Максім Багдановіч (Жыццё і творчасць. Да дзесятых угодкаў смерці)

Максім Багдановіч (Жыццё і творчасць. Да дзесятых угодкаў смерці)
Крытыка
Аўтар: Ігнат Дварчанін
1927 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Максім Багдановіч.

Жыцьцё й творства. (Да дзесятых угодкаў сьмерці).

Дзесяць гадоў таму, 25 мая 1917 г. памер у Ялце ў Крыме вялікі пясьняр Беларусі Максім Багдановіч. Памёр маладым, 25 гадоў, уносячы з сабою надзвычайныя надзеі ўсяе сьвядомае Беларусі. Памёр далека ад краю, якому аддаў усе свае cілы й здольнасьці, памёр далека ад людзей, якія яго любілі і якіх ён любіў. Сухоты забралі яго ад нас.

Пясьняр адчуваў гэтае паступовае патуханьне фізычнае, калі з сумам пяяў:

Ня кувай ты, шэрая зязюля,
Сумных гукам у бары...
Мо' і скажаш, што я жыці буду,
Але лепш не гавары,

Бо ня тое сьведчыць маё сэрца,
Груды кволыя мае...
Кажа, што ня доўга пажыву я,
Што загіну без пары...

Яшчэ з большых сунам пяе ў другім месцы:

Даўно ўжо целам я хварэю
І хвор душой
І толькі на цябе надзея,
Край родны мой.

Прадчуваньне сьмерці выказаў ён і ў іншых вершах, як "Безнадзейнасьць", „Непагодаю маёваю", як здаецца, і у поэме "Максім і Магдалена". Урэшце шмат чаго ў яго поэзыі атулена празрыстай хмаркай прадсьмяротнвага суму.

Невялічкая кніжачка „Вянок" у 98 вершаў, 8 вершаў, раскіданых па часопісях, 5 расказаў ды некалькі крытычных і публіцыстычных артыкулаў - вось і ўсе, па чым мы можам судаіць аб творстве поэты, але затое гэта пэрлы беларускай поэзыі. Ды гэта яшчэ і не азначае, што гэта ўжо ўсё, што напісаў М. Б. У прысланых Інбелкультам сьпісе твораў песьняра значыцца яшчэ 124 вершы, ня лічачы прозы, крытычных твораў у расейскіх і украінскіх часопісяк. Калі прымем пад увагу кароткі век песьняра, то акажацца, што ня так ужо й мала ён нам пакінуў. Урэшце сіла ня ў лічбе, а ў якасьці.

Чым-жа дарагі нам пясьняр, памяць якога мы сягодня сьвяткуем?

Адказам на гэта мусіць быць разбор ягонага творства.

Прадстаўце сабе, што вы змалку ўвесь час жылі на вёсцы і нейкім чынам пападаеце ў места. Вас аглушае гоман, траскатня вулічнага руху, язды чыгункай, возьнікам, трамваямі; вас акружаюць асілкі-палацы; замест шырыні палёў бачыце цесныя вуліцы, замест дзікіх красак у палёх - клумбы й цьветнікі, дзе ўсё падрэзана, падгладжана, расьце ў парадачку, у радочку. Тое-ж самае з дрэвамі на бульварах: падрэзаныя галінкі, пабеленыя камлі, між імі вымеценыя, пасыпаныя пясочкам дарожкі. Падвойнае чуцьцё ахапляе вас. Усё гэта з няпрывычкі вас глушыць і душыць, але для вас адчыняецца новы, дасюль невядомы для вас сьвет, сьвет места, сьвет працы чалавечага розуму, сьвет культуры...

Вось такую перамену бачым мы пры пераходзе ад чытаньня твораў іншых нашых пісьменьнікаў да твораў Багдановічавых. Усе нашы пісьменьнікі выйшлі з вёскі, з сялянскіх хат. Вёска не валадае сяродкамі вялікай адукацыі, не дала яна гэтага й нашым песьняром. Багдановіч, наадварот, высокаадукаваны чалавек.

