіча (1931)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КНІГА ПСАЛЬМАЎ


Псальм 1.

правіць

1. Шчасьлівы чалавек, што ня ходзе на раду бязбожных, ня ўзыходзіць на шлях грэшнікаў і паміж насьмешнікаў не засядае, 2. але любасьць знаходзе ў Законе Госпада і аб Законе Ягоным разважае ўдзень і ўначы. 3. Той ёсьць быццам пасаджанае ля патоку воднага дзерава, што плод дае ў сваім часе, а лісьце яго ня вяне, і ўсё, што ён робіць, удаецца яму. 4. Ня гэтак бязбожныя: яны да паловы падобны, што вецер разносе. 5. Дык ня ўстояць бязбожныя на судзе, ані грэшнікі ў зграмаджэньні справядлівых, 6. бо Госпад ведае шлях пабожных, але дарога бязбожнікаў счэзьне.

Псальм 2.

правіць

1. Чаму народы бунтуюцца, і людзі дарэмнае задумляюць? 2. Узьнімаюцца цары зямныя, і князі радзяцца адзін з адным супраць Госпада й Памазанца Ягонага: 3. Парвема кайданы іх і путы іхнія скіньма з сябе! 4. Той, што жыве ў небе, сьмяецца: Госпад зьдзекуецца над імі. 5. І кажа да іх у гневе Сваім і ярасьцяй Сваею пужае іх: 6. Гэта Я паставіў Цара Майго на Сыоне, гарэ Маёй сьвятой! 7. Дайце мне абвясьціць, што Госпад сказаў да мяне: Ты-ж Сын Мой, сягоньня спарадзіў Я Цябе! 8. Зажадай ад Мяне, і дам Табе народы зямлі ў спадчыну і межы зямныя ў валаданьне Табе. 9. Паліцай зялезнай паб'еш іх, быццам начыньне глінянае скрышыш. 10. Дык апамятайцеся, цары, зразумейце перасьцярогу, судзьдзі зямныя! 11. Служыце Госпаду са страхам і радуйцеся з дрыжаньнем. 12. Слаўце Сына, каб не разгневаўся, ды каб вы ня згінулі на дарозе сваей, бо неўзабаве ўзгарыцца гнеў Яго! Шчасьлівыя ўсе, што ў Ім прыпынку шукаюць.

Псальм 3.

правіць

1. Псальм Давіда, калі ён уцякаў ад Абсалёма, сына свайго; 2. Госпадзе! Як намножылася ворагаў маіх! Многа іх паўстае супраць мяне! 3. Многія кажуць аб душы маей: Няма яму ратунку ад Бога (Зэля).*) 4. Але Ты, Госпадзе, шчыт для мяне, Ты слава .мая і падыймаеш галаву маю. 5. Голасна гукаў я да Госпада, і пачуў мяне з гары Свае сьвятое. (Зэля). 6. Кладуся я й засыпаю; і прабуджаюся, бо Госпад бароніць мяне. 7. Не палохаюся я безьлічы ваякаў, што абступілі мяне наўкола. 8. Устань, Госпадзе! Збаў мяне, Божа мой! Бо ты біў ворагаў маіх па сківіцах, Ты крышыў зубы бязбожнікам. 9. Ад Госпада збаўленьне і над народам Тваім багаслаўленьне. (Зэля.) *) Зэля - гэта знак музычны, быццам сгеsсеndо; ён паказуе, што музыка, якая ціха падыгрывае, павінна зайграць мацней і адзначыць гэтым канец адрыўку, або заканчэньне песьні.

Псальм 4.

правіць

1. Кіраўніку хору: на струнных інструмэнтах. Псальм Давідавы. 2. Калі гукаю, пачуй мяне, Божа, Справядлівасьць мая! У цясноце даваў Ты мне прасторнасьць. Зьмілуйся нада мною і пачуй малітву маю! 3. Сыны людзей: дакуль слава мая зьняважацца будзе? Дакуль марноту любіць будзеце ды ілжы шукаці? (Зэля.) 4. Ведайце-ж, што Госпад выдзяліў Сабе пабожнага Свайго; Госпад чуе, калі гукаю да Яго. 5. Дрыжыце й не грашыце! Разважайце ў сэрцах вашых на ложках вашых і маўчыце! (Зэля.) 6. Нясеце ахвяры праўдзе і спадзявайцеся на Госпада! 7. Многія кажуць: Хто пакажа нам добрае? Ты, Госпадзе, узьнімі над імі сьветласьць аблічча Твайго! 8. Ты напоўніў сэрца маё вялікшай радасьцяй, чым маюць яны, сабраўшы збожжа й віна багата. (Зэля.) 9. Супакойна лягу я і засну, бо Ты, Госпадзе, даеш мне жыці спакойна сярод небясьпекі.

Псальм 5.

правіць

1. Кіраўніку хору: на трубах. Псальм Давідавы. 2. Выслухай словы мае, Госпадзе, зваж на ўздыханьні мае. 3. Пачуй гучны крык мой, Цару мой і Божа мой, бо да Цябе малюся. 4. Спазаранку пачуй, Госпадзе, голас мой; удосьвіткі стану перад Табою і буду спадзявацца. 5. Бо Ты Бог, якому недаспадобы бяспраўе; злому нельга быці пры Табе! 6. Свавольнікі ня ўстояць перад вачыма Тваімі; усіх злачынцаў Ты ненавідзіш. 7. Ты выгубляеш ілжывых; крыважаднымі й круцялямі брыдзіцца Госпад. 8. Але я, праз вялікую ласку Тваю, увайду да дому Твайго і - ў баязьні Тваёй - пакланюся Сьвятыні Тваёй. 9. Госпадзе, вядзі мяне ў справядлівасьці Тваёй; насупраць ворагам маім выпрастуй шлях Твой прада мною. 10. Бо нямашака шчырасьці ў вуснах іхніх; іх сэрца - распуста; горла іх - магіла расчыненая; язык у іх - падлыжны. 11. Засудзі іх, Божа! Няхай скрышацца ад імкненьняў сваіх! За множства праступкаў адкінь Ты іх, бо супраць Цябе збунтаваліся. 12. Ды няхай радуюцца ўсё, што на Цябе спадзяюцца; няхай весяляцца навекі, бо Ты іх бароніш; і хай узрадуюцца Табою, што мілуюць імя Тваё. 13. Бо Ты багаслаўляеш пабожных, Госпадзе, і ласкай Тваёю, бы шчытом, засланяеш.

Псальм 6.

правіць

1. Кіраўніку хору: на васьміструнным. Псальм Давідавы. 2. Госпадзе! У гневе Сваім не асудзі мяне і ў ярасьці Сваёй не карай мяне! 3. Зьлітуйся нада мною, Госпадзе, бо я нядужы; вылячы мяне, Госпадзе, бо нутро маё ўстрывожана, 4. і душа мая вельмі спалохана. Ты-ж, Госпадзе, дакуль? 5. Агляніся, Госпадзе, вырві душу маю, спасі мяне дзеля ласкавасьці Тваёй! 6. Бо ў сьмерці няма памяці аб Табе, і ў магіле хто-ж бы Славіў Цябе? 7. Я замарыўся ад уздыханьня; што-ноч паліваю я ложак мой, сьлязамі паліваю пасьцель маю. 8. Ад тугі запала вока маё, састарэлася ад множства перасьледавацеляў маіх. 9. Адступіцеся вон ад мяне, ўсе злачынцы! Бо Госпад пачуў голас плачу майго. 10. Госпад выслухаў маленьне маё; Госпад прыймае малітву маю. 11. Асаромлены будуць ворагі мае ды крэпка ўстрывожаны: яны павернуцца назад і мігам будуць асаромлены.

Псальм 7.

правіць

1. Лямант Давіда, што пяяў ён Госпаду з прычыны Куша, Бэніямінавага сына. 2. Госпадзе, Божа мой! У Цябе я шукаю прыпынку! Спасі мяне ад усіх перасьледавацеляў маіх і вызваль мяне! 3. Хай ня возьме, бы леў, жыцьця майго і не разарве мяне, калі некаму ратаваці! 4. Госпадзе, Божа мой! Калі я ўчыніў гэткае, калі беззаконьне да рук маіх прыляпілася, 5. калі зло я зрабіў таму, хто жыў са мной мірна, ды не ратаваў таго, хто чапаў мяне бяз прычыны, - 6. тады няхай гоніць вораг мяне і дагоніць, хай жыцьцё маё ўтопча ў зямлю і чэсьць маю кіне ў пыл! (Зэля.) 7. Паўстань, Госпадзе, у гневе Тваім! Узьніміся проці лютасьці перасьледавацеляў маіх! Збудзіся дзеля мяне на суд, што Ты запаведаў! 8. Няхай зграмадзяцца народы навакол Цябе; Ты засядзь над імі на высачыні. 9. Госпад судзіць народы. Судзі-ж мяне. Госпадзе, паводле справядлівасьці маёй і паводле нявіннасьці маёй, што ёсьць у-ва мне! 10. Зваюй злосьць бязбожнікаў і ўмацуй пабожных, - Ты, што выспрабовуеш сэрцы й нутро, Божа Справядлівы! 11. Трымае шчыт мой Той, хто шчырых сэрцам ратуе. 12. Бог ёсьць Судзьдзя Справядлівы і Бог, што строга што-дня зыскуе. 13. Калі не наварачываюцца, ён вострыць свой меч, ужо нацягнуў Ён Свой лук і мае напагатове 14. ды кладзе на яго прылады сьмерці: стрэлы Свае Ён робіць палючымі. 15. Вось, ліхое бязбожнік зачаў, цяжарны злом ходзіць і здраду спародзіць. 16. Яму капаў ён і выкапаў, але сам уваліцца ў дол, што зрабіў. 17. Ліха, якое надумаў, спадзе на галаву яму, і на цемя ягонае зваліцца беззаконьне яго. 18. Дзякую Госпаду за суд справядлівы і хвалу пяю іменьню Госпада Найвышэйшага.

Псальм 8.

правіць

1. Кіраўніку хору: на Гацкі*) лад. Псальм Давідавы. 2. Госпадзе, Валадару наш! Як узьвялічана імя Тваё па ўсёй зямлі! Слава Твая ўзьняслася панад нябёсы! 3. Праз вусны дзетак, малых і пры грудзёх, збудаваў Ты апору супраць ворагаў Тваіх, каб замаўчалі ворагі і мсьціцелі. 4. Углядаючыся на неба Тваё, твор пальцаў Тваіх, на месяц ды на зоркі, што Ты панастаўляў. 5. я думаю: што ёсьць чалавек, што Ты памятаеш аб ім, і сын чалавечы, што Ты даведываешся яго? 6. Ня шмат Ты паменшыў яго перад Ангеламі,**) ды славай і чэсьцяй ахутаў Ты яго, 7. і зрабіў яго гаспадаром над творамі рук Тваіх, і ўсё Ты паклаў пад ногі яму: 8. авечак і валоў усіх, дый зьвяр'ё палявое, 9. птахаў пад нябёсамі й рыбаў у моры - і ўсё, што ходзе сьцежкамі марскімі. 10. Госпадзе, Валадару наш! Як узьвялічана імя Тваё па ўсенькай зямлі!

  • ) З Гату ад Хвілістынаў. **) У жыдоўскім тэксьце: перад Богам

Псальм 9.

правіць

1. Кіраўніку хору: на лад песьні: Памры за сына. Псальм Давідавы. 2. Выслаўляціму Госпада ад усяго сэрца; усе цуды Твае абвяшчаць буду. 3. Буду радавацца й весяліцца дзеля Цябе, буду выслаўляць імя Тваё, о, Найвышэйшы, 4. бо ворагі мае, уцякаючы, спаткнуліся й пагінулі перад абліччам Тваім. 5. Ты правёў суд мой і завяршыў справу маю; як справядлівы Судзьдзя, Ты сеў на пасадзе. 6. Ты ўзбурыўся на паганаў, вынішчыў бязбожнікаў, імя іхняе на вечныя вякі загладзіў 7. Ворагі зьнішчаны - руіна навекі! І месты разбурыў Ты, памяць аб іх счэзла. 8. Але Госпад існуе навекі; Ён паставіў пасад Свой, каб чыніці суд, 9. і будзе судзіць увесь сьвет па праўдзе і чыніць суд над народамі паводле справядлівасьці. 10. І будзе Госпад прыпынкам для прыгнечаных, апорай у час тугі. 11. На Цябе спадзявацца будуць тыя, што ведаюць імя Тваё, бо Ты не пакідаеш тых, хто шукае Цябе, Госпадзе! 12. Хваліце Госпада, што сядзіць на Сыоне, апавядайце між народамі ўчынкі Яго! 13. Бо Ён, што зыскуе за кроў, прыпомніў аб іх: Ён не забыўся аб плачу ўцісканых. 14. Зьлітуйся нада мною, Госпадзе! Глянь на муку маю ад тых, што ненавідзяць мяне, - Ты, што падыймаеш мяне ад брамы сьмерці, 15. каб я абвяшчаў усю хвалу Тваю, у брамах дачкі Сыонавае радаваўся з збаўленьня Твайго. 16. Паўваліваліся пагане ў яму, што самі выкапалі; у сеці, што ўкрадкам панастаўлялі, ублуталася нага іхняя. 17. Госпад даў пазнаць Сябе, учыніўшы суд; у ўчынках рук сваіх заблутаўся бязбожнік. (Зэля.) 18. Зыйдуць бязбожнікі ў пекла - усе народы ў пекла, што Бога забылі. 19. Бо не навекі забыты будзе ўбогі, надзея нешчасьлівых ня згіне назаўсёды. 20. Паўстань, Госпадзе, ня дай людзям здабыць перавагу; пагане мусяць быць суджаны перад абліччам Тваім. 21. Напусьці жах на іх, Госпадзе! Няхай пазнаюць пагане, што яны людзі! (Зэля.)

Псальм 10.

правіць

1. Чаму стаіш воддаль, Госпадзе, хаваешся ў часе напасьці? 2. Праз сваволю бязбожнікаў мусіць палохацца ўбогі; пападаецца на хітрыках, што яны павыдумлялі. 3. Бо выхваляе бязбожнік, што яму жадаецца, грабежца пахваляе і разам зьняважае Госпада. 4. Бязбожнік у пысе сваёй пагарджае Госпадам: Ня ўзышча! Няма Бога! - вось усе думкі ў яго. 5. Што ён пачынае, усё ручыць яму; суды Твае высака ад яго аддалёныя; на ўсіх сваіх ворагаў грэбліва дзьмухае ён. 6. Ён гаворыць у думцы сваёй: Ніколі я не пахіснуся, з роду ў род у бяду не пападуся. 7. Вусны ягоныя поўны праклёнаў, крывадушнасьці й зьдзеку; пад языком у яго - мука й пагібель. 8. Ён сядзіць у засадзе на пазадворках, украдня забівае нявінных; вочы ягоныя сочаць за нешчасьлівым, 9. ён падпілноўвуе ў засадзе, быццам леў у гушчары сваім; сочыць, каб улавіць убогага; хапае гаротніка, уцягваючы яго ў свае сеці; 10. ён туліцца к зямлі, падкрадаецца, і ад моцы ягонае гіне многа нешчасьлівых. 11. Ён кажа ў сэрцы сваім: Бог забыўся, закрыў аблічча Сваё, ня ўбачыць ніколі! 12. Паўстань, Госпадзе Божа! Узьнімі руку Тваю, не забывайся аб прыгнечаных! 13. Чаму бязбожнік зьняважае Бога, кажучы ў сэрцы сваім: Ты ня ўзышчаш!? 14. Ты-ж бачыў гэта! Бо Ты пазіраеш на муку й гора, каб узяць у руку Сваю. Табе пакідае іх нешчасьлівы; Ты - помач сіраце. 15. Зламай руку бязбожніку, прыпомні нягодніку беззаконьне ягонае, каб болей яго не знайсьці! 16. Госпад - Цар навекі, назаўсёды; пагане счэзнуць із зямлі Яго. 17. Ты чуеш пажаданьні пакорных, Госпадзе! Ты ўмацняеш сэрцы ім, Ты схіляеш вуха Тваё, 18. каб даць справядлівасьць сіраце і прыгнечанаму. Няхай людзі сьмяротныя адгэтуль не палохаюцца больш на зямлі!

Псальм 11.

правіць

1. Кіраўніку хору: псальм. Давідавы. У Госпада шукаю я абароны. Як можаце вы мне казаці: Адляці на горы вашыя, як птушка? 2. Бо-ж вось бязбожнікі нацягнулі лук, палажылі стралу сваю на цяціве, каб упоцемках страляць у справядлівых сэрцам. 3. Калі падваліны будуць раскіданы, што рабіці пабожнаму? 4. Госпад у сьвятым храме Сваім; Госпад, пасад Якога на нябёсах. Вочы Ягоныя бачаць, павекі Яго прыглядаюцца да сыноў чалавечых. 5. Госпад выпрабовывае пабожнага, але бязбожніка і таго, што гвалт любіць, ненавідзіць душа Ягоная. 6. Дажджом пасыпле Ён кары на бязбожнікаў; агонь і серка і вецер палючы - вось іхняя доля із чары, 7. бо Бог справядлівы й любіць праўду; праведнікі ўгледзяць аблічча Яго.

Псальм 12.

правіць

1. Кіраўніку хору: на васьміструннай. Псальм Давідавы. 2. Памажы, Госпадзе, бо нястала пабожных, і верныя счэзьлі сярод сыноў чалавечых. 3. Манліва прамаўляе адзін да аднаго; лісьлівымі вуснаму із сэрца крывадушнага гавораць яны. 4. Няхай-жа Госпад зьніштожыць усе вусны лісьлівыя, язык, што дзёрзка прамаўляе, 5. гаворачы: Языком нашым пераможам; вусны нашыя памогуць нам! Хто гаспадар над намі? 6. За ўцісканьне нешчасьлівых, за ўздыханьні ўбогіх паўстану цяпер, - кажа Госпад: забясьпечу таго, на каго настаўляюць сеці. 7. Словы Госпада - шчырыя словы: срэбра ў горне ад зямлі ачышчанае, семкрот ператопленае. 8. Ты, Госпадзе, нас абароніш, навекі ад роду гэнага захаваеш! 9. Усюды наўкола нас пахаджаюць бязбожнікі, бо спасярод сыноў чалавечых узвысіліся найбольш нягодныя.

Псальм 13.

правіць

1. Кіраўніку хору: Псальм Давідавы. 2. Дакуль, Госпадзе: ці навекі забудзеш мяне? Дакуль будзеш аблічча Сваё ўкрываць ад мяне? 3. Дакуль пеставаці мне сум у душы маёй, тугу ў сэрцы маім з дня ды на дзень? Дакуль вораг мой будзе мець нада мной перамогу? 4. Глянь і выслухай мяне, Госпадзе Божа мой! Прасьвятлі вочы мае, каб не заснуў я сном сьмяротным, 5. каб ня мог сказаці мой вораг: Я перамог яго! Каб перасьледавацелі мае ня ўзрадаваліся, калі пахіснуся. 6. Я-ж спадзяюся на ласку Тваю; цешыцца сэрца маё з помачы Тваяе. Хваліціму Госпада за дабро, што Ён мне зрабіў.

Псальм 14.

правіць

1. Кіраўніку хору: псальм Давідавы. Казаў дурны ў сэрцы сваім: Няма Бога! Папсаваліся яны ды агідныя рэчы рабілі; ня было нікога, каб рабіў дабро. 2. Глянуў Госпад з неба на сыноў чалавечых, каб пабачыць, ці ёсьць разумны, што Бога шукае. 3. Усе чыста адхінуліся, усе аказаліся папсаванымі; ня было нікога тамака, хто-б рабіў дабро: нікагусенькі! 4. Няўжо-ж не апамятаюцца ўсе злачынцы, што народ мой зьядаюць, быццам хлеб ядуць, ды Госпада не прызываюць? 5. Дык задрыжаць яны там ад страху, бо ёсьць Госпад сярод роду справядлівых! 6. Радай убогага вы пагарджаеце, але Госпад - надзея для яго. 7. Ах, каб-жа прыйшло збаўленьне з Сыону для Ізраіля! Калі Госпад адменіць лёс народу Свайго, усьцешыцца Якуб, і радавацца будзе Ізраіль!

Псальм 15.

правіць

1. Псальм Давідавы. Госпадзе! Каму дадзена будзе гасьціці ў палатцы Тваёй, каму жыці на гарэ Тваёй сьвятой? 2. Таму, хто жывець беззаганна і робіць справядлівасьць і ад сэрца ўсяго праўду гаворыць, 3. хто языком сваім не абмаўляе, нічога благога другому ня робіць і ня ўзводзіць ганьбы на бліжняга свайго. 4. Таму, у вачох якога пагарда для адкіненага і пашана для багабойных; хто, хоць-бы са шкодай для сябе прысягаўся, ды гэтага не зьмяняе; 5. хто грошы сваіх не аддае на квоту і подкупу проці нявіннага ня прыймае. Хто гэтак робе, не пахісьнецца навекі!

Псальм 16.

правіць

1. Залатая песьня Давідава. Захавай мяне, Госпадзе, бо на Цябе спадзяюся! 2. Кажу я да Госпада; Ты Госпад мне; няма для мяне дабра апрача Цябе! 3. Да сьвятых-жа, што на зямлі, і да слаўных Тваіх: у іх уся радасьць мая! 4. Бязьмежна туга тых, што вымянялі сабе бога чужога; не хачу я складаць жэртвы іх крывавае, ані імёнаў іхніх успамінаць вуснамі маімі. 5. Госпад доля мая із спадчыны і із чары; Ты дзержыш лёс мой. 6. Межы мае выпалі ў мясцох вясёлых, і спадчына мая прыемна для мяне. 7. Хвалю я Госпада, што навучыў мяне; і ўначы нутро маё мяне ўшчувае. 8. Усьцяж маю я Госпада перад вачыма маімі: калі Ён стаіць праваруч мяне, дык не пахіснуся. 9. Дык радуецца сэрца маё й весяліцца душа мая, і цела маё спачывае бясьпечна, 10. бо не пакінеш душы маёй у пекле і не дасі сьвятомуТвайму ўбачыць тленьне. 11. Ты мне пакажаш дарогу жыцьця; перад абліччам Тваім поўна радасьці, праваруч Цябе раскоша навекі.

Псальм 17.

правіць

1. Малітва Давідавая. Выслухай, Госпадзе, справу справядлівага! Зваж на лямант мой! Прыймі маленьне маё із вуснаў нефальшывых! 2. Ад аблічча Твайго няхай выйдзе прысуд мой; вочы Твае бачаць, што справядліва. 3. Калі Ты выпрабовываеш сэрца маё, уначы адведываеш ды грунтоўна распазнаеш мяне, дык не знаходзіш ніякіх благіх думак у-ва мне, і вусны мае не грашаць. 4. У справах чалавечых, паводле слова вуснаў Тваіх, я высьцерагаўся шляхоў гнібіцеляў. 5. Крокі мае дзяржаліся каляінаў Тваіх; стопы мае ня хісталіся. 6. Да Цябе я гукаю, бо Ты, Божа, выслухаеш мяне; прыхілі да мяне вуха Тваё, пачуй словы мае! 7. Пакажы дзіўную ласку Тваю, бо Ты Збавіцель тых, што ў правіцы Тваёй шукаюць абароны ад ворагаў. 8. Захавай мяне, як зрэнку вока; у цяню крыльляў Тваіх укрый Ты мяне 9. ад бязбожнікаў, што гвалт учынілі нада мной, ад ворагаў маіх, што прагавіта абступілі мяне: 10. яны схаваліся ў туку сваім, вуснамі .сваімі яны дзёрзкае гавораць. 11. На кожным кроку цяпер яны нас абступаюць; іх думкі шукаюць, каб нас да зямлі прыбіці. 12. Яны падобны да льва, што шукае дабычы, і да львянятка, што ў засадзе ляжыць. 13. Паўстань, Госпадзе! Выйдзі супраць іх, павалі Ты іх! Мячом Тваім ратуй жыцьцё маё ад бязбожніка, 14. ад людзей - Тваёй рукой, Госпадзе! - ад людзей сьвету, што толькі ў гэтым жыцьці надзею сваю пакладаюць, а чэрава іх Ты із скарбніцы Тваёй напаўняеш; многа сыноў яны маюць і лішак свой дзецям кідаюць сваім. 15. Я-ж за справядлівасьць маю ўбачу аблічча Тваё: збудзіўшыся, буду Тваім абразом насычацца.

Псальм 18.

правіць

1. Кіраўніку хору: ад раба Гасподняга Давіда, які высказаў словы песьні гэтае да Госпада, калі Госпад вызваліў яго із рук усіх ворагаў ягоных і із рукі Саўлавае. І ён казаў: 2. Узьвялічваць буду Цябе, Госпадзе, сіла мая! Госпад ёсьць скала мая ў тузе маёй, мой Збавіцель! 3. Мой Бог - апора мая, у Яго я шукаю прытулішча; Ён шчыт мой, рог збаўленьня майго і замчышча маё! 4. Паклічу я Госпада, Дастойнага хвалы, і ад усіх ворагаў маіх вызвалены буду. 5. Бо абступілі мяне хвалі вадзяныя, і патокі пагібелі спалохалі мяне; 6. путы пякельныя абнялі мяне, і сеці сьмерці аблуталі мяне. 7. Спалохаўшыся, паклікаў я Госпада і загаласіў да Бога майго. З хораму Свайго Ён пачуў голас мой, і лямант мой дайшоў да вушэй Ягоных. 8. Ён глянуў сюды, - і задрыжэла зямля, і затрэсьліся падвалівы гор ды захісталіся, бо ўгнявіўся Ён. 9. Узьняўся дым ад гневу Ягонага і з вуснаў Ягоных агонь пажараў; вугальле распаленае сыпалася ад Яго. 10. Нахіліў Ён нябёсы й зыйшоў, і цемра была пад нагамі Ягонымі. 11. Ён сеў на Хэрувіма й паляцеў ды на ветравых крыльлях насіўся. 12. Цемру зрабіў Ён заслонай Сабе; цёмнымі водамі, густымі хмарамі ахутаў Сябе, бы шатром. 13. Ад зьзяньня прад Ім цераз хмары Ягоныя прарываліся град і вугальле вагністае. 14. Тады загрымеў на небе Госпад. Найвышэйшы падаў голас Свой - град і вугальле вагністае. 15. Пусьціў стрэлы Сваё і раскінуў іх - множства маланак, ды ўскаламуціў іх. 16. Тады расчыніліся глыбіні марскія, і адкрыліся падваліны сусьвету на страшны голас Твой, Госпадзе; ды пад подыхам ноздраў Тваіх. 17. З вышыні працяг Ён руку, схапіў мяне й выцягнуў із водаў вялікіх, 18. вырваў мяне ў ворага майго сільнага дый у тых, што мяне ненавідзяць, бо яны былі дужэйшыя за мяне. 19. Яны напалі на мяне ў дзень няшчасьця майго, ды Госпад быў мне падпорай. 20. Ён вывеў мяне на вольны прастор, Ён вырваў мяне, бо мне спагадае. 21. Ён мне даў нагароду за справядлівасьць маю, за чыстасьць .рук маіх мне аддзячыў. 22. Бо дзяржаўся я шляху Гасподняга ды не грашыў проці Бога майго; 23. бо ўсе запаведзі Яго былі перада мною, і ад загадаў Ягоных я ня ўхіляўся. 24. Я быў шчыры перад Ім і высьцерагаўся, каб не саграшыць. 25. Дык аддзячыў мне Госпад за справядлівасьць маю, за чыстасьць рук маіх перад вачыма Ягонымі. 26. З міласэрным паступаеш Ты міласьціва, з шчырым паступаеш па шчырасьці, 27. для чыстага сэрцам і Ты чысты сэрцам, і для крывадушнага паказуеш Сябе паводле хітрасьці ягонае; 28. бо людзей прыгнечаных ратуеш, а гордыя вочы паніжаеш. 29. Ты запаліш сьветач мой; Госпад Бог мой асьвеціць цемру маю. 30. Бо праз Цябе я скрышу муры і з Богам маім пераскочу праз акопы. 31. Шлях Божы дасканалы; слова Госпада чыстае; Ён - шчыт для ўсіх, хто на Яго спадзяецца. 32. Бо хто-ж Бог, апрача Госпада, і хто абарона, апрача Бога нашага? 33. Бог падпяразывае мяне сілай і прастуе дарогу маю; 34. Ён робіць ногі мае падобнымі да ног лані і на высачыні стаўляе мяне, 35. і рукі мае навучае бароцца, і мускулы мае нацягіваюць лук зялезны. 36. І даў Ты мне шчыт збаўленьня Твайго, і правіца Твая падтрымлівала мяне, а ласкавасьць Твая ўзвышала мяне. 37. Ты стварыў шырокі прастор для кроку майго, і ня хісталіся ногі мае. 38. Я гнаўся за ворагамі маімі і даганяў іх ды не варочаўся назад, пакуль ня зьніштожыў іх. 39. Я гэтак скрышыў іх, што больш не маглі паўставаць і валіліся пад стопы мае. 40. Ты падперазаў мяне сілай дзеля барацьбы, Ты паклаў ворагаў маіх пад стопы мае. 41. Ты прымусіў ворагаў уцякаць ад мяне, і ўсіх, што мяне ненавідзілі, вынішчыў я. 42. І загаласілі яны, але ня было для іх збавіцеля; яны да Госпада, але Ён ім не адгукнуўся. 43. Я расьцярушыў іх, як той пыл пад ветрам; як балота вулічнае, таптаў я іх. 44. Ты спас мяне ад бунтаў народных, паставіў мяне за галаву паганам. Людзі, якіх я ня ведаў, пакарыліся мне. 45. Па слыху толькі аба мне яны слухаюцца мяне; сыны чужакоў падлыгіваюць мне. 46. Сыны чужацкія ныюць і дрыжаць у замках сваіх. 47. Жыве Госпад, і пахвалёна апора мая; і высака ўзвышаны Бог збаўленьня майго, 48. Бог, Які памсьціўся за мяне і перамог усе народы, 49. вырваў мяне ў ворагаў маіх і ўзьнёс мяне над тымі, што паўсталі супраць мяне; ад чалавека гвалтоўнага збавіў мяне. 50. Дык буду за гэта хваліць Цябе, Госпадзе, сярод народаў і псальмы пяяці іменьню Твайму. 51. Бо Ты вызваліў цара Твайго і ласку даеш памазанцу Твайму, Давіду, і насеньню яго навекі.

Псальм 19.

правіць

1. Кіраўніку хору: псальм Давідавы. 2. Нябёсы апавядаюць славу Божую, і прасторы выяўляюць творчасьць рук Ягоных. 3. Дзень дню наказуе вестку, і ночка ночцы яе адкрывае. 4. Няма мовы, няма слова, але чуцен голас іх. 5. Па ўсенькай зямлі гук іх разыходзіцца, а словы іхнія ажно па край сьвету. У ім Ён паставіў шацёр сонцу. 6. Яно падобнае да жаніха, што выходзе із спальні вясельнае, яно радае прабегчы, бы волат, свой кругабег. 7. Ад краю неба выходзе яно і бяжыць да краю свайго, і нішто ня ўкрыецца ад гарачыні яго. 8. Закон Гасподні дасканалы: ён душу пасілкуе. Аб'ява Гасподняя пэўная, яна прастака навучае. 9. Загады Госпада справядлівыя, яны радуюць сэрца; запаведзь Гасподняя прачыстая, яна вочы прасьвятляе. 10. Служэньне Госпаду чыстае, яно навекі трываціме; прысуды Гасподнія правільныя, яны ўсё справядлівыя. 11. Яны больш пажаданыя, чым золата - чыстае золата - і саладзейшыя за мёд і сок сотавы. 12. І раб Твой праз іх захаваны будзе; хто дзяржыцца іх, нагароду меціме вялікую. 13. Каму ўсьвядомлены ўсе памылкі яго? Ад тайных грахоў ачысьці Ты мяне! 14. Ды захавай раба Твайго ад самавольства: няхай яно над ім не запануе. Тады буду я беззаганны і чысты ад блуду вялікага. 15. Няхай словы вуснаў маіх і мысьлі сэрца майго будуць Табе даспадобы, Госпадзе, Скала мая і Спасе мой!

Псальм 20.

правіць

1. Кіраўніку хору: псальм Давідавы. 2. Каб Госпад пачуў цябе ў дзень суму! Каб засланіла цябе імя Бога Якубавага! 3. Каб прыслаў Ён табе помач із Сьвятыні і паддзержыў цябе з Сыону! 4. Няхай Ён прыпомніць усе жэртвы твае і цэлапаленьні твае няхай знойдзе тлустымі. (Зэля.) 5. Няхай дасьць табе, чаго сэрца тваё жадае, і споўніць усе твае замыслы, 6. каб мы ўзрадаваліся збаўленьнем тваім і ў імя Бога нашага сьцяг паднялі. Каб Госпад споўніў усе просьбы твае! 7. Цяпер я ведаю, што Госпад спасае Памазанца Свайго; Ён адгукаецца яму з сьвятога неба Свайго праз магутную помач правіцы Сваёй. 8. Іншыя (спадзяюцца) на калёсы ды коні; мы-ж прызываем імя Бога нашага. 9. Яны пахіснуліся і зваліліся; мы-ж паўсталі і стаімо проста. 10. Госпадзе, памажы цару і выслухай нас, як паклічам!

Псальм 21.

правіць

1. Кіраўніку хору: псальм Давідавы. 2. Госпадзе! З моцы Тваёй радуецца цар, падмогай Тваёй ён вельмі ўсьцешаны. 3. Ты даў яму, чаго сэрца яго пажадала, і, чаго вусны прасілі, Ты не адмовіў. (Зэля.) 4. Бо Ты сустрэў яго багаслаўленьнем і ласкаю, вянок із шчырага золата ўзлажыў яму на галаву. 5. Жыцьця ён прасіў у Цябе, - Ты даў жыцьцё даўгое на вечныя вякі. 6. Вялікая слава ягоная праз помач Тваю; чэсьць і веліч Ты ўзлажыў на яго. 7. Бо багаслаўленьне вялікае даў Ты яму навекі, разьвесяляеш яго радасьцяй перад абліччам Тваім. 8. Цар спадзяецца на Госпада і праз ласку Найвышэйшага не пахісьнецца, 9. Рука Твая дасягне ўсіх ворагаў Тваіх, правіца Твая дасягне тых, што ненавідзяць Цябе. 10. Ты зробіш з іх печ агністую, як зьявішся; Госпад у гневе Сваім выгубіць іх, і агонь іх пажрэць. 11. Ты вынішчыш плод іхні на зямлі і насеньне іх спасярод сыноў чалавечых. 12. Пачынаючы ліхое супраць Цябе, надумываючы хітрыкі свае, яны ня зробяць нічога, 13. бо Ты іх павернеш наўцекі, із луку Твайго пусьціш стрэлы ў твар іхні. 14. Узьніміся, Госпадзе, у сіле Тваёй! Мы будзем выслаўляць і хваліць магутнасьць Тваю.

Псальм 22.

