Культурнае рабства

Культурнае рабства
Артыкул
Аўтар: Мікалай Шкялёнак
1939
Крыніца: Часопіс «Калосьсе», № 1, 1939 г., б. 47-52

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Маем на мэце тых беларусаў з паходжання, каторыя асіміляваліся культурна, прыняўшы «высшую» польскую або расейскую культуру. Гэткіх беларусаў асабліва шмат можна спаткаць між нашай інтэлігенцыяй, як даваеннай гэтак і пасляваеннай. Людзі гэтага тыпу лічаць сябе нават беларусамі, але кажуць, што культурна яны расейцы або палякі. Гэтае ненатуральнае злучэнне паняццяў магчыма толькі пры поўнай негацыі самастойнасці беларускае культуры. Апошняя ў іх разуменні мае змясціцца ў рамах польскасці або маскоўшчыны, як нешта рэгіянальнае, нязначнае, над чым не варта спецыяльна працаваць. Зразумела, што гэта культурная асіміляцыя вядзе няўхільна і да асіміляцыі дзяржаўнай, інакш палітычнае. Гэткія беларусы пераважна з’яўляюцца больш ці менш выдатнымі расейскімі і польскімі дзеячамі. З пільнасцю, уласцівай усякім неафітам, яны шыраць у нас расейскую і польскую культуру энергічней ад сапраўдных палякаў і расейцаў.

Гэткага адношання да чужых культур няможна інакш назваць, як рабствам, а засіміляваных культурна беларусаў — ра бамі. Паняцце раба супануе заўсёды паняцце пана. Немагчы мы раб, які б нікому не служыў. Панам можа быць не толькі фізічная асоба, але і адарванае паняцце, як, прыкладам, чужая культура. Характэрнай адзнакай узаемаадносінаў між рабом і панам ёсць сляпое, бескрытычнае служэнне чужым, панскім інтарэсам. Раб, які пачынае крытыкаваць свайго пана або разумець, што служыць чужым інтарэсам, ужо не будзе рабом. Побач з гэтай слепатой і бескрытыцызмам у раба наглядаецца заўсёды пагарда да сябе, да свайго. Дзякуючы гэтым адзнакам у старажытнасці раба лічылі проста прадметам. І гэта правільна, бо немагчыма лічыць паўнавартасным чалавекам адзінку, якая сама сябе чалавекам лічыць не хоча, а прыраўноўвае сябе да панскае жывёлы, мэбляў і г. д. Кажуць: «рабы ненавідзяць сваіх паноў». Вось жа гэткіх рабоў немагчыма лічыць рабамі. «Узбунтаваныя» рабы — ужо не рабы. Гэта людзі, якія пачынаюць разумець свае інтарэсы і імкнуцца да вызвалення. Маем на мэце толькі рабоў сляпых, адданых бескрытычна пану. Гэткім панам, як зацемлена вышэй, можа быць і чужая культура.

Рабоў у апошнім разуменні мы, беларусы, маем поўна. Хіба не знойдзецца свядомага беларуса, які б не стыкаўся з беларусамі — рабамі чужых культураў. Адданасць гэтых беларусаў сваім панам ёсць часта здзіўляючай. Дзе карані гэтага духовага рабства часткі нашае інтэлігенцыі і ў чым практычна яно праяўляецца?

Мы не будзем звяртацца ў мінуўшчыну, каб вытлумачыць гэтае з’явішча, хоць і тады ўжо ў нас гэтае рабства пашыралася. Досыць успомніць ведамы сказ тагачасных напалавіну засіміляваных культурна беларусаў гаварыўшых аб сабе: «gente ruthenus, nation Polonus», ды ведамы зварот з прамовы смаленскага кашталяна Мялешкі, сказаўшага аб гэткіх рабох, што яны хоць і свая косць, але абрасла сабачым мясам і ваняець. Здаецца, што культурнае рабства часткі нашае інтэлігенцыі можна выясніць іншымі дзейнікамі, а галоўна псіхалагічнымі.

