Крыху аб філалёгіі і «філалёгіі»: Мой адказ гр. Янцы Станкевічу

Крыху аб філалёгіі і «філалёгіі»: Мой адказ гр. Янцы Станкевічу
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1932
Крыніца: БЗвон. 1932. 11 сак

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З прычыны маіх уваг у справе дзікіх экспэрымэнтаў грам. Янкі Станкевіча, які «папраўляў» беларускую мову на страніцах № 1 «Нёмна», калечачы зьмешчаныя тамака вершы «собскімі» словамі, — «пакрыўджаны» гр. Станкевіч надрукаваў у № 2 «Нёмна» свае «тлумачэньні» пад прэтэнсіянальным загалоўкам: «Дзеля абароны беларускага языка» — ажно на 4 страніцах. Новага супраць таго, што ён ужо друкаваў у сваей «Роднай мове», няма тутака нічога, і цяперашнія тлумачэньні гэтаксама нікога ні ў чым не пераконваюць, як не пераконвалі ранейшыя. Дык я абмежуся некалькімі ўвагамі агульнага, але прынцыповага характару.

Загледзеўшыся ў нашу старую літаратурную мову зь нейкага XVI стагодзьдзя, вельмі далёкую ад ідэалу з прычыны вялікага ўплыву на яе і царкоўнаславяншчыны, і польшчыны, і лаціны, — гр. Станкевіч як быццам задаўся мэтай вярнуць нашу сучасную мову назад — за трыста гадоў. Гр. Станкевіч ня бачыць, што ў працягу такога даўгога пэрыяду беларуская мова, гэтаксама, як расейская, польская, украінская і інш., перажыла глыбокую эвалюцыю, — і пры гэтым кожная зь пералічаных моваў знайшла для сябе свой асаблівы індывідуальны шлях разьвіцьця. Вось жа, замест выкрываць гэты шлях і паказваць яго асаблівасьці, якія гэтак шмат аддалілі беларускую мову ад расейшчыны, польшчыны і інш., — гр. Станкевіч ідзе па лягчэйшай, хоць зусім не навуковай дарозе і папросту абвяшчае «няправільным» усё тое, што народ беларускі за некалькі стагодзьдзяў стварыў новага. Пэўне, так лягчэй праслыць «наўчоным»: даволі скарыстаць (часта крыху перакруціўшы…) з досьледаў над старой беларускай мовай акадэміка Карскага і інш…

Але й гэта ня ўсё. Грам. Станкевіч зусім фальшыва разумее паняцьце філялёгіі, як навукі, і задачы яе. Філялёгія, як кожнаму ведама, выкрывае тыя законы, якія кіруюць мовай, тварэньнем яе формаў, слоў і г. д. ды вынікаюць з псыхікі народу і яе ўласьцівасьцяў. Сама ж філялёгія ня творыць законаў мовы, бо яны існуюць незалежна ад яе. Грам. Станкевіч лічыць наадварот: па ягонаму іменна філёлягі (перад усім ён сам!) прызваны тварыць законы мовы, а крыніца іх — псыхіка народная — гэта глупства!

Вось жа такі «філёляг», каторы хоча змусіць народ ісьці па накіненаму яму некім шляху, — гэта ўжо не філёляг, а наіўны фантазёр. І як бы, да прыкладу, гр. Станкевіч не даказваў, што нельга ўжываць слова «сяньня», бо беларуская мова — наагул — ня мае нахілу зьмяняць дн у нн, народ наш і нашы літаратары, якія шырока ўжываюць гэтае слова, пройдуць міма ягоных дамаганьняў да парадку дня, бо, відаць, форма «сяньня» чамусьці адпавядае народнай псыхіцы больш, чым «сядня», і таму ўсімі ўжываецца.

Сваю «палеміку» са мной гр. Станкевіч перанёс выключна ў плошчу граматыкі Тарашкевіча. Спрытны спосаб: запраўды, у кароткім падручніку Тарашкевіча, прызначаным дзеля школьнага ўжытку, шмат чаго асталося нявыясьненым. Ясна, што ня мог Тарашкевіч рэагаваць і на тое, што «адкрыў» Станкевіч пасьля выхаду граматыкі. Але справа ў тым, што я аб граматыцы Тарашкевіча зусім і не ўспамінаў! Затое гр. Станкевіч маўчыць, як вады ў рот набраўшы, аб становішчы Беларускае Акадэміі Навук, якая ня толькі выключае з свайго ўжытку «дзівосы» гр. Станкевіча, але і наагул не зварачае ніякае ўвагі на ягоную гумарыстычную «рэформу» беларускае мовы.

Вясьці палеміку з гр. Станкевічам у справе маей «добрай волі» — не зьбіраюся: ўсё роўна, ён ня зробіцца ні крошкі больш прызваітым. Адзначу мімаходам, што і ў сваім адказе мне ён напісаў яўную няпраўду, быццам ён — ня сябра Рэдакцыі «Нёмна». Магу толькі выказаць сваё шчырае зьдзіўленьне, што — хоць і ў «Вольнай трыбуне» — Рэдакцыя «Нёмна» згадзілася зьмясьціць гэту няпраўду, — бо ж ведама ўсім, што ў часе выхаду ў сьвет № 1 «Нёмна» грам. Станкевіч быў ня толькі сябрам Рэдакцыі гэтае часопісі, але і сакратаром яе. Калі цяпер ён выйшаў з складу Рэдакцыі, дык гэта не зьмяняе справы адносна да мінуўшчыны.