правіць

1. Кіраўніку хору: на лад: Лань да сьвітаньня. Псальм Давідавы. 2. Божа мой, Божа мой! Чаму Ты пакінуў мяне - далёкі,ад помачы мне, ад словаў стагнаньня майго? 3. Божа мой! - уздыхаю я ўдзень, але Ты не адгукаешся, і ўначы, ды не знаходжу патолі. 4. Але Ты ўсёж ёсьць Сьвяты, Ты сідзіш панад слаўленьнем Ізраіля! 5. На Цябе спадзяваліся айцы нашыя, спадзяваліся, і Ты спасаў іх. 6. Да Цябе крычэлі яны і былі вызволены; на Цябе спадзяваліся, і не зазналі сораму. 7. Я-ж чарвяк, а не чалавек, зьняважаны людзьмі і пагарджаны народам. 8. Усе, што бачаць мяне, насьмяхаюцца нада мною, крывячы вусны ды ківаючы галовамі: 9. ён спадзяваўся на Госпада! Дык няхай спасае яго, няхай вызваляе яго, калі Яму любы! 10. Але-ж Ты дастаў мяне із улоньня матчынага, пры грудзёх маёй маткі ляжаў я бясьпечна. 11. На Цябе я пакінены ад чэрава маткі; ад улоньня маткі маёй Ты - мой Бог! 12. Ня стой воддаль ад мянё, бо блізка няшчасьце, і няма абаронцы! 13. Мяне абступаюць дужыя быкі, бугаі Базанскія абступаюць мяне. 14. Яны разявілі ляпы свае на мяне, быццам леў дзікі, што рыкае. 15. Я выліўся, быццам, вада, і ўсе мае косткі рассыпаліся; сэрца маё, быццам воск, растапілася ў нутры маім. 16. Дзясны мае павысахлі, быццам чарапок, язык мой прыліп да паднябеньня майго, і ў парахно сьмерці Ты кідаеш мяне. 17. Бо сабакі абступілі мяне, грамада злачынцаў аблягае мяне; пракалолі яны рукі й стопы мае. 18. Усё косткі мае можна-б налічыць; яны-ж глядзяць, быццам на відавішча ўглядаюцца. 19. Яны дзеляць вопратку маю паміж сабою і аб шаты мае кідаюць жэрабе. 20. Не аддаляйся-ж ад мяне Ты, Госпадзе! Сіла мая, пасьпяшы мне на ўспамогу! 21. Ад мяча вырві душу маю, з моцы сабак адзінокую маю. 22. Із ляпы львінае вызваль мяне і ад рагоў буйвалавых, учуўшы, спасі Ты мяне! 23. Дык апавядаціму братом маім імя Тваё, у грамадзе буду хваліці Цябе. 24. Вы, што баіцёся Госпада, выхваляйце Яго! Чці Яго, усё насеньне Якубавае, і бойся Яго, усё насеньне Ізраіля! 25. Бо Ён не адцураўся й не пагардзіў горам нешчасьлівага, ды не схаваў аблічча Свайго ад яго, але выслухаў яго, калі той крычэў да Яго. 26. Праз Цябе хвала мая ў вялікім зграмаджэньні; абяцаньне маё я споўню перад абліччам тых, што баяцца Яго. 27. Убогія будуць есьці й насыцяцца; хваліцімуць Госпада тыя, што шукаюць Яго; няхай сэрца вашае навекі жыве! 28. Усё межы зямлі схамянуцца й навернуцца да Госпада, і ніцма кінуцца перад Табою ўсе пляменьні паганаў. 29. Бо Госпада ёсьць царства, і Ён - Валадар над народамі. 30. Толькі прад Ім пахіляціся будуць усё тучныя зямлі; перад абліччам Ягоным суклоняцца ўсе, што ў пыл абяртаюцца й ня ў сілах жыцьцё сваё захаваці. 31. Насеньне-ж (маё) служыціме Госпаду й будзе Гасподнім звацца навекі. 32. Аб Госпадзе апавядацімуць пакаленьню, якое народзіцца, - і народу, што мае нарадзіцца, абвяшчаць будуць справядлівасьць Яго, што Ён, учыніў.

Псальм 23.

правіць

1. Псальм Давідавы. (На першы дзень у тыдні.) Госпад ёсьць Пастыр мой, ні ў чым мець ня буду нястачы! 2. На пасьвішчах зялёных Ён пасьвіць мяне й да водаў сьвежых водзіць мяне. 3. ён узмацняе душу маю, на сьцежкі праўды вядзе мяне дзеля іменьня Свайго. 4. Дык навет праходзячы далінаю ценю сьмяротнага ня буду баяцца напасьці, бо Ты-ж са мною: Твая паліца й падпора Твая - яны мяне пацяшаюць. 5. Ты прада мной застаўляеш стол перад абліччам уціскаючых мяне; галаву маю Ты памазаў алівай і чару маю даверху наліў. 6. Шчасьце й ласка Твая будуць са мною ўсе дні жыцьця майго; і ў доме Гасподнім астануся навекі.

Псальм 24.

правіць

1. Псальм Давідавы. Гасподня ёсьць зямля і што напаўняе яе, сусьвет ды ўсё, што жывець у ім. 2. Бо Госпад паклаў асновы яго на морах - і на водах угрунтаваў яго. 3. Каму можна ўзыйсьці на гару Гасподнюю, і хто на месцы Яго сьвятым стаяць мае? 4. Той, у каго рукі бязьвінныя і сэрца чыстае, хто душы сваёй да марноты не нагінае й ня божыцца крывадушна, - 5. той атрымае багаслаўленьне ад Госпада й справядлівасьць ад Бога, Які дапамагае яму. 6. Гэта род тых, што шукаюць Яго, што шукаюць аблічча Твайго, Божа Якубавы! (Зэля.) 7. Расчыняйцеся, вароты высокіяі Але, расчыняйцеся, вароты адвечныя, каб увайшоў Цар Славы! 8. Хто-ж ёсьць Цар Славы? Госпад магутны і сільны, Госпад, дужы ў барацьбе. 9. Расчыняйцеся, вароты высокія! Але, расчыняйцеся, вароты адвечныя, каб увайшоў Цар Славы! 10. Хто-ж ёсьць Цар Славы? Госпад войск нябесных - Ён ёсьць Цар Славы! (Зэля.)

Псальм 25.

правіць

1. Псальм Давідавы. Да Цябе, Госпадзе, узьнімаю я душу маю. 2. Божа мой! На Цябе спадзяюся; ня дай жа мяне асароміць, ня дай ворагам маім быць нада мной пераможцамі. 3. Бо-ж ніколі ня будуць асаромлены ўсе, што на Цябе спадзяюцца; асаромлены будуць тыя, што адступаюцца без дай прычыны. 4. Госпадзе, пакажы мне шляхі Тваі, навучы, дзе сьцежкі Твае. 5. Дай мне хадзіці ў праўдзе Тваёй і навучы; бо Ты ёсьць Бог, Які мяне ўспамагае: на Цябе спадзяюся заўсёды. 6. Прыпомні аб міласэрнасьці Тваёй, Госпадзе, ды аб ласках Тваіх, бо яны ад вякоў. 7. Аб грахох моладасьці маёй ды аб праступках маіх не ўспамінай: успомні аба мне паводле ласкавасьці Тваёй, паводле дабраты Тваёй, Госпадзе! 8. Госпад добры й справядлівы, дык паказуе дарогу грэшнікам. 9. Ён вядзе пакорных да праўды і ўбогім сьцежкі Свае паказуе. 10. Усе шляхі Гасподнія - ласка ды праўда для тых, што заховываюць запаведзь Яго і аб'явы Ягоныя. 11. Дзеля іменьня Твайго, Госпадзе, даруй мне віну маю, бо-ж надта яна вялікая! 12. Хто ёсьць чалавек, што Госпада баіцца? Яму Ён пакажа дарогу, якую выбраць яму. 13. Душа яго бытаваціме ў шчасьці, а насеньне ягонае зямлю ў спадчыну дастане. 14. Тайна Госпада выяўляецца тым, што баяцца Яго, і запаведзь Сваю ім Ён абвяшчае. 15. Вочы мае заўсёды на Госпада ўзіраюцца, бо Ён выцягне з сеці ногі мае. 16. Зірні на мяне і зьлітуйся нада мною, бо адзінокі я й уцісьнёны. 17. Тузе сэрца майго дай прастору і вывядзі мяне з бедаў маіх! 18. Глянь на мукі мае і нядолю маю і даруй мне ўсе грахі мае! 19. Глянь на ворагаў маіх, як многа іх, ды як мяне ненавідзяць яны несправядліва! 20. Захавай душу май і спасі мяне, каб ня быў я асаромлены, бо ў Цябе я шукаю прыпынку. 21. Няхай захаваюць мяне нявіннасьць і справядлівасьць, бо на Цябе спадзяюся. 22. O, Божа! Выбаў Ізраіля з усіх бедаў ягоных!

Псальм 26.

правіць

1. Судзі мяне, Госпадзе, бо хадзіў я ў беззаганнасьці маёй і на Госпада спадзяваўся ды не пахіснуўся. 2. Выпрабуй мяне, Госпадзе, і дасьведчы: растапі нутро маё і сэрца маё! 3. Бо ласка Твая прад вачыма маімі, і хадзіў я ў праўдзе Тваёй. 4. Не засядаў я з людзьмі ілжывымі і ня куміўся з крывадушнымі. 5. Ненавідзіў я зборкі зламысных ды з бязбожнікамі разам не сядаю. 6. Абмыю ў нявіннасьці рукі мае і абыйду навакол ахвярніку Твайго, Госпадзе, 7. каб голасна падзякаваць Табе ды апавядаці ўсе цуды Твае. 8. Госпадзе! Я ўлюбіў красу Твайго дому і месца, дзе слава Твая. 9. Не загубі Ты душы маёй з грэшнікамі, ані жыцьця майго з людзьмі крывавымі, 10. да чыіх рук прыліплі ўчынкі ганебныя, чыя правіца напоўпена хабарамі. 11. Я-ж буду хадзіці ў беззаганнасьці маёй; дык збаў Ты мяне і зьлітуйся нада мною! 12. Стапа мая на роўнай сьцежцы стаіць; у зграмаджэньнях буду я Госпада славіць.

Псальм 27.

правіць

1. Псальм Давідавы (перад памазаньнем). Госпад ёсьць сьветласьць мая і збаўленьне маё: каго-ж мне баяцца? Госпад ахова жыцьця майго: каго-ж мне палохацца? 2. Калі злачынцы зьбяруцца насупраць мяне, каб пажэрці цела маё, - праціўнікі й ворагі мае - яны самі спаткнуцца ды ўпадуць. 3. Калі войска азброіцца супраць мяне, сэрца маё не спалохаецца, калі ўзьнімецца супраць мяне вайна, я й тады спадзяваціся буду. 4. Аднаго я прашу ў Госпада й гэтага толькі жадаю: каб жыці мне ў доме Гасподнім усе дні жыцьця майго, каб бачыць хараство Госпада й адведываць сьвятыню Ягоную. 5. Бо Ён засланяе мяне ў палатцы Сваёй у дзень напасьці, Ён укрывае мяне пад заслонай сялібы Сваёй, ды ўзносіць мяне на скалу. 6. Гэтак узносіцца цяпер галава мая панад усімі ворагамі навакол мяне, і складаціму Госпаду ахвяры ў палатцы Ягонай пад трубныя гукі, буду Госпаду пяяці й іграці. 7. Пачуй, Госпадзе! Голасна я гукаю. Зьлітуйся-ж нада мною й адгукніся! 8. Аб Табе гаворыць сэрца маё, мовячы: Шукайце аблічча Майго! Я буду шукаці аблічча Твайго, Госпадзе! 9. Не хавай ад мяне аблічча Твайго, не гані ў гневе раба Твайго! Ты быў мне ўспамогай! Не адцурайся-ж мяне і не пакінь мяне, Божа, Спасе мой! 10. Бо і бацька і маці мая пакінулі мяне, а Госпад прыймае мяне. 11. Пакажы мне, Госпадзе, шлях Твой і вядзі мяне простай сьцежкай, насупраць ворагам маім! 12. Не аддавай мяне ярасьці праціўнікаў маіх, бо сьведкі фальшывыя паўсталі проці мяне і той, што дыхае беззаконьнем. 13. Але я веру, што ўгледжу дабрату Госпада ў краіне жывых. 14. Спадзявайся на Госпада! Будзь мужны і сэрца тваё ўмацуй. Але, спадзявайся на Госпада!

Псальм 28.

правіць

1. Псальм Давідавы. Да Цябе, Госпадзе, гукаю я. Скала мая, не маўчы па мой кліч, каб праз маўчаньне Тваё ня быў я падобны да тых, што зыходзяць у магілу. 2. Пачуй Ты маленьне маё галоснае, калі крычу да Цябе, калі рукі свае да сьвятыні Тваёй узьнімаю. 3. Не загубі мяне разам з бязбожнікамі ды злачынцамі, што з бліжнімі ветліва гутараць, а ў душы ліхое маюць! 4. Дай ім паводле ўчынкаў іхніх і злачынства іх; паводле таго, што рабілі іх рукі, дай ім; адплаці ім за тое, што зрабілі яны. 5. Бо яны не зважаюць на ўчынкі Госпада і на творы рук Ягоных. Дык Ён зруйнуе іх і не адбудуе. 6. Няхай будзе Госпад пахвалены, бо пачуў маленьне маё галоснае! 7. Госпад - заслона мая і мой шчыт; на Яго спадзявалася сэрца маё, і Ён успамог мяне; і ўзрадавалася сэрца маё, і песьняй маёю дзякаваць буду Яму. 8. Госпад - апора народу Свайму; Ён - вал, што бароніць памазанца Ягонага. 9. Спасі люд Твой і багаславі ўласнасьць Тваю; пасі яго й насі аж навекі!

Псальм 29.

правіць

1. Псальм Давідавы. (Пасьля сканчэньня сьвята Кучак.) Аддайце Госпаду, вы, сыны Божыя, аддайце Госпаду хвалу і чэсьць! 2. Аддайце Госпаду хвалу іменьня Ягонага, ніцма ўпадзеце прад Госпадам у прыгожай сьвятыні! 3. Голас Гасподні над водамі; Бог Славы загрымеў: Госпад над водамі вялікімі. 4. Грымот Гасподні магутны, грымот Гасподні вялічэзны. 5. Пярун Гасподні крышыць кедры, Госпад крышыць кедры Ліванскія! 6. Ён прымушае іх скакаць, быццам цяляты, Ліван ды Сырыён, як маладых буйвалаў. 7. Пярун Гасподні выкрасае полымя агністае. 8. Грымот Гасподні ўстрасае пушчай, Госпад устрасае пушчай Кадэс. 9. Ад грымоту Гасподняга лані зьлягаюць і лясы асыпаюцца, і ў храме Ягоным усё кажа: Слава! 10. Над патопам сядзеў Госпад, дый сядзеціме Госпад, як Цар, навекі!. 11. Госпад дасьць сілу народу Свайму, Госпад пабагаславіць народ Свой супакоем.

Псальм 30.

правіць

1. Псальм Давідавы. Песьня пры абнаўленьні храму. 2. Аддам хвалу Табе, Госпадзе, што Ты вырваў мяне і ня даў маім ворагам пацяшацца нада мною. 3. Госпадзе Божа мой! Я крычэў да Цябе, і Ты вылячыў мяне. 4. Госпадзе, Ты вывеў душу маю з пекла дый ад тых, што зыйшлі ў магілу, увёў мяне йзноў у жыцьцё. 5. Хвалеце Госпада, вы, сьвятыя Ягоныя, дзякуйце іменьню Яго сьвятому! 6. Бо гнеў Ягоны трывае імгненьне, ласка-ж Яго - усё жыцьцё: увечары плач, а нараніцы - радасьць! 7. А я думаў у бясьпечнасьці сваёй: Не пахіснуся навекі! 8. Праз ласку Тваю Ты паставіў мяне на горах непарушных; Ты аблічча Тваё адвярнуў, і я устрывожыўся. 9. Да Цябе, Госпадзе, клікаў я, і Госпада я маліў: 10. Што за карысьць у крыві ў маёй, у тым, што зыйду я ў магілу? Ці пыл можа хваліці Цябе? Ці можа праўду Тваю абвяшчаць? 11. Пачуй, Госпадзе, зьлітуйся нада мной! Госпадзе, будзь мне ўспамогай! 12. У радасьць зьмяніў Ты нараканьне маё; Ты скінуў з мяне жалобны лахман і радасьцяй мяне падперазаў, 13. каб душа мая выслаўляла Цябе й не маўчала. Госпадзе Божа мой, навекі я буду хваліці Цябе!

Псальм 31.

правіць

1. Кіраўніку хору: псальм Давідавы. 2. У Цябе, Госпадзе, я шукаю падпоры, ня дай мне асароміцца навекі, паводле справядлівасьці Тваёй спасі Ты мяне! 3. Прыхілі да мяне Тваё вуха, пасьпяшыся выбавіць мяне! Будзь мне скалой, замчышчам крэпкім, каб даць мне ўспамогу! 4. Бо Ты - скала мая й замчышча маё, і дзеля іменьня Твайго вадзіць мяне будзеш і мной кіраваці. 5. Ты мяне выцягнеш з сеці, што ўкрадкам наставілі мне, бо Ты - абарона мая. 6. У рукі Твае аддаю я дух мой; Ты збавіў мяне, Госпадзе, Божа праўдзівы! 7. Ненавіджу я тых, што чтуць ідалаў марных: я-ж спадзяюся на Госпада! 8. Дай мне радавацца й весяліцца з ласкі Тваёй, што Ты глянуў на муку маю, рупіўся аб патрэбы душы маёй. 9. Ты ня даў мяне ў рукі ворага, паставіў стопы мае на вольны прастор. 10. Зьлітуйся нада мною, Госпадзе, бо жах мяне ахапляе. Ад суму высахла вока маё і душа мая і цела маё. 11. Бо ў жудасьці зыйшло жыцьцё маё і гады мае ў уздыханьні. Зьнямаглася сіла мая ў грахох маіх, і павысахлі косткі мае. 12. Пасьмешышчам стаўся я для перасьледавацеляў маіх ды навет для суседзяў маіх, страхацьцём для знаёмых маіх: хто мяне бачыць на вуліцы, уцякае ад мяне. 13. Забыты я ў сэрцах, як мёртвы; я падобны да начыньня разьбітага. 14. Чуў я словы нягодныя ад многіх, - жах наўкола! - як змаўляліся між сабою проці мяне, манючыся адняць мне жыцьцё. 15. Ды я на Цябе спадзяюся, Госпадзе! Я кажу: Ты мой Бог! 16. У Тваіх руках мае дні; вызваль мяне із рук ворагаў маіх і перасьледавацеляў маіх! 17. Няхай над рабом Тваім сьвеціць аблічча Тваё: памажы мне праз ласкавасьць Тваю! 18. Госпадзе, ня дай Ты мне асароміцца, бо да Цябе я гукаю! Няхай бязбожнікі асаромяцца, няхай счэзнуць у пекле, 19. няхай занямеюць вусны ілжывыя, што ў пысе й з пагардай дзёрзка проці пабожных гавораць! 20. Як вяліка дабрата Твая, шго хаваеш Ты для тых, хто баіцца Цябе, і паказуеш тым, хто ратунку шукае ў Цябе, перад абліччам людзей! 21. Пад заслонай аблічча Твайго Ты бароніш іх ад бунтаў людзкіх, хаваеш іх, як у палатцы, ад языкоў сварлівых. 22. Багаслаўлены Госпад, што мне дзіўную ласку зьявіў у ўмацованым месцы! 23. А я-ж думаў у страху маім: я адкінены ад вачэй Тваіх! Але Ты пачуў галоснае маленьне маё, калі я крычаў да Цябе! 24. Любеце Госпада, усе сьвятыя Яго! Верных бароне Госпад, але тым, што ў гордасьці жывуць, адплачвае Ён з наддаткам. 25. Будзьце мужны і крэпкія духам - усе, што чакаеце на Госпада!

Псальм 32.

правіць

1. Псальм Давідавы. Навука. Шчасьлівы, каму даравана беззаконьне, каму пакрыты грахі яго. 2. Шчасьлівы чалавек, якому не палічыць Госпад правіннасьцяў ягоных, і ў душы якога няма ілжы. 3. Пакуль я маўчаў, сохлі косткі мае ад няўпыннага стагнаньня майго, 4. бо дзень і ноч абцяжала мяне рука Твая; сокі мае павысахлі, быццам у летнюю сьпёку. (Зэля.) 5. Дык прызнаўся Табе ў граху маім і ня ўкрыў беззаконьня майго; я сказаў: Вызнаваю Госпаду праступкі мае! - і Ты дараваў мне віну грэху майго. (Зэля.) 6. Дык няхай кожны пабожны моліцца да Цябе ў часе, калі Бог дае знайсьці Сябе; хаця-б і вялікія воды разьліліся, Яго не дасягнуць яны. 7. Ты - заслона мая! Ты мяне ад бяды захаваеш, радасьцяй спасеньня акружыш мяне. (Зэля.) 8. Навучу цябе й пакажу табе сьцежку, якой ты павінен ісьці, і дам табе раду, бо вока Маё над табою. 9. Ня будзьце, як коні ды мулы, што развагі ня маюць: вуздой і цуглямі ў шчэляпах трэ іх зануздаць, каб пакарыліся табе. 10. Бязбожніку шмат тугі выпадае, а хто спадзяецца на Госпада, таго Ён ласкай Сваёй агартае. 11. Радуйцеся ў Госпадзе і весяліцеся, пабожныя! Радуйцеся ўсе, шчырыя сэрцам!

Псальм 33.

правіць

1. Псальм Давідавы. Радуйцеся ў Госпадзе, пабожныя; справядлівым выпадае выхваляць Яго. 2. Слаўце Госпада на гусьлях, іграйце Яму на арфе дзесяціструннай! 3. Сьпявайце Яму новую песьню; крэпка ўдарайце па струнах пры радасных гуках! 4. Бо праўдзівае слова Гасподняе, і ўсе ўчынкі Ягоныя верныя. 5. Праўду і справядлівасьць любіць Ён; ласкай Гасподняй напоўнена зямля. 6. Словам Гасподнім створаны нябёсы, подыхам вуснаў Ягоных усе войскі іх. 7. Ён воды марскія зьбірае, быццам у мех, Ён кладзе іх на схоў. 8. Няхай усенька зямля баіцца Госпада, няхай усе жыхары сусьвету дрыжаць перад Ім. 9. Бо Ён даў загад - і сталася, Ён сказаў - і зьявілася. 10. Госпад разьбіў мяркаваньні паганаў, зьнішчыў замыслы народаў. 11. Прысуд Гасподні вякі трывае, думкі сэрца Ягонага із роду ды ў род. 12. Шчасьлівы народ, Богам якога ёсьць Госпад, - народ, што Ён выбраў на ўласнасьць Сабе. 13. З неба Госпад паглядае і бачыць усіх сыноў чалавечых; 14. з пасаду Свайго Ён глядзіць на ўсіх жыхараў зямлі. 15. Сэрца кожнага з іх Ён стварыў, на ўсе ўчынкі іх Ён зважае. 16. Ня множствам войска цар перамагае, ня сіла вялікая бароніць волата: 17. ашукаецца той, што жджэ ад каня перамогі, і ня выратуе яго веліч сілы ягонай. 18. Запраўды, вока Гасподняе над тымі, хто баіцца Яго, хто спадзяецца на ласку Ягоную, 19. што іх душы ад сьмерці Ён вызваліць, а падчас галадухі жывымі іх захавае. 20. Чакае душа наша Госпада: Ён - помач нам і Ён - шчыт паш. 21. Але, у Ім радуецца сэрца нашае; але, мы на імя Яго сьвятое спадзяемся. 22. Ласка Твая, Госпадзе, хай так будзе над намі, як мы на Цябе спадзяемся!

Псальм 34.

правіць

1. Псальм Давідавы: калі ён перад Абімэлехам удаваў варята і быў выгнаны ім ды пайшоў сабе. 2. Я буду хваліці Госпада кожную часіну; хвала Яго ўсьцяж будзе на вуснах маіх. 3. Госпадам будзе хваліцца душа мая; нешчасьлівыя пачуюць і разьвесяляцца. 4. Слаўце Госпада разам са мною, і ўзьвялічым імя Ягонае! 5. Я шукаў Госпада, і Ён даваў мне послух ды спасаў мяне ад усяго, чаго я баяўся. 6. Хто ўзіраўся на Яго, той быў асьветлены, і твару ягонаму не даводзілася бялець. 7. Вось нешчасьлівец, які гукаў, і Госпад пачуў яго ды вызваліў яго з усіх напасьцяў. 8. Ангел Гасподні вартуе каля тых, што баяцца Бога, і вызваляе іх. 9. Паспытайце й даведаецеся, які добры Госпад; шчасьлівы той чалавек, каторы ў Яго шукае патолі. 10. Бойцеся Бога, вы сьвятыя Ягоныя! Бо тыя, што баяцца Яго, ня ведаюць ні ў чым нястачы. 11. Львяты бядуюць і церпяць голад; але тыя, што шукаюць Госпада, ня церпяць ад нястачы якога-хоч дабра. 12. Хадзеце сюды, дзеці, паслухайце мяне: я навучу вас баяцца Госпада. 13. Хто ёсьць чалавек, які хоча жыці, жадае доўгага жыцьця, каб убачыць шчасьце? 14. Узьдзержывай язык свой ад ліхога і вусны свае ад слоў крывадушных. 15. Ухіляйся ад ліхога й рабі добрае; шукай супакою й рупіся аб яго. 16. Вочы Госпада на справядлівых скіраваны, а вушы Ягоныя - на плач іхні. 17. Але аблічча Госпада проці тых, што робяць ліхое, каб вынішчыць памяць аб іх на зямлі. 18. Справядлівыя крычаць да Госпада, і Ён чуе іх ды вызваляе іх з усіх іхніх бедаў. 19. Госпад блізкі да тых, што сэрца маюць зламанае, і памагае тым, у каго душа разьбітая. 20. Шмат мук у пабожнага, ды Госпад з усіх яго вызваляе; 21. Ён пілнуе ўсе косткі ягоныя, каб ніводнае не паламалі. 22. Ліха забець бязбожніка, і будуць каяцца тыя, што ненавідзяць Справядлівага. 23. Госпад спасае душы рабоў Сваіх, і ўсе, што шукаюць патолі ў Яго, ня будуць каяцца.

Псальм 35.

правіць

1. Псальм Давідавы. Змагайся, Госпадзе, з тымі, што йдуць супраць мяне; перамажы тых, што боруцца са мною. 2. Вазьмі шчыт і зброю ды ўстань на падмогу мне. 3. Дастань меч і загарадзі дарогу тым, што гоняцца за мною. Скажы душы маёй: Я - збаўленьне тваё. 4. Асаромяцца ўсе, што шукаюць душу маю; адступяцца й расчаруюцца тыя, што надумалі ліхое супраць мяне. 5. І будуць яны, як палова пад ветрам, калі Ангел Гасподні пражане іх. 6. Няхай дарога іх будзе цёмная і сьлізкая, калі Ангел Гасподні гнацца за імі будзе. 7. Бо бяз прычыны наставілі яны мне ўкрадкам сець сваю, бяз прычыны выкапалі мне яму. 8. Няхай зьнячэўку пагоня нападзе на яго, няхай самога зловіць сець, што ён мне ўкрадкам наставіў: на пагібель уваліцца ён; 9. А мая душа будзе ў Госпадзе весяліцца, будзе радавацца з помачы Яго. 10. Скажуць усе косткі мае: Госпадзе, хто падобны да Цябе, Які ратуеш слабога ад дужога, беднага й убогага ад абдзіралы? 11. Выступаюць супраць мяне сьведкі фальшывыя: чаго ня ведаю, аб тым выпытваюць мяне; 12. плацяць мне злом за дабро; асірацела душа мая. 13. А я-ж падчас іх хваробы апранаўся ў шаты жалобныя, пастом марыў сябе, і малітва мая варачалася да сэрца майго. 14. Быццам то быў друг мне, брат мне, хадзіў я сумны, апусьціўшы галаву, як той, што плача па матцы. 15. Калі-ж я спаткнуўся, яны ўсьцешыліся ды грамадой сабраліся супраць мяне. Зграмаджаюцца супраць мяне чужыя, каго я ня ведаю, і зьняважаюць мяне бязупынна; 16. разам з крывадушнымі насьмешнікамі, скрыгочуць яны нада мною зубамі. 17. О, Госпадзе, як доўга будзеш углядацца? Адвядзі ад рыканьня іх душу маю, адзінокую маю - ад львят маладых! 18. Славіць Цябе буду ў зграмаджэньні вялікім; сярод чысьленага народу хваліць Цябе буду, 19. каб не пацяшаліся нада мною тыя, што бяз віны маёй сталіся ворагамі мне; каб ня міргалі вачмі між сабою тыя, што бяз прычыны ненавідзяць мяне. 20. Бо не аб супакоі гавораць яны, але проці ціхіх зямлі снуюць здрадлівыя думкі. 21. Шырака разявіўшы ляпы свае супраць мяне, яны крычэлі: Добра! Добра! Бачыла нашае вока! 22. Ты бачыў гэта, Госпадзе! Дык не маўчы! Госпадзе, ня цурайся мяне! 23. Збудзіся! Але, збудзіся на суд, Госпадзе Божа мой, каб вясьці маю справу! 24. Судзі мяне паводле справядлівасьці Тваёй, Госпадзе Божа мой, каб ня былі яны нада мной пераможцамі, 25. каб не казалі ў сэрцы сваім: Добра! Мы гэтак хацелі! Няхай не гавораць: Гэта мы загубілі яго! 26. Няхай асаромлены будуць, няхай расчаруюцца ўсе, што радуюцца з няшчасьця майго; няхай ганьбай і сорамам тыя акрыюцца, што нада мной вывышшаюцца. 27. Хай весяляцца й радуюцца тыя, што для мяне справядлівасьці хочуць ды няўстанна гавораць: Вялік Госпад, Які для раба Свайго жадае спакою! 28. І будзе язык мой хваліць справядлівасьць Тваю і славу Тваю кожын дзень.

Псальм 36.

правіць

1. Кіраўніку хору: ад раба Гасподняга, Давіда. 2. У сэрцы бязбожніка паўстае думка грэшная: у вачох яго страху Божага няма. 3. Бо ў уласных вачох падлыгвае сабе, нібы шукае беззаконьня свайго, каб зьненавідзець яго. 4. Словы вуснаў ягоных - няпраўда й мана: ён ня хоча ў думку ўзяці, каб чыніці дабро. 5. На ложку сваім беззаконнае ён абдумляе; на благую дарогу ўзыходзе і ня брыдзіцца злом. 6. Госпадзе! Ласка Твая да нябёсаў, а праўда да аблокаў сягае! 7. Справядлівасьць Твая - быццам Божыя горы, суды Тваі - як вялізны патоп! Людзей і скаціну Ты, Госпад, хаваеш. 8. Як дорага, Божа, ласкавасьць Твая! Сыны чалавечыя супачынак маюць у цяню Тваіх крыльляў; 9. ад туку дому Твайго насычаюцца, з патоку раскошаў Тваіх ты іх поіш; 10. бо крыніца жыцьця - у Табе; у сьвятле Тваім бачым мы сьветласьць. 11. Ласку Сваю тым дай заўсёды, што знаюць Цябе; справядлівасьць Тваю - людзям справядлівага сэрца, 12. каб нага гордасьці на мяне ня ступіла, каб рука грэшнікаў не дасягла мяне. 13. Паваліліся кіненыя злачынцы і ня здолелі падняцца.

Псальм 37.

правіць

1. Псальм Давідавы. Не палай гневам на злачынцаў, не завідуй тым, што беззаконнае робяць, 2. бо яны, як трава, будуць хутка скошаны й павянуць, як зельле ў полі. 3. Спадзявайся на Госпада й добрае роб, жыві на зямлі і цноту хавай; 4. уцяшайся Госпадам, і Ён табе дасьць, што сэрца тваё пажадае. 5. Пакінь Госпаду лёс свой, мей надзею ў Ім, Ён усё табе зробіць, 6. і справядлівасьць твая ўзыйдзе, бы раніцы сьветласьць, і праўда твая - быццам сьветласьць палудня. 7. Ціхі будзь прад Госпадам, чакай на Яго; не распальвай гневу на тога, каму шэньціць у плянах ягоных, або хто здраду куець. 8. Ад гневу ўхіляйся, кінь ярасьць; не распальвайся гневам, каб благога табе не зрабіць; 9. бо злосьнікі будуць зьніштожаны, тыя-ж, што чакаюць на Госпада, будуць зямлёй валадаць.. 10. Яшчэ крыху толькі, і ня станець бязбожніка; глянеш на месца ягонае, а яго й няма! 11. А ціхія возьмуць зямлю ў валаданьне і цешыцца будуць лішкам спакою. 12. Бязбожнік ліхое куе насупраць пабожнага ды зубамі на тога скрыгоча. 13. Госпад сьмяецца з яго, бо бача, што йдзе дзень ягоны. 14. Бязбожнікі меч абнажылі і лук нацягнулі, каб нешчасьлівага й беднага ім паваліці, каб высечы тых, што йдуць простай дарогай; 15. меч іх уласнае сэрца праткне ім, і лукі ў іх паламаюцца. 16. Малое, што мае пабожны, ляпей за багацьце многіх бязбожнікаў. 17. Бо рукі бязбожных пакрышаны будуць, пабожных жа Госпад паддзержыць. 18. Ведае Госпад дні беззаганных, іх спадчына будзе навекі. 19. Ня будуць яны ў час ліхі асаромлены, а ў дні голаду будуць насычаны. 20. Бо згінуць бязбожнікі, і ворагі Госпада, як палёў тых краса, счэзнуць, як дым яны счэзнуць. 21. Возьме бязбожнік у доўг - і доўгу ня верне; пабожны-ж - ён, шчодры й дае. 22. Багаслаўлёныя Госпадам зямлю ў спадчыну возьмуць, а хто выкляты Ім, тыя будуць загублены. 23. Умацоўвае Госпад крокі чалавека, калі ўпадабае дарогі ягоныя. 24. Калі часам упадзе, не заб'ецца, бо Госпад руку яго падтрымае. 25. Я быў малады й пастарэў, ды ніколі ня бачыў, каб пабожны быў кінены, каб род яго хлеба прасіў. 26. Заўсёды ён шчодры й пазыкі дае, і род яго будзе багаслаўлёны. 27. Ухіляйся ад зла і роб добрае, дык будзеш жыці навекі. 28. Бо Госпад любіць праўду й сьвятых Сваіх не пакіне навекі. Несправядлівыя зьнішчаны будуць, і нашчадзь бязбожных выгублена будзе. 29. Пабожныя возьмуць зямлю ў валаданьне і жыць на ёй будуць навекі. 30. Вусны пабожнага мудрасьць выказваюць, і язык яго праўду гаворыць. 31. Закон Бога ў сэрцы ягоным; яго крокі хістацца ня будуць. 32. Бязбожнік сочыць за пабожным і шукае, каб зьвесьці са сьвету яго. 33. Госпад ня дасьць яго ў рукі ягоныя, не дапусьціць, каб быў ён засуджан, як будуць з яго спаганяць. 34. Спадзявайся на Госпада, ідзі шляхам Ягоным, дык узвысіць цябе, каб узяў ты зямлю ў валаданьне; і бязбожных загубу ты ўбачыш. 35. Я бачыў бязбожніка, гордага й моцнага, быццам Ліванскія кедры, 36. калі-ж (потым) праходзіў, яго ня было; шукаў я яго, але нельга было адшукаці. 37. Зважай на беззаганнага і ўзірайся на цнатлівага, бо будучына такога чалавека ёсьць супакой. 38. А адступнікі ўсе будуць зьнішчаны чыста; і насеньне бязбожных счэзьне. 39. Збаўленьне пабожным ад Госпада, Ён - абарона іх у час бяды; 40. і Госпад ім памагае й спасе іх; Ён вызваліць іх ад бязбожных ды іх успаможа, бо ў Яго шукалі патолі.

Псальм 38.

правіць

1. Псальм Давідавы: напамінаньне аб субоце. 2. Госпадзе, ў гневе Тваім не засудзі Ты мяне! І ў ярасьці Тваёй мяне не карай Ты! 3. Бо стрэлы Твае пранізалі мяне, і рука Твая на мяне лягла. 4. Няма цэлага месца на целе маім ад гневу Твайго; ад грэху майго ў косьцях маіх нічога цэлага няма. 5. Бо праступкі мае вышэй галавы ўзьняліся; як бярэмя цяжкое яны прыгнятаюць мяне. 6. Сьмярдзяць, гнаяцца раны мае праз дурасьць маю. 7. Зусім я сагнуўся, скрывіўся; усе дні я хаджу ды сумую. 8. Бо крыжы мае паранены, няма цэлага месца на целе маім. 9. Зусім я зьнямогся й змарыўся бясконца; за льва, што рыкае, я стогну мацней. 10. Госпадзе, ўсенька жаданьне маё яўна перад Табою, дый уздыханьне маё ад Цябе ня ўкрыта. 11. Крэпка б'ецца сэрца маё; пакінула мяне сіла мая, і сьветласьць вачэй маіх - няма яе ў мяне. 12. Тыя, што любілі мяне, і прыяцелі мае ўцякаюць ад ранаў маіх, і радня мая воддаль стаіць ад мяне. 13. А тыя, што шукаюць душу маю, мне сеці стаўляюць; а тыя, што жадаюць няшчасьця майго, пра пагібель гавораць маю ды ўсьцяж разважаюць аб здрадзе. 14. Я-ж, быццам глухі, ня чую, і да нямога падобны, што вуснаў не расчыняе сваіх. 15. І стаўся я, як чалавек, што ня чуе, што ў вуснах ягоных няма апраўданьня. 16. Бо на Цябе спадзяюся я, Госпадзе; Ты пачуеш, Госпадзе, Божа Ты мой! 17. І кажу: Каб толькі яны не пацяшаліся нада мной! Калі пахіснулася стапа мая, яны крэпка пышацца пачалі прада мною. 18. Я блізкі ўпадку, і сум мой усьцяж прада мною. 19. Бо віну маю вызнаць я мушу, сумую дзеля грэху майго. 20. Няшчысьлёныя тыя, што бязьвінна мяне вінавацяць, і многа такіх, што бяз прычыны мяне ненавідзяць. 21. Злом за дабро мне плацяць яны; за тое варожа яны супраць мяне выступаюць, што я за добрым ганюся. 22. Не пакінь мяне, Госпад і Бог мой! Не адыходзь ад мяне Ты! 23. Пасьпяшы на ўспамогу мне Госпадзе, Спасе Ты мой!