Калі ўзяць у рукі „Вянок", то нам кінуцца ў вочы напісы перад кожным амаль з вершаў, выпісы з твораў іншых пісьменьнікаў (мотто). Нас зьдзівіць, што гэтыя мотто напісаны на розных мовах. Гэта паказуе, што наш пясьняр чытаў творы гэтых пісьменьнікаў на тэй мове, на якой яны пісаліся, і гэта ў вялікай меры сьведчыць аб яго адукаванасьці, бо значыць, што ён ня толькі чытаў у чужой мове, але і адчуваў усе тонкасьці й красу іх. Напісы знаходзім у італьянскай, лацінскай, францускай, нямецкай і іншых мовах. Апроч таго, М. Б. перакладаў з украінскае мовы. Ёсьць весткі, што ён перакладаў найвялікшы фінскі народны твор "Калевалу". Магчыма, што ён знаў і гэтую мову.

Высокая адукаванасьць песьняра відаць і з самых твораў. Гэта таксама яшчэ відно з вонкавага выгляду твораў без засягненьня да іх унутранога зьместу. Іншыя нашы пісьменьнікі ужываюць усьцяж г. зв. клясычны верш на чатыры радкі і з азначаным чарадаваньнем націскаў у радку. У Багдановіча бачым сьвядомае ужываньне ўсіх магчымых формаў сусьветнай поэзыі, пачынаючы з старых антычных (грэцкіх і лацінскіх) і канчаючы аж рознымі формамі народнай творчасьці. Ён гардзіцца гэтым, калі, перакладаючы вядомы твор Горацыя, кажа:

..Аба мне гаварыць будудь....
Што — першы стаў я складаць на золійскі лад
Ў нашым родным краю песьні пад лірны звон.
Усе заслугі мае, Муза, з пашанай зьліч
І лаўровым вянком валасы мне пакрый ("Памятнік").

Ён сьвядома ўжывае: трыялеты, тэрцыны, кварта, рондо, пэнтамэтры, александрыйскі верш, октавы, сонэты і іншыя формы. Іншыя пісьменьнікі па творах Багдановічавых вучыліся ужываць гэтыя формы. У вапошні час ваш пясьняр усё штораз балей пачаў прызнанаць пяршынство формаў беларускага народнага творства, магчыма з думкаю вытварыць асобны род формы сусьветнай поэзыі ("Мушка зелянушка і камарык насаты тварык", поэма „Максім і Магдалена" і шмат іншых). Наагул з 1915 году бачым у Багдановіча перавагу, калі на вылучнасьць творчасьці з формамі народных твораў.

Можам сьмела цьвердзіць, што Багдановіч тварыў у такіх формах не таму, што яны адпавядалі ў той ці іншай хвіліне поэтычнаму натхненьню. Гэта наагул так. Але мусім падчыркнуць, што ён тварыў у гэтых формах поруч і дзеля іх самых. Ён уласьне тварыў самыя формы, каб паказаць іх на беларускай мове. Формы для яго былі самамэтай, Багдановіч тварыў, як кажуць, культ формы.

Перш, чым перайсьці да ўнутранога зьместу твораў песьняра, ня можам мінуць і іншых уваг, што да формы й вымаганьня да іх самога М. Б. Да вонкавых адзнакаў формы належыць яшчэ рыма (рыфма) і самая мова. У Багдановіча знаходзім, як адлітыя, сталёвыя, выпешчаныя рымы. Гэтак званых бедных рымаў у Багдановіча зусім мала.

Поэтыцкая мова ставіць таксама шмат вымаганьня да сябе. Яна ня любіць зьбегу ў вадным месцы ані галосных (зьзяньне), ані зычных (плеоназм). Для мілагучнасьці патрэбна ведамае чарадаваньне іх. Тады верш чытаецца

лёгка й плаўна, без застановак. Паглядзім хоць-бы першы верш у зборнічку нашага песьняра:

Чуеш гул? — Гэта сумны, маркотны лясун
Пачынае няголасна граць:
Пад рукамі яго, разважаючы сум.
Бытцым тысячы, крэпка нацягнутых, струн,
Тонкаствольные сосны звіняць.

Якая мілагучнасьць! Прыгледзьцеся - нідзе няма разам больш трох гукаў аднолькавай якасьці. Толькі ў трэцім радку "х... струн". Але гэта патрэбна для насьледаваньня трэску соснаў. У іншых мясцох, дзе такога насьледаваньня няма, вельмі рэдкія прыпадкі зьбегу нават і трох гукаў аднолькавай якасьці:

Па-над белым пухам вішняў,
Быццам сіні аганёк,
Б'ецца, ўецца шпаркі, легкі,
Сінякрылы матылёк...

