Мой дом (1946)/«Вузкае»

(Пасля перасылкі з Мой дом/«Вузкае»)
Навальніца Мой дом
«Вузкае»»
Аўтар: Якуб Колас
Чую голас

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВУЗКАЕ

Дні пройдуць сваёю чаргою,
Як шустрыя дробныя хвалі,
І мы дзесь дарогай другою
Паціху дыбаць будзем далей.

І сённешні дзень нам адлічыць,
Запіша, як пісар, хвіліны
І знікне, утраціць аблічча,
Пакінуўшы толькі ўспаміны.

Даўно дагарэў наш касцёр той,
Што грэў нас, глытаючы дровы,
І вогнішча плямкай прыцёртай
Загубіцца ў лісцю дубовым.

І попел астыўшы асядзе,
У лесе адзін зазімуе,
І можа наш дуб «Сымон Дзядзя»
У холад без нас засумуе.

Ды ціхі куток той з дубамі,
Якім мы давалі імёны,
Не раз прамільгне прад вачамі,
Адлегласці ўзняўшы заслоны.

Як восенню шэрыя гускі,
І мы падамося ў свой вырай,
І там не адзін раз аб Вузкім
Успомнім з падзякаю шчырай.

1944 г.