Псальм 39.

правіць

1. Кіраўніку хору, Ядутуну. Псальм Давідавы. 2. Я казаў: Пілнавацца буду сьцежкі маёй, каб не саграшыць мне языком маім! На вусны мае ўзьдзену вузду, пакуль бязбожнік перада мною. 3. Я быў нямы й безгалосны; аб добрым я навет маўчаў, але смутак мой узмацняўся. 4. Распалілася сэрца ў нутры ў маім; у думках маіх заняўся агонь; і пачаў я маім языком гаварыці. 5. Госпадзе, выяў Ты мне каанец мой, дзён маіх меру, дай мне даведацца, які будзе мой век! 6. Вось, на некалькі пядзяў зрабіў Ты даўгімі маі дні, і век мой - нішто прад Табою! Адно подмух ёсьць кожны чалавек. (Зэля.) 7. Адно толькі, як здань, жыве чалавек; яны за нішто клапацяцца, прагавіта зьбіраюць ды самі ня ведаюць, каму дастанецца гэта. 8. Чаго-ж мне чакаць цяпер, Госпадзе? Уся надзея мая - на Цябе! 9. Выбаў мяне ад усіх праступкаў маіх; ня дай мне пасьмешышчам стацца для дурняў. 10. Я занямеў і вуснаў маіх не адчыняю, бо Ты зрабіў гэта. 11. Зьнімі з мяне кару Тваю; ад удараў рукі Тваёй я гібею. 12. Абвіненьнем за віну караеш Ты чалавека і робіш, што, як ад молі, хараство яго рассыпаецца. Але, толькі подмух ёсьць кожны чалавек! (Зэля.) 13. Пачуй малітву маю, Госпадзе! І зважай на крык мой! Не маўчы на сьлёзы мае! Бо госьць я ў Цябе і праходжы, як і ўсе айцы мае. 14. Ня руш мяне, каб разьвесяліўся я перад тым, як зыйсьці, і больш ня будзе мяне!

Псальм 40.

правіць

1. Кіраўніку хору: псальм Давідавы. 2. Тужліва чакаў я на Госпада, і вось Ён схіліўся ка мне і плач мой пачуў. 3. І вывеў мяне із ямы пагібельнай, з твані балотнае, і ногі паставіў мае на скале, і ўзмоцніў Ён стопы мае. 4. І новую песьню мне ў вусны ўлажыў - хвалу нашаму Богу. І многія гэтае ўбачаць і ўбаяцца ды будуць надзею ўскладаці на Госпада. 5. Багаслаўлен чалавек, што надзею сваю ўскладае на Госпада і ня йдзе к непакорным і к тым, хто да ілжы прыхіляецца. 6. Чысьлены цуды Твае і замыслы Твае, якія Ты, Госпад і Бог мой, зьдзейсьніў дзеля мяне. Нічога няма Табе роўнага. Хацеў-бы я іх абвяшчаць і казаці, ды лішне іх многа, каб мог я іх палічыць. 7. Ахвяры з крыві і хлеба недаспадобы Табе: вушы мае Ты мне расчыніў. Цэлапаленьняў ды жэртваў за грэх Ты не вымагаеш. 8. Тады я сказаў: Вось я йду! У зьвітку кніжным напісан загад мне. 9. Волю Тваю выпаўняць, Божа мой, роскаш мая, і Закон Твой - у сэрцы маім. 10. Я абвяшчаў справядлівасьць Тваю на вялізарным зборы; і, запраўды-ж, вуснаў сваіх я ня спыняў, - Ты гэта ведаеш, Госпадзе! 11. Праўды Тваёй ня ўкрываў я ў сэрцы маім, я пра вернасьць Тваю гаварыў і ўспамогу Тваю, ласкі Твае й справядлівасьці прад зборам вялізным ня ўтоіваў. 12. Госпадзе, не адхіляй міласэрдзя Твайго ад мяне; ласка і вернасьць Твая захавае навекі мяне, 13. бо мукі бяз ліку абступілі мяне, праступкі мае дагналі мяне, ажно нельга мне іх агарнуць: іх балей, чым валосься на маёй галаве, - і мужнасьць мая мяне кінула. 14. Рач, Госпадзе, збавіць мяне! пасьпяшы на ўспамогу мне, Госпадзе! 15. Няхай асаромяцца й расчаруюцца ўсе, што шукаюць пагібелі для душы маёй; няхай наўцёкі павернуць ды асаромяцца тыя, што жадаюць няшчасьця майго. 16. Няхай адубеюць у сораме сваім тыя, што мне гукаюць: Ха, ха! 17. Няхай весяляцца й цешацца ўсе ў Табе, хто шукае Цябе; і тыя, што жадаюць спасеньня Твайго, хай гукаюць няспынна: Вялікі ёсьць Госпад! 18. Хоць я й нешчасьлівы й убогі, ды Госпад будзе аба мне клапаціцца. Ты - ўспамога мая і мой Спас! Ня баўся, мой Божа!

Псальм 41.

правіць

1. Кіраўніку хору: псальм Давідавы. 2. Багаслаўлены, хто на мізэрных зважае; у дзень няшчасьця Госпад спасець яго. 3. Госпад яго ўсьцеражэ і жыцьцё захавае яму; на зямлі ён будзе шчасьлівы, і ярасьці ворагаў Ты не аддаш яго. 4. Госпад яго ўзмацуе на ложку нядужным; увесь яго ложак Ты зьменіш у хваробе ягонай. 5. Я казаў: Госпадзе, будзь да мяне Ты ласкавы! Вылечы душу маю, бо я саграшыў прад Табою. 6. Абмаўляюць мяне мае ворагі й кажуць: Калі ён памрэ, счэзьне і імя ягонае! 7. І, калі прыдзе ў адведзіны хто да мяне, гаворыць няшчыра; сэрца ягонае злосьцяй напоўнена; а выйдзе, дык лаець мяне. 8. Усе, што мяне ненавідзяць, шэпчуцца міжы сабою ды супраць мяне, на мяне выдумляючы ліха: 9. Прычапілася к яму безнадзейнае; калі зьлёг, не паўстаць яму болей! 10. Навет той, што жыў мірна са мною, на якога надзею ўскладаў я, хто еў хлеб мой, - і той падняў пяту ды супраць мяне! 11. Дык, Госпадзе, Ты нада мною зьмілуйся і мяне падыймі зноў, каб ім я аддзячыў! 12. І з таго я пазнаю, што да мяне Ты прыхільны, калі вораг мой мець нада мной перамогі ня будзе. 13. За шчырасьць маюТы мяне падтрымаў і паставіў мяне прад абліччам Тваім ды навекі. 14. Няхай будзе пахвалены Госпад, Бог Ізраілявы, ад веку й навекі. Амін, амін!

Псальм 42.

правіць

1. Кіраўніку хору із сыноў Карэявых: песьня навучальная. 2. Як лань, што прагне вады із патоку, так душа мая, Божа, імкнецца к Табе! 3. Душа мая прагне Бога, Бога Жывога! Калі-ж я прыйду й пакажуся прад Божым абліччам? 4. Сьлёзы мае былі ежай маёй дзень і ноч, калі да мяне гаварылі няўстанна: Дзе Бог твой? 5. Успамінаючы гэта, я душу маю выліваю, бо хадзіў я ў таўпе мнагалюднай, вядучы яе к Божаму Дому, сярод радасьці гучнай і падзякі грамады сьвяточнай. 6. Чаму ты сумуеш, душа мая? Чаму ў-ва мне ты калоцішся? Спадзявайся на Бога! Я-ж буду йшчэ славіць Яго, успамогу і Бога майго. 7. Душа сумуе ў-ва мне; дык з зямлі Іорданскае, з гор Гармонскіх, з гары Міцар Цябе ўспамінаю. 8. Бяздоньне гукае бяздоньню пры шуме Тваіх вадаспадаў; усе воды Твае ды ўсе хвалі прайшлі праз мяне. 9. У дзёнь Госпад зьяўляе ласку Сваю, а ўначы Яму песьня ў мяне, малітва да Бога жыцьця майго. 10. Да Бога кажу я, што ёсьць мне скала: Чаму Ты забыў аба мне? Чаму я ў суме хаджу ад уціску варожага? 11. Як парахніца ў косьцях маіх, насьмяхаліся ворагі мае нада мною, гаворачы ўсьцяж: Дзе-ж твой Бог? 12. Чаму ты сумуеш, душа мая? Ды чаму ў-ва мне ты калоцішся? Спадзявайся на Бога! Бо йшчэ буду хваліці Яго, успамогу і Бога майго!

Псальм 43.

правіць

1. Судзі мяне, Божа, і справу маю Ты вядзі супраць народу бяз сэрца! Ад людзёй крывадушных і несправядлівых вызваль Ты мяне! 2. Бо Ты - Бог, абарона мая. Чаму Ты мяне адцураўся? Чаму я ў суме хаджу праз уціск варожы? 3. Пашлі Тваю сьветласьць і праўду Тваю, каб вялі мяне ды завялі на гару сьвятую Тваю і да сялібы Тваёй! 4. І прыйду я к ахвярніку Божаму, к Богу радасьці, ўцехі маёй, ды на гусьлях буду хваліць Цябе, Божа, мой Божа! 5. Чаму ты сумуеш, душа мая? І чаму ў-ва мне ты калоцішся? Бо йшчэ буду хваліці Яго, успамогу і Бога майго!

Псальм 44.

правіць

1. Кіраўніку хору із сыноў Карэявых: навука. 2. Божа! Мы чулі вушыма сваімі, і бацькі нашы наказуюць: вялікае дзела зрабіў Ты ў іхнія дні, у дні старадаўныя. 3. Тваёю рукою Ты павыгнаў народы, а іх абсадзіу; паганаў зьніштожыў, а іх Ты размножыў. 4. Бо ня ўласным мячом яны землю здабылі, перамогу дала ім ня ўласная сіла, а правіца Твая і рука Твая, і сьветласьць аблічча Твайго, бо Ты быў прыхільны да іх! 5. Ты-ж Цар мой, о Божа! Дык пашлі ўспамогу Якубу! 6. Праз Цябе мы паб'ём гнібіцеляў нашых ды ворагаў нашых раздавім, 7. бо не на лук спадзяюся я, і ня меч мой мне дасьць перамогу, 8. а Ты нам даеш перамогу над ворагам нашым і тых выгубляеш, што нас ненавідзяць. 9. Усе дні мы хвалімся Богам, і навекі імя Тваё будзем мы славіць! (Зэля.) 10. І ўсё-ж Ты нас адцураўся і нас асароміў, ды больш ня йдзеш разам з войскамі нашымі. 11. Ты павярнуў нас наўцёкі прад тым, хто, нас уціскае, а ненавісьнікі нашыя нас рабавалі. 12. Ты нас аддаў, як авечкі, каб нас паелі, і расьцярушыў нас між паганаў. 13. Ты прадаў Твой народ за марную плату і нічога не скарыстаў праз гэта. 14. Ты аддаеш нас на ганьбаваньне суседзям нашым, на лаянку й насьмешкі тых, што навакол нас. 15. Ты ў прыказку ўвёў нас міжы паганамі, і народы ківаюць галовамі над намі. 16. Ганьба мая ўсьцяж стаіць прад вачыма маімі, і сорам, што выпаў мне, пакрывае мяне, 17. бо мушу выслухіваць тых, што саромяць ды лаюць мяне, і бачыць ворагаў ды мсьціцеляў. 18. Усё гэта звалілася на нас, хоць мы не забылі Цябе і вернасьці запаведзі Тваёй не зламалі. 19. Не адступілася сэрца нашае, не адхіліўся крок наш ад сьцежкі Тваёй, 20. аднак Ты скрышыў нас у зямлі шакаляў, і цемрай сьмяротнай Ты нас атуліў. 21. Калі-б мы забылі імя нашага Бога і да чужога нашы рукі цягнулі, 22. ці-ж бы наш Бог не дазнаўся аб гэтым? Тайны сэрца вядомы-ж Яму! 23. Але-ж дзеля Цябе забіваюць нас штодня, лічаць нас за гавечкі, празначаныя на зарэз. 24. Збудзіся! Што сьпіш, Пане? Прачхніся, не адкінь нас навекі! 25. Чаму Ты хаваеш аблічча Тваё, забываеш тугу і прыгнечаньне нашае? 26. Бо наша душа ўкінена ў пыл; к зямлі наша цела прыліпла. 27. Паўстань на ўспамогу нам, збаў дзеля ласкі Тваёй!

Псальм 45.

правіць

1. Кіраўніку хору із сыноў Карэявых навука: на ліры шасьціструннан. Песьня вясельная. 2. Сэрца маё пераліваецца ад словаў прыемных. Я кажу: песьня мая - пра цара. Язык мой, як пёрка лоўкага пісара. 3. Ты харашэй за ўсіх сыноў чалавечых! Ласкавасьць ліецца із вуснаў тваіх! Дык багаславіў цябе Бог за гэта навекі. 4. Аперажы, волаце, паясьніцу тваю мячом і сілай тваёй і красой! 5. Ідзі, змагайся за праўду й лагоднасьць, і правіца твая навуча цябе дзівачынаў. 6. Вострыя стрэлы твае, ад іх палягуць народы, і праткнуць яны сэрцы ворагам царавым. 7. Пасад Твой, о Божа, навекі! Кій справядлівасьці - бэрла царства Твайго. 8. Ты праўду любіш, ненавідзіш бяспраўе; за гэта-ж і Бог, Твой Бог, алеем радасьці памазаў цябе панад сябрамі Тваімі. 9. Усе шаты Твае - быццам міра, алёэ і касья; у хорамах з косьці сланёвае ігра струнная цябе пацяшае. 10. Дочкі царавы між улюбёнымі Тваімі; малжонка стаіць праваруч Цябе ў золаце із Офіру. 11. Пачуй, дочка, і глянь ды прыхіль тваё вуха, і забудзь ты народ твой і дом бацькі твайго. 12. І калі Цар красы тваёй зажадае, ты сукланіся яму, бо ён - пан твой. 13. I, дочка Тыру, з дарамі найбагацейшы з народу будзе аб тое рупіцца, каб здабыць прыхільнасьць тваю. 14. Найпрыгажэйша цароўна ў сабе, з золата тканы шаты яе. 15. У вопратках пышных вядуць яе да Цара; за ёй дружак-дзяўчатак вядуць да Цябе. 16. Іх вядуць у радасьці, вясёлых, і ўваходзяць яны ў хорам Царавы. 17. Заміж айцоў Тваіх будуць сыны Твае; іх князямі па ўсенькай паставіш зямлі. 18. Імя Тваё Я зроблю памятным з роду ў род; і будуць народы славіць навекі Цябе.

Псальм 46.

правіць

1. Кіраўніку хору із сыноў Карэявых: на аламот. Песьня. 2. Бог нам прыпынак і сіла, магутная ў бядзе ўспамога. 3. Дык не спалохаемся, хоць-бы зямля захісталася і горы ў сэрца мора зваліліся. 4. Хоць-бы раўлі й уздымаліся воды ягоныя, хоць-бы ад шалу ягонага горы трасьліся: з намі Госпад сілаў нябесных, крэпасьць наша - Бог Якубавы. (Зэля.) 5. Патокі рачныя ўзьвесяляюць Божае места, сьвятую сялібу Найвышэйшага. 6. Бог пасярод яго, дык не захістаецца; Бог вызваліць яго, як настане раніца. 7. Зварухнуліся народы, захісталіся царствы; Ён падаў голас Свой, і зямля растапілася. 8. Госпад сілаў (нябесных) з намі, крэпасьць наша - Бог Якубавы. (Зэля.) 9. Хадзеце ды паўзірайцеся на дзела Госпада: якое спусташэньне зрабіў Ён на зямлі, 10. Госпад, што войны спыняе ажно па край зямлі, ламае лукі й рагатыны рассякае, ды паліць агнём вазы. 11. Спынецеся ды пазнайце, што Я - Бог! Узвышаны Я між народамі, узвышаны на зямлі! 12. Госпад сілаў з намі, крэпасьць наша - Бог Якубавы! (Зэля.)

Псальм 47.

правіць

1. Кіраўніку хору із сыноў Карэявых: псальм. 2. Ляскайце далоньмі, усе народы, сьпявайце Богу з радасьці вялікае! 3. Бо страшны Госпад Найвышэйшы, вялікі Цар над усенькай зямлёй. 4. Ён пакарыў нам народы й паганаў пад ногі нашыя. 5. Ён выбраў для нас нашу спадчыну, красу Якуба, якога Ён палюбіў. (Зэля.) 6. Узьнёсся з крыкам радасьці Бог, Госпад пры гуках трубных. 7. Слаўце Бога, слаўце! Выслаўляйце Цара нашага, выслаўляйце! 8. Бо Бог ёсьць Цар над усенькай зямлёй; сьпявайце-ж мудра. 9. Бог царыць над усімі паганамі; Бог уссеўся на сьвятым пасадзе Сваім. 10. Шляхотныя спасярод народаў сабраліся да народу Бога Аўраамавага, бо шчыты на зямлі - Божыя; Ён высака ўзвышан.

Псальм 48.

правіць

1. Песьня: псальм сыноў Карэявых. 2. Вялік Госпад і вельмі хвалёны ў месьце нашага Бога, на сьвятой гарэ Яго. 3. Як аздоба для ўсенькай зямлі, узьнімаецца гара Сыонская; на краю паўночным места вялікага Цара. 4. Бог у харомах ягоных вядомы, як крэпасьць яго. 5. Бо вось сабраліся цары і грамадай падходзілі разам, 6. ды, паглядзеўшы, здумеліся; спалохаўшысь, у жаху ўцяклі. 7. Напаў на іх жах, трапятаньне, як-бы ў жанкі, што раджае. 8. Ты ветрам усходнім крышыш караблі Тырсыйскія. 9. І чулі мы гэта, і бачылі ў месьце Госпада сілаў нябесных, у месьце нашага Бога: Бог навекі яго ўмацаваў. (Зэля.) 10. Аб міласэрнасьці Тваёй разважаем, о Божа, пасярод сьвятыні Тваёй. 11. Як імя Тваё, Божа, так і слава Твая разьляглася да ўзьмежкаў зямлі; правіца Твая справядлівасьцяй поўніцца. 12. Дзеля судоў Тваіх, Госпадзе, гара Сыонская радуецца, весяляцца дачкі Юдэйскія. 13. Пайдзеце наўкола Сыону, абайдзеце яго і вежы яго палічыце, 14. прыгледзьцеся к валам ягоным, агледзьце харомы яго, каб наказаць пакаленьням, што будуць; 15. бо гэты Бог ёсьць наш Бог навекі. Ён будзе нам павадыром аж да сьмерці.

Псальм 49.

правіць

1. Кіраўніку хору із сыноў Карэявых: псальм. 2. Чуйце гэта, усе народы! Зважайце ўсе, што жывеце ў сусьвеце! 3. Усе вы сыны чалавечыя - і багачы, і ўбогія. 4. Вусны мае мудрае кажуць, думкі-ж сэрца майго - развага. 5. Прыхілю вуха маё да прыповесьці, пад ігру гусьляў выкрыю загадку маю: 6. чаму мне палохацца ў дні няшчасьця, калі абступае мяне беззаконьне напасьнікаў маіх, 7. якія на сілы свае спадзяюцца ды множствам багацьця свайго нахваляюцца? 8. Ніхто выкупіць брата ня можа і даць за яго выкуп Богу, 9. (лішне дорага была-б цана за іх душу, дык навекі зрачыся гэтага мусіць), 10. каб жывы ён навекі астаўся ды ня ўгледзіў магілы. 11. Кожны бачыць: паміраюць мудрыя, і дурны ды шалёны разам прападаюць ды іншым багацьце сваё пакідаюць. 12. Магілы - памешканьне ім па век векаў, дамы ім на ўсенькую прышласьць, хаця-ж бы яны сваім імем назвалі цэлыя землі. 13. І чалавек у чэсьці доўга трываці ня будзе: ён да жывёлы падобны, што назарэз. 14. Гэткі лёс пэўных сябе і тых, каму словы іх даспадобы: 15. як авечкі, яны ў край сьмерці зыйдуць; сьмерць пасьвіць іх будзе; і нараніцы будуць на іх паляваць справядлівыя; сіла іх вычарпецца, магіла - жыльлё ім. 16. Маю-ж душу нызваліць Бог спад улады сьмяротнай краіны, бо Сам мяне прыйме. 17. Не абурайся, калі хто багацее, калі множыцца слава дому ягонага: 18. бо, як памрэ, нічога ня возьме з сабой із таго, і слава яго ня пойдзе за ім, 19. хаця-б за жыцьця душы ён сваей патураў, і людзі хвалілі цябе, калі добра рабіў для сябе. 20. Але ён пойдзе да роду айцоў сваіх, што не пабачаць ніколі сьвятла. 21. Чалавек у славе, ды без развагі, падобны да жывёлы, што назарэз.

Псальм 50.

правіць

1. Псальм Асапа. Бог над багамі, Госпад прамовіў і кліча зямлю ад усходу сонца да захаду яго. 2. З Сыону, вяршыны хараства, зазьяў Бог. 3. Надыходзе наш Бог і не маўчыць: перад Ім - агонь пажыраючы, навакол Яго - бура страшэнная. 4. Ён кліча неба, што ўверсе, і зямлю на суд народу Свайго: 5. Зьбярэце ка Мне сьвятых Маіх, што Мой запавет прынялі пры ахвяры! 6. І нябёсы тады справядлівасьць Яго абвясьцілі, бо Судзьдзя гэты - Бог. (Зэля.) 7. Слухай, народзе Мой: Я гаварыціму. Я буду сьведчыць проці цябе, Ізраілю; Госпад, твой Бог, - гэта Я! 8. Не за ахвяры твае буду карыці цябе: цэлапаленьні твае заўсёды ёсьць прада Мною! 9. Не хачу Я валоў браць з дому твайго, ані казлоў із абораў тваіх, 10. бо Мае ўсе зьвяры ў лясох ды скаціна, што тысячмі ходзіць па горах. 11. Ведаю Я ўсе птушкі ў гарах дый усё, што жывець у палёх. 12. Калі-б згаладаўся Я, дык табе-б Я таго не казаў, бо Мая ўся зямля дый усё, што яе напаўняе. 13. Ці-ж Я ем мяса валоў або п'ю кроў ад казлоў? 14. Богу ў ахвяру падзяку аддай, і Ўсявышняму дасі абяцанае табой. 15. І кліч Мяне ў дзёнь няшчасьця: Я спасу цябе, і славіць будзеш Мянё. 16. А да бязбожніка Бог гавора: Нашто пералічаеш пастановы Мае і ў вусны бярэш запавет Мой, 17. а ў той час ненавідзіш паслухмянасьць і словы Мае за сябе кідаеш? 18. Бачучы злодзея, ты з ім зыходзіўся й вёў сяброўства з распусьнікамі. 19. Вусны свае расчыняў ты дзеля абмовы, і язык твой здраду сплятаў. 20. Ты сядзіш і супраць брата твайго нагаварваеш, абмаўляеш і ганьбуеш сына маткі тваёй. 21. Гэтак ты рабіў, а Я маўчаў. Дык здалося табе, што Я гэткі самы, як ты! Але Я пацягну цябе да адказу і пастаўлю гэта перад вочы табе. 22. Зразумейце гэта вы, што Бога забываеце, каб Я не злавіў вас, бо ня будзе каму ратаваць вас. 23. Той, што прыносе ў ахвяру падзяку, той славіць Мяне; і хто жыве беззаганна, спасеньнем Божым усьцешаны будзе.

Псальм 51.

правіць

1. Кіраўніку хору: псальм Давідавы; 2. калі прарок Натан прыйшоў да яго, пасьля тога, як увайшоў да Вірсавіі. 3. Зьмілуйся нада мною, Божа, з ласкі Тваёй, ды праз вялікую міласэрнасьць Тваю даруй мне беззаконьні мае! 4. Абмый мянё ўсёга ад правіннасьцяў маіх і ачысьці мяне ад грэху майго. 5. Бо ведаю добра беззаконьне маё, і грэх мой усьцяж прада мною. 6. Прад Табой, Табой адзіным саграшыў я і зрабіў прыкрае Табе, дык Ты справядлівы ў прысудзе Тваім і чысты ў судзе Тваім. 7. Аджа я ў беззаконьні ўрадзіўся, і ў грэху пачала мяне мая маці. 8. Ты вымагаеш праўды ў сэрцы, дык зьяві-ж Ты мне мудрасьць у сэрцы маім. 9. Акрапі мяне ізопам, каб я ачысьціўся; абмый мяне, каб я стаўся бялейшым за сьнег. 10. Дай Ты мне радасьць пачуць і вясёласьць, каб вясяліліся косткі, што Ты пакрышыў. 11. Адвярні аблічча Тваё ад грахоў маіх і даруй мне ўсе мае віны. 12. Ствары ў-ва мне, Божа, чыстае сэрца і ўзнаві ў-ва мне духа дужога. 13. Не адкінь Ты мяне ад аблічча Твайго й не пазбаў мяне Духа Твайго Сьвятога! 14. Усьцеш мяне йзноў успамогай Тваёй, падмацуй духам добрае волі мяне. 15. Шляхі Твае буду я адступнікам паказваць, і грэшнікі вернуцца йзноў да Цябе. 16. Вызваль мяне ад помсты за кроў, Ты, Госпадзе Божа, мой Спасе, каб язык мой славіў справядлівасьць Тваю. 17. Расчыні Ты, Госпадзе, вусны мае, каб вусны мае хвалу Тваю абвяшчалі. 18. Бо Ты не жадаеш крывавых ахвяраў, - інакш я-б іх даў! - і цэлапаленьні ня любы Табе. 19. Запраўдная Богу ахвяра - дух пакаянны; сэрцам зламаным, што каецца, Ты, Божа, не пагарджаеш! 20. Шчасьці Сыону з ласкі Тваёй, узьвядзі нанова муры Ерузаліму. 21. Тады Ты прыймеш ласкава ахвяры праўды, цэлапаленьні й жэртвы агністыя; тады валоў пакладуць на ахвярнік Табе.

Псальм 52.

правіць

1. Кіраўніку хору: навука Давідава 2. пасьля таго, як Ідумэй Доэг прыйшоў да Саула і паведаміў, кажучы: Давід увайшоў у дом Абімэлеха. 3. Чаму пахваляешся злачынствам тваім, ты, волаце? Ласка Божая заўсёды са мною! 4. Выдумляе загубу язык твой; як вострая брытва ён у цябе, о, ты, здрадніку! 5. Ліхое больш любіш, чым добрае; ілжу ахватней, чым праўду, гаворыш. (Зэля.) 6. Любіш толькі словы пагібелі ды языкі крывадушныя. 7. За гэта Бог скрышыць цябе навекі й адкіне цябе і вырве із дому твайго; із зямлі жывых цябе выкараніць. (Зэля.) 8. І ўбачаць пабожныя гэта, і ўбаяцца ды будуць сьмяяцца з яго, прыгаварваючы: 9. Вось чалавек, што ня Бога сабе меў падпорай, а на веліч багацьця свайго спадзяваўся ды пышаўся сваімі дастаткамі? 10. Я-ж, як аліўнае дзерава, што зелянее ў доме Божым, на вякі вечныя ў ласцы Божай маю надзею. 11. Нясупынна я буду хваліці Цябе за тое, што Ты ўчыніў, і прад абліччам сьвятых Тваіх буду казаці, што імя Тваё - добрае.

Псальм 53.

правіць

1. Кіраўніку хору: на лад сумны. Навука Давідава. 2. Казаў неразумны ў сэрцы сваім: Няма Бога! Распусьціліся яны й паступаюць агідна; ніхто з іх ня робіць добрага. 3. Бог глянуў з неба на сыноў чалавечых, каб пабачыць, ці ёсьць разумны, які-б Бога шукаў. 4. Усё адступіліся, усё папсаваліся; ня было нікога, хто-б рабіў дабро, - аніводнага! 5. Няўжо-ж не апамятаюцца злачынцы, што зьядаюць народ Мой, быццам хлеб ядуць, ды Бога не прызываюць? 6. Дык дрыжаць яны будуць ад страху, дзе няма дзеля страху прычыны; бо Бог расьцярушыць косьці тых, што абступілі цябе. І ты асароміш іх, бо Госпад ад іх адцураўся. 7. Ах, каб прыйшло Ізраілю спасеньне з Сыону! Калі паверне Бог лёс народу Свайго, будзе радавацца Якуб, будзе весяліцца Ізраіль.

Псальм 54.

правіць

1. Кіраўніку хору: на струнных. Навука Давідава, 2. калі прыйшлі Зыхвеі й сказалі Саулу: Хіба-ж ты ня ведаеш, што Давід схаваўся у нас? 3. Памажы мне, Божа, імем Тваім і вядзі маю справу сілай Тваёй! 4. Пачуй, о Божа, малітву маю, зваж на словы вуснаў маіх. 5. Бо падняліся дзёрзкія супраць мяне, і разбойнікі шукаюць душы маёй; яны ня маюць Бога перад вачыма. (Зэля.) 6. Запраўды, Бог - успаможнік мой; Госпад душу маю ўзмацняе. 7. Ліха спадзе на ворагаў маіх; Ты іх зьніштож праўдай Тваёй! 8. Тады прынясу Табе жэртвы з добрае волі; выслаўляціму імя Тваё, Госпадзе, бо яно - дабрата! 9. Бо Ты вызваліў мянё з усялякае бяды, і вока маё ўсьцешылася (пагібельлю) ворагаў маіх.

Псальм 55.

правіць

1. Кіраўніку хору: на струнных. Навука Давідава. 2. Пачуй, о Божа, малітву маю і не хавайся ад маленьня майго! 3. Зваж на мяне і выслухай мяне; я стогну ў тузе і ўздыхаю 4. ад крыку ворага, ад уціску бязбожнікаў, бо беззаконьне наводзяць на мяне і заўзята змагаюцца са мною. 5. Сэрца трапеча ў-ва мне, і напаў на мяне жах сьмяротны; 6. страх і дрыжаньне найшло на мяне, і жах зьнімае мяне. 7. Дык я сказаў: О, каб мне крыльле, як галубінае! Паляцеў-бы тады й супакоіўся! 8. Так, паляцеў-бы далёка дый астаўся-б у пушчы. (Зэля.) 9. Хутка-б схаваўся прад ветравым шалам, прад бурай! 10. Зьніштож іх, Госпадзе, расшчапі языкі ім, бо бачу я гвалты й сваркі ў месьце. 11. Дзень і ноч яны ходзяць па сьценах яго навакол, няшчасьце-ж ды гора ў сярэдзіне ў ім. 12. Пагібель у ім, ды мана і здрада з рынку яго ня зыходзяць. 13. Бо ня вораг мяне зьняважае, - гэта-б сьцярпеў я! - ня той, што мяне ненавідзіць, што прада мной надымаецца, - ад яго-б я схаваўся! - 14. - але ты, чалавеча, як я, прыяцелю мой і мне блізкі, 15. з кім мы вялі між сабой шчырыя гутаркі, з кім у Дом Божы хадзілі сярод натоўпу народнага. 16. Каб сьмерць напала на іх! Каб зыйшлі жывыя ў край сьмерці! бо злачынства ў іхніх дамох, у іх сэрцы. 17. Я-ж буду клікаць да Бога, і Госпад мяне успаможа. 18. Увечары й раніцай дый у палудзень я буду плакаць і галасіць, і Ён пачуе мой голас. 19. Ён збавіць душу маю й дасьць супакой ад тых, што падняліся супраць мяне; бо многа было проці мяне. 20. Пачуе Бог, і Прадвечны іх давядзе да пакорнасьці, бо ня было ў іх паправы, ды не баяліся Бога, 21. руку сваю падыймалі на тых, што з імі ў згодзе жылі, дый нарушалі ўгоду; 22. вусны ў іх гладкія, як тое масла, а ў сэрцы варожасьць; словы ў іх лагадней за аліву, яны-ж - мячы абнажоныя. 23. Пакінь бярэмя тваё на Госпада: Ён цябе забясьпечыць; ня дасьць Ён ніколі, каб пахіснуўся пабожны. 24. Ты-ж, Божа, іх кінеш у найглыбейшыя ямы; тыя, што прагнуць крыві, ды здраднікі паловы сваіх дзён не дажывуць. А я на Цябе спадзяюся!

Псальм 56.

правіць

1. Кіраўніку хору: на лад: Галубка бязмоўная ў мясцох далёкіх. Залаты псальм Давіда, калі яго ў Гаце злавілі Хвілістыны. 2. Зьмілуйся нада мною Ты, Божа, бо людзі скрышаць мяне; ціснуць ваякі мяне, усьцяж нападаючы. 3. Усьцяж разьбіваюць мяне мае ворагі, бо многа ваюе іх проці мяне, Найвышэйшы! 4. Калі страх мяне агартае, я на Цябе спадзяюся. 5. Дзеля Бога хваліціму слова Яго, на Бога я спадзяюся й не пабаюся; што цела можа зрабіць мне? 6. Што-дня перакручваюць словы мае; усе думкі іх супраць мяне скіраваны на зло. 7. Яны зьбіраюцца й сочаць мяне, падглядаюць крокі мае, каб схапіць маю душу. 8. За іх беззаконьне адплаці Ты ім; адкінь, о Божа, у гневе народы! 9. Туляньне маё Ты мне залічыў; сабраны сьлёзы мае ў судзіну Тваю, ды напэўна ў кнізе Тваёй! 10. Тады павернуць наўцёкі мае ворагі, калі гукну: я ведаю тое, што Госпад за мною! 11. Дзеля Бога хваліціму слова Яго, у Госпадзе ўслаўлю Ягонае слова. 12. На Бога я спадзяюся й не пабаюся: што могуць зрабіці мне людзі? 13. Табе, о Божа, я даў абяцаньні: дык аддам Табе жэртву хвалебную, 14. бо Ты спас маю душу ад сьмерці і стопы мае ад упадку, каб хадзіў я ў сьветласьці тых, што жывуць, перад Богам.

Псальм 57.

правіць

1. Кіраўніку хору: на лад: Не загубляй! Залаты псальм Давіда, калі ўцякаў ад Саула ў пячору. 2. Зьмілуйся нада мною, о Божа, зьмілуйся! Бо ў Цябе я шукаю патолі і ў цяню Тваіх крыльляў шукаць буду прыпынку, пакуль ня мінецца загуба. 3. Клічу да Бога Ўсявышняга, да Бога, што справу маю вядзе за мяне. 4. Ён з неба пашле і ўспаможа мяне; Ён тых асароміць, што хочуць мяне праглынуці; ласку Сваю пашлець Бог ды праўду Сваю. 5. Душа мая міжы львоў, я ляжу сярод тых, што палаюць агнём, сярод людзей, што зубы іх - дзіды і стрэлы, языкі-ж - мячы вострыя. 6. Узьнясіся над неба, о Божа, каб слава Твая па ўсенькай зямлі лунала. 7. Дзеля ног маіх сетку наставілі, прыгнялі яны душу маю, 8. прада мною яму капалі, ды самі ў яе ўваліліся. (Зэля.) 9. Сэрца маё гатова, о Божа, маё сэрца гатова пяяці й іграці Табе. 10. Ачуняй, мая слава! Збудзіцеся, гусьлі мае і псалтыр! Я разбуджу сьвітаньне. 11. Буду славіць Цябе між народамі, Госпадзе, буду славіць Цябе між паганамі! 12. Бо аж да неба вялікая ласка Твая і праўда Твая да аблокаў. 13. Узьнясіся над неба, о Божа, каб слава Твая па ўсенькай зямлі лунала!

Псальм 58.

правіць

1. Кіраўніку хору: на лад: Не загубляй! Песьня Давідава. 2. Ці запраўды выслаўляеце, судзьдзі, прысуд справядлівы? Ці судзіце людцаў па праўдзе? 3. Не! Беззаконнае робіце вы! Злачынствы рук вашых на зямлі на вагу кдадзецё! 4. Ад нараджэньня свайго адступіліся людзі бязбожныя; ад улоньня маткі сваёй блукаюцца й кажуць ілжу. 5. У іх атрута, як яд у зьмяі, у гада глухога, што вушы свае затыкае 6. і ня чуе слоў чарадзея, які заклінаці ўмее. 7. Божа, у вуснах іх зубы скрышы ім! Зламай зубы львянятам, о Госпадзе! 8. Няхай счэзнуць яны, як вада, што разьлілася; няхай паламаюцца стрэлы ім, як будуць нацягіваць! 9. Няхай счэзнуць яны, як сьлімак, што ледзьве паўзе! Няхай яны сонца ня ўбачаць, як неданосак жанчыныі 10. Перш, чымся вашы гаршчкі угледзяць агонь ад цярніны, хай раскідае вецер цярніну, пакуль яшчэ сьвежа й распалена. 11. Зрадзее пабожны, бачучы помсту; абмые ён стопы свае ў крыві бязбожнікаў! 12. І скажуць людзі: Дык ёсьць справядлівым аддзяка! Запраўды, запраўды ёсьць Бог, Які на зямлі чыніць суд!

