Матэр’ялы да крыўскага слоўніка

Нёман і Няміга Матэр’ялы да крыўскага слоўніка
Тлумачальны слоўнік
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1925 год
Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 9 (1), студзень-чэрвень 1925 г., б. 100-102
Пражка паганскіх часаў

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МАТЭР’ЯЛЫ ДА КРЫЎСКАГА СЛОЎНІКА.

Абязхоціць, утраціць, адбіць ахвоту, хаценьне да чаго (В. Баяры, Дзісенск. пав.)

Ахаланець ахалануць, ахаладзіць, астыгнуць; супакоіцца пасьля вялікага ўзрушаньня: страху гневу (Стары-Пагост Дзіс п.).

Ахалануцца, ахаладзіцца; кажуць уходзячы ў ваду пры купаньні, зн.—апаласнуць цёплае, разагрэтае цела сьцюдзёнай вадой; „асьмеліцца“, абліцца сьцюдзёнай вадой пасьля хвастаньня ў лазьні.

Быкуля, жартліва-лайчывая назова здаровай, разьбітнай і маладой дзяўчыны (м. Гарманавічы, Дзіс. пав.).

Брыкуля, жартліва-лайчывая назова дзяўчыны апрысклівай, капрыснай, непадступчывай (там-жа).

Бусьнець, налівацца ўласнымі сокамі; гаворыцца аб ягадах у часе пераходу іх ад зялёнасьці да сьпеласьці; станавіцца сочна-чырвонаму, падобна ягадзе (Ілукштскі і Браслаўскі павел).

Бусьніцы, ягады брусьніцы (там-жа).

Бусны, бусмяны, чырвоны і сакавіты.

Бускі, дзіцячае слова — ягады і вусны (каля Друі, Дзісенск. пав), а такжа загад пацалаваць: „Дай бусі, буські, бускі тату“. Каля Дзісны, Глыбокага і Вілейкі на дзіцячай мове ягала—„буба“; каля Друі „буба“—гарошына.

Бязэдны, які ня мае дна. „Е,—гавора,—у вакіяне бязэдным зямля“. (Романов. „Бѣлор. Сборн.“ IV, балона 1).

Цыркаць, даіць малако; ліць што кароткімі тонкімі пацёкамі; даваць, выдаваць што па крысе, скупа.

Ціна, доўгія тонкія водарасьці.

Цапчык, засечка на рыбалоўскім кручку (Дзісна).

Цапы, самыя загібы ў абцугох, якімі хапаюць за цьвек (там-жа).

Дзехціць, пакрываць што, памазуючы дзёгцем (В. Буды, Дзісенск. пав.).

Дыматна, дымна (там-жа).

Дзярмён, расьціна, званая па-польску „dereń“.

Гірчэць, храпець бяз голасу, падобна стварэньню з перарэзаным горлам; а такжа—выдаваць храп, падобны сабачаму, калі сабака выказуе злосьць (каля Еўя, Троцк. пав.).

Гарвінка, невялічкая горка, рас. „бугорок“ (там-жа).

Гаўчыць, брахаць; гавораць па ўсей Вітабшчыне і Магілеўшчыне (гл. Романовъ. „Бѣлор. Сб.“ IX, бал. 215).

Гліўкі, цеклы, густы і ліпкі. „Гліўкі хлеб“, які лепіцца да рук і нажа (Вілейскі пав., каля Ільлі).

Гліва, цякучая, ліпкая гразь, якая бывае на дне вод: адмена бліскучай палівы, ўжыванай гончарамі (там-жа).

Гуля, набітая шышка, жаўлак на целе; плод расьціны, дрэва ў форме клуба, але ня шышка, ня яблыкі ці груша. (Ашмянскі пав., каля Крэва).

Яраваць, бегаць за дзяўчатамі; пагардліва-насьмешна — кахацца (в. Буды, Дзіс. пав.).

Кавалда, кавяла; клюка да падпіраньняся, няроўная, з цяжэйшым канцом, чым верх. (каля Эйшышак, Віленскі пав.).

Клосны, ліпкі і кашкаваты; выводзіцца ад слова „клуха“ — разьмяшаная на цеста гразь на дарозе (каля Новааляксандроўска (Браслава).