Інтэлігенцкім культурным рабом у некаторай ступені трэба нарадзіцца. Трэба ад нараджэння мець прэдыспазіцыі да рабства. Рабская псіхіка ў чалавека з псіхічнымі склоннасцямі да няволі, калі ён апынецца ў спрыяючых умовах, багата разаўецца. Нявольніцкія прэдыспазіцыі будуць пхаць абдзеленага імі інтэлігента да шукання сілы­-пана, у рабства якой гэткі інтэлігент дабравольна ідзе коштам рэзігнацыі з сваёй людской годнасці. Гэтае рабства дае яму духовы супакой, парадкавае яго сумленне. Гэткі інтэлігент пачынае глядзець на сябе самога, вачамі свайго пана, будзе згадваць яго волю і паступаць са сваімі гэтак, як паступаў бы пан, калі б быў на ягоным месцы. А якія ж спрыяючыя ўмовы патрэбны дзеля развіцця рабскіх прэдыспазіцыяў. Ясна, ідзе тут аб умовы, створаныя дадзеным панам, трэба трапіць у сферу ягоных уплываў.

Гэткім парадкам культурнае рабства беларускага інтэлігента з ня вольніцкімі склоннасцямі азначыцца паводле таго, у якога пана ён апынецца. Беларусы расейскае культуры маглі б быць дужа добра польскай, і, наадварот, бо іхняя культурная асіміляцыя залежыць ад таго, куды яны перш трапілі і якой атмасферай перш дыхалі. Гаворачы аб людзях з псіхічнай склоннасцю да культурнае асіміляцыі, мы, зразумела, не маем на мэце тых, якія з карысных мэтаў пакрываюць сваю прыналежнасць да расейшчыны ці польшчыны. Маем на мэце толькі тых культурных рабоў, якія працуюць на свайго пана безынтэрэсоўна, сумленна. Гэткія беларусы ў кожных найнепамыснейшых абставінах будуць працаваць на карысць асіміляваўшае іх культуры. Годзе ўспомніць для прыкладу, колькі беларусаў з усёй адданасцю працуе між расейскай эміграцыяй без усякай матэрыяльнае нагароды. Ведама агульна, што ўмовы іхняе працы з кожнага гледзішча вельмі цяжкія, аднак гэта іх не пужае. Тут якраз мы маем класічны прыклад культурнага рабства часткі беларусаў з паходжання, прыклад сляпой адданасці свайму пану.

Ці апрача псіхічных склоннасцяў да рабства ёсць іншыя яго прычыны, — гадаць не будзем. Лічым гэтую прычыну найважнейшай. Іншая рэч, скуль бяруцца гэтыя рабскія прэдыспазіцыі ў натуры чалавека. Магчыма, тут мае сваё значэнне пераймо ў спадчыне свайго роду «комплексу нізшасці», як плоду паравяковага залежнага жыцця беларускага народа. Комплекс собскае нізшасці перадаваўся з пакалення ў пакаленне, як заразная хвароба, і стварыў гэтыя нявольніцкія склоннасці ў псіхіцы некаторых беларусаў.

Мы сказалі, што беларускі культурны раб азначаецца пагардай да сябе і свайго і на ўсё глядзіць вачамі пана. Пан жа «літуецца» над рабамі і даказвае ім, што яны не з’яўляюцца поўным нулём, але нейкай часткай яго панскай істоты. Пан дапушчае рабоў у сваю культурную грамадскасць, як радню, а не купленых дзесь на міжнародных рынках чужаземных іншапляменных нявольнікаў. Падчырківаем гэты момант «радні» з панам, бо ён для культурных рабоў мае каласальнае значэнне ў сэнсе ўспакаення іхняга рабскага сумлення. Ведаць, што сам пан міласціва залічвае іх побач з іншымі чужапляменнікамі, якіх у яго многа, да свае супольнасці, для нявольніка важна. Тады раб не чуе сябе ізаляваным, нейкім прыблудай, а толькі «сябрам» панскай культурнай цэласці. Лічачы раба «сваім», пан загадвае яму прапагандаваць гэтае «ганаровае радство» між сваімі аднапляменнікамі і адначасна шырыць пагарду да тых, каторыя гэтага «радства» выракаюцца. Гэткім парадкам асіміляваныя культурна беларусы наперабой заганяюць беларускую культуру да расейскай або польскай. Сам тэрмін «беларуская культура» выклікае ў гэтых людзей абурэнне. «Какая может быть белорусская культура»? — «Co to jest kultura białoruska»? — іранічна пытаюцца гэтыя асобы, паходзячыя часта з аднае беларускае сям’і, і ў найлепшым прыпадку паціскаюць плячамі. Згодна з загадам сваіх паноў, яны прызнаюць беларускую культуру, як малазначную народную творчасць у рамах вялікіх польскіх або расейскіх культурных дасягненняў. У сляпой адданасці сваім панам гэтыя асіміляваныя беларусы не хочуць бачыць абсурдальнасці сваіх вывадаў, пайменна, што беларуская культура, якая б ні была яе параўнальная вартасць, не можа быць адначасна польскай і расейскай. Залічанне яе да расейскай Тым самым выключае думку аб яе польскасці і наадварот. Але гэтая супярэчнасць, як аказваецца, зусім не псуе адносінаў між нявольнікамі розных паноў. Ідзе аб тое, што паны гатовы лепш дапусціць гэтую абсурдальную супярэчнасць, над якой можна падыскутаваць, чымся пагадзіцца з існаваннем асобнай беларускай культуры і гэтым дапусціць у сваё асяроддзе небяспечнага бунтаўніка. Негацыя беларускасці, як нейкай апрычонай культурнае цэласці, лучыць паноў і рабоў. Успомненая ж абсурдальная супярэчнасць выклікае толькі «навуковую» дыскусію, ведзеную галоўна беларускімі рабамі. Паўстаюць вялізарныя томы «навуковае» макулатуры, з помаччу каторай беларусы «дзвюх культур» у помач сваім паном стараюцца даказаць польскасць або расейскасць беларускае культуры. Гэтая макулатура ёсць паказальнай для ўсіх і, як вочы змяі на птушку, дзеіць на душы тых жа беларусаў з рабскімі склоннасцямі.