Псальм 59.

правіць

1. Кіраўніку хору: на лад: Не загубляй! Песьня Давіда, калі Саул паслаў пілнаваць яго дом, каб яго забіць. 2. Ад ворагаў маіх вызваль мяне, мой Божа! Пастаў мяне на высакосьці, дзе буду бясьпечны ад праціўнікаў. 3. Вызваль мянё ад злачынцаў ды памажы проці тых, што прагнуць крыві. 4. Бо вось яны сочаць мяне; гуртуюцца волаты супраць мяне, ды не за праступак ці грэх мой, о Госпадзе! 5. Бяз ніякай віны маёй яны зьбягаюцца й зброяцца. Паўстань на ўспамогу Ты мне й паглядзі! 6. Узьніміся Ты, Госпадзе, нябесных сіл Божа, Божа Ізраіля, каб усіх пакараці паганаў! Ніводнага не пашкадуй із тых здраднікаў і беззаконьнікаў! (Зэля.) 7. Што-вечар яны варачаюцца, выюць, быццам сабакі, і места абходзяць яны навакол. 8. Вось, яны вырыгаюць атруту, у іх вуснах - мячы, бо - хто гэта чуе? 9. Але Ты, Госпадзе, з іх пасьмяешся, Ты асароміш усіх паганаў! 10. Цьвярдыня мая! Аб Табе пяяць буду, бо Госпад - Цьвярдыня мая! 11. Бог мой ласкай сустрэне мяне; над ворагам Бог мне усьцешыцца дасьць. 12. Не забівай іх, каб мой народ не забыўсяі Расьцяруш іх сілай Тваёй і адкінь іх, наш Госпад і шчыт! 13. Словы языка іх - гэта грэх іхніх вуснаў. Няхай злоўлены будуць у пысе сваёй за праклёны й ілжу, што гавораць яны. 14. Зьніштож іх у ярасьці, зьніштож, каб больш ня было іх, каб людзі пазналі, што Бог над Якубам пануе да узьмежкаў зямлі! 15. I што-вечар яны варачаюцца, выюць, быццам сабакі, і места абходзяць яны навакол. 16. Бадзяюцца, ежы шукаючы; калі-ж не насыцяцца, яны бурчаць. 17. А я буду пяяці аб сіле Тваёй і што-раніцы славіць ласку Тваю. Бо Ты мне ў нядолі Цьвярдыняю быў і Прыпынкам. 18. Сіла мая! Аб Табе я буду пяяці, бо Госпад - Цьвярдыня мая, Бог мой ласкавы!

Псальм 60.

правіць

1. Кіраўніку хору: на лад: Лілея аб'яўленьня. Навука. Песьня Давіда, 2. калі ён змагаўся з Сырыяй Мэзапатамскай ды з Сырыяй Зованскай, і калі Іоаб, варочаючыся, пабіў дванаццаць тысяч Ідумэяў у Саляной даліне. 3. Божа, Ты нас пакінуў, нас расьцярушыў! Ты угнявіўся, - падыймі нас ізноў! 4. Ты затрос зямлёй, расшчапіў яе; загаі шчыліны яе, бо яна хістаецца! 5. Даў Ты народу Свайму пазнацца з горкаю доляй, віном зьдзіўленьня нас напаіў. 6. Тым, што баяцца Цябе, даў Ты сьцяг, каб яго паднялі дзеля праўды. (Зэля.) 7. Каб спасьліся, каго Ты ўлюбіў. Дык цяпер памажы нам правіцай Тваёй ды выслухай нас. 8. Бог казаў у Сьвятыні Сваёй: Я узрадуюся! Я падзялю Сыхэм, і даліну Сукот разьмераю. 9. Мой Галад, Мой Манаса, і Яхрэм - цьвярдыня Маёй галавы; Юда - бэрла Маё! 10. Моаб - умывальная чара Мая; на Эдом пасталы Мае кіну, над Хвілістынамі разьвесялюся. 11. Хто да места мяне завядзе абароннага? Хто завядзе мяне у Эдом? 12. Ці-ж ня Ты нас, о Божа, пакінуў і ня вырушыш, Божа, з войскамі нашымі? 13. Дай успамогу Ты нам супраць ворага, бо помач людзкая - марнота! 14. З Богам мы ўчынім слаўныя ўчынкі, Ён ворагаў нашых растопча.

Псальм 61.

правіць

1. Кіраўніку хору: на струнных. Псальм Давідавы. 2. Пачуй, о Божа, малітву маю і зваж на маленьне маё! 3. Ад краю зямлі гукаю я да Цябе, бо ные сэрца маё; узьвядзі мяне на скалу, што для мяне недасяжна! 4. Бо Ты быў прыпынкам маім, крэпкай вежай супраць ворага. 5. Дай мне жыці навекі ў сялібе Тваёй, пад заслонаю крыльля Твайго знайсьці мне прытулак. (Зэля.) 6. Бо Ты, о Божа, чуў абяцаньні мае, Ты даў мне спадчыну тых, што баяцца іменьня Твайго. 7. Дадай дні да царавых дзён, каб гады яго былі з роду ды ў род, 8. каб навекі прад абліччам Божым сядзеў; накажы Ты ласцы ды праўдзс, каб пілнавалі яго! 9. Дык буду няўстанна пяяці іменьню Твайму, буду з дня ды на дзень выпаўняць абяцаньні мае.

Псальм 62.

правіць

1. Кіраўніку хору Ядытунавага: псальм Давідавы. 2. Толькі ў Богу супакойваецца душа мая, ад Яго ўспамога мая. 3. Але: Ён - скала мая й помач мая, Ён - цьвярдыня мая; дык не пахіснуся. 4. Дакуль будзеце насядаць на чалавека? Вы ўсіх маніцёся зьніштожыць, як тая сьцяна, што скранулася, як агарожа, што валіцца. 5. Але, задумалі скінуць яго з высакосьці; ім люба ілжа; яны вуснамі багаслаўляюць, але ў сэрцы сваім праклінаюць! (Зэля.) 6. Але, толькі ў Богу спачынеш, душа мая! Бо на Яго спадзяюся. 7. Але: Ён - скала мая й помач мая, Ён - цьвярдыня мая; дык не пахіснуся. 8. У Богу збаўленьне маё і слава мая; скала мая крэпка, прыпынак у Богу. 9. На Яго спадзявайся, грамада народная! вылівайце прад Ім сэрца вашае: бо Бог - наш прытулак. (Зэля.) 10. Але: сыны чалавечыя - подмух, людзі - мана; калі пакладзеш на вагу, яны разам лягчэй за подмух! 11. Не ўскладайце надзеі на крыўду, ня пышайцеся зрабаваным; калі-ж вам прыбудзе багацьця, сэрца свайго да яго ня прыклейце! 12. Раз сказаў Бог, а я двойчы чуў гэта, што сіла - у Бога. 13. І ў Цябе ласка, Госпадзе, бо кожнаму водле учынкаў даеш.

Псальм 63.

правіць

1. Псальм Давіда, калі ён быў у пушчы Юдэйскай. 2. Божа! Ты - Бог мой! Цябе я шукаю ад самае раніцы! 3. Цябе душа мая прагне, па Табс тужыць цела ў пустой, сухой і бязводнай зямлі, 4. каб сілу і славу ўбачыць Тваю, што я бачыў у Сьвятыні Тваёй. 5. Бо ласка Твая - ляпей за жыцьцё; вусны мае хваліць Цябе будуць. 6. Гэтак буду я славіць Цябе за жыцьцё маё, у імя Тваё рукі мае узьнімаць. 7. Быццам шпікам і тукам сыцее душа мая, і радасным сьпевам Цябе славяць вусны мае, 8. калі я на ложку маім аб Табе ўспамінаю, калі ў час чуваньня начнога аб Табе разважаю. 9. Бо Ты мне быў успамогай, і ў цяню Твайго крыльля сьпяваю ад радасьці. 10. Душа мая к Табе прыляпілася, правіца Твая мне дае падтрыманьне. 11. Тыя-ж, што загубы душы маёй шукаюць, у глыбіні зямлі яны зыйдуць: 12. мячом яны будуць пабіты і будуць дабычай шакаляў. 13. А цар узрадуецца ў Богу; і кожны будзе хваліцца, што Ім прысягае; а вусны брахлівых будуць заткнёны.

Псальм 64.

правіць

1. Кіраўніку хору: псальм Давідавы. 2. Пачуй, о Божа, мой голас у модлах маіх! Ад страху ворага жыцьцё Ты маё захавай! 3. Схавай Ты мяне ад натоўпу злачынцаў, ад банды беззаконьнікаў, 4. што язык свой, як меч, навастрылі, свае стрэлы - калючыя словы - паклалі на лук, 5. каб украдкам страляць у бязьвіннага: зьнячэўку страляюць яны ў яго й не баяцца. 6. Ад замыслу ліхога яны не адступяцца; і змаўляюцца тайна сеці наставіці; яны думаюць: хто будзе бачыць? 7. Злачынствы надумваюць: Гатовы мы! Замах прыдуманы! Нутро-ж кожнага й сэрца яго - непрагледны. 8. А тады іх Бог паражае: стралою зьнячэўку паранены яны, 9. языком сваім самі павытнуць сябе. І дрыжаць усе, хто на іх пазірае. 10. І людзі ўбаяцца. раскажуць пра Божыя дзеі і сьцемяць, што гэта Ягоная справа. 11. Пабожны усьцешыцца ў Госпадзе і будзе шукаці прыпынку ў Яго, і шчырыя сэрцам усе будуць хваліцца.

Псальм 65.

правіць

1. Кіраўніку хору: псальм Давідавы. Дзеля пяяньня. 2. На Цябе надзея, Табе, о Божа, хвала на Сыоне; няхай споўнены будуць Табе абяцаньні. 3. Ты, што чуеш малітву, - да Цябе ўсё жывое імкнецца. 4. Віны мае перамаглі мяне; але Ты пакрываеш праступкі нашы. 5. Шчасьце таму, каго выбраў Ты і прыблізіў, каб жыў ён у сенях Тваіх; насычаціся будзем дабром Твайго дому, сьвятога храму Твайго. 6. Страшнымі ўчынкамі даеш нам адказ паводле Тваёй справядлівасьці, Божа, - Ты, што ёсьць наша спасеньне, усіх канцоў сьвету й далёкага мора надзея! 7. Што ўгрунтаваў Сваёй сілаю горы і моцаю падперазаўся. 8. Што ўсьцішаеш шум мора, шум хваляў ягоных і хваляваньне народаў. 9. Дык жыхары канцоў сьвету далёкіх баяцца знаменьняў Тваіх: землі на ўсходзе й на захадзе Ты славіць Цябе пабуджаеш. 10. Ты адведаў зямлю й напаіў яе; Ты яе ўзбагачаеш мнагаводным Божым патокам. Ты прыгатоўваеш хлеб для яе, бо гэтак спасобіш зямлю. 11. Ты навадняеш разоры яе і скібы яе разрыхляеш, дажджовымі кроплямі яе разьмякчаеш, багаславіш яе ўраджаі. 12. Ты год завяршаеш дабратою Тваёй, і тукам сьцежкі Твае аплываюць. 13. Парастаюць буйна пожні і стэпы, і ўзгоркі радасьцяй падпяразваюцца. 14. Пасьвішчы стадамі авец апранаюцца, і даліны атулены жытам: і радасна міжы сабой гукаюць, і песьні пяюць.

Псальм 66.

правіць

1. Кіраўніку хору: песьня. Псальм. Слаўце Бога, ўсе землі! 2. Сьпявайце аб славе іменьня Ягонага, абвяшчайце славу й хвалу Яго! 3. Кажэце да Бога: Які Ты страшны ў дзеяньнях Тваіх! Дзеля велічы моцы Тваёй падлыгваюць Табе Твае ворагі. 4. Усе землі будуць Табе пакланяцца й славіць Цябе, будуць імя Тваё выхваляці. (Зэля.) 5. Пайдзеце-ж, пагледзьце дзеяньні Бога, страшнога ў справах проці сыноў чалавечых. 6. ён абярнуў мора ў сушу, пеша яны перайшлі праз раку; тамака радаваліся мы ў Ім! 7. Ён Сваёй моцай пануе навекі; вочы Яго за народамі сочаць, каб не паўставалі бунтары. (Зэля.) 8. Слаўце, народы, нашага Бога й гучна абвяшчайце хвалу Яго, 9. што душы нашай жыцьцё дараваў і нашай стапе ня даў пахіснуцца. 10. Бо Ты дасьведчыў нас, Божа! Ператапіў нас агнём, як срэбра ператапляецца. 11. Ты заганяў нас у сеці, цяжкімі путамі бёдры нам ціснуў. 12. Ты нам садзіў чалавека на голаў; ішлі мы ў вагонь і ваду, але Ты нас на волю выводзіў. 13. З цэлапаленьнямі ў Дом Твой пайду і споўню Табе абяцаньні мае, 14. што вусны мае прыракалі, што ў горы маім мой язык вымаўляў. 15. Цэлапалёньні з тлустых авечак прынясу Табе з пахам ахвярным баранаў; валоў і казлоў прынясу на ахвяру. (Зэля.) 16. Хадзеце, паслухайце ўсе, хто Бога баіцца: я раскажу вам, што для душы маёй Ён учыніў. 17. Яго я клікаў вуснамі маімі, і хваленьне было на маім языку. 18. Калі-б меў я ў думцы сваёй беззаконнае, Госпад мяне-б не паслухаў! 19. Ды Бог пачуў і зважыў на голас маленьня майго. 20. Няхай будзе пахвалены Бог, што малітвы маёй не адкінуў і ласкі Сваёй не пазбавіў мяне!

Псальм 67.

правіць

1. Кіраўніку хору: на струнных. Псальм да пяяньня. 2. Божа, будзь нам ласкавы й багаслаў нас; асьвяці нас абліччам Тваім, (Зэля.) 3. каб на зямлі мы пазналі Твой шлях, між усімі народамі збаўленьне Тваё. 4. Тады Цябе, Божа, хваліць будуць народы; будуць славіць Цябе усе людзі. 5. Усьцешацца й узрадуюцца ўсе пляменьні, што Ты судзіш народы па праўдзе й плямёнам кірунак даеш на зямлі. (Зэля.) 6. Хваліць Цябе, Божа, будуць народы; будуць славіць Цябе ўсе людзі. 7. Зямля плод свой выдала; няхай Бог, наш Бог, нас багаслаўляе! 8. Няхай Бог нас багаслаўдяе, няхай усе ўзьмежкі зямлі Яго ўбаяцца!

Псальм 68.

правіць

1. Кіраўніку хору: Псальм Давідавы дзеля пяяньня. 2. Няхай устане Бог, і рассыплюцца ворагі Яго, і ўцякуць прад абліччам Ягоным, хто Яго ненавідзіць. 3. Як разьвяваецца дым, так яны разьвеяны будуць; як таець воск ад агню, так бязбожнікі згінуць прад абліччам Божым. 4. А пабожныя ўзрадуюцца, весяліціся будуць прад Божым абліччам і славіць ад радасьці. 5. Сьпявайце Богу, імя Яго выслаўляйце! Дарогу рабеце Таму, што праз пустыню праносіцца, - Госпад імя Яму! - і прад абліччам Яго весяліцеся, 6. перад Бацькам сіротаў і Заступнікам удоў, Богам у сьвятой сялібе Ягонай, 7. Богам, што выгнанцаў варачае ў бацькаўшчыну, што вязьняў із путаў іх вызваляе, але ў пустыні сьпякотнай пакідае упорыстых. 8. Божа, калі Ты йшоў прад народам Тваім наперадзе, калі праз пустыню праходзіў, (Зэля.) 9. дык траслася зямля, і нябёсы прад абліччам Тваім тапіліся, дый гэты Сыон дрыжэў перад Госпадам, Богам Ізраіля. 10. Ты шчодрым дажджом акрапляў Тваю спадчыну, Божа, ды падмацовываў тое, што зьнямагалася. 11. Там народ Твой асеў; з дабраты Тваяе Ты наладжываў для гарапашных. 12. Госпад кліч клікнуў, і многае множства весьніц адолі было: 13. Цары войск уцякаюць, бягуць, гаспадыня-ж у доме дзеліць дабычу! 14. Між абораў ці хочаце легчы? Вы сталіся, быццам галубка, што крыльле ў яе з серабра, а пёры золатам зелянявым пакрыліся. 15. Калі Ўсемагутны рассыпаў цароў зямлі гэтай, яна пабялела, як сьнег на гары Сальмонскай. 16. Гара Божая ёсьць гара Базанская! многа вяршын мае гара Базанская. 17. Чаму вы, горы шматверхія, завісна глядзіцё на гару, што Госпад выбраў яе на сялібу Сабе? Але, і навекі Госпад жыць тамака будзе. 18. Божых вазоў мірыяды, тысячы тысячаў Ангелаў; сярод іх Госпад, як на Сынаі, бытуе ў Сьвятыні. 19. Ты ўзышоў на гару й вёў палон; Ты дары прыняў дзеля людзей; і навет Твае супраціўнікі мусяць пры Госпадзе жыці. 20. Няхай будзе пахвалены Госпад! З дня на дзень Ён нас носе, Бог - наша ўспамога. (Зэля.) 21. Бог ёсьць нам Бог спасеньня, і брамаю сьмерці Госпад Бог валадае. 22. Запраўды, скрышыць Бог галаву сваіх ворагаў, цемя тых, што закаранеўшы ў беззаконьні ходзяць. 23. Сказаў Госпад: З Базану вярну іх, дастану з глыбіняў марскіх, 24. каб стапу тваю ты замачыў у крыві, а сабакі твае - языкі ў крыві ворагаў. 25. І бачылі, Божа, паход Твой яны, паход Бога майго і Цара майго у Сьвятыні: 26. сьпявакі наперадзе йшлі, наканцы - гусьляры, пасярэдзіне - дзевы з цымбаламі. 27. Слаўце Госпада Бога ў грамадзе, вы, што з насеньня Ізраіля! 28. Там Бэньямін, наймалодшы, пануе над імі; старшыні Юдзіны - іх валадары; старшыні Забулонавы, старшыні Нахталімавыя з іх грамадою. 29. Пашлі, о Божа, сілу Тваю! Умацуй, Божа, тое, што для нас учыніў! 30. Дзеля Сьвятыні Тваёй цары будуць прыносіць дары ў Ерузалім. 31. Угамуй зьвера ў чароце, стада быкоў сярод цялятаў народных: яны пахваляюцца зьліткамі срэбра; расьцяруш народы, што жадаюць вайны! 32. Прыйдуць волаты з Эгіпту, Этыопія працягне рукі свае да Бога. 33. Царствы зямныя! Сьпявайце Богу, выслаўляйце Госпада, (Зэля.) 34. Які носіцца па нябёсах найвышэйшых, адвечных. Там Ён голас Свой падае - гоолас магутны! 35. Прызнайце моц Божую! Веліч Ягоная над Ізраілем, магутнасьць Яго - у хмарах. 36. Страшны зьяўляецца Бог із Сьвятыні Сваёй; Бог Ізраіляў, Ён сілу ды моц народу даець. Няхай будзе пахвалены Бог!

Псальм 69.

правіць

1. Кіраўніку хору: на лад: Лілеі. Псальм Давідавы. 2. Памажы мне, о Божа, бо воды да душы маёй даходзяць! 3. Я заграз у глыбокім балоце бяздонным; я папаў у глыб водную, і цячэньне мяне залівае. 4. Я зьнямогся ад крыку, засохла горла ў мяне; змарыліся вочы мае, выглядаючы Бога майго. 5. Тых, што мяне бяз віны ненавідзяць, больш, чым валасоў на маёй галаве; больш чысьлены, чым косьці, мае ворагі, што несправядліва мяне перасьледуюць. Чаго не ра-баваў, мушу аддаваці. 6. Божа, Ты ведаеш неразумнасьць маю, і грахі мае ад Цябе не схаваны. 7. Ня дай праз мяне асароміцца тым, што на Цябе спадзяюцца, о Госпадзе, Валадару сілаў нябесных; ня дай праз мяне асароміцца тым, што шукаюць Цябе, Божа Ізраіля! 8. Бо дзеля Цябе я ганьбу цярплю, і сорамам твар мой пакрыты. 9. Я стаўся чужым для братоў маіх, незнаёмцам для сыноў маткі маёй. 10. Бо рупнасьць аб Дом Твой зжорла мяне, і лаянкі тых, што Цябе зьняважаюць, на мяне папалі. 11. Я душу маю пастом марыў, і гэта за ганьбу мне сталася; 12. я валасяніцу ўзьдзеў замест вопраткі і прыповесьцяй стаўся для іх; 13. яны абмаўляюць мяне, ля варот пасядаўшы, і прыпеўкі пяюць, віно папіваючы. 14. Я-ж да Цябе малюся, о Госпадзе, у час спрыяньня Твайго: о Божа, праз веліч ласкі Тваёй пачуй Ты мяне і спасі мяне! 15. Вырві з балота мяне, каб я не заграз; ратуй ад тых, што мяне ненавідзяць, дый із водных глыбіняў! 16. Цячэньню водаў ня дай Ты мяне затапіць, ня дай, каб глыб праглынула мяне, каб бяздоньне ляпу сваю нада мной сашчыміла. 17. Пачуй мяне, Госпадзе, бо вялікая ласка Твая! Праз веліч Твайго міласэрдзя зірні на мяне. 18. Ад раба Твайго не хавай Ты аблічча Твайго, бо жах зьнімае мяне; пасьпяшы мяне выслухаць! 19. Да душы прыбліжся маёй, ратуй Ты яе; насупраць ворагам маім, вызваль Ты мяне! 20. Ты ведаеш ганьбу маю і мой сорам і зьняважэньне; усе, што мяне перасьледуюць, ёсьць прад Табою. 21. Ганьба разьбіла мне сэрца, дык роспач мяне агартае; чакаў зьмілаваньня, ды ня маю яго, і пацяшыцеляў, ды не знайшоў іх. 22. Замест стравы яны жоўць далі мне; і, калі прагнуў, мяне напаілі воцатам. 23. Няхай стол іх абернецца ў сетку для іх, і бясьпечнасьць - у сіло. 24. Няхай ночы зацьмяцца ім, каб ня бачылі сьвету, няхай ім заўсёды лыдкі дрыжаць! 25. Вылі на іх Ты ярасьць Тваю, і полымя гневу Твайго няхай іх дасягне! 26. Няхай апусьцее сяліба іх, няхай ніхто ня жыве ў палатках іхніх! 27. Бо таго перасьледуюць, каго Сам Ты скараў, бо над мукамі тых пацяшаюцца, каго Ты паражаеш. 28. Далічы беззаконьне да іх беззаконьня і ня дай Ты ім праўды Тваёй дасягнуць. 29. Няхай вычыркнуць іх із кнігі жывых і не запішуць разам з пабожнымі. 30. Я-ж нешчасьлівы й поўны тугі; Твая помач, о Божа, хай падыме мяне! 31. Я буду хваліць імя Божае ў песьнях, буду славіць Бога у гімнах. 32. Будзе Госпаду гэта больш даспадобы, чымся бык, вол з рагамі й капытамі. 33. Угледзяць сумныя гэта ды ўцешацца; вы, што шукаеце Бога, хай сэрца вам акрыяе! 34. Бо Госпад слухае ўбогіх і ня грэбуе тымі, што ў няволю папалі. 35. Дык няхай Яго хваляць і неба й зямля, і мора ды ўсё, што варушыцца ў ім. 36. Бо Госпад збавіць Сыон, адбудуе Ён месты Юдэйскія, і тамака будуць сяліцца ды імі ўладаць. 37. I насеньне рабоў Яго ў спадчыну іх атрымае, і той, хто імя Яго любіць, жыць тама будзе.

Псальм 70.

правіць

1. Кіраўніку хору: псальм Давідавы на ўспамін. 2. Рач, о Божа, збавіць мяне! Пасьпяшы на ўспамогу мне, Госпадзе! 3. Няхай асаромяцца й расчарованы будуць усе, што шукаюць душы маяё! Наўцёкі зьвярні й асаром усіх, што мне ліха жадаюць! 4. Хай павернуць наўцекі за зьнявагі ўсе тыя, што гукаюць Ха! Ха! на мяне. 5. Няхай весяляцца й узрадуюцца ў Табе ўсе, што шукаюць Цябе; няхай няўстанна клічуць: Вялік Бог! тыя, што прагнуць спасеньня Твайго. 6. Я-ж нешчасьлівы й убогі; дык сьпяшы да мяне, о Божа! Ты мне ўспамога і мой Збавіцель; Госпадзе, не запярэч!

Псальм 71.

правіць

1. Пры Табе, о Госпадзе, шукаю прыпынку. Ня дай мне навек асароміцца! 2. Збаў нас, вызваль мяне паводле Тваёй справядлівасьці! Прыхілі да мяне Тваё вуха і дай мне ўспамогу! 3. Будзь мне скалой, што бароніць мяне, цьвярдыняю моцнай, каб мне памагчы; бо Ты і скала і цьвярдыня мая. 4. З моцы бязбожнага вызваль мяне, Божа мой, з рукі беззаконнага і прыгнятацеля. 5. Бо Ты, о Госпадзе, надзея мая, спадзяваньне маё змалку год! 6. На Цябе я здаваўся ад матчына чэрава; з улоньня маткі Ты вывеў мяне; дык навекі Табе хвала ад мяне! 7. Шмат хто глядзіць на мяне, як на дзіва; але Ты мне заслона магутная. 8. Вусны мае поўны славы Тваёй, што-дня яны славяць веліч Тваю. 9. Не адцурайся мяне ў маёй старасьці; калі счэзнуць сілы мае, Ты не пакінь мяне! 10. Бо змаўляюцца ворагі мае на мяне, і тыя, што сочаць за душою маёй, раяцца міжы сабою, 11. кажучы: Бог пакінуў яго; дык ганіцеся за ім і схапіце яго, бо няма ў яго абаронцы! 12. Божа, ня будзь далёка ад мяне! Пасьпяшы, мой Божа, на помач да мяне! 13. Каб былі асаромлены й зьнішчаны тыя, што ненавідзяць душу маю! Каб ганьбай і сорамам тыя пакрыліся, што жадаюць нядолі маёй! 14. Я-ж заўсёды буду чакаць і множыць славу Тваю. 15. Справядлівасьць Тваю будуць вусны мае абвяшчаць, пра збаўленьне ўсьцяж гаварыць, бо ім лічбы ня ведаю я! 16. Выступаць буду сілай вялікаю Госпада, буду славіць Тваю справядлівасьць, толькі Тваю! 17. Змалку дзён Ты вучыў мяне, Божа, і дагэтуль я цуды Твае абвяшчаю. 18. І да старасьці, і да сівізны не пакідай мяне, Божа, пакуль я пра сілу Тваю не накажу пакаленьню вось гэтаму ды пра моц Тваю - ўсім, што народзяцца йшчэ. 19. Бо справядлівасьць Твая, о Божа, ажно да неба высокая; вялізнае, Божа, Ты учыніў, каму-ж зраўняцца з Табою? 20. Ты нам даў перажыць многа бед і нягод, але Ты ажывіш нас нанова і з бяздоньняў зямлі зноў выцягнеш нас. 21. Ты памножыш сілу маю і пацешыш мяне; 22. дык і я на псалтыры, мой Божа, буду хваліці Цябе і праўду Тваю! Буду на гусьлях іграці Табе, о Сьвяты Ізраіля! 23. Радыя вусны мае, як Табе я пяю, і душа мая, што Ты спас яе. 24. І язык мой будзе што-дня абвяшчаць справядлівасьць Тваю, бо сорам і стыд на тых, што мне ліха шукаюць.

Псальм 72.

правіць

1. Аб Салямоне. Псальм Давідавы. Божа, дай суд Твой цару й справядлівасьць Тваю сыну цараваму, 2. каб судзіў народ Твой паводле справядлівасьці і ўбогіх Тваіх водле права, 3. каб прынесьлі горы супакой народу і ўзгоркі - справядлівасьць, 4. каб ён людзям убогім даваў справядлівасьць, памагаў-бы дзецям гарапашнікаў ды скрышыў гвалтаўнікоў. 5. Няхай мецімуць страх прад Табой з роду ў род, пакуль будзе сонца ды месяц. 6. Хай зыходзе, як дождж на луку сьвежаскошаную, як кроплі дажджовыя, што зямля ад іх вільгатнее. 7. Хай пабожны ў яго дні з-красуе, і супакой запануе, пакуль месяц ня спыніцца. 8. І няхай ён пануе ад мора да мора і ад ракі аж да краю зямлі. 9. Калені прад ім схіляць будуць праціўнікі, а ворагі ягоныя лізацімуць пыл. 10. Цары Тарсу й астравоў дары яму панясуць; цары Арабіі й Сабы прынясуць яму даніну. 11.І ўсе цары будуць яму пакланяцца, усе народы яму служыць будуць. 12. Бо ён ратуе ўбогага, які помачы кліча, і ўцісьнёнага й тога, што ўспамогі ніякай ня мае. 13. Над мізэрным і ўбогім літуецца ён і спасае душу бедакоў. 14. З уціску й гвалту вызваляе іх душы, і ў вачох яго кроў іх мае цану. 15. І будзе ён жыць, і даваць яму будуць з Арабіі золата; будуць маліцца ўсьцяж за яго, багаслаўляць што-дня будуць. 16. Будзе дастатак збожжа ў зямлі, на горных вяршынах; каласы яго будуць шумець, як Ліван, і па местах размножацца людзі, быццам зельле у полі. 17. Навекі ўхаваецца імя ягонае, пакуль сонца будзе трываці. Багаслаўлены будуць у ім усе плямёны, будуць славіць яго ўсе народы. 18. Няхай будзе пахвалены Госпад, Бог Ізраіляў, што Сам Сабой робіць цуды. 19. І імя Яго слаўнае хай будзе хвалёна навекі, і ўсе землі хай поўняцца славай Яго! Амін! Амін! 20. Канец малітвам Давіда, сына Ясьсейвага.

Псальм 73.

правіць

1. Псальм Асапавы. Які добры Бог для Ізраіля, для тых, што чыстыя сэрцам! 2. Мае-ж ногі чуць незахісталіся, чуць не пакаўзнуліся стопы мае. 3. Бо распаляўся я супраць гордых, бачучы шчасьлівы лёс бязбожнікаў, 4. што не зазнаюць гора ніякага, цёла-ж крэпкае ў іх і добра ускормлена, 5. і ў бяду яны не пападуцца як іншыя людзі, і туга невядома для іх, што ў іншых людзей. 6. Дзеля гэтага пыха - нашыйнік іх, гвалт замест вопраткі іх атуляе. 7. З перасычэньня паходзяць грахі іх, цераз край пераліваюцца думкі іх сэрца. 8. Над усім яны зьдзекуюцца й зласьліва абмаўляюць; звысака гавараць аб нядолі. 9. Да неба ўзьнімаюцца вуснамі сваімі, язык жа іхні па зямлі гуляе. 10. Дык туды-ж і народ Яго зварачаецца і п'е ваду поўнаю чарай. 11. Яны кажуць: Як Богу аб гэтым даведацца? Ці меў-бы веданьне аб тым Найвышэйшы? 12. Вось гэткія ёсьць бязбожнікі, ды ў поўным спакоі зьбіраюць яны свае скарбы. 13. А ці-ж гэта зусім дарэмна, што я захаваў сваё сэрца ў чыстасьці дый у нявіннасьці рукі мае абмываў, 14. мяне-ж усьцяж мучылі, й кожную раніцу цярпеў я кару маю? 15. Калі-б я падумаў: Гэта я буду расказваць!, я-б гэтым адрокся ад роду сыноў Тваіх! 16. І пачаў разважаці я, каб сьцяміць гэта, і нядоляй здавалася гэта ў маіх у вачох, 17. ажно пакуль не ўвайшоў я да Божай Сьвятыні ды не пазнаў іх канца. 18. Але, на коўзкім стаўляеш іх груньце і на пагібель скідаеш! 19. Вось яны мігам зьніштожаны, згінулі, счэзьлі ад страху! 20. Як сном пасьля прабуджэньня, так Ты грэбуеш, Госпадзс, устаўшы, вобразам іхнім. 21. Калі сэрца маё занямела і нутро маё калацілася, 22. дык я розум утраціў і ня ведаў нічога, ды быў прад Табой, як жывёла. 23. Але астаўся я пры Табе назаўсёды! Ты трымаеш мяне за правую руку маю. 24. І вядзеш Ты мяне паводле Тваёй пастановы, і посьле сустрэнеш мяне ды ў пашане. 25. Каго-ж маю на небе? І на зямлі - кром Цябе - не жадаю нічога. 20. Хаця-б зьнямагалі мае цела і сэрца, Бог скала майго сэрца й удзел мой навекі. 27. Бо, запраўды, гінуць тыя, што ад Цябе адыходзяць; Ты нішчыш кожнага, хто ад Цябе адступіўся. 28. Для мяне-ж блізкасьць Бога ёсьць шчасьце; надзею маю паклаў я ў Госпадзе, каб паведаць усе Твае ўчынкі.

Псальм 74.

правіць

1. Псальм Асапавы. Навука. Чаму Ты, о Божа, нас назаўсёды адкінуў? Чаму ўзгарэўся Твой гнеў на гавечкі пасты Тваёй? 2. Успомні народ Твой, што Ты адпачатку прыдбаў Сабе, адкупіў, як спадчыну Сваю, гару гэту Сыонскую, на якой Ты асеў! 3. Зьвярні стопы Твае да руінаў адвечпых: усё чыста ў Сьвятыні вораг разбурыў. 4. Рыкаюць ворагі Твае пасярод Тваіх зграмаджэньняў; панастаўлялі знакоў сваіх замест нашых сьцягаў. 5. Яны падобны да тых, што ў гушчары лясным падыймаюць сякеру, 6. і цяпер тапарамі і молатам разьбу ўсю ў ёй (Сьвятыні) крышаць. 7. Яны пусьцілі з агнём Сьвятыню Тваю, сялібу іменьня Твайго апаганілі да грунту. 8. Сказалі ў сэрцы сваім: Усё зруйнуем дазваньня! - і ўсе месцы зграмаджэньняў Божых на зямлі папалілі. 9. Знакоў нашых ня бачым мы болей; няма больш прарока, і нікога няма, хто-б ведаў, дакуль гэта будзе. 10. Дакуль, о Божа, лаяцца будзе Твой вораг? Ці вечна зьняважаць будзе вораг імя Тваё? 11. Чаму стрымваеш руку Тваю і правіцу Тваю? Вым яе з-за пазухі Тваёй і ўдар па іх! 12. Аджа Бог ёсьць Цар мой спрадвеку, што ўспамогу даваў на зямлі. 13. Ты моцай Тваёй разьдзяліў мора, пачварам марскім галовы скрышыў у вадзе. 14. Ты скрышыў галаву левьятану, яго-ж аддаў на корм у пустыні. 15. Ты выкрасаў крыніцу й паток, Ты высушыў рэкі мнагаводныя. 16. Твой ёсьць дзень і ночка Твая: Ты стварыў сьвятло і сонца. 17. Ты ўсе межы назначыў зямлі; лета й зіму - Ты іх стварыў. 18. Успомні: вораг зьняважыў Госпада, а люд шалёны над імем Тваім зьдзекуецца! 19. Не аддай зьверу лютаму душу турка твайго; не забудзь навекі грамаду бяздольнікаў Тваіх. 20. Успомні запавет Твой! Бо ў закутках зямлі поўна месц гвалту. 21. Ня дай уцісьнёнаму адыйсьціся з сорамам: няхай нешчасьлівыя й убогія хваляць імя Тваё! 22. Паўстань, о Божа' Вядзі справу Тваю! Успомні зьнявагі штодзённыя, што церпіш ад неразумнага. 23. Не забудзь Ты голасу ворагаў, каламучаньня праціўнікаў Тваіх, што ўсьцяж узьнімаецца!

Псальм 75.

правіць

1. Кіраўніку хору: на лад: не выгубляй. Псальм Асапавы. 2. Хвалім Цябе, Божа, хвалім Цябе, і тыя, што імя Тваё прызываюць, абвяшчаюць цуды Твае. 3. Калі Я бачу, што час настаў, Я суджу па справядлівасьці. 4. Калі зямля хістаецца і, хто жыве на ёй, гіне, - Я умацоўваю слупы яе. (Зэля.) 5. Да гордых кажу Я: не надымайцеся! да бязбожных: не падыймайце ўверх рогу! 6. Не падыймайце высака рогу, не кажэце дзёрзка супраць Скалы! 7. Бо не з усходу, ні з захаду, ні з пустыні вывышшэньне, 8. але Бог есьць Судзьдзя: гэтага Ён паніжае, таго-ж вывышшае. 9. Бо мае ў руцэ Госпад чару з віном, якое ў ёй пеніцца; яна поўна напою зьмяшанага, і Ён із яе налівае. Ды толькі фуз яго піць будуць бязбожнікі ўсе на зямлі. 10. Я-ж весяліціся буду навекі, буду славіць Бога Якубавага. 11. І адсяку Я ўсе рогі бязбожнікам, рогі-ж пабожных высака узьнясуцца.

