Мае ўспаміны аб М. Багдановічы

Мае ўспаміны аб М. Багдановічы
Успаміны
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1926/1927 год
Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 1 (11), студзень-чэрвень 1926 г., б. 62-66

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




В. ЛАСТОЎСКІ.

Мае ўспаміны аб М. Багдановічы.

Паяўленьне творчасьці Максіма Багдановіча ў крыўскай (беларускай) мове цесна зьвязана з рэдакціяй тыднёвай беларускай часопісі, „Наша Ніва“, якая выходзіла ў Вільні ад восені 1906 да восені 1914 году.

Дзеля гэтага, для лепшага выясьненья некатарых момантаў з маіх успамінаў, лічу патрэбным найперш кароткімі рысамі ўвясьці чытача ў круг унутранага жыцьця рэдакціі і парушаўшых яе сіл і імкненьняў.

1909 год быў асабліва трудным у разьвіцьці крывічанскага (беларускага) адраджэньня. Рэволюційны ўздойм 1905-1906 гг. астаўся недзе далёка па-за сінімі лясамі. Маладая сялянская дэмокрація, за годы наступіўшай пасьля ўздойму рэакціі, была разьбіта. Адны сядзелі ў турмах (Я. Колас, А. Бурбіс і інш.), другія былі сасланы (Прушынскі, Лёсік і іншыя), трэція дапасоўвалі свае сілы да варункаў паднявольнага жыцьця, чацьвертыя адкрыта пайшлі ў воражы адраджэньню абоз, далучаючыся да расійскай і польскай рэакціі.

З сіл, якія дзеялі ў 1905 годзе, пры крывічанскім (беларускім) адраджэньні асталіся нячысьленныя адзінкі, дый тыя неарганізаваныя, з рожнароднымі імкненьнямі і разуменьнем ролі беларускага (крыўскага) адраджэньня ў жыцьці народу і для яго будучыны.

Склад рэдакціі „Наша Ніва“ ў 1909 годзе быў гэткі: А. Уласаў, браты Іван і Антон Луцкевічы, Ядвігін Ш. (Левіцкі), Янка Купала, В. Ластоўскі і, дарыўкамі—Язэп Манькоўскі (Янка Окліч) ды Чыж (Альгерд Бульба), а напачатку лета 1909 г. прыбыў яшчэ С. Палуян.

Гэты склад рэдакціі ў 1909 і 1910 гг. рэзка разпадаўся на дзьве групы, каторыя былі дамэтна ахарактэрызаваны сьвежа прыехаўшым з Кіява С. Палуянам „верхняй“ і „ніжняй“ палатамі. Да „верхняй“ палаты належалі: А. Уласаў, браты Луцкевічы і, калі бывалі,—Чыж і Манькоўскі. „Ніжняя“ палата складалася з Ядвігіна Ш., Купалы, Ластоўскага і Палуяна, а ў канцы 1909 г. да яе далучыўся мастак-маляр Я. Драздовіч. Рэдакція ў цэлым ніколі ня сходзілася. На Віленскай № 20, дзе памяшчалася рэдакція, магазын ад вуліцы займала „ніжняя“ палата, сьвятліцу ад падворку мела ў сваім выключным панаваньні „верхняя“ палата. Паміж сабою працаўнікі гэтых дзьвех „палат“ рэдка сустрачаліся; ў тэхнічных справах рэдакціі зносіліся праз замкнутыя на ключ дзьверы па шчэлцы над парогам. Праз гэту шчэлку перасылаліся туды і назад рэдакційныя матэр’ялы і корэспондэнція.

За зачыненымі і завешанымі цяжкай драпэрыяй дзьвярыма ў гасподзе „верхняй“ палаты вяршыліся „высокія“ палітычныя матэрыі. Адгалоскі шырокіх плянаў „верхняй“ палаты даходзілі ў „ніжнюю“ з трэціх і пятых рук, часта ў хаотычнай форме. Адно толькі было пэўным, што там ішла буйная ігра са значнымі стаўкамі з боку уніяцкай герархіі і некатарых другіх, сільных у тыя часы, палітычных краёвых чыннікаў. Ад вуліцы-ж у „ніжнюю“ палату ішла публіка „чорная“ і „шэрая“. Ясна, што пры такім падзеле, „верхняя“ і „ніжняя“ палаты думалі па рожнаму, жылі рожнымі, ідэаламі, насілі ў сабе зародкі рожных кірункаў націянальнай мысьлі.