і так амаль усюды.

Мова поэзіі, апрача гэтага, вымагае чысьціні, што да слоўніка. Часамі ў М. Б. сустракаюцца небеларускія словы, але трэба прыняць пад увагу тагачасную нявырабленасьць беларускае літаратурнае мовы наагул ды тое, што М. Б. вучыўся мову з кніг, ня маючы магчымасьці паглыбіцца ў народныя крыніцы. Тады дасягненьні і ў гэтым сэнсе трэба лічыць добрымі.

Яшчэ трошкі аб унутраных адзнаках формы. Поэта, каб стварыць перад чытачом поэтыцкі абраз, малюнак, — ужывае розных спосабаў. Мы ня будзем разьбіраць гэтых спосабаў, вядомых з падручнікаў стылістыкі. Скажам проста, што Багдановіч карыстаецца гэтымі спосабамі, як добры маляр-мастак пэндзлем. Дзеля таго яго поэзыя такая яскравая, красачная. Маленькія вершыкі -і шматфарбныя абразы. Паглядзім, якая багатая альлітарацыя (насьледаваньне гукаў у прыродзе) у найлепшым з гэтага боку вершу "Завіруха":

У бубны дахаў вецер дзьме,
Грыміць па ім, зьвініць, пяе... і г. д.

А вось гул места:

Вулкі Вільні зіяюць і гулка грымяць.
Вір людзкі скрозь заліў паясы тротуараў,
Блішчаць вокны, ліхтарні ўгары зіхацяць,
І гараць аганьком вочы змучаных твараў.

У першым вершу чуем самую завіруху, у другім адчуваеш, што ты знаходзішся ў таўпе дзесь на Вялікай вуліцы ці на Юраўскім праспэкце. І так усюды; культ формы да канца. Сваё адношаньне да вырабленьня формы сам поэта выразіў у некалькіх вершах. У вершы "Песьняру" ён кажа:

Трэба з сталі каваць, гартаваць гібкі верш,
Абрабіць яго трэба з цярпеньнем.
Як ударыш ты ім, ён як звон зазьвініць, —
Брызнуць іскры з халодных каменьняў.

У вершаваным лісьце да В. Ластоўскага ён асуджае пагляд А. Пушкіна, які аддаў пяршынство спосабу тварэньня Моцарта перал Сальеры. Наадварот, М. Б. ставовіцца на бок другога, які ўласьне абрабляў свае творы.

Пярэйдзем-жа да ўнутранога зьместу твораў поэты. Калі, разглядаючы вершы з вонкавага боку, мы бачылі ў Багдановіча сьвядомае служэньне форме, то тут бачым перш за ўсё служэньне хараству, красе. Кожны поэта, ужо ў сілу свае поэтыцкай інтуіцыі адчувае красу. Але Багдановіч робіць нешта большае: Ён служыць красе, стварае культ красы. Гэта найгалаўнейшая старана творчасьці нашага песьняра і найвялікшая адзнака, якая выдзяляе яго між беларускімі поэтамі. Увесь захоплены чарамі красы З. Бядуля, краса беларускай прыроды ачаровуе Я. Коласа, але яны толькі адчуваюць гэтую красу, а Багдановіч сьведама ёй служыць. Але мы ня будзем задзержвацца над гэтым пытаньнем, якому пасьвячаны наступны артыкул А. Навіны, які найлепей знае творства Багдановічава і найлепей ацаніў яго ў радзе крытычных артыкулаў. Мы даткнёмся іншых бакоў творства Багдановічавага.

Усе крытыкі адзначаюць, што Багдановіч быў ня толькі поэта, а яшчэ поэта-філёзоф. Мы пастанілі разбор гэтага боку творства Багдановіча ў першую чаргу дзеля таго, што гэта зьвязана з формай яго твораў. Прыгледзімся ізноў да выгляду вершаў нашага песьняра. Усе яны амаль кароценькія, у некалькі радкоў. Трошку большыя — ужо поэмы. Пачаўшы чытаць гэтыя невялічкія вершы, абачым, што кожны з іх захапляе адзін які-небудзь яскравы абразок у прыродзе і жыцьці і зьвязуе з ім такую-ж яскравую філёзофскую думку.