Кузлаць кузлачыць, блутаць. „Пакузлаў лён, валасы, ніткі. салому“—гаворыцца аб блутаньні чаго тонкага, доўгага.

Кузлак, зблуганы ком валасоў, валакна, нітак.

Кузлы, клаччо чаго тонкага, доўгага, блутанага, (Усе тры вышэйпададзеныя словы—агульна ўжываныя ў Дзісенскім павеце).

Курпаты, курчавы. „Пятрусь курпаты“ (Лідзкі пав.).

Курпаць, крыпаць, блугаць (там-жа).

Лёкат, палахлівасьць, рас.: „трусость“ (в. Буды).

Лёгатна, пачуцьцё лёгкасьці. „Аж. лёгатна на душы стала“. (в. Буды Дзіс. пав.).

Моляўка, адз. лік; моляўкі}}, мн. лік (Дзісна, мяшч. Скукоўскі); ў значэньні дробнай жывінкі нешта точучай, а такжа ў значэньні хваробатворчай бактэрыі. „Моляўка ты халерная“. „Вось, моляўка нейкая сэрца точыць“.

Міркаць, мігаць гаснучы, пагасаючы (в. Дзямідава, каля Дзісны).

Муратня, мейсца, дзе муруюць мур (м. Гарманавічы, Дзі, п).

Мякіліны, астаткі ад вымалачанага льнянога семя, якія зграбаюць граблямі перад веяньнем, (Дзіс. пав.).

Мышкаваць, ціханька шукаць чаго, падобна мышы (Дзісна).

Мазух, мазур, смалагоншчык, дзягцяр, хто займаецца выганкай дзёгцю, званага іначай: „мазь“, „каламазь“, „каланіца“. (Аўгустоўскі пав., каля Лагойска і каля Гарманавіч, Дзіс. пав.).

Наскараць, падганяць, туртаць каго да шпарчэйшага руху.

Наскорчыва, пасьпешна, рас. „ускорительно“.

Наскорыць, падагнаць, прысьпяшыць. (Слонімскі пав. Горадзеншчына).

Напералай (сь, ехаць), пракладаючы сабе дарогу на які відомы далёкі пункт (ва ўсім Дзісен. пав.).

Нача, начаці, начатны, начатак, мейсца пачатаку, адкуль выцякае рака; канец, ніткі ў клубку; наагул, пачатак чаго доўгага. Прыкладам, верхні калок пры снаваньні кросен, ад якога пачынаюць снаваць, называецца „начны“ (Талочын і Чарэя ў Могілеўшчыне; Еўе, Троцк. пав, а такжа ў Лідчыне).

Прызарок, абяцаў, ахвяраваў, рас.: „обѣт“.

Прызарочны, абяцаны, ахвяраваны, рас.: „обѣтованный“ (Браслаўскі пав.).

Первясны, первясьнік, першародны — роднік — родніца (в. Буды і каля Ямна, Дзіс. п.)

Плакатна, пазчліва. Плакатун, плакатнік,—ніца}} (там-жа),

Працьмата, безканечны лік, множства. Працьмата грошы, птушак і г. п. (Горадзеншчына і Віленшчына).

Пакурпаныя валасы, пагнутыя ў кольцы, пакручаныя ў завіткі; пакрыпаныя, паблутаныя (Эйшышкі, каля Вільні).

Пустэрка, нешта спуставанае. „Сеў гаспадарыць на пустэрцы, а цяпер у яго і стайчынка і зярнінка, — ўсё есьць“ (в. Дзянісава, каля Дзісны).

Пустэрнік, благі гаспадар, у якога нічога няма і які жыве на пустцы, або сам прычынай пусткі праз гультайства, ці лайдацтва (там-жа).

Попрыч, акром, апрыч. „Ну, той палез, узяў зямлі ў рукі, а попрыч у рот“ (Романовъ. „Бѣлор. Сб.“ IV, бал. 1).

Пазорышча, рас.: „зрѣлище“, падзея, прадстаўленьне, годнае каб на яго узірацца. „На пасьмевішча ды на пазорышча людзём“. „Зьбегліся, як на пазорышча якое глядзець“ (Каля Постава і Глыбокага).