На пачатку 1909 г. Максім Багдановіч прыслаў некалькі лісьцікаў сваіх вершаў, падпісаных поўным ўласным прозьвішчам і імем. Вершы для кождага нумару „Нашай Нівы“ падбіраў Янка Купала, бо акром Я. Коласа, Купалы і яшчэ 2-3 паэтаў, 99% вершаў, надасланых у рэдакцію, былі з дэфэктамі. Павіннасьцю Я. Купалы было папраўляць іх перад здачай у друк. Друкавалі-ж адзін-два вершы кождага новага „паэты“, каб заахвоціць яго да пісаньня. Былі ці не былі зроблены якія папраўкі ў вершах „Над магілай“ і „Прыдзе вясна“, я не памятаю, можа памятае сам Я. Купала, але гэта былі адны з першых вершаў, і надрукаваныя пад праўдзівым прозьвішчам і імем аўтора.

На пачатку траўня месяца, тагож году, Максім Багданавіч ізноў прыслаў у „Нашу Ніву“ маленькі сшыточак новых сваіх твораў, які абыймаў 8-9 вершаў. Нябожчык Ядвігін ахрысьціў гэты сшыточак „дэкадэншчынай“. Яго апінія падзелялася „вярхоўнай палатай“. Іншага погляду трымалася аб новым пісьменніку „ніжняя“ палата, а ў першы чарод Я. Купала, які інтуітыўна вычуў у гэтых першых паэтыцкіх спробах у Максіме Багдановічы запраўднага мастака. Спамянуты сшыток вярнуўся з перагляду „верхняй палаты“ у „ніжнюю“ перакрэсьлены сінім. алаўком з надпісам рукой А. Уласава „В архів“. Пад перакладам з Н. Сьвячагора „Дзьве песьні“ быў надпіс рукой А. Луцкевіча „можо надрукоцаць пад псэўдонімам“: палітыка „верхняй палаты“ строга прытрымлівалася лініі перазкрываньня сваіх супрацоўнікаў, каб манаполь прадстаўніцтва руху быў выключна ў яе руках.

„Дзьве песьні“ пайшлі ў друк з папраўкамі ў мове Я. Купалы, але з іншым подпісам: у корэктуры Ядвігін падпісаў верш, прыдуманым ім для Максіма Багдановіча, псэўдонімам „Максім Крыніца“.

Праз некалькі тыдняў пасьля надрукаваньня вершу „Дзьве песьні“ Максім Багдановіч прыслаў яшчэ некалькі новых вершаў і ліст, у якім протэставаў, што яго перарабілі ў „Максіма Крыніцу“, Але вершы былі ізноў „дэкадэнскія“ і дзеля гэтага трапілі ў тую-ж папку, дзе быў папярэдні сшыток з надпісам „В архів“. Там яны пралежалі да канца жніўня, калі іх выцягнуў на сьвет С. Палуян, які, прачытаўшы вершы, з надзвычайным захопленьнем стаў бараніць іх сьпярша перад Ядвігіным, а пасьля перад „верхняй платай“, з радоў якой за надрукаваньне некатарых вершаў першы высказаўся Чыж, а пазьней А. Луцкевіч. У выніку ў № 35—36 (падвойным) з перапраўкамі С. Палуяна пад праўдзівым ужо прозьвішчам аўтора былі надрукаваны два вершыкі пад агульным агалоўкам „Лясун“ (б. 516), у № 38—„Край мой радзімы“, ў № 39—„З песьняў беларускага мужыка“, далей у № 41—два вершы з цыклю „Вадзянік“, у № 42—„На чужыне“, ў № 43—„Пугач“ ў № 44—пераклад з Гэйнэ, ў № 46—павіншаваньне „Нашай Ніве“, у № 47—„Разрытая магіла“, у № 50—верш пасьвячоны С-ну, № 51-52—„Цемень“.