Такія невялічкія вершыкі, захапляючыя яскравыя абразкі, называюцца імпрэсыямі. Вось-жа М. Багдановіч поэта-імпрэсыяністы. Імпрэсцяпізм паўстаў у Францыі на зьмену формам творства романтычнага (ідэалістычнага і рэалістычнага), ён выплыў наверх у сувязі з зьменаю ў грамадзкім жыцьці. Тады дасяг поўнага расьцьвету век машын, пары і электрыкі. Жыцьцё забіла шыбкім тэмпам. Чалавек ня мог угнацца за жыцьцём. Дэвізам людзей стала: "лаві мамэнт!"

У галіне мастацтваў першым забіла новы пульс жыцьця малярства. Зьявіліся прыгожыя абразы, якія схоплююць яскравыя мамэнты. Новая творчасьць Манэ пачала зьбіраць навакол сябе ў салёнах і на выстаўках шмат-лічную публіку. Зьявілася цэлая школа манэістаў-імресыяністых.

За мастацтвам пашла літэратура. Золя ў "Жэрміналі", "Творстве" і іншых карацейшых і даўжэйшых раманах адбіў гэтае новае жыцьцё. Але яшчэ ярчэй, яшчэ выразьней адбіў новую імпрэсыяністычную творчасьць у вершаваных абразкох Вэрлен (раней Бодлер, потым Мэлярмэ). Вэрлен зрабіў рэволюцыю ў літэратуры, як Манэ ў малярстве. У Нямеччыне блізка падыйшоў сюды Гайнэ.

Вось чаму ў Багдановіча мы бачым найбольш перакладаў з Вэрлена, вось чаму найбольш мотто бачым у яго з твораў названых пісьменьнікаў.

Поруч ствараецца і новая філёзофія, якая прытарноўваецца да новых умоваў жыцьця. Гэта філёзофія рэлятывізму. Нічога няма на сьвеце нязьменнага. Усё адноснае. Сталы толькі мамэнт, уражаньне. Галавою гэтага філёзофскага кірунку ёсьць Эвэнаріус. Эрнст Мах паказаў прыклад нясталасьці ў прыродных зьявішчах:

Багдановіч у сваёй поэзыі бязумоўна філёзоф-рэлятывісты, хоць з гэткаю думкай прафэсара Пятуховіча не згаджаецца радакцыя час. "Полымя". Багдановіч так часта думае аб сьмерці, аб марнасьці жыцьця:

"Жывеш нядоўга, чалавек,
Перажыві-ж у момант век!"

кажа ён у вершы з тытулам першага радка.

Хлопчык выдзьмухуе на ганку з мыла бурбалкі, хапае іх рукою, а там астаецца слата ("Сеў хлопчык..."). Ластаўка зрабіла гняздо, прыгожае гняздо, але зрабіла яго з бруду ("Гутарка з паненкамі"). „Усё зьнікае, праходзіць, як дым" ("С. Палуяну"). Душа поэты спараджае дзіўныя вершы, але таксама прыгожа пяюць і жабы („Вы кажаце мне..."). Позта ўзьбіраўся ўсё вышэй да сонца, але там зрабілася яму сьцюдзёна ("Мне сьнілася"). Мы сьпяшаемся жыць, напружаем усе свае сілы, але сьцежка вядзе да магілы, дзе нас дагнаў ціха паўзучы чарвяк. ("Шмат у нашым жыцьці ёсьць дарог..."). На вадзе растуць раскошныя лілеі, але іх акружаюць плесьні і бруд. (Сонэт: "На цёмнай гладзі"). Гымн пяе жабаў хор красе, каторую зьявіла гразь луж ("Рондо"). Астры ранніцай замерзьлі, але тут, як насьмех, паднялося сонца, палуючы ўсіх („Астры").

Гэта толькі яскравейшыя прыклады "Вянка". Іх можна расьцягнуць на даўжэйшы рад, але гэтага, думаем, даволі, каб характарызаваць Багдановіча, як філёзофа-рэлятывістага.

Песьняра найбольш уражаюць контрасты (процілежнасьці) жыцьця й прыроды. Можна сьмела цьвердзідь, што амаль уся поэзыя М. Багдановіча ёсьць поэзыя контрастаў.

Ён уоюды бачыць гэтыя контрасты, нясталасьць і ўcё гэта прыводзіць яго да думкі аб рэлятывізьме ўсяго.

Чаму гэта наш пясьняр прышоў да гэтых вынікаў?