З пачуцця радні з «панскай» культурай плыве пагарда раба да сваёй. Інтэлігенцкі беларускі раб хоча ўва ўсім быць падобным свайму пану. Пляма, аднак, «няпанскага» культурнага паходжання мучае раба і магчыма ад часу да часу ўзварушыць яго сумленне. З тым большым разгонам кідаецца ён на нішчэнне слядоў собскага паходжання. Іменна слядоў паходжання, бо пакуль яны будуць відавочны, датуль раб спакойна жыць не можа.

Жаролы беларускай культуры, яе багацце і самастойнае значэнне між культурамі расейскай і польскай, найлепш паказвае наша гісторыя. Вось жа дзеля апраўдання культурнай асіміляцыі беларусаў неабходна беларускую гісторыю знішчыць, інакш з яе можна будзе заўсёды даведацца аб паходжанні і ролі беларускасці. З гэтай мэтай паны і іхнія беларускія рабы з асаблівай энергіяй стараюцца вычыркнуць беларусаў з гісторыі. З усёй пэўнасцю можна казаць, што беларуская гісторыя адчула наймацней разбураючую руку рабоў-беларусаў. У сваёй разбураючай працы рабы карыстаюцца аружжам, выдуманым панамі. Гэтак рабы расейскага пана паўтараюць за ім, што ніякага беларускага народа няма і не было, быў і ёсць «единый русский народ», складовай часткай якога з’яўляюцца між іншымі і беларусы. Ніякай апрычонай гісторыі беларусы не мелі, была толькі гісторыя «общерусская». З гэтай мэтай расейскі пан папросту ўкраў багатую беларускую і ўкраінскую гісторыю і далучыў яе да маскоўскай. Менш аб тое, што з гэтага механічнага злучэння нічога не выходзе і што нават да апошніх часоў расейскія гісторыкі не могуць выпрацаваць сінтэтычных асноў гэтай «общерусской» гісторыі, інакш даказаць арганічную цэласць яе. Рабом гэта не патрэбна. Для іх хопіць бязмыснага паўтарэння за панам, што сталіцамі Расеі былі Ноўгарад, Кіеў, Уладзімір на Клязьме, Масква, Пецярбург, што Полацак, Менск, Смаленск, Пскоў і іншыя беларускія цэнтры былі толькі «общерусскими уделами». Гэты механічны збіцень чужых гісторыяў імпануе беларусам з рабскімі прэдыспазіцыямі. Хіба праўдзівыя «слёзы умиления» выклікала ў іх заява расейскага цара на эміграцыі Уладзіміра Кірылавіча, які, запярэчыўшы магчымасці каранавання яго на асобнага ўкраінскага цара, сказаў, што хто б дапушчаў гэта, той: «совершенно не знал бы истории императорской России. Ведь Киев — это колыбель России».

Рабы польскай культуры карыстаюцца такжа дадзеным ім у рукі аружжам. Тут гаворыцца, што Вялікае Княства Бел.-Літ. было настолькі агорнута польскай культурай, што лічылася не больш, як польскай правінцыяй. Міцкевіч, Сыракомля, Касцюшка, Крашэўскі назаўсёды злучылі землі Вял. Княства з Польшчай. Толькі польскі дух быў тут творчым і рабіў гісторыю. Усё, што ў яго рамы не ўкладалася, — было ўсходам, барбарствам, негістарычным.