Пазор, спогляд, погляд, від, прадстаўленьне (там-жа).

Пазорня, мейсца з якога добра відаць, мейсца, дзе бываюць якія сцэны, відовішчы; у лаўцоў — памост на дрэве да пілнаваньня мядзьведзя, а часам іншага зьвера (Барысаўшчына, каля Лагойска).

Пярэпісма, копія, одпіс зроблены з чаго (Звыклае слова ў Новапагоскай валасной канцэлярыі пры пісару Маеўскім ў 1890-х гадох).

Рапугі, падпухшыя сінякі на целе ад удараў; сінякі; падскурныя балячкі на аблічы ці целе (в. Сталіца і Баяры, Дзісен. пав.).

Раскутаць, разчыніць насьцеж (разьвінуць кут вакна, дзьвярэй). Рас.: „распахнуть“. (Ужываецца ва ўсей Вітабшчыне і Магілеўшчыне).

Рэнь, пяшчаная мяліна касой, нанесеная веснавой вадой (Плытніцкае, на Дзьвіне).

Ростка, ветачка гэтагодняй, маладой парасьці, якая ўжываецца да пасадкі. Польскае „flans“ (Язна, Мёры, Дзіс. пав.)

Скліпы, ніты; цьвякі, якімі зімным каваньнем змацовуюць два кавалкі зялеза, заклёпываючы канцы. Заскліпка, заскліпаць}} (Троцкі пав).

Спалагодзіць, уняць, уцішыць. „Спалагодзіць сварку, боль, злосьць“ (в. Баяры, Дзіс. пав.).

Судылга, косьць ад калена да пяты (там-жа).

Секіль, кавальскі малаток да разсяканьня зялеза; у рэвольвэры — канец курка, які прасякае пятку набою (там-жа).

Сурожны, які знаходзіцца на самым рагу, на выступе вугла. „Сурожная камяніца, крама“ (Дзісна, Друя).

Субожынка, дар, дарэньне убогаму; рас.: „милостыня“ (Боркавічы, Дрысен. пав.).

Стулубы (сталярск.) зарэзкі зубамі на канцох дошчак да зьвязываньня і склеіваньня іх між сабой.

Сураж, мейсца між дзьвяма рэкамі вострым вуглом (каля Полацка).

Шнар, знак на целе ад удару пугай, дубцом; знак на целе ад загоенага парэзу, роздзіру (Слонімскі пав. Горадзеншчына).

Шушкацца, шаптацца; рас.: „шушукаться“.

Шапортаць, шастаць. „Шапортае паперамі“. „Шапортаецца, як мыш у саломе“.

Шакіліны, мякіна ад грэчкі і жоская лузга з расьціннага насеньня (Дісненск. п.)

Шакіль, калючка, кастрына, ашчэпак цьвёрдай лузгі (там-жа).

Туртаць, падганяць, наскараць, непакоіць, прымушаць да чыну. (Слонімск. пав.)

Узвышкі, ўвышыню, наўзвыш.

Узычка, учынак, зроблены для каго праз ветласьць; рас.: „одолженіе“. „Я панічу ня узычу“ (З народнай загадкі).

Узычлівы, узычаць; рас.: „одолжительный“, „одолжать“.

Вурзы, пагардлівая назова вуснаў (Дзісенск. пав.).

Вехціць, шараваць вехцям; чысьціць пры помачы вехця; шараваць (в. Буды, Дзісенск. лав.).

Здрок, кусьлівая муха „…сѣраго, поуже и длиннѣе пчелы „здрока“,—этого тигра насѣкомых“. (Эрэмичъ. Очерки бѣлорусскаго Полѣсья. Вильна 1868, бал. 74). Рас.: „строка“.

Зьмей-дугаровіч. Гэты эпітэт ужыў апавядач у казцы (М. Сталюк, в. Сталіца, Дзіс. пав.). Мне ён напамінае быліннага „Тугарына“; ці ня ёсьць гэта адзін і той-жа эпітэт? Вельмі бо падходзіць да зьмея эпітэт, які выражае, што ён выгінаецца дугой.

Зяхаць. Сабакі зяхаюць, калі гоняць зьвярыну (Дзіс. пав.).

В. Л.