Крыху аб праграме лектуры
Крыху аб праграме лектуры Артыкул Аўтар: Антон Луцкевіч 4.VІІІ.1929 Крыніца: Сям’я i Школа, 1929, № 2 |
Здаецца, што ня можа быць ніякае спрэчкі аб тым, што наша школа мусіць ня толькі даваць сваім вучням пэўную веду, але і ўзгадоўваць іх, кшталтаваць іх душы ў мысьль высокіх агульналюдскіх ідэалаў Волі, Роўнасьці і Брацтва, якія ад часу Вялікае францускае рэвалюцыі, што іх абвясьціла, зусім ня ўтрацілі сваей павагі. І калі слова настаўніка, што мінае і забываецца, можа ў гэтым кірунку зрабіць вельмі багата, дык тым балей дзеець на душы моладзі прыклад, жывы ўзор, які дае вучням добрая кніжка, мастацкі літаратурны твор, пранікнены гуманітарнымі ідэямі. Вось чаму хочацца мне тут зьвярнуць увагу і пэдагогаў, і бацькоў на неабходнасьць адпаведнага падбору лектуры для моладзі, адпаведнага ўкладаньня каталёгу школьнае бібліятэкі.
У афіцыяльных праграмах школьнае лектуры праводзіцца тая думка, што вучань мусіць няўхільна прачытаць усе кніжкі, якія характарызуюць разгляданых на лекцыях літаратуры аўтараў. З пункту гледжаньня пэдагогікі гэта абсалютна правільна, бо нельга знаёміцца зь літаратурай выключна паводле падручніка, ня маючы беспасярэдняга ўражаньня ад творчасьці данага аўтара. Але задачы школы не абмежываюцца вывучэньнем літаратуры: як сказана на пачатку, школа мусіць і ўзгадоўваць моладзь. Дык да слушнага становішча афіцыяльных праграмаў школьнае лектуры неабходна ўвясьці карэктыў — дапаўненьне: камплектаваць школьныя бібліятэкі так, каб пры чытаньні кніжак зь іх у вучняў выраблялася ідэалёгія ў сказаным людзкім духу, каб яна была ў згодзе зь імкненьнямі нашых працоўных масаў — галоўнае складовае часьці беларускага народу.
Тут гожа крыху глыбей унікнуць у тую ролю, якую іграе ў галіне ўзгадаваньня чытаньне кніжак. Ня будзе парадоксам, калі скажам, што героі літаратурныя, гэтыя творы фантазіі пісьменьнікаў, прадстаўляюцца нам больш рэальнымі, чым уся тая маса рэальных жывых людзей, зь якімі мы разам жывем і штодня сустракаемся. Бо ж, запраўды, па-мастацку намаляваны герой повесьці або раману раскрываецца перад намі ў сваім духовым жыцьці, у сваім фармаваньні — да канца, пад той час, як рэальных людзей мы бачым толькі звонку, толькі ў пэўных абмежаных акалічнасьцях, якія далёка не заўсёды выяўляюць іх духовы склад гэтак поўна і глыбака, як у літаратуры. І нашыя выабражэньні аб жыцьці больш грунтуюцца на літаратурных апісаньнях яго, чым на ўласных назіраньнях — асабліва ў маладыя гады. Можна сказаць, што навакол нас — у нашым выабражэньні — уперамешку з жывымі людзьмі жыве нейкі другі сьвет людзей выдуманых, якіх мы часта любім ці ненавідзім шмат сільней, чым жывых людзей. І гэтыя выдуманыя людзі з кніжкі маюць тую перавагу над людзьмі жывымі, што яны — несьмяротныя, хоць бы тварцы іх і паўміралі даўно-даўно. Несьмяротныя — бо пры кожным паўторным чытаньні аб іх яны ўсё больш рэльефна нам прадстаўляюцца, набіраюць жыцьця, а адыйшоўшыя ад нас запраўды жывыя калісь людзі ў адлежнасьці часу губляюць свой яркі некалі воблік...
Ад падбору лектуры залежыць, якімі літаратурнымі тыпамі мы акружым моладзь, каго зь іх дамо ёй за прыяцеляў, каго — за ворагаў. І калі прыпадкова сустраканыя жывыя людзі, якіх бачым адно ўрыўкамі, аказваюць на нас бясспрэчны ўплыў, дык і пагатоў таго пэрсанажы літаратурныя, якія паказваюць нам сваю душу да дна, якія нічога зь сябе ад нас не ўкрываюць.
Папробуйце прыпомніць уплыў на вас у маладыя гады нашы, прыкладам, герояў Бічэр-Стоў («Хата дзядзькі Тамаша»), або д’Амічыса («Сэрца»). Прыпомніце, як запалівала вас барацьба за нацыянальнае вызваленьне і героі яе ў Іокайя («Парушым зямлю ў падставах яе»), як магутна будзіў у вас жаданьне вызваліць Чалавека з рабства Спартак у «Авадні». А ці ёсьць гэтыя кніжкі ў афіцыяльных праграмах школьнае лектуры? Здаецца, што не...
Затое ў гэных праграмах на першым месцы стаіць трылёгія Гэнрыка Сянкевіча, прапітаная наскрозь нянавісьцяй і пагардай пана да мужыка, паляка — да казака. Затое знойдзеце там «Сям’ю Паланецкіх» таго ж аўтара — з апатэозам гэшэфтсмахерства і клясавага самагубства. І шмат, шмат знойдзеце тамака падобнага, што рэзка пярэчыць усім натуральным парываньням моладзі да высокіх людзкіх ідэалаў, асабліва моладзі беларускай — дзяцей працоўных сялян і работнікаў.
Вось чаму так патрэбны паважныя карэктывы да афіцыяльных праграмаў школьнае лектуры — асабліва для нашае беларускае моладзі: бо ж ідэалам нашага адраджэнскага руху, гэтак хораша высказаным Янкай Купалай у яго вершу-гімне «А хто там ідзе?», ёсьць: «Людзьмі звацца!»
Праўда, у беларускай мове мала маем гэткіх кніжак — па-за нашай арыгінальнай літаратурнай творчасьцяй, дзеля розных «незалежных» прычын не заўсёды даступнай для моладзі... Праўда і тое, што апрацаваная Беларускім выдавецкім т-вам праграма перакладаў з чужых літаратур, дагэтуль ня выпаўнена з прычыны фінансавых труднасьцей. Дык трэба карыстацца пасрэдніцтвам чужых моваў, у якіх гэткія кніжкі ёсьць: польскай, расейскай, — пакуль не прыдбаем усяго патрэбнага ў нашай роднай мове. А перад усім трэба, каб нашы культурныя работнікі апрацавалі для моладзі адпаведную праграму чытаньня, якая і служыла б перад усім карэктывам да афіцыяльных праграмаў дый наагул паказала б, чым трэба запаўняць нашы школьныя і народныя бібліятэкі.
Ясна, што зрабіць гэта найлягчэй нашым пэдагогам. І затым я і пішу гэтыя радкі для «Сям’і і Школы»: так найхутчэй голас мой дойдзе туды, дзе трэба. Калі ж праграма будзе выпрацавана, дык Беларускае выдавецкае т-ва і ўсе беларускія кнігарні павінны парупіцца аб тое, каб паказаныя ў праграме кніжкі — беларускія, польскія, расейскія, можна было ў іх дастаць дзеля камплектаваньня школьных і народных бібліятэк.