Магло-б здацца таму, што ён быў нашаніўскім поэтам, якія ўсе ўсьцяж плакалі, праўда з іншых прычын. Ці-ж дарма ён так жаліцца:

О, чаму я стаў поэтам
Ў нашай беднай старане?

Але можна сьмела сказаць, што не! Гэта, магчыма, толькі пасіліла настрой яго ў гэтым кірунку. Наагул-жа Беларусь і адраджэньне беларускага народу, поруч з красою, былі можа адзінаю ўцехаю нашага песьняра. Гэта выяўляе яго, як поэту-грамадзяніна, патрыёта. Возьмем верш: "Даўно ўжо целам я хварэю". Тут выказана такая надзея на родны край, на тое, што ён адзін можа вылечыць песьняра ад гнятучага яго смутку, што яна, гэта надзея, падобна да надзеі чалавека на тонучым караблі. Антэй павалены Гэраклам у пыл. Але, даткнуўшыся зямлі, ён падняўся ўраз. Так і поэта, паламаны жыцьцём, чакаючы магілы, прынік да роднай зямлі, якая ўлівае яму бадзёрасьць у слабнучыя жылы... І месца ў ёй адгэнуль няма ўжо жальбе ("Калі зваліў дужы Гэракл"). Любоў да бацькаўшчыны ў Багдановіча ўсюды на першым пляне.

Але ён любіць Беларусь інакш, чым іншыя пісьменьнікі.

Хай іншы жаліцца старонцы,
Я-ж сьлёзаў не лію, як вы,
Бо бачу . . . . . . . . .
Я пад яе зімовай маскай,
Пад сьнегам бачу твар вясны...
І вее верш мой дзіўнай казкай,
І ясны ён, як зорак сны.

Клясычны ў гэтым адношаньні сонэт, ахвяраваны А. Пагодзіну. ("Паміж пяскоў Эгіпэцкай зямлі"). Тут якраз, у любові да Бацькаўшчыны і толькі тут М. Б. оптымісты.

Ён верыць у сваю Бацькаўшчыну, бачыць яе вясну вокам філёзофа-прарока. Ён пэўны, што як тое зярнё, якое праляжала тысячы гадоў, яна можа яшчэ буйна закрасаваць сьпелым коласам. Толькі часам у яго зьяўляецца пытаньне: "ці хопіць сілы ў беларускай інтэлігенцыі зварушыць гэта сьпячае мора, пакіраваць яго цячэньне ў належны бок? ("Краю мой родны", "Зразаюць галіны таполі адну за другой...").

Бачым, што і тут Багдановіч непадобны да іншых. І тут ён-поэта-інтэлігэнт. Для Багдановіча Беларусь "Зачараваны край". Гэта край лясуноў, русалак, вадзянікоў, зьмяіных цароў, край сымболю, мітаў і прыроднай беспасярэднясьці, край чараў і сноў, урэшце край прыгожай мінуласьці. З якой любасьцяй і веданьнем справы апісуе ён Беларусь старых часоў. Вершы "Летапісец", „Перапішчык", „Слуцкія ткачыхі" і інш. - клясычныя ўзоры, да якіх яшчэ не даходзіў ні водзін з беларускіх поэтаў. Беларусь — гэта адзін дататні факт у думках Багдановічавых, да якога ён не прыкладае меркі рэлятывізму. Гэта яго ўцеха й надзея.

Мусім усё-ж тутака падчыркнуць, што Багдановіч любіць Бацькаўшчыну аднабакова. З вышыні інтэлігенцкага пагляду ён зачароўваецца ёю. Беларусь - ня край жывога прыгнечанага народу, які рвецца да волі, а нейкая цудоувая казка, водгук тых казак, якіх научыў Максіма яго бацька, зьбіральнік народнага творства. Сам Максім - царэвіч гэтай цудоўнай казкі. Ён не прыкмячае, што гэтая казка поўная драматызму, поўная вялізнага гора, поўная імпэту барацьбы. Ён гэтага ня бачыць, бо ён наагул ня знае вёскі. Але чаго мы можам вымагаць ад поэты, які чуе, як зоркі ўверсе дрыжаць ад ветру, які як пацеркі перабірае свае вершы, зьвяртаючыся да бога хараства. Гэта-ж яго ўся поэзыя ёсьць "Сомнамбул", чароўны гіпнотычны сон.