Пасьля надрукаваньня „Край мой радзімы“ і вершаў з цыклю „Вадзянік“, у рэдакційным складзе, акром Ядвігіна, які ўпорна казаў „а усе-ж гэтыя вершы не для народу“, ўсе аднагалосна выражалі прызнаньне пісьменніцкага таленту М. Багдановічу. С. Палуян завязаў з ім частую перапіску на націянальна-літэратурныя тэмы. Пасьля-ж выезду С. Палуяна назад у Кіяў і яго трагічнай сьмерці, перапіску з Багдановічам прадаўжаў аўтор гэтага нарысу.

Ядвігін меў рацію, калі казаў, што вершы М. Багдановіча будуць незразумелымі радавому чытачу „Нашай Нівы“. Пераканацца ў гэтым мне давялося летам 1910 году, калі з Менска, пачародна, прыяжджалі ў Вільню Альбэрт Паўловіч і Галубок. Абодвы паэты нападалі на беззьмястоўнасьць вершаў М. Багдановіча, а асабліва—А. Паўловіч, які злосна выкпіваў, перафразовуючы паасобныя звароты вершаў М. Багдановіча, каторага стала называў не па прозьвішчу, а „ваш Лесавік“. Усе гэтыя нападкі прыходзілася выслухаць мне, як сэкрэтару рэдакціі, пры чым ніякія аргуманты ў абарону М. Багдановіча ня мелі ўплыву. Вуснамі супраціўнікаў Багдановіча гаварыла іх абражаная аўторская амбіція, што ў нашай мін’ятурнай часопісі, замест іх твораў, займаецца мейсца пад вершы Багдановіча. Што нападкі з боку менчукоў былі няшчырымі, відаць з таго, што, ў мэтах конкураваньня з Багдановічам за мейсца ў часопісі, А. Паўловіч пачаў надсылаць замест сваіх вясёлых і дасьціпных жартаў, вершы на сур’ёзныя тэмы. Але з А. Паўловіча лепшы гумарыст, як філёзаф і эстэт, і таму не ўдалося яму выціснуць з „Нашай Нівы“ творчасьці М. Багдановіча, тым больш, што з кождай новай прысылкай вершаў, у разьвіцьці яго таленту адчуваўся значны поступ.

На вясну 1919 году М. Багдановіч пісаў у рэдакцію „Нашай Нівы“, што ён хацеў-бы ў гэтым годзе выкарыстаць свае канікулы на першую паездку на бацькаўшчыну і прабыць які месяц дзе-колечы на вёсцы, каб азнаёміцца з мовай і бытам таго народу, на служэньне якому хацеў пасьвяціць свае сілы. Па нарадзе, якая адбылася паміж братамі Луцкевічамі і А. Ўласавым, М. Багдановічу адпісаў А. Луцкевіч, запрашаючы на лета да свайго дзядзькі, дробнага шляхціца, які меў свой фальварак недзе між Вілейкай і Менскам.

У чэрвені месяцы прыехаў М. Багдановіч у Вільню. Пры першай сустрэчы з ім мне ўразіліся яго вочы з даволі праніклівым поглядам, але калі ён гаворачы запаляўся, вочы яго глядзелі не на зьне, а ўнутр, бытцам былі зьвернуты ў мозг.

Праездам у веску М. Багдановіч прабыў двое содняў у Вільні. Абедзьве ночы начаваў у рэдакціі „Нашай Нівы“, якая тады месьцілася на Завальнай вуліці № 7, у тым самым памяшчэньні, дзе цяпер Беларуская кнігарня. Абедзьве ночы я правеў разам з ім, і кожды раз гутаркі нашы зацягаліся ад зьмярканьня да сьвітаньня.

Багдановіч дзяліўся сваімі думкамі і з захопленьнем пераймаў ад мяне мае ведамасьці з беларускай (крыўскай) этнографіі і гісторыі, якія я пераказваў яму, як умеў, дэмонструючы быўшыя пры рэдакціі калекціі Івана Луцкевіча. Асабліва глыбокае ўражаньне на Багдановіча зрабілі рукапісы старасьвецкіх славянскіх кніг і дакумантаў, а такжа слуцкія паясы якія ён па некалькі разоў пераглядаў.

—„Гэта ёсьць фундамант нашага адраджэньня! Гэта і за тысячу годаў будзе сьведчыць аб нас!“—казаў М. Багдановіч аб помніках нашай старасьвецкай культуры.

