Максім Багдановіч (Жылка)
Максім Багдановіч Верш Аўтар: Уладзімір Жылка 1927 Крыніца: Узвышша 3 1927 |
У некаторых выданьнях скажоны тэкст: заўжды, ня раз замест наўжды, нараз. |
Максім Багдановіч
(Сонэт)
Так зайздрасна: насіць вянок поэты
І мець імя задумнае Максім;
Кахаць зямлю з яе жыцьцём глухім
І песьняй перавіць юнацтва леты;
Ад хараства ня ведаць іншай мэты
І адшукаць, што горда поўны ім
І родны люд у руху маладым,
І зачарованых палеткаў кветы.
Ды тым цяжэй ў краі чужым наўжды
Счыняць павекі й ведаць, што сюды
Не даляціць зязюлі голас летам,
Ні песьня беларуская ў жніво,
І прыгадаць нараз, што мо' і ў гэтым
Трагічнае схавана хараство.