Багдановіч - поэта места. Места, вулкі Вільні, мескі гул яскрава адбівае наш пясьняр. Але і тут пясьняр бачыць толькі зьверхні выгляд, бачыць толькі красу. Ён ня бачыць, што гэтай красою прыкрыты стогны галодных і крыкі змучаных пралетарoў. Наагул соцыяльныя мотывы ня граюць ролі ў творах Багдановічавых. Селянін яго так эпічна спакойна лае аленяў, якія нішчаць яго дабрабыт ("Па ляду ў глухім бары"). У палёх нашаму песьняру чуецца разам са стогнам сьмех. Але мусім адзначыць хоць даволі рэдкія мамэнты соцыяльнага разуменьня. Ён заклікае паглядзець у студню, бо гэта студня і днём і ўночы адбівае зоры "Вы панове"). Нашыя продкі, у барацьбе за жыцьце, павырубалі лясы. І гэта прыклад для іх патомкаў, для нас. Ён з энтузіязмам выклікае навальніцу і цыклён, каб выцялі аб мора і зварушылі яго да дна, бо ён верыць, што тады мора выкіне з дна пэрлы. ("Устань, навальніца"). Ёсьць яшчэ некалькі вершаў, выяўляючых яго соцыяльную веру. Багдановіч, бязумоўна, стаіць на баку беларускіх працоўных масаў. Але гора іх не абходзіць яго так глыбока, як пісьменьнікаў сялянскіх. Ён прадстаўнік міжклясавай інтэлігенцыі. Ён хоча пераступіць роў, аддзяляючы яго ад пісьменьнікаў сялянскіх. Ён бачыць у сабе нейкія дзьве душы, якія сіляцца зьліцца, як тыя дзьве хмары ўгары. Але з гэтага паўстаюць толькі сьлёзы - дождж. ("Дзьве хмары").

Але не павінны мы забывацца, што ўсё творства М. Багдановіча ёсьць прыгожая ахвяра свайму народу. Ён хоча гэты народ падняць да сябе, паказаць яму дзівы, якіх той ня бачыць, і на тым Яму слава.

_______________

Вышэй мы ўвесь час гаварылі аб вершах Багдановічавых. Але ён пісаў і прозай. Вось маем некалькі расказаў: „Над морам“, „Шаман", "Аб іконьніку й залатару", "Апокрыр". Фактычна гэта тыя самыя вершы, толькі бяз рымы. Нават разьмер — або захаваны ("Над морам"), або адчуваецца. У гэтых расказах пераданы тыя самыя думкі, у тых самых абразох і так сама плястычна, як і ў вершах. Асабліва цікавы ў гэтым адношаньні - "Апокрыф". Гэта ёсьць запаведзі мастака-поэты, вялікага рафінаванага інтэлігэнта беларускага народу.

Багдановіч не задзержаўся на поэтычным творстве. Ён і крытык, і публіцысты, і нават піша рады па гаспадарцы. Ёнпіша ня толькі ў беларускіх часопісях, а і ў расейскіх, і ў украінскіх. І ўсюды ён - інтэлігэнт свайго народу, гарачы энтузіаст яго адраджэньня, усюды ён служыць свайму народу, усюды ён суцэльны, як сказаў яго бацька на вечары пасьвячаным памяці нашага песьняра.

Можам цьвердзіць, што гэту суцэльнасьць надаў Максіму ягоны бацька, які, будучы сам пэдагогам, узгадаваў свайго сына так, што ўся сьвядомая Беларусь можа быць яму ўдзячна. Бацька песьняроў, Адам Багдановіч, заслугуе нашай пашаны ня толькі, як бацька Максімаў, але і як адраджэнец найпершае пары. Ёсьць весткі, што ён быў адным з рэдактароў першае беларускае газэты "Гоман“, якая выйшла ў 1884 годзе. Потым ён займаўся зьбіраньнем беларускага народнага творства. Гарачы энтузыязм адраджэнца відзен у ім і цяпер, калі ён на тым самым вечары кажа: "Пятнадцаць гадоў я адарваў свайго сына ад бацькаўшчыны, але цяпер аддаю вам усё, што асталося пасьля яго сьмерці". І тут-жа перадаў скарбы невядомых твораў Максімовых.