З гэткім аружжам нашыя рабы чужых культур стараюцца, хоць і дарэмна, збурыць собскую гісторыю, зацерці сляды свайго паходжання... А гэта мела б для іх каласальнае значэнне. Тады яны з усёй пэўнасцю маглі б гаварыць, што беларускі рух гэта нешта новае, сезонавае, негістарычнае, а у найгоршым прыпадку выдуманы варожымі агентурамі. Сумленне рабоў у гэткім прыпадку было б чыстае.

Рабы працуюць для чужой культуры з поўнай адданасцю і сентыментам. Характэрна, што для беларускай культуры яны не маюць не толькі ніякае спагаднасці, але прагавіта жадаюць ейнай смерці. Можа іх узварушыць загуба — скажам — мексіканскай, абісінскай культур, але ніколі беларускай. Трагедыя апошняе можа выклікаць у іх толькі ціхую радасць. Адданасць у працы для чужой культуры, спатыканая ў рабоў, ёсць зразумелай з вышэйшых разважанняў. Але скуль бярэцца тут пачуццё, сентымент да яе?

Рабы-інтэлігенты, з беларускага сялянства або мяшчанства, стыкаюцца з чужой панскай культурай у рамантычным апрацаванні. Рамантызм, «багацце», «шляхетнасць» польскае культурнае творчасці выдаецца ім настолькі захопліваючымі і настолькі процілежнымі да ўбогасці собскага культурнага асяроддзя, што безапеляцыйна дэцыдуюць аб іхняй культурнай душы, будзяць у ёй сентымент да сябе. «Бедная» беларуская сялянска-мяшчанская культура выдаецца ім простай, грубой і гэтым самым няздольнай выклікаць і адрабіны таго пачуцця, якое рабы маюць да чужой. Гэта некарыснае параўнанне забірае ў іх далейшую цікавасць да здабыткаў беларускіх культурнікаў. Змаганне беларускіх культурнікаў з чужымі культурамі, прыняўшае апошнімі часамі шырокі размах, будзіць у іх душах нясмак да беларускасці і яшчэ большы сентымент да чужыншчыны, з якой зрасліся.

Мы стараліся паказаць прычыны паўстання і практычную дзейнасць беларускіх рабоў. А якой мае быць ацэна гэтага з’явішча?

Тут шмат гаварыць не прыйдзецца. Культурныя рабы — гэта іменна і ёсць той «гной», на якім мае буйна ўзрасці на беларускай ніве чужая культура. Усе імкненні чужынцаў да культурнае асіміляцыі беларусаў асноўваюцца іменна на дапушчэнні існавання гэтага «гною» — рабства ў асіміляваным асяроддзі. Асімілятары аблічаюць, што гэтыя рабы знойдуцца, ідзе ім Толькі аб тое, каб было іх як найбольш. Існаванне гэтага «гною» ў значнай ступені апраўдвае нават прымусовую «культурную» асіміляцыю ў вачох ейных праваднікоў. А праз «нявінную» культурную асіміляцыю вядзецца ўжо лягчэй і палітычная, што зусім зразумела. Грамадзянства, асіміляванае палітычна і культурна, не ёсць жывым. Да гэтага імкнуцца чужыя культурныя асімілятары, або, якіх называюць часцей, «культуртрэгеры» ў адносінах і да беларусаў.

Гэткім парадкам, ведаючы, што асіміляцыі паддаюцца людзі з рабскімі склоннасцямі, што існаванне рабства ў грамадзянстве з’яўляецца моцна небяспечным, бо рабы — гэта першыя праваднікі чужой культуры ў сваім асяроддзі, а тым самым і першыя ворагі гэтага асяроддзя, усё роўна — свядомыя ці несвядомыя, — разгляданая тэма заслугоўвае на пільную ўвагу грамадзянства. Культурнае рабства — гэта хвароба ў грамадскім арганізме, з якой неабходна змагацца.

У канцы — каб не было памылак, — хочам падчыркнуць, што да культурных рабоў, само сабой разумеецца, няможна аднесці Тых беларусаў, якія хоць і ўзгадоўваліся ў чужой — расейскай або польскай культуры, але асталіся думаючымі па-­беларуску. Гэтыя беларусы нічога супольнага з рабамі ў разгледжаным сэнсе не маюць, бо культурны раб паводле пададзенага тут азначэння — гэта адзінка сляпая, думаючая крытэрыямі свайго пана.