Псальм 76.

правіць

1. Кіраўніку хору: на струнных. Псальм Асапавы. Песьня. 2. Ведамы Бог у Юдэі, вялікае ў Ізраілю імя Яго. 3. Аджа ў Саліме палатка Ягоная і жыльлё Яго на Сыоне. 4. Там Ён скрышыў стрэлы луку, шчыт і меч ды вайну. (Зэля.) 5. Ты бліскучы, Ты зьяеш, Ты магутней за горы адвечныя. 6. Крэпкія сэрцам дабычай зрабіліся, сон іх зьняў, і мужы дужыя рук сваіх не знайшлі. 7. Ад пагрому Твайго, о Божа Якубавы, і воз ды з канём сном абняты. 8. Ты страшны, і хто можа ўстаяць прад абліччам Тваім у час гневу Твайго? 9. З неба Ты абвясьціў Свой прысуд, і зямля спалохана й сьціхла, 10. калі Бог падняўся на суд, каб даць успамогу ўсім пакорным на зямлі. (Зэля.) 11. І гнеў чалавечы абернецца ў славу Табе, і астачу сердаваньня Ты ўсьцішыш. 12. Давайце і спаўняйце абяцаньні Госпаду Богу вашаму: усе, што навакол Яго, нясеце дары Страшному. 13. Ён пазбаўляе духу князёў, Ён страшны для цароў зямных.

Псальм 77.

правіць

1. Кіраўніку хору: паводле Ядутуна. Псальм Асапавы. 2. Голас мой да Бога, і буду галасіці; голас мой да Бога, каб пачуў мяне. 3. У дзень тугі маёй шукаю я Госпада; уначы рука мая працягнулася і ня спускаецца; душа не дала пацешыць сябе. 4. Бога ўспамінаю і стогну; разважаю, а душа ўстрывожана. (Зэля.) 5. Ты не даеш мне заплюшчыць павекі мае; трывога прыйшла на мяне, і не магу гаварыць. 6. Разважаю аб днях даўных, аб гадох вякоў мінулых. 7. Уначы ўспамінаю песьні мае, разважаю ў сэрцы маім, і дух мой дапытываецца: 8. Няўжо-ж адцураўся Госпад навекі і ня будзе больш спагадаць? 9. Няўжо-ж назаўсёды канец ласцы Ягонай, і вернасьць з роду ды ў род прыпынілася? 10. Няўжо-ж Бог забыў міласэрнасьць Сваю і ў гневе Сваім літасьць Сваю? 11. І сказаў я: Гэта-ж мука мая, што правіца Ўсявышняга зьмянілася. 12. Успамяну я дзеяньні Госпада; але, успамінаці буду дзіўныя дзеяньні Твае спрад вякоў. 13. Буду разважаці аб усіх учынках Тваіх і аб вялікіх дзеяньнях Тваіх апавядаціму. 14. У сьвятасьці, Божа, Твой шлях; хто-ж гэткі вялікі, як наш Госпад Бог? 15. Ты Бог, што цуды робіць. Ты выявіў магутнасьць Тваю пасярод народаў. 16. Рукой Тваёй Ты народ Твой вызваліў, сыноў Якуба й Язэпа. (Зэля.) 17. Убачыўшы Цябе, о Божа, убачыўшы Цябе, воды задрыжэлі, і глыбіні бяздонныя зварухнуліся. 18. Патокамі воднымі люнулі хмары густыя; грымелі аблокі, і лёталі стрэлы Твае. 19. У віхры голас грымоту Твайго разнасіўся; маланкі ўвесь сьвет асьвятлялі; зямля дрыжэла й гудзела. 20. Праз мора йшоў шлях Твой, і праз воды вялікія сьцежка Твая, і сьлядоў Тваіх нельга пазнаці. 21. Ты вёў Твой народ, як авечкі, рукой Маісея й Аарона.

Псальм 78.

правіць

1. Навука Асапава. Чуй, мой народзе, навуку маю, вуха сваё да слоў вуснаў маіх прыхілеце! 2. Адчыню я вусны мае ў прыповесьці, казаць буду загадкі старадаўныя. 3. Што чулі мы і даведаліся, ды што нам бацькі расказалі, 4. гэта ня ўкрыем ад іхніх дзяцей, што народзяцца, абвяшчаючы слаўныя ўчынкі Госпада і магутнасьць Ягоную й цуды Яго, што Ён робіў. 5. Ён сьведчаньне Сваё ў Якубе паставіў і паклаў Закон у Ізраілю, загадаўшы бацьком нашым, каб сыном сваім пераказвалі, 6. каб ведаў род патомны, дзеці, якія народзяцца, ды каб яны ў свой час сыном сваім наказалі, 7. каб на Бога надзею сваю ўскладалі, аб дзеяньнях вялікіх Бога не забываліся ды запаведзі Ягоныя захоўвалі, 8. і ня былі-б падобныя да бацькоў сваіх, роду адступнікаў і непакорных, роду, што сэрца свайго не спасобіў, каб дух ягоны верны быў Богу. 9. Сыны Яхрэмавы, уваружаныя лукамі, у дзень бітвы назад павярнулі. 10. Яны не захавалі запавету Божага й не хацелі хадзіць паводле Закону Ягонага. 11. Яны забыліся аб вялікіх дзеяньнях Ягоных ды цудах, што Ён ім зьявіў. 12. Перад бацькамі іх цуды рабіў Ён у Эгіпце, на полі Цоанскім. 13. Ён мора расьсек і іх перавёў праз яго, і воды паставіў, як сьцены, 14. удзень вёў іх хмарай, а ўначы - зьяньнем агністым. 15. Ён скалы ў пустыні ра-шчапляў і паіў іх так шчодра, быццам з бяздоньня; 16. патокі із скалаў плылі, і воды цяклі ракамі. 17. І ўсё-ж яны і далей грашылі проці Яго, бунт у пустыні ўзьнімаючы проці Найвышняга. 18. Яны Бога ў сэрцы сваім спакушалі, просячы корму водле жадобы сваёй. 19. І проці Бога бурчэлі, гаворачы: Хіба-ж Бог у пустыні можа нам стол прыгатовіць? 20. Вось, па скале Ён удэрыў, і люнулі воды і ручаі пацяклі; але ці можа Ён даць такжа й хлеба - ды мяса народу Свайму прыгатовіць? 21. Дык абурыўся Госпад, пачуўшы, і ўзгарэўся агонь на Якуба, і ўзьняўся гнеў на Ізраіля 22. за тое, што Богу яны не паверылі й не спадзяваліся на ўспамогу Ягоную. 23. Але хмарам высока Ён даў загад і расчыніў дзьверы неба, 24. і пасыпаў ім манну, як дождж, і даў ім хлеба нябеснага. 25. Хлеб Ангелаў кожны меў есьці; Ён ім корму паслаў ды ўволю. 26. Вецер усходні адвярнуў Ён на небе і сілай Сваёю навёў вецер паўдзённы; 27. і, быццам пыл, спусьціў на іх мяса - птушак крылатых, як пясок ля мора. 28. Скінуў іх сярод іх табору, навакола іхніх палатак. 29. І елі яны многа ўдосыць, і Ён даў ім жаданае. 30. Ды йшчэ не зракліся яны жадобы сваёй, яшчэ ежа іх была ў іх вуснах. 31. Дык гнеў Божы ўзьняўся на іх, і губіў тлустых, і дзяцюкоў Ізраілявых паваліў. 32. Пры ўсім гэтым яны йшчэ грашылі далей і ў цуды Яго ня веравалі. 33. Дык зыходзілі дні іх марна і леты ў страху. 34. Калі Ён зьніштажаў іх, дык шукалі Яго, наварачываліся і зварачаліся да Бога, 35. дый успаміналі, што Бог - іх прыпынак, Найвышэйшы - Спас іхні. 36. Яны лесьцілі Яму вуснамі Сваімі і языком сваім ілгалі перад Ім, 37. ды сэрца іхняе ня было Яму вернае, і не захоўвалі верна Закону Ягонага. 38. А Ён, ласкавы, дараваў ім грэх іхні і ня зьніштожыў іх, неаднакроць супыняў Свой гнеў і не даваў ходу ўсёй ярасьці Сваёй, 39. бо памятаў, што яны - цела, подмух, які адыходзе й ня вернецца. 40. Як часта яны паўставалі супраць Яго ў пустыні, засмучалі Яго ў зямлі бязьлюднай! 41. Ізноў ды ізноў яны спакушалі Бога і абражалі Сьвятога Ізраілявага. 42. Не памяталі яны рукі Ягонае, дня, калі Ён іх вызваліў з уціску, 43. калі знакі Свае рабіў у Эгіпце і цуды Свае на палёх Цоанскіх: 44. бо абярнуў Ён іх рэкі й патокі у кроў, каб піць не маглі, 45. наслаў ім кузурак, што іх кусалі, ды жабаў, што іх губілі; 46. плады зямныя аддаў рабацтву, а працу рук іхніх - саранчы. 47. Вінаградныя лозы градам пабіў, фіговыя дрэвы - шэраньню. 48. Скаціну іхнюю граду аддаў, а стады - маланкам; 49. паслаў на іх полымя гневу Свайго, абурэньне і ярасьць ды пошасьці, навалу злых ангелаў. 50. Даў попуст гневу Свайму, ад сьмерці іх душ не спасаў, жыцьцё іх на мор аддаў; 51. пабіў усіх першакоў у Эгіпце, зачаткі расплоду ў палатках Хамавых; 52. і, як авечкі, вывеў народ Свой і вёў праз пустыніо, як стада; 53. вёў іх бясьпечна, і нечага было ім баяцца, а ворагаў іхніх мора накрыла; 54. і давёў іх да краіны Сваёй сьвятой, да гары, што здабыла правіца Ягоная; 55. і спрад аблічча іх выгнаў народы, зямлю-ж падзяліў паміж імі у спадчыну, у іхніх палатках калены Ізраіля Ён абсадзіў. 56. Ды ўсё йшчэ яны спакушалі Найвышэйшага Бога, паўставалі супраць Яго, запаветаў Яго не захоўвалі. 57. Яны адступаліся й здрайцамі былі, як і бацькі іх, выварачваліся, быццам той лук няверны. 58. Яны абуралі Яго высакосьцямі сваімі й ідаламі сваімі дражнілі Яго. 59. Пачуў Бог і гневам узгарэўся, і зусім адапхнуў Ён Ізраіля. 60. Адапхнуў Ён сялібу ў Сіломе, палатку, дзе жыў між людзьмі; 61. аддаў у палон Сваю моц і славу Сваю ў рукі ворага. 62. Пад меч аддаў Свой народ, на спадчыну Сваю разьярыўся. 63. Дзяцюкоў ягоных агонь пажыраў, і дзяўчаты бяз песень вясельных аставаліся. 64. Сьвяшчэньнікі яго гібелі ад мяча, і ўдовы яго не галасілі. 65. Ды быццам зо-сну прачнуўся Госпад, як той волат, што віно разварушыла яго, 66. і адбіў Ён ворагаў, на вечны сорам аддаў іх. 67. І адапхнуў Ён палатку Язэпаву, і ня выбраў калена Яхрэмавага, 68. а выбраў калена Юдава, гару Сыонскую, якую ўлюбіў; 69. і збудаваў Ён пад неба высокую Сьвятыню Сваю; навекі, як зямлю, умацаваў яе. 70. І выбраў раба Свайго Давіда, і ўзяў яго ад абораў авечых, 71. і ад дойных авечак забраў яго, каб пасьвіў Ягоны народ, Якубавы, і спадчыну Ягоную, Ізраіля. 72. І той пасьвіў іх у прастаце сэрца свайго і вадзіў іх мудрай рукой.

Псалым 79.

правіць

1. Псальм Асапавы. Божа, пагане напалі на Тваю спадчыну, апаганілі храм Твой сьвяты, Ерузалім у руіну абярнулі. 2. Трупы рабоў Тваіх аддалі на жыр птушкам нябесным, целы пабожных Тваіх - зьвяром зямным. 3. Іх кроў, як ваду, пралілі навакол Ерузаліму, і некаму было іх хаваць. 4. Мы сталіся пасьмешышчам у суседзяў нашых, наруганьнем і ганьбай у акружаючых нас. 5. Дакуль, Госпадзе, будзеш гневацца бясспынна, дакуль ярасьць Твая паланець будзе? 6. Вылі гнеў Твой на народы, што ня ведаюць Цябе, ды на царствы, што іменьня Твайго не прызываюць, 7. бо зжэрлі Якуба і жыльлё яго зруйнавалі. 8. Не палічы нам грахоў даўнейшых; няхай нас сустрэне міласэрнасьць Твая чым хутчэй, бо вельмі мы зьнемагліся. 9. Памажы нам, о Божа, Збавіцелю наш, дзеля чэсьці іменьня Твайго; ратуй і даруй грахі нашы дзеля іменьня Твайго! 10. Дзеля чаго-б казаці паганам: Дзе Бог іх? Няхай на паганах, у нас на вачох, ведама станецца помста за кроў рабоў Тваіх, што праліта! 11. Няхай дойдуць да Цябе стогны вязьняў! Магутнай сілай Тваей на сьмерць празначаных вызваль 12. і нашым суседзям вярні сямікротна ў нутро іх зьнявагу, якой яны, Госнадзе, Цябе зьневажалі! 13. А мы, Твой народ і авечкі пасты Тваёй, будзем вечна хваліць Цябе й з роду ў род славу Тваю абвяшчаць.

Псальм 80.

правіць

1. Кіраўніку хору: на лад: Лілеі. Псальм Асапавы. 2. Пастыру Ізраіля! Пачуй! Ты, што, як авечак, водзіш Язэпа, што над Хэрубінамі сядаеш, зьяві Сябе! 3. Перад Яхрэмам і Бэніямінам і перад Манассай узьнімі Ты сілу Сваю і выйдзі нам на ўспамогу! 4. Божа, вярні нас назаді Няхай аблічча Тваё нам зазьяе, і спасемся! 5. Госпадзе, Божа нябесных сілаў, дакуль будзеш Ты ў гневе пры малітве народу Твайго? 6. Ты іх хлебам сьлёзным карміу і шчодра сьлязамі паіў іх. 7. Ты зрабіў з нас прадмет барацьбы дзеля нашых суседзяў, і ворагі нашы зьдзекі строяць над намі. 8. Божа сілаў! Адбудуй Ты нас! Зазьяй абліччам Тваім, і спасемся! 9. Ты куст вінаградны вынес з Эгіпту, выгнаў народы й яго пасадзіў. 10. Ты расчысьціў месца яму, і ён укараніўся ды напоўніў зямлю. 11. Горы пакрыліся ценем ягоным, а вецьце яго, як кедры Божыя. 12. Ён галіны свае пусьціў аж да мора, а парасткі сваі да ракі. 13. Чаму Ты раскінуў агарожу ягоную, і кожын, хто міма праходзе, абрывае яго? 14. Вяпрук лясны падкапывае яго, і зьвер палявы аб'ядае яго. 15. Божа сілаў! Павярніся, зірні з неба, паглядзі й адведай вінаграднік гэты! 16. Захавай тое, што правіца Твая пасадзіла, ды парасьці, што Ты для Сябе ўзмацаваў. 17. Ён агнём апалены ды пасечаны і гіне ад гневу аблічча Твайго. 18. Хай рука Твая будзе над мужам правіцы Тваёй, над сынам чалавечым, якога Ты ўмацаваў для Сябе! 19. Мы-ж ад Цябе не адступімся; ажыві нас, і мы будзем імя Тваё прызываці. 20. Госпадзе, Божа сілаў нябесных! Вярні нас назад! Няхай зазьяе аблічча Тваё, і спасемся!

== Псальм 81.

==

1. Кіраўніку хору: на лад Гацкі. Псальм Асапавы. 2. Радасна сьпявайце перад Богам, нашай Цьвярдыняй; слаўце Бога Якубавага! 3. Зацягнеце псальм, зайграйце на цымбалах, на гусьлях мілагучных ды з псалтырам. 4. Трубіце на трубах у маладзік ды ў поўню, у дзень нашага сьвята, 5. бо гэткі закон у Ізраіля, запавет Бога Якубавага. 6. Ён устанавіў гэта дзеля сьведчаньня для Язэпа, як ішоў із Эгіпту. І пачуў я мову, якое дагэтуль ня ведаў: 7. Я звольніў сьпіну яго ад цяжару, яго рукі вольныя ад карзінаў. 8. У бядзе ты паклікаў Мяне, і Я ратаваў цябе; пачуў цябе з хмары грымотнае, пры водах Мэрыбскіх выспрабаваў цябе. (Зэля) 9. Слухай, народзе Мой; Я цябе буду вучыць, Ізраілю! О, каб ты паслухаўся Мяне! 10. Каб ня было ў цябе бога чужога, каб не пакланяўся ты богу чужацкаму! 11. Я Госпад, Бог твой, што вывеў цябе із зямлі Эгіпецкай; расчыні шырака вусны твае, і Я іх напоўню. 12. Ды народ Мой не паслухаўся голасу Майго, і Ізраіль ня быў паслухмяны. 13. Дык Я іх пакінуў упорству іхняга сэрца, каб хадзілі паводле думак сваіх. 14. О, калі-б жа народ Мой мяне быў паслухаўся, каб Ізраіль хадзіў сьцежкамі Маімі! 15. Я-б хутка ворагаў іх пакарыў, і рука Мая проці перасьледавацеляў іхніх павярнулася-бы. 16. І тыя, што Госпада ненавідзяць, мусілі-б лесьціць, а іхняе шчасьце трывала-б навекі. 17. І пшаніцай найлепшай карміў-бы Я іх, і насычаў-бы іх мёдам з скалы.

Псальм 82.

правіць

1. Псальм Асапавы. Бог стаіць сярод зграмаджэньня Божага, сярод багоў Ён суд спаўняе: 2. Дакуль будзеце судзіць несправядліва і паказваць бязбожнікам староннасьць сваю? (Зэля.) 3. Вядзеце справу ўбогіх і сіротаў; нешчасьлівым і бедным акажэце справядлівасьць. 4. Ратуйце мізэрных і ўбогіх, із рук бязбожнікаў вызваляйце! 5. Ды нічога ня ведаюць, не разумеюць, і ў цемры ходзяць яны; захісталіся ўсе падваліны зямлі! 6. Хоць і сказаў Я: вы - багі, ўсе вы сыны Найвышэйшага, - 7. аднак, вы памрэцё, як людзі, паўпадаеце, як кожны з князёў. 8. Паўстань, о Божа, судзі зямлю, бо-ж Ты ўладар, дзедзіч усіх народаў.

Псалым 83.

правіць

1. Песьня. Псальм Асапавы. 2. Божа! Не маўчы й не аставайся моўчкі ды ў супакоі, о Божа! 3. Бо вось узварухнуліся ворагі Тваі, і ненавісьнікі Тваі паднялі галаву. 4. Проці народу Твайго куюць яны замыслы здрадніцкія і змаўляюцца проці тых, каго Ты ахоўваеш. 5. Яны сказалі: Вось, зьніштожым мы іх, каб яны ня былі больш народам, каб імя Ізраіля не ўспаміналася болей. 6. Бо ўрадзілі яны аднадушна і змову супраць Цябе ўчынілі: 7. палаткі Эдомавы ды Ізмайліты, Моаб і Агаране, 8. Гэбал і Аммон і Амаліх, Хвілістыны й жыхары Тыру; 9. і Ассур далучыўся да іх: яны падаюць руку сваю сыном Лотавым. 10. Зрабі-ж Ты ім тое самае, што Мадыяму, што Сысары, што Ябіну ля патоку Кіссону, 11. якія зьніштожаны каля Эндору, сталіся гноем дзеля зямлі. 12. Зрабі Ты з імі, з старшынямі іхнімі, як з Арэбам і Зэбам, ды з усімі князямі іх, як з Зэбам і Салманам, 13. якія казалі: Заўладаем загонамі Божымі! 14. Мой Божа! Зрабі іх, як пыл у віхры, як салома пад ветрам! 15. Як агонь лясы пажырае і полымя горы апальвае, 16. гэтак жані Ты іх бурай Тваёю і віхрам Тваім напалохай! 17. Напоўні сорамам твар іх, каб іменьня, о Госпадзе, шукалі Твайго. 18. Асаром Ты іх ды спалохай навекі, каб у сораме згінулі, 19. каб пазналі, што імя Тваё - Госпад, ды што Сам Ты над усёй зямлёй Найвышэйшы.

Псальм 84.

правіць

1. Кіраўніку хору: на лад Гацкі. Сыноў Карэявых. Псальм. 2. Як-жа прыемна сяліба Твая, о Госпадзе сілаў! 3. Нудзілася душа мая і тужыла па панадворках Госпадавых; сэрца маё і цела маё весяляцца ў Богу Жывым. 4. Знайшла-ж птушка прыпынак, і ластаўка гняздо знайшла, дзе птушанятак сваіх укладае: ля ахвярнікаў Тваіх, Госпадзе сілаў нябесных, Цару Ты мой і мой Божа! 5. Багаслаўлены тыя, што ў Доме Тваім маюць жыльлё, нясупынна яны выхваляюць Цябе. (Зэля.) 6. Шчасьлівы чалавйк, сіла якога ў Табе, і ў сэрцы якога дарога к Табе! 7. Праходзячы далінаю сьлёзаў, яны робяць яе месцам крынічным, і дождж веснавы пакрывае яе багаслаўленьнем. 8. Гэтак ад сілы да сілы ідуць яны і прыходзяць да Бога на гару на Сыонскую. 9. Госпадзе, Божа сілаў! Пачуй малітву маю, выслухай яе, Божа ЯкубавыІ 10. Божа, наш шчыце! Зірні й паўзірайся на аблічча памазанца Твайго! 11. Бо адзін дзень на панадворку Тваім лепшы за тысячу іншых; ляпей ля парога ў Доме Божым стаяць, чым жыць у палатках беззаконьня. 12. Бо Госпад ёсьць сонца і шчыт; Госпад ласку дае і славу, дый не адмовіць дабра аніякага тым, што ў беззаганнасьці ходзяць. 13. Госпадзе сілаў нябесных! Шчасьлівы той чалавек, што на Цябе спадзяецца!

Псальм 85.

правіць

1. Кіраўніку хору: сыноў Карэявых. Псальм. 2. Ты зьлітаваўся над зямлёй Тваёй, Госпадзе, Ты палон Якубавы вярнуў. 3. Ты зьняў віну з народу Твайго, дараваў ім усе грахі іхнія. (Зэля.) 4. Ты зьдзяржаў Тваю ярасьць і гнеў Твой палючы адвярнуў. 5. Адбудуй Ты нас, Божа, Успамога наша, супыні абурэньне Тваё на нас. 6. Няўжо-ж навекі на нас будзеш гневацца і гнеў Твой пашырыш на пакаленьні патомныя? 7. Няўжо-ж не дасі нам аджыць нанова, каб народ Твой узрадаваўся ў Табе? 8. Дай нам, Госпадзе, ўбачыць ласку Тваю, даруй нам спасеньне Тваё! 9. Паслухаю я, што Госпад Бог кажа: Ён гаворыць аб супакоі для народу Свайго і для пабожных Сваіх, для тых, што сэрца сваё да Яго кіруюць. (Зэля.) 10. Запраўды, блізка ўспамога Яго дзеля тых, што баяцца Яго, каб слава Божая на зямлі нашай залунала. 11. Ласка і праўда з сабой сустракаюцца, справядлівасьць і супакой цалуюцца. 12. Праўда вырастае із зямлі, а справядлівасьць з нябёсаў пазірае. 13. І абдорыць нас Госпад добрым, а зямля наша дасьць свой плод. 14. Ідзе справядлівасьць наперадзе Яго і стопы Ягоныя на шлях стаўляе.

Псальм 86.

правіць

1. Малітва Давідава. Прыхілі, Госпадзе, вуха Тваё ды пачуй Ты мяне, бо я бедны й убогі. 2. Захавай маю душу, бо я прад Табою скарыўся. Памажы Ты, мой Божа, рабу Твайму, які на Цябе спадзяецца. 3. Памілуй мяне, Госпадзе, бо ўвесь дзень да Цябе я гукаю. 4. Пацеш душу раба Твайго, бо душу да Цябе я ўзьнімаю, о Госпадзеі 5. Бо Ты, о Госпадзе, добры й літасьцівы ды шчодры на ласку для ўсіх, што Цябе прызываюць. 6. Пачуй, о Госпадзе, малітву маю і выслухай маленьне маё галоснае! 7. У час тугі маёй я клічу Цябе, бо Ты мяне выслухаеш. 8. Няма між багамі роўнага Табе, Госпадзе, і няма дзел, як Твае. 9. Усе народы, што Ты іх стварыў, прыйдуць і ніцма ўпадуць прад Табою, о Госпадзе, і імя Тваё будуць славіць. 10. Бо Ты вялікі і цуды робіш, - Ты Бог, Ты адзін. 11. Навучы мяне, Госпадзе, шляху Твайго, каб хадзіў я ў праўдзе Тваёй; сэрца маё украпі ў баязьні іменьня Твайго. 12. І буду ўсім сэрцам маім хваліць Цябе, Госпадзе, Бог мой, і імя Тваё буду славіць навекі. 13. Бо ласка Твая нада мною вяліка, і Ты вырваў душу маю з бяздоньня пякельнага. 14. Божа, гордыя супраць мяне збунтаваліся, і натоўп перасьледавацеляў шукае душу маю, ды на Цябе не зважаюць яны. 15. Але Ты, Госпадзе, Бог міласэрны й ласкавы, да гневу няскоры і ласкай ды праўдай багаты. 16. Да мяне зьвярніся й зьмілуйся нада мной; дай сілу Тваю рабу Твайму і сыну рабыні Тваёй памажы! 17. Зьяві Ты на мне знак Тваёй дабраты, каб угледзілі гэта і тыя, што ненавідзяць мяне, і паўстыдаліся-бы, што Ты, о Госпадзе, мне дапамог і пацешыў мяне.

Псальм 87.

правіць

1. Сыноў Карэявых. Псальм. Песьня. Угрунтаваньне на сьвятых гарах. 2. Любіць Госпад брамы Сыонскія больш за ўсе іншыя сялібы Якубавыя. 3. Слаўныя рэчы прадказаны аб табе, места Божае! (Зэля.) 4. Эгіпт і Бабілён успамяну я прад тымі, што ведаюць мяне; навет Хвілістыны і Тыр з Этыопіяй разам скажуць; той там нарадзіўся. 5. Аб Сыоне-ж будуць казаці: той і той нарадзіўся ў ім, і Госпад яго ўзмацняе. 6. Госпад напіша, сьпісуючы народы: гэты нарадзіўся ў ім. (Зэля.) 7. Дык пяяць аб табе будуць усе чыста сілы жыцьця майго.

Псальм 88.

правіць

1. Пёсьня. Псальм сыноў Карэявых. Кіраўніку хору: дзеля пяяньня. Навука Эмана Эзрахіта. 2. Госпадзе, Божа мой! Удзень я помачы клічу і ўначы крычу прад Табою! 3. Няхай малітва мая ўзыйдзе прад аблічча Тваё; вуха Тваё прыхілі да маленьня майго: 4. бо перасычана мукамі душа мая, і жыцьцё маё блізка магілы. 5. Залічылі мяне да тых, што ў магілу зьбіраюцца; я стаўся, як чалавек, што сілы ня мае. 6. Паміж мёртвых кінены, быццам забітыя, што ляглі ў магіле, што Ты ўжо іх не ўспамінаеш, і далёка яны ад рукі Тваяе. 7. Ты кінуў мяне ў найглыбейшую яму, у цемру, ў бяздоньне. 8. Налягла на мяне ярасьць Твая, усімі хвалямі Тваімі прыгнёў Ты мяне. (Зэля.) 9. Знаёмых маіх Ты аддаліў ад мяне, зрабіўшы мяне агідным для іх; вось, я ў нядолі і выйсьці ня здолею. 10. Павысахла вока маё ад тугі; кожын дзень я крычу да Цябе, о Госпадзе, і рукі мае да Цябе выцягаю. 11. Ці-ж зробіш Ты цуд над нябожчыкамі? Ці-ж ускрэснуць умёршыя ды хваліць Цябе будуць? (Зэля.) 12. Ці ў магіле абвешчана будзе ласка Твая, а праўда Твая ў месцы тленьня? 13. Ці ў цемры пазнаюць цуды Тваі, праўду Тваю ў зямлі забыцьця? 14. Але я, Госпадзе, крычу да Цябе, і зраньня малітва мая сустракае Цябе. 15. Дзеля чаго адпіхаеш, о Госпадзе, душу маю, хаваеш аблічча Тваё ад мяне? 16. Змалку я нешчасьлівы ды змораны; пераносячы страхі Твае, я зьнямогся. 17. Нада мной праляцела ярасьць Твая, страхі Твае зьніштажаюць мяне: 18. акружаюць мяне, як вада, кожын дзень, абступаюць мяне грамадою. 19. Ты аддаліў ад мяне прыяцеля і знаёмага: заступіла іх цемра.

Псальм 89.

правіць

1. Навука Этама Эзрахіта. 2. Ласкі Гасподнія буду навекі я славіць; з роду ды ў род буду праўду Тваю маімі вуснамі абвяшчаць. 3. Бо сказаў Ты: навекі ласка заснована будзе, - і на нябёсах Ты праўду Тваю ўгрунтаваў: 4. Я даў запавет Мой выбранцу Майму, пакляўся Давіду, рабу Майму: 5. навек забясьпечу насеньне тваё, збудую пасад твой із роду ды ў род. (Зэля.) 6. І нябёсы славяць цуды Твае, Госпадзе, і вернасьць Тваю ў зграмаджэньні сьвятых. 7. Бо хто роўны Госпаду па-над аблокамі, хто спасярод сыноў Божых упадобіцца Госпаду, 8. Богу, што гэткі страшнй ў зграмаджэньні сьвятых, страшны для ўсіх, што Яго акружаюць? 9. Госпадзе, Божа сілаў нябесных! Хто гэткі магутны, як Ты, о Госпадзе? І праўда Твая навакол Цябе. 10. Ты над ярасьцяй мора пануеш, і калі хвалі яго ўздымаюцца, Ты іх сьцішаеш. 11. Ты растаптаў Эгіпт, быццам забітага; моцнай рукой Тваёй Ты ворагаў Тваіх расьцярушыў. 12. Тваё ёсьць неба й Твая зямля; сусьвет і ўсё, што яго напаўняе, стварыў Ты. 13. Поўнач і палудзень - Ты іх стварыў; Табор і Гэрмон радасна імя Тваё апяваюць. 14. Плячо Тваё поўнае сілы; рука Твая крэпкая, высака ўзьнята правіца Твая. 15. Справядлівасьць і правы суд - падваліны пасаду Твайго; ласкавасьць і праўда йдуць прад абліччам Тваім. 16. Шчасьлівы народ, які ведае трубны Твой кліч, што ходзе ў сьвятле аблічча Твайго, Госпадзе! 17. У іменьні Тваім весяляцца яны ўвесь дзень, і Тваёй справядлівасьцяй будуць узьнесены. 18. Бо Ты - краса іхняе сілы, і ласкай Тваёй высака ўзьняты наш рог. 19. Бо ад Госпада шчыт наш, і ад Сьвятога Ізраілявага цар наш. 20. Калісь Ты ў зьяве казаў да сьвятога Твайго: Я ўзлажыў дыадэму на волата, узвысіў выбранца з народу. 21. Адшукаў Я Давіда, раба Майго, сьвятым алеем Маім памазаў яго. 22. Заўсёды з ім будзе рука мая, і плячо Маё дасьць яму сілу. 23. Не пераможа вораг яго, і сын беззаконьня не асіліць яго. 24. Прад абліччам ягоным скрышу Я тых, што яго прыгнятаюць, і паражу ненавідзячых яго. 25. З ім будзе праўда й ласка Мая, і імем Маім высока ўзьнясецца рог яго. 26. Зроблю, што рука яго ляжа на мора й правіца яго - на рэках. 27. Будзе ён клікаць Мяне: Ты мой ацец, Ты мой Бог і скала збаўленьня майго! 28. Гэтак зроблю яго першаком, над царамі зямлі найвышэйшым. 29. Ласку Маю для яго навекі Я захаваю, і Мой запавет з ім астанецца верным. 30. І зроблю, што насеньне яго трываць будзе вечна, і пасад ягоны - пакуль неба істнуе. 31. Калі сыны яго кінуць закон Мой і ня будуць хадзіць водле запаведзяў Маіх, 32. калі паганьбяць уставы Маі і загадаў Маіх захоўваць ня будуць, 33. дык пакараю праступкі іх паліцай і ўдарамі іх беззаконьне, 34. але ласкі Маёй назад не вазьму і вернасьць Маю захаваю. 35. Не апаганю Я запавету Майго і не зьмяню таго, што выйшла із вуснаў Маіх. 36. Раз Я пакляўся сьвятасьцяй Маёю, ніколі не зманю Давіду. 37. Навекі будзе насеньне ягонае, і пасад ягоны, як сонца прада Мною. 38. Як месяц, будзе стаяць ён навекі, а сьведка ў аблоках - верны. (Зэля.) 39. І ўсё-ж Ты цяпер адапхнуў і адрокся, разгневаўся на памазанца Твайго! 40. Ты пагардзіў запаветам з рабом Тваім, дыадэму яго паганьбіў і кінуў яё на зямлю. 41. Ты збурыў усе сьцены яго, усе замкі ягоныя ў руіну абярнуў. 42. Усе, што праходзілі міма, усе рабавалі яго; для суседзяў сваіх ён стаўся пасьмешышчам. 43. Ты даў перамогу правіцы тых, што ўціскаюць яго, і ўсіх ворагаў яго Ты усьцешыў. 44. Ты назад павярнуў джала мяча ягонага і не ўспамог яго ў барацьбе, 45. узяў ад яго бліск ягоны і пасад яго паваліў на зямлю. 46. Ты дні моладасьці скараціў яму, ганьбай ахутаў яго. (Зэля.) 47. Дакуль, о Госпадзе, будзеш усьцяж Ты хавацца? як агонь, будзе гнеў Твой палаці? 48. Прыпомні, які век мой кароткі, якой марнасьцяй стварыў Ты ўсіх сыноў чалавечых! 49. Хто-ж із людзей мог-бы жыць ды ня ўгледзіў-бы сьмерці, хто-б вызваліў душу сваю ад бяздоньня сьмяротнага? 50. Дзе-ж, о Госпадзе, даўнейшыя ласкі Твае? Ты-ж кляўся Давіду праўдай Тваёю! 51. Прыпомні, о Госпадзе, ра-оў Тваіх ганьбу, што ў нутры я нашу ад усіх народаў магутных, 52. якою ворагі Твае зьневажаюць, о Госпадзе, якой зьневажаюць сьляды стоп памазанца Твайго! 53. Няхай будзе пахвалены Госпад навекі. Амін! Амін!

Псальм 90.

правіць

1. Малітва Майсея, мужа Божага. Госпадзе, Ты нам прыпынак з роду ды ў род! 2. Перш, чымся горы паўсталі, і Ты даў кшталт зямлі і сусьвету, ад веку й да веку ёсьць Ты, о Божа! 3. Ты йзноў вяртаеш у пыл чалавека ды кажаш: вярнецеся, сыны чалавечыя! 4. Бо тысяча лет прад вачыма Тваімі - як учорашні дзень, што мінуў, і варта начная. 5. Ты іх зносіш разводзьдзем; яны - як сон зраньня, як трава, што гібее. 6. Наранку красуе яна й зелянее, а ўвечары вяне ды сохне. 7. Вось гэтак праз гнеў Твоій мы нікнем, ад ярасьці Тваёй мы ўстрывожаны. 8. Ты праступкі нашы прад Табою паклаў, грахі нашы ўкрытыя прад сьветласьцяй аблічча Твайго. 9. Бо ўсе дні нашы зьніклі ад гневу Твайго, гады нашы мінулі, быццам той уздох. 10. Дзён веку нашага гадоў семдзесят, а як пры сіле - гадоў восемдзесят; а пара ў іх найлепшая - толькі праца ды марнасьць, бо плывуць яны шыбка, і мы адлятаем. 11. Каму ведама сіла гневу Твайго ды ярасьць Твая, што да страху прад Табой адпаведная? 12. Лічыць нашы дні - навучы Ты нас гэтага, каб прыдбаці нам мудрае сэрца. 13. Абярніся, о Госпадзе! Дакуль Ты? Над рабамі Тваімі зьлітуйся! 14. Зраньня нас ласкай Тваёй насычай, каб мы радаваліся й весяліліся ў-ва ўсе нашы дні. 15. Пацеш Ты нас на гэтулькі дзён, колькі Ты гнуў нас, ды на столькі гадоў, колькі жылі ў нядолі. 16. Хай над рабамі Тваімі зьявіцца дзела Тваё, і над сынамі іх - слава Твая. 17. Няхай ласка Госпада, Бога нашага, будзе над намі і ўмацуе дзела рук нашых. Замацуй Ты дзела рук нашых!