Мову М. Багдановіч знаў яшчэ дрэнна і гаворачы зьбіваўся на маскоўшчыну, але чутка улаўліваў дысонансы, спыняўся і перапытываў: „як трэба сказаць гэта правільна“, „прошу папраўце мяне“.

М. Багдановіч прыехаў у Вільню ўжо як актыўны і сьвядомы працаўнік беларускага (крыўскага) адраджэньня, глыбей сягаючы думкай у будучыну нашага народу, чым мы, працаўнікі згрупаваныя ў цэнтры. Гэтыя яго думкі аб адраджэньні і былі галоўнай тэмай нашых начных бясёд.

Мысьлі яго былі больш менш гэткія. Адзіная аснова нашага адраджэньня—гэта сялянства. Усё, што па-за сялянствам,—чужое і воражае адраджэньню. Мозгам кождай націі ёсьць яго інтэлігенція—і, вось, першым і найважнейшым нашым заданьнем павінна быць узгадаваньне інтэлігенціі, выведзенай з сялянскіх масс. М. Багдановіч верыў ў інтэлект. Ён з запалам мроіў аб тым, каб з беларускай (крыўскай) інтэлігенціі ўзгадаваць запраўднага генія слова, які-бы паказаў свайму народу ня толькі красу роднай мовы, але даў-бы творы з агульна людзкімі цэннасьцямі, каб знаньне творчасьці нашага генія было абавязковым для кождага культурнага чалавека ўсяго сьвету. Інтэлігенція з народу і сама ў сабе народная, каторая будзе ў сябе ў сям’і гаварыць роднай мовай, будзе вучыць сваіх дзяцей дома сьпярша ў роднай мове, раней чым паслаць іх у чужую школу,—навучыць народ аднасіцца з пашанай да яго пагарджанай усімі мовы; геніі-ж слова павінны ўвекавечыць нашае націянальнае імя і паставіць яго нараўне са ўсімі іншымі культурнымі народамі сьвету.

Пераходзячы да тагочаснай беларускай (крыўскай) пісьменнасьці, М. Багдановіч казаў, што, не глядзя на ўсю яе беднасьць, яна мае ў сабе зародкі новых дум, новых цэннасьцяў. Край беларускі—лясісты і балоцісты. Вось—нам і трэба стварыць паэзію лесу, паэзію дрыгвы. Украінская стыхія стэп, у нас наша стыхія—лес і балота. Тут ёсьць свая адменная краса, адменная рытміка, адменны чар. Трэба іх падгледзіць, знайсьці і вынесьці на шырокі сьвет.

Прабыўшы, здаецца, месяц на вёсцы, М. Багдановіч вяртаўся назад праз Вільню.

Ізноў панавіліся паміж намі гутаркі на тыя-ж тэмы. Ён цяпер яшчэ пэўней глядзеў у будучыну. Між іншым, прывёз з сабой праект ацэны літэратурных твораў, прыдуманы ім у часе адпачынку. Ён шукаў матэматычна правільнага і вернага спосабу ацэны гэтых твораў. і прыйшоў да вываду, што такі спосаб можна знайсьці, калі разлажыць твор на паасобныя абразы, звароты і словы. Адны абразы і звароты будуць належаць да катэгорыі зьбітых, выцертых ад доўгага ўжытку, як хадзячая разьменная манэта, другія будуць саўсім арыгінальнымі, не ўзятымі скульсьці, не запазычанымі ад другіх, а створаныя самім пісьменнікам. Гэтая арыгінальнасьць і становіць самае цэннае ў творчасьці. аўтора. Раўняючы творчасьць двох аўтораў, трэба падлічыць суму створаных ім абразоў, зваротаў і думак, кождага ў аддзельнасьці,—і цыфравая разьніца пакажа стасунковую выжшасьць або ніжшасьць аднаго і другога аўтора. Пазьней М. Багдановіч уносіў корэктывы да гэтых сваіх думак: ён вымагаў ня толькі арыгінальнасьці, але і апрацаваньня арыгінальнага, шліфоўкі, што выказаў у сваім апавяданьні аб Іконніку і Залатару.

