Мой дом (1946)/Вусцянскі груд

Вусце Мой дом
Вусцянскі груд
Аўтар: Якуб Колас
Над Свіслаччу

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВУСЦЯНСКІ ГРУД

Грудок уласны я сабе абраў
І часта ў вольныя часіны
Саджуся там, каля хваіны,
Гляджу ды слухаю навіны,
П’ючы мяды лясоў і запах траў.

Не славіцца багаццем мой грудок,
Але ён просты і адкрыты,
Сіўцом, чаборыкам спавіты,
Дзе пчолкі звоняць самавіта,
Збіраючы па кропельцы мядок.

Гваздзічка белая рассыпана вакол, -
Нібы махрыстыя сняжынкі
Ляглі на тонкія націнкі,
Прыгнуўшы кволыя раслінкі,
Аздобіўшы пясчаны гэты дол.

З грудка відаць прыгожы краявід,
У ткань атулены сінечы.
Унь гурт дубоў шырокаплечых
Стаяць, нібы на нейкім вечы,
І сонейка узносяць на свой шчыт.

а там лугі па Свіслачы ляглі
З іх купамі лазы, алешын;

І астраўкі, і пустак плешы,
Дзе сіняваты шоўк развешан,
Што выткалі ім подыхі зямлі.

А па лугах паходжваюць буслы,
Сурдут надзеўшы чорнапёры;
Агледзяць ніз і касагоры,
Як землямеры рэвізоры
Ці нейкія важнецкія паслы.

Брыльянтамі паблісквае раса, -
Сляды, дзе пройдзе паляўнічы,
Шукаючы ў тым лузе дзічы.
І колькі радасці ў абліччы.
Калі ён спойме часам бекаса!

З грудка мне ўсё відаць і ўсё чутно:
І трактар дзесь з-за Балачанкі,
І гром сталёвае крыланкі,
і спеў дзявочы з Беразянкі, -
А неба ўсцяж — блакітнае акно.

З свайго-ж грудка ў засушлівыя дні
Гляджу ў акно гэта на хмары,
І пападаю пад іх чары;
Вачэй не зводжу з іх гушчары,
Дзе гром грыміць і ўспыхваюць агні.

Цяпер жыву ад Вусця я ўдалі.
Сяджу між кніг, чарніл, паперы.
На думкі прыдуць лес і зверы,
Грыбы і рыба на вячэру,
Прастор і скарб калгаснае зямлі.

А з думак тых звіваецца вянок,
У ім — цяплынь і голас лета,
І дол, праменнямі сагрэты,
І мары мірныя паэта -
То дар табе, Вусцянскі мой грудок!

18/X—1938 г.