Псальм 91.

правіць

1. Шчасьлівы той, хто жыве пад заслонай Найвышэйшага ды пад ценем Усемагутнага. 2. Кажу я да Госпада: Ты мой прыпынак і цьвярдыня мая, мой Бог, на якога спадзяюся. 3. Бо-ж Ён ратуе цябе ад сеці лаўца, ад мору сьмяротнага. 4. Пер'ем Сваім закрывае цябе, і пад крыльлем Ягоным схаваешся; праўда Яго - шчыт і заслона. 5. Не палохайся страхаў начных, ні стралы, што ўдзень ляціць, 6. ня бойся мору, што ў цемры крадзецца, заразы, што ў палудзень пустошыць. 7. Хоцьбы тысячы побач з табой паляглі й мірыяды праваруч ад цябе, да цябе яна не падыйдзе. 8. Толькі вачыма тваімі глядзець будзеш і ўбачыш з бязбожнымі расплату. 9. За тое, што ты казаў: Госпад - надзея мая, - ды Найвышэйшага выбраў сабе за прыпынак, 10. ня сустрэне няшчасьце цябе, і пошасьць не падыйдзе да палаткі тваёй. 11. Бо Ён дасьць загад аб табе Сваім Ангелам, каб цябе сьцераглі на ўсіх сьцежках тваіх. 12. На руках сваіх панясуць цябе, каб нага твая не спаткнулася аб камень. 13. На львоў і гадаў ступаці будзеш, львянятаў і зьмеяў патопчаш. 14. За тое, што Мяне ўзьлюбіў ён, спасу яго; узвышу яго, бо імя Маё ведае. 15. Будзе клікаць Мяне, дык Я выслухаю яго; пры ім Я ў тузе, вызвалю яго ды услаўлю. 16. Насычу яго доўгім векам і спасеньне Маё дам угледзіць.

Псальм 92.

правіць

1. Псальм. Песьня на дзень суботні. 2. Добра хваліці Госпада й славіць імя Тваё, Найвышэйшы! 3. Абвяшчаць спазаранку ласку Тваю і праўду Тваю ўначы 4. на дзесяціструннай і арфе, на струнах гусьляў іграючы. 5. Бо Ты ўзьвесяліў мяне, Госпадзе, Тваімі дзеяньнямі, аб творах рук Тваіх радасна пяю. 6. Як вялікі дзеяньні Тваі, о Госпадзе; назьдзіў глыбокія мысьлі Твае. 7. Чалавек бязглузды ня зьведае гэтага, і сьляпак ня сьцяміць. 8. Калі бязбожныя растуць, як трава, і злачынцы цьвітуць, - дык каб навек яны былі зьніштожаны! 9. Ты-ж, Госпадзе, навекі ў вышыні нябёсаў! 10. Бо-ж вось ворагі Тваі, Госпадзе, бо-ж вось ворагі Тваі гінуць, і расьцярушываюцца ўсе, што робяць беззаконнае. 11. Але мой рог Ты ўзносіш, як-бы ў аднарожца, а я памазаны алеем сьвятым. 12. І вока маё пацяшацца будзе над ворагамі маімі, і чуюць вушы мае аб злачынцах, што супраць мяне збунтаваліся. 13. Пабожны быццам пальма разрастаецца, ён расьце, як той кедр на Лібане. 14. Насаджаныя ў доме Гасподнім, яны расцьвітаюць на панадворках Бога нашага. 15. Яны плод свой даюць і ў старасьці, яны сакавіты і сьвежыя, 16. каб абвяшчаць, што Госпад справядлівы, цьвярдыня мая, і няма ў Ім няпраўды.

Псальм 93.

правіць

1. Госпад царуе, у веліч прыбраўся Ён. Апрануўся Госпад і падперазаўся сілай, і сусьвет умацаваў Ён, што не захістаецца. 2. Умацованы пасад Твой ад спрадвечных часоў; і Ты ад вякоў! 3. Падыймаюць рэкі, Госпадзе, падыймаюць рэкі свой голас, узьнімаюць рэкі хвалі свае. 4. Але Госпад у высі нябеснай дужэйшы за шум вод вялікіх, магутнейшы за хвалі марскія. 5. Аб'явы Твае вельмі пэўныя; сьвятасьць - аздоба Дому Твайго навекі, о Госпадзе!

Псальм 94.

правіць

1. Божа помсты, Госпадзе, Божа помсты, зьявіся! 2. Узьніміся, Судзьдзя зямлі, адплаці гордым за тое, што зрабілі яны! 3. Дакуль-жа, Госпадзе, дакуль-жа весяліціся будуць бязбожнікі? 4. Словы дзёрзкія гавораць яны, пышаюцца ўсе, што беззаконнае робяць. 5. Прыгнятаюць яны народ Твой, о Госпадзе, Тваю спадчыну яны ўціскаюць. 6. Удавіц і захаджалых душаць яны, і сіротак яны забіваюць, 7. і кажуць: Ня ўгледзіць гэтага Госпад, і ня зьведае Бог Якубавы! 8. Апамятайцеся, людзі бязглуздыя! І калі, сьляпакі, набярэцёся розуму? 9. Ці-ж Той, што вуха стварыў, не пачуе? Ці, хто кшталт воку надаў, не пабачыць? 10. Ці-ж Той, што навучае народы, ня будзе вінаваціць, - Ён, што чалавеку веду дае? 11. Госпад ведае думкі чалавечыя, што яны - подмух марны. 12. Шчасьлівы чалавек, якога Ты, Госпадзе, навучаеш і вучыш законаў Тваіх, 13. каб даць яму супакой у дні ліхія, пакуль выкапан будзе дол для бязбожніка. 14. Бо Госпад народу Свайго не адапхне, і не пакіне Ён Сваёй спадчыны. 15. Бо зьвернецца суд к справядлівасьці, і пойдуць за ім усе шчырыя сэрцам. 16. Хто за мяне супраць злачынцаў паўстане? Хто заступіцца супраць тых, што беззаконнае робяць? 17. Каб ня Госпад мне быў успамогай, дык хіба ўжо душа мая супачывала-б у маўчаньні. 18. Калі я думаў: Хістаецца нага мая! - дык ласка Твая, Госпадзе, падтрымала мяне. 19. Калі шмат дум цяжкіх было ў сэрцы маім, пацяшэньні Твае напаўнялі душу мне раскошай. 20. Ці-ж можа лучыцца з Табою пагібелі судзішча, што супраць права й закону гвалт чыніць? 21. Грамадай яны выступаюць супраць душы справядлівага і бязьвінную кроў засуджаюць. 22. Але Госпад стаўся цьвярдыняй маёй, Бог мой - скала мая, што дае мне прытулішча. 23. І зьвярнуў Ён на іх беззаконьне іхняе і ў злосьці іхняй іх зьніштажае; зьніштажае іх Госпад, Бог наш.

Псальм 95.

правіць

1. Хадзеце, сьпяваць будзем Госпаду, выслаўляці скалу збаўленьня нашага! 2. Станьма прад абліччам Яго ды з падзякай, псальмы сьпявайма Яму! 3. Бо Госпад ёсьць Бог вялікі і Цар вялікі над усімі багамі. 4. У руцэ ў Яго глыбіні зямныя, і Ягоны-ж вярхі найвышэйшыя гор. 5. Ягонае мора, бо Ён стварыў яго, і сухаземле рукі Яго кшталтавалі. 6. Хадзеце, суклонімся і ўпадзем, укленчым прад Госпадам, Тварцом нашым! 7. Бо Ен ёсьць Бог наш, а мы - народ, што Ён пасьвіць, авечкі Ягонай рукі. О, каб вы паслухалі сяньня Ягонага голасу: 8. Ня робце жорсткімі сэрцы вашыя, як у Мэрыбе, як у дзень спакушэньня ў пустыні, 9. дзе вашы айцы спакушалі Мяне, прабавалі Мяне, хоць і бачылі рук Маіх дзела! 10. Сорак гадоў гэты род абураў Мяне; дык Я сказаў: яны - народ, што блукаецца сэрцам і не пазналі шляхоў Маіх. 11. Дык Я пакляўся ў гневе Маім, што ня ўвойдуць яны ў мой супакой.

Псальм 96.

правіць

1- Сьпявайце Гоепаду новую песьню, сьпявайце Госпаду, усенька зямля! 2. Сьпявайце Госпаду, багаслаўце імя Яго! З дня на дзень абвяшчайце спасеньне Ягонае! 3. Апавядайце між паганамі славу Яго, між усімі народамі цуды Ягоныя. 4. Бо вялікі ёсьць Госпад і годны хвалы, страшней за ўсіх чыста багоў! 5. Бо ўсе богі народаў - нішто, а Госпад нябёсы стварыў. 6. Веліч і краса прад абліччам Яго, сіла й вялікасьць у сьвятыні Ягонай. 7. Аддайце Госпаду, плямёны народаў, аддайце Госпаду хвалу і чэсьць! 8. Аддайце Госпаду славу, што іменьню Яго прыналежыць, нясеце дары ды йдзеце ў падворкі Ягоныя. 9. Кіньцеся ніцма прад Госпадам у велічы сьвятыні; дрыжыце прад абліччам Яго, усе землі! 10. Кажэце паганам: царуе Госпад! Ён сусьвет умацаваў, каб не пахіснуўся. І будзе судзіць Ён народы па праўдзе. 11. Хай узьвесяляцца нябёсы і ўзрадуецца зямля; хай мора ўзварухнецца і ўсё, што ў ім. 12. Хай усьцешыцца ральля і ўсё, што на ёй; і ўзьвесяляцца тады ўсе дрэвы лясныя, 13. перад Богам, Які йдзе, Які йдзе судзіці зямлю. Судзіць Ён будзе сусьвет па справядлівасьці і народы паводле праўды Сваёй.

Псальм 97.

правіць

1. Царуець Госпад; няхай радуецца зямля, няхай весяліцца безьліч астравоў! 2. Хмары й цемра навакол Яго; справядлівасьць і права - падставы пасаду Ягонага. 3. Агонь ідзе наперадзе Яго і паліць наўкола ворагаў Ягоных. 4. Маланкі Ягоныя сусьвет асьвятляюць; бачыць гэта зямля і дрыжыць. 5. Горы, быццам воск, таюць ад аблічча Госпадава, ад аблічча Госпада ўсенькае зямлі. 6. Абвяшчаюць нябёсы справядлівасьць Яго, і ўсе народы бачаць славу Ягоную. 7. Асаромяцца ўсе, што ідалам служаць, што ідаламі сваімі пахваляюцца: пакланецеся Яму, усе богі, да зямлі! 8. Чуе гэта Сыон і цешыцца, і весяляцца дачкі Юдзіны дзеля судоў Тваіх, Госпадзе! 9. Бо Ты, о Госпадзе, над усенькай зямлёй Найвышэйшы, Ты ўзьнёсся пад усімі багамі. 10. Вы, што любіце Госпада, зьненавідзьце вы зло! Ён хавае душы сьвятых Сваіх, із рукі бязбожных вырывае іх. 11. Сьветласьць на пабожных зыходзе, і радасьць на шчырых сэрцам. 12. Радуйцеся ў Госпадзе, справядлівыя, і выслаўляйце імя Ясо сьвятое!

Псальм 98.

правіць

1. Псальм. Сьпявайце Госпаду песьню новую, бо Ён цуды ўчыніў! Правіца Яго і сьвятое плячо Яго здабылі Яму перамогу. 2. Госпад спасеньне Сваё аб'явіў, прад вачыма народаў адкрыў праўду Сваю. 3. Прыпомніў Ён ласку Сваю і вернасьць для дому Ізраіля; усе ўзьмежкі зямлі збаўленьне Бога нашага ўгледзілі. 4. Сьпявайце Госпаду, усенька зямля! радуйцеся і ў песьні хвалеце! 5. Выслаўляйце Госпада на гусьлях, на гусьлях і галосным пяяньнем! 6. На трубах і гукам рагоў спраўляйце ўрачыстасьць прад Царом Госпадам! 7. Няхай мора гудзе і ўсё, што яго напаўняе, сусьвет і што ў ім жыве! 8. Няхай ляскаюць далонямі рэкі, і горы ўсе радуюцца 9. перад абліччам Госпада, бо йдзе Ён судзіці зямлю. Сусьвет Ён будзе судзіць справядліва і народы па праўдзе.

Псальм 99.

правіць

1. Госпад царуець - дры-жыце народы! Ён сядае на Хэрубінах - дрыжы, зямля! 2. Вялікі Госпад на Сыоне, узвышаны над усімі народамі. 3. Няхай выхваляюць імя Тваё - вялікае і страшное: сьвятое яно! 4. І сілу цара, што любіць справядлівасьць. Ты права ўстанавіў, Ты суд і справядлівасьць здьзейсьніў у Якубе. 5. Вывышшайце Госпада, Бога нашага, сукланецеся ніцма прад стоп Яго падножжам: сьвятое яно! 6. Майсей і Аарон між сьвяшчэньнікаў Ягоных, і Самуіл міжы тых, што імя Яго прызывалі; яны клікалі Госпада, і Ён выслухаў іх. 7. У слупе воблачным прамаўляў Ён да іх; яны хавалі аб'явы Яго і устаў, што Ён даў ім. 8. Ты, Госпадзе, Божа наш, слухаў іх. Ты быў для іх Богам прабачаючым і мсьціцелем за благія ўчынкі. 9. Вывышшайце Госпада; Бога нашага, і скланецеся ніцма прад гарой Яго сьвятою, бо сьвят Госпад, Бог наш!

Псальм 100.

правіць

1. Псальм хвалебны. Клічце Госпаду, ўсенька зямля! 2. Служыце Госпаду з радасьцяй, з песьнямі прыходзьце прад аблічча Яго! 3. Ведайце, што Госпад ёсьць Бог! Ён нас зрабіў, і мы - Ягоныя: народ Ягоны, стада пасты Яго. 4. Уваходзьце ў брамы Яго з хваленьнем, у падворкі Яго - з пяяньнем хвалебным! Дзякуйце Яму, слаўце імя Ягонае! 5. Бо добры ёсьць Госпад: вечная ласка Яго і вернасьць Яго з роду ў род!

Псальм 101.

правіць

1. Псальм Давідавы. Аб ласцы й справядлівасьці буду я пяяць, - хвалу Табе, Госпадзе, пяяць буду. 2. Дзяржацца буду шляху беззаганнага, - калі да мяне завітаеш? - у чыстасьці сэрца хадзіць буду пасярод дому майго. 3. Не пастаўлю сабе прад вачыма непатрэбныя рэчы; праступства мне ненавісна, ня прыліпне яно да мяне. 4. Здалёк ад мяне будзе фальшывае сэрца, зла не хачу я й ведаць. 5. Я выжану таго, хто ўкрадня чэрніць свайго бліжняга; пышнага й гордага сэрцам не пацярплю. 6. Вочы мае на верных зямлі, каб жылі пры мне; хто шляхам беззаганнасьці ходзе, будзе мне служыці. 7. Ня будзе ў доме маім жыць ніхто, хто здраду снуець; хто ілжу гаворыць, ня ўстоіць прад вачыма маімі. 8. Што-ранак нішчыць я буду ўсіх бязбожных зямлі, каб з места Гасподняга выкараніць усіх, што робяць ліхое.

Псальм 102.

правіць

1. Малітва нешчасьлівага, калі ён ные й прад Богам свой сум вылівае. 2. Госпадзе, пачуй малітву маю, і плач мой дойдзе да Цябе! 3. Не хавай аблічча Твайго ад мяне ў дзень тугі маёй; прыхіліТваё вуха ка мне, калі клічу; борзда мяне Ты выслухай. 4. Бо зьніклі, як дым, мае дні, і косьці мае як на горне апалены. 5. Абгарэла ды высахла сэрца маё, як трава, ажно хлеб свой я есьці забываюся. 6. Ад галоснага стагнаньня майго косткі мае да цела ліпнуць. 7. Я падобны да пэлікана ў пустыні, да савы, што сярод руіны. 8. Сну мне няма, і наракаю, як птушка на страсе адзінокая. 9. Усьцяж зьняважаюць мяне маі ворагі; і тыя, што супраць мяне паўстаюць, праклінаюць мяне. 10. Ем я попел за хлеб і напой мой з сьлязамі мяшаю 11. праз гнеў Твой і абурэньне; бо падняў Ты мяне ды вон кінуў. 12. Маі дні, быццам цені, зьнікаюць, і сохну я, быццам трава. 13. А Ты, Госпадзе, будзеш навекі, і памяць Твая з роду ў род. 14. Ты паўстанеш, над Сыонам зьлітуешся, бо пара дараваці яму, бо настаў назначаны час. 15. Бо рабы Тваі палюбілі й камні ягоныя ды плачуць над руінамі яго. 16. І ўбаяцца пагане іменьня Гасподняга, і цары ўсе зямныя - славы Тваёй, 17. бо адбудаваў Госпад Сыон і зьявіў Сябе ў славе Сваёй. 18. Да малітвы нагога прыхіліўся Ты і маленьнем іх не пагрэбаваў. 19. Хай запісана гэтае будзе пакаленьнем патомным, і народ, што народзіцца, няхай Госпада хваліць, 20. бо Ён глянуў з сьвятое Сваёй вышыні, глянуў Госпад з нябёсаў на землю, 21. каб пачуць стагнаньне вязьня, каб на сьмерць празначаных вызваліць, 22. каб імя Госпада на Сыоне абвяшчалі, а славу Яго - ў Ерузаліме, 23. калі разам зьбяруцца народы і царствы, каб Госпаду паслужыці. 24. Змардаваў у дарозе Ён сілу маю, скараціў дні жыцьця майго. 25. Кажу я: Мой Божа, не вазьмі Ты мяне ў палове дзён маіх! Ты, што леты Твае з роду ў род! 26. Прад вякамі зямлю заснаваў Ты, і неба ёсьць твор Тваіх рук. 27. Яны згінуць, Ты-ж астанешся; як шаты, струхлеюць яны, як вопратку іх пераменіш, і яны пазьмяняюцца; 28. але Ты - ўсё Той самы, летам Тваім нет канца! 29. Сыны рабоў Тваіх будуць жыці, і насеньне іх будзе ўсьцяж прад Табою.

Псальм 103.

правіць

1. Псальм Давідавы. Багаслаў, душа мая, Госпада, і ўсё нутро маё - імя Яго сьвятое! 2. Багаслаў, душа мая, Госпада і не забывайся аб тым, што Ён табе зрабіў! 3. Ён, Каторы дароўвуе табе ўсе грахі тваі, вылечвае ўсякую немач тваю, 4. Каторы жыцьцё тваё ад магілы спасае, ласкай і міласэрдзем вянчае цябе, 5. Каторы тваю старасьць дабром насычае, тваю моладасьць, як у арла, аднаўляе. 6. Справядлівасьць робіць Госпад і суд для ўсіх прыгнечаных. 7. Ён паказаў шляхі Свае Майсею, сыном Ізраілявым учынкі Сваі. 8. Міласэрны Госпад і добры, да гневу няскоры й шчодры на ласку. 9. Не назаўсёды Ён гневам палае і не навекі помніць ліхое. 10. Ня водле грахоў нашых нам Ён дае і не адплачвае па правіннасьцям нашым, 11. але, як высака неба над зямлёю, так вяліка ласка Яго дзеля тых, што баяцца Яго. 12. Як далёкі ад захаду ўсход, так далёка Ён нашы праступкі ад нас аддаліў. 13. Як літуецца бацька над дзяцьмі, гэтак Госпад літуецца над тымі, што баяцца Яго. 14. Бо ведае Ён, з чаго зьлеплены мы, памятае, што мы - толькі пыл. 15. Чалавек - як трава, яго дні; як краска ў полі, так ён цьвіце. 16. Праляціць подмух ветру, і няма ўжо яго, і ўжо месца ягонае не пазнае яго. 17. Але ласка Гасподня ад веку й да веку над тымі, што баяцца Яго, і справядлівасьць Ягоная над сынамі сыноў 18. тых, што хаваюць запавет Яго ды закон Яго памятаюць, каб спаўняці яго. 19. Госпад паставіў пасад Свой на нябёсах, і царства Ягонае над усім пануе. 20. Багаслаўце Госпада вы, Ангелы Яго, вы, волаты сільныя, што загады Яго выпаўняеце, пакорныя голасу слова Ягонага! 21. Багаслаўце Госпада ўсе войскі Ягоныя, слугі Яго, што волю Яго выпаўняеце! 22. Багаслаўце Госпада ўсе творы Ягоныя па ўсіх месцах валадарства Яго! Багаслаў Госпада ты, мая душа!

Псальм 104.

правіць

1. Багаслаў, душа мая, Госпада! Госпадзе, Божа мой, Ты вялікі назьдзіў! У веліч і красу апрануўся Ты! 2. Сьвятлом, быццам шатай, ахўтаўся Ты, нябёсы раскінуў, як палотны шатра. 3. Харомы Тваі Ты паставіў над водамі, хмары ў воз для Сябе абяртаеш, на ветравых крыльлях Ты ходзіш. 4. Ты робіш вятры пасланцамі Тваімі, служкамі Тваімі - агонь, што палае. 5. Ты паставіў зямлю на слупох яе, і ня можа яна пахіснуцца навекі. 6. Бяздоньнямі, як шатай, пакрыў Ты яе; панад горамі воды стаялі. 7. Прад пагрозай Тваёй уцякалі яны, перад гукам грымотаў Тваіх адступаліся. 8. Паўзьнімаліся горы, западалі даліны - на месцы, што Ты ім назначыў. 9. Ты паклаў ім мяжу, праз якую ня могуць ступіць; ім нельга ізноў пакрыці зямлю. 10. Із крыніц пасылаеш патокі ў даліны: цякуць яны паміж гораў; 11. пояць яны ўсіх зьвяроў палявых, праганяюць дзікія аслы сваю смагу. 12. Над імі жывуць нябесныя птахі, праз вецьце голас свой падаюць. 13. З вышыні Тваяе Ты поіш горы; пладамі тварэньня Твайго зямля насычаецца. 14. Ты ўзрашчаеш травы для скаціны й расьліны людзям на карысьць, каб збожжа з зямлі вырастала 15. і віно, што сэрца людзям весяліць, і алей, ад якога твар іх блішчыць, і хлеб, што чалавёку сэрца пасілкуе. 16. Насычаюцца дрэвы Гасподнія, кедры Лібанскія, якія Ён насадзіў; 17. на іх птушкі гнязьдзяцца, і бусел дамок свой на кіпарысе знайшоў. 18. Высокія горы - для сарнаў прытулішча, абрывы скалаў-для трусікаў. 19. Ён месяц стварыў вызначаць часы пэўныя; сонца захад свой ведае. 20. Як Ты цемру раскінеш, і ноч наступае, дык у ёй варушацца ўсё зьверы лясныя. 21. Рыкаюць львяняты аб дабычу сваю, просячы ў Бога пажывы сабе. 22. А сонца ўзыйдзе, дык хаваюцца яны і ў логвах сваіх залягаюць. 23. Чалавек-жа выходзе на дзела сваё й на работу сваю аж да вечара. 24. Як-жа многа, о Госпадзе, твораў Тваіх! Усё Ты прамудра стварыў, зямля поўна тварэньняў Тваіх. 25. Вось мора: вяліка яно ды шырока на абодва бакі; у ім варушйцца безьліч жывёлін малых і вялікіх; 26. караблі па ім ходзяць, Левьятан, якога стварыў Ты гуляць у ім. 27. Усе яны ждуць на Цябе, каб даў Ты ім есьці ў свой час. 28. Ты даеш ім, яны падбіраюць; Ты разгартаеш руку Тваю, і яны дабром насычаюцца. 29. Ты хаваеш аблічча Тваё, і жах іх зьнімае; дух адымаеш у іх, і здыхаюць яны ды ў пыл назад абяртаюцца. 30. Пашлеш Твайго духа, і творацца ячы, і аблічча зямлі Ты абнаўляеш. 31. Слава Госпада навекі трывае, Госпад рады з твораў Сваіх. 32. На зямлю Ён зірне, і яна дрыжыць; да гор дакранецца, і яны дымяцца. 33. Буду пяяць я Госпаду ўсё жыцьцё маё; выслаўляць буду Бога майго, пакуль жыці буду. 34. Няхай будзе прыемна Яму мая песьня! І ўзьвесялюся я ў Госпадзе. 35. Няхай грэшнікі счэзнуць з зямлі, няхай больш ня будзе бязбожнікаў! Багаслаў, душа мая, Госпада! Альлілуя!

Псальм 105.

правіць

1. Слаўце Госпада, прызывайце імя Яго! Абвяшчайце між народамі дзеяньні Яго! 2. Сьпявайце Богу, выслаўляйце Яго! Апавядайце аб усіх цудах Ягоных! 3. Хвалецеся імем Яго сьвятым; няхай весяліцца сэрца тых, што шукаюць Госпада. 4. Шукайце Госпада й сілу Яго, шукайце ўсьцяж аблічча Ягонае! 5. Прыпамінайце цуды Яго, якія зрабіў, знакі Яго і прысуды вуснаў Ягоных. 6. Вы, Аўраамава семя, рабы Яго, сыны Якубавы, выбранцы Яго! 7. Ён, Госпад, - Бог наш; суды Яго над усенькай зямлёй. 8. Навекі памятае Ён запавет Свой: слова, што на тысячу пакаленьняў запаведаў, 9. умову Сваю з Аўраамам ды прысягу Сваю Ізааку. 10. І паставіў Якубу яе, як закон, і Ізраілю, як вечны запавет, 11. кажучы: Табе Я дам зямлю Канаанскую, як долю ў спадчыне вашай, 12. калі іх было йшчэ мала на лік, вельмі мала, і яны там былі прыхаджалымі, 13. і пераходзілі ад народу к народу, ад аднаго царства да другога народу. 14. Нікому ў крыўду Ён іх не даваў, дзеля іх цароў Ён караў, 15. кажучы: Не чапайце памазанцаў Маіх і прарокам Маім крыўды ня робце! 16. I, як Ён голад наслаў на зямлю ды кожну сьцяблінку збожжа зьніштожыў, 17. дык наперад ужо паслаў чалавека: Язэп быў прададзены ў рабства. 18. Ногі яго зашчамілі ў калоду, у зялеза скавалі яго 19. аж да часу, калі зьдзейсьнілась слова ягонае, слова Госпада зьявіла чыстасьць яго. 20. Тады цар паслаў, каб звольніць яго, валадар народаў вызваліў яго 21. і паставіў гаспадарам над домам сваім і загадчыкам над усенькім дабром сваім, 22. каб магнатаў вучыў, як душы зажадалася, ды старшыняў мудрасьці сваёй навучаў. 23. І прыйшоў Ізраіль уЭгіпт, і асеў Якуб у зямлі Хамавай. 24. І Бог Свой народ учыніў вельмі плодным і зрабіў яго дужэйшым за ўціскаўшых яго. 25. У сэрцы-ж гэных ненавісьць збудзіў да народу Свайго, на рабоў Сваіх напастлівасьць. 26. Ён паслаў Майсея, раба Свайго, Аарона, што выбраў Сабе. 27. Ён зрабіў праз іх Свае цуды й знаменьні Свае ў зямлі Хамавай. 28. Ён цемру паслаў, і цёмна зрабілася, а яны ўсё працівілісь слову Ягонаму. 29. Дык воды іхнія ў кроў абярнуў і рыбы ў іх вымарыў. 30. Зямля іх ад жаб зараілася навет у хорамах царскіх. 31. Загадаў, і кузурак розных наляцела, аваднёў ды камароў - у-ва ўсіх іхніх межах. 32. Заместа дажджу даў ім град, на зямлю іх агонь палючы паслаў. 33. Пабіў вінаград іх і смакоўніцы іхнія і дрэвы ў межах іх паламаў. 34. Загадаў, і прыйшла саранча ды гусеніц безьліч. 35. Яны ўсе расьліны пажэрлі ў зямлі іх, паелі плады з іх палёў. 36. І ўсіх першакоў у зямлі іх пабіў, зачаткі ўсенькае сілы іх. 37. А іх вывеў з срэбрам ды золатам, і ня было ў іх родах нядужага. 38. Эгіпт цешыўся з выхаду іхняга, бо зьняў іх страх перад імі. 39. Ён хмару ім разгарнуў на заслону ды агонь, каб ноч асьвятляць. 40. Зажадалі, і ім перапёлак прывёў і хлебам карміў іх нябесным. 41. Ён скалу расшчапіў, і люнулі воды, і ракой пацяклі па ссохлай зямлі. 42. Бо прыпомніў Ён слова сьвятое Сваё да Аўраама, раба Свайго, 43. вывеў народ Свой у радасьці, выбранцаў Сваіх у вясёласьці. 44. І даў ім зямлю народаў, і тым, што народы трудом прыдбалі, заўладалі яны, 45. каб спаўнялі загады Ягоныя і закон Яго каб хавалі. Альлілуя!

Псальм 106.

правіць

1. Альлілуя! Хвалеце Госпада, бо добры Ён, бо ласка Яго навекі. 2. Хто выскажа магутнасьць Госпада, абвесьціць усю славу Ягоную? 3. Шчасьлівыя тыя, што праўду захоўваюць і ў кожну часіну справядлівасьць чыняць. 4. Успамяні аба мне, о Госпадзе, праз ласкавасьць да народу Твайго! Адведай мяне з успамогай Сваёй, 5. каб мне ўсьцешыцца дабрабытам выбранцаў Тваіх, каб мне радавацца радасьцяй народу Твайго, з Тваёй спадчынай разам хваліціся! 6. Саграшылі мы ды з бацькамі нашымі, правініліся й беззаконьне чынілі. 7. Бацькі нашы ў Эгіпце ў цям не ўзялі цудаў Тваіх, ня помнілі ласк Тваіх множства ды проці Ўсявышняга паўставалі ля мора Чырвонага. 8. Але Ён дапамог ім дзеля іменьня Свайго, каб зьявіці магутнасьць Сваю. 9. Крыкнуў Ён мору Чырвонаму, і яно высахла; і правёў іх праз бяздоньне, як праз стэп. 10. I вырваў іх із рук ненавісьніка іхняга, і вйзваліў із рук ворага. 11. Воды пакрылі перасьледавацеляў іхніх, і ніводзін із іх не астаўся. 12. Ды хоць і паверылі словам Ягоным і пяялі хвалу Яму, 13. але хутка аб дзеяньнях Яго забыліся, не даждаліся прысуду Яго. 14. Захапіла іх жадоба ў стэпох, пачалі Бога яны спакушаць у пустыні. 15. І даў Ён ім, чаго зажадалі, але паслаў зьнемажэньне на іх. 16. I пазайздросьцілі Майсею ў таборы, Аарону, сьвятому Гасподняму. 17. Тады расступілася зямля й праглынула Датана ды пакрыла банду Авірамаву, 18. і бухнуў агонь пад бандаю, і спаліла полымя бязбожнікаў. 19. Яны зрабілі цяля пад Харыбам і ніцма сукланіліся перад ідалам; 20. і замянілі Славу сваю на абраз быка, што траву жарэ. 21. Яны Бога забылі, Збавіцеля свайго, Які вялікае ўчыніў у Эгіпце, 22. цуды ў зямлі Хамавай, страшное ля мора Чырвонага. 23. Дык хацёў Ён вынішчыць іх, калі-б не Майсей, выбранец Ягоны, што стануў у прорве прад Ім, каб ярасьць Яго ад зьнішчэньня іх адхіліць. 24. Пасьля адракліся ад зямлі пажаданае, не паверылі слову Ягонаму. 25. Наракалі ў палатках сваіх, ня слухаліся голасу Госпада. 26. Дык падняў Ён руку Сваю, каб іх трупам пакласьці ў пустыні 27. і насеньне іх між паганаў расьцярушыць і рассыпаць іх па зямлі. 28. Яны прыляпіліся да Баал-Пэгора і елі ахвяры мёртвых 29. ды абуралі Яго паступкамі сваімі, і тады на іх напаў мор. 30. Дык паўстаў на суд Пінэас, і тады мор прыпыніўся. 31. І залічана яму гэта за праведнасьць з роду ды ў род навекі. 32. Пасьля яны Бога ўгнявілі ля водаў Мэрыбскіх, і за іх пацярпеў Майсей. 33. Бо гэтак дадзелі духу ягонаму, што неразважна гаварыў вуснамі сваімі. 34. Яны ня зьнішчылі народаў, як ім Госпад казаў, 35. а з паганамі зьмяшаліся ды спраў іхніх навучыліся 36. і ідалам іхнім служылі, што сеткай сталіся для іх, 37. бо чартом у ахвяру сыноў і дачок сваіх прынасілі 38. і пралівалі бязьвінную кроў, кроў сыноў і дачок сваіх, што ў ахвяру ідалам Канаанскім яны прынасілі, і зямля ад крыві апаганілася. 39. І апаганілі сябе ўчынкамі сваімі, блуд рабілі паступкамі сваімі. 40. І ўзгарэўся гнеў Госпада на народ Ягоны, абрыдла Яму спадчына Яго. 41. І аддаў іх у рукі паганаў, і запанавалі над імі тыя, што іх ненавідзелі. 42. І ўціскалі іх ворагі іх, і іх моцы яны пакарыліся. 43. Шмат разоў Ён іх выбаўляў, ды яны гнявілі Яго справамі сваімі й паніжаны бывалі за беззаконьне сваё. 44. І ўсё-ж зважаў на іх гора, пачуўшы маленьне іх, 45. і ўспамінаў запавет Свой з імі, шкадаваў праз ласкавасьць Сваю вялікую. 46. І будзіў Ён спогад да іх у ўсіх, што іх паняволілі. 47. Успамажы нас, Госпадзе, Божа наш, і зьбяры Ты нас разам ад гэтых паганаў, каб нам славіць сьвятое імя Тваё і славай Тваёю хваліцца! 48. Багаслаўлены Госпад, Бог Ізраілявы, ад веку й да векуі І няхай скажа ўсенькі народ: Амін! Альлілуя!

Псальм 107.

правіць

1. Хвалеце Госпада, бо Ён добры, і ласка Яго навекі! 2. Няхай гэтак скажуць спасёныя Госпадам, якіх Ён вызваліў із рукі ворага 3. ды сабраў із земляў ад усходу й ад захаду, ад паўночы й ад мора. 4. Па стэпох блукаліся яны, па бездарожжы пустыні, ды не знайшлі сабе месца, каб асесьці. 5. Голад і смагу цярпелі яны, і душа ў іх зьнемаглася. 6. Дык крычэлі да Госпада ў тузе сваёй, і Ён вызваляў іх із бед іхніх. 7. І павёў Ён іх простым шляхам, каб прыйшлі да месца, дзе-б асесьці ім. 8. Дык хай славяць Госпада за ласку Ягоную і за цуды Яго для сыноў чалавечых, 9. бо Ён насыціў душу спрагнёную і душу галодную напоўніў дабром. 10. Сядзелі яны ў цемры і ў цяню сьмерці, скаваныя мукамі й путамі 11. за тое, што непакорныя былі Божаму слову і волю Найвышэйшага зьневажалі; 12. і Ён спакорыў іх сэрца бядою; спаткнуліся, і помачы ім ня было. 13. Тады крычэлі да Госпада ў тузе сваёй, і Ён вырваў іх з іхніх бедаў, 14. вывеў іх з цемры й ценю сьмяротнага і путы ім раскаваў. 15. Няхай славяць Госпада за ласку Ягоную і за цуды Яго для сыноў чалавечых, 16. бо брамы із медзі зламаў і скрышыў зялезныя засаўкі, 17. Шалёныя - яны за жыцьцё сваё грэшнае і за віны свае пакуту цярпелі, 18. ажно ад ежы ўсялякае душу ў іх вярнула, і блізка былі ўжо яны ад варотаў сьмяротных, 19. дык тады да Госпада крычэлі яны ў тузе сваёй, і Ён вызваліў іх із бяды іх: 20. Ён паслаў Сваё слова і вылячыў іх ды спас ад магілы. 21. Няхай дзякуюць Госпаду за ласку Яго ды за цуды Яго для сыноў чалавечых! 22. Хай ахвяры хвалы прынясуць, хай учынкі Яго песьняй славяць! 23. Тыя, што па моры на караблёх вандравалі й вялі торг на водах вялікіх, 24. тыя бачылі творы Госпада й цуды Яго ў глыбінях. 25. Ён скажа, і ўзьнімецца бура гвалтоўная, што высака хвалі на моры ўздымае, 26. пад неба кідае, ў бяздоньне іх валіць; душа іх у горы аж млее, 27. бадзяюцца й хістаюцца, як п'яныя, і ўсенька іх мудрасьць на нівошта зыходэе. 28. Але да Госпада яны закрычэлі, і вырваў Ён іх з бяды. 29. Абярнуў Ён буру ў цішу, I хвалі ўціхамірыліся. 30. І зрадзелі яны, што сьціхлі воды, і Ён іх правёў да жаданае прыстані. 31. Няхай дзякуюць Госпаду за ласку Яго ды за цуды Яго для сыноў чалавечых! 32. Няхай вывышшаюць Яго ў зграмаджэньні і на радзе старэйшых хай славяць Яго! 33. Рэкі ў пустыню Ён абяртаў і крыніцы ў сухую зямлю, 34. і ўрадлівыя землі ў стэп салоны - за бязбожнасьць тых, што тамака жылі, 35. Ён абяртаў пустыню ў возера водаў і сухую зямлю ў крыніцы водныя, 36. і там Ён сяліў галодных, і строілі месца сабе на жыльлё, 37. і зямлю засявалі, і вінаграднікі засаджалі, што плод багаты давалі. 38. І Ён багаслаўляў іх, і множыліся вельмі; і даў ім скаціны ці мала. 39. Але пасьля іх паменшала, і пад цяжарам гора ды суму яны ўпадалі. 40. Ён вылівае сорам на князёў і ў пустыні непраходнай іх кідае блукацца. 41. Ён з нядолі падняў убогага і пакаленьні яго зрабіў, як-бы стады. 42. Пабожныя бачаць гэта ды цешацца; і ўсякая несправядлівасьць вусны свае затыкае. 43. Хто мудры, той гэта сьцям, і няхай пазнаюць ласкі Гасподнія!