На вёсцы М. Багдановіч не марнаваў часу. Ён напісаў там цыкль вершаў „Старая Беларусь“, у якіх адбіліся яго настроі з пабыцьця ў рэдакціі „Наша Ніва“ і, цешу сябе,--часьцю мае з ім начныя бясёды, акром таго— нізку вершаў „Место“ і, ўрэшце,—„У вёсцы“ і „Вэроніка“.

За некалькі месяцаў пасьля выезду з Вільні М. Багдановіч надаслаў у рэдакцію „Нашай Нівы“ рукапіс, у якім былі сабраны яго вершы, як некатарыя з раней друкаваных у „Нашай Ніве“, так і нанова ім напісаныя, пад агалоўкам „Кніжка выбраных вершаў“, з просьбай выпусьціць асобнай кніжачкай. Рукапіс гэты пралежаў у рэдакціі больш поўгода, бо ня было грошы каб надрукаваць яго. І толькі ў 1913 годзе былі дабыты грошы на надрукаваньне рукапісу. Здарылася гэта такім парадкам. Мая швагерка, літоўская пісьменніца, Пеледа (Lazdynu Peleda) прывязла мне з Кейдан старое антыпэдзіум з гэрбам „Равіч“. Гэтае антыпэдзіум прадаў Іван Луцкевіч нейкаму памешчыку, каторы пячатаўся гэрбам „Равіч“ (дзева едзе на мядзьведзю), за трыста рублёў. 150 рублёў з гэтых грошы пайшло на аплату друкарні за друкаваньне „Нашай Нівы“, а другіх 150 руб. прызначаны на выданьне вершаў М. Багдановіча. Вершы былі здадзены ў друкарню. У часе набору іх, перад надрукаваньнем першага аркушу, Вацлаў Іваноўскі і Іван Луцкевіч дасталі яшчэ нейкую сумму грошы ад княгіні Магдалены Радзівіл на выданьне беларускіх кніжак. Пастаноўлена было паказаць спраўнасьць перад княгінай, і дзеля гэтага на агалоўнай балоне памешчаны быў знак „лебедзь“, што мела азначаць гэрб Завішаў (Магдалена Радзівіл з дому Завішанка). Рысунак на акладку даў я са свайго сабраньня. Гэты рысунак у 1905 годзе зрабіў адзін з вучняў (не памятую яго прозьвішча) Штыгліцаўскай школы. Рысунак напамінае крыху вянок, дзеля гэтага я і пастанавіў, карыстаючы правамі выдаўца, надпісаць на кніжцы да аўторскага яшчэ і свой агаловак „Вянок“. Выходзіла нязгорш: „Вянок, кніжка выбраных вершаў“. А каб апраўдацца перад чытачамі, чаму названа кніжка „вянком“, я на пнршым, пасьля агалоўку, лісьце памесьціў раз’ясьненьне: „Вянок на магілу С. А. Палуяна (†8 красавіка 1910 г.). Зрабіў я гэта бяз ведама аўтора, але асновуючыся на яго сэрдэчным адношаньні да нябожчыка Палуяна. Між іншым, калі кніжка выйшла, М. Багдановіч быў вельмі здаволены з майго помыслу, што выразіў у форме падзякі вершам, які павінен быць у маіх архівах. Але, прыняўшы чула агаловак, М. Багдановіч у даўжэзным лісьце выказваў мне нездаволеньне, што ў кніжцы прайшлі, праз недагляд корэктуры, даволі чысьленныя спамылкі, а гахоўная з іх—у вершы „Вэроніка“. Пры ламаньні вершу пераблутаны парадак яго: пасьля пятага шасьціверша (на 111 бал.) 9, 10 11-е шасьцівершы, мейсца якім павінна быць на 113 балоне, пасьля 8-га шасьціверша.

Віна была мая, але я ня чуўся вінаватым, што і тлумачыў аўтору ў сваім лісьце. Аднак часовая астуда ў нашых стасунках была даволі хутка згладжана. У нас з М. Багдановічам нанова завязалася перапіска, якая цягнулася да лета 1914 году.

Вось пакаротцы галоўнейшае з маіх стасункаў з Максімам Багдановічам. Яго перапіска маецца ў мяне на схове ў глухой правінціі пад польскай окупаціяй. З часам, калі я дабуду яе, здужаю асобныя моманты гэтага нарысу шырэй асьвятліць фактычным матэр’ялам.