_______________

Дапоўнім разбор твораў біографіяй нашага пісьменьніка. Радзіўся ў 1892 годзе ў Менску. Жыў потым у Ніжнім Ноўгарадзе і Яраслаўлі, дзе яго бацька быў гімназыяльным вучыцелем. У гэтых мястох, ён прайшоў сярэднюю адукацыю пад даглядам бацькі. У Яраслаўлі ён уступіў студэнтам у Юрыдычны ліцэй. Увесь час быў у цэнтры духовага інтэлігенцкага жыцьця Расеі. Згодна з заявай бацькі - пясьняр пазнаёміўся з беларускім словам на трынаццатым годзе жыцьця. Гэта былі беларускія казкі, якімі ён так зачараваўся. Неўзабаве пачаў і пісаць пабеларуску вершы, перасылаючы іх у рэдакцыю "Нашае Нівы". Першы верш яго "Над магілай", перасланы з Ніжняга Ноўгараду, зьмешчаны ў №1 "Нашае Нівы" за 1909 г., значыцца калі яшчэ песьняру ня было поўных сямнаццацёх гадоў. З rзтага часу адна за аднэй пачалі зьяўляцца яго "Нізкі вершаў" і іншыя творы. У 1913 годае выйшаў вядомы вам зборнік вершаў „Вянок". Песьняра ўвесь час цягнула ў Беларусь, дзе пабываў тут два разы: у 1915 годзе — ў Вільні і 1916 ў Менску, куды прыехаў ужо па сканчэньні ліцэю на сталае жыцьцё. Але ня доўга ён тут пажыў. Будучы хворы на сухоты, ён ня мог пераносіць надмерна цяжкое працы. Здароўе яго штoраз горшала. Яго ўпрасілі паехаць у Крым лячыцца. 25 мая 1917 году яго ня стала.

_____________

Загінуў пясьняр чараў і сноў, адыйшоў у нябыцьцё царэвіч цудоўнае казкі. Яркім мэтэорам зьявіўся ён на беларускім небасхіле і зьнік, каб ужо больш не вярнуцца. Кароткае жыцьцё, але поўнае зачараваньня й смутку!

Але ўсё-ж не прапаў яго сьвет,
Ён пакінуў у душы нам сьвет.
Так свабодна так ярка пражыць,
Лепшай долі няма на зямлі.
"С. Палуяну".

Закончым так свае ўвагі аб вялікім песьняру Беларусі яго-ж вершам, трошкі яго зьмяняючы. Магчыма, што няма лепшай долі на зямлі! Няхай-жа сьвет гэтае зары разальлецца па ўсіх хатах нашай Беларусі, няхай у душы кожнага з нас пакіне свой яскравы сьвет, сьвет, які астанецца вечна.

_____________

Канцовая увага Пішучы артыкул, аўтар ня меў на мэце паглыбленьне студыяў аб М. Багдановічу, а хутчэй сыстэматызацыю іх, каб даць пэўны матар'ял для чытаньня лекцыяў лектарам провінцыяльных гурткоў асьветных, дэе гэтых матар'ялаў няма.

Літэратура: Антон Навіна. Нашы песьняры. 1918 г. стар.46-57. М. Гарэцкі гісторыя беларускае літаратуры 1924 г. стар. 324-328: Е. Карскій: Белорусы. т. 1. кн. 3. стр. 313-327; А. Л. Максім Багдановіч.("Наша думка, N 21. 27-V-927). Грамыка: Пясьняр сноў і чараў ("Полымя", № 3-4, ст. 109, 1923 г.); Пятуховіч: Максім Багдановіч, як поэта імпрэсіяністы ("Полымя" N 7-8, 1923 г.. стар. 91-99): увагі аб "Вечары памяці М. Багдановіча" 16-V1-923 г ("Полымя". 1928 г., № 5-6, стар. 156-7); Антон Навіна: Нязнаныя творы М. Багдановіча ("Наша Будучыня" 1923. N 1); Скарбы творчасьці М. Багдановіча (артыкул бяз імя аўтара. "Наш Сьцяг. 1923 г. № 16); Аўтару вядомы артыкул аб фармальных дасягненьнях у творчасьці М. Багдановіча, У. Дзяржынскага, здаецца у час. "Адраджэньне" і успаміны В. Ластоўскага, надрукаваныя у вапошнім № "Крывіча", але іх пад рукамі ў часе пісаньня ня было.


Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.