Псальм 108.

правіць

1. Песьня, псальм Давідавы. 2. Сэрца маё ўмацавалася, Божа! Буду пяяць і іграць я. Паўстань, май чэсьць! 3. Збудзіся, псалтыр і гусьлі! Я сьвітаньне збуджу! 4. Буду славіць Цябе між народамі, Госпадзе, і пяяці Табе між паганамі! 5. Бо вышэй за нябёсы ласка Твая і праўда Твая да аблокаў. 6. Панад неба ўзьніміся, о Божа, і хай слава Твая над усенькай лунае зямлёй! 7. Каб тыя, каго Ты ўлюбіў, былі збаўлены, успамажы правіцай Тваёй і паслухай мяне! 8. Бог казаў у Сьвятыні Сваёй: Перамагу і Сіхем падзялю Я і даліну Сукот разьмераю. 9. Мой Галаад, мой Манасса, і Яхрэм - цьвярдыня Маёй галавы, Юда - бэрла Маё! 10. Моаб - чара Мая ўмывальная; на Эдом Я вобуй скіну; над зямлёй Хвілістынаў буду радасна клікаць! 11. Хто ўвядзе мяне ў места ўмацаванае? Хто давядзе мяне да Эдому? 12. Ці ня Ты, о Божа, Які нас адкінуў, ці ня выйдзеш, о Божа, разам з войскамі нашымі? 13. Дай успамогу нам проці ворага, бо марная помач людзей. 14. З Богам мы сілу пакажам, і Ён ворагаў нашых растопча.

Псальм 109.

правіць

1. Кіраўніку хору: псальм Давідавы. Божа, хвала мая! Не маўчы Ты! 2. Бо расчыніліся супраць мяне вусны бязбожныя й вусны здрадлівыя, языком ілжывым са мною гавораць. 3. І словамі ненавісьці акружылі мяне, і без дай прычыны зброяцца супраць мяне. 4. За любоў маю яны ворагі мне; а я ўсё малюся. 5. Яны злом за дабро мне плацілі, а ненавісьцяй - за любоў маю. 6. Пастаў над ім бязбожніка, і абвінавальнік хай стане праваруч яго; 7. калі будзе судзіцца, няхай выйдзе вінаватым, а малітва ягоная хай абернецца ў грэх. 8. Хай дзён веку яго няшмат будзе, а ягоны ўрад няхай возьме іншы. 9. Няхай дзеці яго сіротамі зробяцца, і жонка яго - удавою. 10. Хай усюды блукаюцца дзеці яго ды жабруюць, выгнаныя з родных руінаў! 11. Хай захопіць ліхвяр усю маетнасьць ягоную, хай чужыя рабуюць, што прыдбаў ён з трудом. 12. Хай ня будзе нікога, хто-б яму аказаў міласэрдзе; хай ня будзе нікога, хто-б меў літасьць над сіротамі яго. 13. Семя ягонае няхай будзе зьніштожана; у пакаленьні, якое народзіцца, няхай імя яго затрэцца! 14. Няхай будзе ўспомнены грэх бацькоў яго перад Госпадам, і матчын праступак няхай не загладзіцца! 15. Няхай будуць заўсёды яны прад вачыма у Госпада, каб Ён памяць іх вынішчыў на зямлі 16. за тое, што ён і ня думаў быць міласэрным, а ўціскаў чалавека да сьмерці, які быў нешчасьлівы й убогі і з сэрцам зламаным. 17. Любіў ён пракляцьце, - хай прыйдзе яно на яго! Не жадаў ён багаслаўленьня, - хай будзе далёка яно ад яго! 18. Апрануўся праклёнам ён, быццам шатай, - дык няхай, як вада, у нутро яму ўвойдзе, як алей, у косьці ягоныя! 19. Хай за вопратку будзе яму, у якую ён адзяваецца, ды за пояс, якім што-дня апяразываецца! 20. Няхай гэткая будзе заплата ад Госпада тым, што мяне ненавідзяць, і тым, што благое кажуць на мяне! . 21. А Ты, о Госпадзе Божа, будзь ласкавы са мной дзеля іменьня Твайго, бо шчасьце мець ласку Тваю; ратуй Ты мяне! 22. Бо я нешчасьлівы й убогі, і сэрца маё ў нутры маім зранена. 23. Я нікну, як цень, што доўжыцца; ганяюць мяне, як саранчу. 24. Калены ў мяне ад посту хістаюцца, і цела ссохла бяз туку. 25. І я пасьмешышчам стаўся для іх; на мяне паглядаючы, галовамі сваімі ківаюць. 26. Памажы Ты мне, Госпадзе, Божа мой! захавай мяне водле ласкі Твасй, 27. каб пазналі яны, што Твая тут рука, што Ты, Госпадзе, гэта зрабіў! 28. Хай яны праклінаюць, я Ты багаслаў! Хай асромлены будуць, што проці мяне паўстаюць, а раб Твой няхай узрадуецца! 29. Хай пакрыюцца ганьбаю ворагі маі, сорамам сваім, быццам шатай, атуляцца! 30. І буду я вуснамі маімі голасна славіць Госпада і сярод грамады выхваляць Яго, 31. бо Ён стаіць праваруч убогага, каб яго ўспамагчы проці тых, што яго засуджаюць.

Псальм 110.

правіць

1. Псальм Давідавы. Казаў Госпад Валадару майму: Сядай праваруч Мяне, пакуль ворагаў тваіх пакладу за падножжа пад стопы твае! 2. Бэрла сілы тваёй пашле Госпад з Сыону: царствуй сярод тваіх ворагаў! 3. Народ твой у дзень перамогі тваёй зьбярэцца ў аздобе сьвятой самахоць; як раса із улоньня сьвітаньня, народзяцца дзеці твае. 4. Госпад пакляўся й не пашкадуе: Ты навекі сьвяшчэньнік па ўставу Мэльхісэдэка. 5. Праваруч цябе Госпад у дзень гневу Свайго пакрышыць цароў, 6. будзе народы судзіць, дый усё напоўніцца трупамі. Ён галаву скрышыць, што пануе над многімі землямі. 7. Па дарозе нап'ецца з патоку й уздыме галаву.

Псальм 111.

правіць

1. Альлілуя! Слаўлю я Госпада ўсім сэрцам пасярод пабожных і ў зграмаджэньні. 2. Вялікія дзеяньні Госпада, дастойны яны ўвагі ўсіх, што любуюцца імі. 3. Дзела Яго - краса і веліч, і справядлівасьць Яго - навекі. 4. Ён памятнымі зрабіў цуды Сваі; Госпад ласкавы і міласэрны. 5. Тым, што баяцца Яго, Ён пажыву дае; навекі Свой запавет памятае. 6. Народу Свайму зьявіў дзел Сваіх сілу, даючы ім спадчыну народаў. 7. Дзела рук Ягоных - праўда й справядлівасьць; усе запаведзі Яго - пэўныя, 8. замацаваныя на вечныя вякі, у праўдзе й шчырасьці выпаўненыя. 9. Збаўленьне паслаў Ён народу Свайму, навекі запавет Свой паставіў; сьвятое й страшное імя Ягонае! 10. Страх перад Госпадам - пачатак мудрасьці; добры розум усе здабываюць, што спаўняюць загады Яго. Хвала Яго - навекі.

Псальм 112.

правіць

1. Альлілуя! Шчасьлівы той муж, што баіцца Госпада і шчыра любіць запаведзі Яго. 2. Магутным будзе семя яго на зямлі; багаслаўлены будзе род пабожных. 3. Дастатак і багацьце ў доме ягоным, і справядлівасьць яго трывацьме навекі. 4. Усходзе ў цемры сьвятло пабожным; яно ласкавае й міласэрнае й справядлівае. 5. Шчасьціць таму, хто міласэрны й пазычае; хто справы свае вядзе водле права! 6. Бо ён ніколі не пахісьнецца; вечная памяць будзе ўдзелам пабожнага. 7. Нечага баяцца яму весткі благое; цьвёрдае сэрца яго, поўна надзеі на Госпада. 8. Бясьпечна сэрца ў яго, ня будзе палохацца ён, дакуль угледзіць гібель сваіх прыгнетацеляў. 9. Раздаваў ён шчодра, абдорываў убогіх; справядлівасьць яго навекі трывае, рог яго ў славе ўздымаецца. 10. Угледзіць гэта бязбожны ды будзе злаваць; скрыгатаць ён будзе зубамі й загіне; загіне й жаданьне бязбожнага.

Псальм 113.

правіць

1. Альлілуя! Хвалеце, рабы Гасподнія, хвалеце імя Госпада! 2. Хай будзе пахвалена імя Гасподняе ад сяньня й навекі! 3. Ад усходу сонца да захаду яго хай будзе ўслаўлена імя Гасподняе! 4. Высака Госпад над усімі народамі; панад нябёсамі слава Яго. 5. Хто падобны да Госпада, нашага Бога, што жыве ў вышыні 6. і схіляецца нізка, каб глянуць на неба й зямлю? 7. Што з пылу падыймае гаротніка, з балота ўзносе ўбогага, 8. каб пасадзіць яго побач з магнатамі, сярод магнатаў народу яго? 9. Што бясплодную й бяздомную робіць маткаю, якая радуецца над дзяцьмі? Альлілуя!

Псальм 114.

правіць

1. Калі выйшаў Ізраіль з Эгіпту, дом Якубавы з народу чужароднага, 2. дык Юдэя сталася сьвятыняй Ягонай, Ізраіль царствам Яго. 3. Мора ўбачыла ды ўцякло, Іордан павярнуў назад. 4. Скакалі горы, быццам бараны, узгоркі - быццам ягняты. 5. Што табе, мора, што ты ўцякала? Ты Іордане, што павярнуў назад? 6. Што скачаце, горы, быццам бараны, узгоркі - быццам ягняты? 7. Прад абліччам Госпада задрыжэла зямля, прад абліччам Бога Якубавага, 8. што скалу абяртае ў возера воднае, крамень у крыніцу водаў.

Псальм 115.

правіць

1. Ня нам, Госпадзе, ня нам, але іменьню Твайму дай Ты славу - дзеля ласкі Тваёй, дэеля праўды Тваёй! 2. Чаму паганам казаць; Дзе-ж іх Бог? 3. А Бог наш на небе; усё, што схоча, Ён зробіць. 4. Іх богі - срэбра ды золата, творы рук чалавечых. 5. Маюць вусны, ды не гавораць; маюць вочы й ня бачаць; 6. маюць вушы й ня чуюць, маюць ноздры, ды нюху няма ў іх; 7. рукі ў іх, ды бяз вошчупу; ногі ў іх, ды ня ходзяць; і голасу горлам сваім не даюць. 8. Падобны да іх будуць тыя, што іх робяць, ды ўсе, што на іх спадзяюцца. 9. Ізраілю! Ты спадзявайся на Госпада: Ён нам і помач і шчыт наш! 10. Доме Ааронавы, спадзявайся на Госпада: Ён наша помач і шчыт наш! 11. Вы, што Госпада баіцёся, спадзявайцеся на Госпада: Ён наша помач і шчыт наш! 12. Госпад успомніў нас: багаслаўляць Ён будзе, багаслаўляць дом Ізраіля, багаслаўляць дом Ааронавы, 13. багаслаўляць будзе тых, што баяцца Госпада, разам малых і вялікіх. 14. Размножыць вас Госпад, вас і вашых дзяцей. 15. Багаслаўлены вы Госпадам, што неба стварыў і зямлю. 16. Неба ёсьць неба Гасподняе, зямлю-ж Ён людзям аддаў. 17. Ня мёртвыя Госпада хваляць, ня ўсе тыя, што ў край маўчаньня зыходзяць, 18. але мы хваліць будзем Госпада, ад сяньня й навекі. Альлілуя!

Псальм 116.

правіць

1. Цешуся я, бо Госпад пачуў галосну малітву маю. 2. Схіліў да мяне Ён вуха Сваё, дык клікаці буду Яго ў-ва ўсе мае дні. 3. Путы сьмерці мяне абхапілі; мукі пякельныя дагналі мяне; наткнуўся я на тугу ды сум. 4. Але клікнуў я імя Гасподняе: Збаў, Госпадзе, душу маю! 5. Ласкавы Госпад і справядлівы, міласэрны наш Бог. 6. Прастадушных ахоўвае Госпад; калі зьнемагаю, Ён ратуе мяне. 7. Вярніся, душа мая, да супакою твайго, бо Госпад табе робіць добрае. 8. Бо ад сьмерці Ты вызваліў душу маю, ад сьлёзаў - вока маё і нагу маю ад упадку. 9. Буду хадзіць прад абліччам Гасподнім у краіне жывых. 10. Я веру, дык гавару; але я крэпка прыбіты. 11. У неразважлівасьці маёй я сказаў: усе людзі ілгуць! 12. Як аддзячыць мне Госпаду за ўсе дабрадзействы Яго для мяне? 13. Чару збаўленьня ўзьніму і імя Гасподняе клікну. 14. Абяцаньні мае аддам я Госпаду прад усенькім народам Ягоным. 15. Прад вачыма Гасподнімі сьмерць сьвятых Яго дорага. 16. О Госпадзе! Я-ж раб Твой, сын рабыні Тваёй! Ты разьвязаў мае путы. 17. Табе прынясу ахвяру хвалы й буду клікаць імя Гасподняе. 18. Абяцаньні мае аддам я Госпаду прад усенькім народам Ягоным, 19. у панадворках дому Гасподняга, пасярод цябе, Ерузаліме! Альлілуя!

Псальм 117.

правіць

1. Хвалеце Госпада, усе пагане! Слаўце Яго, усе народы! 2. Бо вялікая ласка Яго над намі, і праўда Яго трываць будзе навекі! Альлілуя!

Псальм 118.

правіць

1. Хвалеце Госпада, бо добры Ён, бо навекі ласка Ягоная! 2. Няхай кажа Ізраіль: навекі ласка Ягоная! 3. Хай дом Ааронавы скажа: навекі ласка Ягоная! 4. Хай скажуць тыя, што Бога баяцца: навекі ласка Ягоная! 5. Із уціску клікнуў я Госпада, і пачуў мяне Госпад ды паставіў на вольным прасторы. 6. Госпад за мяне - і я не баюся: што маглі-б зрабіці мне людзі? 7. Госпад за мяне, сярод успаможнікаў маіх, і перамагу тых, што мяне ненавідзяць. 8. Ляпей шукаці патолі у Госпада, чым на людзей спадзявацца. 9. Ляпей шукаці патолі ў Госпада, чым на магнатаў надзею ўскладаць. 10. Усе пагане мяне абступілі, ды іменем Госпада іх запраўды перамог я. 11. Абступілі мяне, акружылі, ды іменем Госпада іх запраўды перамог я. 12. Абселі мяне, быццам пчолы соты, ды згарэлі яны, як агонь з цярніны: імем Гасподнім я іх запраўды перамог! 13. Крэпка папхнулі мяне, каб мне ўпасьці, ды Госпад мяне падтрымаў. 14. Госпад сіла мая й мая песьня, ад Яго прыйшло мне спасеньне. 15. Радасны крык перамогі чуваць у палатках пабожных: правіца Гасподня вялікіх даказвае рэчаў. 16. Правіца Гасподпя ўзвышае, правіца Гасподня вялікіх даказвае рэчаў. 17. Не памру, а жыць буду і аб дзеяньнях Госпада буду казаці. 18. Хоць і караў Ён мяне, а сьмерці мяне не аддаў. 19. Расчынеце вароты справядлісасьці мне: увайду я праз іх, каб Госпада славіць. 20. Вось вароты Гасподнія: пабожныя ўвойдуць праз іх. 21. Слаўлю Цябе, што Ты выслухаў мяне і стаўся збаўленьнем маім! 22. Камень, што яго адкінулі будаўніхі, ён стаўся галавой вугла. 23. Ад Госпада гэтае і дзіўна ў вачох нашых! 24. Вось дзень, што стварыў яго Госпад: давайце весяліцца й радавацца ў ім! 25. О Госпадзе, успамажы! О Госпадзе, дай удачу! 26. Багаслаўлены той, хто ўваходзе ў імя Гасподняе: багаслаўляем мы вас із сьвятыні Гасподняе. 27. Госпад ёсьць Бог, і Ён асьвятліў нас: вядзеце ахвяру да рагоў ахвярніку! 28. Ты мой Бог; Цябе буду я славіць, Цябе, Божа мой, вывышшаць! 20. Хвалеце Госпада, бо добры Ён, бо ласка Яго навекі!

Псальм 119.

правіць

Алеф. 1. Шчасьлівыя тыя, што шлях у іх беззаганны, што ходзяць паводле закону Госпада. 2. Шчасьлівыя тыя, што пілнуюцца аб'яваў Ягоных, усім сэрцам шукаюць Яго, 3. крыўды ня робяць ды сьцежкамі ходзяць Ягонымі. 4. Ты загадаў Твае запаведзі, каб пільна іх выпаўнялі. 5. О, каб жа мой шлях вёў цьвёрда мяне, каб уставы Тваі я заховываў! 6. Тады-б ня меў я сораму, на ўсе запаведзі Твае узіраючыся. 7. Буду хваліць Цябе шчырым сэрцам, справядлівыя законы Тваі пазнаваючы. 8. Уставы Тваі я буду заховываць: не пакінь мяне Ты зусім!

Бэт. 9. Чым дзяцюк сьцежку сваю захавае ў чыстасьці? Захоўваючы водле слова Твайго. 10. Усім сваім сэрцам шукаю я Цябе: ня дай мне адхіліцца ад запаведзяў Тваіх! 11. У сэрцы маім хаваю я слова Тваё, каб не зграшыць прад Табою. 12. Хвалю Цябе, Госпадзе; навучы мяне ўставаў Тваіх! 13. Вуснамі маімі абвяшчаю ўсе прысуды Тваіх вуснаў. 14. З шляху, што загаданы аб'явамі Тваімі, я радуюся, быццам з багацьця вялікага. 15. Аб запаведзях Тваіх разважаці буду й на шляхі Тваі пазіраці. 16. У Тваіх пастановах будзе ўцеха мая, слова Твайго нс забуду.

Гімэль. 17. Рабі дабро рабу Тайму, каб жыў я, дык буду слова Твайго пілнавацца. 18. Расчыні мае вочы, каб бачыў я цуды закону Твайго! 19. Я госьць на зямлі; не хавай ад мяне Тваіх запаведзяў! 20. Зьнемаглася душа мая, імкнучыся ўсьцяж да ўставаў Тваіх. 21. Ты выклятым гардуном пагразіў, што ўхіляюцца ад загадаў Тваіх. 22. З мяне-ж зьнімі ганьбу й пагарду, бо хаваю загады Тваі. 23. Хоць заселі магнаты й змаўляюцца супраць мяне, аб уставах Тваіх Твой раб разважае. 24. Але, аб'явы Твае - мне ўцеха, загады Тваі мне парада.

Далет. 25. Да пылу прыліпла душа мая; ажыві мяне водле слова Твайго. 26. Апавядаў я пра сьцежкі мае, і Ты мяне выслухаў; навучы мяне ўставаў Тваіх. 27. Дай зразумеці мне шлях, што запаведзі Твае вызначаюць, і я буду аб цудах Тваіх разважаць. 28. Сьлязамі сплывае душа мая ад тугі; узмацуй Ты мяне водле слова Твайго! 29. Шлях ілжы адвярні ад мяне і даруй мне закон Твой. 30. Я выбраў шлях праўды й уставы Тваі прад сабою паставіў. 31. Да аб'яваў Тваіх прыляпіўся я; ня дай, Госпадзе, мне асароміцца! 32. Шляхам запаведзяў Тваіх пабягу я, калі сэрца маё Ты пашырыш.

Ге. 33. Навучы мяне, Госпадзе, шляху ўставаў Тваіх, каб я даканца яго захаваў. 34. Дай мне розум, і буду закон Твой захоўваць і спаўняці яго ўсім сэрцам. 35. Пастаў мяне на сьцежку запаведзяў Тваіх, бо ў гэтым уцеха мая. 36. Нахіляй маё сэрца да аб'яваў Тваіх, а не да карысьці. 37. Адвярні мае вочы, каб на марнасьць ня ўзіраліся; ажыўляй мяне на шляхох Тваіх! 38. Споўні слова Тваё рабу Твайму, што дадзена тым, хто баіцца Цябе. 39. Няхай абмінець мяне таньба, якое баюся, бо суды Тваі добрыя. 40. Запраўды, я жадаю загадаў Тваіх; ажыві мяне праўдай Тваёю.

Вав. 41. Няхай прыйдзе ка мне Твая ласка, о Госпадзе, - збаўленьне Тваё водле слова Твайго, 42. каб я мог даць адказ таму, хто мяне зьневажае, бо на слова Тваё спадзяюся. 43. Не пазбаў мае вусны слова праўды зусім, бо я на прысуд Твой чакаю 44. і буду заўсёды закон Твой захоўваць, заўсёды й навекі, 45. ды буду хадзіць па прасторы шырокім, бо шукаў я загадаў Тваіх. 46. Аб аб'явах Тваіх прад царамі я буду казаці й не паўстыдаюся. 47. Уцеху мець буду ў запаведзях Тваіх, бо мне яны любы. 48. І ўздымаць буду рукі мае да запаведзяў Тваіх, што мне любы, ды аб уставах Тваіх разважаці.

Заін. 49. Успомні Ты слова да раба Твайго, на якое сказаў спадзяваціся мне. 50. То-ж пацеха мая ў нядолі маёй, што слова Тваё ажыўляла мян. 51. Гордыя вельмі нада мною зьдзёкаваліся; я-ж ад закону Твайго ня ўхіляўся. 52. Успамінаў я, о Госпадзе, суды Тваі спрад вякоў, і гэта было мне пацехай. 53. гнеў палючы мяне агарнуў на бязбожных, што кідаюць закон Твой. 54. Уставы Тваі гімнам сталіся мне там, дзе жыву, як прыблуда. 55. Імя Тваё, Госпадзе, я ўначы ўспамінаў і закон Твой заховываў. 56. Гэта сталася мне, бо загадаў Тваіх пілнаваўся.

Хэт. 57. Я сказаў: Мая доля, о Госпадзе, - Тваё слова заховываць. 58. Усім сэрцам прасіў я ласкі ў Цябе; будзь мне ласкаў паводле слова Твайго. 59. Разважаў я аб сьцежках маіх і стопы мае скіраваў да аб'яваў Тваіх. 60. І сьпяшаўся я й не марудзіў, загады Тваі выпаўняючы. 61. Сеці бязбожных аблуталі мяне, ды закону Твайго не забыўся я. 62. Сярод ночы ўстаю я, каб славіць Цябе за суды Тваі справядлівыя. 63. Я таварыш для ўсіх, што баяцца Цябе ды загадаў Тваіх пілнуюцца. 64. Ласкавасьцяй Тваёй, Госпадзе, поўніцца зямля; навучы-ж Ты мяне ўставаў Тваіх!

Тэт. 65. Дабро Ты зрабіў рабу Твайму, Госпадзе, паводле слова Твайго. 66. Добрай развагі й пазнаньня мяне навучы, бо я запаведзям Тваім веру. 67. Перш, чым я стаўся спакораным, я блукаўся; цяпер слова Тваё я хаваю. 68. Ты ласкавы і добры, дык мяне навучы уставаў Тваіх! 69. Гардуны ілжу плялі на мяне; я-ж усім сэрцам загадаў Тваіх пілнаваўся. 70. Атупела ў іх сэрца, як тук; я-ж законам Тваім пацяшаю сябе. 71. Добра мне сталася, што я спакарнеў, каб вучыцца ўставаў Тваіх. 72. Закон вуснаў Тваіх для мяне больш варты, чым тысячы золата ды серабра.

Іод. 73. Рукі Твае стварылі мяне й спасобілі мяне; дай жа мне розум навучыцца ўставаў Тваіх! 74. Тыя, што баяцца Цябе, убачаць мяне ды ўцешацца, бо я чакаю на слова Тваё. 75. Ведаю, Госпадзе: суды Тваі - справядлівыя, і справядліва караў Ты мяне. 76. Ласка Твая няхай будзе пацехаю мне водле слова Твайго да раба Твайго. 77. Міласэрдзе Тваё няхай зыйдзе ка мне, каб я жыў, бо закон Твой - пацеха мая. 78. Гордым няхай будзе сорам за тое, што бяз прычыны ўціскалі мяне; я-ж аб загадах Тваіх разважаю. 79. Няхай да мяне навернуцца тыя, што баяцца Цябе, што ведамы ім аб'явы Твае. 80. Сэрца маё беззаганным хай будзе ў уставах Тваіх, каб мне ня быць асаромленым.

Каф. 81. Ташнуе душа мая па збаўленьні Тваім; на слова Тваё спадзяюся. 82. Ташнуюць вочы мае па слове Тваім ды пытаюцца: Калі-ж Ты пацешыш мяне? 83. Я стаўся, як мех скураны ды ў дыме; але ўставаў Тваіх не забыўся. 84. Колькі дзён жыцьця йшчэ рабу Твайму? Калі зробіш Ты суд над тымі, што ўціскаюць мяне? 85. Выкапалі гордыя яму для мяне, але гэта пярэчыць закону Твайму. 86. Усё Твае запаведзі - праўда; бязьвінна ўціскаюць мяне, дык Ты памажы мне! 87. Чуць-што ня вынішчылі мяне на зямлі; я-ж не адступаўся ад загадаў Тваіх. 88. Праз міласэрнасьць Тваю захавай мне жыцьцё, і буду пілнавацца аб'яваў вуснаў Тваіх.

Ламэд. 89. Навекі, о Госпадзе, слова Тваё сцьверджана на небе! 90. Ад роду ды ў род трывае праўда Твая; паставіў Ты зямлю, і яна стаіць. 91. Водле волі Тваёй стаяць яны да сяньня, бо ўсё гэта служкі Тваі. 92. Калі-б Твой закон ня быў мне пацехай, даўно-бы я згінуў у нядолі маёй. 93. Па век не забудуся загадаў Тваіх, бо імі захаваў Ты жыцьцё мне. 94. Я - Твой! Спасі Ты мяне! Бо спаўняю загады Тваі. 95. Заеліся бязбожныя загубіць мяне; я-ж углыбляюся ў пастановах Тваіх. 96. Я бачыў канец усіх чыста рэчаў; але запаведзь Твая ня мае канца.

Мэм. 97. Як я люблю закон Твой! Увесь дзень ён у думцы маёй! 98. Я зрабіўся мудрэйшым за ворагаў маіх праз закон Твой, бо ён заўсёды са мною. 99. Я мудрэйшы за ўсіх, што вучылі мяне, бо аб'явы Твае ў думках маіх. 100. Разважнейшы я, чым старыя, бо хаваю загады Тваі. 101. Ад усякай сьцяжынкі благой я ўстрымліваў стопы мае, каб захоўваць слова Тваё. 102. Ад Тваіх пастановаў я ня ўхіляўся, бо Ты мяне навучаў. 103. Як салодкі словы Твае паднябеньню майму, саладзей за мёд вуснам маім! 104. Праз запаведзі Твае разумным я зрабіўся, дык ненавіджу кожын шлях ілжывы.

Нун. 105. Слова Тваё - сьветач для стоп маіх і сьвятло на сьцежцы маёй. 106. Я пакляўся захоўваць прысуды справядлівасьці Тваёй і спаўняю гэта. 107. Я цяжка прыгнечаны; Госпадзе, ажыві міяне водле слова Твайго! 108. Хай будуць Табе даспадобы, о Госпадзе, самахвотныя жэртвы вуснаў маіх. Ты-ж мяне навучы ўставаў Тваіх. 109. Жыцьцё маё ўсьцяж нашу я ў руцэ у маёй, ды закону Твайго не забываюся. 110. Бязбожнікі сець мне наставілі, ды я ня ўхіліўся ад загадаў Тваіх. 111. Пастановы Твае я прыняў, о Госпадзе, як вечную спадчыну, бо яны радасьць сэрца майго. 112. Нахіляю я сэрца к таму, каб заўсёды паводле Тваіх пастаноў паступала яно аж да канца.

Самэх. 113. Двудушных я ненавіджу, а закон Твой люблю. 114. Ты - заслона мая і мой шчыт, на слова Тваё спадзяюся. 115. Адыдзеце ад мяне, беззаконныя, каб я запаведзі Бога майго мог захаваць. 116. Падтрымай Ты мяне водле слова Твайго, каб я жыў, і ня дай асароміцца мне за надзею маю. 117. Узмацуй мяне, каб я быў захаваны, каб усьцяж разважаць мне аб уставах Тваіх. 118. Адапхнеш Ты ўсіх, што ўхіляюцца ад уставаў Тваіх, бо ілжа іх няплодная. 119. За смоль Ты ўважаеш усіх беззаконных зямлі; за тое-ж я ўзьлюбіў аб'явы Твае. 120. Дрыжыць ад страху цела маё прад Табою, і прысудаў Тваіх я баюся.

Аін. 121. Пілнаваўся я права й справядлівасьці; не аддай Ты мяне ў рукі ворагаў! 122. За раба Твайго заступіся дзеля збаўленьня яго; ня дай гардуном уціскаць мяне. 123. Зьнемагаюць вочы мае, выглядаючы помачы Тваёй і прысуду Твайго справядлівага. 124. Учыні з рабом Тваім водле ласкі Тваёй, навучы Ты мяне пастановаў Тваіх. 125. Я-ж раб Твой: дай Ты мне розум, каб пазнаў аб'явы Твае. 126. Пара ўжо дзеяць за Госпада: яны нарушылі Твой закон. 127. Дык за тое й люблю я запаведзі Твае больш, чым золата, чыстае золата. 128. Дзеля тога справядлівымі лічу ўсе загады Тваі, кожную-ж сьцежку ілжы ненавіджу.

Пэ. 129. Дзіўныя аб'явы Твае, і душа мая іх хавае. 130. Адкрыцьце слоў Тваіх асьвятляе, разумнымі робіць прастакоў. 131. Расчыняю я вусны мае і ўздыхаю, бо прагну я запаведзяў Тваіх. 132. Павярніся ка мне і будзь мне ласкавы, як ласкавы для тых, што любяць імя Тваё. 133. Стопы мае ўмацуй Ты ў слове Тваім і ня дай беззаконьню мной заўладаць. 134. Збаў Ты мяне ад уціску людзкога, каб загадаў Тваіх пілнавацца мне. 135. Асьвяці Ты раба Твайго сьвятлом аблічча Твайго і навучы Ты мяне ўставаў Тваіх. 136. З вачэй маіх сьлёзы патокам плывуць, бо закону Твайго не захоўваюць людзі.

Цадэ. 137. Ты праведны, Госпадзе, і суды Тваі справядлівыя. 138. Аб'явы Твае, што Ты запаведаў, справядлівыя й шчырая праўда. 139. Зьядае мяне руплівасьць мая, бо забылі словы Твае маі ворагі. 140. Слова Тваё выспрабавана, дык затое раб Твой узьлюбіў яго. 141. Малы я й годны пагарды, а загадаў Тваіх я не забываюся. 142. Справядлівасьць Твая - справядлівасьць навекі, і закон Твой - праўда. 143. Туга ды гора спаткалі мяне; запаведзі Твае - патоля мая. 144. Справядлівасьць аб'яваў Тваіх трывае навекі; дай мне ўразуменьне, каб мне жыці.

Коф. 145. З усяго сэрца гукаю я, пачуй мяне, Госпадзе! Бо ўставы Тваі я заховываю. 146. Цябе я клічу: памажы Ты мне, каб я захаваў уставы Тваі! 147. Перад досьвіткамі крычу я, чакаючы на слова Тваё. 148. Вочы мае апярэджваюць варту начную, каб мне заглыбляцца ў слове Тваім. 149. Пачуй мой голас з ласкі Тваяе; ажыві мяне, Госпадзе, водле ўставаў Тваіх. 150. Падыходзяць тыя, што сочаць мяне падступна; бо ад закону Твайго адступіліся. 151. Ты-ж блізкі, о Госпадзе, і ўсе Твае запаведзі - праўда. 152. Здаўна мне ведама з аб'яваў Тваіх, што яны ўгрунтаваны навекі.

Рэш. 153. Глянь на нядолю маю і вызваль мяне, бо я пра закон Твой ніколі не забываўся. 154. Заступіся за справу маю і збаў Ты мяне, паводле слова Твайго мяне ажыві. 155. Ад бязбожных жа помач далёка, бо яны аб уставы Тваі ня пытаюцца. 156. Міласэрдзе Тваё вялікае, Госпадзе; па ўставам Тваім ажыві Ты мяне. 157. Многа такіх у мяне, што мяне ўціскаюць ды крыўдзяць; ды ад аб'яваў Тваіх я не адступаўся. 158. Я бачыў адступнікаў і чуў агіду да іх, бо яны не захоўвалі слова Твайго. 159. Глянь, Госпадзе, як я люблю загады Тваі; паводле ласкі Тваёй мяне ажыві. 160. Аснова слова Твайго ёсьць праўда, і ўсякі устаў Твой навек справядлівы.

Шын. 161. Князі ганяюць мяне бяз прычыны, але сэрца маё дрыжыць перад словам Тваім. 162. Цешуся я з Твайго слова, як той, хто прыдбаў вялічэзну карысьць. 163. Ілжу ненавіджу я й брыджуся ёю, закон Твой люблю. 164. Сямкротна ў дзень хвалю я Цябе за ўставы Тваі справядлівыя. 165. Вялікі спакой даеш Ты тым, што любяць закон Твой, і яны не спаткнуцца. 166. Спадзяюся я, Госпадзе, на збаўленьне Тваё, бо хадзіў я паводле загадаў Тваіх. 167. Захоўвала душа мая аб'явы Твае, і крэпка я іх улюбіў. 168. Зохоўваю я загады Тваі ды аб'явы Твае, бо ўсе сьцежкі мае прад Табою.

Тат. 169. Няхай дойдзе мой плач да аблічча Твайго, о Госпадзе! Водле слова Твайго Ты муд-рым мяне ўчыні. 170. Няхай прыйдзе маленьне маё прад аблічча Тваё! Водле слова Твайго ратуй Ты мяне! 171. Із вуснаў маіх паліецца хвала, бо Ты вучыш мяне пастановаў Тваіх. 172. Будзе язык мой пяяці аб слове Тваім, бо ўсе загады Тваі справядлівыя. 174. Я прагну, о Госпадзе, спасеньня Твайго, і закон Твой - патоля мне. 175. Хай душа мая жыве, каб хваліць Цябе, і суды Тваі хай памогуць мне. 176. Я заблудзіўся; як авечку, што згубілася, шукай Ты раба Твайго, бо загадаў Тваіх я не забываўся.

Псальм 120.

правіць

1. Песьня ўзыходжаньня. Да Госпада гукаў я ў бядзе маёй, і Ён мяне выслухаў. 2. Госпадзе, вызваль душу маю ад вуснаў ілжывых, ад языка здрадлівага. 3. Што дасьць табе ды якую карысьць здрадлівы язык прынясе? 4. Вострыя стрэлы ваякі ды вугальле яноўцавае. 5. Гора мне, што я госьць у Масоха, што жыву ля шатроў Кедарскіх! 6. Лішне доўга душа мая жыла сярод тых, што спакой ненавідзяць. 7. Я - самы спакой; ды, як толькі прамоўлю, яны - за вайну.

Псальм 121.

правіць

1. Песьня ўзыходжаньня. Узьнімаю я вочы да гораў, адкуль прыйдзе ка мне ўспамога. 2. Успамога мая ад Госпада, што неба стварыў і зямлю. 3. Ня дасьць Ён стапе тваёй пахіснуцца, ня сьпіць Стораж твой. 4. Запраўды, ня сьпіць Стораж Ізраіля ды не задрэмле. 5. Госпад ёсьць Стораж твой, Госпад - цень твой праваруч ля цябе, 6. каб сонца ўдзень цябе не паразіла, ані месячык ночкай. 7. Госпад будзе цябе сьцерагчы ад усякага зла, будзе душу тваю сьцерагчы Ён. 8. Сьцерагчы будзе Госпад твой выхад і твой уваход ад сяньня й навекі.

Псальм 122.

правіць

1. Песьня ўзыходжаньня. Давідавая. Усьцешыўся я, калі мне сказалі: Хадзем да дому Гасподняга! 2. Вось, нашы стопы стаяць у варотах тваіх, о Ерузаліме! 3. Ерузаліме! Ты йзноў адбудованы, як места, крэпка замкнёнае, 4. куды йдуць пакаленьні, пакаленьні Гасподавы, па закону Ізраіля хваліць імя Гасподняе, 5. бо тама стаяць пасады судовыя, пасады дому Давідавага. 6. Прасеце спакою для Ерузаліму! Няхай мір маюць тыя, што любяць цябе. 7. Спакой няхай будзе ў мурох у тваіх, мір у харомах Тваіх. 8. Дзеля братоў маіх і прыяцеляў дайце казаць мне: Мір табе! 9. Дзеля дому Госпада, нашага Бога, жадаю найлепшага Я для цябе.

Псальм 123.

правіць

1. Песьня ўзыходжаньня. Узьнімаю я вочы мае да Цябе, што жывеш у нябёсах. 2. Запраўды: як вочы рабоў глядзяць на руку паноў іхніх, як вочы рабыні - на руку гаспадыні яе, так і нашыя вочы скіраваны да Госпада, аж пакуль не памілуе нас. 3. Зьлітуйся над намі, зьлітуйся, о Госпадзе, бо лішне мы сыты пагардай! 4. Аж да дна душа наша насычана зьдзекамі гордых ды зьнявагай надзьмутых.

Псальм 124.

правіць

1. Песьня ўзыходжаньня. Давідавая, Калі-б ня было з намі Госпада, - скажы, о Ізраіль! - 2. калі-б ня было з намі Госпада, як людзі супраць нас паўставалі, 3. дык яны-б нас жывымі тады праглынулі, як іх гнеў распаліўся на нас. 4. Тады-б воды нас затапілі, паток нас заліў-бы, 5. тады-б пранясьліся над намі воды бурлівыя. 6. Багаслаўлены Госпад, што нас не аддаў іх зубам, як здабычу. 7. Душа наша ўцякла, быццам птушка з сіла паляўнічага: сець парвана, і вось мы на волі! 8. Наша ўспамога - у імені Госпада, Які неба стварыў і зямлю.

Псальм 125.

правіць

1. Песьня ўзыходжаньня. Тыя, што спадзяюцца на Госпада, яны як Сыон-гара, што ня зрўшыцца й будзе навекі. 2. Горы навакол Ерузаліму, а Госпад - навакол народу ад сяньня й навекі. 3. Бо бэрла бязбожнасьці ня будзе трываці над лёсам пабожных, каб не цягнулі пабожныя рук сваіх да беззаконьня. 4. Рабі, Госпадзе, добрае добрым і тым, хто шчыры ў сэрцы сваім. 5. Але тых, што зыходзяць на сьцежкі крывыя свае, няхай выжане Госпад разам з злачынцамі. Мір Ізраілю!

Псальм 126.

правіць

1. Песьня ўзыходжаньня. Калі Госпад палонных з Сыону вяртаў, мы былі, як у сьне. 2. Былі тады нашы вусны поўны сьмеху вясёлага, а язык наш - пяяньня. Казалі тады між паганамі: Вялікае Госпад над імі ўчыніў! 3. Вялікае Госпад над намі ўчыніў, і мы былі радыя. 4. Вярні, Госпадзе, нашых палонных, як патокі на землю паўдзённую. 5. Хто ў сьлёзах пасеяў, той жаць будзе з пяяньнем. 6. Народ плачучы йдзе і насеньне нясе на пасеў, але ў радасьці ў хату ён вернецца, снапы сваі нясучы.

Псальм 127.

правіць

1. Песьня ўзыходжаньня. Салямонавая. Калі ня Госпад будуе дом, дарэмны стараньні будаўнічых; калі ня Госпад места пілнуе, дарэмна вартуе старожа. 2. Дарэмна для вас, што рана ўстаецё, позна кладзецёся й хлеб ваш ясьцё ў тузе: Свайму ўмілаванаму ў сьне Ён дае. 3. Вось ад Госпада дар: гэта дзеці, нагарода Яго - плод чэрава. 4. Быццам стрэлы ў магутнай руцэ, гэтак - сыны маладыя. 5. Шчасьлівы той чалавек, што імі напоўніў каўчан свой. 6. Ня будуць яны асаромлены, як з ворагамі гутарку ў вароцех павядуць.

Псальм 128.

правіць

1. Песьня ўзыходжаньня. Шчасьлівы кожын, хто баіцца Госпада, хто ходзе шляхамі Ягонымі. 2. Ты будзеш працу рук тваіх есьці, ты шчасьлівы, і добра табе! 3. Жонка твая ў хаце тваёй будзе плодная, быццам лаза вінаградная; сыны тваі, як галіны аліўкавыя, наўкола стала твайго. 4. Але, гэтак будзе багаслаўлены муж, які Бога баіцца. 5. Няхай багаславіць цябе Госпад з Сыону, і ты ў-ва ўсе дні жыцьця твайго будзеш цешыцца з шчаснае долі Ерузаліму. 6. І прыжджэш ты сыноў ад сыноў тваіх. Мір Ізраілю!

Псальм 129.

правіць

1. Песьня ўзыходжаньня. Шмат уціскалі мяне з маладосьці маёй, - няхай скажа Ізраіль! - 2. шмат уціскалі мяне з маладосьці маёй, ды мяне не асілілі. 3. На хрыбце на маім гаралі яны, даўгія барозны свае праганяючы, 4. ды Госпад справядлівы: Ён рассек вяроўкі бязбожнікаў. 5. Няхай асаромлены будуць і адступяцца назад усе тыя, што ненавідзяць Сыон! 6. І будуць яны, як трава на страсе, што перш засыхае, чым вырвуць яе, 7. якой жнёц не напоўніць жмені сваёй, а вязальнік снапоў - прыгоршчаў. 8. I, міма праходзячы, ня скажа ніхто: Багаслаўленьне Гасподняе няхай будзе над вамі! Багаслаўляем вас імем Гасподнім!

Псальм 130.

правіць

1. Песьня ўзыходжаньня. З глыбіні я клічу Цябе, о Госпадзе! 2. Пачуй мой голас, о Госпадзе! Няхай вушы Твае ўчуюць голас маленьня майго! 3. Калі Ты будзеш помніць правіннасьці, Госпадзе Божа, дык каму-ж устаяці? 4. Ды ў Цябе й адпушчэньне, каб людзі Цябе паважалі. 5. Спадзяюся на Госпада, жджэ душа мая слова Ягонага. 6. Жджэ душа мая Госпада - больш, чым жджэ стораж сьвітаньня, чым стораж сьвітаньня. 7. Спадзявайся, Ізраілю, на Госпада, бо ў Госпада ласка й шчодрасьць збаўленьня, 8. і Ён зьніме з Ізраіля ўсе злачынствы ягоныя.

Псальм 131.

правіць

1. Песьня ўзыходжаньня. Давідавая. Госпадзе! Не надымаецца сэрца маё, і ня пышаюцца вочы мае, і ня прынаджываюць мяне рэчы залішне вялікія і для мяне недасяжныя, 2. але я усьцішаў і супакойваў душу маю, як дзіця, што ад матчыных грудзей адлучылася. Душа мая ў-ва мне, як дзіця, ад маткі аднятае. 3. Спадзявайся на Госпада, Ізраілю, ад сяньня й навекі!

Псальм 132.

правіць

1. Песьня ўзыходжаньня. Прыпомні, Госпадзе, Давіда й усе яго беды! 2. Як ён Госпаду кляўся, даваў абяцаньне Сільнаму Якубаваму: 3. Не ўвайду я ў палатку маю, ня ўзыйду на пасьцель майго ложка, 4. ня дам вачам маім сну й павекам маім дрымоты, 5. пакуль не знайду месца для Госпада, сялібы для Сільнага Якубавага! 6. Вось, мы чулі аб ім у Яфраце ды знайшлі на прасторах лясістых. 7. Хадзем у сялібу Ягоную, суклонімся прад падножжам стоп Яго. 8. Вырушы-ж, Госпадзе, да месца супакою Твайго, Ты і скінія моцы Тваёй! 9. Хай сьвяшчэньнікі Тваі праўдай апрануцца, хай сьвятыя Тваі весяляцца! 10. Дзеля Давіда, раба Твайго, памазанцу Твайму не адмоў! 11. Кляўся Госпад Давіду вернай прысягай і ад яе не адступіцца: Таго, хто ёсьць плод твайго чэрава, пасаджу на пасадзе тваім. 12. І калі будуць сыны Тваі пілнавацца Майго запавету ды аб'яваў Маіх, што буду іх навучаць, дык і іх сыны будуць навекі сядзець на пасадзе тваім. 13. Бо Госпад выбраў Сыон, на сялібу Сабе пажадаўшы, ды мовіў: 14. Вось месца Майго супакою навекі: тут буду жыць, бо яго ўпадабаў. 15. Багаслаўляць буду шчодра ежу яго, убогіх яго насычу хлебам. 16. Сьвяшчэньнікаў ягоных апрану спасеньнем, і радавацца будуць пабожныя яго. 17. Там Я ўзрашчу рог Давіду, там сьветач пастаўлю памазанцу Майму. 18. Ворагаў ягоных Я ганьбай пакрыю, на ім жа зьяць будзе карона яго.

Псальм 133.

правіць

1. Песьня ўзыходжаньня. Давідавая. О, як гэта хораша й міла, калі браты ў згодзе жывуць! 2. То быццам каштоўны алей на галаве, што на бараду сьцякае, на бараду Ааронаву, што на край яго шаты сьцякае, 3. нібы раса Ярмонская, што зыходзе на горы Сыонскія, бо там багаслаўленьне Госпад паслаў і жыцьцё навекі.

Псальм 134.

правіць

1. Песьня ўзыходжаньня. Слаўце-ж Госпада, усе рабы Гасподавы, што начамі стаіцё ў сьвятыні Гасподняй! 2. Узьнімеце рукі вашыя к сьвятыні і слаўце Госпада! 3. З Сыону няхай багаславіць цябе Госпад, Стварыцель неба й зямлі!

Псальм 135.

правіць

1. Альлілуя! Слаўце імя Госпада, слаўце, рабы Госпадавы, 2. што стаіцё ў сьвятыні Гасподняй, у панадворку дому Бога нашага! 3. Хвалеце Госпада, бо Госпад добры; сьпявайце іменьню Яго, бо яно мілае. 4. Бо Госпад выбраў сабе Якуба, Ізраіля - на ўласнасьць сабе. 5. Бо ведаю я, што Госпад вялікі, і наш Валадар вышэй за ўсіх багоў. 6. Усё, што Яму даспадобы, творыць Госпад на небе й зямлі, у моры й у ўсенькіх глыбінях. 7. Ён хмары ўзводзе ад краю зямлі, робіць дажджы і маланкі, вецер выводзе з скарбніцы Сваёй. 8. Ён першакоў пабіў у Эгіпце, ад чалавека і да скаціны. 9. Знакі і цуды табе Ён паслаў, Эгіпце, над фараонам і ўсімі рабамі яго. 10. Многа народаў пабіў і цароў магутных Ён скінуу: 11. Сыгона, цара Аморэйскага, і Ога, цара Базанскага, дый усе Канаанскія царствы. 12. І зямлю іх аддаў у валаданьне, у спадчыну народу Свайму Ізраілю. 13. Госпадзе, імя Тваё навекі! Госпадзе, памяць Твая з роду ў род! 14. Зробіць Госпад справядлівасьць народу Свайму і зьлітуецца над рабамі Сваімі. 15. Паганскія ідалы - срэбра ды золата, творы рук чалавечых; 16. ёсьць у іх вусны, ды не гавораць, ёсьць у іх вочы - й ня бачаць; 17. ёсьць у іх вушы - й ня чуюць, і духу няма ў вуснах іхніх. 18. Падобны да іх будуць тыя, што робяць іх, - кожын, хто на іх спадзяецца. 19. Вы, з дому Ізраіля, слаўце Госпада! Вы, з дому Ааронавага, слаўце Госпада! 20. Вы, з дому Левія, слаўце Госпада! Багаслаўце Госпада ўсе, што Госпада баіцёся! 21. Багаслаўлены Госпад з Сыону, што ў Ерузаліме жыве! Альлілуя!

Псальм 136.

правіць

1. Слаўце Госпада, бо Ён добры, бо навекі ласка Яго! 2. Слаўце Бога багоў, бо навекі ласка Яго! 3. Слаўце Гаспадара над гаспадарамі, бо навекі ласка Яго! 4. Яго, што адзін робіць цуды, бо навекі ласка Яго: 5. што неба стварыў прамудра, бо навекі ласка Яго; 6. што зямлю разгарнуў на водах, бо навекі ласка Яго; 7. шго стварыў вялікія сьветачы, бо навекі ласка Яго; 8. сонца, што над днём гаспадаруе, бо навекі ласка Яго; 9. месяц ды зоры, каб над ночай гаспадаравалі, бо навекі ласка Яго; 10. што Эгіпт пакараў у першакох ягоных, бо навекі ласка Яго; 11. вывеў Ізраіля спасярод яго, бо навекі ласка Яго; 12. крэпкай рукою і рамем узьнятым, бо навекі ласка Яго; 13. што мора Чырвонае расьсек, бо навекі ласка Яго; 14. і правёў Ізраіля пасярод яго, бо навекі ласка Яго; 15. і фараона ды войска яго ў мора Чырвонае кінуў, бо навекі ласка Яго; 16. што народ Свой правёў праз пустыню, бо навекі ласка Яго; 17. што цароў вялікіх пабіў, бо навекі ласка Яго; 18. і скінуў цароў магутных, бо навекі ласка Яго; 19. Сыгона, цара Аморэйскага, бо навекі ласка Яго; 20. ды Ога, цара Базанскага, бо навекі ласка Яго; 21. і аддаў зямлю іх у спадчыну, бо навекі ласка Яго; 22. у спадчыну Ізраілю, рабу Сванму, бо навекі ласка Яго; 23. у паніжэньні нашым успомніў аб нас, бо навекі ласка Яго; 24. і выратаваў нас ад ворагаў нашых, бо навекі ласка Яго; 25. што дае пажыву кожнаму дыханьню, бо навекі ласка Яго. 26. Слаўце Бога нябёсаў, бо навекі ласка Яго!

Псальм 137.

правіць

1. Ля рэк Бабілёнскіх сядзелі мы там ды плакалі, Сыон успамінаючы. 2. На вербах сярод яго мы вешалі нашыя арфы; 3. бо тыя, што нас паланілі, там песьні ад нас вымагалі, і насьмешнікі нашы - вясёласьці: А ну, засьпявайце нам з песьняў Сыонскіх! 4. Як-жа пяяці нам песьню Гасподню ў чужой старане? 5. Калі, Ерузаліме, я забуду цябе, хай адсохне правіца мая! 6. Хай язык мой прыліпне да гартані маёй, калі я ня буду помніць цябе, калі Ерузалім не пастаўлю за найвышэйшую радасьць маю! 7. Прыпомні, Госпадзе, сыном Эдомскім дзень Ерузаліму, як крычэлі яны: Далоў яго! Руйнуйце яго, руйнуйце аж да падвалінаў! 8. О, дочка Бабілёнская, ты спусташэльніца! Шчасьлівы той, хто адплоце табе за ўсё, што ты нам зрабіла! 9. Багаслаўлены, хто дзіцянятак тваіх, схапіўшы, паб'е аб каменьне.

Псальм 138.

правіць

1. Давідавы. Усім сэрцам буду я славіць Цябе; прад абліччам Ангелаў я пяю Табе. 2. Ніцма сукланюся прад сьвятым домам Тваім і буду хваліць імя Тваё дзеля ласкі й праўды Тваёй, бо слова Тваё Ты ўзвысіў панад кожнае імя Тваё. 3. Калі я клікаў, Ты пачуў мяне і нутро маё сілай напоўніў. 4. Будуць хваліць Цябе, Госпадзе, усе зямныя цары, як пачуюць словы вуснаў Тваіх. 5. І будуць пяяці аб сьцежках Гасподніх, бо вялікая слава Госпада. 6. Бо высака Госпад, але бачыць пакорнага і гордага пазнае здалёк. 7. Калі прйдзецца мне сярод напасьцяў хадзіць, Ты жывым мяне захаваеш, проці ярасьці ворагаў руку Тваю Ты працягнеш, і правіца Твая мяне вызваліць. 8. Усё за мянё Госпад зробіць. Госпадзе, ласка Твая навекі! Не пакінь твораў рук Тваіх! Альлілуя!

Псальм 139.

правіць

1. Кіраўніку хору: псальм Давідавы. Госпадзе, Ты мяне выспрабаваў і Ты мяне ведаеш! 2. Ты ведаеш, калі я сядаю й калі я ўстаю; ды здалёк разумееш думкі мае. 3. Ці я хаджу, ці ляжу, Ты пры мне, усе дарогі мае Табе ведамы. 4. Бо няма йшчэ слова на маім языку, а Ты, Госпадзе, ведаеш добра ўсё. 5. Ззаду і сьпераду абняў Ты мяне і руку Тваю на мяне паклаў. 6. Лішне дзіўнае веданьне, лішне высака для мяне, не магу яго сьцяміць! 7. Куды мне йсьці ад духа Твайго і куды ўцячы ад аблічча Твайго? 8. Калі-б я на неба ўзышоў, Ты там; калі-б ложам пекла зрабіў, - Ты й тама! 9. Калі-б крыльле ў сьвітаньня я ўзяў і на самым канцы мора асеў, 10. дык рука Твая вадзіла б мяне, а правіца Твая трымала-б мяне. 11. Калі-б я сказаў: Няхай цемра пакрые мяне, і ночкай хай станецца сьветласьць навокал мяне, 12. дык і цемра цёмнай ня была-б для Цябе, і ночка ясьнела-б, як дзень; цемра, як і сьвятло. 13. Бо Ты стварыў нутро маё" выткаў мяне ў чэраве матчыным. 14. Хвалю Цябе за тое, што я гэтак дзіўна збудованы; дзіўныя ўчынкі Тваі, і душа мая ведае добра. 15. Ня былі ўкрыты косьці мае прад Табою, калі я тварыўся ў укрыцьці, таёмна складаўся ў глыбінях зямлі. 16. Вочы Твае бачылі мяне, калі быў я йшчэ бяскшталтным зародкам; дні былі вызначаны і ў кнізе Тваёй запісаны ўсе, калі йшчэ ніводнага з іх ня было. 17. Як-жа важкі, о Божа, думкі Твае для мяне, ды якая вялікая безьліч іх! 18. Калі-б захацеў я іх палічыць, дык іх больш, чым зярнятак пяску. Я буджуся, і я йшчэ з Табою. 19. О, каб-жа Ты, Божа, пабіў-бы бязбожнікаў, каб крывапіўцы ад мяне адступіліся вон! 20. Яны падступна супраць Цябе паўстаюць; ашуканства выдумляюць ворагі Тваі. 21. Ці-ж ня мушу я й тых ненавідзець, о Госпадзе, што ненавідзяць Цябе, і брыдзіцца тымі, што на Цябе паўстаюць? 22. Ненавісьцяй поўнай я іх ненавіджу, іх лічу за ворагаў і для мяне. 23. Выспрабуй, Божа, мяне і сэрца маё Ты пазнай, мяне выспрабуй Ты і пазнай мае думкі! 24. І зірні, ці ня йду супаратнай дарогай, і на шлях вечны скіруй Ты мяне!

Псальм 140.

правіць

1. Кіраўніку хору: псальм Давідавы. 2. Ратуй мяне, Госпадзе, ад ліхіх людзёй, ад гвалтаўнікоў захавай мяне! 3. У сэрцы сваім яны задумляюць ліхое, кожын дзень калатню узьнімаюць, 4. навастрылі язык свой, як зьмеі, яд зьмяіны ў вуснах у іх. 5. Ад рук бязбожных захавай мяне, Госпадзе! Сьцеражы Ты мяне ад людзей гвалтоўных, што мяркуюць стопы мае пахіснуць. 6. Гордыя ўкрадкам сіло мне наставілі й петлі, сеці расьпялі яны ля дарогі, западню для мяне прыгатовілі. (Зэля.) 7. Сказаў я да Госпада: Ты- мой Бог! Пачуй, Госпадзе, голас маленьня майго! 8. Госпадзе, мой Валадару! Ты крэпкая помач мая, Ты галаву мне ў дзень барацьбы засланяеш. 9. Ня дай таго, Госпадзе, што бязбожнік жадае, ня дай удачы мяркаваньням ягоным! (Зэля.) 10. Няхай голавы тых, што мяне абступаюць, пакрыюцца ядам уласных іх вуснаў! 11. Няхай гарачае вугальле пасыплецца на іх! Няхай кіне Ён іх у агонь, у бяздоньне, каб ім не паўстаць! 12. Чалавек з ліхім языком на зямлі ня ўстоіць; гвалтоўных няшчасьце перасьледаваць будзе, аж загінуць. 13. Ведаю я, што Госпад заступіць справу прыгнечаных, дасьць справядлівасьць убогаму. 14. Дык будуць пабожныя славіць імя Тваё, шчырыя сэрцам жыць прад абліччам Тваім!

Псальм 141.

правіць

1. Псальм Давідавы. Госпадзе, клічу Цябе! Пасьпяшы да мяне! Зваж на голас мой, калі Цябе прызываю! 2. Няхай будзе малітва мая, як кадзідла прад абліччам Тваім, а рук маіх узьніманьне - як ахвяра вячорная! 3. Пастаў, Госпадзе, варту вуснам маім, сьцеражы дзьверы вуснаў маіх! 4. Ня дай сэрцу майму да благога схіляцца ды чыніць беззаконнае з ліхімі людзьмі; ня дай, каб ласотак іх я каштаваў. 5. Няхай мяне б'е справядлівы - то-ж ласка; няхай мяне дакарае - гэта-ж найлепшы алей, што галаве маёй не пашкодзіць; але малітва мая - проці злачынстваў іхніх. 6. Іх судзьдзі па скалах расьцярушаны, але чуюць словы мае, як лагодныя яны. 7. Быццам хтось землю гарэ і трушчыць, так крышаць і нас: косьці нашыя сыплюцца ў ляпу бяздоньня. 8. Але к Табе, Госпадзе, мой Валадару, вочы мае скіраваны: у Цябе я шукаю патолі, не адапхні Ты маёй душы. 9. Захавай Ты мяне ад сецяў, што мне яны настаўлялі, ад западні злачынцаў. 10. Няхай пападуцца - адзін за адным - бязбожныя ў сеці свае, а я абміну іх.

Псальм 142.

правіць

1. Навука Давідавая. Малітва яго, як быў у пячоры. Голасна крычу я да Госпада, голасна да Госпада малюся. 2. Прад Ім я мой жаль выліваю, Яму пра тугу маю апавядаю. 3. Калі зьнемагае мой дух у-ва мне, Ты вёдаеш сьцежку маю. На дарозе, якой я хадзіў, яны ўкрадкам сіло мне наставілі. 4. Гляджу я ўправа - нікога няма, хто-б ведаў мяне; прыпынку няма для мяне, ніхто аб душу маю не парупіцца. 5. Дык да Цябе крычу я, о Госпадзе, кажучы: Ты - мой прыпынак, Ты - мая доля ў зямлі жывых! 6. Зваж на мой плач, бо вельмі зьнямогся я; ратуй Ты мяне ад маіх перасьледавацеляў, бо яны дужэй за мяне. 7. Вызваль з вязьніцы душу маю, каб імя Тваё выхваляць. Пабожныя мяне навакол абступаюць, каб Ты мне ласку зрабіў.

Псальм 143.

правіць

1. Псальм Давідавы. Малітву маю пачуй, Госпадзе, зваж на малітву маю, па праўдзе Тваёй мяне выслухай, паводле Тваёй справядлівасьці. 2. І не ўваходзь у суд з рабом Тваім, бо ня праў прад Табою ніхто із жывых. 3. Бо сочыць вораг душу маю, жыцьцё маё ўтаптаў у зямлю, у цемры глыбокай жыць мяне змусіў, быццам памёршых даўно. 4. Ные мой дух у-ва мне, сэрца маё ўнутры зьнемагае. 5. Успамінаю я дні старадаўныя, пра ўсе дзеяньні Твае разважаю, аб тварэньнях рук Тваіх думаю. 6. Выцягаю я рукі мае да Цябе; душа мая прагне Цябе, як зямля бязводная. (Зэля.) 7. Выслухай хутка мяне, о Госпадзе! Мой дух зьнемагае! Не хавай жа аблічча Твайго ад мяне, каб ня стаўся падобным я да таго, хто зыходзе ў магілу. 8. Наранку дай чуць мне ласку Тваю, бо на Цябе спадзяюся. Ты мне шлях пакажы, якім мне ісьці, бо душу маю да Цябе я ўзьнімаю. 9. Ад маіх ворагаў ратуй мяне, Госпадзе, бо на Цябе я чакаю. 10. Навучы мяне волю Тваю выпаўняць, бо-ж Ты Бог мой. Няхай добры Твой дух вядзе мяне шляхам праўды. 11. Госпадзе, дзеля іменьня Твайго захавай Ты мяне ў жыцьці! Дзеля Тваёй справядлівасьці вырві душу маю із напасьці! 12. І дзеля ласкі Тваёй зьніштож маіх ворагаў, выгубі ўсіх, што мне душу ўціскаюць, бо-ж я - Твой раб!

Псальм 144.

правіць

1. Давідавы. Багаслаўлены Госпад, цьвярдыня мая што рукі мае навучае вайны і пальцы - змаганьня. 2. Сіла мая й агарожа мая, цьвярдыня мая і Збавіцель, шчыце мой, Ты, на Каго спадзяюся, Хто народ мой мне паддае! 3. Чым, Госпадзе, ёсьць чалавек, што Ты аб ім рупішся, чым - сын чалавечы, што Ты на яго зварачаеш увагу? 4. Чалавек падобны да подмуху; жыцьцё яго - быццам цень мімалётны. 5. Нахілі Тваё неба, о Госпадзе, ды зыйдзі, дакраніся да гор, і узьнімуцца! 6. Блісьні маланкай ды іх расьцяруш, пашлі стрэлы Твае ды іх пражані! 7. Выцягні з высі руку Тваю, вызваль мяне і спасі ад водаў вялікіх, із рук чужакоў, 8. вусны якіх гавораць брахліва, правіца-ж - правіца ілжы. 9. Божа, я новую песьню Табе запяю, на арфе дзесяціструннай буду іграці Табе, 10. Табе, што царом даеш перамогу, што Давіда, раба Твайго, ад мяча пагібелі вызваліў! 11. Вырві мяне й ратуй мяне ад моцы чужынцаў, вусны якіх гавораць брахліва, правіца якіх ёсьць правіца ілжы. 12. Хай сыны нашы будуць, як саджанцы, узрашчоныя ў іх маладосьці; дочкі нашыя - быццам слупы вуглавыя ў палацы, што штучна высечаны. 13. Гумны нашы няхай будуць поўныя, на ўсякае збожжа багатыя; няхай плодзяцца нашы авечкі тысячмі й цьмамі на пасьвішчах нашых. 14. Няхай будуць тлустыя нашы валы; хай ня будзе ўзламаньня ні жаднае страты, ні плачу на вуліцах нашых! 15. Шчасьлівы народ, катораму гэтак шанцуе! Шчасьлівы народ, Богам якога ёсьць Госпад!

Псальм 145.

правіць

1. Давідава песьня хвалебная. Вывышшаць Цябе буду, мой Божа й Цару, і імя Тваё славіць навекі! 2. Багаслаўляць Цябе буду штодня і імя Тваё на вякі вечныя. 3. Вялікі Госпад і годны хвалы, і веліч Яго - недасяжная. 4. Хай род роду хваліць творы Твае і магутнасьць Тваю абвяшчае. 5. Аб велічы сьветлае славы Тваёй хай гавораць яны; я-ж аб цудах Тваіх казаць буду. 6. Аб магутнасьці дзеяньняў страшных Тваіх хай гавораць яны; я-ж буду вялікія ўчынкі Тваі абвяшчаць. 7. Успаміны аб велічы дабраты Твае абвяшчаць яны будуць і песьнямі славіць справядлівасьць Тваю. 8. Госпад ласкавы і міласэрны, няскоры да гневу й ласкай вялікі. 9. Госпад добры да ўсіх, і літасьць Ягоная - панад усе Яго справы. 10. Няхай хваляць Цябе ўсе творы Тваі, і сьвятыя Тваі няхай славяць Цябе! 11. Хай аб славе Царства Твайго яны апавядаюць і магутнасьць Тваю абвяшчаюць, 12. каб даць вестку сыном чалавечым пра магутнасьць Яго й веліч славы Царства Ягонага. 13. Царства Тваё - царства ўсіх вякоў, і ўлада Твая - над усімі родамі. 14. Паддзержывае Госпад усіх, хто ўпадае, і падыймае ўсіх уцісьнёных. 15. Вочы ўсіх на Цябе ўзіраюцца, і Ты ім іх ежу даеш у свой час. 16. Ты расчыняеш руку Тваю і ўсё, што жыве, насычаеш паводле жаданьня. 17. Справядлівы Госпад на ўсіх шляхох Сваіх і ласкавы ў усіх Сваіх справах. 18. Госпад блізкі да ўсіх, што Яго прызываюць, да ўсіх, што Яго прызываюць у праўдзе. 19. Ён робіць паводле жаданьня тых, што баяцца Яго, і чуе іх плач і ратуе іх. 20. Госпад захоўвае ўсіх, што любяць Яго, але ўсіх бязбожных Ён выгубіць. 21. Хвалу Госпада будуць казаць мае вусны, і ўсякае дыханьне хай сьвятое імя Яго славіць навекі.

Псальм 146.

правіць

1. Альлілуя! Слаў, душа мая, Госпада! 2. Хваліць буду Госпада, пакуль жыву; пяяць буду Богу майму, пакуль істную. 3. Не спадзявайцеся на князёў ды на чалавека: няма спасеньня ў яго! 4. Выйдзе дух із яго, і ізноў зямлёю ён зробіцца; у той-жа дзень счэзнуць і мысьлі яго. 5. Шчасьлівы, каму Бог Якубаў дае ўспамогу, надзея чыя - на Госпада, Бога яго, 6. Каторы неба стварыў і зямлю, мора ды ўсё, што ў ім, Каторы вернасьць навекі хавае, 7. Каторы прыгнечаным дасьць справядлівасьць, галодным хлеба дае. Госпад вызваляе вязьняў, 8. Госпад расчыняе вочы сьляпым, Госпад падыймае ўцісьнёных, Госпад любіць пабожных. 9. Госпад ахоўвае захаджалых, памагае сіротам і ўдовам, але шлях бязбожнікаў блутае. 10. Госпад будзе Царом навекі, твой Бог, Сыоне, з роду ды ў род! Альлілуя!

Псальм 147.

правіць

1. Слаўце Госпада, бо добры Ён; выслаўляйце Бога нашага, бо салодка гэта. Песьня хвалебная належыцца Яму! 2. Госпад будуе Ерузалім, Ён зьбірае выгнанцаў Ізраіля. 3. Ён аздараўляе скрышаных сэрцам і раны завязвае ім. 4. Ён зорам лік вызначае, кожную імем яе называе. 5. Вялікі наш Госпад і багаты сілай, розум Ягоны меры ня мае. 6. Госпад прыгнечаных уверх падыймае, бязбожных аж да зямлі прыніжае. 7. Сьпявайце Госпаду хвалебную песьню, на гусьлях слаўце нашага Бога, 8. Каторы неба пакрывае хмарамі, дождж на зямлю пасылае, траву на гарах узрашчае, 9. дае скаціне пашу яе; корм груганятам, што крычаць да Яго. 10. Ня ў сіле каня Ён мае ўпадабаньне і ня ў борздасьці ног мужчынскіх, 11. а тымі любуецца Госпад, што баяцца Яго, што спадзяюцца на ласку Ягоную. 12. Слаў Госпада, Ерузалім, хвалі Бога твайго, Сыоне! 13. Бо засаўкі ў брамах тваіх змацаваў Ён, дзяцей тваіх сярод цябе багаслаўляе. 14. Ён мір дае межам тваім, насычае цябе найлепшай пшаніцай. 15. Ён на зямлю Свой загад пасылае: борзда вельмі бяжыць Яго слова! 16. Ён сьнег дае, быццам воўну, сыпле шэраш, як попел. 17. Кідае лёд Свой кускамі; хто можа ўстаяць прад марозам Яго? 18. Пашле Ён слова Сваё- і ўсё растапляецца; павее ветрам Сваім - і воды цякуць. 19. Якубу Ён слова Сваё абвясьціў, Ізраілю - уставы Свае і законы. 20. Ніякому народу таго-ж не зрабіў, законаў Сваіх іх не навучыў. Альлілуя!

Псальм 148.

правіць

1. Альлілуя! Хвалеце Госпада з неба, хвалеце Яго на вышынях нябесных! 2. Хвалеце Яго, усе Яго Ангелы! Хвалеце Яго, усе войскі Ягоныя! 3. Хвалеце Яго, сонца і месяц, хвалеце Яго, усе зоры ясныя! 4. Хвалеце Яго, нябёсы нябёсаў, і вы, воды, што пад нябёсамі! 5. Няхай яны хваляць імя Госпада, бо Ён загадаў, і стварыліся, 6. і паставіў іх на ўсе часы й вякі; даў ім закон, і не пераступяць яго. 7. Хвалеце Госпада ад зямлі, страхоцьці марскія і ўсе бяздоньні! 8. Агонь і град, сьнег і туман, і ты, вецер бурны, што загад Яго выпаўняеш, 9. вы, горы й узгоркі ўсе, вы, дрэвы пладовыя й кедры ўсе, 10. вы, зьверы дзікія і кожна жывёла, вы, гады і птушкі крылатыя, 11. вы, цары зямныя і ўсе народы, князі й усе судзьдзі зямлі, 12. Вы, дзяцюкі, вы, дзяўчаты, вы, старыя ды разам з малымі, 13. хвалеце імя Гасподняе, бо толькі Ягонае імя вывышшана; бліск Яго над зямлёю і небам! 14. Ён дараваў народу Свайму рог высака ўзьняты; дык хвала Яму ад усіх Ягоных пабожных, ад сыноў Ізраілявых, ад народу блізкога Яму! Альлілуя!

Псальм 149.

правіць

1. Альлілуя! Сьпявайце Госпаду песьню новую; хвала Яму ў зграмаджэньні пабожных! 2. Весяліся, Ізраілю, ў Тварцу тваім; радуйцеся, сыны Сыону, у Цару вашым! 3. Хвалеце імя Яго карагодамі, іграйце Яму на тымпанах і гусьлях! 4. Бо ўпадабаў Госпад народ Свой; пакорных спасеньнем Ён аздабляе. 5. Будуць пабожныя цешыцца з славы Ягонай, будуць славіць Яго на ложках сваіх, 6. Хвала Богу хай будзе ў іх вуснах, а меч абасечны ў іх у руцэ, 7. каб зьдзейсьніць помсту над паганамі, кару над народамі, 8. цароў іхніх вяжучы ланцугамі і іхніх магнатаў - зялезнымі путамі, 9. спаўняючы прысуд даўно запісаны. Гэткая слава ўсім пабожным Яго! Альлілуя!

Псальм 150.

правіць

1. Альлілуя! Хвалеце Бога ў сьвятыні Яго, хвалеце Яго ў цьвярдыні моцы Ягонай; 2. хвалеце Яго за дзеяньні моцы Ягонай; хвалеце Яго за вялікасьць Ягонае велічы! 3. Хвалеце Яго пад трубны гук, хвалеце Яго на псалтыры і гусьлях! 4. Хвалеце Яго з тымпанамі й карагодамі; хвалеце Яго на струнных і жалейках! 5. Хвалеце Яго на цымбалах гучных; хвалеце Яго на цымбалах галосных! 6. Усякае дыханьне няхай хваліць Госпада! Альлілуя!